Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Стаер з Лунінца

Мікалай Іванавіч Адамчык, які нарадзіўся ў 1910 г., у 30-ыя гг. быў спартсменам, вядомым не толькі ў родным Лунінцы, а і па ўсёй Польшчы. "Спецыялізацыяй" яго быў бег на доўгія дыстанцыі. Напрыклад, у 1935 г. спартсмен здзейсніў 480-кіламетровы прабег ад Лунінца да Варшавы. Поспехі ў шматлікіх спаборніцтвах вывелі яго ў лік мацнейшых спартсменаў клуба "Варшавянка". Дастаткова сказаць, што тагачасная спартыўная прэса ставіла яго імя побач з алімпійскім чэмпіёнам 1932 г. Янушам Кусачынскім. З гэтым выдатным спартсменам, які загінуў у гады Другой сусветнай вайны, удзельнічаючы ў антыфашысцкім Супраціўленні, Мікалая Адамчыка звязвала даўняе сяброўства. Я. Кусачынскі падарыў яму першае выданне сваёй кнігі "Дарога на Алімп", дзе ёсць радкі, прысвечаныя Адамчыку (у 1975 г. маскоўскае выдавецтва "Фізкультура і спорт" перавыдала гэтую кнігу алімпійскага чэмпіёна).

Пасля вайны М.I. Адамчык не адзін год з'яўляўся старшынёй Лунінецкага райспорткамітэта, шмат зрабіў для развіцця спорта ў раёне. Потым да 1977 г. быў дырэктарам гарадскога стадыёна. I сам не пакідаў спорт: выязджаў на спаборніцтвы ў іншыя гарады. Яму ішоў сёмы дзесятак, калі ён прабягаў (і неаднойчы!) 65-кіламетровую дыстанцыю ад Лунінца да Пінска або (з перапынкамі) 250-кіламетровую — да Брэста. А запаветнай марай было прабегчы зноў, як у маладосці, да Варшавы і ўскласці кветкі на магілу Кусачынскага. На жаль, гэта мара не здзейснілася... Ужо на восьмым дзесятку, уласнаручна заліўшы каток на гарадскім стадыёне, Адамчык катаўся там на каньках. Выдатны спартсмен памёр, а сведкамі былых перамог засталіся шматлікія дыпломы і медалі, што захоўваюцца зараз у раённым музеі.