Футбольная каманда лунінецкай СШ № 5. 1952 г.


Мотабольная каманда "Ніва"


Навучэнцы Мікашэвіцкай сярэдняй школы — прызёры Усесаюзных летніх спартыўных гульняў "Старты надзеі", якія праходзілі ў Артэку. 1980 г.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Спорт

Нават у цяжкія пасляваенныя гады лунінчане сябравалі са спортам. Неўзабаве пасля вайны футбольная каманда леспрамгаса "Звязда" стала чэмпіёнам Пінскай вобласці і фіналістам Кубка БССР. Усе калгасы з'яўляліся калектыўнымі членамі ДСТ "Калгаснік". У 1951 г. у горадзе існавалі 3 футбольныя каманды (зборная, вучнёўская і ДСТ "Лакаматыў"), у вёсках — 7 каманд. Спортінвентар можна было набыць у спецыялізаваным магазіне "Дынама". Прыходзілі і поспехі. Люба Давыдчык, напрыклад, стала чэмпіёнкай БССР па бегу, лунінчане занялі ў вобласці 5 першых месцаў па цяжкай атлетыцы.

У 60-ыя гг. праводзіліся раённыя спартакіяды, у праграму якіх уваходзілі нават велагонкі і фігурнае ваджэнне матацыкла. У 1964 г. у раённае ДСТ "Ураджай" уваходзілі 76 калектываў фізкультуры, якія налічвалі 655 спартсменаў-разраднікаў. На абласной спартакіядзе баскетбалісты і легкаатлеты занялі першыя месцы, барцы — другое. У Лунінцы пачала дзейнічаць спартыўная школа. Папулярнасцю карысталіся тэніс, баскетбол. Праводзіліся спартакіяды легкаатлетаў сярод школ. З канца 60-ых гг. пачалася слаўная гісторыя "Ракеты" — мотабольнай каманды Лунінецкага спартыўна-тэхнічнага клуба, неаднаразовага чэмпіёна БССР.

Чэмпіянаты Беларусі па мотаболу вядуць сваю гісторыю з 1966 г. Гэта была эра Лунінецкай "Ракеты". Каманда займала першыя месцы ў 1968 г., 5 разоў у 1970 — 1974 гг. Потым яе адцяснілі пінскія клубы. У 70-ыя гг. аснову каманды складалі Адам і Іван Пілевічы, Мікалай Сувораў, Міхаіл Канапацкі.

Але нават у гады чэмпіёнства "Ракеце" чамусьці не шанцавалаў Кубках Беларусі.

У другой палове 80-ых гг. "Ракета" паспяхова выступала ў першынствах СССР, у 1985 г. была другой у 2-ой лізе (у камандзе выступалі А. Бабіч, А. Паўлюкавец, В. Кацуба, А. Лазько), у 1986 г. — трэцяй, у 1987 г. — чацвёртай у 1-ай групе 2-ой лігі. А неўзабаве эстафету пераняла "Ніва" з в. Лунін, якую ўзначаліў М. Мустайкін. Сюды перайшлі вядучыя ігракі "Ракеты", вярнуліся А. Бабіч і А. Лазько, якія гулялі за каманду "Каўказ" на чэмпіянатах СССР. Калгасная каманда стала чэмпіёнам Беларусі ў 1988, 1989 і 1992 гг., валодала Кубкам Беларусі ў 1988 г. і тройчы ў 1990-92 гг. У 1992 г. перамагла ў турніры на прыз "Брэсцкая крэпасць-герой".

За 1968 г. у раёне было падрыхтавана 8690 спартсменаў I — III разрадаў. Вядомасцю карысталася футбольная каманда "Прыпяць". Цікавасць у жыхароў выклікала гульня паміж камандамі вёсак Цна і Дрэбск. У 1974 г. 65-гадовы стаер М. Адамчык да 30-годдзя вызвалення Беларусі здзейсніў прабег да Пінска за 5,5 гадзіны. Адбылася лёгкаатлетычная эстафета памяці партызана М. Кулакевіча. Дварэцкая СШ перамагла ва Усесаюзнай гульні "Зарніца". У 1980 г. у Лунінцы адбыліся Усесаюзныя спаборніцтвы па футболу на прыз ЦК ВЛКСМ "Юнацтва" (з удзелам каманд з Беларусі, Масквы, Ленінграда, Таджыкістана, Грузіі, Азербайджана). У 80-ыя гг. традыцыйным стаў футбольны турнір на прыз раённай газеты. У райцэнтры адбыліся мотабольныя матчы зборнай Балгарыі з камандай Брэсцкай вобласці і "Ракетай"(1985 г.). Футбалісты калгаса "Расія" сталі чэмпіёнамі вобласці сярод калгасных каманд. Алена Шандарэўская стала чэмпіёнкай вобласці, БССР і СССР па лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў, а Святлана Лукашэвіч — бронзавым прызёрам у бегу з бар'ерамі на юніёрскім лёгкаатлетычным чэмпіянаце свету. Цікавасць у жыхароў выклікалі турніры па мініфутболу на прыз загінуўшых воінаў-"афганцаў", шахматныя турніры памяці пісьменніка М. Калінковіча і партызана М. Кулакевіча.

Наведвалі горад ветэраны зборнай СССР па футболу, мотабольная каманда "Тайфун" з Германіі. На свае злёты збіраліся турысты. У снежні 1991 г. у горадзе быў праведзены адкрыты Кубак Беларусі па армрэстлінгу.

"Масавасць — у майстэрства!" — гэты лозунг лунінецкія спартсмены імкнуліся ўвасабляць на практыцы. Былі свае майстры і на Лунінеччыне. Своеасаблівы рэкорд тут належыць Сінкевіцкай сярэдняй школе — 5 яе выхаванцаў у розныя гады атрымалі гэта ганаровае званне. Васіль Андруховіч і Рыгор Дземідзенка сталі майстрамі спорту па лёгкай атлетыцы, а Сіланцій Мігалевіч, Васіль Капліч, Мікалай Марачкоўскі — па вольнай барацьбе. Свае майстры ёсць і сярод ураджэнцаў іншых вёсак. Іван Зылевіч з Бастыні стаў вядомым у 60 — 70-ыя гг. баксёрам, неаднаразовым чэмпіёнам і прызёрам Беларусі, пераможцам Кубка СССР, Антон Наварыч з Лунінца — майстрам спорту па цяжкай атлетыцы. Віктар Пірскі выканаў нарматыў майстра па вольнай барацьбе. Мотабалісты Лунінеччыны лічацца аднымі з мацнейшых у рэспубліцы. Сяргей Дамашэвіч з Лунінца гуляў за асноўны састаў футбольных каманд "Дынама" (Мінск) і "Днепр" (Магілёў).

У 1992 г. "Ніва", заваяваўшы званне чэмпіёна і Кубак РБ, гуляла і ў адкрытым першынстве Украіны, дзе была сёмай. У першынстве ж нашай рэспублікі шостае месца заняла каманда з Лунінца "Юнацтва". Так што і маладыя спартсмены паступова даганяюць чэмпіёнаў.