Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Газета паведамляла...

Па старонках раённай газеты "Авангард" за 1947 — 1960 гг.

8 сакавіка 1947 г.

Не адстанем ад мужчын!

Раней думалі, што машыністам на паравозе або качагарам павінен працаваць абавязкова мужчына. Але гэта памылка. Калі працаваць на паравоз папрасілася Літвіновіч Раіса, то некаторыя да гэтага аднесліся з недаверам. Але начальнік паравознага дэпо Прохараў задаволіў просьбу Раісы і яна з вялікай радасцю ўзялася за працу качагарам паравоза 681-23.

Паравоз 681-23 славіцца па Брэст-Літоўскай чыгунцы як лепшы паравоз, які вось ужо другі месяц трымае "Чырвоную Зорку" за перамогу ў сацспаборніцтве на чыгунцы. Вялікая доля ў гэтым належыць таксама і качагару тав. Літвіновіч.

Вось Жэня Канонкіна — машыніст паравоза 63-10. Яна прыйшла на паравоз яшчэ ў 1942 г. Жэня прыйшла на чыгунку з рахункавода калгаса. Яна спачатку працавала пуцявым рабочым, потым вучылася на курсах памочнікаў машыністаў і нарэшце яна машыніст. Палюбіла Жэня сваю новую прафесію. Сістэматычна перавыконвае нормы выпрацоўкі і Міжнародны жаночы дзень яна сустрэла з новай вытворчай перамогай. Канонкіна выканала месячны план на 150 працэнтаў.

С. Камлач
1 ліпеня 1948 г.

Светлы шлях

Пакой маляўніча ўбраны, на стале кветкі. Твары прысутных радасныя, шчаслівыя...

Сёння незабываемы дзень для юнакоў і дзяўчат. Яны атрымліваюць атэстаты сталасці. Уручаючы іх, дырэктар школы тав. Жыгалаў гаворыць цёплыя словы. Усе 15 вучняў 10 класа атрымалі атэстат на сталасць, а лепшы з іх Усевалад Невядоўскі ўдастоены сярэбранага медаля. Услед за Усеваладам атрымліваюць атэстаты выдатнікі вучобы — Яўген Дзядзюк, Алег Пустаход, Яўген Кулін, Неаніла Жыляева, Дубравіцкая, Смарагдава і інш. Да самай раніцы весялілася моладзь чыгуначнай школы № 5. Аблітыя яркім электрычным святлом кружыліся пары пад гукі вальса. Шчаслівыя, узяўшыся за рукі, пакідалі яны школу, якая адкрыла ім светлы шлях у будучыню, да спазнання ззяючых вяршынь.

С. Весялоў
19 снежня 1948 г.

Закончылі ліквідацыю непісьменнасці

Старанна папрацаваў калектыў настаўнікаў Андрушкоўскай пачатковай школы, дзе загадчыкам працуе таварыш Калінін, па навучанню непісьменных і малапісьменных. Днямі выпушчана група былых непісьменных у колькасці 22 чалавек, якія ўжо ўмеюць чытаць і пісаць. 30-ую гадавіну з дня ўтварэння Савецкай Беларусі насельніцтва пасёлка Андрушкова сустракае без ніводнага непісьменнага.
І. Хвастоў
30 студзеня 1949 г.

Лямпачка Ільіча ў дамах калгаснікаў

Пры савецкай уладзе электрычнасць трывала ўваходзіць у быт сельскага насельніцтва. Напрыклад, у дамах калгаснікаў сельгасарцелі "Перамога" Лахвенскага сельсавета ўжо больш года гараць лямпачкі Ільіча. Ёсць таксама электрасвятло ў хатах калгаснікаў калгаса "30 год БССР" Лунінскага сельсавета.

30 кастрычніка 1949 г.

Новае жыццё

Дзесяць год назад у Дварцы не было беларускай школы. Зараз у вёсцы ёсць сямігадовая школа, 600 дзяцей калгаснікаў і аднаасобнікаў навучаюцца на роднай мове. Многія сяляне вёскі пры Савецкай уладзе атрымалі асвету і працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі. Вось Коваль В.І. працуе машыністам на станцыі Лунінец, Кузьміч Васілій — ветэрынарным урачом, Федаровіч I.А. — рахункаводам калгаса. У Дварцы працуе машынна-трактарная станцыя, дзе працуюць былыя батракі і беднякі. Зараз яны сталі брыгадзірамі, майстрамі, трактарыстамі.

У Дварцы ёсць адзін сельскі магазін. На паліцах шмат тавараў. Арганізаваны калгас. У вёсцы ёсць медыцынскі пункт. Сяляне слухаюць радыё. Мясцовае паштовае аддзяленне штодзённа дастаўляе падпісчыкам каля 500 газет і часопісаў. У вёсцы ёсць хата-чытальня. Тут выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці, дэманструюцца кінафільмы, прыязджаюць дакладчыкі. Хата-чытальня стала любімым месцам сялян.

В. Болдзісаў
27 снежня 1951 г.

Лунінецкія мастакі

На чацвёртай абласной выстаўцы народнай выяўленчай творчасці, якая нядаўна адкрылася ў Пінску, вялікім поспехам карыстаюцца работы самадзейных мастакоў з нашага раёна. Выдатную ацэнку даюць удзельнікі выстаўкі работам мастака, каваля паравознага дэпо А. Коўка. Ім прадастаўлены на выстаўцы 4 палатны: "У.І. Ленін з сялянамі ў Разліве", "Прыём у рады ВКП (б), "Поль Робсан дзеліцца ўражаннямі аб Савецкім Саюзе", "Піянерскі касцёр".

На выстаўцы экспануецца вялікі тэматычны кавёр "Крэмль — сэрца Радзімы". Ён вытканы на кроснах у вёсцы Лахва ткачыхай Марыяй Альшэўскай. Мастак М. Цімохаў з в. Лахва прысвяціў свае работы тэмам калгаснай працы і барацьбы за мір.

Р. Хейфец
13 лютага 1955 г.

Традыцыйы вечар

У Лунінецкай чыгуначнай сярэдняй школе адбыўся традыцыйны вечар сустрэчы вучняў са студэнтамі — выпускнікамі школы. Аб сваёй вучобе, абраных спецыяльнасцях расказалі: Міхаіл Колб — студэнт Ленінградскага караблебудаўнічага інстытута, Антон Куфайкін — студэнт Маскоўскага інстытута рыбнай прамысловасці, Іосіф Буцько — студэнт Ленінградскага горнага інстытута, Генадзь Радзенкаў — навучэнец Адэскага вышэйшага мараходнага вучылішча, Вольга Коласава — студэнтка Ленінградскага хіміка-фармацэўтычнага інстытута і іншыя.

16 снежня 1956 г.

Механізатары шырокага профілю

У Лунінецкай машынна-трактарнай станцыі многія механізатары набылі па некалькі сумежных прафесій. Гэта дазваляла ім працаваць на розных машынах амаль круглы год. Яфім Юрашкевіч, напрыклад, да пачатку ўборкі каласавых працаваў у калгасе "30 год БССР" на трактары "ДТ-54" і выпрацаваў 422 гектары ўмоўнага ворыва. Затым, калі настала пара касавіцы хлябоў, ён перасеў на самаходны камбайн і да канца сезона ўбраў 285 гектараў збожжавых і бабовых культур пры плане 220.
А. Козлова
18 жніўня 1957 г.

Тэлебачанне ў Лунінцы

Спачатку цьмяна, а затым усё ярчэй, больш выразна на невялікім экране пачалі вырысоўвацца плошчы і вуліцы Масквы. Фестываль! Праходзяць вясёлыя юнакі і дзяўчаты, пяюць, смяюцца.

Усё гэта адбываецца на экране тэлевізарнай устаноўкі ў Лунінецкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Колькі працы аддадзена для таго, каб вырашыць многія тэхнічныя пытанні і зрабіць магчымым прыём перадач на далёкай адлегласці. Перамога атрымана дзякуючы старанням, ініцыятыве радыёмеханіка Сяргея Міхайлавіча Чуба і Цімурхана Зарыпава.

I вось сувязісты прагледзелі два кіначасопісы і фільм "Хлопец з нашага горада". Упершыню перадача Мінскага тэлецэнтра прынята ў нашым горадзе.

11 верасня 1957 г.

Раённая сельскагаспадарчая выстаўка

З цікаўнасцю прысутныя аглядалі гарбуз, які важыць 21 кілаграм 500 грамаў, кармавую моркву, ураджай якой складае 220 цэнтнераў з гектара і іншыя агародныя культуры. Багатыя экспанаты па бульбе і гародніне былі прадстаўлены з калгаса "Новае жыццё". Ад агарода арцель атрымалаўжо 112 тысяч рублёў даходу. З калгаса "30 год БССР" на выстаўку прывезлі капусту, асобныя качаны якой дасцігаюць 6 — 8 кілаграмаў, а бульба гатунку "Берліхінген" дала 185 цэнтнераў, кармавыя буракі — 220 цэнтнераў з гектара.

1 студзеня 1958 г.

Вадзіць толькі цяжкавагавыя саставы

Наша камсамольска-маладзёжная брыгада дабілася добрых вынікаў. За 1958 год мы правялі 110 цяжкавагавых саставаў, якімі перавезлі 39,1 тысячы тон народнагаспадарчых грузаў звыш плана. Выканалі ўсе тэхнічныя нарматывы, значна паскораны абарот паравозаў, павялічыўся сярэднясутачны прабег, прастой лакаматыва скарочаны на 2,8 гадзіны. Сэканомлена 79,7 тоны вугалю. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва наша брыгада заняла другое месца па дэпо.

Уступаючы ў сацыялістычнае спаборніцтва па павелічэнню перавозак народнагаспадарчых грузаў, у 1958 годзе я абавязуюся перавезці цяжкавагавымі саставамі 45 тысяч тон звыш нормы.

І. Маранюк, машыніст Лунінецкага паравознага дэпо
2 красавіка 1960 г.

Іх другі дом

Іх 127, братоў і сясцёр, выхаванцаў Мікашэвіцкага дзіцячага дома, 127 характараў і лёсаў... У дома багатая і цікавая традыцыя. Створаны ён у 1944 годзе. Яшчэ дзесьці грымела вайна, а тут 17 сур'ёзных не пагадах падлеткаў, якія згубілі на ваенных дарогах сваіх бацькоў, прыступілі да новага жыцця. Сумавалі і марылі, вучыліся і працавалі.

За 16 год дзіцячы дом непазнавальна змяніўся. Многімі выхаванцамі па праву ганарыцца калектыў. Гэта паэт Уладзіслаў Нядзвецкі, самадзейны мастак, настаўнік Сінкевіцкай школы Алег Чарнышоў, выхавацель дзіцячага дома Аркадзь Чаша, камбайнер, які працуе на цалінных землях, Рыгор Станкевіч, афіцэры Савецкай Арміі Іваноў, Бондараў.

Асабліва многа перамен адбылося пасля таго, як у 1955 г. дырэктарам быў прызначаны Мікалай Іванавіч Грабёнкін, выдатны арганізатар, добры знаўца дзіцячай псіхалогіі. Была аб'яўлена суровая вайна расхлябанасці, недысцыплінаванасці. У 1956 г. на абласным фестывалі дзіцячых дамоў калектыу заняў другое месца. Гэта была першая значная перамога, якая дала моцны штуршок развіццю ініцыятывы. У дзяцей паявіўся заслужаны гонар за свой дом, за таварышаў. Аказваецца, і яны не лыкам шыты.

А. Вешнева
1 снежня 1960 г.

Лес — зарубежным краінам

Прадукцыя лунінецкіх лесанарыхтоўшчыкаў добра вядомая не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. У гэтым месяцы толькі прадпрыемствам Румыніі адгружана 12 вагонаў экспартных матэрыялаў. Вагоны з лунінецкай драўнінай адпраўляюцца таксама ў Польскую Народную Рэспубліку, Аўстрыю, Германскую Дэмакратычную Рэспубліку.

П. Шпак

На верх старонкі