Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Помнік

Са шчымлівым болем у сэрцы ўглядаюся ў сядзібы вёскі Барсукова. Дыхтоўныя драўляныя і цагляныя будынкі, рознакаляровая кіпень садоў, ярка-чырвоныя плямкі клубніц у зеляніне агародаў. Нябачна небяспека па назве "радыяцыя", а між тым яна пільнуе і пад прахалодай дрэў, і на сонцапёку. Паступова пакідаюць вёску — адно з самых забруджаных месцаў раёна — яе жыхары, асабліва маладыя, з маленькімі дзецьмі. Застаюцца пераважна старыя, перажыўшыя столькі, што ніякая ў свеце сіла іх ужо не ў стане перапалохаць.

I веска не памрэ. Маё перакананне заснавана на знаёмстве з людзьмі, якія ў самыя застойныя гады дзейнічалі. Самааддана, бескарысліва, патрыятычна. А дзеянне — гэта і ёсць жыццё.

Маю на ўвазе перш за ўсё Мікалая Канстанцінавіча Луда. На яго лёс прыпала столькі нядолі, што некалькім людзям цяжка было б перанесці. Мікалай Канстанцінавіч быў падлеткам, калі пачалася вайна. Але аб падзеях тых гадоў ён і цяпер гаворыць усхвалявана:

— Барсукова знаходзілася ў партызанскай зоне. Спачатку нас абараняў атрад імя Сталіна брыгады імя Кірава, потым — атрад Катоўскага брыгады імя Будзённага. Многія вяскоўцы сталі партызанамі, многія потым служылі ў Чырвонай Арміі. Летам 1943 г. і Барсукова не пазбегла карнай аперацыі — спалілі немцы вёску. Але многія жыхары, папярэджаныя, паспелі выратавацца ў лесе. Мы засталіся жыць. Жыць у неаплатным даўгу перад тымі, хто не вярнуўся...

Думка зрабіць помнік загінуўшым аднавяскоўцам зарадзілася ў Мікалая Канстанцінавіча даўно. Напэўна, калі б размова ішла проста аб стэле ці абеліску, было б лягчэй. А ён задумаў пайменна аднавіць усіх салдат, партызан, мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі акупантаў.

— Кінь, — рэкамендавала начальства, — як цяпер удакладніць ісціну? А калі на помнік трапіць прозвішча здрадніка? Архіваў жа няма...

Мікалай Канстанцінавіч і сам разумеў вялікую адказнасць за збор матэрыялаў аб загінуўшых. Падворнае апытанне вяскоўцаў, праверка кожнага факта кампетэнтнымі органамі, зварот у архівы, музеі і г.д. — справа не аднаго года. Калі ж усе прозвішчы былі высветлены і ўдакладнены, начальства адмовіла ў сродках на помнік.

Луд не разгубіўся. Ён зноў пайшоў да людзей. Тады жыхароў вёскі было значна больш, і хаця ўклады рабіліся сціплыя, амаль паўтысячы назбіралі. Людзі, страціўшыя сваіх блізкіх, ахвотна давалі грошы. А вось многія іншыя абураліся:

— Яшчэ і за помнік мы павінны плаціць! А дзе дзяржава, чаму ўлады яго не робяць?

Але Мікалай Канстанцінавіч працягваў трывожыць раённыя ўстановы.

I нарэшце яго зразумелі. Падключыліся архітэктурная служба, калгас, сельсавет, дапамаглі прамысловыя прадпрыемствы горада. Натхнёны падтрымкай, Мікалай Канстанцінавіч не шкадаваў сябе для хутчэйшага завяршэння справы...

Невялікая алея маладых каштанаў, аддзеленая слупкамі і ланцугом, вядзе да стэлы з зорачкай і лаўровай галінкай. З абодвух бакоў яе размешчаны дзве чорныя пліты з надпісамі. Справа: "Вечная слава аднавяскоўцам, загінуўшым за Радзіму ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг." Злева: 72 прозвішчы. Ускладзены вянкі. Стаяць букеты півоняў і язміну ў слоіках. Так падрабязна спыняюся на апісанні, таму што яно адсутнічае нават у апошнім "Зводзе помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", 1990 г. выдання.

Кожны чалавек павінен пакінуць аб сабе памяць на зямлі. Хаця праведнікаў пры жыцці і не шануюць, але дабрата і справядлівасць Мікалая Канстанцінавіча запомніцца не аднаму пакаленню барсукоўцаў. Ён жа, паспеўшы выканаць свой чалавечы абавязак перад загінуўшымі, працягвае абараняць памяць і жывых салдат, бітых вайной і пакутуючых цяпер ад мірных нягод.

Таццяна Канапацкая