Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Не здрадзіўшы сумленню

Некалькі дзесяцігоддзяў служыў настаяцелем Лунінскай царквы пратаірэй Аляксандр Іосіфавіч Плешка. Разам з вяскоўцамі перажыў ён цяжкія гады акупацыі. Тады ж стаў занатоўваць прозвішчы людзей, якія пакутавалі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у асобных спісах. На звычайных тагачасных розных бланках — дзе ж было ўзяць чыстую паперу? — свяшчэннік акуратна запісваў, раздзяляючы на графы: "Забіты немцамі актыў", "Забітыя немцамі ў 1942 г.", "Вывезеныя ў Германію", "Спаленыя немцамі", "Памёршыя ад тыфу і пахаваныя без удзелу прытчы", "Забітыя католікі" і г.д. Дарэчы, гэтыя дакументы маюць двайную каштоўнасць: спісы ахвяр вайны зроблены на бланках нямецкіх улад: некаторыя аддрукаваны на нямецкай мове, некаторыя — на нямецкай з перакладам на ўкраінскую, напрыклад, "Контрольна відомість про заготівлю деревна", "Призвіще лісоруба", "Дата заготівлі діревіни: діловоі, дров", "Відомість належить изоденно заповняти", "Примітки" і г.д.

Ці была гэта справа небяспечнай для свяшчэнніка? Зразумела, калі фашысты імкнуліся знішчыць частку савецкага народа, а частку — пазбавіць памяці і заняволіць, ім не патрэбны былі ні лішнія сведкі, ні дакументальна зафіксаваныя звесткі пра ахвяры. Але, нягледзячы ні на што, Аляксандр Іосіфавіч коратка характарызаваў абставіны, пры якіх адбылася смерць. I пакінуў нашчадкам своеасаблівы мартыролаг Луніна. Строга кажучы, за шмат гадоў да ўсесаюзнай акцыі, па ўласнай ініцыятыве, рызыкуючы адноснай свабодай, а можа, і жыццём, стаў складаць кнігу "Память" сваёй вёскі.

Але не толькі, так бы мовіць, дакументальна змагаўся айцец Аляксандр з ворагам. Пермскі журналіст Сяргей Балахонаў пазнаёміўся з А.І. Плешкам, збіраючы матэрыялы аб партызанскім атрадзе "За Радзіму". Айцец Аляксандр расказаў, што з пачаткам вайны ў Лунін прыйшлі не толькі немцы, але і тыф. Захварэў і сын Плешкі — Павел. Чужынцы стварылі ў вёсцы шпіталь, канцылярыю якога размясцілі ў хаце Плешкі. Калі сын вылечыўся, ён пачаў працаваць у шпіталі санітарам. Айцец Аляксандр прыгадваў: "Трэба вам сказаць, што прыхаджане мае, Гасподзь іх уратуй, не прынялі войска Гітлера за пасланцаў Спасіцеля, хоць на рамянях у салдат і было: "З намі Бог". У шпіталі Павел блізка сышоўся з фельчарам Васілём Пятровічам Данько. Гэты добры чалавек шукаў, як дапамагчы партызанам лекамі. Павел знайшоў такую магчымасць. Немцы хутка западозрылі яго, і сын абраў адзіна правільны шлях — завалодаў вінтоўкай аднаго з салдат і падаўся ў лес".

Начальнік шпіталя і камендант доўга дапытвалі айца Аляксандра і яго жонку Вольгу Восіпаўну, пагражалі расстрэлам. Потым пакінулі дома, але пад наглядам, як і старэйшага сына Генадзя, што працаваў у лясніцтве. Неяк нямецкі камендант з перакладчыкам і солтысам наведаліся зноў. Камендант павёў айца Аляксандра ў сад на расстрэл, але не застрэліў...

Так, у пастаяннай трывозе жыла сям'я Плешкі. Немцы каля царквы размясцілі штаб — веруючым неабходна было ісці на службы завулкамі і полем... Аднойчы ноччу айцец Аляксандр разам з жонкай і Генадзем выкарысталі налёт савецкай авіяцыі і пайшлі ў лес. Сталі партызанамі атрада "За Радзіму".

"Сыны мае абодва партызанілі, хадзілі ў бой. Мяне пакінулі за разведкай. Матушка таксама знаходзілася ў лагеры. Мне далі заданне — адводзіць з вёсак насельніцтва ў лес, далей ад варожага вока. У праважатыя прызначылі Аркадзя Бондара і Васіля Жука. Мы даходзілі да вясковай аколіцы, я гутарыў з людзьмі, пасля чаго вёска пусцела: разам з жывёлай, узяўшы самае неабходнае, жыхары пакідалі наседжаныя гнёзды, перасяляліся ў сямейныя лагеры, пад ахову партызан. Немцы аб'явілі за маю галаву ўзнагароду ў некалькі тысяч марак. Ды не паквапіўся ніхто на яе. Я ж атрымаў ад дзяржавы медаль "Партызану Айчыннай вайны" I ступені. Узнагароджаны і абодва сыны".

Пасля вызвалення айцец Аляксандр служыў да 1962 г. у царкве, потым да смерці атрымліваў ад дзяржавы пенсію.

Таццяна Канапацкая