Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Узнагароджаныя медалём ГДР

Школу мінчанка Ларыса Фёдараўна Прастак скончыла за некалькі дзён да пачатку вайны. Калі горад занялі фашысты, сям'я нядоўга вагалася з выбарам — ужо восенню 1941 г. бацька, маці і сама Ларыса разам з сёстрамі Зінаідай і Вольгай наладзілі сувязь з партызанскім атрадам. У 1942 г. далучыўся да іх і былы студэнт медінстытута Юрый Уладзіміравіч Шахатуні, за якога Ларыса выйшла замуж. У абавязкі падпольшчыкаў уваходзіла перадача ў лес звестак пра нямецкі гарнізон, сабраных зброі, медыкаментах, прадуктах харчавання. Даводзілася і распаўсюджваць падпольную літаратуру, лістоўкі, якія атрымлівалі ад партызан. А праз нейкі час Ларысу накіравалі на сувязь з савецкімі разведчыкамі з дэсантнага атрада асобага прызначэння пад камандай Градава. Разведчыкі дзейнічалі ў Мінску пад выглядам нямецкіх афіцэраў, адной з іх задач была падрыхтоўка знішчэння фашысцкага гаўляйтэра Кубэ. Дарэчы, адзін з разведчыкаў, якога сям'я падпольшчыкаў ведала па мянушцы "Віктар" і які нейкі час жыў на іх кватэры, быў нямецкім антыфашыстам, а сапраўднае яго прозвішча было Кляйнюнг. Пасля вайны Кляйнюнг, які стаў у ГДР генералам арміі, падтрымліваў сувязь з сям'ёй Шахатуні, наведваў і перапісваўся з імі.

У сувязі з пагрозай правалу падпольшчыкам давялося пайсці ў партызанскі атрад. Тут у Ларысы Фёдараўны нарадзіўся першы сын. За свае баявыя справы яна ўзнагароджана медалямі "Партызану Вялікай Айчыннай вайны" і "За перамогу над Германіяй", у 1965 г. ёй разам з мужам у пасольстве ГДР у Маскве ўручылі медалі ГДР "Змагар супраць фашызму". Аб справах падпольшчыкаў расказвалася ў перыядычным друку, у кнігах В.С. Казачонка "Калі Радзіма ў небяспецы" (Мн.: Беларусь, 1961) і Я.М. Савіцкай "Байцы падпольнага фронту" (Мн.: Беларусь, 1982). Нядаўна выйшла другое выданне кнігі былога таварыша па 6арацьбе Ф.А. Бачылы "Застаюся жыць" (Мн.: Беларусь, 1992).

Пасля вайны Ю.У. і Л.Ф. Шахатуні жывуць у Лунінцы, дзе Юрый Уладзіміравіч, па прафесіі неўрапатолаг, працуе ўрачом.