Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Калі небяспека побач

Гэта назва кнігі С. Мальцава (Мн., Беларусь, 1977), у якой паведамляецца аб удзеле ў партызанскім руху Адама Іванавіча Беластоцкага, жыхара в. Моршчынавічы.

У студзені 1944 года групай падрыўнікоў 754-га атрада ў складзе Леаніда Хахлова (камандзір), Адама Беластоцкага (праваднік), Фёдара Бабіча і Марыі Зіновенка выйшла ў раён станцыі Мікашэвічы. Было ўстаноўлена, што ўсе падходы да чыгункі замініраваны. Тады Адам прапанаваў здзейсніць дыверсію непадалёку ад самой станцыі, прама ля семафора, і павёў партызан туды. Дзякуючы добраму веданню мясцовасці і ўмелым дзеянням Беластоцкага ў ноч з 7 на 8 студзеня 1944 года група пусціла пад адхон эшалон. Былі разбіты паравоз і пяць вагонаў з ваеннай маёмасцю, загінула 6 немцаў.

У пачатку сакавіка 1944 года група А.Г. Віктаровіча (камандзір), М.А. Чыгіра, П.П. Кецкі, В.В. Саковіча з правадніком А.І. Беластоцкім выйшла ў раён станцыі Люшча. У выніку дыверсіі разбіты паравоз і 4 вагоны з ваеннай маёмасцю.

Ноччу з 7 на 8 сакавіка ў тым жа складзе група пусціла пад адхон новы эшалон ля семафора станцыі Люшча. Пад абломкамі вагонаў загінулі 32 гітлераўцы.

1 красавіка 1944 года тая ж група на перагоне Люшча — Малькавічы скінула пад адхон эшалон з жывой сілай. Былі разбіты паравоз і 3 вагоны, загінулі каля 40 немцаў. 5 красавіка група Пятра Міхеевіча здзейсніла дыверсію ў раёне Ракітна. Зляцелі з рэек паравоз і 7 платформ з 14 аўтамашынамі, пад імі апынулася 6 немцаў.

7 красавіка група Віктаровіча ў раёне Лахва пусціла пад адхон эшалон з жывой сілай праціўніка. Вынік: разбіты паравоз і 6 вагонаў, забіта і паранена каля 200 нямецкіх салдат і афіцэраў.