М. В. Юсціновіч

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Мікалай Віктаравіч Юсціновіч нарадзіўся ў 1925 г. у м. Жыткавічы Гомельскай вобласці. Удзельнічаў у партызанскім руху ў складзе 105-га атрада 50-ай брыгады Палескага злучэння. Пасля вызвалення раёна быў прызваны ў дзеючую армію. Радавы, кулямётчык 920 сп 247 сд 1-га Беларускага фронту. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-ай ступені, Чырвонай Зоркай, медалямі "За адвагу" і іншымі. Удзельнік Парада Перамогі саюзных войск у Берліне. Пасля дэмабілізацыі ў 1950 г. працаваў у друку, у тым ліку з 1976 па 1988 — рэдактарам Лунінецкай раённай газеты "Ленінскі шлях". Жыве у г. Лунінец.

Той самы Лебус

У спісах загінуўшых землякоў найчасцей упамінаецца назва гэтага нямецкага горада, што і паслужыла повадам для маіх успамінаў.

...Нашы салдаты, пакінуўшы ззаду польскую зямлю, перайшлі граніцу Германіі. У тым месцы, дзе праходзіў полк, дастаткова было пераскочыць траншэю, і мы апынуліся на тэрыторыі нямецка-фашысцкага рэйха. Звярнулі ўвагу на роўненькія белыя слупкі ўздоўж асфальтавых дарог, акуратныя ўказальнікі, чысты, дагледжаны лес.

"Паветра!" — прагучала трывожная каманда камандзіра роты. Салдаты паспелі схавацца ад агню самалётаў. Перавагу ў паветры мела ўжо наша авіяцыя. Але нельга было недаацэньваць і самалёты праціўніка.

На плацдарм былі перапраўлены і прыдадзены батальёну некалькі самаходных гармат. Яны добра падтрымлівалі пяхоту агнём. Пойма Одэра на гэтым участку праз некалькі соцень метраў упіралася ў высокую дамбу з крутым схілам, парослым кустарнікам. За дамбай — горад Лебус. Як потым убачылі, ён раскіданы на няроўнасцях. Узвышшы чаргуюцца з лагчынамі. Дамы крыты чырвонай чарапіцай. Гітлераўцы ператварылі горад і подступы да яго ў крэпасць. Усё страляла: і вокны дамоў, і гарышчы, і падвалы, і палісаднікі, і воданапорная вежа, адкуль хутчэй за ўсё карэкыраваўся агонь варожых батарэй.

Лебус знаходзіцца непадалёку ад Берліна. Нямногім далей чым ад Лунінца да Пінска. Узяцце яго мела стратэгічнае значэнне, якое заключалася перш за ўсё ў тым, каб расшырыць плацдарм, а значыць, стварыць больш спрыяльныя ўмовы для падцягвання ўсё новых сіл, узбраення, боепрыпасаў для развіцця наступлення ў напрамку Берліна.

Плацдарм спачатку быў маленькі, прастрэльваўся наскрозь, немцы маглі ў любы момант пайсці ў контратаку, каб скінуць нашых салдат у раку. Вось чаму без усякай затрымкі падраздзяленні пачалі штурм дамбы, каб збіць праціўніка з гэтага рубяжу і адкрыць шлях на Лебус.

Салдаты кароткімі перабежкамі хутка пераадольвалі адкрытую пойму дамбы. Зручна прымасціўшыся ля кустоў, роту падтрымлівала самаходная гармата. Артылерысты вялі беглы агонь. Адна за другой са звонам падалі на зямлю гарачыя гільзы. Дарэчы, і ў далейшым самаходкі на плацдарме здорава дапамаглі пяхоце, дзейнічалі часам нібы танкі.

Па той бок дамбы перад намі адкрылася вялікае поле, за якім чырванела чарапіца крутых дахаў дамоў, хлявоў гатычнага стылю. Заўважаем нямецкую самаходку з плямістай афарбоўкай. Яна стаяла нахабна, адкрыта, выследжваючы чарговыя ахвяры.

Атака наша напрамую цераз поле захлябнулася пад шквальным агнём кулямётаў, снайпераў, тых самых плямістых самаходак. Курчыліся ад болю параненыя салдаты. Паступіла каманда адысці за дамбу.

Дзе выхад? Марудзіць нельга. Новая атака цераз поле нічога не дасць. Раптам бачым, як загарэўся драўляны хлеў, падкрэсліваю: драўляны, 6о ў Германіі хлявы ў асноўным з цэглы. Дым пад лёгкім ветрыкам засланіў усё поле, саслужыўшы нам добрую службу. Пад прыкрыццём гэтай дымавой заслоны кінуліся ў атаку, крыху лявей на гэты раз, і праз могілкі хутка дасягнулі першых пабудоў. Страляючы на хаду па вокнах дамоў, падвалаў, гарышчаў, каб не даць праціўніку падняць галаву, салдаты апынуліся на вуліцах, у дварах, палісадніках. Праціўнік, відаць, не чакаў такой дзёрзкай атакі і ў паніцы адступіў, пакінуўшы частку горада.

Пакуль атакавалі, змяшаліся салдаты розных рот і ўзводаў. Добра, што побач з намі аказаўся афіцэр. Ён узяў камандаванне нашай групай на сябе, загадаў замацавацца і старанна весці назіранне за праціўнікам.

У адбітай у праціўніка частцы горада нашы воіны перш-наперш пастараліся заняць зручныя пазіцыі, замаскіравацца. Адны акапаліся ў дварах, скверах, другія забарыкадзіраваліся ў дамах, хлявах. Трэба быць гатовымі да любой нечаканасці. Асабліва небяспечныя контратакі, бо яны маглі звесці да нуля дасягнутае крывёю салдат і афіцэраў.

Даволі хутка салдаты знайшлі свае роты, узводы, сваіх камандзіраў. Пад вечар наступіла некаторае зацішша. Недалёка ў лагчыне за абрывам чулася мітусня, рокат матораў, раздаваліся дзелавыя гучныя каманды на нямецкай мове. Няцяжка было зразумець, што праціўнік рыхтаваўся ўзяць рэванш за паражэнне на подступах да горада і на яго ўсходняй ускраіне.

Не-не ды ахне снарад, міна. Не раз прыходзілася назіраць, як неабстрэленыя маладыя салдаты з жахам "кланяліся", прыціскаліся да зямлі ад кожнага свісту снарада. З цягам часу яны сталі пазнаваць азбуку вайны. Калі снарад як бы свішча, значыць, паляціць далей. Яго не бойся. Але асцерагайся таго снарада, які ў паветры шапаціць, як бы шэпча. Гэты грохне блізка.

Першая ноч нашага знаходжання ў Лебусе прайшла адносна спакойна. Відаць, праціўнік яшчэ не ачухаўся ад шоку ўчарашняга бою і не рызыкнуў кінуцца ў контратаку. Гэта умела выкарыстала наша камандаванне. Савецкія воіны не давалі праціўніку апамятацца. Амаль штодзень нашы падраздзяленні працягвалі наступальныя аперацыі па захопу ўсё новых і новых дамоў, гаспадарчых пабудоў. Давалася гэта няпроста, бо вораг моцна трымаўся за кожны будынак. I няхай не заўсёды ўдала, як гавораць, з пераменным поспехам, а расшырэнне плацдарма працягвалася. У ваенных зводках такія баявыя дзеянні называліся "баі мясцовага значэння".

Нашай стралковай роце была пастаўлена задача ўзяць двухпавярховы дом, які быў тупіковым на адной з вуліц Лебуса. А вуліца гэтая, прарэзаная па вялікаму бугру, нібы шырокі калідор, сценамі якога служаць высокая адкосы, парослыя падстрыжанай травой і невялікім кустарнікам, упіраецца ў той дом. Якраз па гэтай дарозе і выпала нашаму ўзводу атакаваць будынак. Паабапал наступалі другія ўзводы роты.

З-за павароту, адкуль мы рыхтаваліся да атакі, падышла самаходка і адкрыла агонь па доме, правяла, так сказаць, артылерыйскую падрыхтоўку. Пад прыкрыццём снарадаў байцы, маскіруючыся кустамі, сканцэнтроўваліся па абодва бакі дарогі, на яе адкосах.

Значную небяспеку ўяўлялі снайперы. Гляджу, у трох метрах ад мяне, павіснуўшы на кусце галавой уніз з прастрэленым горлам, імкнецца падняцца і не можа сяржант. Санітар яшчэ не паспеў да яго дабрацца. Давай, думаю, хоць папраўлю галаву, 6о сяржант уласнай крывёю захлёбваецца. Толькі падпоўз, і раптам нехта з салдат крыкнуў мне: "У цябе рукаў загарэўся!". Аказалася, на гэты раз фашысцкі снайпер крыху прамазаў. На маё шчасце, куля раскроіла толькі верхнюю абшыўку магазіна кулямёта і прашыла рукаў бушлата і целагрэйкі. Куля, відаць, была запальваючая, а таму вата бушлата загарэлася. Карацей кажучы, лёгка сышло.

А тым часам камандзір, размахваючы маўзерам, скамандаваў: "У атаку, наперад!" Але атрымалася замінка. Вораг узмацніў агонь, галаву не падняць.

Славуты савецкі палкаводзец Г.К. Жукаў пісаў, што самае цяжкае для салдата — гэта падняцца ў атаку.

Што праўда, то праўда, бо для многіх, хто ўзнімаецца ў атаку, яна становіцца апошняй.

— Наперад! — зноў раздалася каманда. I ў гэты ж момант два сяржанты першымі адарваліся ад зямлі, выбеглі на сярэдзіну дарогі. I нібы нябачны магніт узняў усю роту. Салдаты запаланілі дарогу, адкрыўшы на хаду агонь з усіх відаў зброі. Не заўважылі, як дабеглі да таго дома. Праціўнік не вытрымаў націску і пакінуў будынак. Пад нагамі толькі шыргатала бітае шкло і трапляліся стрэляныя гільзы, а скразняк ганяў нейкія паперы.

Кожны дзень радзелі рады нашай роты. Калі перад фарсіраваннем Одэра пасля дальняга пераходу ад Віслы рота налічвала 120 байцоў, то за некалькі тыдняў баёў па расшырэнні плацдарма на Одэры засталося ў роце 8 салдат. Адны загінулі, другія паранены і адпраўлены ў шпіталь. Мне пакуль шанцавала. Як упаміналася, гарэў рукаў, а потым асколкам разарвала бушлат на спіне. Абмоткі аказаліся пасечанымі, быццам іх пагрызлі сабакі. Разбіты кулямёт. Замянілі. Праз некаторы час такі ж лёс напаткаў другі кулямёт. Выдалі новы. Паранены салдат, другі нумар кулямёта. Замянілі.

Чым заставалася менш байцоў, тым большая адказнасць ускладвалася на кожнага воіна. Патрабавалася двайная, трайная пільнасць, умелае размяшчэнне агнявых кропак. Аднойчы мне было загадана заняць акоп на рагу цаглянага дома, спаленага, ад якога засталася каробка з пустымі вачніцамі вокнаў. З падвала, нібы з печы, дыхала жарам ад гарачага попелу вугальнага брыкету. Дарэчы, у ім вельмі зручна было салдатам смажыць у трафейных каструлях мяса трафейных трусоў і індыкоў у свіным тлушчы.

— У акопе забіты салдат, — сказаў камандзір узвода. — Выцягніце яго, перадайце дакументы сувязному, салдата пахавайце і самі займіце акоп з кулямётам. Ясна?

Чаму я ўспомніў пра гэты звычайны франтавы эпізод? Засыпаны зямлёю і завалены кавалкамі чарапіцы па самыя грудзі, салдат аказаўся беларусам, з Пінскай вобласці. Хто ведае, магчыма, і з Лунінеччыны. Не памятаю.

Ускрай горада перасякала чыгунка. Уздоўж яе, на пэўнай адлегласці ад насыпу, занялі абарону. Колькі стаялі, столькі і капалі. Спачатку гэта былі індывідуальныя акопы, потым іх злучылі ламанымі лініямі траншэй.

Хаця і не ведалі, калі пойдзем у наступление, але адчувалі па некаторых прыкметах, што доўга на гэтым рубяжы не заседзімся.

А тут аднойчы немцы адкрылі шквальны агонь з артылерыі. Шпурляў свае міны так званы "скрыпач" (шасціствольны мінамёт). А "скрыпачом" празвалі яго нашы салдаты таму, што ён, страляючы, як бы скрыпеў, жудасна і непрыемна. Нядоўга цешыліся фашысты яраснай артпадрыхтоўкай. У адказ загаварыла наша артылерыя, ды з такой сілай, з такой інтэнсіўнасцю, што батарэі праціўніка, нарэшце, замоўклі.

Насупраць нашых пазіцый знаходзілася сядзіба таварнай станцыі. Атакавалі яе. Захапілі. Зноў страты. Кулямётчык, чалавек пажылы, таксама з Беларусі, залёг за бурт бульбы побач са мною. I раптам куля пранізала яму бок. Не чакаючы санітара, камандзір аддзялення малодшы сяржант Ткачэнка зрабіў яму перавязку індывідуальным пакетам (такі пакет быў у кожнага байца). Слабеючым голасам пабляднелы салдат папрасіў сяржанта ўзяць яго дакументы, каб паведамілі дамоў. Праз пяць мінут ён памёр.

Кажуць, свет цесны. I праўда. Калі сцямнела, мне з адным салдатам камандзір загадаў даставіць у санітарны ўзвод цяжка параненага ў жывот сяржанта. Асцярожна паклаўшы яго на плашч-палатку, пад покрывам цемнаты аднеслі ў санітарны ўзвод. Размясціліся медыкі ў падвале дома. На падлозе было мноства пакутуючых ад ран воінаў. Нястомныя медыкі аказвалі пасільную дапамогу.

Здаўшы параненага, мы з салдатам наталілі смагу вішнёвым сокам, запасы якога захоўваліся ў кожным падвале ў немцаў. Пакурылі, а праз паўгадзіны былі ўжо зноў на той таварнай станцыі і разышліся, як кажуць, нібы ў моры караблі, кожны ў сваё падраздзяленне.

А больш як праз дзесяць гадоў дарогі раённага газетчыка завялі мяне ў Дварэц. Зайшоў неяк на пошту, разгаварыліся з тэлефаністам Мікалаем Верасам.

— Я даўно прыглядваюся да Вас, — кажа ён. — Ці не з Вамі мы аднеслі на плашч-палатцы ў санчасць параненага сяржанта Турулева? — пытае тэлефаніст. — Сок вішнёвы пілі. Пакурылі...

Вось так. Сапраўды, свет цесны. Моцнай аказалася зрокавая памяць у салдата. Дарэчы, зараз Вераса ўжо няма ў жывых. Раненне ў яго было ў твар цяжкае, значна скараціла жыццё.

Але вярнуся да Лебуса. Таварную станцыю трымалі толькі адну ноч. Раніцай наступнага дня паступіў загад вярнуцца на зыходныя пазіцыі. Гэта, відаць, зроблена было па той прычыне, што поспеху не мелі нашы суседзі злева і справа, і наша рота магла б аказацца ў пастцы.

10 сакавіка пачаўся новы штурм варожых пазіцый па другі бок чыгункі. Ужо недалёка была заходняя ўскраіна Лебуса.

У гэтым баі, калі дасягнулі другой варожай траншэі, мяне параніла. Другі нумар кулямёта, салдат Благушын з Украіны, зрабіў перавязку.

На шляху са шпіталя ў сваю часць пасля выздараўлення наша група даведалася, што вайна скончылася. Што тут было! Страляніна з усіх відаў зброі — кулямётаў, аўтаматаў, вінтовак, пісталетаў.

Вярнуўся ў сваю часць, у родную роту. Гэта недалёка ад Эльбы. Казарменнае палажэнне. З радасцю сустрэўся з Благушыным, тым самым, які зрабіў мне тады перавязку.

М.В. Юсціновіч
Багданаў Пётр Мікалаевіч (1924 — 1945). Нарадзіўся ў в. Дзеванісы Палкінскага р-на Пскоўскай вобл. На фронце з 21.01.1942 г. Ваяваў на 1-ым і 3-ім Беларускіх франтах, 1-ым Украінскім. Вызначыўся ў баях за Берлін. 23.04.1945 г. старшы сяржант П.М. Багданаў на чале групы байцоў батальёна 66-га стралковага палка 61-ай Нікапальскай стралковай дывізіі першым пераправіўся цераз канал Цельтаў, замацаваўся на плацдарме і 2 гадзіны адбіваў варожыя атакі, забяспечваючы пераправу сваіх падраздзяленняў. У гэтым баі знішчыў звыш 60 салдат і афіцэраў праціўніка. Усяго на баявым рахунку звыш 180 забітых і 93 узятых у палон салдат і афіцэраў праціўніка. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 27.06.1945 г. Трагічна загінуў 24.08.1945 г. Пахаваны на могілках г. Лунінец. У 1946 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Давыдаў Мікалай Сяргеевіч (1921 — 1949). Нарадзіўся у в. Вялікае Андосава Пільнінскага р-на Горкаўскай вобл. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў токарам на заводзе ў Варашылаўградзе, вучыўся ў авіяшколе. З 1940 г. у Чырвонан Арміі. Член КПСС з 1944 г. Ваяваў на Паўднёвым, 4-ым Украінскім і 3-ім Беларускім франтах: памочнік камандзіра, камандзір эскадрыллі 75-га гвардзейскага штурмавога авіяпалка. Гвардыі старшы лейтэнант Давыдаў асоба вызначыўся ў складзе 1-ай паветранай арміі пры вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска і ліквідацыі Мінскага "катла". Здзейсніў 187 баявых вылетаў, знішчыў 8 танкаў, 6 артылерыйскіх батарэй, 1 паравоз, 17 вагонаў, 21 аўтамашыну, каля 200 гітлераўцаў. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 19.04.1945 г.

З кнігі М.М. Калінковіча "Лунінец" (Мн., Полымя, 1990):

"Загінуў Мікалай Давыдаў у мірны жнівень 1949-га, адхіліўшы няшчасце ад Лунінца. Вось як гэта было. У раёне Прыпяці праходзілі вучэнні авіятараў. Удзельнічала ў іх і эскадрылля капітана. Нечакана самалёт Давыдава ўспыхнуў у паветры над райцэнтрам. Унізе — людзі, будынкі. Ён аддаў кароткі загад экіпажу: "З парашутамі — уніз!" А сам накіраваў палаючую машыну да балота, імкнучыся збіць з яе полымя і адвесці ад горада небяспеку. Прагучаў моцны выбух. Так здзейсніў свой апошні подзвіг Герой Савецкага Саюза".

М.С. Давыдаў пахаваны на могілках у г. Лунінец. У 1969 г. на магіле ўстаноўлены абеліск. Яго імем названа вуліца ў г. Лунінец і школа на радзіме.

Непадалёку ад месца гібелі пры ўездзе ў Лунінец з паўднёвага захаду ў 1981 г. устаноўлены помнік — самалёт-знішчальнік "МІГ-17" і мемарыяльная дошка, якая расказвае пра подзвіг капітана Давыдава.

Пяцяры Іван Віктаравіч (1921 — 1949). Нарадзіўся ў в. Енісейск Мінусінскага р-на Краснаярскага краю ў сям'і селяніна. У Чырвонай Арміі са жніўня 1940 г. Член КПСС з 1944 г. Лётчык-інструктар 12-ай авіяцыйнай школы пілотаў. Ваяваў на Сталінградскім, Паўднёвым і 4-ым Украінскім франтах: лейтэнант, лётчык 61-га гвардзейскага начнога бамбардзіровачнага авіяпалка 8-ай паветранай арміі, здзейсніў 140 баявых вылетаў, потым лётчык-штурмавік, памочнік камандзіра 136-га гвардзейскага штурмавога авіяпалка 1-ай гвардзейскай штурмавой авіядывізіі, прымаў удзел у вызваленні Данбаса і Крыма. З 1944 г. — у складзе той жа дывізіі ў 1-ай паветранай арміі на 3-ім Беларускім фронце. Вызначыўся ў баях за Беларусь і пры разгроме ўсходне-прускай групоўкі праціўніка, здзейсніў 136 баявых вылетаў, асабіста знішчыў некалькі перапраў, шмат танкаў, батарэй, аўтамашын, сотні гітлераўцаў. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 19.04.1945 г.

Пасля вайны служыў у Савецкай Арміі. Загінуў 5.05.1949 г. Пахаваны на могілках у г. Лунінец. У 1967 г. намагіле ўстаноўлены абеліск.

Машчыц Адам Аўтаномавіч (1918 — 1980). Нарадзіўся ў в. Махнавічы Манастырскага павета Мінскай губерні ў сям'і селяніна. Працоўны шлях пачаў рабочым лесапільнага завода. З 1933 па 1935 г. — старшыня калгаса "Парыжская камуна" Лельчыцкага р-на Палескай вобл. Пасля службы ў Чырвонан Арміі — інструктар аблспажыўсаюза, начальнік аддзела кадраў Мікашэвіцкага фанернага завода.

Адзін з арганізатараў партызанскага руху на Лунінеччыне — начальнік штаба, камісар партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава Пінскага злучэння.

Пасля вызвалення раёна — загадчык раённага зямельнага аддзела, парторг ЦК ВКП(б) пры МТС, старшыня райспажыўсаюза, кіраўнік міжрайгандлю, старшыня міжкалгасбудаўніцтва, дырэктар лесагандлёвага склада, гандлёватарнай базы.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і дзевяццю медалямі.
Ганаровы грамадзянін горада Лунінец.

Раманюк Іван Лявонавіч (1907 — 1979). Нарадзіўсяў в. Асаўцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, член КПСС з 1939 г. Батрак, потым рабочы рыбгаса "Белае", старшыня рабочкама. З 1932 г. да пачатку вайны — старшыня сельсавета.

З 1941 г. — у партызанскім атрадзе імя Кірава, а пасля яго перарастання ў брыгаду — камісар партызанскага атрада імя Калініна. З мая 1943 па ліпень 1944 г. — сакратар падпольнага Лунінецкага райкама партыі.

З ліпеня 1944 па 1946 г. — сакратар Лунінецкага райкама партыі. Да выхаду на пенсію ў 1958 г. — адказны савецкі работнік, старшыня калгаса.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і "Знак Пашаны", медалямі.
Ганаровы грамадзянін горада Лунінец.

Савіцкі Андрэй Пятровіч (1911 — 1948). Нарадзіўся ў в. Хорлін Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. З 1931 г. працаваў у калгасе, з 1934 г. — майстар на лесараспрацоўках, з 1938 г. — старшыня калгаса "Чырвоны Калінінец" у Жыткавіцкім раёне.

З ліпеня 1941 г. — у партызанскім атрадзе Камарова (В.З. Каржа): радавы, камандзір групы, атрада. У маі 1942 г. камандаваннем накіраваны на чале групы ў Лунінецкі раён, дзе да ліпеня, аб'яднаўшы асобныя баявыя групы, стварыў атрад "Пятровіча" (у снежні атраду прысвоена імя С.М. Кірава). Да чэрвеня 1943 г. — камандзір гэтага атрада, потым — камандзір брыгады імя Кірава. Член КПСС з 1943 г.

З 1944 г. — на гаспадарчай рабоце ў г. Лунінец.

Пахаваны на могілках в. Лахва. У 1975 г. на магіле пастаўлены помнік. Імем А.П. Савіцкага названа вуліца ў г. Лунінец.

Сцешыц Гаўрыла Пятровіч (1897 — 1978). Нарадзіўся ў в. Доўгае Салігорскага р-на Мінскай вобл. З 1931 па 1939 г. — старшыня калгаса "Чырвоны Кастрычнік". У лютым 1935 г. — делегат II Усесаюзнага з'езда калгаснікаў. За актыўны ўдзел у ліквідацыі банды ў 1934 г. узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. З 1939 па 1941 г. — старшыня сельсавета ў в. Доўгае.

З 1941 па 1944 г. — камісар атрада Камарова (В.З. Каржа), камандзір разведкі Пінскага партызанскага злучэння.

З 1944 г. — у Мікашэвічах. Загадчык райземаддзела Ленінскага р-на Пінскай вобл., загадчык нарыхтоўчай зерневай канторы.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі.
Ганаровы грамадзянін р.п. Мікашэвічы.

На верх старонкі