Пустка на месцы разбуранага чыгуначнага вакзала ў г. Лунінец. 1949 г.


Разваліны нямецкага дота каля каталіцкіх могілах у г. Лунінец. 1949 г.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Раён вызвалены, вайна працягваецца...

10 ліпеня 1944 года Лунінеччына была вызвалена. Цэнтр горада ляжаў у развалінах і папялішчах. Усё дымілася, дзе-нідзе гарэлі дамы. Сапёры размініравалі казарму і вывозілі з яе падвалаў буйныя авіябомбы. На месцы каменных будынкаў узвышаліся груды цэглы, жалезабетону, тырчалі металічныя бэлькі, арматура. На папялішчах драўляных дамоў адзінока стаялі пячныя коміны, абгарэлыя дрэвы, выглядалі спінкі металічных ложкаў. На чыгуначнай станцыі — ляжачы ўпоперак пуцей мост, скрыўленыя рэйкі. Поўнасцю былі разбураны вакзал, дэпо, вадакачка, пажарная вышка (каланча), клуб, школы, амбулаторыя, бальніца, райпрамкамбінат — 289 самых лепшых каменных і драўляных дамоў былі разбураны ці спалены. Са шматлікіх будынкаў на прывакзальнай плошчы вайна злітавалася толькі над будынкам станцыі — пабудаваны ў пачатку стагоддзя, ён стаіць і сёння. Былі разбураны ўшчэнт усе каменныя пабудовы пачатковай тэхнічнай школы, на месцы якой зараз чыгуначны клуб і універмаг. Пасля вайны ўся гэтая тэрыторыя ўяўляла пустку, заросшую пустазеллем, сярод якога тырчалі скляпы з чырвонай цэглы і ва ўсіх напрамках былі пракладзены сцежкі. На другой частцы пустэчы стаяў невялікі мураваны будынак — захаваўшаяся частка былой кузні тэхнічнай школы. Пасля рамонту яго прыстасавалі пад прыгарадныя касы. З-за адсутнасці вакзала залы чакання для пасажыраў былі размешчаны — адна на першым паверсе друкарні, другая, з білетнымі касамі, — праз дарогу, у памяшканні сучаснага гастранома. А на месцы былога вакзала паставілі вялікі трафейны вагон, дзе былі і білетныя касы, і буфет.

Даваенныя каменныя будынкі, якія захаваліся па вуліцах Фрунзе, Гагарына і Прывакзальнай, стаялі паўразбураныя і абгарэлыя. Драўляныя пабудовы былі знішчаны агнём, у іх ліку пякарня, двухпавярховая гасцініца, некалькі жылых дамоў. На цяперашняй вуліцы Піянерскай ад вялікага будынка кінатэатра засталася толькі частка. З усіх астатніх будынкаў уцалеў толькі адзін, у якім зараз знаходзіцца музей.

Але больш за ўсё пацярпела цэнтральная вуліца горада — цяперашняя Савецкая. Тут былі разбураны ўсе каменныя будынкі (2-павярховы будынак пякарні і жылы дом), парк культуры, гміна — сапраўдны архітэктурны шэдэўр, згарэлі ўсе драўляныя. На цяперашняй вуліцы Чырвонай быў узарваны 4-павярховы будынак школы, на Фабрычнай згарэлі ўсе базы — вялікія, барачнага тыпу памяшканні для захоўвання запасаў прадуктаў і тавараў. Цэнтр горада ўяўляў пустку, руіны з цэглы і попелу. Паўразбураным застаўся толькі адзін каменны будынак — яўрэйскага банка. Былі спалены 2699 дамоў і гаспадарчых пабудоў, тысячы людзей былі вымушаны жыць у зямлянках. За гады акупацыі значная частка зямель прыйшла ў заняпад, частка была замініравана. Каля 75 працэнтаў буйной рагатай жывёлы было знішчана ці вывезена ў Германію. Нічога не засталося ад маёмасці створаных перад вайной калгасаў і МТС.

Былыя чыгуначнікі пачалі працаваць у дэпо, а частка партызан была прызвана ў армію. Многія партызанскія камандзіры перайшлі на мірную працу: Фёдар Іванавіч Лісовіч стаў першым сакратаром райкама партыі, намеснік камбрыга па гаспадарчай частцы Рыгор Пятровіч Швец — старшынёй райвыканкама, Аляксандр Аляксеевіч Світцоў — старшынёй гарвыканкама.

Ніна Канстанцінаўна Каштанава была назначана загадчыцай райздраўаддзела і адначасова ўпаўнаважанай па Лунінецкаму сельсавету па дзяржпастаўках. Яна ўспамінала: "Ахова здароўя ў раёне была ў плачэўным стане. Бальніца разрабавана і разбурана. Медыцынскія ўчасткі знішчаны.

Магазіны і рынак не працавалі. Чыгунка не адноўлена. Адзіны від транспарту ў аддзеле аховы здароўя — мой верхавы конь. За параўнальна кароткі тэрмін з дапамогаю мясцовых улад я здолела адшукаць і нядрэнна абсталяваць памяшканне для свайго аддзела, а таксама — для малярыйнай і санітарна-эпідэміялагічнай станцый. Адрамантавалі бальніцу, адкрылі паліклініку. Дасталося клопатаў і ў якасці ўпаўнаважанай райвыканкама. Па адміністрацыйнаму падзелу ў раёне мелася 20 сельскіх Саветаў. Мой, Лунінскі, не самы малы. Акрамя арганізацыі своечасовай здачы дзяржаве збожжа, бульбы, іншай сельскагаспадарчай прадукцыі на маім сумлені была мабілізацыя моладзі ў армію і рамесныя вучылішчы. Усюды патрабаваліся кадры, і мы таксама былі абавязаны клапаціцца пра іх. Былі і іншыя абавязкі — давялося быць яшчэ і ўрачом знішчальнага батальёна, створанага ў раёне".

Горад паступова залечваў раны, нанесеныя вайной. Аднаўляліся цагляныя абгарэўшыя каробкі будынкаў. Будаўнічы матэрыял — цэгла — падбіраўся тут жа, на развалінах. У будынку былой пошты па вуліцы Фрунзе былі зроблены кватэры. Тут жа побач быў адкрыты клуб будаўнічай арганізацыі, які потым стаў гарадскім кінатэатрам. Адкрылася кіназала і ў клубе чыгуначнікаў у парку.

Адразу пасля вызвалення горада былі разбураны ўсе дзоты на перакрыжаваннях вуліц, узарваны бетонныя ўмацаванні на ўскрайку горада. Паступова масіўныя бетонныя труны разбураліся і вывозіліся, варонкі ад выбухаў засыпаліся. Да сярэдзіны 60-ых гадоў ад былых ваенных умацаванняў не засталося і следу.

Ужо восенню 1944 г. сяляне Лунінеччыны засеялі каля 10 500 гектараў. План збожжанарыхтовак быў перавыкананы. Каля трох тысяч сялян былі мабілізаваны на аднаўленне чыгуначнага вакзала, што дазволіла праз 5 — 6 дзён пусціць першыя цягнікі да фронту. Са жніўня 1944 г. аднаўлялася сядзіба МТС (актыўны ўдзел прынялі ў гэтым механізатары А.С. Харытановіч, В.Т. Гардзіевіч, І.А. Ніканоранка) — з захаваўшыхся бярвенняў пабудавалі кузню, адрамантавалі майстэрню. З Пінска атрымалі два трактары: "Універсал-2" і ХТЗ, чыгуначнікі перадалі яшчэ адзін паламаны ХТЗ. Былі створаны прамысловыя арцелі "Свабода" і "Прамень", узніклі або аднавіліся прамысловы, харчовы і хлебны камбінаты, электрастанцыя, 7 млыноў, леспрамгас, лясгас, торфапрадпрыемства.

Жыццё адраджалася на вызваленай Лунінеччыне. Але вайна працягвалася.

Усеагульная воінская мабілізацыя ў ліпені-жніўні 1944 года прызвала на фронт тысячы лунінчан. Не кожны дажыў да Перамогі. Магілы нашых землякоў знаходзяцца ў Польшчы і Фінляндыі, Чэхіі і Славакіі, Венгрыі і Югаславіі. У горадзе Лебус у Германіі пахавана ледзь не трэцяя частка салдат — ураджэнцаў горада і раёна — з усіх франтавікоў Лунінеччыны, загінуўшых у Вялікую Айчынную.

Таццяна Канапацкая, Леў Коласаў