Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Івушкін Мікалай Барысавіч у гады Вялікай Айчыннай быў сакратаром партыйнай арганізацыі палка, начальнікам палітаддзела брыгады, а потым — 55-ай Мазырскай стралковай дывізіі. Удзельнічаў у баях на Курскай дузе, Дняпры, аперацыі "Баграціён". Пасля вайны — палкоўнік у адстаўцы. Аўтар кніг "За ўсё ў адказе" (М., Ваенвыдат, 1969), "Месца тваё наперадзе" ( М., Ваенвыдат, 1976).

З кнігі М.Б. Івушкіна "Месца тваё наперадзе"

Мы — чырванасцяжныя

"Нямецка-фашысцкае камандаванне ўскладвала вялікія надзеі на водную перашкоду — раку Случ. Мелася на ўвазе, як паказалі палонныя, спыніць наступление дывізіі на гэтым рубяжы. 7 ліпеня ўсе часці падышлі да ракі. Немцы сустрэлі нас агнём з гармат. Аднак нашым артылерыстам удалося ў значнай меры падавіць артылерыю ворага. Стралковыя палкі ноччу фарсіравалі Случ і 8 ліпеня ў 2 гадзіны 30 мінут авалодалі населеным пунктам Мікашэвічы. Першымі выйшлі на бераг і завязалі бой воіны 228-га палка і сапёрнага батальёна.

Прасоўванню часцей дывізіі перашкаджалі не толькі рэкі, якія ўпадаюць у Прыпяць і якія даводзілася фарсіраваць, але і мінныя перашкоды, якія шырока прымяняліся праціўнікам. Усе дарогі, масты, лясныя сцежкі і паляны былі замініраваны... З пачатку наступлення было знята 4075 супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мін. I ўсё ж такі ўсе міны не ўдалося абясшкодзіць. Мы неслі ўрон.

Наперадзе знаходзіўся горад Лунінец — важны чыгуначны вузел, які звязваў паўночную і паўднёвую групоўку праціўніка ў Беларусі. Нямецка-фашысцкае камандаванне вырашыла даць нам бой на рацэ Цна. На яе заходнім беразе занялі абарону 216-ая і 129-ая пяхотныя дывізіі і 84-ы полк праціўніка.

Ваенны савет 61-ай арміі патрабаваў ад нас і 23-яй стралковай дывізіі як мага хутчэй пазбавіць праціўніка важнай магістралі. Камандзір дывізіі палкоўнік Шмыглёў вырашыў абысці абарону праціўніка. 107-му палку была пастаўлена задача зрабіць абходны манеўр на паўночны ўсход і фарсіраваць Цну ў раёне Дрэбска. 111-ы полк павінен быў фарсіраваць раку ў раёне Кажан-Гарадка. 228-ы полк рухаўся за 107-ым палком і пакідаўся ў рэзерве камдыва. Прасоўванне пачалося ноччу 9 ліпеня. Ішлі ляснымі сцежкамі, а часам па балоце і без сцежак. Злева ад нас дзейнічала 23-яя стралковая дывізія, справа суседзяў не было. 207-ы полк першым завязаў бой у раёне чыгуначнай станцыі Дрэбск. 1-ы батальён старшага лейтэнанта В.І. Турчанінава фарсіраваў раку Цну. Зрабіўшы праходы ў дротавых загароджах, байцы кінуліся ў траншэі. Завязаўся бой, у якім мы атрымалі перамогу. Услед за 1-ым батальёнам на заходні бераг пераправіўся ўвесь 107-ы полк.

У 111-ым палку першымі пад покрывам ночы фарсіравалі раку аўтаматчыкі падраздзялення капітана Васіля Апанасавіча Міхалёва. Разгарэўся начны бой. З'яўленне нашых аўтаматчыкаў на заходнім беразе і раптоўная атака на фланзе абарончага рубяжа выклікалі паніку, дэмаралізавалі праціўніка. Немцы пабеглі. Хутка ўвесь 111-ы полк, а за ім і 228-ы фарсіравалі Цну. Пасля выхаду на заходні бераг ракі 107-ы і 111-ы палкі працягвалі абходны манеўр.

Лёс бою вырашылі артылерысты, якія падаспелі своечасова, на чале з капітанам Фядулавым. Сяржанты Сараеў і Савельеў паставілі свае гарматы на прамую наводку і адкрылі агонь. Адной варожай самаходцы звярнула вежу. Контратака ворага была адбіта.

Тым часам насустрач арміі рухалася па тылах ворага партызанскае злучэнне, якое ўзначальваў генерал-маёр В.З. Корж, а камісарам быў сакратар Пінскага падпольнага абкама партыі генерал-маёр А.Я. Кляшчоў. Думаю, дарэчы прывесці некаторыя вытрымкі з кнігі Кляшчова:

"Падпольны абкам партыі і камандаванне злучэння арганізавалі аперацыю ў раёне Лунінца з мэтай перарэзаць чыгунку Лунінец — Баранавічы і Лунінец — Пінск. У ноч на 3 ліпеня партызаны наносілі ўдары па гарнізонах станцый Люшча, Бастынь, Лобча. У тую ж ноч было падарвана 697 рэек. Авалодаць поўнасцю станцыямі партызаны не здолелі, таму што гарнізоны гэтых станцый былі добра ўмацаваны. Аднак праціўніку, які засеў на станцыях, былі панесены вялікія страты, і чыгунка Лунінец — Баранавічы на ўчастку Люшча — Бастынь 3 і 4 ліпеня не працавала".

Далей А.Я. Кляшчоў піша, што ў ноч на 5 ліпеня станцыі былі атакаваны ў другі раз. У выніку партызаны падарвалі 130 рэек і заціснулі на поўнач ад станцыі Люшча бронецягнік праціўніка. Да прыходу часцей Чырвонай Арміі дарога не ўзнаўлялася. Актыўныя дзеянні партызан істотна дапамаглі нашай 55-ай і 23-яй дывізіям у ходзе наступлення на Лунінец. Яны прымусілі ворага адцягнуць частку сваіх сіл з абаронных рубяжоў і кінуць іх на ахову дарог і станцый.

Да 6 гадзін раніцы 10 ліпеня 107-ы і 111-ы палкі дывізіі перарэзалі чыгунку Лунінец — Баранавічы і занялі ў раёне Навіна зыходныя пазіцыі для штурму горада. У 7 гадзін раніцы нашы часці ва ўзаемадзеянні з 23-яй дывізіяй уварваліся ў Лунінец і да 10 гадзін поўнасцю вызвалілі яго.

Дзеянні наступаючых часцей былі настолькі імклівымі, што немцы не паспелі нават вывезці эшалоны з ваеннай маёмасцю. Панеслі яны вялікія страты і ў жывой сіле. У той жа дзень мы атрымалі па радыё загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага: асабістаму саставу дывізіі аб'яўлялася чацвёртая падзяка. А праз некалькі дзён быў атрыманы Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні нашай дывізіі ордэнам Чырвонага Сцяга. 107-ы і 111-ы палкі атрымалі найменне Лунінецкіх.

Ва ўсіх часцях і падраздзяленнях прайшлі мітынгі. Афіцэры і салдаты віншавалі адзін аднаго. Помню мітынг у 107-ым палку. На паляне выстаўлены стэнды, падрыхтаваныя дывізіённым клубам. На стэндах — партрэты салдат і афіцэраў, якія вызначыліся ў баях. Выступілі перадавыя воіны палка — сяржант Мікалай Сараеў, агітатар падраздзялення Міхаіл Удовін, многія іншыя.

Мы — чырванасцяжныя! Значыць, мы павінны змагацца больш смела, яшчэ лепш, больш мужна — гэта думка пранізвала ўсе выступленні. Байцам і афіцэрам камандзіры і палітработнікі ўручалі імянныя граматы з падзякай. Дывізіённая газета "Победа" пісала: "Паклянёмся пакрыць новай славай нашы сцягі. Няхай будзе шчаслівым наш шлях на захад — пераможны шлях!"

Працягваючы праследаваць праціўніка, часці дывізіі ў раёне Вулькі ўпершыню злучыліся з суседам справа. Цяпер нашым суседам злева была 23-яя стралковая дывізія, а суседам справа — 55-ая гвардзейская стралковая дывізія 28-ай арміі. Мы працягвалі шлях у Пінскіх балотах...