Ф. І. Вінакураў

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Вінакураў Фёдар Іванавіч (21.06.1909 — 18.10.1980). Нарадзіўся ў сяле Лутавінава Валаканаўскага р-на Курскай вобл., у сялянскай сям'і. У 15 гадоў — рабочы першага ў раёне саўгаса "Малінава". Уступае ў рады ВЛКСМ, з 1931 г. — член ВКП(б). Закончыў саўпартшколу ў Курску. З 1938 г. — у Чырвонай Арміі.

Вайну сустрэў на Паўднёвым Бугу, ваяваў пад Перакопам, у Крыме, абараняў Керч. На Курскай дузе камандаваў батальёнам, потым — 117-ым стралковым палком, які за ўдзел у фарсіраванні Дняпра і вызваленне Кіева быў узнагароджаны ордэнам Леніна, за вызваленне Прыбалтыкі — ордэнам Суворава II ступені, за ўдзел у Беларускай аперацыі атрымаў найменне "Лунінецкі".

Ф.І. Вінакураў за баявую дзейнасць атрымаў больш як 20 урадавых узнагарод, у тым ліку — ордэны баявога Чырвонага Сцяга, Суворава II ступені, Аляксандра Неўскага. 27 лютага 1945 г. за ўдзел у фарсіраванні Віслы і вызваленне Варшавы яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1961 г. выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка, вёў вялікую грамадскую работу. Пра баявы шлях Ф.І. Вінакурава ўспаміналі П.І. Батаў у кнізе "У паходах і баях" і С.А. Андрошчанка — "Пачыналі мы на Славуцічы".
Пахаваны ў Маскве.

Імя горада на сцягу палка

Вялікай натуральнай перашкодай пры наступленні савецкіх войск была рака Прыпяць з яе прытокамі. Балоты перашкаджалі руху цяжкіх гармат, артылерыі і танкаў. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці мы адваёўвалі ўчастак за участкам беларускай зямлі, наносілі ворагу вялікія страты.

У цяжкіх умовах полк, якім я камандаваў, завалодаў горадам Туравам і выйшаў на бераг ракі Прыпяць. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі нам была пастаўлена задача: фарсіраваць Прыпяць, перарэзаць чыгунку Лунінец — Жыткавічы, хуткімі тэмпамі прасоўвацца ўздоўж чыгункі, завалодаць горадам Лунінец — важным чыгуначным вузлом — і ў далейшым наступаць у напрамку Пінска.

Мы ўзаемадзейнічалі з Дняпроўскай баявой флатыліяй і з мясцовымі партызанамі і з баямі фарсіравалі раку Прыпяць. Авалодаўшы буйным населеным пунктам Мікашэвічы і перарэзаўшы ў гэтым раёне чыгунку, полк сустрэў моцную контратаку ворага з боку вёскі Сінкевічы. З дапамогай рэзерваў і дывізійнай артылерыі атака праціўніка была адбіта. Фашысцкія захопнікі разрозненымі групамі пачалі адступаць у напрамку горада Лунінец, яны ўзрывалі чыгуначнае палатно і масты, мініравалі шлях свайго адступлення.

Наш полк на плячах адыходзячага праціўніка з баямі вызваляў населеныя пункты Сітніца, Сінкевічы, Мокрава, Любань, Лахва, Кажан-Гарадок. Дрэбск, Ракітна, Дварэц і іншыя.

На падыходах да Лунінца вораг сустрэў нас моцным артылерыйскім агнём. Населеныя пункты Язвінкі Яжаўкі, Вічын, Бродніца некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. 9 ліпеня ў 18 гадзін першы батальён палка ўварваўся ў Залессе і завязаў баі за станцыю Лунінец. Адначасова падраздзяленні палка авалодалі населеным пунктам Дзятлавічы і перарэзалі чыгунку Лунінец — Баранавічы. Сусед злева — полк нашай дывізіі — перарэзаў чыгунку Лунінец — Гарынъ. Завязаліся цяжкія вулічныя баі.

Праціўнік пусціў у ход свае апошнія рэзервы, увёў у бой бронецягнік, мінную і падрыўную каманды. Наш полк, пры дапамозе іншых падраздзяленняў, арганізаваў начную атаку. Раніцай 10 ліпеня 1944 года горад Лунінец быў поўнасцю вызвалены.

У баях за раку Прыпяць і на падыходах да Лунінца фашысцкія захопнікі панеслі вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы. Была поўнасцю знішчана адборная манеўровая егерская горналыжная брыгада немцаў, спецыяльна абучаная для баёў у лясах і цяжкай мясцовасці. Палонныя з гэтай брыгады паказвалі, што яны сфарміраваны з людзей, якія ўжо ўдзельнічалі ў вайне і мелі баявы вопыт. Брыгада навучалася ў гарах Італіі, ваявала ў Нарвегіі і Югаславіі. У Беларусь яна была перакінута ў студзені 1944 года для абароны ракі Прыпяць, таму што Гітлер катэгарычна патрабаваў утрымаць гэты рубеж і абяцаў увод новых сіл і гармат для разгрому савецкіх войск у гэтым раёне. Акрамя таго, у самім горадзе праціўнік страціў забітымі, параненымі, узятымі ў палон каля трох тысяч чалавек, шмат розных гармат і амуніцыі.

Мы таксама мелі значныя страты, асабліва ад мінных палёў. На ўсходнім ускрайку горада быў забіты начальнік штаба палка маёр Мільнічэнка. Я атрымаў лёгкае раненне. У баях за горад асабліва вызначыліся афіцэры: камандзір роты супрацьтанкавых гармат старшы лейтэнант Арыстархаў і камандзір батальёна капітан Кашанкоў, якім пазней было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза; камандзір супрацьтанкавай батарэі старшы лейтэнант Лыскін, які потым загінуў пад Рыгай; камандзір мінамётнай батарэі старшы лейтэнант Матушкін; камандзір узвода аўтаматчыкаў старшы лейтэнант Савінаў; капітан Бабуадзе і многія іншыя камандзіры і салдаты. За ўзяцце Лунінца многія былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.

Указам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага палку было прысвоена званне "Лунінецкі".

Пасля ўзяцця Лунінца 13 і 14 ліпеня полк удзельнічаў у баях за Пінск, потым вызваляў гарады Рыгу, Варшаву, Берлін і 30 красавіка 1945 г. першым выйшаў на раку Эльбу, дзе злучыўся з амерыканскімі войскамі.

Гордае імя працоўнага горада Лунінца асабісты састаў палка з гонарам пранёс па вогненных дарогах вайны і нідзе яго не запляміў.

Ф.І. Вінакураў