Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Раёнка змагалася

Вытрымкі з выдання Лунінецкага РК КП(б)Б "Авангард" за 1943 г. (захоўваецца мова арыгінала).

Растуць нашы рады

Нямецка-фашысцкія варвары ўсімі сіламі стараюцца паставіць на калені наш беларускі народ, зламаць яго волю да барацьбы. Але гэта ім не ўдаецца. Наш беларускі народ са зброяй у руках вядзе барацьбу з азвярэлымі фашыстамі не на жыццё, а на смерць.

Яскравым доказам гэтага з'яўляецца рост партызанскіх атрадаў. Толькі адзін партызанскі атрад "За Радзіму" ўзрос за месяц на 30 процантаў.

Павярнулі зброю супроць фашыстаў

На днях да партызан прыйшла група ў 9 чалавек, якіх фашысты хацелі прымусіць, пад угрозай смерці, ваяваць супроць партызан. Спроба гітлераўцаў не ўдалася. Пры першай магчымасці гэтыя людзі са зброяй у руках перайшлі да партызан і зараз разам з партызанамі б'юць фашыстаў.

Узарвалі эшалон

Група партызан-падрыўнікоў пад камандай партызана Д. падарвала на міне эшалон ворага. Гэтая група выбрала месца для падрыва ў самага гарнізона ворага - у горадзе Лунінец, дзе вораг ніколі не мог чакаць гэтага. З прычыны пашкоджання чыгунка не працавала на працягу 13 гадзін.

Не даюць супакою немцам

У першых днях верасня партызаны на участку Р-Д знішчылі варожую сувязь. Не гледзячы ўзмоцненую ахову чыгункі, партызаны ўвесь час перашкаджаюць руху паяздоў да фронту. Азвярэлыя фрыцы абстрэльвалі партызан нават з гармат. Чыгунка не працавала 16 гадзін.
№ 4 (142)

Спалілі масты на шляху

Група партызан-падрыўнікоў з атрада, якім камандуе таварыш К., нядаўна спаліла 4 буйныя дзеравяныя масты даўжынёю ад 40 да 70 метраў па шляху Лахва — Давыд-Гарадок. Рух па шляху быў спынен.

Вучоба партызан

Добра пастаўлена вучоба ў атрадзе "За Радзіму", дзе вывучаюць байцы тактыку, вінтоўку, кулямёт, гранату, мінамёт і ўсе другія віды зброі. Асаблівая ўвага звяртаецца на падрыхтоўку маладого папаўнення, каб кожны партызан добра ўладаў ваеннай справай. Другім атрадам патрэбна ўзяць прыклад, каб у кожным атрадзе баявая вучоба была пастаўлена на надежную вышыню.

Узарвалі башню

Варожая магістраль, па якой фашысты перавозяць грузы, не павінна працаваць. Гэта добра ведаюць партызаны атрада, якімі камандуе т. К.

Яны праніклі ў самы гарнізон ворага, на чыгуначны вузел Лунінец, і ўзарвалі ваданапорную башню. З гэтай прычыны паравозы вымушаны забяспечвацца вадой на суседніх станцыях.

Не прапусцім фашысцкіх эшалонаў

Не прапусціць ніводнага варожага эталона на чыгунцы — з такой думкай ішлі партызаны на выкананне важнага задання.

Падышоўшы зусім блізка да чыгуначнага палатна, народныя мсціўцы размеркавалі паміж сабой абавязкі па выкананню задання і ўзяліся за работу. Кожны з іх з выключнай энергіяй стараўся выканаць загад камандзіра.

Праз некалькі мінут пачуліся адзін за другім узрывы, і кускамі рэльсы паляцелі ў паветра. Перапалоханыя фрыцы пазалазілі ў свае доты і баяліся паказацца.

У гэту ноч на ўчастку М — Л была разрушана чыгунка працягласцю ў некалькі дзесяткаў кілометраў.

Вораг страціў магчымасць перавозіць грузы і жывую сілу па гэтай чыгунцы.

№ 5 (І43)

Партызанскі салют

Шматкіламетровы пераход стаміў партызан. Хацелася адпачыць, паесці. А тут, як назло, паліў асенні дождж. Вопратка прамокла. Па спіне цяклі струі халоднай вады. Але партызаны ішлі ўперад.

Нарэшце яны падышлі да мэты перахода. За хмызнякамі віднелася чыгунка. Кароткі адпачынак. Камандзіры групы т.т. Р. і Т. даюць апошнія ўказанні.

Нямецкая ахова чыгункі заўважыла партызан і адкрыла агонь з ўсіх відаў зброі. Шквальным агнём паласнулі па немцах партызаны. Завязаўся бой. Падрыўнікі ўшчыльную падышлі да чыгункі і пад агнём замініравалі яе. Сігнал. Ускалыхнулася паветра. Магутны выбух быццам раскалоў неба. 409 рэльсаў паляцела ў паветра. Град каменняў, абломкаў жалеза і шпал пасыпаўся на зямлю. Заданне выканана. Чыгунка выведзена са строю.

Разграмілі лясніцтва

Нядаўна група партызан пад камандай камсамольца Алёшы пранікла ў горад Лунінец. Тут, пад носам у немцаў, адважныя партызаны правялі смелую і дзёрзкую аперацыю. Яны напалі на лясніцтва, абязброілі ахову, разграмілі кантору і, захапіўшы зброю і каштоўнасці, скрыліся.

Здабыў зброю

Барыс ужо даўно хацеў пайсці ў партызанскі атрад, але яму непрыемна было ісці без зброі.

Па дарозе ў вёску Лунін ехалі на фурманцы 3 п'яныя фрыцы, якія дзялілі паміж сабой награбленае ў сялян дабро. Пасля спрэчак і лаянкі яны пачалі біцца. У тэты час Барыс падкраўся да фурманкі, забраў на возе 3 вінтоўкі і хутка скрыўся. Прыйшоўшы ў партызанскі атрад, Барыс б'е фашыстаў іх жа зброяй.

№ 8 (146)

На партызанскай міне

Група партызан пад камандай камандзіра роты Андрэя К. замініравала дарогу, па якой хадзілі нямецкія аўтамашыны.

На гэтай міне ўзарвалася варожая аўтамашына. У выніку ўзрыву знішчана аўтамашына і 6 нямецкіх салдат і афіцэраў.

Вывелі са строю 4 паравозы

За кароткі час бранябойшчыкі атрада імені Калініна з супроцьтанкавага ружжа вывелі са строю 4 паравозы ворага.
№ 14 (174)

Разграмілі гарнізон

Ноч была цёмная і цёплая. Пахла веснавой сырасцю. Лодкі адна за другой ціха плылі па серабрыстай вадзе, да другога берага Прыпяці. Вылезшы з лодак на бераг, партызаны накіраваліся да вёскі Малы Малішэў, дзе размяшчаўся гарнізон ворага. Падышоўшы недалёка да гарнізона, камандзір Іван Л. размеркаваў сваіх байцоў па асобных групах і растлумачыў задачу.

— Нападаць будзем у 3 гадзіны ночы. Фрыцы размешчаны ў 2-х дамах сярод вёскі. Калі я распраўлюся з часавымі, ваша задача акружыць немцаў у гэтых дамах і знішчыць усіх да аднаго. Прымяніць гранаты. Зараз жа ўсе разышліся па свайму прызначэнню.

Неўзабаве 8 часавых былі зняты камандзірам Іванам Л. дзвюма кароткімі чэрГамі з аўтамата. У гэты час фрыцы з вокан дамоў пачалі ярасна адстрэльвацца. Але нядоўга. Праз вокны паляцелі партызанскія гранаты і супраціўленне ворага замоўкла. Ад узрыву гранат дамы разбурыліся. Пад развалінамі дамоў і ад партызанскіх куль загінула больш 40 гітлераўцаў.

Выдатна дзейнічалі ў баі Іван Л., браты Сцяпан і Лука К., Коля-кулямётчык і інш. Партызаны падабралі трафеі.

Клопаты аб насельніцтве

Партызанскія атрады брыгады, якой камандуе Андрэй П., аказваюць паўсядзённую дапамогу сем'ям пацярпеўшых ад нямецкіх бандытаў, сем'ям чырвонаармейцаў, сіротам і старыкам. Больш 150 такіх сем'яў жывуць на сродках партызанскіх атрадаў і пад апекай партызан. Гэтым сем'ям аказваецца дапамога сіламі медперсанала партызанскіх атрадаў.

Вызвалілі нявольнікаў

Нямецка-фашысцкія звяры схапілі на некаторых хутарах нашага раёна асобных людзей і хацелі іх увязці ў нямецкае рабства. Партызанамі брыгады, якой камандуе Андрэй П., прыняты адпаведныя меры вызвалення нявольнікаў з варожых гарнізонаў. Так партызаны атрада "За Радзіму" перабілі ахову і вызвалілі звыш 50 сем'яў сялян вёскі Багданаўка, а таксама партызаны атрада імя Сталіна вызвалілі звыш 65 сем'яў сялян хутароў Манасеева.
№ 21 (178)

Узарвалі лесапільны завод

Камандзір падрыўнікоў атрада "За Радзіму" М-ко добра распрацаваў план аперацыі. Ён дэтальна вывучыў становішча на лесапільным заводзе ў самым гарнізоне Крысцінава, разведаў падыходы. Выбраўшы зручны момант. падрыўнікі падлажылі міну і ўзарвалі завод. Узрывам разбіты дынамамашына і газагенератары.

Адабралі награбленую жывёлу

Нямецка-фашысцкія грабежнікі аграбілі да ніткі сялян вёсак Дзятлавічы, Бастынь, Добрая Воля і інш. Награбленае дабро фашысцкія звяры пацягнулі ў сваё фашысцкае логава — гор. Лунінец.

Партызаны пад камандай таварыша Б-ва падпільнавалі, калі жывёлу выгналі на папас каля горада Лунінец, падышлі і адабралі жывёлу ў колькасці 155 галоў, якая звернута сялянам. Сяляне былі надзвычай удзячны народным мсціўцам за звернутую жывёлу.

Лютуюць фашысцкія каты

31 мая група фашысцкіх бандытаў высунулася ў вёскі Дзятлавічы і Бастынь з мэтай аграбляць і знішчаць ні ў чым ня вінных мірных жыхараў.

Большасць сялян паспела ўцячы ад гітлераўскіх разбойнікаў у лес. Немцы аграбілі сялян, забралі ўсё, што ім траплялася пад рукі, пасля чаго спалілі 12 сялянскіх двароў.

2 жанчыны, якіх гітлераўцам удалося злавіць, былі без ніякай прычыны расстраляны на месцы.

Таварышы! Помсціце за кроў і смерць замучаных нашых братоў і еясцёр. Смерць нямецкім акупантам!

№ 22 (179)

На верх старонкі


Нумар газеты "Авангард"
ад 23.08.1943 г.