Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Атрад імя Шыша на Лунінеччыне

Васіль Андрыянавіч Літвінчук — былы партызан, потым рэдактар лунінецкай раённай газеты і старшыня Лунінецкага райвыканкама.

(Па кнізе В. А. Літвінчука "Там, за Днепра-Бугам", Брэст, 1992).

З кастрычніка 1941 г. на Антопальшчыне (Драгічынскі раён), у вёсках непадалёку ад Днепра-Бугскага канала, пачалося фарміраванне партызанскіх груп. Кіраўніком адной з іх стаў Мікалай Цімафеевіч Шыш, у гады польскай акупацыі — кур'ер КПЗБ і вязень польскіх турмаў, перад вайною — оперупаўнаважаны НКУС. У адным з баёў на канале ў 1942 г. Шыш загінуў — камандаванне прыняў Міхаіл Іванавіч Герасімаў, 23-гадовы камсамолец з Валдая. 27 чэрвеня 1942 г. яго група аб'ядналася з групамі Барыса Канстанцінавіча Лукашука (н. у 1901 г., старшы сяржант) і Пятра Паўлавіча Паталаха. У створаным атрадзе імя Шыша спачатку было 136 чалавек. Камандзірам стаў Герасімаў, камісарам — Лукашук, начальнікам штаба — Дзмітрый Карпавіч Удовікаў (н. у 1918 г., лейтэнант-лётчык з Харкава). Неўзабаве пад націскам карнікаў атрад вырашыў ісці на ўсход — бліжэй да лініі фронту. Так шлях прывёў яго на Лунінеччыну.

Жнівень 1942 г. ...Атрадныя разведчыкі з'явіліся на хутарах ля Луніна і Бастыні, сабралі звесткі. У Бастыні было 28 немцаў і 35 паліцаяў, меўся тут лесапільны завод з аховай. Немцы знаходзіліся ў памяшканні школы, свая казарма была і ў паліцаяў. 27 жніўня 90 партызан рушылі на Бастынь. "Роўна ў чатыры гадзіны раніцы на паліцэйскую казарму і школу, дзе адпачывалі карнікі, абрынуўся дружны шквал агню з кулямётаў і вінтовак. I паліцэйскія, і немцы, не паспеўшы апамятацца ад нечаканага нападу партызан, разгубіліся, і пакуль схапілі зброю, партызаны выкарысталі гранаты".

Партызаны разграмілі гарнізон, спалілі мясцовую ўправу, лесапільны завод, млын, малаказборны пункт... На наступны дзень быў разгромлены пастарунак у Парахонску і падарваны эшалон на чыгунцы паміж Люшчай і Малькавічамі.

Атрад з абозам (было каля 30 параненых) асцярожна рушыў да Навасёлак, а потым — да Вялікіх Чучавіч. Тут мясцовыя паліцаі, якіх было каля трыццаці, разбегліся амаль без бою. Партызаны знайшлі патэфон — і над вуліцамі загучала мелодыя марша... 4 верасня быў разбіты гарнізон У в. Хорастава (6 немцаў і 25 паліцаяў). А неўзабаве адбылася сустрэча з В.З. Каржом, які фактычна кіраваў мясцовымі партызанамі — ён прапанаваў атраду імя Шыша застацца ў гэтым раёне. Так і зрабілі.

Разам з атрадамі Каржа і "Пятровіча" атрад імя Шыша прыняў удзел у Сінкевіцкай аперацыі, якая скончылася разгромам фашысцкага гарнізона. Але шмат было і трагічных падзей. 8 лістапада 1942 г. 150 карнікаў на аўтамашынах і двух бронетранспарцёрах уварваліся на хутары Сітніцкі Двор. Непадалёку знаходзіўся атрад імя Кірава, але больш паловы байцоў было не ў лагеры, а на заданнях. Немцы рушылі па просеках. Камандзір атрада Савіцкі паслаў насустрач ворагу групы Паўла Манакова і Адама Машчыца, якія пачалі бой. Групы адыходзілі, стрымліваючы націск немцаў, але сілы былі вельмі няроўныя. У баі загінуў камандзір групы П. Манакоў. Партызаны здолелі вырвацца з лагера, пакуль не замкнулася кола акружэння. Карнікі таксама аставілі хутары. Але 13 лістапада немцы зноў акружылі Сітніцкі Двор. Вёска была знішчана.

У канцы 1942 — пачатку 1943 г., калі было створана Пінскае партызанскае злучэнне, туды ўвайшоў і атрад імя Шыша. Працягваліся яго баявыя аперацыі. У лютым 1943 года немцы пачалі карную аперацыю супраць Пінскага злучэння, якое знаходзілася ў раёне Хорастава. З баямі партызаны рушылі ў Лагішынскі раён, пры гэтым перайшлі чыгунку паміж Бастынню і Люшчай. Але немцы працягвалі блакаду — неўзабаве партызаны рушылі назад у Хорастаўскія лясы.

"Партызанскі атрад імя Шыша ўсё яшчэ знаходзіўся ў Бастынскіх лясах. Немцы даведаліся пра яго прыкладнае месцазнаходжанне і паслалі ў лес атрад карнікаў. Увесь асабісты склад атрада на чале з Герасімавым сустрэў нечаканых сяброў ва ўрочышчы "Бур", куды вялі чатыры дарогі. Загартаваныя ў баях, шышаўцы далі дружны адпор ворагу. Немцы адступілі, але і партызаны адышлі з поля бою, мяркуючы, што з Лунінца можа падысці падмога".

У красавіку 1943 г. атрад быў накіраваны на захад, да Днепра-Бугскага канала, дзе неўзабаве з яго была створана брыгада імя Молатава (камандзірам стаў Герасімаў). У лясах пад Бастынню некаторы час знаходзіліся персанал і ахова партызанскага шпіталя з 40 параненымі. Потым і яны рушылі на захад.

У далейшым на баявым рахунку брыгады было шмат удалых аперацый. Праславілася яна і саракадзённай абаронай вясной 1944 г. ад венграў, эсэсаўцаў і ўласаўцаў Днепра-Бугскага канала. Неўзабаве партызаны злучыліся з арміяй.

Вадзім Жылко