М. Г. Каштанаў


Н. К. Каштанава (Федзюшова), атрад "За Радзіму"

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Баявы шлях атрада "За Радзіму"

Міхаіл Георгіевіч Каштанаў — былы камандзір партызанскага атрада "За Радзіму" брыгады імя Кірава Пінскага злучэння.

Пасля вайны М. Г. Каштанаў кіраваў геолагаразведачнай партыяй, быў намеснікам упраўляючага Пермскага геолагаразведачнага трэста, з 1963 г. да выхаду на пенсію ўзначальваў Верхнякамскі трэст інжынерна-будаўнічых даследаванняў. Заслужаны будаўнік РСФСР, персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, "Знак Пашаны".

Пра баявы шлях М. Г. Каштанава і яго атрада распавядае кніга Сяргея Балахонава "Сцежкі вядуць да дарогі" (Пермскае кніжнае выдавецтва, 1991).

Міхаіл Каштанаў скончыў у Тбілісі артылерыйскае вучылішча, служыў у часцях Кіеўскай асобай ваеннай акругі на захадзе ад Львова. Тут 22 чэрвеня ён прыняў першы бой. У верасні пад Кіевам лейтэнант, камандзір узвода 469-га артпалка 124-ай стралковай дывізіі 5-ай арміі трапіў у акружэнне і палон, але праз два дні ўцёк да сваіх. Ваяваў на пасадах памочніка начштаба па разведцы, намесніка і камандзіра батарэі 76-мм гармат 794-га стралковага палка 227-ай стралковай дывізіі, атрымаў званне старшага лейтэнанта. Дзень у дзень праз год пасля пачатку вайны зноў трапіў пад Харкавам у акружэнне, а неўзабаве — у палон. Разам з ім у фашысцкім лагеры апынуўся і капітан Мікалай Максімавіч Баранаў, камандзір батальёна сувязі таго ж палка. У верасні 1942 г. яны разам уцяклі з лагера пад Чэнстаховам, прыйшлі на тэрыторыю Беларусі, дзе трапілі ў партызанскі атрад імя Кірава. Прынялі іх у партызаны начальнік разведкі атрада Адам Аўтаномавіч Машчыц і камісар Лісовіч. Баранаў з 1943 г. ваяваў пры штабе Пінскага злучэння, а потым камандаваў атрадам імя Катоўскага. Каштанаў жа, пачаўшы з радавога, камандаваў потым аддзяленнем, узводам, ротай, а калі быў створаны атрад "За Радзіму", узначаліў яго.

Будучая яго жонка Ніна, у той час яшчэ Федзюшова, у 1941 г. служыла ў Брэсце ваенфельчарам, мела за плячамі вопыт фінскай кампаніі. Калі немцы захапілі горад, яна працавала ў падпольнай арганізацыі, а потым падалася на ўсход, але няўдала — была арыштавана, зіму правяла ў нямецкай турме ў горадзе Унеча, у красавіку 1942 г. уцякла і апынулася ў Брэсце, адкуль разам з групай падпольшчыкаў у жніўні была накіравана на Піншчыну і трапіла ў атрад імя Кірава. Узначальваў групу, што пайшла з Брэста, Аляксандр Аляксеевіч Світцоў, член ваеннай тройкі падпольнага гаркама, будучы камісар атрада "За Радзіму". Ніна была начальнікам санслужбы атрада імя Кірава, а потым — "За Радзіму", сакратаром камсамольскай арганізацыі, прымала ўдзел у аперацыях...

На чарзе стаяла пытанне аб стварэнні моцнай сувязі з падполлем у Лунінцы. Гэтым заняўся сувязны Аляксандр Андрэевіч Гопта, сакратар падпольнай камсамольскай арганізацыі ў Дзятлавічах. Дапамог яму дзятлавіцкі стараста Аляксандр Іосіфавіч Бушыла, які выдаў дакумент дзесятніка Нацыянальнай рады. У горадзе Гопта ўстанавіў сувязь з Аляксеем Жуком, былым старшынёй Бастынскага сельсавета, які працаваў у пажарнай камандзе. Перадавалі звесткі і іншыя падпольшчыкі. У сваю чаргу, Гопта перадаваў іх у атрад — Машчыцу і Світцову. Былі ў партызан сувязныя і ў вёсках, у тым ліку ў Сітніцкім Двары — каваль Алік Баранцэвіч.

Дзейнасць партызан выклікала занепакоенасць фашыстаў. 8 лістапада 1942 г. карнікі рушылі да Сітніцкага Двара. Пасля бою партызаны адступілі. Фашысты расправіліся з жыхарамі, у тым ліку і з А. Баранцэвічам. Сведкі падзей прыгадалі: "Аліка знайшлі толькі праз некалькі дзён. Мёртвага, пад калодзінай у хмызняку. Але гэта яшчэ не ўсё. Бяда ў тым, што вёску апасля карнікі наогул звялі пад корань. Дамы спалілі. Людзей выгналі за вёску да ямаў, якія былі выкапаны раней. Распранулі дагала і расстралялі. 316 чалавек на той свет было адпраўлена... Яма на новых вясковых могілках, аказваецца, была выкапана дні за два да забойства жыхарамі Сінкевіч, употай ад насельнікаў Сітніцкага Двара. Суд і расправу, як звычайна, рабілі раніцаю, калі ніхто з жыхароў яшчэ нікуды не адлучаўся. Абкружылі хутары (нават танкі былі), сабралі ўсіх ад малых да старых да школы. Адтуль, разбіўшы на тры групы, вадзілі на расстрэл. Збег з ямы толькі адзін чалавек — паляк Юзек Кусташ..."

Атрад імя Кірава перайшоў пад урочышча Соплева.

Акрамя нямецкіх карнікаў, на тэрыторыі раёна дзейнічалі так званыя "казакі", фарміраванні якіх у асноўным складаліся з былых ваеннапалонных. У Дзятлавічах, напрыклад, стаяла сотня 12-га Данскога казацкага палка, камандаваў ёю есаул Чарнышкоў, былы капітан.

"Казакі хадзілі ў нямецкіх мундзірах, у штанах навыпуск, у чаравіках. На галаве — пілотка. Есаул і старшына — у папахах з чырвонымі перакрыжаванымі тасёмкамі, харунжы — у фуражцы. На плячах ва ўсіх пагоны. Узбраенне — французскія вінтоўкі. Ідуць, бывала, па вуліцы — спяваюць: "Ура, ура, данскія казакі!" Штаб гэтага палка быў у Лунінцы, камандаваў палком былы палкоўнік Сысоеў".

Зімой 1942/43 г. партызанскія разведчыкі Світцоў і Гопта пры дапамозе дзятлавіцкага старасты Бушылы пачалі асцярожную агітацыю сярод казакоў. Яны перацягнулі на свой бок Чарнышкова. Неяк ноччу партызаны і Чарнышкоў прыйшлі ў школу, дзе была казарма казакоў, і прапанавалі тым перайсці ў лес. Амаль усе згадзіліся. Паклаўшы зброю на вазы, рушылі ў лес, у раён Соплева. Потым перайшоў да партызан і камандзір палка разам са штабам... Чарнышкоў потым камандаваў ротай, быў камандзірам, начальнікам штаба атрада імя Калініна. Палкоўнік Сысоеў быў начальнікам штаба брыгады імя Куйбышава...

Шмат людзей пайшло да партызан і з 10-га казацкага палка, які прыбыў у нашы мясціны пазней. А старасту Дзятлавіч Бушылу, партызанскага памочніка, немцы потым расстралялі ў Пінску.

Хоць асноўныя сілы партызан той зімой дзейнічалі за межамі раёна, але ў студзені 1943 г. група Каштанава была на санях накіравана ў рэйд па Лунінеччыне. Разведка данесла, што ў Манасеева, Флярова і Рэдзігерава прыйшлі карнікі і паліцаі, пачалі расправы над насельніцтвам. Група рушыла туды і праследавала праціўніка да Лахвы, дзе нанесла па ворагу ўдар. Праз тыдзень знішчылі групу карнікаў, што рухалася да Чэрабасава. А 2 лютага рота Каштанава разам з атрадам каўпакаўцаў 2 гадзіны вяла бой з гарнізонам Сінкевіч.

З 11 лютага немцы пачалі карную аперацыю супраць партызан з удзелам танкаў, артылерыі, авіяцыі, узмацнілі гарнізоны Лунінца, Лахвы, Сінкевіч. Партызаны супраціўляліся. 7 гадзін, напрыклад, вялі яны бой з гарнізонам Святой Волі. Але вораг узмацняў акружэнне — са стратамі, у цяжкіх умовах партызаны манеўравалі, выходзілі з кола блакады — 9 сакавіка атрады імя Кірава і Дамброўскага перайшлі праз чыгунку каля Люшчы і рушылі да Навасёлак, у Грычын.

Каля Дзятлавіч партызаны атакавалі нямецкі эшалон. Потым атрады перадыслацыраваліся ў Чырвоны Бор, паміж Багданаўкай і Плотніцай. У лесе быў створаны і сямейны лагер, у зямлянках і буданах якога жыло каля тысячы мясцовых жыхароў. Камендантам яго быў селянін з Бастыні Барыс Ніканавіч Цяльпук. Ён успамінаў:

"Не ведаю чаму, але хто-ніхто лічыў мяне камуністам яшчэ да вайны. Хоць у партыю я ўступіў толькі ў сорак пятым, перад Перамогай, і ордэнам Леніна ўзнагародзілі, депутатам Вярхоўнага Савета выбралі пасля яе. Хто ведае, можа, таму, што добра выконваў абавязкі каменданта. А можа, за дзяцей старэйшых — Міхала, Грыцька ды Надзю — іх паважалі партызаны. А дзяцей у нас з жонкай Вольгай Усцінаўнай дзесяць душ... Калі ў лесе забіў нехта нямецкага салдата, фашысты адразу ж пакаралі за гэта ажно сто чалавек (у той дзень у Бастыні было расстраляна 50 чалавек, 20 — у Дзятлавічах, 30 — у Мелясніцы і Вульцы 1). Я ледзь уцалеў. У вёску наехала жандараў. Сагналі мужыкоў да паліцэйскага ўчастка, пастроілі ў шарэнгу і кожнага другога расстралялі. Узялі са строю майго суседа справа, суседа злева, а я застаўся... Вось тады я і вырашыў пайсці да партызанаў. А калі надышла ноч, замкнулі хату і ў лес. Дасталі схаваную зброю: я — свой старэнькі драбавік. Самых маленькіх з дзетак неслі за спінаю ў мяшках... У лесе старэйшыя дзеці былі байцамі атрада імя Кірава, а мы пасяліліся ў сямейным лагеры.

Хутка мяне прызначылі камендантам, далі "псеўда" Керанскі. Потым быў камендантам у Дзятлавічах. Трэба было даваць людзям, што ішлі да партызанаў, ежу, указваць ім дарогу, сачыць, каб ніхто не крыўдзіў насельніцтва, дапамагаць партызанам у набыцці харчавання, арганізоўваць мыццё і абмен бялізны, садзейнічаць аператыўным баявым групам у сваёй зоне".

Вясной 1943 г. Пінскае партызанскае злучэнне рэарганізавалі, былі створаны брыгады. Атрад імя Кірава быў разгорнуты ў аднайменную брыгаду. А 26 ліпеня 1943 г. з першай роты атрада быў створаны атрад "За Радзіму". Камандзірам яго прызначаны Каштанаў, камісарам — Світцоў, начальнікам штаба — Аляксей Фёдаравіч Нікіцін (потым капітан Іван Пятровіч Даронін, былы казак), начальнікам разведкі — Браніслаў Гулевіч, начальнікам санслужбы — Федзюшова. Начальнікам асобага аддзела потым стаў Сцяпан Вярэніч, што да вайны быў участковым у Чучавічах.

Так пачаўся баявы шлях новага атрада.

Ужо на трэці дзень у дзённіку яго баявых аперацый з'явіўся першы запіс: у Лунінцы 29 ліпеня 1943 г. дыверсійная група падарвала вадакачку. Былі пашкоджаны бак і трубы. Хадзілі партызаны і на чыгунку. Узрыўчатку здабывалі з неразарваўшыхся авіябомб. "10 верасня 1943 г. група пад камандаваннем т. Жука (у складзе — Баўкуновіч, Катлаванаў, Соц, Кірэй, Кляўцэвіч) праводзіла аперацыю па разгрому лясніцтва ў г. Лунінец. У выніку аперацыі былі ўзяты 4 вінтоўкі і 3 друкарскія машынкі".

Зброя ў партызан была не толькі трафейная, бо ў атрадзе імя Катоўскага была майстэрня, якая вырабіла 107 аўтаматаў (яшчэ 25 аднавіла), 17 кулямётаў, 42 пісталеты, 5 супрацьтанкавых ружжаў.

Жорсткая барацьба працягвалася. Карнікі знішчылі Мелясніцу. 12 кастрычніка група Дароніна ў раёне Вулькі 1 пусціла пад адхон нямецкі цягнік — паравоз і 18 вагонаў. 25 кастрычніка партызаны падарвалі каля Луніна паравоз, 2 платформы і вагон. Праз 5 дзён у самім Лунінцы былі ўзарваны дзве электрамагнітныя міны — пад нямецкай казармай і пад вагонам з амуніцыяй. У той жа дзень быў падарваны яшчэ адзін эшалон. А ўсяго за кастрычнік атрад падарваў 3 паравозы, 37 вагонаў і платформаў, вораг страціў каля 400 салдат, былі спалены 4 масты і 3 паліцэйскія ўчасткі. Напярэдадні свята 7 лістапада пад Лунінцом былі пушчаны пад адхон 20 вагонаў з немцамі. Адначасова займаліся і... асенняй сяўбой — партызанскія групы ахоўвалі сялян, што працавалі на палетках.

1943 г. быў годам "рэйкавай вайны" — для падрыву рэек партызаны пачалі масавае выкарыстанне 100-грамовых толавых шашак у форме яек. Напрыклад, 24 верасня першая рота Канцавога і Дароніна падарвала пад Лунінцом 106 рэек. На наступны дзень яна ж падарвала каля 2,5 кіламетра чыгуначнага палатна на Сарненскім напрамку. 19 снежня быў спалены чыгуначны мост на баранавіцкай лініі. Усяго за жнівень-снежань сорак трэцяга атрад знішчыў 15 эшалонаў (26 паравозаў, 140 вагонаў, 9 платформ), спаліў 5 мастоў, падарваў 1369 рэек. I ў наступным годзе дыверсіі працягваліся. Было спецыяльна створана аддзяленне бранябойшчыкаў, якое ў сакавіку-чэрвені 1944 г. з супрацьтанкавых ружжаў пашкодзіла 34 паравозы. Былі, вядома страты і ў партызан, у тым ліку і вельмі недарэчны выпадак, калі ў лагеры падарваўся на сваей гранаце разведчык Аляксей Жук.

18 лістапада 1943 г. у раёне Багданаўкі атрад сустрэўся з венгерскімі салдатамі. Давялося адысці да Малькавіцкіх хутароў.

"6 снежня 1943 г. на грунтавой дарозе паміж г. Лунінец і в. Вулька І групай пад камандай камузвода т. Аўлічава была зроблена засада. У выніку бою падбіта аўтамашына: забіты афіцэр СС, 16 нямецкіх салдат і 2 паранены. Падабраныя трафеі: вінтоўка і 3 гранаты".

З венграмі ж пасля перамоў, у якіх удзельнічалі разведчыкі Яўген Жыляеў, Барыс Катлаванаў і палітрук Сяргей Шырокіх, было дасягнута пагадненне аб фактычным нейтралітэце.

Жыляеў і Васіль Кляўцэвіч з Вулькі 1 дзейнічалі на сувязі з лунінецкім падполлем. Жыляеў прыгадваў потым:

"У Лунінцы ўжо функцыяніравала створаная акупацыйнымі ўладамі "Кантора закупу та сбыту", на чале якой немцы паставілі рахункавода гарадской управы Міхаіла Кліменцьевіча Дарагана. У памочнікі сабе той узяў нашага сувязнога, былога намесніка старшыні праўлення райспажыўсаюза Паўла Аляшкевіча. Абодва дапамагалі партызанам у забеспячэнні соллю, прадуктамі, рознымі карыснымі звесткамі разведвальнага характару. У зборы апошніх многа садзейнічалі працаваўшыя ў канторы дзяўчаты — пляменніца Дарагана Святлана Ішчанка, Ніна Аляшкевіч, іх сяброўкі Шура Дзічкоўская з Тасяй Хаткевіч — і маладыя рабочыя дэпо браты Мікалай і Уладзімір Колбы, іншыя камсамольцы".

Падполле стала вельмі каштоўнай крыніцай разведвальных звестак для партызан. Паведамілі ў атрад, напрыклад, што на Фабрычнай вуліцы вораг пачаў будаваць склады для паліва і боепрыпасаў, паставіў тут 24 зеніткі, 14 гармат, пражэктар. Разведчыкі налічылі каля пяцісот аўтамашын. Тут былі пабудаваны і баракі для ваеннапалонных. Падпольшчыкі ажыццяўлялі і дыверсіі — так, у снежні 1943 г. былі пашкоджаны лесазавод і радыёвузел. Начальнік гарадскога гарнізона генерал-маёр фон Бісен нават вырашыў перасяліцца ў ваенны самалёт, акружаны трыма коламі аховы.

Між тым настаў год сорак чацвёрты — год вызвалення. Немцы пачалі ўжо самі разбураць чыгунку, рыхтуючыся да адыходу. Спецыяльная машына плуГам разразала шпалы. Але партызаны 11 студзеня падарвалі яе. З-за новай блакады атрад з-пад Плотніцы адступіў да Гоцка, дзе ў той час быў і штаб Пінскага злучэння. Тут выявілася, што ў камандзіра брыгады Савіцкага туберкулёз нырак — яго самалётам адправілі за фронт. У камандзіра атрада Каштанава таксама быў туберкулёз, але ён застаўся — партызанскія лекары народнымі сродкамі дапамаглі яму вылечыцца. А ўвогуле, перад медыкамі паўставалі ўсё новыя праблемы. Немцы выкарыстоўвалі разрыўныя кулі, якія выклікалі пры раненні газавую гангрэну ў партызан і мірных жыхароў.

Ніна Каштанава, начальнік медслужбы атрада "За Радзіму", успамінала, у якіх умовах даводзілася працаваць. Для санчасці пабудавалі тры зямлянкі — амбулаторыю, інфекцыйную і тэрапеўтычна-хірургічную. Дапамогу Каштанавай аказвалі дзве дзяўчыны — Надзея Цяльпук і Таня Грэбень, потым з'явіліся новыя памочніцы. Бінты даводзілася рабіць самім. Важнай справай было змаганне супраць вошай і блох — партызаны пастаянна мыліся ў пабудаванай лазні, выпальвалі паразітаў з адзення над вогнішчам. Быў і іншы сродак — кажухі і шынялі клалі на ўзмакрэлых коней — насякомыя не выносілі конскага поту. У вёсках быў распаўсюджаны сыпны тыф — партызаны таксама пачалі хварэць. Але ў выніку прафілактычных мер з чатырохсот чалавек захварэлі толькі 18, памерлі з іх 2. Даводзілася рваць зубы, лячыць каросту і прастудныя захворванні. Усіх партызан прымушалі абцірацца снеГам, а летам — аблівацца халоднаю вадою. Медыкаменты ў асноўным дастаўляліся з Вялікай зямлі самалётамі.

Неабходна было наладзіць паўнацэннае харчаванне. Бульбу варылі спачатку проста на вогнішчах, потым пачалі будаваць над імі шалашы, каб замаскіраваць з паветра. Былі і пякарні. З мукі, якая паступала ад насельніцтва, спачатку рабілі баўтушку і паілі цяля або ягня, бо не выключалася магчымасць атруты. Каб захаваць летам мяса, на дагараючае вогнішча сыпалі кару альхі і яе дымам абкурвалі мяса (мухі не выносілі потым гэткага паху). Галоўным поварам атрада была Яўгенія Авакумаўна Грэбень, галоўным пекарам — Вера Данілаўна Жук.

У сярэдзіне красавіка 1944 г. немцы, уласаўцы і паліцаі, агульнай колькасцю да тысячы чалавек, сабраўшыся з Малькавіч, Бастыні, Белага Возера, Луніна і Багданаўкі, спрабавалі акружыць атрад "За Радзіму", але не здолелі. Затое яны адправілі ў лагер у Лунінец 91 мірнага жыхара з Багданаўкі...

Фронт быў ўжо адносна недалёка, 26 красавіка разведчыкі захапілі пад горадам нямецкага обер-яфрэйтара, які даў звесткі пра ўмацаванні ворага ў раёне Лунінца.

"12 мая 1944 г. у раёне в. Бастынь група байцоў пад камандай тав. Гаціна зрабіла засаду на фашыстаў. У выніку бою забіты 13 гітлераўцаў. Падабраны трафеі: 10 вінтовак. У баі загінуў камандзір аддзялення таварыш Казлоў".

Адначасова з баявымі дзеяннямі ў партызанскіх зонах праходзіла веснавая сяўба, за якую адказвалі партызанскія каменданты населеных пунктаў.

Атрад рыхтаваўся да рашаючых баёў. На 10 чэрвеня 1944 г. у ім было 406 чалавек. Захаваўся дакумент са звесткамі пра склад атрада, колькасць зброі ў гэты час. А па колькасці трафейнай зброі "За Радзіму" быў на першым месцы ў злучэнні. Працягваў ён і дыверсіі на чыгунцы. Цяжкі ўдар нанёс вораг па лунінецкаму падполлю — быў арыштаваны Дараган, шмат падпольшчыкаў былі вывезены ў Германію. А ў 14-ым лясным квартале (паміж Мелясніцай і Бастынню) загінула аддзяленне бранябойшчыкаў, тых самых, што "палявалі" на паравозы. Яны прыйшлі да Фёдара Мікалаевіча Чарнавокага, які быў партызанскім камендантам па Лунінцы, спыніліся ў лясных буданах. Немцы ад здрадніка з Бастыні даведаліся пра іх і забілі (пазней партызаны былі пахаваны ў брацкай магіле ў Лунінцы).

Атрад "За Радзіму" рабіў засады на шляхах з Бастыні ў Лунін і Белае Возера, падарваў танк і бронемашыну, 9 аўтамашын, забіў або параніў 120 немцаў. 4 ліпеня група Гаціна разбурыла мост на дарозе Бастынь — Лунін, праз два дні была падарвана аўтамашына на дарозе Бастынь — Люшча. Партызаны абстрэльвалі варожыя калоны, захапілі некалькі палонных.

За перыяд летніх баёў сорак чацвёртага атрад "За Радзіму" знішчыў 3 эшалоны, 2 танкі, 9 аўтамашын каля 300 немцаў. А ўсяго атрад існаваў з 26 ліпеня 1943 г. па 15 ліпеня 1944 г. За гэты час яго колькасць узрасла ў 8 разоў, партызаны пусцілі пад адхон 42 эталоны, знішчылі 80 паравозаў, 282 вагоны, 85 аўтамашын. Былі праведзены 244 баявыя аперацыі, аказана дапамога сямі сямейным лагерам, тройчы сарвана адпраўка ў Германію мірнага насельніцтва. Пасля расфарміравання атрада 214 чалавек былі прызваны ў армію, 47 змагаліся ў знішчальных батальёнах, 43 былі накіраваны на партыйна-савецкую работу і вытворчасць, у тым ліку 17 — на чыгуначны транспарт.

Вадзім Жылко

На верх старонкі


Жыхары Лунінецкага раёна ў сямейным лагеры слухаюць расказ агітатара аб жыцці на Вялікай зямлі. 1943 г.