Памяць Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёнаАд часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.Усё жыццё — АйчынеКорж Васіль Захаравіч (1.01.1899 — 5.05.1967). Нарадзіўся ў в. Хорастава Салігорскага р-на. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі, генерал-маёр (1943), Герой Савецкага Саюза (1944). Член КПСС з 1929. Скончыў Ваенную акадэмію Генштаба (1949). Удзельнік партызанскага руху ў Заходняй Беларусі ў 1922 — 1925, нацыянальна-рэвалюцыйнай вайны ў Іспаніі 1936 — 1939. З 1940 загадчык сектара Пінскага абкама КП(б)Б. Арганізаваў і ўзначаліў адзін з першых на Беларусі партызанскіх атрадаў, які з чэрвеня 1941 вёў баі з фашыстамі. Увосень 1941 на чале атрада разам з партызанамі Палесся і Міншчыны прайшоў рэйдам па раёнах Палескай і Мінскай абл. Член Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б і камандзір Пінскага партызанскага злучэння. У 1949 — 1953 намеснік міністра лясной гаспадаркі БССР, потым да 1963 старшыня калгаса "Партызанскі край" Салігорскага раёна. Атрад Каржа "Камарова" быў створаны ў Пінску 26 чэрвеня 1941 г., праз два дні правёў першы бой з фашыстамі. 6 ліпеня, на світанку, атрад, аддаўшы свае машыны бежанцам, накіраваўся да станцыі Мікашэвічы, што ў Ленінскім раёне. На поўдзень ад станцыі, па рацэ Прыпяць, прасоўвалася на ўсход Пінская ваенная флатылія. Яе караблі абстрэльвалі з гармат станцыі Лахву і Сінкевічы, занятыя фашыстамі. У гэтым раёне нашыя патрапаныя ў баях часці вялі кровапралітныя баі з немцамі. Партызаны атрада дапамагалі ім, рабілі засады на шляху руху ворага.Станцыя і вёска Сінкевічы пераходзілі некалькі разоў з рук у рукі. Двое сутак ішоў гэты няроўны бой. А тым часам рабочыя фанернага завода, аднаго з найбольш буйных у рэспубліцы, спяшаліся пагрузіць на платформы чыгункі абсталяванне. У многіх на вачах былі слёзы. Толькі ж у верасні 1939 г. з прыходам Савецкай улады пачалося для іх сапраўднае жыццё. У 1940 г. сюды на 12 платформах даставілі вялікі прэс, якім ганарыўся завод. Старыя рабочыя казалі, што пасля ўстаноўкі прэса завод ператварыўся, стаў сучасным, добра механізаваным прадпрыемствам... Корж пастараўся сустрэцца з камандуючым рачной флатыліяй контрадміралам Д.Д. Рагачовым, папрасіў у яго патронаў, узрыўчаткі, бікфордава шнура і капсуляў. Камандуючы нешта выдзеліў, а вось кулямётаў, як ні прасіў Васіль Захаравіч, не даў. У самога іх было не густа. Камандзір атрада размеркаваў набытую ўзрыўчатку сярод байцоў і загадаў адказваць за яе галавой. З толам яны ў сто разоў небяспечней для ворага. Потым маракі флатыліі пераправілі партызан праз Прыпяць. Начаваць атрад спыніўся ў лесе ля вёскі Запроссе, што паблізу станцыі Мікашэвічы. Атрад дзейнічаў у асноўным на тэрыторыі Ленінскага і Жыткавіцкага раёнаў невялікімі групамі — рабіў засады, знішчаў паліцаяў. Фронт быў ужо далёка, з ім часам удавалася падтрымліваць сувязь спецыяльна прызначанымі і падрыхтаванымі партызанскімі сувязнымі, кур'ерамі і іншымі сродкамі. Паступова расла колькасць партызан. Напрыклад, у ліпені далучылася група Гаўрылы Пятровіча Сцешыца, будучага начальніка разведкі Пінскага злучэння. У верасні атрад перайшоў у Старобінскі раён. 20 лістапада 1941г. немцы, у тым ліку і з Лунінца, пачалі аперацыю супраць атрада, але партызаны здолелі пазбегнуць знішчэння. За 1941 г. партызаны "Камарова" (псеўданім В.З. Каржа) знішчылі каля 200 немцаў, 2 танкі. У першую ваенную зіму партызаны актыўна хадзілі ў рэйды, выкарыстоўваючы коней і сані. А вясной пачаліся рэйды на лодках па рэчках або канавах. Баявы дзённік сведчыў: "З групы Воранава (Карасёва) прыбыў баец і паведаміў, што 22 чэрвеня 1942 г. імі спушчаны пад адхон вайсковы састаў паміж станцыямі Лунінец і Лобча. Спынены рух на трое сутак. 26 чэрвеня спалены мост на рацэ Бобрык паміж станцыямі Парахонск і Лобча. 30 чэрвеня расшыты пуць у тым жа месцы, і адбылося буйное крушэнне бронецягніка ў 2 гадзіны ночы. Па сведчаннях насельніцтва, вялікая колькасць немцаў забіта і паранена". У маі 1942 г. Корж паслаў некалькі груп для стварэння новых атрадаў. Групе Савіцкага — Лісовіча давялося аб'яднаць групы на Лунінеччыне ў атрад "Пятровіча" (будучы атрад, а потым брыгада імя Кірава). Усе групы і атрады вялі дыверсіі на чыгунках. "11.08.42 падарваны цягнік, што ішоў на фронт, на перагоне паміж Сітніцай і Мікашэвічамі. Пашкоджаны паравоз і 9 вагонаў. Што было ў вагонах, высветліць не ўдалося, але аўтамашыны курсіравалі да цягніка і ад яго цэлы дзень. Разведка данесла, што ўвесь састаў ахоўваўся немцамі трое сутак, нікога не падпускалі да яго. Машыны вазілі ваенныя грузы ўсіх відаў. З 4 па5 верасня партызаны дзейнічалі на ўчастках Лунінец — Баранавічы і Лунінец — Пінск. Адны з іх на чале з Іванам Некрашэвічам падарвалі цягнік, які ішоў на фронт з вайсковым грузам. Другія на чале з Яршовым і дэсантнікам Мікалаем спусцілі цягнік пад адхон. Ён ішоў з фронту. Трэція пад камандай Спакойнага (Шырына) узарвалі эшалон паміж станцыямі Лунінец і Дзятлавічы". У верасні да атрадаў Каржа далучыўся атрад імя Шыша, што прыйшоў з Антопальшчыны. Была наладжана і сувязь з атрадам Лінькова — Чорнага. Былі і цяжкія страты. У верасні загінулі камісар атрада "Камарова" Мікіта Бандаравец, партызан-камсамолец Іван Чуклай (яго імем потым быў названы асобны атрад). 12 верасня 1942 г. сіламі некалькіх атрадаў быў разгромлены гарнізон У Леніне, што дазволіла стварыць базу для дзеянняў на тэрыторыі Ленінскага і Старобінскага раёнаў. Неўзабаве была праведзена і славутая Сінкевіцкая аперацыя, калі вораг страціў 74 забітымі, 14 параненымі і 6 палоннымі. Пасля яе нават лахвенскія нямецкія ўлады ўцяклі часова ў Лунінец. Немцы адказалі карнай аперацыяй у лістападзе — партызаны вялі цяжкія баі, гінула мірнае насельніцтва. У гэты час у Пінскай вобласці дзейнічала ўжо 7 атрадаў (2000 партызан). Яшчэ ў верасні сюды прыбыў у якасці ўпаўнаважанага ЦК і сакратара абкама А.Я. Кляшчоў, які разам з Каржом пачаў ствараць Пінскае злучэнне. Камандзірам стаў Корж, але да сакавіка 1943 г. ён заставаўся і камандзірам атрада "Камарова". "Дзякуючы павышэнню баявой актыўнасці атрадаў злучэння партызанская зона значна пашырылася. К зіме 1942/43 г. яна заняла амаль усю тэрыторыю Ленінскага і Ганцавіцкага раёнаў, значную частку Лунінецкага, Жыткавіцкага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага, Іванаўскага і іншых раёнаў... У кожнай вёсцы прызначылі каменданта народных мсціўцаў. Без яго дазволу ніхто не мог нічога ўзяць у селяніна. Камендант падпарадкоўваўся камандаванню атрада, да якога пры размеркаванні адносілася вёска, і быў адказны толькі перад ім. Такім чынам, у партызанскай зоне аднаўлялася Савецкая ўлада, толькі пакуль без сельскіх Саветаў. Іх стварылі пазней, летам 1943 г. Камендант забяспечваў партызан прадуктамі, фуражом, падводамі, накіроўваў у атрады для праверкі ўсіх падазроных асоб. За прадукты нярэдка партызаны плацілі як савецкімі рублямі, так і трафейнымі маркамі (па курсе 1 марка да 10 рублёў). У канцы 1942 г. суседзямі Пінскага злучэння стала злучэнне Каўпака, якое праходзіла праз гэтыя мясціны. Штаб Каўпака размясціўся ў Ляхавічах. Каўпакаўцы прабылі тут каля месяца, стварылі свой аэрадром на льду возера Чырвонае (з лета 1943 г. злучэнне Каржа таксама займела свой аэрадром). Каўпак высока адазваўся пра баявыя якасці мясцовых партызан, хоць каўпакаўцы былі рэйдавым злучэннем, а пінскія партызаны дзейнічалі ў адных і тых жа месцах: "А скажы, Пятро (начальнік разведкі каўпакаўцаў П. Вершыгара), мы Сінкевічы бралі? Маўчыш? Бралі, брат, бралі. Ды не ўзялі. Двума 6атальёнамі. А яны, — Каўпак кіўнуў у бок Каржа, — невялікімі сіламі той арэшак разгрызлі. Ды ў які час! Калі пад Сталінградам ішлі цяжкія баі. Так што нам павучыцца ў іх не грэх". У пачатку студзеня 1943 г. немцы загадалі ўсім жыхарам на поўнач ад чыгункі Брэст — Гомель вярнуцца ў свае населеныя пункты. Інакш іх хаты будуць спалены. У адказ на гэты загад у вёсках з рэзервовых партызанскіх груп стварылі каманды аховы. Яны паставілі на ўсіх напрамках сігнальныя пасты для папярэджвання аб руху карнікаў. Хоць на ўзбраенні гэтых каманд былі толькі паляўнічыя стрэльбы і абрэзы, але дробныя групы фашыстаў ужо не маглі беспакарана з'яўляцца ў вёсках. Апошні тэрмін вяртання ў вёскі, аб'яўлены фашыстамі, — 25 студзеня. Але ні адна сям'я да таго часу не перасялілася з лясоў, куды яны пайшлі ад гітлераўцаў. 26 студзеня разведка данесла, што ў Лахву прыбыў карны атрад, мэта якога — спаліць Чэрабасаўскія хутары, знішчыць каманды самааховы і актывістаў, а ўсіх астатніх жыхароў узяць у лагеры, за калючы дрот. Ноччу атрад Савіцкага, узмоцнены некалькімі ротамі з атрадаў "Камарова" і імя Шчорса, зрабіў засаду на шляху да хутароў. "Праз некалькі гадзін з'явіўся абоз з боку Лахвы. Налічылі да двухсот саней. Не заўважыўшы засады, сяляне праехалі міма. Іх партызаны затрымалі прыкладна ў палове кіламетра далей. Высветлілася, што немцы загадалі ім ехаць на Чэрабасаўскія хутары для вывазу маёмасці, жывёлы і зерня. Самі ж рухаюцца ззаду. I сапраўды, хутка з'явіліся карнікі. Падпусціўшы першую фурманку бліжэй, партызаны адкрылі агонь. Выратавала фашыстаў ад вялікіх страт толькі тое, што фурманкі рухаліся з вялікім інтэрвалам і пад агонь трапілі толькі першыя. Астатнія адразу ж павярнулі назад і, нахлёстваючы коней, паспяшаліся да Лахвы. На полі бою засталіся 12 забітых фашыстаў. Партызаны падабралі трафеі: ручны кулямёт і 11 вінтовак". Карная акцыя была сарваная, але Корж, які сам кіраваў боем, лічыў, што можна было нанесці ворагу больш адчувальныя страты. У лютым 1943 г. немцы напалі на партызанскую зону з шэрага напрамкаў. Пасля некалькіх дзён баёў, 14 лютага, злучэнне і мясцовыя жыхары рушылі на захад, пакуль яшчэ не замкнулася кола. Дзень 15 лютага правялі на хутарах Велута, а ў наступную ноч перайшлі чыгунку на поўнач ад Бастыні і потым за дзень дайшлі да в. Малая Плотніца Лагішынскага раёна. Але баі з пераменным поспехам працягваліся і тут. Паспяховай аперацыяй быў разгром 25 лютага гарнізона ў Святой Волі. 9 сакавіка партызаны, рухаючыся ў зваротным напрамку, перайшлі тую ж чыгунку каля Люшчы і сталі ля Навасёлак. Такім чынам, немцам не ўдалося знішчыць злучэнне. У 1943 г. у яго складзе былі створаны першыя брыгады, колькасць якіх паступова расла. Шырылася падтрымка з боку насельніцтва. Вось некаторыя выпадкі: "Юнак з вёскі Обруб Лунінецкага раёна гаечным ключом забіў фашысцкага афіцэра і з яго зброяй прыйшоў да партызан. Камсамолка з в. Чэрабасава Вера Янкевіч знішчыла 14 фашыстаў. Такіх выпадкаў было вельмі шмат". У жніўні 1943 г. пачалася "рэйкавая вайна". На чыгунку Лунінец — Баранавічы была накіравана брыгада імя Леніна. У ноч на 7 жніўня партызаны знішчылі ахову і толавымі шашкамі падарвалі 1957 рэек. Немцы у Лунінцы прынялі выбухі за артабстрэл, занялі кругавую абарону і падрыхтаваліся да эвакуацыі. Да 19 верасня вораг аднавіў чыгунку, а ўжо 20 верасня брыгада зноў падарвала яе — рух быў спынены да 21 кастрычніка. Усяго дарога не працавала 71 дзень. Не хапала ўзрыўчаткі, але іншыя брыгады здолелі вывесці ўчастак Пінск — Мікашэвічы на 6 сутак са строю, Лунінец — Відзібор — на 8 сутак. А яшчэ ў ліпені разведчыкі Рабкавец і Брэзін магнітнымі мінамі падарвалі вадакачку на чыгуначным вузле ў Лунінцы. Акрамя "рэйкавай вайны", лета 1943 г. партызаны злучэння прысвяцілі захаванню мірнага насельніцтва ад вывазу ў Германію. Нярэдка гэта ім удавалася. У адным з баёў атрад імя Катоўскага з брыгады імя Будзённага разграміў карнікаў з лахвенскага гарнізона — вораг страціў 57 чалавек забітымі і траіх палоннымі, на міне падарвалася бронемашына. Часам да партызан прыходзілі і былыя акупанты, у асноўным — не немцы, а салдаты іншых нацыянальнасцей. Напрыклад, бельгіец Жозэф Дэвіск. 3 студзеня 1944 г. цягнік, на якім ён разам з іншымі салдатамі вёз Дровы з Чучавіч у Ганцавічы, падвергся нападу атрада імя Шчорса. Скарыстаўшы момант, Дэвіск забіў афіцэра і ўцёк да партызан. Паступова набліжаўся час вызвалення. Актывізаваліся многія атрады. Атрад імя Калініна брыгады імя Кірава, які раней быў адагнаны вораГам ад чыгункі Лунінец — Баранавічы, цяпер падышоў да краснавольскіх хутароў. Максім Грыневіч з групы разведчыкаў Аляксандра Фёдаравіча Сыцэвіча захапіў "языка". З засады партызаны знішчылі да 40 гітлераўцаў. Атакавалі станцыю Бастынь, пашкодзілі паравоз. У гэтым жа атрадзе была створана дадатковая пляцоўка для прыёму грузаў з Вялікай зямлі. Аперацыя "Баграціён" пачалася. Партызаны ўзмацнілі ўдары па чыгуначных і шасейных дарогах. На нарадзе камандзіраў Корж расказаў аб плане дзеянняў: "Пры наступленні часцей Чырвонай Арміі на Лунінец з усходу і поўдня перакідваем брыгаду імя Кірава ў Добрую Волю, брыгаду імя Будзённага — у Велуту, брыгаду імя Леніна — у Ліпок, Макава, ушчыльную да чыгункі Лунінец — Баранавічы. Штаб перамяшчаецца ў Навасёлкі, у размяшчэнне брыгады імя Кірава, яе атрада "За Радзіму". Мы сіламі чатырох брыгад пераразаем чыгункі Лунінец — Баранавічы і Лунінец — Пінск". Фронт набліжаўся. Утрымліваючы грунтавую дарогу. Старобін — Жыткавічы, партызаны раз'ядналі нямецкія групоўкі ў Слуцку і Мікашэвічах. Брыгада імя Будзённага разграміла ў ноч на 28 чэрвеня гарнізон у Старобіне і рушыла да Лунінца. Штаб злучэння разам з брыгадамі імя Кірава, Леніна і Куйбышава перадыслацыраваўся ў раён Бастыні. Атрад імя Калініна, якім камандаваў казах Мешытбай Хасенаў, у сем гадзін раніцы 7 ліпеня ў вёсцы Велута злучыўся з палком Чырвонай Арміі, якім камандаваў палкоўнік Новікаў. Сумесна байцы і партызаны атакавалі станцыю Бастынь і перарэзалі чыгунку. Потым атрад імя Калініна рушыў да Белага Возера, дзе злучыўся з атрадам "За Радзіму" той жа брыгады імя Кірава. Сюды перайшлі і іншыя атрады разам са штабам злучэння, партызаны і чырвонаармейцы вызвалілі Бастынь, Дзятлавічы, Лунінец. Далей баявая дарога вяла да Пінска, які быў вызвалены 14 ліпеня. Па кнізе К.С. Корж "Усё жыццё — Айчыне". (Мн.: Беларусь, 1984). |