Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Партызанскі фронт

26 чэрвеня 1941 г. загадчык сектара Пінскага абкама партыі Васіль Захаравіч Корж стварыў першы партызанскі атрад, які ўжо праз 2 дні правёў першы бой з фашыстамі (гл. нарыс "Усё жыццё — Айчыне").

У ліпені 1941 г. з партыйна-савецкага і камсамольскага актыву, рабочых-чыгуначнікаў Лунінецкага і Старобінскага раёнаў быў арганізаваны асобны Лунінецкі партызанскі атрад на чале з сакратаром Лунінецкага райкама КП(б)Б Усеваладам Іванавічам Анісімавым. Аб ім прыгадваў у запісцы ад 19.07.1941 г. Сталіну сакратар ЦК КП(б)Беларусі, член Ваеннага Савета Заходняга напрамку П.К. Панамарэнка: "Пачынаецца сапраўды шырокі партызанскі рух. Існуюць шматлікія атрады, шкодзяць немцам і паасобку. Вось некаторыя новыя правераныя факты... У Лунінецкім раёне партызаны вывелі са строю танк, забілі 30 нямецкіх коннікаў, спалілі 3000 тон завезенага збожжа, склад гаручага і ўзарвалі масты" (Известия ЦК КПСС, № 8. 1990). Аднак у баях атрад панёс вялікія страты. У верасні групы Лунінецкага і Целяханскага атрадаў сумесна накіраваліся да лініі фронту. Далейшы лёс іх невядомы. Камандзір атрада загінуў у адным з канцлагераў у нямецкім палоне.

Адзінае ўпамінанне атрада "Лунінецкі" ў дакументах:

Народному комиссариату внутренних дел СССР от оперуполномоченного Лунинецкого райотдела НКГБ Пинской области БССР сержанта госбезопасности — Сметанкина Михаила Ивановича.

Рапорт

"3-го июля 1941 года из работников нашего Лунинецкого района были организованы партизанские отряды. В одной из групп отряда я был послан старшим в Ленинский район, откуда через 5—6 дней со своей группой в 12 человек: Муратов Ф., Былина Ст., Шепель, Финкильберг, Хвостов, Боев, Потапов, Сорока, Пятница, Гриневич, Янченко, Жуков — перешел в свой район и в скором времени соединился с начальником партизанского отряда — начальником Лунинецкого РО НКГБ Н.С. Голдыревым.

За время пребывания в своем районе нашим отрядом была разбита немецкая бронированная автомашина, на которой находилось 8 человек офицерского состава немецкой армии, из них 7 человек было убито; взорваны два железнодорожных моста на перегоне Люща — Бостынь, где уже в то время курсировали немецкие поезда из Баранович в г. Лунинец и обратно.

Таким образом, пробыв в своем районе около 2 месяцев, не имея ни с кем никакой связи, мы двинулись в Восточную Белоруссию — в Старобинский район Минской области.

В Старобинском районе была налажена связь со Старобинским партизанским отрядом руководителем которого был Меркуль, но дней через 5 — 6 связь была потеряна. По слухам было известно, что их отряд был окружен карательным фашистским отрядом, но, вырвавшись из окружения, пошел к фронту. Потеряв только что восстановленную связь со Старобинским отрядом наш отряд в составе 27 человек — Анисимов В.И., Голдырев Н.С, Клейменов М.И., Муратов Ф., Хвостов, Сорока, Пятница, Гриневич, Янченко, Волков К., Жуков, Перепелкин, Дмитрук, Кравченко, Лившиц, Дикун, Севобедов, Квинто В.И., Минич, Ананенко В., Слиш, Быков Ливицкий, Потапов — двинулся к фронту.

Решением партийного собрания всего отряда оружие закопали в Полесской области северо-западнее г. Мозырь. В первых числах сентября, разбившись на 2 группы, пошли по направлению Гомель, Речица, которые обходили севернее 25 — 30 км.

Пройдя реку Днепр в дер. Береговая Слобода, мы разбились еще на две группы.

В группе, где я находился, было 7 человек: Голдырев Н.С. — начальник Лунинецкого РО НКГБ Аниснмов В.И. — секретарь Лунннецкого РК КП(б)Б, Квинто В.И. — 2-й секретарь Телеханского РК КП(б)Б, Клейменов М.И. — оперуполномоченный Логишинского РО НКГБ, Дмитрук — уполномоченный милиции в Брестской области, Минич — кандидат в члены ВКП(б) из м. Телеханы.

Группой в 7 человек пошли по направлению Брянских лесов через города Клинцы, Стародуб и др., обходя их стороной.

Фронт встретили на р. Судость у г. Погар, но, ввиду сильного укрепления немецкой линии фронта, мы пошли на Новгород-Северский, обойдя его южнее на 25 км и перейдя р. Десну, обратно направились к Брянским лесам.

Подходя к Брянским лесам, в п. Зеленый Листок 9 октября встретили прорвавшуюся из леса 13-ю армию, которая держала свой путь по направлению г. Курска.

В 13-й армии нас определили сначала в обоз, а затем в комендантский взвод 143 С.Д.

18 октября армия пробилась через фронт на р. Слане, но часть людей осталась.

В этот вечер мы, 7 человек, находились в дер. Подровное Хомутовского района, где мы разошлись по хатам, а утром 19.10 немцы окружили нас, вошли в деревню, забирая в плен хоронившихся красноармейцев.

Нас в хате находилось 5 человек — Клейменов, Квинто, Дмитрук и Минич.

Узнав об этом, мы решили не прятаться, а заняться с.х. работой, я пошел выкидывать навоз из коровника.

Спустя часа два ко мне в коровник зашел Дмитрук, сообщив, что наших всех забрали, в том числе и его, Дмитрука, но он якобы сбежал при переводе их через ров (как сообщил Дмитрук, что их собрали 150 человек, а вели только 2 конвоира).

В этой деревне стоял немецкий обоз, и я вместе с Дмитруком жил до 30 октября, так как идти в другие деревни было невозможно — всех прохожих задерживали и куда-то направляли.

Первый день моего жительства у старушки — Некрасовой Варвары — я солдатам рекомендовался как ее сын, но на второй день в эту квартиру вселилась другая группа солдат с офицером, последний у меня спрашивал, есть ли документы.

Я ему ответил, что документов нет, был заключенным, получил 3 года и работал на аэродроме в г. Пинске. Всего в заключении пробыл 1 год 6 месяцев, в армии не служил, так как получил год отсрочки, проживаю в Орловской области 30 км западнее г. Орла. На это он мне ничего не сказал, а только посмотрел на голову, руки и нижнее белье.

В этой деревне, занятой немцами, я прожил 12 дней. Больше меня ни разу не проверяли, я жил, работал у своей хозяйки. В этой же хате жило 7 — 8 человек рядовых немцев вместе с офицером.

Дождавшись того времени, когда население стало ходить по полю, я вместе с Рябичко Адамом, 1925 г.р., который был при штабе 13-й армии, направился по направлению гор. Курска, а Дмитрук пошел (возвратился) домой в Западную Белоруссию.

Пройдя три деревни, в которых находились немцы (Петровское, Мухино), и перейдя реку Слапу, с 1 по 9 ноября не видал ни немцев, ни своих.

9 ноября я встретил Красную Армию под гор. Тим, где меня направили в Особый Отдел НКВД. 40-я армия, а из Особого Отдела 40-й армии дали направление в Воронеж, из Воронежа в Пензу, из Пензы в г. Куйбышев, куда прибыл в распоряжение НКВД СССР 3 декабря 1941 года. Имею при себе документы — паспорт, первый листок комсомольского билета и удостоверение личности, которые были вшиты в одежду и сапоги.

Обращение фашистов с мирным населением очень жестокое, в особенности с евреями. У населения забирают скот, хлеб, мануфактуру.

У военных отбирают плащ-палатки, а с убитых красноармейцев снимают все обмунднрование кроме нижнего белья, и одевают на себя, заменяя свое рваное и вшивое обмундирование"

НАРБ, ф. 4,воп. 33 а,с.63,л.179 – 183

18 ліпеня 1941 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову "Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск", дзе заклікаў усе мясцовыя, раённыя, абласныя і рэспубліканскія партыйныя арганізацыі ўзначаліць стварэнне партызанскіх фарміраванняў і падполля.

Лунінецкі падпольны гаркам КП(б)Б адноўлены ў канцы 1942 г. Сакратаром яго стаў Ф.І. Лісовіч. Другім сакратаром райкама быў зацверджаны Рыгор Пятровіч Швец. Членамі райкама з'яўляліся Рыгор Сцяпанавіч Карасёў, Сямён Васільевіч Федаровіч, Іван Лявонцьевіч Раманюк. Райкам размяшчаўся ў партызанскай брыгадзе імя Кірава, штаб якой базіраваўся ў раёне в. Сітніцкі Двор.

Пінскае партызанскае злучэнне

Дзейнічала пад кіраўніцтвам Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б. Кіраўніцтва: упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР па Пінскай вобласці, сакратар Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б А.Я. Кляшчоў, камандзіры злучэння В.3. Корж (лістапад 1942 — ліпень 1944), А.Я. Кляшчоў (май — кастрычнік 1943, в.а.), начальнік штаба М.С. Фядотаў (люты 1943 — ліпень 1944). У лістападзе 1942 падпольны абкам стварыў штаб партызанскіх атрадаў Пінскай вобласці, які да студзеня 1943 наладзіў сувязь і аб'яднаў партызанскія атрады Камарова (Каржа), імя Шчорса (у красавіку 1943 перададзены Брэсцкаму партызанскаму злучэнню), В.А. Васільева, імя Кірава, імя Чапаева, А.І. Дамброўскага, імя Суворава, імя Лазо, "За Савецкую Беларусь", імя М.Ц. Шыша (гл. нарыс "Атрад імя Шыша на Лунінеччыне") (усяго 1855 партызан). У 1943 у складзе злучэння сфарміравана 7 брыгад: імя Будзённага, імя Леніна, імя Молатава, імя Кірава, імя Куйбышава, Пінская, "Савецкая Беларусь" і асобны (штабны) атрад імя Чуклая; усяго 8431 партызан. Партызанскія брыгады і атрады злучаліся з часцямі Чырвонай Арміі па меры вызвалення тэрыторыі Пінскай вобласці ў лютым — чэрвені 1944. Генерал-маёрам А.Я. Кляшчову і В.З. Каржу ў 1944 прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Атрад імя Кірава

Дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Лунінецкага раёна. Створаны як атрад "Пятровіча" (гл. нарыс "Атрад Пятровіча") у чэрвені 1942 шляхам аб'яднання партызанскай групы А.П. Савіцкага, вылучанай атрадам "Камарова", з групамі Ф.Д. Папова, П.М. Тараўкова, Р.І. Шуляка ("Дымава"), А.А. Хацкевіча, А.П. Ермакова. Камандзір А.П. Савіцкі, камісар Ф.І. Лісовіч. У снежні 1942 атраду прысвоена імя Кірава. У ліпені 1943 атрад разгорнуты ў партызанскую брыгаду імя Кірава.

Брыгада імя Кірава

Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Лунінецкага і Ленінскага раёнаў. Створана ў ліпені 1943 на базе атрада імя Кірава. Камандзіры А.П. Савіцкі, Ф.I. Лісовіч, камісары Ф.I. Лісовіч, Р.П. Швец, начальнік штаба А.І. Кубасаў. Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Мікашэвічы — Пінск, Лунінец — Малькавічы і шашэйных дарогах. Удзельнічалі ў аперацыі "Рэйкавая вайна". Падрыўная група атрада імя Кірава пусціла пад адхон больш за 20 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай. Знішчылі 38 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі, 90 аўтамашын, патапілі 8 баржаў, паромаў, катэраў, падарвалі 23 чыгуначныя масты. З атрадамі імя Шыша і "Камарова" разграмілі гарнізоны ворага ў вёсках Лунін, Бастынь, Парахонск (жнівень 1942), Леніна (верасень 1942), чыгуначнай станцыі Сінкевічы (кастрычнік 1942), дзе знішчылі станцыйную гаспадарку, эшалон з боепрыпасамі (рух спынены на 3 тыдні). У студзені — сакавіку 1943 вялі баі з карнікамі і выратавалі ад загубы жыхароў вёсак Рэдзігерава, Флярова, Манасеева, Чарабасава. У красавіку — ліпені 1944 правялі засадныя баі каля вёсак Бастынь, Мелясніца, Крэстунова, мініравалі шляхі адступлення варожых часцей. У ліпені 1944 вялі баі на чыгуначным участку Дзятлавічы — Бастынь. 8.07.1944 брыгада (1265 партызан, атрады "За Радзіму", імя Калініна, імя Сталіна) злучылася з Чырвонай Арміяй. У 1964 у Лунінцы ў гонар брыгады ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Атрад "За Радзіму" (гл.нарыс "Баявы шлях атрада "За Радзіму")

Створаны ў ліпені 1943 з 1-ай роты атрада імя С.М. Кірава. Камандзір атрада М.Г. Каштанаў (ліпень 1943 — чэрвень 1944) Камісар А.А. Світцоў (ліпень 1943 — чэрвень 1944), начальнік штаба І.П. Даронін (верасень 1943 — чэрвень 1944).

Атрад імя М.І. Калініна

Створаны ў ліпені 1943 з 2-ой роты атрада імя С.М. Кірава. Камандзіры атрада В.Г. Чарнышкоў (ліпень 1943 — май 1944), М.Х. Хасенаў (май 1944 — ліпень 1944), камісар І.Л. Раманюк (ліпень 1943 — ліпень 1944), начальнік штаба А.П. Ермакоў (ліпень 1943 — ліпень 1944).

Атрад імя І.В. Сталіна

Створаны ў ліпені 1943 з 3-яй роты атрада імя С.М. Кірава. Камандзір атрада І.М. Корбан (ліпень 1943 — ліпень 1944), камісары М.М. Барсукоў (ліпень 1943 — кастрычнік 1943), А.А. Машчыц (кастрычнік 1943 — ліпень 1944), начальнікі штаба К.Г. Плешкевіч (жнівень 1943 — сакавік 1944), В.Ф. Руфееў (сакавік 1944 — ліпень 1944).

Брыгада імя Куйбышава

Створана ў лістападзе 1943. Камандзір У.М. Антановіч (лістапад 1943 — ліпень 1944), камісар Ф.С. Міхалковіч (снежань 1943 — ліпень 1944), начальнік штаба З.У. Сысоеў (снежань 1943 — ліпень 1944). Партызаны праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага. У ноч на 20.06.1944 на чыгунцы Лунінец — Пінск падарвалі каля 580 рэек. Знішчылі 32 аўтамашыны, 7 чыгуначных і 74 іншыя масты, 52,3 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі. У ліпені 1944 мініравалі грунтавыя дарогі Лунін — Багданаўка — Пагост — Загародскі — Лагішын, тут жа вялі баі з праціўнікам, які адступаў. 12 — 14.07.1944 з часцямі Чырвонай Арміі вызвалілі Лагішын, станцыі Лунін і Лоўча.

Брыгада імя Леніна

Арганізавана ў красавіку 1943 на базе атрадаў В.А. Васільева — І.В. Зібарава і імя Чапаева. Камандзір брыгады В.А. Васільеў (красавік 1943 — ліпень 1944), камісар І.В. Зібараў (красавік 1943 — ліпень 1944), начальнік штаба М.Д. Кісцюнін (красавік 1943 — ліпень 1944). Атрад Васільева у студзені 1944 вёў баі каля вёсак Вялікія і Малыя Чучавічы. Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках і шашэйных дарогах. Толькі ў ноч на 6.08.1944 на чыгунцы Лунінец — Баранавічы падарвалі больш за 1900 рэек, у верасні — больш за 3000. Разам з часцямі Чырвонай Арміі ў ліпені 1944 вялі баі каля станцый Люшча, Бастынь, на дарозе Лунінец — Багданаўка.

Асобны атрад імя І.І. Чуклая

Дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Ленінскага раёна. Створаны ў верасні 1943. Камандзір П.Р. Катовіч (верасень 1943 - ліпень 1944), камісар І.У. Доваль (верасень 1943 — ліпень 1944), начальнікі штаба Ф.Д. Грынь (верасень 1943 — лістапад 1943), І.А. Очкусь (снежань 1943 — ліпень 1944). У лютым 1944 каля станцыі Люшча падарвалі 500 м чыгуначнага палатна, у чэрвені на участку Бастынь — Люшча — 600 м і 25 вагонаў.

Атрад 200-ы

Дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Целяханскага, Ганцавіцкага, Лунінецкага раёнаў. Створаны ў снежні 1943 у Магілёўскім раёне. Камандзір В.П. Дрожнікаў (снежань 1943 — ліпень 1944), камісар П.Я. Гаро (снежань 1943 — ліпень 1944), начальнік штаба М.В. Белакураў (снежань 1943 — ліпень 1944).

Спецгрупа НКДБ БССР "Арлы"

Дзеннічала на акупіраванай тэрыторыі Ганцавіцкага, Лагішынскага, Лунінецкага раёнаў. 12.12.1943 група адпраўлена ў тыл ворага. Камандзір Д.М. Сакалінскі. 12.07.1944 злучылася з часцямі Чырвонай Арміі.

Спецгрупа НКДБ СССР "Волаты".

Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Капыльскага, Дзяржынскага, Слуцкага, Навамышскага, Стаўбцоўскага, Лунінецкага раёнаў. У студзені 1944 група (46 чалавек) перапраўлена ў тыл ворага. Камандзір А.М. Шыхаў. 1 - 2.07.1944 злучылася з Чырвонай Арміяй.

Спецатрад НКДБ БССР "Храбрацы".

Дзейнічаў на тэрыторыі Жлобінскага, Рагачоўскага, Акцябрскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Петрыкаўскага, Асіповіцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Косаўскага, Лунінецкага раёнаў (ліпень 1942 — ліпень 1944). Камандзір А.М. Рабцэвіч.

На верх старонкі


Помнік на месцы дыслакацыі партызан брыгады імя Кірава
ў в. Сітнінцкі Двор


Партызаны брыгады імя Кірава