Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Песні няволі

З успамінаў Дар'і Рыгораўны Луцук, жыхаркі в. Лахва:

— Нас, моладзь 1925 — 1926 гадоў нараджэння, немцы вывезлі ўжо за год да канца вайны — у маі 1944-га. Падманулі — сказалі, што ў Пінск вязуць, каб на чыгунцы працавалі, а то мы б паўцякалі. Апынуліся ж у Гамбургу. Але гэта быў не канец шляху. Групу з 50 чалавек прывезлі ў Гановер. Выгрузілі ў лагеры за калючым дротам. Адсюль гналі працаваць на паравозарамонтны завод. Тыдзень — дзённая змена, тыдзень — начная. Па 14 гадзін. Днём кармілі бручкай з лупінамі, дзе чэрві плавалі, а вечарам — буханку хлеба на 6 — 7 чалавек. Неяк дажылі да вызвалення амерыканцамі. Вярнуліся дамоў. Як бы цяжка ні было жыць у пасляваеннай разбуранай вёсцы, як бы марудна ні наладжваўся дабрабыт калгаса, але родная зямля прыбаўляла сілы. Так і да пенсіі дажыла. Радуюся 6 дзецям, 9 унукам, 1 праўнуку.

Кажуць, нам кампенсацыю будуць выплачваць за работу ў Германіі. А мне яна не патрэбна. Калі і дадуць нейкія грошы, няхай яны ідуць на аднаўленне храмаў. Нас жа бярог Бог: столькі вытрымалі і яшчэ жывём.

А вось гэтую песню мы самі склалі ў нямецкім лагеры.

Прошла зима, настало лето,
В саду цветочки зацвели.
Меня, девчонку молодую,
В германский лагерь отвезли.

Свеча горит дрожащим светом.
В бараке все спокойно спят.
Кругом барака — полицаи
Тихонько ходят, гомонят.

Одна девчонка молодая
Склонила голову на грудь.
Она про дом родной мечтала,
Бедняжка, не могла уснуть.

Ох, мама, маменька родная,
Зачем на свет нас родила,
Судьбой несчастной наградила,
В страну чужую отдала?

А в той стране нас презирают.
Нигде нам ходу не дают.
И нами тюрьмы заполняют,
И русских швайнами зовут.

Ботинки ноги нам сдавили,
"ОСТ"ы на грудь нам полегли,
Решетки, ключ и полицаи
От нас свободу отняли.