Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Такія розныя немцы

З успамінаў Веры Максімаўны Богдан, жыхаркі в. Ракітна:

— Нас забіралі з вёскі Любажэрдзе ў чэрвені 1942 г. Солтыс загадаў бацьку прывезці мяне на станцыю — куды таму было дзявацца? Вось і паехала ў невядомую далячынь.

Разбівачны пункт быў у Фленсбургу. Адтуль мяне прызначылі ў вёску Шафлёнтфельд.

Першы гаспадар Эльвальт быў злосны, як чорт. Ён яшчэ ў дзяцінстве так піхнуў дзяўчынку, што яна засталася калекай, таму яго прымусілі на ёй ажаніцца. Я ад работы не бегала, але ён так нада мной здзекаваўся, што не магла вытрымаць. Мае слёзы заўважылі суседнія работнікі і паведамілі паліцаю. Калі той прыйшоў высветліць абставіны, я і заявіла: калі не пераведзяце ў іншае месца — капут зраблю і гаспадару, і сабе. Перавялі. А гаспадара майго спасцігла божае пакаранне — загінуў на фронце.

Імя і прозвішча другога гаспадара захавала ўдзячная памяць: Зігмунт Ользін. У яго былі дачка Інба і сын Асмус. Працы таксама хапала, але ж бачыла да сябе чалавечыя адносіны. Гатавалі нам аднолькава, што гаспадары елі, тое і я. За папярэднія паўгода ні адной рэчы не атрымала, а тут пастаянна адзенне падкідвалі. Немцам было забаронена знаходзіцца ў памяшканні разам з остарбайтэрамі, але тут мне далі пакойчык пад лесвіцай, і, калі хто-небудзь завітае да гаспадара, я заўсёды паспею схавацца. Магу смела заявіць, што прымалі мяне проста як члена, сваёй сям' і. Гаспадар падарыў фотаздымкі, дачка дзялілася дзявочымі сакрэтамі, нават сфатаграфавалася з намі, усходнімі работніцамі.

Так жыла і працавала два гады. Відаць, справы немцаў на фронце пагаршаліся, таму што майго 50-гадовага гаспадара прызвалі ў армію, а яго сядзіба перайшла ў дзяржаўнае валоданне.

Я апынулася ў трэцяй гаспадыні — Марыі Ганцэн. Ну і гітлераўка гэта была! У пакоі і кроку не пускала — тваё месца на кухні ці каля свіней. Харчоў давала мала, мяне і яшчэ аднаго работніка-паляка проста марыла голадам і холадам. Веска была ў 8 кіламетрах ад мора. Калі раней умовы жыцця дазвалялі зберагчыся ад вільгаці і ветру, то тут пачала моцна хварэць. Ужо не спадзявалася ўбачыць родных.

Вызваленне прыйшло ў маі 1945 г. ад англійскіх войск. З Фленсбурга везлі нас машынамі да Мінска, потым — дамоў. Вяртанне заняло паўгода.