Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

У глыбіні Палесся

Але і пасля спынення партызанскіх дзеянняў польскія ўлады трымалі тут досыць буйныя сілы. Напрыклад, у 1931 г. яны размяшчаліся наступным чынам: у Лунінцы — батальён 84-га пяхотнага палка, у Навасёлках і Сінкевічах — па кавалерыйскаму эскадрону. Павет уваходзіў у склад Пінскай судовай акругі і складаў яе 4-ы пракурорскі раён. Тут меліся 3 міравыя суды і 24 пастарункі (паліцэйскія аддзяленні; найбольш буйныя — у Лунінцы, Лахве, Мікашэвічах, Луніне, Кажан-Гарадку, Чырвонай Волі, Бастыні, Дзятлавічах, Сінкевічах, Навасёлках, Люсіне). Тэрыторыя павета была падзелена на некалькі паліцэйскіх акруг. Дарэчы, некалькі парадаксальна гучала назва адной з іх — "Ленінская паліцэйская акруга". (Вось якое тлумачэнне дае кароткі тапанімічны слоўнік Беларусі: "Леніна (варыянт Ленін) — вёска Жыткавіцкага раёна. Назва патранімічная (гэта значыць утвораная ад імён ці прозвішчаў першапасяленцаў або пераважаючых у даным месцы прозвішчаў). Гэта імя вёска насіла яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Цяпер у назву ўкладваецца новы сэнс — імя У.І. Леніна. Двухсэнсавасць заўважылі. У 1938 годзе палякі перайменавалі мястэчка Ленін у Сасновічы. Відаць, ім не падабалася спалучэнне "Ленін ля Мікашэвіч", таму што пастаянна нагадвала пра бальшавіцкага правадыра. Але позна яны адумаліся — прыйшоў 1939 год.

З месцаў зняволення меліся следчая турма пры аддзяленні паліцыі ў Лунінцы і там жа — гарадская турма пры магістраце. Месцы для ўтрымання арыштаваных існавалі пры кожным гмінным упраўленні. Урэшце, у распараджэнні ўлад былі і больш буйныя турмы за межамі павета, а пазней — і вядомы канцлагер "Бяроза-Картузская".

18 гадоў польскага панавання — час супярэчлівы і неадназначны. З аднаго боку, становішча насельніцтва нагадвала жыццё ў акупіраванай краіне, калі жорсткія рэпрэсіі насцігалі тых, хто выступаў супраць улад (падрабязней аб гэтым — у нарысах пра партызанскі рух, КПЗБ, Грамаду), праводзілася паланізацыя і акаталічванне жыхароў. З другога — жыццё ж не абмяжоўвалася толькі палітыкай. I праз шмат гадоў параўноўвалі людзі існуючую рэчаіснасць з жыццём "пры Польшчы" — тое было горш, але гэта лепш і г.д.

Архівы не могуць перадаць усёй паўнаты жыцця, яны здольныя падкрэсліць толькі асноўныя яго моманты.

Большасць насельніцтва павета займалася ў той час сельскай гаспадаркай. Адвечны сялянскі занятак, але прырода спрыяла яму не заўжды. Палова тэрыторыі Палескага ваяводства (у 1927 г. — 43 270,67 квадратнага км) была занятая лясамі і непраходнымі балотамі. Між тым праект асушэння Палесся існаваў толькі тэарэтычна. У канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў паўсюдна, у тым ліку і на Лунінеччыне, вяліся рамонт каналаў і абкладка іх дзёрнам. Захаваўся фотаздымак тых гадоў, на якім паказаны работы па ўмацаванні каналаў ва ўрочышчы Марачна каля в. Дварэц у 1928 г., якімі кіраваў інжынер Мэйгэл. Сюды прыцягваліся сяляне навакольных вёсак з падводамі, каб адпрацаваць так званую шарварк-дарожную павіннасць.

У канцы 20-ых гадоў для азнаямлення з балотамі Палесся ў Польшчу прыбыла спецыяльная камісія Лігі Нацый (члены гэтай камісіі былі ў Лунінцы, знаёміліся з вядомымі ў Еўропе Грычынскімі балотамі), якая ў дакладзе ўраду Польшчы і кіраўніцтву Лігі зрабіла вывад, што асушэнне непраходных балот, на тэрыторыі амаль 15 тыс.кв.км, павінна быць самым рэнтабельным мерапрыемствам у Еўропе. Шмат гаварылася аб зямельнай рэформе, аб рабоце насельніцтва на асушаных землях (за лік прытоку землеўладальнікаў), аб буйных грашовых прыбытках. Гэтыя вывады паслужылі штуршком да стварэння праекта асушэння балот Прыпяцкага Палесся, работа над якім была разлічана на 4 гады пры кошце асушэнняў у 5 мільёнаў злотых. Тады і з'явіліся ў Лунінцы тапографы, геадэзісты, гідратэхнікі. За 2 — 3 гады яны павінны былі скласці карту забалочанай тэрыторыі. Але тагачасныя цяжкасці — непраходнасць балот, нязручнае абсталяванне, немагчымасць праводзіць тапаграфічныя здымкі каля польска-савецкай граніцы — не дазволілі гэта зрабіць. Вырашана выпрабаваць самы новы і перадавы метад — аэрафотаздымкі мясцовасці. Для гэтай мэты быў выдзелены трохматорны самалёт, з дапамогай якога і была завершана тапаграфічная карта балот Палесся. Праводзіліся і наземныя работы. У некалькіх дзесятках кіламетраў ад польска-савецкай граніцы для хуткага адтоку вады з дзейнічаючых яшчэ старых каналаў і самой Прыпяці было вырашана ўзарваць натуральную перашкоду, стрымліваючую ваду, — прыпяцкія ганкі. Але гэта мерапрыемства патрабавала ўзгаднення з савецкім бокам. Карацей кажучы, пакуль не ўдалося выявіць ніякіх дакументау аб асушэнні балот у Лунінецкім павеце ў перыяд з 1930 па 1939 г. Грандыёзны план не быў здзейснены.

З-за балот існавалі вялікія перашкоды не толькі для сельскагаспадарчых работ, але і для праезду ў аддаленыя вёскі. Напрыклад, у Чучавічы. Чучавіцкая вузкакалейка праіснавала да пачатку 20-ых гадоў. Польская адміністрацыя дзяржаўных чыгуначных дарог ліквідавала яе, пакінуўшы толькі невялікі ўчастак ля Люшчы. У польскіх чыгуначных даведніках і на картах Палесся пачатку 30-ых гадоў чучавіцкая ветка ўжо не адзначана. Жыхары вёскі і навакольных хутароў аказаліся зноў адарванымі ад знешняга свету.

Адсутнасць грунтавых дарог рабіла гэты раён адным з самых глухіх і адсталых месцаў Палесся. У восеньска-вясновы перыяд праезд да Чучавіч быў немагчымым, улетку трапіць туды таксама было цяжка, і толькі зімой маразы скоўвалі шлях праз балоты. Польскія ўлады не прадпрымалі намаганняў для будаўніцтва цвёрдых грунтавых дарог, пракладвалі толькі часовыя грэблі, па якіх было вельмі нязручна рухацца.

Калі планы меліярацыі засталіся ў той час на паперы, то, да гонару польскіх улад, яны наладзілі больш-менш шырокую сістэму метэастанцый і гідралагічных пастоў — для назірання за надвор'ем, узроўнем вады ў рэках і каналах. На тэрыторыі Лунінецкага павета іх было больш чым 20.

Адзін з такіх гідралагічных пастоў знаходзіўся каля чыгуначнага моста праз Прыпяць на лініі Лунінец — Сарны. Ён быў у ліку найважнейшых у сістэме вадамераў на Лунінеччыне, бо праз яго працякала вада з рэк Бобрык, Ясельда, Піна, Стыр, а таксама балотныя сцёкі са шматлікіх асушальных каналаў. Дарэчы, мост быў разбураны ў час савецка-польскай вайны 1920 г. З чэрвеня 1921 па снежань 1923 г. ён рамантаваўся і аднаўляўся лунінецкімі рабочымі.

У Лунінцы пост змяшчаўся ў раёне Легава, на канале Жылінскага, які ўпадаў у Прыпяць. Некалькі пастоў размяшчаліся на каналах без назваў, таму яны былі прывязаны да кіламетражу чыгункі і ў навуковай літаратуры прыгадваюцца толькі як той або іншы чыгуначны кіламетр. У Пясчанцы знаходзіўся апошні пост перад тагачаснай савецка-польскай мяжой.

У Лахве ў 1930 г. была створана метэастанцыя 3-га разраду, для назірання за тэмпературай паветра, вільготнасцю, атмасферным ціскам, напрамкам ветру, колькасцю сонечных і пахмурных дзён. Даведнікі адзначаюць, што станцыя мела унікальны па тым часе набор спецыяльных французскіх тэрмометраў.

З 1932 г. у Лоўчы, Борках-на-Цне, Навасёлках-на-Лані, у Мокраве і Сінкевічах вяліся назіранні за ўзроўнем грунтавых вод з выкарыстаннем спецыяльных свідравін.

Захаваліся дзве карты басейнаў Дняпра і Прыпяці, што былі выдадзены ў 1928 і 1930 гг. На іх паказаны метэа- і вадамерныя станцыі, што дзейнічалі і на Лунінеччыне.

Польскай адміністрацыяй праводзіліся і даследаванні глебы ў Палескім ваяводстве. Вынікі даволі красамоўныя: чарназём складаў толькі 1,5 %, баравіны — 4 %, гліны — 12 %, пяскі — 29 %. 28 % усіх угоддзяў лічыліся непрыдатнымі для сельскай гаспадаркі, а каля 26 % былі занятыя лясамі. Дарэчы, большасць лясоў была прыватнай уласнасцю (па ваяводству ў 1927 г. — 767 617 га, а дзяржаўных — 271 137 га). У Лунінецкім лясніцтве ў той час было 15 450 гектараў. У павеце была дастаткова развітая лесаапрацоўчая прамысловасць. На мяжы 20-ых і 30-ых гадоў польскія прадпрымальнікі актыўна скуплялі лясы, балотныя прасторы, рачныя ўчасткі, ствараючы на іх паляўнічыя гаспадаркі, куды запрашалі гасцей з-за мяжы. Улады імкнуліся захаваць лясы ад знішчэння, ствараючы ахоўныя зоны. Напрыклад, у 1928 — 1929 гг. палескі ваявода выдаў некалькі загадаў наконт Бастыні: "...частку лясоў у маёнтку Бастынь, якія належаць акцыянернаму таварыству "Дрэваапрацоўчая прамысловасць Вялікай Польшчы", плошчай 2 383,82 га, аб'яўляю ахоўнымі лясамі", што азначала забарону тут любой дзейнасці чалавека. Праз год ахоўная плошча гэтага ўчастка была павялічана яшчэ на 3000 га.

У прыватнай уласнасці была і значная частка зямлі. Калі буйныя землеўладальнікі-памешчыкі валодалі вялікімі яе масівамі, то шмат сялян не маглі пракарміцца са сваіх мізэрных надзелаў, таму звычайнай з'явай была наёмная праца ў вёсцы на больш заможных гаспадароў. У сярэдзіне 20-ых гадоў некваліфікаваны работнік мог зарабіць 2–4 злотых у дзень (жанчына — у два разы менш), кваліфікаваны — 5–8 злотых, а калі са сваім канём, то 10–15. Пры тагачасных цэнах заробкі былі не вельмі значныя. А калі ўлічыць, што сяляне былі вымушаны плаціць немалыя падаткі, дык стане зразумела, што гэтых грошай не хапала. Запазычанасць па падатках была звычайнай з'явай.

Акрамя працы ў якасці парабкаў, малазямельныя або беззямельныя сяляне маглі арэндаваць участкі, што таксама было вельмі нязручна. Даводзілася плаціць за карыстанне сенажацямі, за збіранне ламачча ў лесе і г.д. Такі фінансавы ўціск значна пагаршаў становішча сялянства. Не дзіўна, што цяжкія ўмовы жыцця і працы, беднасць вымушалі многіх эмігрыраваць "за лепшай доляй" у заакіянскія краіны: ЗША, Канаду, Аргенціну. У 1929 — 1936 гг. з Заходняй Беларусі выехала каля 50 тысяч чалавек, у тым ліку з Лунінецкага павета — каля 3000. Лёс гэтых гаротных на чужыне складаўся па-рознаму: адны выбіваліся ў людзі, другія — гібелі.

Аграрная палітыка ўлад характарызавалася і стварэннем хутароў, якія ў 1939 г. складалі каля 70 % усіх гаспадарак. На хутарах імкнуліся, перш-наперш, пасяліць так званых "асаднікаў" (з ліку былых жаўнераў і паліцэйскіх, членаў "Стралецкага саюза" і г.д.), якія былі актыўнымі прыхільнікамі ўлад. Асабліва важна было гэта ў блізкіх да граніцы раёнах.

Здараліся ў вёсцы неўраджайныя, галодныя гады. Напрыклад, вельмі цяжкі выдаўся 1932 г., калі ўжо зімою ў часткі сялян скончыліся запасы хлеба. 17 лютага мясцовыя ўлады склалі спісы людзей па 20 вёсках, у якіх амаль кожнай другой сям' і неабходна была дапамога, бо пачынаўся голад. Так, у Бродніцы ў вельмі цяжкім становішчы апынуліся 437 чалавек з 869, у Вульцы — 419 з 812 і г.д.

Лунінецкі павятовы стараста В. Чахоўскі неаднойчы звяртаўся ў Брэст да ваяводы з просьбай аб дастаўцы зерня. Ён зазначаў, што ў значнай часткі сялян няма грошай для яго набыцьця. Пытанне з дапамогай было вырашана не адразу, а пасля даволі доўгай бюракратычнай валтузні.

Дапамога дазволіла сялянам так-сяк пракарміцца, але ўсёй праблемы не вырашыла. Голад працягваўся і ў наступную зіму. Напрыклад, новы стараста Цэрдзыньскі 30 снежня 1932 г. паведамляў у Брэст, што атрыманы яшчэ крэдыт на 150 тон жыта, з якіх галадаючым Лунінецкай гміны выдадзена 30 тон, Лахвенскай — 20, Чучавіцкай — 40 тон...

Канешне, такое здаралася не кожны год. Былі гады і ўраджайныя. Нярэдка змянялася рыначная кан'юнктура, калі ўзрасталі або зніжаліся цэны на пэўныя сельскагаспадарчыя тавары — у першым выпадку сяляне, якія мелі што прадаць, крыху паляпшалі сваё матэрыяльнае становішча. У шчырасці да працы адмовіць лунінецкім сялянам было нельга. Напрыклад, у справаздачы палескага ваяводы за 1930 г. паведамлялася аб правядзенні конкурсу на лепшую сельскагаспадарчую прадукцыю ў трох паветах Палескага ваяводства — Брэсцкім, Пінскім, Лунінецкім, дзе 1-ае месца па вырошчванні парасят заняла жыхарка Лахвы Ганна Макоўская.

Сяляне не цураліся перадавых па тым часе метадаў гаспадарання. Так, у канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў у Луніне было арганізавана маладзёжнае сельскагаспадарчае таварыства, ці Саюз сельскай моладзі (такія таварыствы былі распаўсюджаны ў Польшчы). Члены саюза вучыліся перадавым метадам вырошчвання бульбы, льну, гародніны, апрацоўкі зямлі. З гэтай мэтай былі створаны вучэбныя курсы. У 1929 г. група маладых лунінчан была накіравана ў Дубай, а другую групу, якая спецыялізавалася на здабычы, апрацоўцы і выкарыстанні торфу, адправілі на работу і вучобу ў Сарны.

Але эканамічнае расслаенне ў вёсцы было рэальнасцю. Частка вясковай беднаты парабкавала, а частка была вымушана ісці працаваць на прадпрыемствы.

Паколькі польскі ўрад лічыў "крэсы ўсходнія" аграрным дадаткам Польшчы, які з'яўляўся рынкам збыту для тавараў польскай прамысловасці, то ён ствараў тут прадпрыемствы перапрацоўчай вытворчасці.

Вядучае месца сярод прадпрыемстваў займалі лесаапрацоўчыя, якія былі найбольш буйнымі ў ваяводстве як па колькасці рабочых, так і па выпуску прадукцыі. Шырока вядомай была фірма "Агахель", якая ў свой час набыла шмат лясоў у буйнога чучавіцкага землеўладальніка Агаркава. У выніку фірма валодала 55 тысячамі гектараў лясоў і балот вакол Чучавіч. Яна пастаўляла лес на фанерную фабрыку ў Мікашэвічы, саўладальніцай якой была таксама. У многіх газетах і часопісах Польшчы 20 — 30-ых гадоў друкаваліся рэкламныя аб'явы гэтай фірмы. Адна з іх гучыць так: "Дрэваапрацоўчая прамысловасць. "Агахель". Акцыянерная кампанія ў Мікашэвічах. Тэлефоны 4 і 12. Праўленне — Варшава, вул. Ясная, 11. Тэлефон 680-71. Эксплуатацыя ўласных лясоў Леніна — Чучавіцкага маёнтка ў Лунінецкім павеце".

"Агахель" і "Ольза" валодалі буйнымі па тым часе прадпрыемствамі ў Мікашэвічах. У 1933 г. на фабрыцы першай фірмы працавалі 131 мужчына і 3 жанчыны, а на фанернай фабрыцы "Ольза" — 267 мужчын і 68 жанчын. У Дзяніскавічах (сучасны Ганцавіцкі раён) існаваў стары і невялікі лесапільны завод князя Альберта Радзівіла. Лесапільныя заводы былі і ў Бастыні (фірмы "Хейвуд", 147 мужчын і 3 жанчыны), Навасёлках (14 рабочых), Сінкевічах (22 рабочыя). У Дзятлавічах на трох прадпрыемствах працавалі 36 чалавек. Працавалі лунінчане і на лесапільных заводах фірм "Лесцер" (232 рабочыя) і "Гіпс Цімбер форэст компані" (70 рабочых).

Ад станцыі Лоўча да Лунінскага лесапільнага завода, што належаў Ю. Бромбергу, была працягнута вузкакалейка даўжынёй 350 м. Лес на завод вазілі з Чучавіч і Люшчы. Тут жа былі пабудаваны маслабойня, сячкарня, мукамольны завод. Прадукцыя мясцовай піларамы (дошкі) прадавалася ў Англію і Германію.

Калі лесаапрацоўчыя прадпрыемствы па тым часе буйныя, то іншыя галіны прамысловасці ў асноўным прадстаўлены невялічкімі майстэрнямі. У тым жа 1933 г. становішча было наступнае. У павеце налічвалася 6 цагельных заводаў — Янкеля Клаза ў Любані (8 рабочых), Ёзеля Сазевіча ў Чэрабасаве (6), Якава Юрэвіча ў Азярніцы (2), Яна Абуховіча ў Кругавічах (2), Я. Ліфшыца ў Мокраве і ў Любачыне ўсяго па 2 рабочых. Было 7 смалакурняў, у якіх таксама было занята ад 2 да 3 рабочых.

Шмат было невялічкіх млыноў, у тым ліку вадзяны Неміровіча ў Дварцы (2 рабочых), паравыя — у Язвінках (2), у Вульцы-2 (3), Шэрашэўскага ў Дзятлавічах (1). Астатнімі млынамі валодалі: у Лунінцы — Мойша Флейслер (2 рабочых) і Міхценфельд (2), У Бастыні — Ружанскі (2), у Дзятлавічах — Мойша Луцкі (2), у Рэдзігераве — Мураўчык (2), у Кажан-Гарадку — Луцкі (2) і Цыперштэйн (1), у Азярніцы — Юзэф Кузьма (2), у Чырвонай Волі — Ракомча (2), у Сінкевічах — Абрам Бушэль (1), у Мокраве — Ян Ананіч (1), у Лахве — Мойша Файнберг (2), Лебецкі (1) і Мураўчык (2), у Мікашэвічах — Лейба Партны (2), у Гаўрыльчыцах — Ян Вялічка (1), у Вічыне і Новым Двары — Шчыт (2), у Чучавічах — Вако і Пагарэльскі (2).

У Лунінцы існавалі дзве друкарні — Левіна (1 рабочы ), Айзенберга (2). У Лахве на электрастанцыі працавалі 2 рабочыя. I канешне, як і раней, буйнымі былі чыгуначныя прадпрыемствы на станцыях (асабліва ў Лунінцы), якія забяспечвалі рух цягнікоў, выконвалі рамонтныя работы і г.д.

Што датычыцца ўмоў працы, то яны былі неаднолькавымі на розных прадпрыемствах. Зразумела, што рабочыя больш буйных заводаў былі ў лепшым становішчы. Захаваліся даныя праверак некаторых прадпрыемстваў інспектарамі па працы. Звычайна адзначалася, што ўмовы працы здавальняючыя, на заводзе ёсць сталовая, вада для піцця, умывальнікі, медыцынскія аптэчкі. Не ўсюды меліся лазні, душ і г.д. Правяраўся і стан механізмаў, абсталявання. Працаваць афіцыйна дазвалялася 8 гадзін у змену, што выконвалася не ўсюды. Інспекцыя сачыла, каб на прадпрыемствах працавалі людзі, якім споўнілася 18 гадоў. Такім чынам, пэўныя меры па захаванні працоўнага заканадаўства былі. Але ў жыцці нярэдка ўсё было складаней, чым на паперы. Нярэдка ўзнікалі працоўныя спрэчкі. У шэрагу выпадкаў рабочыя звярталіся ў інспекцыю па працы. Напрыклад, у 1931 г. 16 рабочых паскардзіліся, што лясное прадпрыемства фірмы "Хорастаў" у Сінкевічах не заплаціла ім за работу (сплаў лесу па рацэ Лань). Інспекцыя пасля перапіскі з фірмай параіла рабочым звярнуцца ў суд.

Адмоўна адбіўся на мясцовай прамысловасці сусветны эканамічны крызіс 1929 — 1933 гг. — лунінчане непасрэдна адчулі агульнае пагаршэнне эканамічнага становішча. Шэраг прадпрыемстваў з-за гэтага быў вымушаны скараціць аб' ём вытворчасці, а з ёй, зразумела, і колькасць рабочых. I пазней, у сярэдзіне 30-ых гадоў, рабочыя нярэдка аказваліся на вуліцы. 15 лістапада 1934 г., напрыклад, фірма "Ольза" звольніла 50 рабочых. Праўда, праз некалькі месяцаў яны былі прыняты зноў. У снежні 1935 г. было звольнена 200 чалавек, праз год — 100. Нярэдка масавыя звальненні адбываліся з-за часовай астаноўкі машын і абсталявання (яны выходзілі са строю, не хапала сыравіны і г.д.) — акрамя "Ользы", такія выпадкі былі на лесапільных заводах (тартаках) у Луніне (Б. Бромберга), Навасёлках (Якуба Шапіры) і інш. Вядома, усё гэта пагаршала становішча рабочых. Кожны раз пасля звальнення яны не маглі быць упэўненыя, што знойдуць зноў работу. А вымушанае беспрацоўе магло працягвацца і шмат месяцаў.

Нізкі заробак і цяжкія ўмовы працы неаднойчы вымушалі рабочых страйкаваць.

22 жніўня 1923 г. у в. Навасёлкі адбылася забастоўка 50 рабочых лесапільнага прадпрыемства, якія патрабавалі адмяніць усялякія пакаранні (штрафы), павысіць плату і палепшыць умовы працы, забяспечыць медыцынскай дапамогай. У Лунінец, у прафсаюзныя органы, быў пасланы рабочы дэлегат Вацлаў Кубліцкі, але яго паездка не дала вынікаў. Для падаўлення забастоўкі з'ехаліся казакі з Лунінца і Пінска, паліцэйскія з Лунінца і Чучавіч, агенты дэфензівы. У выніку 10 чалавек былі арыштаваны, а астатнія бастуючыя звольнены.

У Мікашэвічах на заводзе драўляных вырабаў, фірмы "Ольза" ў маі 1924 г. рабочая дэлегацыя запатрабавала ад адміністрацыі выплачваць заробак кожную суботу, павялічыць яго, вызначыць 8-гадзінны, а па суботах — 6-гадзінны працоўны дзень, выдаваць якасныя прадукты (іх звычайна рабочыя бралі па талонах у заводскіх крамах), нікога не звальняць і г.д. Патрабаванні не былі выкананы. Асабліва абурала рабочых, што іх 6-месячны заробак не выплачваўся. У выніку 21 — 25 мая баставалі 146 чалавек са 185 занятых у той час на прадпрыемстве. Кіраваў забастоўкай спачатку дэлегат рабочых Валіцкі, а потым быў створаны камітэт, у якім вядучую ролю адыгралі члены ППС (Польскай партыі сацыялістычнай). Старшынёй камітэта быў Маслянка, сакратаром — Тагоўскі.

Асаблівых вынікаў забастоўка не дала.

26 — 27 мая 1930 г. з-за нявыплаты зарплаты ў Бастыні на лесапільным заводзе і млыне, што належалі Грабоўскаму, баставалі ўсе 159 рабочых. У красавіку 1936 г. на лесапільным заводзе у Дзятлавічах нечакана былі звольнены 30 рабочых. Тыя, хто застаўся працаваць, баставалі 3 дні, але не здолелі вярнуць звольненых таварышаў. З-за малога заробку 20 — 21 студзеня 1937 г. баставалі 22 рабочых (з 24) на лесапільным заводзе Ю. Бромберга ў Луніне.

Нягледзячы на эпізадычнасць забастовак і іх эканамічны характар, яны выклікалі занепакоенасць улад. Напрыклад, 22 снежня 1931 г. у Брэсце адбылася канферэнцыя прадстаўнікоў мясцовай улады, дзе ў прысутнасці палескага ваяводы і чыгуначнікаў МУС абмяркоўваліся пытанні больш цеснага ўзаемадзеяння з паліцыяй і сакрэтнай службай (дэфензівай). У прыватнасці, лунінецкі павятовы стараста Вітольд-Канстанцін Чахоўскі ў сваёй прамове паскардзіўся на недахоп па ўсяму павету 23 паліцэйскіх (некаторыя пастарункі налічвалі па 2 — 3 чалавекі). Непакоіла паліцыю і становішча ў вёсцы, бо неўраджай 1932 г. прывёў да росту незадаволенасці сялян. Потым прамоўца адзначыў як недальнабачную палітыку адміністрацыі фірмы "Ольза" ў Мікашэвічах (яе ўзначальваў нехта Шыфрын). Пры эксплуатацыі лясоў Патоцкага Шыфрын выкарыстоўваў кожную магчымасць, каб зменшыць заробак рабочым. Для гэтага ён ахвотна браў на работу "чужых", якія пагаджаліся працаваць за 1 злоты 80 грошаў штодзённа. З-за гэтага стваралася, па словах старасты, нездаровая сітуацыя. Мясцовыя рабочыя былі незадаволены тым, што чужынцы зніжаюць ім заробкі. Па-другое, сярод немясцовых рабочых (з ліку беспрацоўных) трапляліся непажаданыя для ўлад элементы, якія зводзілі таварышаў па працы "з вернага накірунку". У выніку інспектарат працы, які завёў шмат спраў па скаргах рабочых, запатрабаваў ад Шыфрына "чужых" не браць. Але такая практыка існавала не толькі ў "Ользе", але, напрыклад, і ў Вульцы, дзе ў асноўным працавалі "чужынцы". Ды і фірма "Агахель" імкнулася заплаціць як мага меней. Стараста лічыў, што такія дзеянні вядуць да непатрэбнага росту сацыяльнага напружання, і перасцерагаў ад іх.

Сапраўды, у жыхароў павета былі падставы для незадавальнення. "Райскія" ўмовы жыцця ў Польшчы існавалі для параўнаўча невялікай часткі насельніцтва. Большасць жа сялянства была адарваная ад "выгод цывілізацыі". Улюбёным заняткам для некаторых польскіх чыноўнікаў было разважаць аб фізічным і інтэлектуальным выраджэнні мясцовых сялян. Напрыклад, у 1927 г. павятовы стараста характарызаваў умовы іх жыцця як невыносныя.

Аб яшчэ адным дакуменце расказаў Я. Пархута ў кнізе "Зямля бацькоў нашых":

У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці захоўваецца справаздача ўрача Лунінецкага павятовага староства, складзеная 11 красавіка 1927 года. У ёй расказваецца, што амаль увесь павет размяшчаўся ў вялізнай забалочанай нізіне з цеснымі, раскіданымі сярод балот, як астраўкі, населенымі пунктамі. А вакол іх — багна і лісцевы лес. Сельскае насельніцтва займалася выпасам жывёлы, а таксама працавала ў розных дрэваапрацоўчых кампаніях у цяжкіх умовах у лесе. Гарачай ежы не было, адпачывалі людзі ў цёмных бараках, на голых нарах. Гэтае насельніцтва насіла на сабе ўсе рысы фізічнага і інтэлектуальнага выраджэння.

У такіх жа ўмовах знаходзіўся палескі селянін і ў сваёй вёсцы. У сувязі з занадта малой плошчай сухой тэрыторыі неа6ходнай людзям пад палі, самі паселішчы звычайна знаходзіліся ў нізінах, дзе жыцьцё магчыма было толькі ў сухое лета. Хаты будаваліся нізкія, малыя, звычайна з аднаго памяшканьня з невялікім праёмам для акон і дзвярэй, каб не трацілася цяпло. Большасць такіх пабудоў падлогі не мела, яе замяняў пясок. Сцены, вядома, зусім не тынкаваліся. Мэбліроўка такога жыльля складалася з дзвюх лавак уздоўж сцен, невялікай дошкі на козлах, якая служыла сталом, і драўляных нар для ўсёй сям'і без якой-небудзь пасцелі, толькі прыкрытай саломай.

Чацвёртая частка такой хаты звычайна была занята вялікай печчу. У такіх бедных хатах утрымлівалася зімою і хатняя жывёла. Ежай служылі амаль што выключна хлеб, бульба і невялікая колькасьць саланіны як "афарбоўка" для ежы..."

У Чырвонай Волі, Лахве частка хат не мела печаў, а ежу рыхтавалі на камінах, ад якіх па хаце ішоў дым і смурод. Мяса, па словах старасты, сяляне звычайна елі 2 разы на год, па вялікіх святах."

Вядома, што хворых пры такіх умовах жыцця было шмат. Стараста зазначаў, што 30 % сялян непрыдатныя для вайсковай службы, а хворыя на туберкулёз складаюць ледзь не палову насельніцтва. Лазняў было 7, але ўсе — у горадзе і мястэчках, а ў вёсках ніводнай. Нярэдка здараліся эпідэміі, у тым ліку ў 1934 г. — воспы і сыпнога тыфу.

Установы аховы здароўя ў большасці сваёй размяшчаліся ў павятовым цэнтры. Згодна з дакументамі, у 1929 г. тут працавалі 7 урачоў, 5 акушэрак і 3 фельчары, былі сеймікавы шпіталь, лячэбная гмінная і супрацьтуберкулёзная амбулаторыі, 2 бальнічныя касы для рабочых. Ажыўленыя дэбаты выклікала ў той час пытанне аб адкрыцці ў горадзе другой аптэкі. Першай валодаў нехта Хафштэйн. У жніўні 1929 г. гарадская рада пастанавіла адкрыць у Лунінцы гарадскую аптэку. Стараста пісаў ваяводзе, аргументуючы гэтае рашэнне, што горад усё ж даволі буйны, да таго ж тут вялікі рух пасажыраў па чыгунцы. У аптэцы Хафштэйна лякарствы вельмі дарагія, таму іх не ў стане купіць многія жыхары. Але перапіска працягвалася яшчэ доўга. Дэпартамент аховы здароўя з Варшавы даводзіў ваяводзе, што для Лунінца, які не мае перспектыў развіцця зашмат і адной аптэкі, тым больш і ў ёй гандаль не вельмі вялікі (за год толькі на 22 тысячы злотых). Да таго ж у канцы 20-ых гадоў былі створаны публічныя аптэкі ў Лахве, Мікашэвічах, Чучавічах.

Пакуль ішла бюракратычная перапіска, людзі хварэлі. Бясстрасныя лічбы медыцынскіх справаздач (яны састаўляліся звычайна двойчы на год) сведчаць аб колькасці і аб дзейнасці медыкаў. Вось, напрыклад, справаздача павятовага ўрача Ул. Кавальскага аб рабоце ў першым паўгоддзі 1931 г. Ад туберкулёзу ў амбулаторыі лячыліся 168 чалавек, 18 чалавек — ад венерычных хвароб. Увогуле за паўгоддзе прынята ў амбулаторыях 37 662 чалавекі, з якіх 289 накіраваны да спецыялістаў, 594 пакладзены ў бальніцу, а 6224 лячыліся амбулаторна. Праведзена было 107 праверак у пачатковых школах (дададзім, што крыху раней, у 1930 г., з 10 398 вучняў было выяўлена 35 калек, 21 глухі і 24 з дрэнным зрокам. У 25 вучняў была трахома, у 31 — кароста, у 528 — вошы). У павеце не было спецыяльнай службы аховы мацярынства і дзяцінства, але ўсё ж былі абследаваны 134 цяжарныя жанчыны і 139 дзяцей дашкольнага ўзросту, прынята 177 родаў, гінекалагічная дапамога аказана 263 жанчынам. Існавала антыалкагольная камісія, але яе пасяджэнняў не праводзілася.

Сумны малюнак паўтараўся з году ў год. Адной з прычын шматлікіх захворванняў была адсутнасць прафілактыкі сярод насельніцтва, бо яна, як і лячэнне, патрабавала грошай. Напрыклад, у павятовай бальніцы, якую ўтрымліваў сеймік, за дапамогу пры ўнутраных хваробах плацілі па 8 злотых, пры хірургічных і гінекалагічных — па 10. (Заўважым, што не кожная сям'я мела такія сродкі.) Бальніца гэта была адкрыта яшчэ ў першую сусветную як ваенны шпіталь і знаходзілася ў будынках, што належалі чыгунцы. Пасля вайны яна перайшла ў падпарадкаванне Палескага ваяводскага ўпраўлення, а з 1925 г. — павятовага сейміка. У 1930 г. тут налічваліся 53 ложкі, працавалі ўрач і 2 сястры. У канцы 1933 г. бальніца была зачынена, затое з Ганцавіч у Лунінец была перанесена другая, заснаваная ў свой час Лігай Нацый. Яе зрабілі эпідэміялагічнай бальніцай на 25 ложкаў. Утрымлівала яе дзяржава, працавалі тут урач, сястра і акушэрка.

У галіне адукацыі і культуры польскі ўрад праводзіў адкрытую палітыку паланізацыі. Навучанне ў школах стала весціся на польскай мове. Вучняў выхоўвалі ў павазе і адданасці польскаму ўраду. Вялікі ўплыў на іх свядомасць аказвала каталіцкая рэлігія.

Зразумела, што аб вывучэнні беларускай мовы не магло ісці і гаворкі (у 1936 г. у Заходняй Беларусі засталося толькі 16 з 500 беларускіх школ). Увогуле ўлады шмат у чым дасягнулі свайго. У мемарандуме палескага ваяводы аб эканамічным, грамадска-палітычным, нацыянальным і культурным становішчы Палесся ёсць цікавыя звесткі аб нацыянальным складзе інтэлігенцыі Лунінецкага павета на 15 лістапада 1932 г. Яе колькасць была ўсяго 660 чалавек (на 108 тысяч насельніцтва), з якіх 479 палякаў, 76 рускіх, 37 яўрэяў і 46 беларусаў. У 85 пачатковых школах настаўнікамі былі 187 палякаў, 8 украінцаў і толькі 1 беларус. У прыватных пачатковых школах было 7 настаўнікаў і 302 вучні, прычым выкладанне вялося ў 1 школе на польскай мове, у двух — на іўрыце, у адной — на абедзвюх гэтых мовах. У Лунінецкай гімназіі ў той час было 13 настаўнікаў-католікаў і 2 праваслаўных. Колькасць школ "пры Польшчы" пашырылася. "На землях, дзе быў пазней створаны Лунінецкі павет, у 1913/14 навучальным годзе было толькі 19 земскіх школ (26 настаўнікаў) і 11 царкоўнапрыходскіх (11 настаўнікаў) (згодна з данымі школьнага інспектара К. Сняжко).

Лунінеччына адносілася да Брэсцкай школьнай акругі, у самім павеце меўся інспектарат школ. Яго статыстычныя справаздачы ўтрымліваюць шмат звестак аб стане адукацыі. У снежні 1926 г. налічвалася 58 дзяржаўных і 7 прыватных школ (адпаведна 95 і 14 настаўнікаў), а праз год — 80 і 3 (настаўнікаў — 128 і 11). Змянілася і колькасць вучняў: у дзяржаўных школах — з 5299 (у 1926 г.) да 6732 (у 1927 г.), у прыватных — адпаведна з 412 да 243. Вядома, маюцца на ўвазе перш-наперш пачатковыя школы, а яны былі ў асноўным з непрацяглым тэрмінам навучання (можна прыгадаць, што ў пачагку 20-ых гадоў у вёсках было 11 аднакласных школ, 6 двухкласных, а трох-, чатырох- і пяцікласных — толькі па адной). Нярэдка вясковыя школы былі вымушаны арэндаваць сялянскія хаты.

Захаваліся асобныя звесткі пра шэраг вясковых школ. У Любані, напрыклад, нават у цяжкія ваенныя 1919 — 1920 гг. дзяцей вучыў настаўнік Дудзіч, які прыязджаў з Лахвы, заняткі вяліся на рускай мове Спачатку было 17 вучняў, потым — 30. Бацькі іх штогод плацілі па 2 пуды жыта і па 5 пудоў бульбы. Палякі ў канцы 1921 г. закрылі школу, а ў наступным годзе адкрылі свае пачатковыя школы ў Любані і Лахаўцы.

У Сінкевічах пачатковая школа была адкрыта амаль адначасова з пабудованым тут касцёлам. Польскія ўлады найбольш клапаціліся пра дзяцей з каталіцкіх сем'яў — уручалі ім у святы падарункі, пасля атрымання пачатковай адукацыі католікам было прасцей працягваць навучанне ў горадзе. Раскватэраваная ў вёсцы вайсковая часць узяла шэфства над сіротамі-католікамі, іх вучылі музыцы, а юнакі праходзілі пачатковую ваенную падрыхтоўку і потым маглі стаць членамі Стралецкага саюза.

У Мікашэвічах школа існавала доўгі час у невялікім будынку, а ў сярэдзіне 30-ых гадоў пачалося ўзвядзенне новай, яе абвясцілі "домам народнай будоўлі", тут працавалі настаўнікі, вучні, іх бацькі. У 1939 г. будоўля была закончана і адкрылася "Сямігадовая школа для ўсіх". Вывучалі польскую і нямецкую мовы, закон Божы, гісторыю, арыфметыку, фізіку, геаграфію, заалогію, ручную працу (дамаводства). У 9 гадзін па варшаўскім часе вучні станавіліся ў пары і ішлі на ранішнюю малітву. Пасля разыходзіліся па класах, дзе іх штодзённа чакала 5 — 6 урокаў.

У 1937/38 навучальным годзе ў павеце налічвалася 124 агульнаадукацыйныя школы, а таксама 11 прыватных. Але, як сведчаць лічбы, каля чацвёртай часткі дзяцей не вучыліся нават у пачатковых школах (па некаторых даных, 80 % дзяцей заходніх беларусаў былі непісьменнымі). Сярод вучняў, як ужо адзначалася, было шмат хворых. Не хапала настаўнікаў, таму на кожнага прыпадала каля 70 вучняў.

Сярэднія навучальныя ўстановы былі ў Лунінцы. На базе царскай 7-гадовай гімназіі ў 1921 г. была адкрыта дзяржаўная гімназія імя Уладзіслава Ягелы, польскага караля. Яна арандавала памяшканне на вуліцы Гомельскай, 26. Уступныя экзамены, як і экзамены на атэстат сталасці, былі платныя. Неабходнабыло штомесячна аплачваць і навучанне. Зразумела, гэта было не ўсім па кішэні. У 1937/38 навучальным годзе ў гімназіі было 308 вучняў, з якіх 135 — дзеці дзяржаўных служачых і вайскоўцаў.

Апрача дзяржаўнай, у горадзе была і прыватная сярэдняя навучальная ўстанова (практычна такая ж гімназія) — расійская рэальная школа, якую ўтрымлівала Рускае дабрачыннае таварыства. Навучанне і тут вялося на польскай мове. Гэта прыватная школа таксама арэндавала памяшканні.

Былая вучаніца гэтай школы, пазней — актыўны член КПЗБ, А.І. Лабачэўская ўспамінала:

"У 30-ыя гады ў Польшчы ўзнік фашызм. Пад заклікам "Польшча для палякаў!" пачаліся ганенні на нацыянальныя меншасці. Беларусаў звальнялі з усіх устаноў. Вось і майго бацьку Івана Мініча Лабачэўскага прымусілі пакінуць займаемую пасаду начальніка станцыі. Наша вялікая сям'я (шасцёра дзяцей) засталася без сродкаў існавання. На вуліцы нельга было гучна размаўляць на роднай мове. У горадзе была закрыта "за камуністычны дух" прыватная руская рэальная гімназія. Я вучылася там.

Лунінецкае рэальнае вучылішча (потым ператворанае ў рэальную гімназію) існавала на дабрачынныя сродкі. Яно было сапраўдным цэнтрам культуры на "крэсах усходніх", дзякуючы высокаадукаваным выкладчыкам.

Алена Віктараўна Кірыевіч выкладала рускую літаратуру, яна расказвала нам пра савецкіх пісьменнікаў. Кнігі Горкага, Маякоўскага, Блока, Ясеніна, Зошчанкі ляжалі на партах старшакласнікаў. У той час буржуазная Латвія выдавала кнігі савецкіх літаратараў, а адтуль гэта літаратура дастаўлялася ў Польшчу.

Дырэктар Мікалай Мікалаевіч Царэўскі выкладаў хімію. Чалавек ён быў эрудыраваны, выхоўваў у вучняў антырэлігійны светапогляд, вучыў іх аналізаваць з'явы. Лунінецкая ахранка за гэта пастаянна выклікала яго на "субяседванні" і шантажыравала, чым давяла да таго, што ў 1927 годзе ён у школе скончыў жыццё самагубствам.

Францыска Францаўна Царэўская выкладала матэматыку. У 1929 годзе яна наведала Савецкі Саюз для атрымання спадчыны і прывезла з сабой савецкія падручнікі, па якіх вяла ўрокі.

У 1928 годзе выкладчыкам фізікі стаў Вялецкі (былы прафесар Кіеўскага універсітэта, але ў Польшчы яму забаранілі выкладаць у вышэйшых навучальных установах). Ён цікава і змястоўна чытаў лекцыі старшакласнікам, як студэнтам. Усе новыя адкрыцці таго часу былі прадметам нашага вывучэння.

Яго сын Герман Вялецкі — студэнт Віленскага інстытута — блізка пазнаёміўся са старшакласнікамі. Ён прывозіў нам нелегальную літаратуру. Разам (яго брат Расціслаў, Валянцін Фянькоўскі, Антон Уласік, Калістрат Дунец і я) чыталі "Маніфест Камуністычнан партыі", работу У.І. Леніна "Дзяржава і рэвалюцыя" і іншыя забароненыя кнігі.

Выпускнікі рэальнага вучылішча Мікалай Перапёлкін, Мікалай Булко, Васіль Палякоў, Аляксандра Катуша адмовіліся прыняць польскае падданства і патрабавалі выслаць іх у Савецкі Саюз, што і было зроблена.

А вось іншыя выпускнікі: мой брат Барыс, Міхаіл Юркевіч, Кацярына Богуш — былі арыштаваны польскай паліцыяй, па-зверску збіты (брату адбілі лёгкія), абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Савецкага Саюза і асуджаны на розныя тэрміны турэмнага зняволення. Барыс і Міхаіл прасядзелі 4 гады пасля вызвалення яны адмовіліся прыняць польскае падданства і былі высланы ў Савецкі Саюз.

Палякі называлі рускую школу "гняздом бальшавізму". Яны пасылалі выкладчыкамі польскай мовы, геаграфіі, гісторыі сваіх даносчыкаў — ксяндза, следчага. У 1930 годзе школа ўсё ж была закрыта. Вялікі калектыў кваліфікаваных рускіх выкладчыкаў застаўся без кавалка хлеба".

Працягвала функцыяніраваць чыгуначнае вучылішча. Навучанне вялося на працягу 3 гадоў.

Культурная палітыка ўлад таксама адпавядала іх інтарэсам і была накіравана на выхаванне людзей у патрэбным духу. Але былі тут і пэўныя супярэчнасці. З аднаго боку, католікам аддавалася перавага пры працы ў дзяржаўных установах, школах і г.д. Але ў Лунінцы і вёсках функцыяніравалі праваслаўныя храмы, былі і яўрэйскія сінагогі (тры ў горадзе). Сінагогі і яўрэйскія малітоўныя дамы пасля Вялікай Айчыннай вайны ўжо не аднаўляліся. Касцёлы былі ў Лунінцы, Мікашэвічах, Лахве, Сінкевічах.

Часам узнікалі пэўныя канфлікты і непаразуменні на рэлігійнай аснове. Цікавая гісторыя іконы святога Міколы-Цудатворца ў ківоце цёмнага дрэва, якая з'яўлялася ўласнасцю Лунінецкага паравознага дэпо. Набытая на грошы, сабраныя чыгуначнікамі, яна была ўстаноўлена пасля асвячэння прадпрыемства ў невялікім пакоі ля галоўнага ўвахода ў дэпо. Кожны дзень рабочыя і служачыя праходзілі на свае рабочыя месцы, верачы ў дапамогу і заступніцтва святога. Але ў 20-ыя гады мясцовыя ўлады загадалі перадаць ікону ў царкву. Нягледзячы на тое, што большасць працаўнікоў дэпо былі праваслаўнымі, над уваходам прымацавалі каталіцкі крыж.

Аднак Лунінецкая царква заставалася ў пэўнай ступені цэнтрам грамадскага жыцця ў горадзе. Яна мела ў той час патрэбу не толькі ў культавых прадметах (іконах, харугвах, рызах, посудзе), але і ва ўнутраным упрыгожванні.

Ва ўмовах пануючага рэжыму апалячвання і акаталічвання насельніцтва прыхаджанам многае было не па сілах, але яны пераадольвалі цяжкасці і па меры магчымасці ўдзельнічалі ва ўладкаванні свайго храма.

Шырока вядомы нават за межамі Лунінца быў мэбельшчык Сцяпан Ішчанка. Ён выдатна рабіў разьбу па дрэве і выканаў для новай царквы шмат рам і ківотаў для ікон, якія дагэтуль упрыгожваюць сцены і алтар царквы. Яго сыны Міхаіл і Георгій распісалі столь над алтаром і намалявалі некалькі ікон. Наогул, горад можа ганарыцца такімі таленавітымі мастакамі. Асаблівымі здольнасцямі вызначаўся Міхаіл. Ён закончыў прэстыжнае Віленскае вучылішча выяўленчага мастацтва, але незадоўга да ўз'яднання Заходняй Беларусі ў складзе БССР перайшоў разам з братам "зялёную мяжу" па волі бацькі. Бацька не мірыўся з польскай уладай і жадаў сваім дзецям лепшай долі ў Савецкім Саюзе. На жаль, Міхаіл перад вайной быў рэпрэсіраваны і загінуў, а Георгію пашгчасціла вярнуцца на радзіму, дзе ў 1920 годзе ён быў сакратаром першай у Лунінцы камсамольскай ячэйкі, і яшчэ доўгі час выкладаць маляванне і чарчэнне ў СШ № 1 і № 2 г. Лунінца. Можна толькі выказаць шкадаванне, што царкоўныя работы братоў Ішчанкаў былі знішчаны зусім нядаўна пры чарговым рамонце.

Лунінецкая царква славілася сваім хорам. Многія прыхаджане спявалі ў ім на працягу дзесяцігоддзяў, мелі цудоўныя галасы. У горадзе ўсе ведалі Серафіму Бесан, якая не толькі спявала ў царкве ў даваенныя і пасляваенныя гады, але і стварыла ў 1939 г. самадзейны хор.

Пра жыццё і дзейнасць лунінецкіх свяшчэннікаў у польскі перыяд вядома няшмат. Свяшчэннікі Абаленскі, Палхоўскі, Падольскі ў 20-ыя гады жылі ва ўласных дамах па вуліцы Гагарына. Ёсць звесткі, што сын Падольскага (магчыма, ураджэнец Лунінца) быў афіцэрам, адным з першых марскіх лётчыкаў Польшчы. Тады аб ім быў створаны фільм, які дэманстраваўся і ў кінатэатрах Лунінца.

Незвычайнай сілы голасам запомніўся жыхарам горада дыякан Лунінецкай царквы Сабалеўскі. Расказваюць, што, калі ён спяваў, у вокнах царквы дрыжэла шкло. Пасля вайны лёс закінуў яго ў Англію.

Двойчы ў год на святы Хрышчэння і Вялікадня прыхаджане на чале са свяшчэннікам рабілі хрэсны ход ва ўрачыстай абстаноўцы пры вялікім зборы людзей. Але ў 30-ыя гады польскія ўлады забаранілі хрэсны ход на свята Хрышчэння праз увесь горад да сажалкі з вадой, якая знаходзілася непадалёку ад воданапорнай вежы за чыгункай. Таму хрэсны ход рухаўся ад царквы па вуліцы Старасельскай (цяпер Чырвоная) да калодзежа на перакрыжаванні цяперашніх вуліц 17 Верасня, 50 год Кастрычніка і Чырвонай, дзе і адбываўся хрысціянскі абрад хрышчэння вады.

Побач з калодзежам стаялі высокія праваслаўныя крыжы (яны былі яшчэ на некалькіх перакрыжаваннях, але гэтыя — самыя славутыя, адлюстраваныя на паштоўцы 30-ых гадоў).

Улады часам нават накіроўвалі для аздаблення шэсця вайсковы аркестр.

На Вялікдзень хрэсны ход адбываўся вакол царквы ў час усяночнай службы. Царкоўны двор і вуліцы паблізу былі запоўнены народам, які прыносіў асвяціць велікодныя стравы не толькі з горада, але і з навакольных вёсак.

У 20-ыя гады, калі яшчэ выразна вызначалася ўзвышша, на якім пабудавана царква, на пясчаных склонах моладзь праводзіла гульні, свята сустрэчы вясны. А ў велікодныя дні тут ішлі своеасаблівыя спаборніцтвы паміж пастаяннымі сапернікамі — камандамі вуліц Царкоўнай (цяпер Гагарына), Брадзілаўкі (Сялянскай) і Раёна Бярвечак (так гараджане называлі ўчастак ускрайку горада — ад вуліцы Чырвонай да каталіцкіх могілак). Маладыя хлопцы спаборнічалі ў катанні пафарбаваных яек. Гэта гульня мела свае законы і правілы, да яе рыхтаваліся загадзя, вырабляліся спецыяльныя дошкі, з якіх пачынаўся "старт" яйка. Шчасліўчыкі выйгравалі па некалькі дзесяткаў яек. Гэтай гульнёй у "каталкі" захапляліся дарослыя і дзеці ў розных канцах горада, але каля царквы быў цэнтр, дзе гэтыя велікодныя гульні выклікалі асаблівую цікавасць.

Былі, вядома, у гараджан і іншыя заняткі ў вольны час. Але спачатку — аб установах культуры. Архіўныя дакументы сведчаць, што дзяржава асігнавала на развіццё культуры не так ужо і шмат сродкаў. Значная частка іх накіроўвалася на падтрымку так званых "святліц", своеасаблівых клубаў, якія наведвала перш-наперш моладзь. У 1933 г. такіх клубаў у павеце было 62, з іх 4 — для вучняў, а астатнія — для моладзі. У "святліцах" былі бібліятэкі, займаліся гурткі, у харавым, у прыватнасці, спявалі польскія песні. 10 "святліц" меў Стралецкі саюз (тагачасная грамадская арганізацыя, якая актыўна дапамагала ўладам у правядзенні іх палітыкі). 15 аналагічных клубаў меў Саюз гурткоў гарадской моладзі. Астатнія "святліцы" былі створаны настаўнікамі пачатковых школ. "Святліцы" адыгрывалі пэўную ролюў асветніцка-прапагандысцкай рабоце. Напрыклад, 8 красавіка 1933 г. арганізацыя Саюза жанчын грамадскай працы звярнулася да ваяводы, каб той выдаў сродкі для культурнай работы. Да заявы быў прыкладзены невялічкі каштарыс (150 злотых на мэблю, 300 — на радыёпрыёмнікі, 20 — на шахматы, шашкі і даміно, 100 — на сцэнічныя дэкарацыі, партрэты, геаграфічныя карты, віды Польшчы, 300 — на кнігі). Гэты пералік дае ўяўленне пра накірункі работы клубаў. Цікава, што на заяве ёсць рэзалюцыя: "Вельмі дорага".

Акрамя бібліятэчнай работы, спеваў, гульняў і г.д. культурныя ўстановы праводзілі спартыўныя мерапрыемствы, чыталі лекцыі. Практыкавалася праслухоўванне радыёперадач, бо радыё ў той час толькі яшчэ пранікала ў вёскі. Напрыклад, былі радыёфікаваны некаторыя дамы на чыгуначнай станцыі ў Бастыні (заўважым, што ў гэты час тут жылі 1697 чалавек), захавалася квітанцыя аб уплаце за карыстанне радыёкропкай, датаваная 1933 г.

У павятовым цэнтры было некалькі бібліятэк: "Огніска" ("Ачаг"); належала чыгунцы, тут было 1268 тамоў), польскай мацярынскай школы (каля 600 тамоў), перасовачная школьнага інспектарата (57), настаўніцкая (208), паліцыі (1200), аддзела Стралецкага саюза (каля 300), дзяржаўнай гімназіі (3600) і яўрэйская бібліятэка "Тэль-Хай", названая так у гонар пасялення на поўначы сучаснага Ізраіля.

Вельмі любілі гараджане бавіць час у парку, закладзеным чыгуначнікамі яшчэ ў пачатку стагоддзя. Пасаджаныя імі дрэвы ўжо падраслі. Нешырокі і доўгі парк пачынаўся адразу за казармай і даходзіў да могілак, а ўваход змяшчаўся з боку перона. Са спецыяльна пабудаванай "ракавіны" несліся мелодыі аркестра. У гэтым жа парку, або "садзе каляёвым", гандлявалі сельтэрскай вадой. I дзеці, і дарослыя радаваліся пабудаванаму тут фантану. Яшчэ з царскіх часоў існаваў тут чыгуначны клуб, у якім у 30 — 40-ыя гады дэманстраваліся кінафільмы. Кінатэатр "Огніска" належаў чыгуначнікам, меў 200 месцаў у зале. Кіно дэманстравалі 4 разы на тыдзень, спачатку — толькі "нямое", бо не было апаратуры для гукавых стужак.

З сярэдзіны 30-ых гадоў жыхары Лунінца мелі магчымасць у летнія выхадныя і святочныя дні адпачываць на беразе Прыпяці, куды іх прывозіў спецыяльны цягнік. Урачыста, з разнастайнымі буфетамі і кіёскамі адзначалася тут свята мора. Адна з паштовых картак тых часоў адлюстравала дачны поезд на Прыпяць ля перона Лунінецкага вакзала.

На ўскрайках горада існавалі пагоркі — дзюны з жоўтага пяску (на вуліцах Маскоўскай, Чырвонай, Баханове). У 20-ыя гады археолагі знайшлі на адной з іх (на вуліцы Чырвонай) крэмніевыя стрэлы, нажы, бусы — сведчанні дзейнасці першабытнага чалавека.

У Лунінцы і дагэтуль засталіся асобныя будынкі і месцы, якія нагадваюць пра "польскія" часы. Шмат аб чым могуць расказаць і фотаздымкі, паштоўкі, што захаваліся ў музеях і сямейных архівах.

Чыгунка, падзяліўшая горад на дзве часткі, была і ў той час напружанай транспартнай артэрыяй са шматлікімі службамі і будынкамі. Візітнай карткай горада быў вакзал. На прывакзальнай плошчы — сквер з помнікам Пілсудскаму. Палякі ўпрыгожылі горад і будынкам казармы. Непадалёку была пошта.

У пачатку 20-ых гадоў польскія ўлады правялі рэарганізацыю паштовай службы. Некаторыя паштовыя аддзяленні былі зусім закрыты, іншыя, напрыклад Лунінецкае, атрымалі ніжэйшы клас — паштовае агенцтва. Дарэчы, у той час паштовыя аддзяленні меліся ў 17 мястэчках і вёсках павета.

Адметным месцам у тагачасным горадзе былі, як ні дзіўна, могілкі.

Вядома, што ў гады першай сусветнай вайны ў Лунінцы было некалькі вайсковых шпіталяў. У іх ад атрыманых ран памерла многа салдат, якіх тут жа і пахавалі. Шмат магіл, адзіночных і брацкіх, пакінула наступная вайна — грамадзянская. Пахаванні загінуўшых былі раскіданы па ўсяму раёну, на некаторых захаваліся крыжы з шыльдачкамі і надпісамі, некаторыя былі безыменныя. У канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў польскія ўлады пачалі стварэнне ў Лунінцы двух воінскіх могілак: адны на горцы ў раёне Баханова, другія — у канцы вуліцы Шырокапясковай, цяпер Чырвонай. Будаўніцтва цягнулася некалькі год. Магістрат горада выдзеліў для гэтага неабходную суму грошай. Былі ўрачыста перазахаваны ўсе, без выключэння, астанкі — салдат Германіі, Расіі, Савецкай Расіі. Кожнаму з загінуўшых быў выраблены надмагільны помнік: пад схілам бетонная квадратная пліта з выступаючым крыжам і надпісам. Памяць старажылаў захавала некаторыя з іх: "невядомы рускай арміі", "невядомы бальшавіцкай арміі", або "невядомы арміі Булак-Балаховіча". На шматлікіх надмагільных помніках былі ўказаны прозвішча, год нараджэння, званне, назва і нумар вайсковай часці. Тут побач знайшлі сабе спакой рускі і немец, аўстрыец і беларус, паляк і італьянец, украінец і яўрэй. Радавыя салдаты і афіцэры, сёстры міласэрнасці і ўрачы, казакі і камісары... На двух лунінецкіх вайсковых могілках на магільных плітах можна было чытаць гісторыю.

Могілкі знаходзіліся ў добрым стане, магілы пастаянна даглядалі. У дзень памінання на кожнай гарэлі свечкі ў плошках, кожная магіла асвячалася. Не рабілася ні аднаго выключэння, як падкрэсліваюць старажылы. Перад смерцю ўсе былі роўнымі, смерць прымірыла былых ворагаў.

Побач з вайсковымі брацкімі могілкамі знаходзіліся польскія (каталіцкія) цывільныя. Яны таксама былі закладзены ў канцы 20-ых — пачатку 30-ых гадоў. У цэнтры стаяла каплічка з чорнага, белага і чырвонага мармуру, з усялякімі алегарычнымі скульптурамі: анёламі, лебедзямі і г.д.

Так, тагачасны Лунінец меў свой непаўторны выгляд. Дагледжанымі былі вуліцы, асабліва ў цэнтры, бо ўлады ўважліва сачылі за чысцінёй і часам штрафавалі неахайных гаспадароў. У асноўным аднапавярховыя дамы не вельмі вылучаліся з зеляніны садоў і асобных дрэў на вуліцах, а двухпавярховыя каменныя будынкі ўпрыгожвалі вуліцы. Своеасаблівая архітэктура невялікага горада, або буйнога мястэчка.

У дваццатыя гады гарадская пошта яшчэ размяшчалася ў старой драўлянай пабудове мінулага стагоддзя. У выніку пажару пошта згарэла. Гарадскія ўлады арандавалі першы паверх цаглянага будынка. Тут пошта знаходзілася з пачатку 30-ых і аж да 1944 года. На ўвесь горад было толькі тры паштовыя скрыні.

На вакзале існавала і мела свае штэмпелі так званая перонная пошта. Яна працавала толькі ў час прыходу пасажырскіх паяздоў. Уздоўж поезда хадзіў работнік пошты з латком, прапануючы пасажырам паштовую паперу, маркі, паштоўкі, тут можна было даць тэлеграму. На ўсёй карэспандэнцыі, якая была прынята служачымі пошты, ставіўся прамавугольны штэмпель ружовага колеру з надпісам "Лунінец. Перонная пошта".

Яшчэ адзін цікавы факт. У 1936 — 1939 гг. у Лунінцы працавалі два прыватныя паштовыя пасрэдніцтвы. Яны знаходзіліся ў газетных кіёсках, адзін з якіх размяшчаўся на цяперашняй Прывакзальнай плошчы, другі — на вуліцы Садовай (цяпер вул. 50 год Кастрычніка). Тут прадавалася паштовая прадукцыя; прымаліся простыя і заказныя пісьмы, тэлеграмы. Уладальнікі кіёскаў — М. Бясан і Е. Касцюшка — аказвалі дапамогу ў напісанні лістоў непісьменным кліентам. На гэтых пісьмах ставіліся штэмпелі з прозвішчамі гэтых пасрэднікаў.

На сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай жыхароў прываблівалі рознакаляровыя фарбы гарадскога рынку, які быў знішчаны бомбамі ў час вайны. Былі разбураны ў вайну драўляны будынак магістрата і пабудаваная палякамі гімназія (зараз на гэтым месцы — СШ № 1). Адсюль пачыналася тагачасная вуліца Пілсудскага (потым — Савецкая). Увогуле, раён, прылягаючы да цэнтра горада, быў насычаны гандлёвымі кропкамі яўрэяў-уладальнікаў і іх дамамі. Гандлёвыя рады, шэраг невялікіх драўляных крам былі на Цэнтральнай плошчы. Пры павароце з Савецкай на сучасную вуліцу 50 год Кастрычніка злева ў 30-ыя гады быў дом урача Гурвіча, а справа — дом памешчыка Шчыта з сельскагаспадарчым падворкам (яшчэ ў 20-ыя гады тут каласіўся вялікі ўчастак жыта), а за ім — драўляны павятовы сеймік (сучасны гарадскі суд). Потым улады купілі ўчастак Шчыта, знеслі дом і пабудавалі прыгожы будынак для адміністрацыйных службаў, два крылы якога стваралі вугал двух вуліц (цяперашняя музычная школа).

Лунінцу, як цэнтру павета, пашчасціла больш, чым навакольным вёскам, бо пра яго захавалася нямала пісьмовых звестак. Пра вёскі — менш. Але кожная дробязь цікавая для жыхароў той ці іншай вёскі. Вось, напрыклад, Чучавічы.

У 1920 г. адпраўлена ўсяго 2 лісты з новым зваротным адрасам — Чучавіцкая гміна, праз год — 6 лістоў. З устанаўленнем польскай улады ў 1922 — 1924 гг. у "Разноснай кнізе" Чучавіцкай праваслаўнай царквы нічога не запісвалася, таму што нічога не рассылалася, а з 1925 г. па загаду ўлад запісы ў ёй вядуцца на польскай мове.

Згодна з "Полесским воеводским вестнинком", у 1929 г. у Вялікіх Чучавічах "1320 жителей, почтовое агентство 1-й категории, 19 км до железнодорожной станции". Тут жа ўказваецца, што павятовая зверка і інвентарызацыя вагаў, бязменаў, вымяральных ёмістасцей не выявіла ў гміне якіх-небудзь парушэнняў дзяржаўных правілаў аб вымяральных інструментах з боку іх утрымальнікаў. Паведамляецца пра зварот жыхароў Навасёлак і навакольных хутароў да ўлад з просьбай арганізаваць мясцовую грамаду — "Хутар Навасёлкі".

Напэўна, другім па значнасці населеным пунктам Лунінецкага павета была Лахва.

Па даных зборніка "Паўночна-ўсходнія землі" за 1933 г. тэрыторыя Лахвенскай воласці складала 645,5 квадратнага км з насельніцтвам 21 405 чалавек, у самой Лахве — 3420. Тут знаходзіліся станцыя, управа воласці, гарадскі суд, паштовае аддзяленне 5-ай катэгорыі, касцёл, царква, сінагога. Адсюль вывозіліся будаўнічыя матэрыялы, драўляныя вырабы, бавоўна, конскі волас, рэчывы для вытворчасці алею (са справаздачы палескага ваяводы за 1937 г.). Вядомае было мястэчка і пляценнем кошыкаў.

Большасць насельніцтва Лахвы складалі ў той час яўрэі, якіх шмат жыло і ў другіх мястэчках і буйных вёсках. Можна дадаць, што Лахву нярэдка наведвалі турысты.

Абслугоўвалі кліентаў некалькі пастаялых двароў (тракціраў) і сталовых-закусачных. Вядома аб цікавай ідэі на перспектыву.

Грунтавая дарога Лунінец — Лахва — Давыд-Гарадок у раёне мястэчка перасякала Прыпяць, дзе знаходзілася паромная пераправа — так званы Лахваўскі перавоз. У 1936 г. было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў раёне перавоза невялікай турысцкай базы (на 5 — 10 начлежных месцаў). Па невядомых прычынах рашэнне не было выканана.

Турызм наогул быў распаўсюджаны на Палессі З другой паловы 20-ых гадоў, калі тут спыніўся партызанскі рух і стала больш бяспечна. Канешне, наведвалі гэтыя мясціны пераважна людзі з грашамі і з Польшчы, і з іншых краін Еўропы. Магчыма, кагосьці прываблівалі "экзатычныя" ўмовы жыцця мясцовага насельніцтва, але шмат хто прыязджаў сюды дзеля прыроды, якая ў многіх тутэйшых месцах яшчэ захавала сваю першабытную прыгажосць. Актыўна скарыстоўвала частка гасцей і магчымасць палявання, тым больш што асобныя фірмы стваралі спецыяльныя паляўнічыя ўчасткі.

Шырока вядомымі былі Грычынскія балоты. Сюды прыязджалі вучоныя і даследчыкі з Францыі, Англіі, іншых краін, у канцы 20-ых гадоў — камісія Лігі Нацый (з нагоды асушэння). У "Путеводителе по Полесью" М. Марчака (1935 г.) так апісваецца гэты турыстычны маршрут: "После отъезда из Ганцевичей проезжаем мимо станций Люсино и Мальковичи. Потом турист, желающий посмотреть Гричинские болота, должен выйти из поезда на станции Люща, откуда грунтовой дорогой на фурманке за 4 — 5 злотых доезжает до деревни Большие Чучевичи, которая находится на расстоянии 21 километра от станции. Отсюда в 6 километрах начинаются знаменитые Гричинские болота, здесь на землях имения "Чучевичи-Гоцк", принадлежащего фирме "Агахель", обитают последние медведи. Большие Чучевичи имеют православную церковь, правление гмины, пост государственной полиции. У деревенского доктора можно купить необходимые товары. Ночлежные дома для 4 — 5 чел имеются у Урецкого и Мышакова.

Гричинское болото среди упомянутых выше болот наиболее типично и на туриста оказывает большое впечатление. Огромная его территория исключительно монотонна, местные жители называют эту территорию "Голо", или Мокрый луг. Она покрыта гнилой травой, среди которой на каждом шагу попадаются так называемые "окна" — глубокие маленькие озерца посреди трясины, обросшие по краям камышом. Есть пространства, на которых, на сколько хватит глаз, не увидишь на горизонте ни кустика, ни дерева, на "зыбине" (местное название) — бездонной трясине не удержится не только человек, но даже болотный дуб или карликовая сосна, береза, ольха. Вся территория столь мокрая, что только в очень сухую пору года местные жители могут на отдельных участках единожды скосить сено, работая по щиколотку в воде. Скошенное сено остается на болоте до середины зимы, когда по замерзшему болоту его можно на санях отвезти к хате".

У нарысе Н. Арловіча "Турызм на Палессі" (1938 г.) адзначаецца, што першая сусветная вайна нанесла вялікі ўрон фауне Палесся. За гэтыя гады былі знішчаны амаль усе ласі. Калі ў раёне Давыд-Гарадка дзякуючы намаганням князя Карла Радзівіла колькасць ласёў была даведзена да 450 у 1936 г., то ў такіх спрыяльных для ласёў лясах, як чучавіцкія, іх было толькі некалькі дзесяткаў.

Ляснымі ўгоддзямі вакол вёскі, у ліку іншых, валодала і фірма "Агахель". У адным з праспектаў яна запрашала ў свой маёнтак паляўнічых, указваючы, што ў чучавіцкіх лясах бліжэй да ракі Лань кожную зіму налічвалася да 10 бярлог мядзведзяў, тут вадзіліся рысі, кабаны, лісы, касулі, бабры, цецерукі і ў вялікай колькасці — качкі. Бядой гэтага раёна з'яўляліся ваўкі, якіх многа развялося пасля першай сусветнай вайны. У справаздачы лунінецкага старасты Ягадзінскага адзначалася, што ў 1928 г. урон ад іх толькі ў Чучавіцкай гміне склаў 100 тысяч злотых. У 1927 — 1930 гг. ваўкі знішчылі 60 коней і жарабят і столькі ж буйной рагатай жывёлы, 150 авечак, многа сабак, свіней, гусей, былі выпадкі нападзення ваўкоў на людзей. На лясных драпежнікаў праводзіліся аблавы, масавыя паляванні з удзелам мясцовых, а таксама прыезджых і замежных паляўнічых.

На тэрыторыі Чучавіцкай гміны на вялікіх балотных масівах і ў лясах у 20-ыя — 30-ыя гады было створана некалькі паляўнічых гаспадарак, маёнткаў, нават з удзелам замежнага капіталу. Буйнейшым з іх валодала вышэй названая фірма "Агахель", якая мела галоўную кватэру ў Варшаве і прадстаўніцтва ў Мікашэвічах.

У 1928 г. больш як 5 тысяч гектараў паляўнічых угоддзяў належала акцыянернаму таварыству "Палессе" ў маёнтку Вялікі Ражан. У чэрвені 1929 г.у Чучавіцкай гміне былі зарэгістраваны новыя паляўнічыя гаспадаркі: фальварак Чырвоная Горка і маёнтак Дубіца.

Турызм зрабіўся выгаднай справай для ўлад, таму яны стваралі для яго найлепшыя ўмовы. На I зъездзе польскіх турыстаў у 1936 г. у Пінску было ўзнята пытанне аб будаўніцтве шашы з бетонным пакрыццём Пінск — Лунінец — Давыд-Гарадок — Столін - Сарны. Запрошаны на зъезд дэпутат сейма, сенатар памешчык Францыск Друцкі-Любецкі падтрымаў праект — дарога павінна была прайсці і праз яго землі пад Лунінам. Дарога мела б і важнае стратэгічнае значэнне. Будаўніцтва пачалося адначасова ў некалькіх месцах (у Луніне польскія будаўнікі паспелі пракласці некалькі кіламетраў), але перашкодзіла вайна.

На верх старонкі



Меліярацыйныя работы ва ўрочышчы Марочна каля вёскі Дварэц. 1928 г.


Карта Лунінеччыны 20-х гадоў


Часовая грэбля ў Чучавічах.
30-ыя гады


Капаюць бульбу. 30-ыя гады


Вёска Залессе. 30-ыя гады


Вясковыя дзеці


Г. С. Ішчанка


Лунінецкая Крыжаўзвіжанская
царква ў 30-ыя гады


Каталіцкі касцёл


Начальнік станцыі Мікашэвічы
Антон Лявіцкі з сям'ёй


Вясковая жанчына на вуліцы
Лунінца. 30-ыя гады


Лунінецкія аматары музыкі
сёстры Новак. 1920 г.


Удзельнікі самадзейнага спектакля.
1933 г.


Будаўніцтва новай 7-класнай школы. 1938 г.


Прывакзальная вуліца ў Лунінцы
ў 30-я гады


Вуліца Пілсудскага ў Лунінцы
ў 30-я гады


Вуліца Гандлёвая


Лахвенскі перавоз


Карта Лунінеччыны з назвамі на польскай мове