Некаторыя асаблівасці абрадаў
Пачнём разгляд сямейнага цыкла абрадаў з вяселля.
У большасці выпадкаў па раёне ў сваты ішлі хросныя бацькі. Бацькі не ішлі. Затое ішла адна з цётак бацькоў, якая потым станавілася галоўнай свахай. Неслі хлеб, загорнуты ў рушнікі. У большасці вёсак сваты пляшку не ставілі. Яе неслі на "пэушу", альбо "запоіны". Пры згодзе мяняліся хлебам і за пляшкай, якую выстаўлялі бацькі нявесты, дамаўляліся аб тэрмінах вяселля і выдатках на яго. У Краснавольскім рэгіёне не ішоў у сваты і жаніх.
На "запоіны" збіралася гасцей больш. Акрамя маладых і іх бацькоў прысутнічалі хросныя, браты і сёстры маладых, іх дзядзькі і цёткі. "Запоіны" азначалі канчатковую згоду на шлюб маладых. Спявалі шмат песень (таму і назва "запоіны" — ад слова "пець"). Бацькі нявесты адорваюць сватоў "намёткамі".
На вяселле запрашаюць увесь род. Вяселле адбываецца ў некалькі этапаў. На вяселлі лічылася заганай адмаўляцца ад выпіўкі. Госці такім чынам забіралі сабе ўсю "горыч" сямейнага жыцця, пакідаючы маладым толькі асалоду. Маладым жа піць можна было толькі салодкі квас. Абавязкова, каб усе вясельныя былі апрануты ў новыя світы. Нельга было ісці на вяселле ў пасталах, а маладыя абавязкова павінны быць апрануты ва ўсё новае, а для дзяўчыны абавязкова спраўлялі новыя чаравікі — скураныя паўбоцікі на шнуроўцы. Хлопец мог быць абуты толькі ў боты, але гэта маглі быць боты, у якіх жаніліся яшчэ дзед або бацька. Пасля гэтыя боты маглі стаць вясельным абуткам яго сыну і ўнуку.
Важна адзначыць, што пасля вяселля радзіна не пакідала маладых. Яны на працягу 2 — 3 месяцаў павінны былі кожную нядзелю і на кожнае свята ісці ў госці да каго-небудзь са сваіх родзічаў. Гэтым самым маладая сям'я ўводзілася ў кола сваяцкіх адносін. Акрамя таго, у час, калі маладыя толькі "адкрываюць" адзін аднаго, калі любая дробязь можа выклікаць сварку альбо адчужэнне, яны не застаюцца сам-насам са сваімі псіхалагічнымі праблемамі. Радня змякчае гэты цяжкі перыяд прыстасавання маладых адзін да аднаго. Акрамя таго, на гэты час дзейнічала забарона на ўжыванне спіртнога, а гэта азначае, што была выключана магчымасць "п'янага зачацця". Наогул у абрадах сямейнага цыкла ёсць шмат чаго, што толькі зараз "адкрываюць" псіхолагі.
Самай галоўнай падзеяй у жыцці сям'і было нараджэнне дзіцяці. Сям'я загадзя рыхтавалася да гэтага. Рыхтавалася калыска, шыліся адзенне, пялёнкі і г.д. Традыцыя абстаўляла жыццё і паводзіны цяжарнай жанчыны і парадзіхі вялікай колькасцю звычаяў, абрадаў і забарон. Цяжарнай жанчыне забаранялася чэрпаць з калодзежа ваду, бо як паглядзіць у калодзеж, то дзіця будзе "цёмнае" — родзіцца з разумовымі недахопамі. Нельга было лазіць у "лёх" (склеп ці падвал), бо дзіця будзе "нелюдзімым". Нельга было выносіць смецце з хаты, бо разам з ім выносіцца і шчасце дзіцяці. Нельга было глядзець на агонь і прысутнічаць на пажары — дзіця можа нарадзіцца "мечаным" — з плямамі на целе. Хадзіць жанчына павінна была толькі ў хустцы, каб вецер не трапаў валасы, бо дзіця можа быць "ветраным". Па пятніцах, нядзелях і святах забараняліся ўсе хатнія работы, забаранялася снаваць і ткаць кросны і шмат іншага. I хоць забароны тлумачацца "міфалагічна", але сэнс іх вельмі практычны. Гэтыя забароны і ёсць найбольш дзейсная сістэма абароны мацярынства.
Да родаў цяжарную жанчыну павінны былі наведаць усе яе сяброўкі. Прыходзілі часцей за ўсё на ўвесь дзень, дапамагалі шыць дзіцяці "прыданае", займаліся прыбіраннем, пралі бялізну, гатавалі ежу і г.д. Лічылася, што цяжарная жанчына валодае магічнай сілай, і, наведваючы яе, сяброўкі запазычвалі частку гэтай сілы, і яна потым дапамагала ім перажыць такі ж адказны перыяд свайго жыцця. Пасля нараджэння дзіцяці сяброўкі павінны былі зноў наведаць парадзіху. Бо лічылася, што ў час родаў жанчына траціць сваю магічную сілу і розныя "нячыстыя" могуць прычыніць ёй ці дзіцяці зло. I сяброўкі падтрымлівалі яе запазычанай магічнай сілай. Дарэчы, кожны, хто прыходзіў у хату і ўпершыню бачыў дзіця, павінен быў пакласці грошы, раней хаця б дзесяць капеек (манеты трэба было класці толькі "белыя", мабыць, таму, што раней клалі сярэбраныя), "на шчасце". У некаторых месцах гэтыя манеты клалі на дно пасудзіны, калі дзіця першы раз купалі.
Прымала роды "баба" — старая жанчына з роду нявесткі, якая добра валодала прыёмамі народнага акушэрства. Звычайна ў вёсцы было некалькі "баб". Вясной, у першы панядзелак перад постам, "баба" варыць кашу, абавязкова ў новым гаршку. Усе дзеці, якіх яна прымала, нават калі такому "дзіцяці" ўжо было за 40 гадоў, павінны былі прыйсці да "бабы" ў госці "на кашу". Абавязкова неслі падарунак і сваю гарэлку, а таксама пачастунак "бабе". Пасля вячэры часам старэйшы з дзяцей разбіваў гаршчок аб вушак дзвярэй. "Баба" была адной з галоўных удзельніц абрадаў, якія звязаны з жыццёвым цыклам "дзіцяці".
Вельмі адказным момантам быў выбар хросных, альбо кумоў. У некаторых вёсках хросных выбірала "баба". У іншых іх выбіралі бацькі маладых альбо самі бацькі дзіцяці. На поўдні раёна захаваўся яшчэ звычай браць кума (хроснага) з роду жонкі — бліжэйшага нежанатага родзіча. Думаецца, што гэта звязана з тым, што род жонкі "афіцыйна" прымаў у сваё кола нованароджанага. На поўдні раёна сустракаецца найменне хросных "татусь" і "мамуся". Гэта таксама асаблівыя родзічы ці сваякі. Яны мелі пэўныя абавязкі і правы ў адносінах да сваіх хрэснікаў і іх бацькоў. Абавязковы іх удзел ва ўсіх абрадах, звязаных з жыццём хрэснікаў. У час хрэсьбін яны везлі дзіця хрысціць, потым у час святочнага абеду сядзелі на пачэсным месцы. Абавязкова хросныя дарылі нованароджанаму, а бацькі нованароджанага адорвалі хросных.
Захаваліся звесткі, што менавіта хросныя вучылі хлопчыкаў земляробскім заняткам, рыбнай лоўлі, паляванню і т.д., а дзяўчынак — ткацтву, жаночым палявым работам. Безумоўна, хросныя ў старыя часы былі адказнымі перад вяскоўцамі за выхаванне сваіх хрэснікаў. Па ўспамінах старых, у адной з вёсак у сярэдзіне мінулага стагоддзя бізунамі быў пакараны хросны хлопчыка за тое, што хлопчык спаліў стог сена. Таму, мабыць, трэба перагледзець нашы меркаванні аб ролі хросных.
Шмат было прыстасаванняў для навучання хадзьбе. Сям-там выкарыстоўваліся хадункі, зробленыя з лазовых прутоў, падобныя на сучасныя металічныя на колцах.
Цацак спецыяльных было няшмат. Часцей за ўсё гэта былі драўляныя, гліняныя альбо зробленыя з лапікаў тканіны (лялькі для дзяўчынак). Цацкі рабіліся самімі дзецьмі або дарослымі з абавязковым удзелам дзяцей. Часта для маленькіх цацкі рабілі іх старэйшыя браты ці сёстры. У гэтым быў вялікі сэнс. Малыя знаёміліся з будовай цацкі не ламаючы яе, а ў час стварэння. Таму хлопчыку ці дзяўчынцы не было патрэбы ламаць цацкі. Яны з маленства ўспрымалі канструкцыйныя, стваральныя адносіны да свету, а не разбуральныя, як у наш час. Вялікай павагай карысталіся цацкі, якія "гучалі". Гэта дудкі, гудкі і свісткі, якія ўмеў рабіць кожны хлопчык ва ўзросце 9 — 10 гадоў з чароту ці кары алешыны. Часам у падарунак куплялі ў заезджага гандляра гаршкамі керамічны свісток у выглядзе пеўніка ці коніка, глазураванага яркай палівай. Мусіць, таму на Палессі такі здатны да музыкі і песень народ. З лёстачак рабілі трашчоткі, круцячы якія з рознай хуткасцю атрымлівалі рытмічныя гукі. Былі і яшчэ шмат якія цацкі, але часцей за ўсё замест іх выкарыстоўваліся звычайныя рэчы, якія ўжываліся ў быце і якія ў гульнях дзяцей пераўтвараліся ў людзей, жывёлу, птушак. У гэтых дзівосных пераўтварэннях уся сутнасць дзіцячай гульні.
Сярод гульняў распаўсюджаны рухомыя — у хованкі, біткі. Апошнія больш вядомыя ў іншых рэгіёнах як "цуркі-палкі". Мусіць, найбольш старажытнай гульнёй з'яўляецца гульня "ў шчур". Гуляючыя садзяцца на зямлю, расставіўшы ногі, блізка адзін да аднаго, у патыліцу адзін аднаму. Вядучы працягвае вяроўку пад нагамі і рыўкамі цягне яе. Трэба было злавіць канец вяроўкі і ні ў якім разе нельга было хапаць вяроўку дзе-небудзь на адлегласці ад канца. Гулялі яшчэ ў даганялкі. Вядома было шмат іншых гульняў. Усе яны насілі пераважна рухомы характар.
Выхаванне дзяцей заўсёды справа самая адказная, бо ад яе залежыць будучае этнасу. I кожны этнас выпрацоўвае сваю сістэму выхавання, якая адпавядае характару этнічнай культуры. Для Лунінеччыны, як, дарэчы, і для ўсяго Палесся, і трэба меркаваць, для ўсіх усходніх славян, характерна ў мінулым было тое, што дзеці да 5 — 6 гадоў больш часу праводзілі са сваімі дзядулямі і бабулямі. А вядома, што менавіта ў дзіцячым узросце складваецца характар чалавека, фарміруецца яго маральнае аблічча. Гэта вельмі цікавая з'ява. Дзеці, атрымліваючы звесткі аб свеце і маральныя нормы ад сваіх дзядуль і бабуль, разам з гэтым успрымаюць і крытычныя адносіны да маральнага вопыту сваіх бацькоў. Бо вядома, што старэйшае пакаленне заўсёды крытычна адносіцца да сваіх дзяцей, а значыць, перадасць гэтыя адносіны і сваім унукам. Апошнім гэта акалічнасць дазваляе захоўваць этнічную культуру, маючы перад вачыма прыклад не толькі бацькоў, але і дзядоў. Такая сістэма выхавання, вядома, магла ажыццяўляцца толькі ў сям'і. Таму сям'я і з'яўляецца маленькай мадэллю этнасу.
Дзеці з ранняга ўзросту ўключаліся ў працу. Але ўжо адбываўся падзел працы: адна — для хлапчукоў, другая — для дзяўчынак. Хлопчыкі больш займаліся рыбнай лоўляй і г. д. Дзяўчынкі прывучаліся прасці, рабіць хатнія справы, гатаваць ежу, даглядаць дзяцей. З 6 — 7 гадоў хлопчыка бралі на поле. Ён ужо можа вадзіць каня пры акучванні бульбы. З 10 — 12 гадоў хлопчык ужо баранаваў і г.д. Звычайна тлумачыцца гэта цяжкім жыццём сялянскай сям'і і неабходнасцю прыцягваць як мага больш рабочых рук. Але ці так гэта на самай справе? Па-першае, не так ужо і бедна жылі сяляне, ва ўсякім разе галоднымі і голымі не былі. Гэта адзначалі яшчэ этнографы XIX ст. (напрыклад, Кіркор). Па-другое, ранняе ўключэнне хлопчыка ці дзяўчынкі ў працу прыводзіць да таго, што яны сапсуюць матэрыял, зламаюць прылады, пакалечацца. Значыць, даросламу, працуючы, яшчэ патрэбна адрывацца ад занятку і пастаянна трымаць у полі зроку "памочніка". Гэта ніяк не садзейнічала павышэнню вытворчасці, нават замінала. А калі так, то павінны быць іншыя прычыны ўключэння ў працу дзяцей, і менавіта тыя, што праца была і застаецца адзінай магчымай базай выхавання і навучання, і сяляне, не ведаючы педагагічных тэорый, добра гэта разумелі. Ранняе ўключэнне дзяцей у працу было неабходна толькі з пункту гледжання фарміравання паўнацэннага чалавека.
Хлопчыкі і дзяўчынкі праводзілі свой час не толькі ў сям'і, але і ў кампаніях. Такія падлеткавыя кампаніі таксама дзяліліся на дзявочыя і хлапчуковыя. Калі хлопчык вадзіўся з дзявочай кампаніяй, то яго дразнілі "дзяўчур", а калі наадварот, то "хлапчурка". Але такое супрацьпастаўленне хлапчуковых і дзявочых кампаній не было варожым. Наадварот. Калі хто-небудзь з хлопчыкаў крыўдзіў дзяўчынку, дык гэта выклікала пагарду і асуджэнне з боку сяброў. Тое ж і ў адносінах да малодшых. Наогул, на Палессі характэрны адносіны апекі старэйшых над малодшымі.
Падлеткавыя кампаніі наогул з'ява вельмі важная для ўзнаўлення этнічнай культуры. Адметнай асаблівасцю падлеткавай кампаніі з'яўляецца яе спаянасць сяброўствам. Назіранні паказваюць, што сяброўства мадэліруе сваяцкія адносіны. Гэта значыць, што падлеткавая кампанія з'яўляецца мадэллю этнічнай культуры.
Станаўленне дарослых у сялянскім асяроддзі не ўспрымалася як абсалютна ўзроставая адзнака. Часам падлетак гадоў 13 — 14 мог уваходзіць у дарослы калектыў як раўнапраўны, на падставе таго, што ён ужо працуе і паводзіць сябе як дарослы. Часта можна было пачуць пахвалу ў адносінах да 9 — 10-гадовага хлопчыка: "Ты бач, які вялікі хлопец, ужо дровы сячэ!" I, з другога боку, ужо амаль дарослы хлопец мог яшчэ ўваходзіць у падлеткавую кампанію (нават 10 — 11-гадовых). Пра такога гаварылі: "Які ж ён вялікі? Бачыш: шчэ ў хованкі грае! Шчэ дзіця!" Даросласць успрымалася як ступень уключэння чалавека ў жыццё вёскі.
Сярод народных прыёмаў выхавання на першым месцы — выхаванне ў працы, прычым задача дарослых заўсёды ў тым, каб забяспечыць хлопчыку ці дзяўчынцы поспех у іх справах. Шырока выкарыстоўваюцца заахвочванні і пакаранні. Але яны не афішыруюцца. Лічыцца, што пахваліць дзіця пры іншых азначае падвергнуць яго вялікай небяспецы — могуць "сурочыць". Тое ж датычыць і пакарання. Малых дзяцей звычайна ставілі ў кут, старэйшых пазбаўлялі магчымасці пагуляць на вуліцы. Цялесныя пакаранні хаця і ўжываліся, але даволі рэдка. Часцей за ўсё ў такіх выпадках абмяжоўваліся тым, што вінаватага бралі за вуха. Такое пакаранне ўжывалася толькі ў раннім дзяцінстве. Бацька мог пакараць хлопчыка папругай. Але ва ўсіх выпадках пакаранне не было прылюдным.