I забыта — не забыта
Этнічныя асаблівасці раёнаНа Лунінеччыне можна вылучыць некалькі рэгіёнаў, якія, нягледзячы на агульную культуру, маюць і свае асаблівасці. Рэгіён, які размешчаны на поўдні раёна, на левым беразе Прыпяці і рацэ Цна, — гэта, хутчэй за ўсё, месцы самых старажытных паселішчаў. Вялікі ўплыў на культуру рэгіёна са старажытнейшых часоў аказвала наяўнасць шляхоў зносін, у першую чаргу самой Прыпяці і ніжняга цячэння Цны. З населеных пунктаў найбольшую цікавасць уяўляюць вёскі Лунін, Кажан-Гарадок, Лахва, Дварэц, Дзятлавічы. У першых трох добра яшчэ захаваліся сляды былога мястэчкавага побыту. Дзякуючы свайму становішчу, прыпяцкія вёскі рана станавіліся цэнтрамі гандлю і разнастайных рамёстваў і промыслаў. Мяркуецца, што Кажан-Гарадок меў асабліва цесныя сувязі з Давыд-Гарадком і ці не быў своеасаблівай калоніяй апошняга — паўночным фарпостам Давыд-Гарадоцкага княства? Ва ўсякім выпадку, у лінгвістычных і антрапалагічных адносінах насельніцтва так званай Давыд-Гарадоцкай зоны, поўдня Лунінецкага раёна, і насельніцтва ніжняга цячэння ракі Цна ўяўляюць сабой вельмі паказальнае адзінства.
Усходне-паўднёвы куток раёна на левым беразе ракі Лань (на ўсход ад Сінкевічаў) заселены радзей — толькі раён Мікашэвічаў асвоены зараз больш грунтоўна дзякуючы гранітным кар'ерам. У мінулым гэта, безумоўна, была "глыбокая правінцыя" Лунінска-Лахаўскага рэгіёна.
Па правым беразе ракі Лань раскінулася група вёсак, якія ўзняліся на асушаных яшчэ ў мінулым стагоддзі землях. Гэта Рэдзігерава і звязаныя з ім вёскі. Насельніцтва там адрозніваецца існаваннем розных гаворак, сярод якіх пераважаюць заходне-палескія, але большасць гаворыць на дыялекце, характэрным для Лахвы і Кажан-Гарадка. Гэтыя землі засяляліся як мясцовымі жыхарамі, так і выхадцамі з-пад Пінска і Іванава. У якасці землякопаў працавалі славутыя спецыялісты сваёй справы, якія праклалі не адну шашу, збудавалі не адну чыгунку, прарылі не адзін канал, — сяляне з Магілёўскай губерні. Магчыма, яны часткова таксама аселі тут.
Яшчэ адзін рэгіён пакідае ўражанне доўгай ізаляцыі асаблівасцямі сваёй культуры. Гэта група вёсак вакол Краснай Волі (а не Чырвонай, як яе зараз перахрысцілі) — "бо Красна (як кажуць мясцовыя жыхары) — то хороша, то ўся цвіце і радуецца". Гаворка тут вельмі падобная да лахаўска-кажан-гарадоцкай, але захаваліся архаічныя рысы, якія нагадваюць гаворкі вёсак паўднёвага ўсходу Столінскага раёна і поўдня Жыткавіцкага раёна, рысы, якія, па меркаванні даследчыкаў, узыходзяць да глыбокай старажытнасці. Старажылы сцвярджаюць, што наступление балота Грычын уніз па рацэ Смердзь адбывалася паступова і Краснавольскі рэгіён быў адрэзаны балотам не раней як 300 гадоў таму. Паводле падання, існаваў у гады Паўночнай вайны прамы шлях з Гоцка (Салігорскі раён) праз Красную Волю да Дзятлавіч, па якому праходзілі войскі шведскага корпуса Левенгаупта і дзе ёсць магілы "шведоўскіе" і "копелёўскія" — па імені генерала Копеля, што камандаваў рускім атрадам. Камяні могілак як быццам былі скарыстаны для будаўніцтва лазні ў 1918 г. (звесткі перадаў мясцовы краязнаўца Даніла Данілавіч Раўковіч з в. Міжлессе).
Своеасаблівым рэгіёнам з'яўляецца група вёсак, звязаных з Вялікімі Чучавічамі. Гэтаму рэгіёну з этнаграфічнымі даследаваннямі пашчасціла больш: тут пабываў славуты даследчык А.К. Сержпутоўскі, матэрыялы якога аб гэтай экспедыцыі 1910 г. захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургскім этнаграфічным музеі.
Нарэшце, асабняком стаіць вялікая і цікавая вёска Багданаўка, дзе размаўляюць пераважна на заходнепалескім дыялекце і маецца шмат яшчэ якіх асаблівасцей. Хаця ў гаспадарчых адносінах і па сваіх занятках жыхары вёскі не адрозніваюцца ад іншых.
Наогул, Лунінецкі раён з ярка выражаным палескім варыянтам культуры. Пераход ад паўночна-заходняга беларускага варыянта адчуваецца ўжо ў Крывошыне Ляхавіцкага раёна. Ганцавіцкі раён з'яўляецца своеасаблівым мостам паміж двума варыянтамі, хаця поўдзень раёна поўнасцю можна па этнічнай культуры аднесці да Палесся.