Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Пісьменнік Аляксей Талстой

У час першай сусветнай вайны праз Лунінец праляглі шляхі вядомага рускага пісьменніка. Гэта наведванне апісана ў главе "Сустрэча з Аляксеем Талстым" у кнізе Міколы Калінковіча "Палескія дні Аляксандра Блока" (Мн.: Мастацкая літаратура, 1985).

"У нядзелю вечарам Катоніну паведамілі з Лунінца, што генерал у Парахонск прыязджае заўтра, 16 студзеня. Начальнік дружыны папярэдзіў падначаленых быць на сваіх месцах.
Катонін з Ягоравым і Тарасевічам яшчэ на самым золку запрэглі дзве тройкі і выехалі на станцыю.
Цягнік не запазніўся. Важна ступілі на скрыпучы снег рэвізоры. Пачалося знаёмства:
— Генерал Мядзведзеў...
— Рэвізор Талстой...
— Рэвізор Кузьмін-Караваеў...
Гасцей прывялі ў добра напалены фанерны дамок, дзе чуўся перастук дактылографаў. Генерал загадаў:
— Займіцеся, Аляксей Мікалаевіч і Дзмітрый Уладзіміравіч, справаводствам дружыны, а я пагутару з Леанідам Іванавічам...
Праз нейкі час аб'явіўся загадчык — хударлявы, высокі, прыгожы чалавек з ружовым ад марозу тварам, з заінелымі вейкамі. Ён весела прывітаўся і таропка разгарнуў канторскія кніжкі.
— Пачакайце, пачакайце, — Талстой скінуў паўкажушак і падступіўся бліжэй. — Ды ці не Аляксандра Аляксандравіча Блока мы бачым?..
— Так точна,— спакойна адказаў паэт. — А вы... Ой, Аляксей Мікалаевіч, — нямала здзіўлены Блок пазнаў Талстога. Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі.
Толькі цяпер паэт пільней углядзеўся ў спадарожніка Талстога. Яшчэ адзін сюрпрыз падараваў яму збег абставін — Дзмітрый Уладзіміравіч Кузьмін-Караваеў, юрыст і гісторык, былы кіраўнік "Цэха паэтаў".
Кузьмін-Караваеў прыемна пасміхаўся, вітаючыся з Блокам. У гэты час у пакойчык уляцеў веставы:
— Яго вялікасць Кузьміна-Караваева выклікае генерал...
— Якое там справаводства, Аляксандр Аляксандравіч, — махнуў рукою Талстой, калі яны засталіся адны. — Ці не прагуляцца лепей...
Па ўтаптанай сцежцы мінавалі хвойнік, пайшлі да Бобрыка.
— Ну дык расказвайце, Аляксандр Аляксандравіч, як жывецца тут, што новага, а галоўнае, як творчасць. — Аляксей Талстой смакаваў асалоду марознай раніцы, і яго ўзнёслы настрой перадаўся паэту.
— Дзякуй Богу, нічога, — памяркоўна сказаў Блок. — Тут слаўна. Ёсць у мяне конь — Ураган. Найразумнейшая жывёліна. А ўвогуле, ці бывае жывёла неразумная?..
Талстой адразу не зразумеў: спытаў у яго Блок ці так разважае... Кіўнуў галавой:
— Так, так...
— Але як тут ні слаўна, якая ні цудоўная зіма, вайна ўсё ж пошласць, непатрэбшчына. Шмат ахвяр, Расія задыхаецца, народ пакутуе. А можа, Аляксей Мікалаевіч, у вас іншыя думкі? — Блок нагнуўся, ухапіў жменю снегу.
— Мусіць, не, Аляксандр Аляксандравіч, — шчыра прызнаўся Талстой. — Зараз не. Раней было. Пакуль не паглядзеў на ўсё сваімі вачамі...
Талстой, чулася, гаварыў праўду. Аб'ездзіўшы Заходні фронт, многа чаго пабачыў. У якасці ваеннага карэспандэнта газеты "Русские ведомости" на Валынь, у Галіцыю... Наведваў штабы, перадавыя пазіцыі, ездзіў у санітарным цягніку, на аўтамабілях, конях. У 1915 г. ён быў і на Каўказе, і на Турэцкім фронце. "Русские ведомости" рэгулярна публікавалі яго нарысы пад агульным загалоўкам "Лісты з дарогі", іх выйшла дваццаць чатыры. Пасля Каўказа ў складзе групы журналістаў, у якую ўваходзілі У.I. Неміровіч-Данчанка, К.I. Чукоўскі і іншыя, наведаў пазіцыі англійскай арміі на Заходнім фронце. У адной з заметак, апублікаваных у "Русских ведомостях" 15 студзеня 1917 г. — за дзень да сустрэчы з Блокам, — Талстой пісаў: "Я прыехаў на фронт з Масквы, з тылу, замучаны размовамі, што Расія ўвогуле знікае, што нельга прадыхнуць ад грабяжоў і спекуляцыі, грамадства "измызгано", усё прададзена і здраджана, вайна будзе працягвацца яшчэ пяць гадоў, а калі закончыцца хутка, дык яшчэ горш і інш. Такі душэўны стан усім знаёмы... I мне таксама, канешне. Працаваць — пісаць п'есы і аповесці — я больш не мог: хіба да кніг, калі навальніца ўжо за вокнамі..."
У такім настроі ён і прыехаў у Парахонск і зараз стаяў побач з Блокам над заснежаным берагам скаванага лёдам Бобрыка.
Памаўчалі. Талстой спытаў:
— Ці пішаце што?
— Не, нічога не раблю, — амаль раўнадушна адказаў Блок і ў сваю чаргу спытаў: — А як вы?
— Стараўся нешта рабіць,— прызнаўся Талстой. — Нават у Мінску. За два тыдні напісаў камедыю "Касатка". Дванаццатага снежня прайшла прэм'ера. Поспех быў вялікі. У маім становішчы, калі ёсць сям'я і не адзін нашчадак... А цяпер чакаю водгукаў на сваю "Ракету", якая прайшла ўчораў Маскве ў Малым тэатры. Прасіў начальства адпусціць у камандзіроўку, дык замест Масквы яны мяне сюды піхнулі. Хаця ж, дзякуючы выпадку, сустрэўся з вамі.
— I якія прадчуванні, Аляксей Мікалаевіч, наконт "Ракеты"? — пацікавіўся Блок.
— Э, самыя горшыя, — адмахнуўся Талстой. — Толькі б не распякалі ў "Русском слове", а то, ведаеце, вельмі няёмка, асабліва — на фронце...
Блок усміхнуўся. Расказаў пра свае клопаты пра пастаноўку "Ружы і крыжа" ў тэатры Станіслаўскага.
Яны вярнуліся ў кантору. Талстой папрасіў дакументацыю дружыны, каб адчытацца перад генералам. Ціхім голасам ён гаварыў:
— Даўно наспеў час паляпшаць, з аднаго боку, інтэнсіўнасць работ і, з другога — становішча рабочых... Дружыны павінны мець лазні, пральні... У нас ёсць факты, што інжынеры, начальнікі дружын не клапоцяцца пра ўмовы для рабочых...
— Думаю, такога тут не знойдзецца, — сур'ёзна прамовіў Блок.
— Што ж, паглядзім, — адказаў Талстой. — Калі так — мы толькі рады...
Пакідалі госці фальварак ноччу. Спяшаліся на цягнік — спачатку ў Лунінец, а адтуль — у Мінск.
На развітанне Талстой паціснуў руку Блоку і ціха прамовіў:
— Я гаварыў з генералам, каб пасадзейнічаць вашаму пераводу ў Пецярбург. Ён даў згоду...
Блоку стала няёмка:
— Я ж не прасіў вас, Аляксей Мікалаевіч, навошта вы?..
— Ну, не будзем, я ўсё разумею... Трэба і самому аб нечым здагадвацца, — і па-змоўніцку ўсміхнуўся Блоку.
17 студзеня паэт паведамляў маці: "...учора прыязджаў генерал, застаўся задаволены, дзякаваў нам (пры ім былі мае прыяцелі Д. Кузьмін-Караваеў і Ал. Талстой, з якімі мы цалаваліся, і іншыя)".

(Па кнізе М. Калінковіча "Палескія дні Аляксандра Блока".)