Аляксандр Блок
Трэці год у Еўропе палала вайна. Аляксандр Блок, ахоплены трывожнымі думкамі аб лёсе радзімы, чакаў прызыву ў дзеючую армію. У чэрвені 1916 г. ён даведаўся аб канчатковым вырашэнні пытання аб прызыве. У чарговым лісце да маці ў Шахматава паэт пісаў: "Сёння я, як ты ведаеш, прызваны. Разам з тым я ўжо сёння залічаны ў арганізацыю земскіх і гарадскіх саюзаў: званне маё — "табельшчык 13-ай інжынерна-будаўнічай дружыны", якая робіць умацаванні; абавязкі — прыблізна ўлік работ чорнарабочых; форма амаль афіцэрская — з корцікам, днямі апрану яе. Ад прызыву я тым самым вызвалены; буду на афіцэрскім становішчы і паблізу фронту..."
26 ліпеня Аляксандр Блок пакінуў Пецярбург.
Прыбыўшы на Палессе, у маёнтак князя Друцкага-Любецкага Парахонск, Аляксандр Блок паведаміў маці: "Цяпер мы жывём у вялікім маёнтку і некаторыя (я ў тым ліку) — у княжацкім доме... Да масы новых уражанняў і людзей я прывык у два дні так, як быццам жыву тут месяц. Дарэчы, я больш, чым калі-небудзь, бачу, што новага ў чалавечых адносінах і нічога ніколі не бывае..."
У дружыне паэту прызначылі больш чым сціплую ролю. Ён — табельшчык з месячным акладам у 100 рублёў. Абавязкі не абцяжарвалі Аляксандра Блока. Ён быў прывычны да цяжкасцей і "валодаў здольнасцямі да ўсякай фізічнай працы". Паэт прымаў і размяркоўваў на ўчастках рабочых, якія прыбылі на Палессе з Сярэдняй Азіі, Паволжа, Украіны, Далёкага Усходу, Беларусі, даваў нарады і распараджэнні.
Аляксандр Блок знаёміўся з Палессем, бываў у яго населеных пунктах: Лунінец, Лунін, Лобча, Камень, Селішча, Лапацін, Новы Двор, Маладзельчыцы, Вылазы...
На Палессі Аляксандр Блок сустрэў сваё 36-годдзе. Тую палову жыцця, якая, па яго словах, "самая цяжкая". Дзень нараджэння ён адзначыў у Парахонску разам з таварышамі па дружыне, у княжацкім доме. Здавалася б, урачыстае застолле вымушала да добрага настрою. Але на сэрцы у паэта было цяжка.
Тут, на беларускай зямлі, Аляксандр Блок жыў і творчымі трывогамі, выдавецкімі справамі, пастаноўкай п'есы "Ружа і крыж" у Маскоўскім мастацкім тэатры.
Ліпень — жнівень 1916 г. — час падрыхтоўкі да выдання вершаў Аляксандра Блока ў выдавецтве Пашукапіса. Рыхтавалася да публікацыі ў часопісе "Русская мысль" і першая частка паэмы А. Блока "Возмездие". Паэт хваляваўся, ці хутка з'явіцца ў друку яго твор, якія карэктывы ўнеслі ў асобныя радкі. Тут, на Палессі, Аляксандр Блок сустрэўся ў студзені 1917 г. з Аляксеем Мікалаевічам Талстым, які ў складзе камісіі прыехаў інспектаваць 13-ую інжынерна-будаўнічую дружыну (ён праязджаў праз Лунінец).
Да пэўнага часу ў асобных крыніцах выказвалася думка, што сем месяцаў, якія правёў Блок на Палессі, "ці не самыя шэрыя ў яго жыцці" і што яны, маўляў, не лепшым чынам адбіліся на яго творчасці. Пільнае вывучэнне гэтага і наступнага перыядаў жыцця і творчасці паэта сведчыць аб іншым. Так, яго муза маўчала. Яна як быццам прыціхла, стаілася ненадоўга. Хаця спробы яе абуджэння былі і тут, у Беларусі.
Хутка Аляксандр Блок ужо ў Петраградзе. У запісной кніжцы № 42 14 красавіка 1917 г. ён занатаваў: "Пачатак жыцця? Выезд з дружыны ў ноч на 17 сакавіка..." Так, сапраўды, гэта было пачаткам новага жыцця — новага, рэвалюцыйнага, самы яе пачатак, пярэдадзень будучых перамен.
Слухаючы сэрцам рэвалюцыйныя гукі ў Петраградзе, паэт успомніў Палессе, Лунінец, станцыю Лоўча і напісаў у дзённіку: "Мяне цікавіць пытанне: учора ў гадзіну ночы я клаўся, слухаючы тыя ж гукі, якія былі чутны, калі я ўпершыню сышоў з цягніка (этапнага) у Лоўчы I, у гарачы летні дзень: далёкая кананада... Дзе ж заканчваецца гром і дзе пачынаюцца гарматы?"
"Палессе памятае Блока. Адкрыты яго музей ў Лапаціна. Мемарыяльнай дошкай увенчаны будынак музея ў Лунінцы. Новая вуліца ў горадзе названа імем Аляксандра Блока. У якасці помнікаў архітэктуры і ў гонар знаходжання Аляксандра Блока ў Беларусі ўзяты пад ахову дзяржавы будынкі капліцы ў Колбах, цэркваў у Парахонску і Пагосце".