Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Падарожжа Кантрыма і Крашэўскага

"Прабрацца на Лунінеччыну па сухапуццю ў пачатку і сярэдзіне ХІХ ст. было не проста: багна, дрыгва, балота. Толькі вузкія насыпы злучалі Пінск і Лунінец, Лунін і Лахву, Кажан-Гарадок і Мікашэвічы. Але ж знаходзілі дарогу на Лунінеччыну падарожнікі, літаратары — людзі, без якіх была б не поўнай наша гісторыя. Адным з іх у першай палове XIX ст. быў Казімір Кантрым. Вынікам яго падарожжа з'явілася кніга "Падарожжа Кантрыма", чыноўніка банка, якое адбылося ў 1829 г. на Палессі. Выдана Эдвардам Рачынскім у Познані 1839 г.".

У прадмове аўтар папярэджвае, што ён выконвае свае службовыя абавязкі фінансіста для высвятлення эканамічных магчымасцей краю, здольнасцей пінчукоў "воротить делами". Аднак Кантрым адышоў ад сухой інфармацыі. Паэтычная душа публіцыста ўзяла сваё... Кантрым наведаў Брэст, Пінск, Давыд-Гарадок, Петрыкаў, Тураў, Кажан-Гарадок. Найвялікшае ўражанне ў яго засталося ад Піншчыны, ад рэк гэтага краю — Ясельды, Бобрыка, Цны, Прыпяці, канала Агінскага. Падарожнік апісаў архітэктурныя каштоўнасці Піншчыны і Лунінеччыны, найбольш распаўсюджаныя тут рамёствы. У Лунінцы рабілі выдатныя боты, моцныя, на трывалай тоўстай падэшве, якімі гандлявалі не толькі на месцы, але і вывозілі іх на продаж, у прыватнасці, у Вільню.

Старонкі мінулай гісторыі Палесся дапамагаюць пазнаць і працы вядомага польскага пісьменніка Юзэфа Крашэўскага. Удзельнік паўстання 1830 — 1831 гг., Крашэўскі быў арыштаваны, але ў 1832 г. яму ўдалося вырвацца з засценкаў, і ён пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю, зрабіў падарожжа па Беларусі, у прыватнасці, аб'ездзіў Піншчыну, Лунінеччыну. Вынікам паездкі з'явіліся шэраг краязнаўчых нарысаў. Так нарадзілася літаратурна-этнаграфічная рэляцыя "Пінск і яго наваколле", якая выйшла ў "Сыне отечества" ў 1837 г.

На Палессі, на Лунінеччыне, Крашэўскі бачыў "смуродныя корчмы, масты зламаныя, насыпы дрыжачыя, што калі едзеш па іх, то ляскаеш зубамі ад страху, каб не зламаць сабе касцей; лясы сумныя сасновыя, сасенкі гарбатыя, брыдкія, знявечаныя, Дарога ўслана каранямі дрэў... А вёскі? О! Хаты, урослыя да палавіны ў зямлю, сабакі худыя, людзі худыя і напалову голыя, цёмныя ад дыму, і хворыя дзеці з раскудлачанымі валасамі і таму падобныя карціны!"

Крашэўскі вандраваў на конях, карыстаўся і лодкамі-байдаркамі на Прыпяці і яе прытоках.

З ліберальна-дэмакратычных пазіцый Крашэўскі напісаў таксама "Успаміны з Палесся, Валыні, Літвы". Цяжкі лёс беларусаў апісаны ім у раманах "Хата за вёскай", "На Палессі", "Ушана" і інш. Творы Ю. Крашэўскага, паводле падлікаў літаратуразнаўцаў, маглі б скласці пяцьсот (!) тамоў. Была ў яго задумка — апісаць у раманах і аповесцях усю гісторыю Польшчы і Беларусі. Калі ў 1879 г. адзначалася 50-годдзе яго творчасці, ён ужо быў аўтарам 223 аповесцей, з іх 94 гістарычныя, 15 сцэнічных твораў, дзесяткаў раманаў, навуковых прац. Быў Крашэўскі і мастаком, маляваў беларускіх сялян, мясцовыя краявіды. Вядома яго карціна "Дом у Осаве на Палессі". Апошнія гады жыцця гэты таленавіты чалавек за свае дэмакратычныя погляды правёў у турме. Аднак і за кратамі ён шмат пісаў — па тры раманы у год.

(З кнігі М. Калінковіча "Лунінец".)