Палессе маё Лунінецкае

Жывёлы

Арлан-белахвост Орлан-белохвост (Haliaeetus albicilla)

Статус: ІІ катэгорыя, знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення. У Беларусі вельмі рэдкі на гнездаванні від. Зімой можа сустрэцца часцей.

Апісанне. Вялікая птушка: даўжыня цела 77 — 100 см, вага 3 — 6,5 кг.

У маладых птушак галава і хвост цёмныя. На працягу наступных чатырох – шасці гадоў галава робіцца больш светлай, а хвост з-за павелічэння белых плямаў на дванаццаці рулявых пёрах паступова бялее. Асноўная афарбоўка — розныя адценні цёмна-бурага колеру.

Месцы гнездавання — старыя лясы, паблізу ад вадаёмаў. На Палессі адзначаецца ў басейне р. Прыпяць і паблізу ад азёр і штучных вадасховішчаў. Гняздо будуе на старых дрэвах у верхняй частцы кроны бліжэй да ствала. Шматгадовыя гнёзды выкарыстоўваюцца з году ў год. (Адзначана гняздо, якому 150 гадоў). Пары ўтвараюцца на ўсё жыццё.

У кладцы 2, рэдка 3 яйцы, аднак дажывае да дарослага ўзросту адно птушаня. Наседжваюць кладку абодва бацькі на працягу 35—40 дзён. Харчуецца птушка рыбай, вадаплаваючымі птушкамі, дробнымі зайцамі, зімой не грэбуе падаллю.

Асноўныя фактары пагрозы. Скарачэнне гнездавых месцаў жыхарства ў выніку высечак старых лясоў, рэкрэацыйнае асваенне берагавых зон кармавых вадаёмаў, бяскорміца зімой, адстрэл браканьерамі.

Прынятыя меры аховы. Від запісаны ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь з 1981 года.

Неабходныя меры аховы. Вядомыя гнёзды павінны быць узяты пад ахову рэгіянальных структур Мінпрыроды, вакол іх усталёўваюцца ахоўныя зоны радыусам 250 м. Арганізацыя падкормачных пляцовак у зімовы перыяд (выкладанне тут паўшых жывёл). Актыўная прапаганда аховы віду сярод насельніцтва.


  

Блакітніца чарнаватая Голубянка черноватая (Maculinea nausithous)

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Від падлягае рызыцы вымірання ў перспектыве, з нагоды марфалагічных і паводзінскіх акалічнасцей, што робіць яго ўразлівым пры любых, нават нязначных зменах навакольнага асяроддзя.

Апісанне. Блакітніца чарнаватая — дзённы матыль сярэдніх памераў з булававіднымі вусікамі. Даўжыня пярэдняга крыла 15—20 мм. Верх крылаў цёмна-шэрага колеру. Большая частка плошчы крыла самца апылена сіне-фіялетавымі лусачкамі. Ніз крылаў у блакітніцы светла-шэры з размешчанымі ў адзін рад цёмнымі плямкамі (вочкамі) з белым вобадкам. Харчуецца нектарам кветак.

Адкладка яек і харчаванне вусеняў маладога ўзросту адбываецца на суквецці крывасмоку (Sanguisorba officinalis), затым вусені перабiраюцца ў мурашнікі рыжага ляснога мураўя, дзе харчуюцца іх лічынкамі. Зімуюць у фазе вусеня. Блакітніцу чарнаватую можна сустрэць на ўскрайку лесу, лясных палянах, сырых паплавах паблізу ад лісцевых лясоў і вады. Прыпяцкае Палессе з’яўляецца паўночнай мяжой арэалу блакітніцы.

Абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, высечка лесу, сенакашэнне, выпас жывёл, пашырэнне сельскагаспадарчых угоддзяў.

Прынятыя меры аховы. Від уключаны ў другое выданне Чырвонай Кнігі Рэспублікі Беларусь.

Неабходныя меры аховы. Абмежаванне асушальнай меліярацыі. Стварэнне заказных тэрыторый у месцах знаходжання рэдкіх відаў членістаногіх жывёл. Прапаганда аховы віду.

Блакітніца белая Лазоревка белая (Parus cуanus)

Статус: III катэгорыя. Рэдкi вiд з абмежаваным пашырэннем.

Апісанне. Адрознiваецца ад iншых прадстаўнiкоў сям’i сiнiцавых блакiтным адценнем афарбоўкi. Галава, шыя i брушка белыя. Ад дзюбы праз вочы iдзе вузкая блакiтная паласа, якая, зыходзячыся з адпаведнай паласой другога боку, спускаецца ўнiз, акружаючы белыя шчокi. Спiна i крылы шэрыя з блакiтным адценнем. Упоперак крыла выдзяляецца белая палоска. Пёры хваста буравата-сiнія, толькi пара — белыя.

З канца красавiка ў блакiтнiц пачынаецца перыяд гнездавання. Гнёзды будуюць у шчылiнах i дуплах старых вольхаў, дубоў на вышынi 1—3 метры над зямлёй або вадой: нярэдка ў гэты час лес яшчэ залiты павадкавымi водамi. У кладцы — 3—9 белых з чырванаватымi плямамi яец. Выседжвае кладку толькi самка, самец наведвае гняздо з кормам для самкi 1—2 разы ў гадзiну. Выседжванне доўжыцца 12—14 дзён. Да гнязда з падросшымi птушанятамi бацькi прыносяць корм да 300 разоў на дзень. У лiпенi птушкi могуць прыступiць да другой кладкi. Корм блакiтнiцы збiраюць з галiнак, пупышак, лiстоў дрэў i хмызнякоў. Зiмой у пошуках корму нярэдка спускаюцца на снег.

Вясной 1982 года ў месцы ўпадзення ў Прыпяць ракi Лань, сярод непраходных зараснiкаў поймы, за два днi было адзначана 5 пар белых блакiтнiц. Сустрэчы з iмi — з’ява дастаткова рэдкая, бо гняздуецца птушка ў цяжкадаступных месцах. Блакiтнiцы селяцца на моцна забалочаных або нават пакрытых вадой участках лесу, зарослых хмызняком, трыснягом, асакой, крапiвой.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Адмоўнае ўздзеянне выпальвання сухой раслiннасцi ў пойме Прыпяцi ў веснавы перыяд. Гэта прыводзiць да гiбелi зараснiкаў i знiшчэння тыповых месцаў гнездавання птушак. Асваенне поймаў рэк i мелiярацыя лiсцевых забалочаных лясоў.

Прынятыя меры аховы. Занесена ў “Чырвоную кнiгу Беларусi” ў 1981 годзе. З 1987-га знiшчэнне яе забаронена. На найбольш шчыльна заселенай белай блакiтнiцай тэрыторыi ў Лунiнецкiм раёне быў створаны бiялагiчны заказнiк рэспублiканскага значэння “Вусце Ланi”, які ў 1999 годзе ўключаны ў рэспублiканскi ландшафтны заказнiк “Сярэдняя Прыпяць”.

Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў гнездавання, прапаганда аховы вiду.

Вялікі бугай Большая выпь (Botaurus stellaris)

Статус: II катэгорыя. Рэдкi пералётны вiд, колькасць якога скарачаецца.

Апісанне. Вельмi скрытныя птушкi. Убачыць iх у прыродзе можна толькi пасля вельмi асцярожнага падпiльноўвання або выпадкова. Тым не менш гэта птушка добра вядома многiм, так як месцы найбольшай канцэнтрацыi бугая абазначаны ў межах Лунiнецкага раёна. Вясной i ў пачатку лета выдае сябе моцнымi i гулкiмi крыкамi, чутнымi вечарам i ноччу за 2—3 км. Своеасаблiвы крык перадаецца словамi «трумб», цi часцей, «у трумб». Нярэдка гэты крык параўноўваюць з ровам быка, таму на Беларусi птушку называюць бугай.

Даўжыня цела 60—70 см, маса 1,3 кг. Пераважае цёмна-охрыстая афарбоўка з цёмнымi стракацiнамi на пёрах. Верх галавы, спiна, хвост i канцы крылаў чорныя, ногi i дзюба жоўта-зялёныя. Першыя прыляцеўшыя птушкi могуць назiрацца вясной, калi яшчэ не сышоў снег. Масавы прылёт з 5 па 26 красавiка. Пасля прылёту птушкi рассяляюцца на забалочаных участках, дзе ёсць чаротавыя i трысняговыя зараснiкi, сярод якiх ёсць невялiкiя нiзiнкi, залiтыя вадой. Бугай аддае перавагу стаячай вадзе, але можа сялiцца ў месцах, паблiзу ад маленькiх рачулак з павольным цячэннем. Да размнажэння прыступаюць адразу пасля прылёту, аднак неадначасова — адны пары раней, другiя — пазней. Гняздо будуецца на выступаючых купiнах, абавязкова сярод густых зараснiкоў. Поўная кладка складаецца з 3—5, радзей 7 яец. Самка адкладвае iх не кожны дзень, з прамежкам ў два-тры днi. Паколькi наседжванне пачынаецца пасля адкладвання 1-га яйца i цягнецца 25—26 сутак, то птушаняты аднаго вывадка адрознiваюцца i па ўзросту, i памерах. Ва ўзросце 2—3 тыдняў птушаняты выходзяць з гнязда, а ў 2 месяцы падымаюцца на крыло. Хутка пасля гэтага сям’я распадаецца.

Кормяцца бугаi рыбай: карасямi, лiнямi, акунямi. У вялiкай колькасцi з’ядаюць жаб, апалонiкаў, вадзяных насякомых. Маладыя птушкi выкормлiваюцца пераважна апалонiкамi. Днём птушка хаваецца ў густых зараснiках, стоячы на адной назе, згорбiўшыся i выцягнуўшы шыю. Пры небяспецы вертыкальна выцягвае шыю i галаву i застаецца нерухомы, нагадвае сцёблы трыснягу. Са змрокам бугай з’яўляецца па краях мелкаводдзя, доўгi час стаiць нерухома, а потым хуткiмi рухамi хапае здабычу дзюбай. Асеннi адлёт птушак пачынаецца ў другой палавiне верасня. Адлёт доўжыцца да палавiны кастрычнiка. Зiму нашы бугаi праводзяць на поўначы Афрыкi.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот, знiшчэнне прыбярэжных трысняговых, рагозавых, чаротавых зараснiкаў, адстрэл птушак, фактар неспакою.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнiгу Беларусi з 1981 года. Ахоўваюцца ў рэспублiканскiм ландшафтным заказнiку «Сярэдняя Прыпяць».

Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах пражывання мiкразаказнiкаў. Ахова птушак у рыбгасах паляўнiчым заканадаўствам. Папулярызацыя аховы вiду.

Бусел чорны Аист черный (Ciconia nigra)

Статус: III катэгорыя. Рэдкi вiд, колькасць якога ў шэрагу раёнаў Беларусi стабiлiзавалася або ўзрасла. Занесены ў Чырвоную Кнiгу Беларусi.

Апісанне. Афарбоўка пёраў птушкi пераважна чорная з зеленаватым або медна-чырвоным, металiчным бляскам. Брушны бок цела — белы, дзюба i ногi чырвоныя. Даўжыня крыла 54 сантыметры, маса цела 3 кiлаграмы. Зiмуюць чорныя буслы на берагах Нiла. На радзiму вяртаюцца ў першай дэкадзе красавiка. Чорны бусел — манагамная птушка (пары ўтвараюцца на ўсё жыццё). Да размнажэння прыступаюць з трохгадовага ўзросту. Гнёзды будуюць на старых раскiдзiстых дрэвах, часцей на яго бакавых галiнах на вышынi 15—20 метраў. Птушкi пазбягаюць не толькi блiзасцi людзей, але i не любяць суседства iншых пярнатых. Гнёзды будуюцца на адлегласцi 1,5—2 кiламетры ад гнёздаў iншых чорных буслоў. Адно i тое ж гняздо можа выкарыстоўвацца некалькi гадоў запар.

Звычайна кладка складаецца з 4 яец, наседжваюць патомства самец i самка. Птушаняты вылупляюцца праз 36—46 дзён. Маладыя буслы вылятаюць з гнёздаў ва ўзросце 64—65 дзён. Кормяцца птушкi жывёльнай ежай: рыбы, жабы, водныя насякомыя. Месцы кармёжкi чорных буслоў бываюць на адлегласцi 6 кiламетраў ад гнязда.

Чорны бусел — лясная птушка. Абавязковай умовай яго гнездавання з’яўляецца спалучэнне старых лясных дрэў з цяжкадаступнымi балотамi, адкрытымi берагамi рэк цi азёр. У апошнiя гады адзначана, што чорны бусел трапляецца ў чародах сярод белых буслоў.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Знiшчэнне яец i птушанят шэрымi варонамi, падзенне гнёздаў ад моцнага ветру, выпадкi высечкi гнездавальных дрэў.

Прынятыя меры аховы. Уключаны ў “Дадатак “Канвенцыi аб мiжнародным гандлi вiдамi дзiкай фауны i флоры, якiя знаходзяцца пад пагрозай знiкнення”. Ахоўваецца ў Бярэзiнскiм i Прыпяцкiм запаведнiках, у Белавежскай пушчы. У Лунiнецкiм раёне выдзелены ахоўныя зоны вакол вядомых жылых гнёздаў. Ахоўваюцца ў заказнiках “Сярэдняя Прыпяць” i бiялагiчным заказнiку “Лунiнскi”, наваколлi Чорнага возера i ў iншых месцах гнездавання.

Неабходныя меры аховы. Узмацненне аховы месцаў гнездавання чорнага бусла. На перспектыўных для гнездавання тэрыторыях неабходна зберагаць асобныя дрэвы або iх групы як пры высечцы, так i пры iншых вiдах гаспадарчай дзейнасцi. Узмацнiць папулярызацыю аховы вiду i перыядычную рэгiстрацыю яго колькасцi ў Лунiнецкiм раёне для прыняцця неабходных мер аховы. Прываблiваць птушак на гнездаванне, будуючы на дрэвах аснову для гнязда.

Жаўтушка тарфянікавая Желтушка торфяниковая (Golias palaeno)

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Не знаходзіцца пад прамой пагрозай знікнення, але падлягае рызыцы вымірання ў перспектыве з нагоды марфафізіялагічных і паводзінскіх акалічнасцей, што робіць від уразлівым пры любых, нават нязначных змяненнях навакольнага асяроддзя.

Апісанне. Дзённы матыль сярэдніх памераў. Даўжыня пярэдняга крыла 25—30 мм. Афарбоўка крылаў самца лімонная жоўтая з суцэльнай чорнай паласой па знешняму краю. У самак верх крыла жаўтавата-белы, а на чорнай палосцы праступаюць белаватыя прасветы. У цэнтральнай частцы пярэдніх крылаў абодвух палоў па адной невялікай белай плямцы. Заднія крылы з лёгкім шэрым напыленнем. Ніз крылаў жоўты. Жаўтушку можна сустрэць толькі там, дзе растуць буякі (галубіка) — кармавая расліна вусеняў. Вусені зялёнага колеру з ярка-жоўтымі бакавымі палоскамі і чорнымі палоскамі знізу. Зімуе жаўтушка ў фазе вусеня ў лясной падсцілцы або мохавым покрыве. Саснякі багульнікавыя і буяковыя забалочаныя або размешчаныя вакол балот — улюбёныя месцы пражывання жаўтушкі.

Абмежавальныя фактары. Інтэнсіўная асушальная меліярацыя, якая значна парушыла асяроддзе пражывання матыля, зменшыла папуляцыі буякоў.

Прынятыя меры аховы. Від уключаны у першае і другое выданне Чырвонай Кнігі Рэспублікі Беларусь (ІІ катэгорыя).

Неабходныя меры аховы. Захаванне ўсяго комплексу расліннага і жывёльнага свету ў месцах пражывання віду. Прапаганда аховы віду сярод школьнікаў на ўроках біялогіі і сярод дарослага насельніцтва.

Жаўрук-смяцюх, чубаты жаваранак Хохлатый жаворонок (Galerida cristata)

Статус: III катэгорыя (VU). Від падвержаны рызыцы вымірання ў перспектыве з-за асаблівасцей паводзін, якія робяць від уразлівым нават пры нязначных змяненнях навакольнага асяроддзя.

Апісанне: Добра адрозніваецца ад другіх жаўрукоў (лясны, палявы) наяўнасцю доўгага востраканечнага чуба. У маладых птушак чуб невялікі. Даўжыня цела чубатага жаўрука 180—190мм, вага 45г. Афарбоўка пёраў шаравата-бурая з охрыстым адценнем. На спіне і верхняй частцы грудзей — цёмныя стракацінкі. На большай частцы арэалу гняздуецца блізка да населеных пунктаў: выганах, агародах, каля развалін старых пабудоў, часта прытрымрымліваецца дарог. Жаўрук — наземная птушка, пазбягае садзіцца на дрэвы і хмызнякі. Добра лятае, але аддае перавагу хуткаму руху па зямлі з дапамогай ног. Дзякуючы афарбоўцы, птушку цяжка заўважыць на зямлі, не пакрытай снегам. У апошнія гады на зямлі часта назіралася зімой на заснежанай дарозе, паблізу ад жыта. Гнездавы перыяд доўжыцца з канца красавіка і да канца ліпеня. Птушка робіць кладку двойчы за сезон. У першай звычайна 5 яец, у другой 3—4. Кладка наседжваецца 12—13 дзён. На працягу 16—18 дзён бацькі кормяць птушанят. Гняздо звычайна ладзіцца на зямлі пад прыкрыццём якой-небудзь расліны. Харчуюцца жаўрукі дробнымі беспазваночнымі, насеннем траў, зялёнай чысткай раслін. У межах Беларусі арэал распаўсюджання птушкі: поўдзень — у басейне р. Прыпяці і яе прытокаў, нізоўе Дняпра, Сожа.

Асноўныя фактары пагрозы. Нестабільнасць месца пражывання віду з’яўляецца фактарам, уплываючым на колькасць асобін на нашай тэрыторыі.

Меры аховы. Выяўленне і ахова месцаў пражывання віду.

Змеяед Змееяд (Circaetus gallicus)

Статус: I катэгорыя. Вельмi рэдкi вiд з нераўнамерным пашырэннем, колькасць скарачаецца.

Апісанне. Даўжыня змеяеда 62—78 сантыметраў. Размах крылаў 160—190 сантыметраў. Самка буйнейшая за самца, афарбоўка пёраў самца i самкi аднолькавая. Спiна дарослых птушак шаравата-бурая. Нiжняя частка цела белая з рэдкiмi стракацiнкамi. Цэўка (частка нагi нiжэй галёнкi) доўгая 8—9 сантыметраў шаравата-блакiтнага колеру, пакрыта шчыльнымi рагавымi шчыткамi, якiя надзейна ахоўваюць ад укусаў змей. Вялiкая круглая галава з узлахмачанымi пёрамi i вялiкiмi жоўтымi вачыма нагадвае галаву савы. У час палёту змеяед пазнаецца па белай са стракацiнкамi афарбоўцы цела знiзу, доўгаму хвасту i чорных канцах махавых пёраў. У птушкi, што вяртаецца да гнязда з палявання, з дзюбы звiсае напалову заглынутая змяя.

З зiмовак птушкi прылятаюць у сярэдзiне красавiка. Тэрмiн вясенняга прылёту супадае з пачаткам сезоннай актыўнасцi паўзуноў — галоўнага корму змеяеда. Пары ўтвараюцца яшчэ на зiмоўках. Гнёзды птушкi будуюць на асобна стаячых дрэвах, на ўзлессi, каля старых высечак, у забалочаных поймах рэк, аддаючы перавагу высокiм соснам. Гнёзды выкарыстоўваюцца некалькi гадоў. Наяўнасць iх можна вызначыць па астатках лусак i шчыткоў паўзуноў пад гнездавым дрэвам.

У змеяеда надзвычай нiзкая пладавiтасць. Адкладваецца звычайна адно, рэдка — два яйцы. Наседжванне працягваецца 40 дзён. Толькi праз 70—80 дзён птушаняты становяцца на крыло. Дарослыя птушкi ў час гнездавання лiняюць, губляючы шмат пёраў блiзка ад гнязда. Кормiцца змеяед вужамi, гадзюкамi, вераценнiцамi або iншымi яшчаркамi, радзей — земнаводнымi, дробнымi грызунамi. Змеяед — дзённы драпежнiк, рэжым яго палявання вызначаецца актыўнасцю паўзуноў. Пачынаючы з 8 гадзiн ранiцы да 17—18 гадзiн вечара, змеяед можа здабыць 3—4 змяi даўжынёй 30—60 сантыметраў.

Звычайна маўклiвыя, птушкi падаюць голас толькi ў час такавання. Характэрнае “хiйо” можна пачуць у красавiку. Зiму праводзяць на поўначы, захадзе i ўсходзе Афрыкi, куды адлятаюць з канца жнiўня да канца верасня. Час адлёту таксама вызначаецца памяншэннем колькасцi паўзуноў увосень.

Звычайна маўклiвыя, птушкi падаюць голас толькi ў час такавання. Характэрнае “хiйо” можна пачуць у красавiку. Зiму праводзяць на поўначы, захадзе i ўсходзе Афрыкi, куды адлятаюць з канца жнiўня да канца верасня. Час адлёту таксама вызначаецца памяншэннем колькасцi паўзуноў увосень.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне балот, высечка лясоў, фактар патрывожанасцi, вузкая кармавая спецыялiзацыя, гiбель птушак ад браканьераў.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную Кнiгу Беларусi. У Лунiнецкiм раёне захоўваюцца ў заказнiках рэспублiканскага значэння “Лунiнскi” i “Сярэдняя Прыпяць”.

Неабходныя меры аховы. Забарона распрацоўкi i асушэння верхавых балот. Абмежаванне колькасцi крумкачоў у месцах гнездавання. Шырокая прапаганда аховы гадзюк — асноўнага кармавога аб’екту змеяеда. Выяўленне i строгая ахова месцаў гнездавання.

Зімародак звычайны Зимородок обыкновенный (Alcedo atthis)

Статус: ІІІ катэгорыя. Рэдкi гнездавальны вiд, колькасць якога скарачаецца.

Апісанне. Невялiкая, крыху большая за вераб’я, ярка афарбаваная птушка, з цёмна-блакiтнай спiной i папярочнымi чарнаватымi i блакiтнымi палоскамi на верхняй частцы галавы. Ад дзюбы па баках галавы i шыi цягнецца блакiтная паласа з цёмнымi стракацiнамi. Пад вокам i на шчоках iржава-жоўтая авальная пляма. Нiжняя частка цела выразна ржава-рыжага колеру. Дзюба чорная, доўгая, прамая, на наддзюб’i выступаючы грэбень. Крылы шырокiя, кароткiя. Хвост прамазрэзаны, таксама кароткi. Селiцца зiмародак на берагах павольна цякучых рэк у месцах з абрывiстымi берагамi, парослымi хмызняком, дрэвамi i травянiстай раслiннасцю. Пары ў зiмародка звычайна ўтвараюцца толькi на перыяд размнажэння.

Прылёт птушак на Палессе адзначаецца ў другой палавiне красавiка. Адразу пасля прылёту пары прыступаюць да гнездавых спраў. Нару рыюць самец i самка дзюбай, адкiдваючы лапкамi выкапаную зямлю. На рыццё нары затрачваецца 10—12 дзён. За гэты час птушкi выкопваюць гарызантальны ход у зямлi даўжынёй ад 30 см да 1 м. У канцы хода робiцца шырокая гнездавая камера. Адтулiна гнездавой нары размешчана над вадой i скрыта галiнкамi або каранямi прыбярэжнай раслiннасцi. Аднойчы засялiўшы нару, птушкi могуць карыстацца ёю некалькi гадоў. Яец у кладцы ад 4 да 7, радзей — 10. Да наседжвання зiмародкi прыступаюць пасля адкладвання апошняга яйца. Самец i самка наседжваюць кладку па чарзе на працягу 21 дня.

Птушаняты вылупляюцца голымi, потым у iх з’яўляюцца пёры, пакрытыя каўпачкамi. Птушаня ў гэты час набывае вожыкападобнае аблiчча.

Выкормлiвае птушанят толькi самка. У час, калi самка носiць корм да нары, ад яе зыходзiць рэзкi непрыемны пах гнiючай рыбы, нара засмечана дробнымi астаткамi костак рыбы, луской, крыльцамi насякомых, тут жа могуць выводзiцца лiчынкi мух.

Галоўным кормам зiмародкаў з’яўляецца дробная, да 60 мм, рыба, здабываюць птушкi i земляных чарвей, i малюскаў, i апалонiкаў, а таксама водных насякомых. Зiмародак падпiльноўвае здабычу, седзячы нерухома на прыбярэжных вываратнях, галiнках, якiя нiзка звiсаюць над вадой. Заўважыўшы праплываючую рыбку цi воднае насякомае, iмгненна кiдаецца ўнiз, знiкаючы пад вадой. Схапiўшы здабычу i павярнуўшы яе галавой да сябе, з’ядае або нясе да нары. Часта з пранiзлiвым крыкам ляцiць нiзка над вадой, углядаючыся ў пошуках ахвяры. Глыбока ныраць зiмародкi не могуць i ловяць толькi тую жыўнасць, якая плавае блiзка ля паверхнi вады.

Адлёт зiмародкаў адбываецца ў вераснi, нярэдка птушкi застаюцца на месцы гнездавання да другой паловы кастрычнiка. Заўважаны некаторыя птушкi i зiмой на незамёрзлых вадаёмах. Верагодна, такая экалагiчная асаблiвасць гэтых птушак i з’явiлася прычынай паходжання iх назвы.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнiгу Беларусi. Ахоўваюцца ў заказнiку «Сярэдняя Прыпяць».

Асноўныя абмежавальныя фактары. Выпрошчванне рэчышчаў, знiшчэнне на берагах дрэва-хмызняковай раслiннасцi, забруджванне вадаёмаў пестыцыдамi, бытавымi i прамысловымi выкiдамi, фактар неспакою.

Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў гнездавання, прапаганда аховы вiду.

Зялёны дзяцел Зеленый дятел (Piсus viridis)

Статус: III катэгорыя. Рэдкi гнездавальны i зiмуючы вiд.

Апiсанне асобiны. Вельмi прыгожая птушка. Спiна i крылы жаўтавата-зялёныя, падхвосце блiскуча-жоўтае, махавыя пёры бурыя, хвост буравата-чорны з шэрымi папярочнымi палоскамi. Верх галавы, патылiца i паласа ад нiжняй скiвiцы да шыi чырвоныя. Дробныя чорныя пёры акружаюць вочы, утвараюць вузкiя палоскi чорнага колеру на лбе i шчоках. Горла i валляк белаватыя, астатняя частка брушнога боку бледна-зеленаватая з цёмнымi стракацiнкамi. Па форме цела зялёны дзяцел нагадвае вялiкага стракатага дзятла. Аднак большы памерам. Даўжыня яго 35—37 см, вага 250 г (дзеля параўнання: вялiкi стракаты дзяцел важыць да 100 г).

Зялёныя дзятлы — асцярожныя птушкi. Пары селяцца далёка адна ад другой. Сустрэча з iмi бывае нячастай. Аднак у перыяд гнездавання самка i самец выдаюць сваю прысутнасць моцнымi крыкамi на працягу ўсяго дня. Дуплы выдзёўбваюць пераважна ў загнiваючых дрэвах: старых асiнах, вербах, вольхах. Кладка адбываецца ў першай палове мая i складаецца з 5—9 яец блiскуча-белага колеру.

У выседжваннi, як i выкормлiваннi птушанят i выдзёўбваннi дупла, прымаюць удзел i самец, i самка. Вылет птушанят назiраецца ў другой палове чэрвеня. Жывiцца зялёны дзяцел насякомымi, якiх збiрае на ствалах дрэў. Самай любiмай яго ежай з’яўляюцца мурашкi, якiх ён паядае ў вялiкай колькасцi. Каб здабыць кукалак мурашак, нават робiць глыбокiя хады ў мурашнiках.

Сустракаюцца зялёныя дзятлы ў буйнаствольных лiсцевых i змешаных лясах. Найчасцей трымаецца там, дзе адкрытыя прасторы чаргуюцца з лясамi, дзе шмат рознаўзроставых дрэў. Пазбягае чыстых ельнiкаў.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых лiсцевых дрэвастояў.

Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымалiся. Асобныя месцы пражывання птушак ахоўваюцца ў заказнiках Лунiнецкага раёна.

Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў пражывання i дуплаватых дрэў з гнёздамi птушак. Вывучэнне экалогii, прапаганда аховы вiду.

Кулік-сарока Кулик-сорока (Haematopus ostralegus)

Статус: ІІІ катэгорыя. Рэдкi спарадычны гнездавальны вiд.

Апісанне. Прыбярэжныя птушкi з моцнымi трохпалымi нагамi i прамой моцнай чырвонай дзюбай. Афарбоўка iх пярэстая — чорная з белым. Па велiчынi птушка трошкi меншая за голуба. У дарослых птушак галава, шыя да папярэдняй часткi грудзей, спiна, частка крыла i канец хваста чорныя. Усе астатнiя пёры белага колеру. Зiмуюць кулiкi-сарокi на поўначы Афрыкi i на поўднi Азii. Пойма Прыпяцi з’яўляецца сучасным ачагом пражывання кулiка-сарокi на Беларусi. У канцы красавiка, а таксама ў маi на пясчаных водмелях i астравах Прыпяцi можна ўбачыць кулiкоў-сарок у час iх своеасаблiвых шлюбных гульняў, якiя суправаджаюцца гукамi «кевiк… кевiк… кевiк… кевiк… кiкквiкквiкквiррр». Такуюць птушкi невялiкiмi чародкамi. Да спяваючага самца нярэдка далучаюцца iншыя. Самцы ў час такавання лятаюць напружана, выцягнуўшы шыю наперад i апусцiўшы дзюбу ўнiз.

Здараюцца бойкi памiж самцамi. Паступова пары адасабляюцца i займаюць гнездавыя ўчасткi. Гняздо размяшчаецца на зямлi адкрыта i уяўляе сабой неглыбокую ямку. У поўнай кладцы 2—4 яйцы, даволi буйных памераў: даўжынёй 51—63 мм, шырынёй 37—44 мм. Глiнiста-жоўты колер з цёмна-бурымi i шаравата-бурымi плямамi добра маскiруе iх на прыбярэжных пясчаных водмелях з рэдкай травянiстай раслiннасцю. Наседжваюць кладку самец i самка, змяняючы адзiн аднаго. Доўжыцца наседжванне 26—28 дзён. Пухавiчкi-птушаняты пакiдаюць гняздо ў дзень вываду, аднак яшчэ некаторы час абаграваюцца бацькамi непадалёку ад гнязда. Птушаняты доўга застаюцца бездапаможнымi ў пошуках корму. На працягу прыкладна 3-х тыдняў бацькi цярплiва навучаюць птушанят кармiцца самастойна. Цiкава назiраць, як адзiн з бацькоў выкладвае прынесеную ежу на пясок i доўга стаiць, апусцiўшы дзюбу-ўказку да корму, пакуль якое-небудзь птушаня не здагадаецца яго схапiць. Многiя птушаняты гiнуць у першыя гадзiны пасля з’яўлення на свет з-за пераахалоджвання (патрывожаная самка пакiдае гняздо), пад капытамi жывёл цi па iншых прычынах. Ежа кулiкоў разнастайная: малюскi, ракападобныя, насякомыя i iх лiчынкi. Кормяцца кулiкi i дробнымi рыбкамi, могуць даставаць дробных жывёл, якiя закапалiся ў мяккi грунт на мелкаводдзi.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэзкае павышэнне ўзроўню вады i затапленне гнездавых участкаў у вынiку моцных дажджоў. Выпас жывёлы. Фактар неспакою.

Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнiгу Беларусi з 1981 г. Здабыча птушак забаронена. У Лунiнецкiм раёне ахоўваюцца месцы гнездавання кулiка-сарокi ў межах заказнiка «Сярэдняя Прыпяць».

Неабходныя меры аховы. Забарона выпасу жывёл i наведвання чалавекам месцаў гнездавання з 1 красавiка па 1 жнiўня. Вывучэнне экалогii, улiк колькасцi, кантроль за станам папуляцыi. Прапаганда аховы вiду.

Кваква Кваква (Nycticorax nycticorax)

Статус: ІV катэгорыя. Вельмi рэдкi, недастаткова вывучаны вiд.

Апiсанне птушкi. Належыць да сям’i чаплевых. Ад iншых чапель адрознiваецца больш каржакаватым целаскладам i кароткай шыяй. Верх галавы i пёры плячэй чорныя з сiняватым металiчным адлiвам. Лоб, надброўная палоска, а таксама брушны бок цела белыя. Крылы i хвост шэрыя. У шлюбны час у самца вырастаюць 2—4 доўгiя i вузкiя пёры белага колеру, якiя ўпрыгожваюць яго. Даўжыня цела да 60 см, вага 500—700 г.

Месцы пражывання кваквы — балоцiстыя хмызнякi i зараснiкi трыснягу ў поймах рэк. Гняздуецца птушка на дрэвах, калi iх мала, то на кустах вярбы або на заломах трыснягу i iншай прыбярэжнай раслiннасцi. У кладцы 3—5 яец. Кваквы — начныя птушкi. Як усе чаплi, харчуюцца разнастайнай жывёльнай ежай: насякомымi, жабамi, апалонiкамi, яшчаркамi, дробнымi грызунамi. У час гнездаваня — крыклiвыя птушкi. Голас iх гучыць як своеасаблiвае «квак, квак, квак, квак», паўтараючаеся з перапынкамi. «Пры абследаваннi поймы ракi Прыпяць у заказнiку «Вусце Ланi» летам 1999 года была заўважана адна дарослая кваква. У той жа дзень на пазначанай тэрыторыi ўдалося назiраць трох дарослых птушак i адно птушаня кваквы, а таксама знайсцi 27 гнёздаў гэтага вiду. Гнёзды кваквы былi размешчаны на кустах вярбы ў цэнтральнай частцы калонii сярод пасялення белай чаплi. Такiм чынам, дадзеная знаходка з’яўляецца дакладным фактам гнездавання кваквы на тэрыторыi Беларусi». Вытрымка ўзята з беларускага арнiталагiчнага бюлетэня. Кваквы — пералётныя птушкi, зiмуюць у экватарыяльнай Афрыцы.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вывучалiся. Верагодна, антрапагеннае ўздзеянне на месцы гнездавання.

Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў заказнiку “Сярэдняя Прыпяць”. Дадзеная тэрыторыя з’яўляецца адным з важнейшых месцаў захавання птушак Беларускага Палесся i Беларусi ў цэлым.

Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання i iх ахова. Абмежаванне адстрэлу рыбаедных птушак у рыбгасах. Прапаганда аховы вiду.

Мурашка-амазонка Муравей-амазонка Poliergus ruffscens

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Не знаходзіцца пад прамой пагрозай знікнення, але падлягае рызыцы вымірання ў перспектыве з нагоды марфафізіялагічных і паводзінскіх акалічнасцей, што робіць іх уразлівымі пры любых, нават нязначных зменах навакольнага асяроддзя.

Апісанне. Самцы мурашак-амазонак чорнага колеру, даўжыня цела 6—7,5 мм. Самка карычнева-чырвоная (8—9,5 мм). У мурашніку гэтага віду няма рабочых мурашак, а ёсць толькі салдаты з вялікімі серпападобнымі сківіцамі. Гнёзды гэтых мурашак складаюцца з дзвюх частак: з наземнай (у пні, гнілым бервяне, у камлі жывога падсыхаючага дрэва) і падземнай. Усю работу ў гнёздах гэтых мурашак выконваюць рабочыя другіх відаў роду Formica, часцей за ўсё — бурага ляснога мураша.

У адзін са спрыяльных дзён пачатку лета калона рыжых салдат выходзіць у паход. Даўжыня такой “арміі” можа быць больш за 10 м. Знайшоўшы мурашнік бурага ляснога мураша, амазонкі кідаюцца ў сярэдзіну і пачынаюць выцягваць кукалак і дарослых лічынак. Калі бурыя мурашкі аказваюць супраціўленне, амазонкі ўмомант адкусваюць ім галаву. І вось ужо калона вяртаецца назад, і кожная мурашка нясе ў сківіцах лічынку ці кукалку. З іх у гняздзе будуць выведзены мурашкі, якія будуць выконваць тую ж работу, што і ў родным мурашніку. Такая форма паводзін, як у мурашак-амазонак, носіць назву “рабаўладальніцтва”.

Мурашкі-амазонкі сустракакюцца ў хваёвых або лісцёвых лясах, на ўзлесках, прасеках, разрэджаных участках лесу. Сустракаюцца надзвычай рэдка. У Лунінецкім раёне праходзіць паўночная мяжа арэала віду.

Абмяжоўваючыя фактары. Не ўстаноўлены.

Прынятыя меры аховы. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Рэкамендуемыя меры аховы. Арганізацыя заказнікаў у вядомых месцах пражывання віду.

Пугач (Філін) Филин (Bubo bubo)

Статус: І катэгорыя. Нешматлiкi аселы вiд, якi знаходзiцца пад пагрозай знiкнення.

Апісанне. Начны драпежнiк, ежу здабывае i ў прыцемках. Наддзюба птушкi загнутая з вострым рэжучым краем i кручкаватай вяршыняй. Вялiкiя вочы, як i ва ўсiх соў, напраўлены наперад. Пёры вакол вачэй i дзюбы ўтвараюць так званы дыск, таксама характэрны для ўсiх соў. Яшчэ на пачатку 20 стагоддзя фiлiн быў звычайнай i добра вядомай птушкай Палесся i знiшчаўся з-за шкоды, якую ён прыносiў, з’ядаючы ўсе, што даступна яго пiльнаму воку: зайца-беляка i зайца-русака, глухара i цецерука, курапатку i рабчыка, нават птушак, якiя адпачываюць цi начуюць на вадзе. Аднак пераважнай ежай для фiлiна з’яўляюцца мышападобныя грызуны. Адстрэл птушак, а таксама высечка старых высакаствольных лясоў прывялi да рэзкага знiшчэння колькасцi гэтай птушкi. Цяпер, па меркаванню вучоных, на ўсёй Беларусi гняздуецца прыблiзна 60 пар гэтых птушак. У 1972—1975 гг. у пойме Прыпяцi было выяўлена 6 месцаў пражывання пугача.

У Прыпяцкiм Палессi фiлiн сустракаецца часцей, чым у iншых месцах рэспублiкi. Фiлiн — найбольш буйны прадстаўнiк соў. Даўжыня цела 62—72см, размах крылаў 150—180 см. Афарбоўка пёраў складаецца са спалучэння чорных, бурых i жаўтавата-вохрыстых таноў у выглядзе палос, добра абазначаных на нiжняй частцы цела. На галаве два пучкi вушных пёраў. Днём фiлiн звычайна адседжваецца на тоўстай галiне, прыцiснуўшыся да ствала дрэва, шансаў убачыць яго ў час адпачынку мала. Выяўляе сябе фiлiн у шлюбны перыяд характэрнымi крыкамi, якiя можна чуць з канца лютага да сярэдзiны красавiка. На працягу сутак у гэты час адзначаецца тры пiкі актыўнасцi: праз гадзiну пасля заходу сонца, апоўначы i на свiтанку. Гнёзды размяшчаюцца каля камля дрэў на зямлi, на шырокiх пнях, укрытых парасткамi, у пакiнутых гнёздах чорнага бусла цi падорлiка, вельмi рэдка ў дуплах старых вербаў. Самка адкладвае 2—3 белых яйцы. Кладка наседжваецца адразу пасля адкладання першага яйца i доўжыцца 35 сутак, пагэтаму птушаняты ў гняздзе рознага ўзросту. Выкормлiваюць патомства абодва бацькi. Першыя маладыя фiлiны з’яўляюцца ў маi. Праз тры месяцы яны здольны да палёту.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых спелых i перастойных лясоў.

Прынятыя меры аховы. Здабыча пугача на Беларусi забараняецца.

Неабходныя меры аховы. Улiк гняздоўяў птушак i iх ахова, забарона высечкi лесу i лесамелiярацыйных работ у месцах гнездавання пугачоў, прапаганда аховы вiду.

Арэшнікавая соня Орешниковая соня (Muscardinus avellanarius)

Статус: ІІ катэгорыя. Рэдкi вiд. На Беларусi знаходзiцца на мяжы арэала, плошчы яго спецыфiчнай жыццёвай прасторы змяншаюцца, што можа прывесцi да знiкнення вiду.

Апісанне. Невялiкi звярок, ростам з мыш (7—9 см), аднак адрознiваецца пушыстым хвастом. Афарбоўка охрыста-бурая з палевым адценнем. Пальцы ног белыя. Жыве пераважна ў падлеску мяшаных цi лiсцевых лясоў, дзе растуць ляшчына i ягадныя кусты. Актыўны звярок у начную пару i на змярканнi. Спрытна лазiць па хмызняках, утрымлiваючыся нават на самых тонкiх i гнуткiх галiнках. Летам будуе сабе гняздо ў выглядзе сплеценых у шар травiнак, склееных клейкай слiнай. Унутры гняздо высцiлае мяккай раслiннасцю. Гняздо ладзiць на галiнках хмызняку на вышынi 1—2 м або ў нiзкiх дуплах. Кормяцца арэшнiкавыя сонi арэхамi, жалудамi, ягадамi, а таксама насякомымi. Робiць запасы корму. У час зiмовай спячкi пакiдаюць свае гнёзды i ўладкоўваюцца ва ўсемагчымых сховiшчах: пад карэннем дрэў, упаўшымi стваламi, у вываратнях i да т.п.

Нават вясной i летам пры знiжэннi тэмпературы да +15 градусаў i нiжэй сонi могуць на некалькi дзён упадаць у здранцвенне i спаць у сваiх гнёздах, згарнуўшыся ў шчыльны, пухнаты камячок. У час глыбокай зiмовай спячкi тэмпература цела арэшнiкавых сонь падае ад нармальнай (+34—36) да 0,2—0,5. Двойчы за лета самка нараджае пасля трохтыднёвай цяжарнасцi ад 2-ух да 9-цi, найчасцей 3—5 дзiцянят. Соня добра пераносiць няволю, можа быць непатрабавальным насельнiкам куткоў жывой прыроды. Пражыванне арэшнiкавай сонi ў межах Лунiнецкага раёна падцверджана ў 1984 г.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Увядзенне лясных монакультур без падлеску, якiя iнтэнсiўна пашкоджваюць падлесак i пакiдаюць сонь без корму i сховiшчаў.

Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў рэспублiканскiм ландшафтным заказнiку «Сярэдняя Прыпяць» i бiялагiчным заказнiку “Лунiнскi”.

Неабходныя меры аховы. Выяўленне i ахова месцаў пражывання. Папулярызацыя аховы вiду.

Соня-палчок Соня-полчок (Myoxus glis)

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Не знаходзіцца пад прамой пагрозай знікнення, але падлягае рызыцы вымірання ў перспектыве з нагоды марфафізіялагічных акалічнасцей, што робіць від уразлівым пры любых, нават нязначных зменах навакольнага асяроддзя.

Апісанне. Найбольш буйны прадстаўнік сучасных сонь. Даўжыня цела 15—20 см з пушыстым доўгім (10—16 см) хвастом. Вага дарослых асобін 150—180 г. Густое мяккае футра спіны дымчата-шэрае або карычнявата-шэрае. Вушы акруглыя. Ніз цела белы з жаўтаватым адценнем. Пры рассяленні соні аддаюць перавагу лесу са змешанай прымессю пладовых дрэў: дзікіх груш, яблынь і ягадных кустоў: малінніку, ажынніку, а таксама месцам, якія б забяспечылі грызуна арэхамі і жалудамі. Актыўныя ў начны час. На зіму кладзецца ў спячку. Гняздо, размешчанае ў дуплах, уцяпляецца мохам, пухам, сухой травой. Раз у год пасля 30-дзённай цяжарнасці самка нараджае 4—6 дзіцянят. Працягласць жыцця сонь невялікая: ад 3,5 да 4,5 гадоў. Зімовая спячка доўжыцца з канца верасня да сярэдзіны мая. Месцамі зімовак могуць быць дуплы дрэў, норы, поласці пад карэннямі, дзе суха і не так значныя тэмпературныя ваганні. Знаходкі віду ў межах Лунінецкага раёна адзначаліся ў 1956, 1959, 1972, 1973 гг.

Абмежавальныя фактары. Замена першасных шыракалістных лясоў на штучныя пасадкі хваёвых парод. Вынішчэнне падлеску з малінніку, ажыны, арэшніку. Валка дуплістых дрэў у час лесагаспадарчай дзейнасці.

Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Неабходныя меры аховы. Захаванне тыповага асяроддзя пражывання віду, участкаў пойменных дуброў, экалагізацыя лесакарыстання (захоўванне падлеску і старых дуплістых дрэў). У вядомых месцах пражывання мэтазгодна стварэнне заказнікаў.

Чапля вялікая белая Цапля большая белая (Egretta alba)

Статус: III катэгорыя. Нешматлiкi залётны вiд, гняздуюцца адзiнкавыя птушкi.

Апісанне. Ад iншых чапель адрознiваецца снежна-белымi пёрамi i больш буйнымi памерамi. Сярэдняя вага птушкi 1,4—1,7 кг. У час такавання на патылiцы з’яўляецца невялiкi чубок, на нiжняй частцы шыi выразна выдзяляюцца рассуканыя пёры, звiсаючыя ў выглядзе невялiкай грывы. На плячах 2 пучкi доўгiх рассуканых пёраў, якiя заходзяць за канец хваста. Гэта знакамiтыя эгрэткi, з-за якiх у ХIХ i ў пачатку ХХ стагоддзяў белую чаплю знiшчалi ў вялiкай колькасцi. Эгрэткамi ўпрыгожвалiся дамскiя прычоскi i капялюшыкi. Паляванне на гэтую птушку набыло такi масавы характар, што па дадзеных консульскага ўлiку з адной Венесуэлы ў 1898 годзе было вывезена эгрэтак ад 1538000 белых чапель. Не дзiўна, што гэтая птушка ў многiх месцах зусiм знiкла цi стала выключна рэдкай. Каб выратаваць вiд ад поўнага знiшчэння, у 1920 годзе была ўстаноўлена забарона палявання на белых чапель.

Спосаб жыцця гэтых птушак такi ж, як i ў iншых чапель. Аддаючы перавагу бязлесым цi бедным лясной раслiннасцю плошчам, дзе маюцца вадаёмы (адкрытыя мелкаводдзi, азёры, рэкi з павольным цячэннем), яны будуюць гнёзды ў цяжкадаступных кутках трысняговых купiн. Уладкоўваюць гнёзды найчасцей на заломах трыснягу, аднак ёсць рэдкiя прыклады знаходжання iх на дрэвах: вербах, дубах на вышынi 7—8 метраў. Прылёт птушак адзначаны ў першай палове красавiка. Белая чапля — манагам. Гэта значыць, што самец утварае пару толькi з адной самкай. У кладцы звычайна 3—5 яец зеленавата-блакiтнага колеру. Наседжваецца кладка абодвума бацькамi па чарзе на працягу 25—26 дзён. Птушаняты ў першыя днi хоць i бачаць, але зусiм бездапаможныя. Толькi ва ўзросце 7—8 дзён яны могуць паднiмацца на ногi.

Кормiцца вялiкая белая чапля рыбай, воднымi насякомымi або iх лiчынкамi, апалонiкамi, жабамi. Могуць пераключацца на iншыя вiды корму, у залежнасцi ад iх даступнасцi: гэта птушаняты вараб’iных птушак, вадзяныя палёўкi. Адлёт птушак, верагодна, у вераснi.

Кормiцца вялiкая белая чапля рыбай, воднымi насякомымi або iх лiчынкамi, апалонiкамi, жабамi. Могуць пераключацца на iншыя вiды корму, у залежнасцi ад iх даступнасцi: гэта птушаняты вараб’iных птушак, вадзяныя палёўкi. Адлёт птушак, верагодна, у вераснi.

Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая дзейнасць у поймах рэк. Касьба, выпас жывёлы. Бездапаможнасць птушанят у першыя днi жыцця, што часта робiць iх ахвярамi варон.

Прынятыя меры аховы. У 1980 годзе ў калонii шэрых чапель у Лунiнецкiм раёне было выяўлена гняздо з птушанятамi вялiкай белай чаплi. Чарада белых чапель з 11 асобiн доўга трымалася ў месцы ўпадзення Ланi ў Прыпяць. З мая 1985 года гэта тэрыторыя была ўключана ў створаны бiялагiчны заказнiк “Вусце Ланi”. З 19 лiпеня 1999 года тэрыторыя заказнiка “Вусце Ланi” становiцца часткай рэспублiканскага ландшафтнага заказнiка “Сярэдняя Прыпяць”. Здабыча птушак i выманне яец з гнёздаў забаронены.

Неабходныя меры аховы. Прапаганда аховы вiду, улiк гняздоўяў i iх ахова. Расшырэнне ахоўнай зоны заказнiка “Сярэдняя Прыпяць”.

Балотная чарапаха Болотная черепаха (Emys orbicularis)

Статус: II катэгорыя. Рэдкi вiд, колькасць якога скарачаецца.

Апiсанне: Панцыр, якi служыць сродкам пасiўнай абароны, дазваляе беспамылкова адрознiць чарапах ад iншых жывёл. У балотнай чарапахi ён авальны, даўжынёй да 25 см. Цёмна-алiўкавага колеру, з дробнымi светла-жоўтымi рысачкамi, плямкамi. Галава, шыя i ногi ўсеяны дробнымi, добра адметнымi жоўтымi плямамi на цёмным фоне. Хвост доўгi, да палавiны даўжынi панцыра. У ХIХ стагоддзi балотная чарапаха сустракалася на Палессi вельмi часта. Аднак паступова знiкала з раёнаў, асвоеных чалавекам. Iнтэнсiўнае асушэнне балот паскорыла працэс скарачэння колькасцi вiду. Самыя ўлюбёныя месцы пражывання чарапахi — балоты, сажалкi, цiхiя рачныя затокi з глеiстым дном i пакатым берагам, дзе ёсць адкрытыя месцы, зручныя для прыёму сонечных ванн. У вадзе балотная чарапаха рухаецца вельмi спрытна i хутка, выдатна плавае, нырае, можа доўга знаходзiцца пад вадой. У час дзённага палявання цi адпачынку ў вадзе праз кожныя 15—20 хвiлiн усплывае на паверхню, каб назапасiць паветра. У эксперыменце балотная чарапаха выжывала ў вадзе пры тэмпературы +18 без магчымасцi ўсплыцця на паверхню да двух сутак. На сушы чарапаха рухаецца не так хутка, як у вадзе. Звычайна яны трымаюцца блiзка ад вадаёма i пры небяспецы ныраюць на дно, дзе закапваюцца ў глей. Кормяцца чарапахi на працягу ўсяго дня, асаблiва актыўна ранiцай, ноччу спяць на дне вадаёма. Кормяцца чарапахi жывёльнай ежай, воднымi i наземнымi дробнымi жывёламi, раслiнную ежу ўжываюць вельмi рэдка. Харчуюцца балотныя чарапахi лiчынкамi стракоз, камароў, плывунцамi, якiх здабываюць у вялiкай колькасцi. Рыба складае нязначную колькасць рацыёну чарапахi. У пошуках здабычы чарапаха карыстаецца не толькi зрокам, але i добрым нюхам.

У красавiку чарапахi выходзяць з вадаёмаў. Дасягнуўшы 6—8-гадовага ўзросту, здольны да размнажэння. У сярэдзiне мая адбываецца першая кладка з 5—10 яец даўжынёй 3 см. У канцы чэрвеня наступае другая кладка. У лiпенi можа адбыцца i трэцяя. Яйцы самка адкладвае ў ямку, якую выкапвае заднiмi нагамi. Развiццё яец доўжыцца на працягу трох месяцаў. Маладыя чарапашкi могуць заставацца ў гнездавой камеры на ўсю зiму. Толькi наступнай вясной яны выходзяць на паверхню, некаторы час жывяцца пажыўнымi рэчывамi жаўточнага мяшка. Мяса балотнай чарапахi ядомае.

Прынятыя меры аховы. Агульны ахоўны рэжым на запаведных тэрыторыях.

Неабходныя меры аховы. Максiмальна магчымае захаванне прыродных вадаёмаў пры мiлiярацыйных работахi месцаў масавага адкладвання яец. Стварэнне мясцовых заказнiкаў на вадаёмах, дзе колькасць чарапах найбольш высокая; прапаганда аховы вiду.

Чырвоны каршун Красный коршун (Milvus milvus)

Статус: ІІ катэгорыя (EN). Знаходзяцца пад крытычнай пагрозай знікнення.

У Беларусі вельмі рэдкі, вядомы па адзінкавых месцах гнездавання.

Апісанне. Добра бачна развілка хваста і светлыя плямы на крылах знізу. Страйнейшы за чорнага каршуна, але ў маладым узросце іх можна пераблытаць. Агульная даўжыня птушкі 58—61 см, размах крылаў 150—170 см, вага 1000—1300 г. Агульны фон афарбоўкі дарослых птушак (самцоў і самак) чырванавата-рыжы, галава больш светлая з цёмнымі прадольнымі плямамі. Жыве ў лісцевых альбо змешаных старых лясах у суседстве з адкрытымі тэрыторыямі (лугі, палі, рачныя даліны). Гняздо ладзіць у сярэдзіне кроны старых дрэў у развілцы тоўстых галін (часцей бліжэй да ствала). Можа займаць гнёзды іншых птушак. Пералётны від, веснавы прылёт у другой палове сакавіка. Птушаняты пакідаюць гнёзды ў ліпені. Харчуецца птушкамі, грызунамі, палююць нават на вожыкаў.

Колькасць асобін на тэрыторыі ўсёй Беларусі ўсяго 3—10 пар. У межах нашага раёна назіраўся ў 2000—2002 годзе ў адзінкавых экзэмплярах.

Асноўныя абмежавальныя фактары. На Захадзе Беларусі праходзіць усходняя мяжа арэалу чырвонага каршуна, па гэтай прычыне птушка вельмі рэдка залятае ў цэнтральныя раёны. Асноўныя месцы назірання птушкі Белавежская пушча, Гродзенская вобласць. Негатыўны ўплыў на распаўсюджванне птушак аказвае высечка старых лясоў, незаконная дабыча птушак.

Прынятыя меры аховы. Від занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь. Забаронены адстрэл чырвонага каршуна, разбурэнне гнёздаў, збор яек.

Неабходныя меры аховы. Правядзенне работы па мэтанакіраванаму пошуку месц, дзе могуць быць гнёзды гэтай птушкі, прыняцце мер па іх ахове. Прапаганда аховы віду сярод насельніцтва, паляўнічых, леснікоў.

Шашачніца ранняя (вялікая) Шашечница ранняя (большая) (Suphydryas maturna)

Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Не знаходзіцца пад прамой пагрозай знікнення, але здольная да рызыкі вымірання ў перспектыве з нагоды марфафізіялагічных або паводзінскіх акалічнасцей, што робіць від уразлівым пры любых, нават нязначных зменах навакольнага асяроддзя.

Апісанне. У афарбоўцы крылаў характэрна спалучэнне аранжавага колеру з чорным накшталт малюнка шахматнай дошкі. Па агульнаму малюнку крылаў падобна на перламутраўку, аднак адценне фарбаў у шашачніцы вялікай больш чырванавата-аранжавае і на ісподзе крылаў няма серабрыстых плямак. Даўжыня пярэдняга прыблізна 19—25 мм. Палавы дымарфізм выражаны ў тым, што самкі большых памераў са святлейшым, чым у самца, малюнкам на крылах. Самкі адкладваюць да 200 яек па 30—40 у адной кладцы на лісце кармавых раслін. Вусені кормяцца лісцем хмызнякоў і падросту ясеня, таполі, асіны, вярбы. Перазімаваўшы, кормяцца на травяністых раслінах. Лёт пачынаецца ў ліпені. Матылі лятаюць над сырымі паплавамі ўздоўж рэчышчаў нявыпрамленых рэк, а таксама над адкрытымі ўчасткамі ўздоўж балот.

Абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, спрамленне рэчышчаў малых рэк, інтэнсіўнае сенакашэнне, вясеннія палы травяністай расліннасці, пашырэнне сельскагаспадарчых узгоддзяў.

Прынятыя меры аховы. Від уключаны ў Чырвоны спіс МСОП і Чырвоную кнігу Еўрапейскіх дзённых матылёў (SPEC 3, катэгорыя VU), у дадатку ІІ Бернскай канвенцыі.

Неабходныя меры аховы. Забарона на лоўлю віду, абмежаванне асушальнай меліярацыі, суцэльнага сенакашэння.


Па рашэнню Лунінецкага раённага савета дэпутатаў ад 28 снежня 2010 г. на тэрыторыі нашага раёна дабаўлена 8 чырвонакніжнікаў:

  1. Малы бугай
  2. Шэры журавель
  3. Граздоўнік шматраздзельны
  4. Беласпінны дзяцел
  5. Трохпалы дзяцел
  6. Чорны апалон (матылёк)
  7. Мохавы чмель
  8. Сіела прамая
Яны знаходзяцца на тэрыторыях Лунінецкага, Дварэцкага, Сітніцкага, Краснавольскага і Мікашэвіцкага лясніцтв Лунінецкага лясгаса.

На верх старонкі