Палессе маё Лунінецкае

V. Азёры, вадасховішчы, рыбгас

У нашым раёне ёсць 3 возеры: Белае, Чорнае і Вулькаўскае-ІІ.

Возера Белае мае плошчу 22 гектары, даўжыня — 0,6 км, шырыня — 0,4 км, максімальная глыбіня — 10 метраў. Схілы пакрытыя лясамі, берагі пясчаныя. У возеры растуць некаторыя віды раслін з “Чырвонай кнігі Беларусі”, гэта палушнік азёрны, Лабелія Дортмана. Возера з’яўляецца жаданым месцам адпачынку жыхароў горада і раёна. Вада тут крыштальна чыстая. На беразе знаходзяцца будынкі для летняга адпачынку дзяцей Лунінецкага і Пінскага раёнаў. Летам і восенню на прылягаючых тэрыторыях расце шмат розных ягад і грыбоў. Наваколле возера, плошчаю 9 400 гектараў, лічыцца біялагічным заказнікам рэспубліканскага значэння, які сёння называецца “Лунінскі”.

Возера Чорнае размешчана недалёка ад Белага. Плошча яго роўная 31 гектару, знаходзіцца ў басейне р. Цна, недалёка ад в. Бастынь. Даўжыня — 0,68 км, шырыня — 0,6 км. Берагі вельмі забалочаныя. Для гаспадарак раёна Чорнае возера з’яўляецца вялікім скарбам прыроднага ўгнаення — сапрапелю. Пад пластом 2—3 метраў вады знаходзяцца буйныя залежы сапрапелю — 9 метраў у глыбіню. Возера Чорнае знаходзіцца на балансе калгаса “Шлях Леніна”. Дакументальна ўсё гатова для здабычы сапрапелю, але сёння не хапае тэхнічных сродкаў і спажыўцоў. Прымяненне такога каштоўнага ўгнаення на палях падняло б ураджайнасць збожжавых і кармавых культур. Верым, што прыйдзе час, калі сапрапель прынясе насельніцтву нашага раёна вялікі прыбытак у выглядзе багатых ураджаяў, а таксама ў фінансавым эквіваленце.

Возера Вулькаўскае-II. Да пачатку меліярацыі ў 70-я гады яно папаўнялася вадой Валчанскага канала. Плошча паверхні возера роўная 19 га, глыбіня — ад 3 да 5 метраў. Возера з’яўляецца месцам адпачынку мясцовых жыхароў. Знаходзіцца недалёка ад вёскі. Мясцовыя жыхары называюдь яго калі-нікалі возера “ПаЯра”, ад першых складоў двух прозвішчаў мясцовых жыхароў “Паўловіч і Яраховіч”, якія жылі на беразе возера ў ранейшыя часы.

Са школьнага падручніка вядома, што рэкі і азёры ў вельмі нязначнай ступені выкарыстоўваюцца чалавекам у яго гаспадарчай дзейнасці. А для рэгулявання ўвільгатнення палёў, захавання воднага балансу ствараюцца штучныя басейны вады — вадасховішчы. У нашым раёне яны ёсць таксама. Адно з самых буйных вадасховішчаў — “Велута”, плошча якога 760,2 га; максімальны аб’ём вады можа быць роўны 30,9 млн. м3. Работы працягваліся з 1978 па 1982 год. Тып вадасховішча — наліўны. Есць помпавая станцыя. Вадасховішча выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах, для ўвільгатнення 20,5 тысяч га зямель Валчанскай сістэмы, а таксама для назапашвання павадкавай вады ракі Цна; для папярэджвання затаплення сельскагаспадарчых угоддзяў. Вось ужо на працягу 20 год вадасховішча “Велута” добрасумленна выконвае сваю пачэсную місію. Акрамя таго, яно з’яўляецца як бы адным з “філіялаў” рыбгаса “Лахва”.

Размешчана вадасховішча ў вельмі прыгожым месцы непадалёку ад в. Навасёлкі. Амаль на працягу ўсяго года сюды прыязджаюць аматары-рыбаловы і не толькі з Лунінеччыны, а нават Пінскага, Салігорскага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў. Летам вадасховішча “Велута” — месца прыемнага адпачынку, купання, плавання. Вакол гэтага штучнага возера расце шмат розных ягад і грыбоў. На вадзе плаваюць сотні дзікіх качак. Вадасховішча акальцавана дамбай-плацінай, даўжыня якой — 10,4 км. У прылягаючых лясах водзяцца дзікі, лісіцы, зайцы, казулі, куніцы, ёсць гнездаванні рэдкіх птушак. Ранняй вясной чуваць такаванне цецерукоў, часамі вадасховішча наведваюць лебедзі, пралётныя гусі і жураўлі. Цікава тут бываць з фотаапаратам, заўсёды можна знайсці непаўторны кадр. У супрацоўнікаў экалагічнай інспекцыі, а таксама таварыства “Аховы прыроды” ёсць планы на недалёкае будучае — стварыць вакол вадасховішча заказнік па ахове нізіннага балота, расліннага і жывёльнага свету. Гэты малакрануты куточак прыроды нашага раёна павінен быць захаваны нашчадкам.

Другім па велічыні ў раёне з’яўляецца вадасховішча “Собельскае”, плошча якога 269,1 га, аб’ём вадзянога люстра роўны 14,2 млн. м3. Сярэдняя глыбіня — 4,90 м, даўжыня дамбы — 6,96 км. Было пабудавана ў 1987 годзе. Галоўнае прызначэнне — сезоннае рэгуляванне сцёку Грычынскага канала з мэтай выкарыстання яго для ўвільгатнення зямель КУП “Міжлескае”, СВК “Вулькаўскі світанак”, а таксама рэгуляванне воднага баланса Чэрабасаўскай асушальнай сістэмы на плошчы 14286 га. Акрамя гэтага, вадасховішча выкарыстоўваецца для развядзення рыбы, таму тут часта можна бачыць рыбаловаў-аматараў. Гнездзяцца тут таксама водаплаваючыя птушкі.

Прыкладна такое ж назначэнне, як і вадасховішча “Собельскае”, мае так званая сажалка “Ракітна”, хаця гэты вадаём плошчай 10,7 га, верагодна, назвалі так умоўна.

Усе тры вадасховішчы знаходзяцца сёння ў падпарадкаванні Лунінецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, работнікі якога нясуць адказнасць за прафесіянальнае выкарыстанне і абслугоўванне ўсіх меліярацыйных сістэм, злучаных з вадаёмамі. Дарэчы, гэтаму буйному прадпрыемству ў 1999 годзе споўнілася 40 гадоў. Сёння яно абслугоўвае і падтрымлівае ў належным стане меліярацыйныя збудаванні: каналы, дамбы, помпавыя станцыі, калектары і іншыя на плошчы больш за 78200 га.

Буйным эксплуатацыйнікам з’яўляецца таксама рыбгас “Лахва”, плошча сажалак якога — 440 га. Акрамя таго, за рыбгасам замацаваны старыя рэчышчы “Жалязніца”, азёры “Кнора”, “Падкова”, “Церабехаў”, “Ільюк” і іншыя. 3 гэтай жа мэтай выкарыстоўваецца вадасховішча “Велута” — 761,2 га, а таксама ўчасткі на рэчках Прыпяць, Смердзь, Гарынь, Ветліца, Льва, некаторыя нават знаходзяцца на тэрыторыі Столінскага раёна. Працягласць усіх гэтых рэчак складае 245 км.

Некалькі слоў аб стане прыбярэжных зямель. Сёння ў раёне практычна няма ніводнага жывёлагадоўчага і аўтарамонтнага прадпрыемства, якое б пагражала чысціні невялікіх рэчак, непадалёку ад якіх яны знаходзяцца, але гэта таму, што скарацілася пагалоўе жывёлы, а памяшканні сельскагаспадарчых збудаванняў пачалі выкарыстоўваць для іншых мэт. У СП “Аграграніт” і СВК “Велута” на гэтым настаялі прыродаахоўная інспекцыя, а таксама мясцовая ўлада. Кантроль за захаваннем малых рэк, як і іншых вадаёмаў, не з’яўляецца часовай кампаніяй, гэта глабальная праблема. Канешне, ёсць яшчэ праблемы з дачнымі таварыствамі, якія “дайшлі” да самай рэчкі Цна, пазбавіўшы тым самым магчымасці людзей пасядзець на беражку ці лужку. Таму нашы раённыя прыродаахоўныя органы бачаць задачу на будучае ў тым, каб заўсёды ўзгадняліся планы размяшчэння месц гаспадарання з экалагічнай інспекцыяй і, канешне, з мясцовымі ўладамі.