Палессе маё Лунінецкае

IV. Рэкі

Па тэрыторыі нашага раёна працякаюць такія рэкі: Прыпяць, Лань, Цна, Случ, Смердзь, Бобрык.

Прыпяць лічыцца самай магутнай ракой у нашым раёне; яна ж з даўніх часоў суднаходная. У назве ракі ёсць некалькі варыянтаў. У пісьмовых крыніцах да XIX стагоддзя раку часта называлі “Прыпець”, што значыць са стараславянскага як “ніспадаючая”, “пакатая”. Другое тлумачэнне вынікае са старажытна-рускага і беларускага тэрміна — “прыпечь” — гэта значыць, пясчаны бераг, не пакрыты хмызняком. І, нарэшце, трэцяе тлумачэнне: раку ў старажытнасці называлі “Трыпяць” — “3х5”, што абазначае — рэчка, якая мае 15 прытокаў.

Прыгажуня Прыпяць “нясе свае воды сухадоламу Дняпру” па тэрыторыі Беларусі на працягу 500 км, а па тэрыторыі нашага раёна — каля 100 км. Плошча водазбору на тэрыторыі Беларусі займае 52,7 тысячы км2. Замярзае Прыпяць амаль адначасова па ўсёй даўжыні ў пачатку снежня; ускрываецца ў канцы сакавіка. Таўшчыня лёду ад 50 да 70 см. У рэчцы водзіцца шчупак, галавель, акунь, плотка, гусцера, сом і шмат іншых рыб.

На рэчцы ёсць порты: Пінск, Мазыр, Тураў, Петрыкаў, Нароўля. Ад г. Мікашэвічы і да р. Прыпяць пабудаваны суднаходны канал (7 км), прадпрыемства “Граніт” адпраўляе сваю прадукцыю ў розныя мясціны.

Расказваючы пра рэкі, нельга не ўспомніць пра іх ролю ў жыцці чалавека, пачынаючы з самых даўніх часоў. 3 гісторыі вядома, што старажытныя людзі сяліліся на берагах рэк, азёраў. Вада, як і паветра, застаецца адным з трох галоўных кампанентаў існавання чалавека на Зямлі. Рэчка давала і дае чалавеку ваду, рыбу; яна ж з’яўляецца крыніцай зносін паміж гарадамі, народамі, нават дзяржавамі. Прыгажуня Прыпяць заўсёды была і застаецца найлюбімейшым месцам адпачынку не толькі рыбаловаў-аматараў, але і многіх жыхароў нашага горада і раёна — людзей, якія з’яўляюцца сапраўднымі сябрамі прыроды. Прыпяць заўсёды вабіць да сябе людзей сваёй непаўторнасцю, хараством ва ўсе поры года. Асабліва прыгожа тут у маі, калі ўсё пачынае квітнець, калі яшчэ да ўзыходу сонца можна паслухаць тысячы салаўіных трэляў. Зачароўвае чалавека і прырода Прыпяцкага наваколля разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету, які з’яўляецца неад’емнай часткай адзінай “матухны-прыроды”. Непаўторнасць краявідаў нашага краю ўспета многімі паэтамі і пісьменнікамі. Памятаеце, як у Я. Коласа: “Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...”.

3 гадамі, стагоддзямі адносіны чалавека да прыроды змяніліся, і не на яе карысць. XX стагоддзе нанесла страшэнны ўрон прыродзе нашай планеты. Не пазбеглі гэтага ўздзеяння і рэчкі. Неабдуманая і хуткасная меліярацыя Лунінецкага Палесся нанесла таксама вялікі ўрон навакольнаму асяроддзю, прыродзе. На месцах былых балот падымаюцца пылавыя буры, знікае вада ў калодзежах навакольных вёсак, згінулі многія расліны, жывёлы і птушкі.

У пачатку 80-х гадоў вучоныя пачалі задумвацца над праблемай аховы прыроды. На тэрыторыі рэспублікі, вобласці, нават і нашага раёна пачалі ўтварацца прыродаахоўныя зоны, так званыя заказнікі і запаведнікі. Іх мэта — абараніць нашу прыроду ад неразумнага знішчэння. Сёння, у пачатку 3-га тысячагоддзя, чалавек нарэшце пачынае разумець, што без навакольнага асяроддзя, без “матухны-прыроды” выжыць яму нельга, ён загіне. Колькі адбылося ў свеце катаклізмаў з-за неразумнага гаспадарання чалавека!..

Мы верым, што зямляне XXI стагоддзя зробяць усё, каб захаваць навакольнае асяроддзе, прыгажосць нашай прыроды на доўгія стагоддзі, накіраваць свае сучасныя тэхналогіі на абарону ўсяго жывога на Зямлі.

Другой па даўжыні ракой, якая працякае ў нашым раёне, лічыцца Лань. Яна з’яўляецца левым прытокам Прыпяці. Назва менавіта славянскага паходжання, ад слова “лань” — хутканогі алень; магчымы другі варыянт “liйnas” — з літоўскага “балота”. Рэчка з ціхай павольнай плынню. Цячэ па тэрыторыях некалькіх раёнаў, у тым ліку і Лунінецкім. Берагі рэчкі — месца ціхага адпачынку, рыбнай лоўлі, яны адкрытыя, тарфяністыя. У 1985 годзе ў нашым раёне быў утвораны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Вусце Лані”, аднак аб ім размова пойдзе ў асобным раздзеле.

Наступная рака нашага раёна — Цна, адна з некалькіх аднайменных рэчак на тэрыторыі Беларусі. У аснове назвы, відавочна, ляжыць слова “дэсная — правая”. Маецца таксама і другое тлумачэнне: ад стараславянскага слова “тьсьнь — вузкі”. Яна з’яўляецца адной з самых забалочаных рэчак нашага раёна. Берагі і сёння пакрыты хмызнякамі. Цна мае пясчаныя берагі толькі на працягу ад в. Дзятлавічы і да в. Дварэц. Даліна да в. Велута і ніжэй в. Кажан-Гарадок не выражана. Самы вялікі ўзровень палаводдзя — у канцы сакавіка. Плошча водазбору ў Прыпяцкім Палессі — 1130 км2. Берагі рэчкі ля вёсак Велута, Дзятлавічы, Дварэц, Цна, Кажан-Гарадок з’яўляюцца любімымі месцамі адпачынку жыхароў. Тут штогод праводзіцца свята Івана Купалы ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

Рака Случ — левы прыток Прыпяці, працякае па тэрыторыі Слуцкага, Салігорскага, Жыткавіцкага і Лунінецкага раёнаў. Назва ракі ўзята, відавочна, ад стараславянскага слова “Лука” — выгіб, ізлучына, а сёння беларускае слова “злуч”, “злучына” абазначае злучэнне. У вусце ракі даліна ў верхнім цячэнні зліваецца праз 6 км з далінай Прыпяці. Найвышэйшы ўзровень палаводдзя — у канцы сакавіка — сярэдзіне красавіка. У міжрэччы прытокаў маюцца прыгожыя дубровы, якія вабяць да сябе людзей на адпачынак. На берагах таксама раскінуліся маладыя дубровы. Берагі рэчкі з’яўляюцца пастаяннымі мясцінамі аматараў рыбнай лоўлі, фотааматараў, а таксама турыстычнага адпачынку, месцамі мілавання прыгажосцю прыроды. Паабапал ёсць вельмі разнастайны жывёльны і раслінны свет. І таму ў 1990 годзе, з мэтай захавання ў першародным стане прыроднага комплексу, тут быў створаны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Нізоўе Случы”, плошча якога роўна 3313 гектарам. У старажытныя часы людзі плавілі па рэчцы плыты, лавілі рыбу, правілі славянскія святы. Случ — адна з прыгажэйшых рэчак нашага раёна.

Рака Смердзь з’яўляецца таксама левым прытокам Прыпяці. Паходжанне назвы зыходзіць, відавочна, ад назвы-характарыстыкі “смердзь” — гэта спецыфічны пах вады. Пачынаецца са зліцця 2 каналаў ля вёскі Чырвоная Воля. Даўжыня рэчкі — 37 км. Пойма высокая, забалочаная, шырынёю 200—300 метраў; шырыня рэчкі — ад 5 да 15 метраў. Вадазбор 502 км2.

Ёсць і яшчэ адна рака ў нашым раёне — гэта Бобрык, якая таксама з’яўляецца левым прытокам Прыпяці, працякае яна ў Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім раёнах. Назва зыходзіць, верагодна, ад месца засялення “баброў”. Бобрык з’яўляецца натуральнай мяжой паміж Лунінецкім і Пінскім раёнамі. Даўжыня ўсёй ракі вагаецца ад 109 да 112 км у розных крыніцах. Выцякае з балоцістай мясцовасці. У 1976 годзе на Бобрыку ў Пінскім раёне створана вадасховішча “Пагост”, плошча — 1,62 км2, глыбіня — 5,4 м, дамба-плаціна — 16,2 км.

Валхва — правы прыток рэчкі Случ, пачынаецца ў Жыткавіцкім раёне, вусце ў 5-і км на паўдневы ўсход ад горада Мікашевічы.

Выдранка (Дудрынка) — правы прыток рэчкі Смердзь, пачынаецца з возера Вулька (вёска Вулька ІІ), вусце ля вёскі Любачын. Рэчышча Выдранкі ўяўляе сабой канал.

Люта — правы прыток Лані, пачынаецца з абваднога канала (у верхнім цячэнні Петраэўскай канавы) у 9,5 км на паўночны ўсход ад вескі Барсукова, вусце ля вёскі Мокрава.

У склад меліярацыйнай сеткі раёна ўваходзяць некалькі каналаў, назавём іх:

Сітніцкі канал — левы прыток Прыпяці, пачынаецца ў Жыткавіцкім раёне, вусце знаходзіцца ў 4 км на поўдзень ад вёскі Сітніца;
Лунінецкі канал — левы прыток Прыпяці, пачынаецца ў 10 км ад вёскі Дзятлавічы, вусце знаходзіцца ў 2 км на ўсход ад чыгуначнага маста праз раку Прыпяць;
Валчанскі канал — правы прыток Выдранкі, пачынаецца з меліяратыўнай сістэмы ў 3,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Вялікія Чучавічы, вусце знаходзіцца ў 3,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Вулька ІІ;
Галоўны канал — правы прыток Случы, пачынаецца ў Салігорскім раёне, вусце знаходзіцца ў 2 км на паўночны-захад ад вёскі Маршчынавічы;
Заазерскі канал (Заазерская канава) — левы прыток Галоўнага канала, пачынаецца ў Ганцавіцкім раёне, вусце ў 11 км на паўночны ўсход ад вёскі Красная Воля (за межамі раёна);
Крынічная канава — правы прыток канавы “Плесы”, пачынаецца ў Ганцавіцкім раёне, вусце ў 7,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Малыя Чучавічы;
Канал “Велута” — правы прыток Валчанскага канала, пачынаецца ў 4 км на паўночны ўсход ад вёскі Наваселкі, вусце ў 3,5 км на ўсход ад вёскі Велута;
Чэрабасаўскі канал (Чэрабасаўская канава) — у яе ўваходзіць і канава Маёнткавая, даўжынёй 20 км, бяруць пачатак у аколіцах вёскі Барсукова, з вусцем на поўдзень вёскі Намакрава.

У раёне пабудаваны суднаходны канал “Мікашэвіцкі” які злучае раку Прыпяць з чыгуначнай станцыяй Сітніца, дзе ёсць рачны порт — Мікашэвічы, даўжыня яго 7 км. Праходзіць па забалочанай левабярэжнай пойме ракі Прыпяць. Пабудаваны ў 1974—1978 гадах. Яго асноўнае прызначэнне — вываз прадукцыі прадпрыемства “Граніт”.

Акрамя 6-ці значных рэк, на тэрыторыі нашага раёна ёсць некалькі малых: Стыр, Журавінная, Морач, Копанка і іншыя, адны з якіх яшчэ прыкметныя, другія знаходзяцца на мяжы знікнення.

На некаторых геаграфічных картах захаваны і назвы каналаў: Валчанскі, Лунінецкі (Жылінскага), Сітніцкі, Собельскі, Глухая Лань.