Палессе маё Лунінецкае

Ліцэй г. Лунінца

Вялікае значэнне экалагічнаму выхаванню ў ліцэі надаецца на ўроках біялогіі, геаграфіі, хіміі, а таксама ў часы пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы. Тут ёсць профільныя класы хіміка-біялагічнага профілю (напрамку). Біялогію выкладае настаўніца Сіманава Г.М., хімію — Казлова Т.В., геаграфію — Кірыковіч Л.Е.

У ліцэі дзейнічае клуб “Зямляне”. Актыўнымі членамі яго з’яўляюцца Базык Вольга, Федаровіч Алёна, Базык Яўгенія, Кацуба Надзея, Швец Наташа, Верас Юлія. Пад кіраўніцтвам сваіх настаўніц гэтыя вучаніцы праводзяць не толькі цікавыя мерапрыемствы ў ліцэі, але і займаюцца сур’ёзнай навуковай працай. Так, Федаровіч Алёна і Базык Вольга прымалі актыўны ўдзел у абласной і рэспубліканскай канферэнцыях навуковых таварыстваў вучняў у г. Брэсце і г. Мінску. Там яны выступалі са сваімі практычнымі дакладамі:

а) “Вывучэнне канцэнтрацыі радыенуклідаў у прадуктах харчавання”;
б) “Накапленне цэзія і стронцыя ў глебе”.

Базык Жэня выступала з работай “Здольнасці накаплення цяжкіх металаў”. Канферэнцыя адбывалася 21—22 снежня 1999 г. у абласным эколага-біялагічным цэнтры.

Былі прадстаўлены таксама работы Хілюціч Юліі: “Цэзій і стронцый у арганізмах чалавека і жывёл на тэрыторыі Лунінецкага раёна”. Гэтая работа была адзначана дыпломам І ступені.

Кацуба Надзеі: “Разнастайнасць лішайнікаў Лунінецкага раёна”. Базык Яўгеніі: “Разнастайнасць імхоў навакольнай мясцовасці Лунінецкага раёна”. Работы таксама адзначаны дыпломамі.

Швец Наталлі: “Цяжкія металы ў глебах Лунінецкага раёна”. Верас Юліі: “Ахоўваемыя расліны Лунінецкага раёна”. Федаровіч Алёны: “Разнастайнасць травяністых раслін Лунінецкага раёна”. Базык Вольгі: “Лекавыя расліны і ступень іх забруджанасці радыенуклідамі”. Вынікам апошняй работы стала тое, што лекавыя расліны на вывучаемай тэрыторыі аказаліся чыстымі. Усе гэтыя вучаніцы, дарэчы, працягваюць свае даследаванні ўжо другі год.

Праводзячы свае даследаванні, яны глыбей знаёмяцца са спецыяльнай літаратурай, выступаюць з дакладамі і лекцыямі перад другімі вучнямі, даюць артыкулы ў мясцовыя газеты.

У ліцэі існуе цесная сувязь з выкладчыкамі ВНУ з г. Брэста і г. Мінска, дарэчы, якія часта тут бываюць, дапамагаюць вучням у час летняй практыкі.

Вядзецца вялікая пазакласная работа. Тут праводзяцца так званыя “біялагічныя поры года”. У 1999—2000 навучальным годзе прайшла “Біялагічная восень і вясна”. Вучні азелянялі тэрыторыю ліцэя, займаліся разбіўкай кветнікаў, працавалі на зямлі, адначасова не забывалі любавацца прыгажосцю нашай прыроды.

Праводзяцца ў ліцэі і экскурсіі, канферэнцыі, дыспуты. Нават быў пастаўлены спектакль “Зялёны балаган”, у якім чаргавалася гумарыстычнае з сур’ёзным, неверагоднае з верагодным.

У ліцэі добра аформлены кабінет біялогіі, дзе шмат матэрыялаў прысвечана прыродзе нашага раёна. Уся работа па экалагічнаму выхаванню мае практычны напрамак, а гэта значыць, што не ўсё яшчэ згублена, мы зможам дапамагчы прыродзе, а яна нам аддзякуе сваім хараством і непаўторнасцю.

Экалагічная адукацыя і выхаванне ў ліцэі г. Лунінца, фарміраванне адказных адносін да акаляючага асяроддзя; выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій ў працэсе экалагічнай адукацыі і выхавання.

Сіманава Галіна Мікалаеўна — настаўніца біялогіі ліцэя;
Бойка Наталля Васільеўна — псіхолаг і настаўніца біялогіі ліцэя.

У 2006—2007 навучальным годзе ліцэй працягвае працаваць над выкананнем інавацыйнага праекта “Экалагічная адукацыя і выхаванне вучняў, фарміраванне адказных адносін да акаляючага асяроддзя” як педагагічная ініцыятыва.

Задачы праекта:
1. Павысіць узровень ведаў па пытаннях акаляючага асяроддзя, сфарміраваць устойлівыя паняцці, што прыродная спадчына патрэбна для чалавека таксама, як і культурная.
2. Усвядоміць, што чалавек належыць прыродзе і яго абавязак — клапаціцца аб ёй не толькі дзеля сябе, а дзеля будучых пакаленняў.

Пад час планавання вучэбнага матэрыялу ў кожным класе абавязкова ўлічваецца экалагічны аспект. Па тэме “Асновы экалогіі і навука аб біясферы” распрацавана модульная праграма і цыкл модульных урокаў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў 8-ых і 9-ых класах. З мэтай павышэння вынікаў экалагічнай адукацыі ў біялагічных класах уведзены спецкурсы “Марфалогія, анатомія і экалогія раслін” — 8 клас, “Асновы гігіены і санітарыі” — 9 клас і курсы па выбары “Жыццё жывёл” — 8 клас, “Радыёбіялогія” — 10 клас, профільнае навучанне “Жыццё раслін” — 11 клас.

Для рэалізацыі інтэрактыўнага метаду і метаду эмацыянальнага ўздзеяння і часткова пошукавага метаду распрацаваны лабараторныя і практычныя работы з заданнямі розных узроўняў складанасці. Апошні метад у большай меры рэалізуецца ў пазакласнай рабоце. На гэта накіравана работа з таленавітымі дзецьмі, работа НТВ, работа клуба “Зямляне”.

Вынікам даследчай работы з’яўляецца напісанне рэфератаў і навукова-даследчых работ вучняў.

Адметнымі рысамі метаду праектаў з’яўляецца наступнае: зыходным пунктам навучання з’яўляюцца вучнёўскія праекты сённяшняга дня; школьныя праекты з’яўляюцца свайго роду копіямі розных бакоў жыцця грамадства; прынцып самадзейнасці ў работах вучняў. Праект разлічаны не толькі на пастаноўку вызначанай інтэлектуальнай задачы, але і на яе практычнае выкананне. Вельмі добра прымаецца гэты метад у курсе радыёбіялогіі. Вучні 10-га класа распрацавалі і абаранілі праекты “Уздзеянне іанізуючага выпраменьвання на арганізм чалавека” і “Гігіенічныя аспекты пражывання на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях”.

Экалагічная адукацыя ўключае ў сябе, акрамя экалогіі як навукі, шырокае знаёмства з культурна-гістарычнай спадчынай, прапрацоўку традыцыйна народнага разумення пытанняў аховы прыроды. Пры правядзенні даследчых экспедыцый вучні знаёмяцца з прыродай і культурай Беларусі, мясцовым насельніцтвам, яго традыцыямі, менталітэтам, характарам жыцця. Вучні ўмацоўваюць стан свайго здароўя, удзельнічаюць у экалагічных акцыях, атрымліваюць незабыўны эмацыянальны ўздым. Праектная тэхналогія пачынаецца ў 8-м і 9-м класах. Цікавымі ў гэтым плане з’яўляюцца праекты “Мы і нашы суседзі па планеце” і “Вясновыя перамены ў прыродзе” — 8 клас.

Работа з вучнямі павінна дапамагаць ім творча, гэта значыць, самастойна і выразна праяўляць свой духоўны свет. Тут галоўнае — стварэнне ўмоў, спрыяючых нараджэнню духоўнага жыцця і яго развіццю. Менавіта такія ўмовы складаюцца ў часы краязнаўчай і прыродазнаўчай работы.

Сэнсам работы з’яўляецца тое, што запальвае ў сэрцы вучня любоў да Бацькаўшчыны, яе герояў, любоў да сваёй малой Радзімы.

Вось ужо 2 гады ў ліцэі ажыцяўляецца праект, заснаваны на інтэграцыі двух прадметаў — біялогіі і інфарматыкі. Неабходным жыццёвым навыкам з’яўляецца граматнае валоданне камп’ютэрнай тэхнікай. Таму вучням фізіка-матэматычнага профілю было прапанавана стварыць прэзентацыі па розных інфармацыйных блоках тэмы “Узаемаадносіны відаў, папуляцый з акаляючым асяроддзем. Экасістэмы”. Імі былі выбраны тэмы работ, сфармуляваны паэтапны план выканання заданняў. Тут жа і назіраецца цеснае супрацоўніцтва настаўнікаў біялогіі і інфарматыкі.

Некаторыя тэмы праектаў 2005 года:

  1. Водныя сістэмы Лунінецкага раёна (Клімчук І., Пташэц А., Рылач А.)
  2. Выяўленне і папярэджанне выпадкаў браканьерства (Астаф’ева А., Кацуба М., Хартановіч Ю.)
  3. Змяненне ландшафта Палесся пасля асушэння балот. (Лабко М., Саланевіч М., Мажэйка М.)
  4. Запаведнікі Беларусі. (Капліч І., Грыневіч І., Казун В.,)
  5. Рэзервы пітной вады Лунінецкага раёна (Шкут Я., Далгун А., Лазько А., Канапацкая Н.)
  6. Заказнік “Сярэдняя Прыпяць” (Казун І., Коваль Я., Віднікевіч М.)
  7. Змяненне прыродных ландшафтаў у ваколіцах вёскі Азярніца. (Богдан А., Шостыр С., Пятніца К., Богдан С.)
У 2006 годзе тэмы праектаў былі выбраны ўжо другімі вучнямі. І гэта былі не толькі 11-класнікі, а і малодшыя вучні розных профіляў. Хочацца адзначыць фантазію і невычарпальны інтарэс вучняў у выбары тэм. Вось некаторыя тэмы 2006/2007 навучальнага года:
  1. Дэмэкалогія (Рэкун А., Гоман А., Сыцэвіч Д., Цяльпук А.)
  2. Неспрыяльнае ўздзеянне чалавека на біясферу (Кругавец А., Якубовіч Е.)
  3. Разнастайнасць дэкаратыўных раслін в. Велута. (Наварыч Т.)
  4. Экалагічныя праблемы сучаснасці (Чысцякова Т., Кругавец А.)
  5. Вывучэнне біялогіі Лабеліі Дортмана і Палушніка азёрнага. (Бойка І.)
Такая сістэма работы “прапісалася” ў ліцэі, набыла сістэмны характар. Усе праекты ліцэістаў выносяцца на агульналіцэйскі конкурс, пасля чаго лепшыя работы выстаўляюцца на раённыя і абласныя конкурсы. Так у мінулым годзе прэзентацыйная работа “Водныя сістэмы Лунінецкага раёна” ўдзельнічала ў абласной канферэнцыі “Навуковых Таварыстваў Вучняў” і была адзначана заахвочвальным прызам. Лепшыя праекты 2006 года плануем выставіць на раённы конкурс “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся.”

Для вучняў філалагічнага профілю асноўным функцыянальным навыкам з’яўляецца кампетэнтная работа з інфармацыяй рознага характару, уменне весці гаворку з рознымі людзьмі, эмацыянальнае ўспрыманне сучаснасці. Ім была дадзена магчымасць прасачыць культурна-гістарычнае і эмацыянальна-духоўнае ўздзеянне акаляючага ландшафта на жыццё чалавека. Вынікам работы стаў выпуск ліцэйскай эколага-краязнаўчай газеты “Прырода”. На сённяшні дзень выйшла ўжо 2 выпускі газеты, яна стала выходзіць кожны год.

Фарміраванне экалагічнай культуры вучняў немагчыма без пазакласнай работы. Уся пазакласная работа ў ліцэі праводзіцца комплексна ў рамках праекта “Універсальная значымасць прыроды”. Рэалізацыю дадзенага праекта ўжо не адзін год паспяхова праводзіць клуб “Зямляне”. Асноўныя напрамкі гэтай работы:

  • Пазнавальнасць прыроды (экскурсіі, практыка ў полі, экалагічная сцежка).
  • Навуковае Таварыства Вучняў.
  • Стварэнне відэафільмаў на экалагічную тэматыку.
  • Правядзенне экалагічных акцый.
  • Правядзенне конкурсаў малюнка, плаката, віктарыны, букетаў з прыродных матэрыялаў.
  • Нарысы ў раённых і другіх газетах, часопісах.
  • Гурток “Кветкаводства”.
  • Краязнаўчы гурток.
Навуковае таварыства “Зямляне” займаецца вывучэннем відавых прыродных супольніцтваў тэрыторыі, прылягаючай да ліцэя. Вынікам гэтай шматгадовай працы стала перамога (дыплом І ступені) Лазіцкага Аляксандра ў XV Рэспубліканскай канферэнцыі і конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ вучняў ведамстваў адукацыі ў 2004 годзе. У сваёй працы “Разнастайнасць травяністых кветкавых раслін, імхоў і лішайнікаў у наваколлі г. Лунінца”. Аляксандр падвёў вынік не толькі сваёй 4-гадовай працы, але і вопыт работы членаў НТВ ліцэя за 5 гадоў. За свае заслугі Саша быў узнагароджаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых вучняў і студэнтаў. У цяперашні час ён з’яўляецца паспяховым студэнтам 3 курса Мінскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта.

Дзве былыя ліцэісткі Базык Яўгенія і Хілюціч Юлія таксама з’яўляліся лаўрэатамі Спецыяльнага фонда Прэзідэнта РБ.

Калі прасачыць лёс былых членаў ліцэйскага навуковага таварыства, то можна сказаць, што яны ўсе знайшлі сваё месца ў студэнцкіх аўдыторыях, дзе таксама займаюць актыўную даследвальніцкую пазіцыю.

Некаторыя ўжо закончылі ВНУ і паспяхова працуюць, а многія паступаюць у аспірантуру і магістратуру.

Удзельнікамі клуба “Зямляне” праводзяцца экалагічныя акцыі з мэтай маніторынгу стану акаляючага асяроддзя санацыі забруджаных аб’ектаў. Праводзіцца работа па ачыстцы забруджаных тэрыторый. Праводзім тлумачальную работу сярод насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі. Вучні выходзяць са сваімі прапановамі на ўзровень раённых арганізацый. Паспяховай стала работа выяўлення крыніц у Лунінецкім раёне. Вучні самастойна распрацоўваюць ідэі фільмаў, пішуць сцэнарыі, здымаюць фільм. Вядзецца летапіс былых і дзейнічаючых крыніц. Апошнім часам вучні часта бываюць у турыстычна-краязнаўчых экспедыцыях па родным краі. Асаблівую цікавасць выклікае аднаўленне гісторыі зніклых сядзібна-паркавых комплексаў.

У 2005 годзе ліцэісты ўключыліся ў здзяйсненне праекта TACІC “Укараненне вопыту Еўрасаюза па сумеснай працы ўлад і мясцовага насельніцтва за захаванне ахоўных тэрыторый”. Былі закладзены 2 квадраты, у якіх праводзілася работа па маніторынгу раслін і жывёл. Па выніках гэтай работы былі аформлены рэфераты. З дакладамі вучні выступалі на 8-мі канферэнцыях НТВ у ліцэі, а з лепшай работай “Вывучэнне расліннага і жывёльнага свету паплавоў і хваёвага лесу” Холад Маргарыта — на абласным конкурсе даследчых работ, дзе гэтая работа была адзначана дыпломам І ступені.

Маніторынг праводзіцца сістэматычна. У 2006/2007 навучальным годзе працягваем гэты праект. У рамках восеньскіх назіранняў за птушкамі ў ліцэі быў праведзены фестываль птушак. Праграма фестывалю была разнастайнай, прымалі ўдзел усе класы. Свята ўдалося. Фестываль мае мэту быць не толькі традыцыйным, але стаць агульнагарадскім. Па выніках фестывалю члены клуба “Зямляне” выступілі ў мясцовай прэсе. Лепшыя работы былі адзначаны дыпломамі і прызамі. На заключнай канферэнцыі праекта ў г. Мінску работа клуба “Зямляне” была адзначана дыпломам і бібліятэчкай навукова-папулярнай літаратуры, а ўсе яго члены дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Такім чынам, уся работа па фарміраванню экалагічнай культуры ў ліцэі носіць практычны характар, а гэта значыць, што не ўсё яшчэ загублена, мы можам дапамагчы прыродзе, а яна аддзякуе нам сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю.

На верх старонкі