Палессе маё Лунінецкае

IX. Экалагічныя фактары

Паважаны чытач. Мы з табой, ведучы гаворку аб прыродзе нашага краю, не можам не закрануць такую тэму, як стан навакольнага асяроддзя. Ён, як вядома, складаецца з такіх састаўных: атмасфернае паветра, водныя рэсурсы, выкарыстанне зямель і лясоў. Гэта асноўныя кампаненты навакольнага асяроддзя, з якімі чалавек сустракаецца штодзённа.

Паветраны басейн

У раёне дзейнічаюць сёння 108 розных прадпрыемстваў, якімі ў 2006 годзе ў атмасферу было выкінута 4,57 тысячы тон шкодных рэчываў, гэта на 819 тон, альбо 17,9 % менш, чым у 1999 годзе. Да галоўных забруджвальнікаў атмасфернага паветра адносяцца: РУВП “Граніт”, КУШВП “Мікашэвіцкая ЖКГ”, “Лунінецкая ЖКГ ”, ААТ “Лунінецкі малочны завод”, РУВП “Палессеэлектрамаш”. Аднак патрэбна адзначыць, што на прадпрыемствах вядзецца работа па выяўленню і абясшкоджванню шкодных рэчываў. Дастаткова сказаць, што павелічэнне эфектыўнасці дзейнічаючых газаачысных установак толькі на 1 % можа знiзiць выкіды у атмасферу на 0,012 тысячы тон у год. Адным са шкодных выкідаў з’яўляецца выкід азонаразбураючых рэчываў, які ў 2006 годзе склаў 519,6 кілаграма, — “фрэон-22”. А паступіла ў раён 519,6 кілаграма азонаразбураючых рэчываў. Усе прадпрыемствы распрацавалі мерапрыемствы па ўкараненню азонабяспечных тэхналогій і вываду з прамысловасці працэсу азонаразбураючых рэчываў. Вялікая колькасць шкодных рэчываў у паветра выкідваецца транспартнымі сродкамі. У раёне дзейнічаюць 4 аўтагаспадаркі, у якіх ёсць 89 бензінавых і 102 дызельных адзінак, і яшчэ трэба дадаць да іх больш чым 33546 легкавых аўтамабіляў. За 2006 год выкід шкодных рэчываў склаў 14418 тон (пры ўмовах спальвання 1 адзінкай 1 тоны паліва). Праверкі, праведзеныя райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, паказалі, што выкід шкодных рэчываў аўтатранспартам у параўнанні з 2005 годам па карбюратарных рухавіках зменшыўся, чаго нельга сказаць аб дызельных рухавіках.

У раёне ёсць перасоўны пункт кантролю на “СО”. У цэлым трэба сказаць, што стан атмасфернага паветра ў 2006 годзе хаця і ненамнога, але палепшыўся. Кіраўнікі прадпрыемстваў пачынаюць разумець, што альтэрнатывы ў такім важным пытанні няма, інакш мы самі сябе загубім. Таму, хаця і марудна, аднак закупляюцца, устанаўліваюцца паветраачышчальныя механізмы.

Водны басейн

Другім, не менш значным кампанентам у жыцці чалавека з’яўляецца вада. Аб’ём водакарыстання і водаадвядзення ў 1999 годзе значна знізіўся ў параўнанні з 1998 годам з-за больш рацыянальнага і эканамічнага выкарыстання водных рэсурсаў, а таксама з-за вымусовых прастояў прадпрыемстваў. На працягу года больш чым на 20-ці прадпрыемствах былі ажыццёўлены шматлікія мерапрыемствы па рацыянальнаму выкарыстанню водных рэсурсаў і іх ахове. На працягу года на тэрыторыі раёна былі добраўпарадкаваны дзве крынічкі (Дварэцкі і Гарадоцкі с/Савет). Работы па іх добраўпарадкаванню выкананы ў 2004—2005 гадах. Ва ўсіх гаспадарках ёсць праекты водаахоўных зон і прыбярэжных палос малых рэк, плошча якіх роўна 25168,8 гектара. На двух дзеючых вадасховішчах усе гідратэхнічныя збудаванні падтрымліваюцца ў належным стане. Уздоўж берагоў высаджаны прыбярэжныя палосы з вярбы плакучай шырынёй 60—80 метраў. Фактаў забруджвання берагоў не назіралася. Вадасховішчы знаходзяцца на балансе Лунінецкага прадпрыемства па эксплуатацыі меліярацыйных сістэм. Усяго ў раёне 10 вадаёмаў, з якіх 7 азёр, 2 вадасховішчы, 1 сажалка. Гэта азёры Белае, Чорнае, Вулькаўскае-2, Свяцкае, Кут, Жобат, Войцельна, вадасховішчы “Велута”, “Собельскае”, сажалка “Ракітна” і, канешне, 6 вялікіх рэчак і каля 10 малых.

План мерапрыемстваў па ахове малых рэчак ад забруджвання, засмечвання і ўсыхання ў асноўным выкананы. У прыбярэжных палосах зямля не разворваецца, летнія лагеры ўтрымання дамашніх жывёл вынесены. Выкарыстанне ядахімікатаў забаронена, як і прымяненне мінеральных угнаенняў. Здабыча карысных выкапняў з руслаў рэк не вядзецца. Будаўніцтва водаазёрных збудаванняў таксама не вядзецца. У раёне налічваецца 13093 шахтных калодзежаў. Ёсць таксама 137 артэзіянскіх свідравін, з якіх 5 не адпавядаюць санітарным нормам. У Лунінцы вядзецца далейшая работа па расшырэнню гарадскога водазабеспячэння за кошт чарнобыльскіх сродкаў.

Адходы

На тэрыторыі г. Лунінца і раёна ёсць 3 санкцыянаваныя палігоны складзіравання і захавання адходаў. На палігонах перыядычна праводзіцца засыпка смецця грунтам, вядзецца кантроль за забруджваннем падземных вод. Лунінецкая ЖКГ мае ліміт 24 558 тон + 101 тона 4-га кл. бяспекі ў год, “Граніт” — 8995 тон + 550 тон 4-га кл. бяспекі ў год, “Палессеэлектрамаш” — 155 тон, ЖКГ Мікашэвічы — 33 230 тон, Лунінецкі малочны завод — 548 тон. На тэрыторыі раёна ёсць яшчэ 50 месцаў захавання смецця плошчаю 97,3 га, з іх 26 добраўпарадкаваных, плошчаю 54,3 га. Месцы захавання кантралююцца санэпідэміялагічнай службай.

Адпрацаванае масла з прадпрыемстваў спальваецца ў кацельнях. Аднаразовыя шпрыцы, пластыкавыя плёнкі выкарыстоўваюцца для вырабу дахавай чарапіцы. Вядзецца таксама кантроль за ўтрыманнем і захаваннем лямп дзённага асвятлення, якія ўтрымліваюць пары ртуці.

Увогуле, памяншэнне ўтварэння адходаў прамысловасці ідзе за кошт скарачэння аб’ёмаў вытворчасці. 3 кожным годам вялікае значэнне надаецца пытанням захавання шкодных рэчываў і іх пераапрацоўкі. Усе палігоны маюць дазвол (пашпарты).

Насельніцтва нашага раёна жыве ўжо 22-і год у зоне радыёактыўнага забруджвання. Таму кожны жыхар павінен 1 раз у год прайсці дазіметрычны кантроль. Вядзецца такі кантроль і за прадуктамі харчавання. Перад пачаткам ягаднага і грыбнога сезону адпаведнымі службамі ў мясцовым друку даюцца парады збору, а таксама радыяцыйная карта. Але размова на гэтую тэму павінна весціся падрабязна і спецыялістамі ў гэтай галіне.