Обложка

Iван Панасюк

Навасёлкі лунінецкія

Ад імя землякоў-навасёлкаўцаў і сябе асабіста выказаю вялікую ўдзячнасць Георгію Уладзіміравічу Курыловічу за падтрымку выдання зборніка, прысвечанага яго радзіме і аднавяскоўцам. Дастойны вялікай пашаны ўраджэнцы і жыхары вёскі Навасёлкі за ўспаміны аб сваіх родных і блізкіх, аднавяскоўцах і суседзях, аб працы, жыцці і святах сваіх бацькоў, дзядоў. Іх жыццё было годным, каб аб іх памяталі ўнукі, праўнукі і будучыя пакаленні нашчадкаў-навасёлкаўцаў.

Словы шчырай удзячнасці выказваю маім нязменным дабраахвотным памочнікам А.І. Коўку, А.П. Пракапчуку, Дз.М. Чарнавокаму, С.А. Сахвону і С.М. Карпуковічу.

У зборніку выкарыстаны копіі фотаздымкаў з сямейных альбомаў жыхароў і ўраджэнцаў в. Навасёлкі, а таксама С.А. Сахвона, І.В. Каховіч і І.А. Панасюка.

З павагай да ўсіх — аўтар-складальнік І.А. Панасюк.


У гэтым жыцці з яго звонам і гукам,
Калі мы, стаміўшысь ад дальніх дарог.
Адзіны на свеце ты знойдзеш прытулак,
Заўжды прывітае бацькоўскі парог.

Родная хата, няхай не багата,
Родная хата, такая, як ёсць.
Родная хата і ў будні, і ў свята
Сустрэне заўсёды, хоць сын ты ці госць.

Калі тут бываем, дык многа не трэба,
Тут дыхаць лягчэй, тут сэрцу цяплей.
Заўжды адшукаецца хлеб і да хлеба,
І добрае слова для добрых людзей.

Куды б ні кідаўся, каму б ні патрэба,
І дзе б ні заснуў ля чужых берагоў
Няхай табе сніцца бацькоўскае неба
І матчыны казкі маленства твайго.

(Словы з песні ансамбля “Бяседа”)

Прадмова

Уступаючы ў сталыя гады, востра адчуваю шкадаванне аб легкадумнасці маладосці, якая не надавала значэння зносінам са сталымі людзьмі, мудрэйшымі і старэйшымі за нас. Яны пайшлі ад нас назаўжды, як пойдзем і мы, і панеслі з сабой незваротны пласт культуры, звычаяў і абрадаў сваіх бацькоў і сучаснікаў.

Не маючы “высокай” адукацыі, яны праяўлялі паўсядзённую жыццёвую мудрасць і высакароднасць, перадавалі яе ў сваю чаргу тым, хто павінен быў гэтыя якасці перадаць будучым пакаленням, нашчадкам.

Усё цячэ, усё змяняецца… I сам час не стаіць на адным месцы. 22 гады таму наша дзяржава насіла назву БССР — (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка), якая ўваходзіла ў склад “вялікага і магутнага” Савецкага Саюза (СССР). Няма сёння БССР і СССР. Ёсць самастойная дзяржава, якая завецца Рэспубліка Беларусь.

Азіраючыся на пройдзеныя гады, па-новаму ацэньваем гістарычныя падзеі. За гэты час вырасла новае пакаленне маладых людзей, якое выхоўвае ўжо сваіх дзяцей. Моладзь сёння больш адукаваная, упэўненая ў лепшай будучыні нашай дзяржавы, сваіх дзяцей, у паляпшэнні дабрабыту кожнай беларускай сям’і. А гэта азначае, што і іх асабістае жыццё будзе станавіцца лепшым, чым яно было ў іх бацькоў і дзядуль, якія спазналі цяжкія ваенныя і пасляваенныя беды і нястачы.

Не прыходзяць сёння дзеці ў школу басанож. Школьнікі вучацца ў добра асветленых электрычным святлом класах, а не пад цьмяным святлом керасінавай лямпы, якая стаяла праз 2-3 парты. Сёння ў моладзі другія праблемы: як бы набыць самы “наварочаны” камп’ютар, мабільнік, айфон, ноўтбук або “круты” аўтамабіль. Усё мы гэта ўспрымаем проста, як патрабаванне часу, нічым не здзіўляючыся.

У будучым, 2014 годзе наш беларускі народ адзначыць 70-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі, а ў 2015 годзе — 70-годдзе Перамогі над фашысцкай Германіяй. Гэтыя даты напамінаюць нам, жывым, а не тым, хто прынёс нам сённяшняе жыццё, бо іх засталіся ўжо адзінкі ў жывых, аб тым, што тая вайна ў гісторыі чалавецтва, у жыцці нашага беларускага народа пакінула страшны след — амаль кожны трэці беларус у ёй загінуў, аддаў сваё жыццё дзеля нашага сённяшняга мірнага і шчаслівага жыцця. Калі ў 1945 годзе ў Беларусі пражывала 9 млн. чалавек, то ў канцы 1945 года — каля 6,2 млн. чалавек. Больш за 100.000 франтавікоў вярнуліся калекамі з вайны. Вайна парадзіла масавае ўдоўства і безбацькаўшчыну. Толькі поўных сірот налічвалася каля сямі тысяч. Сума прамых матэрыяльных страт БССР, згодна афіцыяльнай статыстыцы, склала 35 бюджэтаў 1940 года. Колькасць насельніцтва нашай рэспублікі яшчэ і сёння не дасягнула колькасці даваеннага перыяду. У 80-я гады былі ўведзены савецкія войскі ў Афганістан і выведзены адтуль. Колькі нявінных маладых жыццяў забрала гэтая бессэнсоўная, нікому не патрэбная вайна, колькі пасля яе засталося інвалідаў?..

Не стала сёння калгасаў. Але і цяпер яшчэ многія нашы бацькі і дзядулі з бабулямі ўспамінаюць пра калгаснае жыццё, пра тое, што ў 1968/69 гадах у хатах запалілася электрычная лямпачка. У тыя ж часы з’явіліся першыя тэлевізары, маленькія і простыя пральныя машыны, пазней халадзільнікі, у 70-я гады ХХ стагоддзя былі пастаўлены першыя газавыя пліты. Для жыхароў вёсачкі Навасёлкі гэта былі першыя радасці, а для гаспадынь, хоць невялікая, а ўсё ж такі палёгка. Аднак і сёння час не стаіць на месцы, моладзь купляе самую сучасную і дасканалую музычную і фатаграфічную апаратуру, відэакамеры, лічбавыя фотаапараты. Ад простых калькулятараў навучальныя ўстановы розных узроўняў перайшлі да камп’ютарных тэхналогій і да больш складаных ЭВМ. Вучні звычайных школ атрымліваюць сёння самую апошнюю, у сэнсе навінак, інфармацыю. Яны маюць магчымасць дома карыстацца інфармацыяй, выкладзенай у інтэрнэце. І гэта ўжо ў сем’ях не лічыцца прадметам раскошы, гэта прадметы першай неабходнасці.

Аб зменах апошніх 10-15 год можна гаварыць бясконца. Тэхнічны прагрэс прыйшоў “сямімільнымі крокамі” і ў вёску. Для таго, каб працаваць на сучасных сельгасмашынах, трактарах і камбайнах, трэба абавязкова таксама валодаць камп’ютарнай адукаванасцю. Карацей кажучы, сёння кожнаму жыхару вёскі, асабліва працаздольнага ўзросту, патрэбна ісці ў нагу з тэхнічным і навуковым прагрэсам.

Аднак, не гледзячы ні на што, кожны жыхар як горада так і вёскі павінен ведаць гісторыю, і ў першую чаргу, гісторыю сваёй “малой Радзімы” – свае карані, дзе ён нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю, дзе жылі яго продкі, бацькі, дзе жывуць яго сучаснікі і землякі. Чалавек ніколі не павінен забываць аб гэтым. Калі спытаюць дзеці і ўнукі, адкуль іх продкі, з якога яны роду, што ж вы на гэта адкажаце?.. А яны абавязкова спытаюць. Менавіта таму я хачу з вамі, з вашай дапамогай пагаварыць аб вашай роднай вёсачцы Навасёлкі. Я ведаў асабіста многіх жыхароў вёскі, іх дзяцей — маіх былых вучняў, з 1965 па верасень 1982 года. З многімі, хто сёння жыве ў Лунінцы і ў другіх гарадах і вёсках, а таксама ў в. Навасёлкі, я сустракаюся на працягу апошніх 30 год. У мяне і Ларысы Канстанцінаўны застаюцца самыя найлепшыя ўспаміны і водгукі аб вас. Нам заўсёды прыемна сустракацца з вамі і бачыцца. А цяпер дазвольце пачаць з вамі размову, у якой і вы з’яўляецеся яе ўдзельнікамі, за што я прыношу вам сваю шчырую ўдзячнасць. Ну, а цяпер, як гаварылі вадзіцелі маленькіх “пазікаў”, паедзем, дзе: “Лес, балоты, хвоі, ёлкі – вось вам і Навасёлкі!”