вузкакалейка
Расклад руху цягнікоў 1913 г.

Будаўніцтва вузкакалейкі:

Люшча — Велута — Навасёлкі — Чучавічы — Бор

Канец ХIХ стагоддзя быў знамянальны для нашага палескага краю тым, што праз тэрыторыю нашага раёна была пракладзена ў трох напрамках “жалезная дарога” — чыгунка, якая звязала Лунінеччыну з многімі часткамі Еўропы, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі:

Лунінец — Вільня 1884 г., 296 вёрст;
Лунінец — Пінск 1884 г., 54 вярсты;
Лунінец — Гомель 1886 г., 282 вярсты.

Гэта быў той час, калі ў нашу мясцовасць пачала даходзіць цывілізацыя. Аб значэнні пабудовы чыгункі праз Палессе напісана і сказана шмат. Мы сёння сабе не ўяўляем жыцця без чыгункі. Дарэчы, у снежні 2012 года споўнілася 150 год Беларускай чыгунцы.

Пачатак ХХ стагоддзя быў часам завяршэння першай чаргі асушэння балот вакол Навасёлак, Люшчы, Бастыні, Чучавіч і часткова в. Велута (1903 год). У асноўным гэта было рыццё каналаў уручную. У гэтыя часы на Лунінеччыне буйнымі землеўладальнікамі з’яўляліся князі Друцка-Любецкія і К.Х. Шчыт. Праз балота вакол в. Велута было пракладзена з 1894 года па 1897 год 100 вёрст каналаў. Да 1910 года было яшчэ пракладзена 60 вёрст. Самымі вялікімі землеўладальнікамі ў 1906-1907 гадах быў генерал А.П. Струкаў з 2200 дзесяцінамі, з якіх палова балоты і мокрыя лясы. Акрамя гэтага тут жа знаходзіліся ўладанні А.Л. Беранговіча — 18 169 дзесяцін (з якіх 14 000 дзесяцін мокрых лясоў і балот. Для асушэння Грычынскіх балот меркавалася ачысціць Грычынскі канал, даўжынёю 15 вёрст, упусціць у раку Смердзь Баравікоўскі канал. У маёнтку Навасёлкі і Баравікі (уладальнік А.Л. Беранговіч) і Вулька-2 (уладальнік Давыдаў) пабудаваць 42 вярсты каналаў. Гэта былі грандыёзныя па тым часе планы. І толькі некаторыя з іх пачалі выконвацца ў 1912-1914 гадах, але пачалася першая Сусветная вайна, былі разбураны нават раней існуючыя гідратэхнічныя збудаванні. Планы і мары глабальнага асушэння палескіх балот генерала І.І. Жылінскага былі здзейснены амаль праз 50 год. Але аб гэтым перыядзе трошкі пазней. Вернемся да пачатку ХХ стагоддзя, да 1903 года.

Царскі ўрад у гэтай мясцовасці меў свае інтарэсы. Край наш быў вельмі багаты на лясы. А пакуль мясцовасць была забалочанай да такой ступені, што нічым нельга было вывезці драўніну, а тым больш даставіць яе ў Расію ці прадаваць на Захад, таму і было прынята ў “вярхах” рашэнне пачаць будаўніцтва чыгункі з вузкай каляёй.

Аднак, атрымалі развіццё і шэраг мясцовых ініцыятыў па будаўніцтву на Палессі адносна невялікіх, паводле працягласці, ліній. Так “купец Фёдар Агаркаў выступіў ініцыятарам будаўніцтва Чучавіцкай чыгуначнай вузкакалейнай лініі. Свой пачатак яна брала на раз’ездзе Люшча. Палеская вузкакалейная чыгунакі праходзіла па тэрыторыі Лунінецкага і Мазырскага (на той час Чучавічы адносіліся іменна да Мазырскага павета) і Слуцкага паветаў. Дарогу больш чым на 27 вёрст будавалі за кошт купца інжынеры Палескіх чыгунак. У 1905 годзе яе здалі ў эксплуатацыю, і яна перайшла пад аператыўнае кіраванне адміністрацыі Палескіх чыгунак. Казна расплацілася з прадпрымальнікам: усе ўкладзеныя ім у пабудову гэтай дарогі грошы былі на працягу некалькіх гадоў вернутыя. А ў 1914 годзе Фёдар Агаркаў дамогся ад Міністэрства шляхоў зносін дазволу на перавозку па Чучавіцкай чыгунцы і пасажыраў”.

(Сеховіч В. “Белорусские миллионеры: Фанерщик Фёдор Агарков”.
“Белорусская деловая газета”. 2005. 26 июля. № 53. С. 8.)

Пры будаўніцтве вузкакалейкі ўлічваўся рэльеф мясцовасці і прыродныя ўмовы. З-за моцнай забалочанасці чыгунка каля 400-450 метраў як бы вярталася ў напрамку да Лунінца, затым паступова зварочвала на ўсход (1-2 км), справа знаходзіліся ўрочышча “Звярынец”, якое паступова пераходзіла ва ўрочышча “Тоўсты дуб”, абмінала Сядзельскае балота, лясіста-нізінныя ўрочышчы “Сядзельскі Бор”, “Мушыную ніву” (яна і сёння так завецца) і накіроўвалася прама на паўночны ўсход Лунінецкага павета, перасякаючы р. Цна (праз яе быў пабудаваны драўляна-каменны мост, які ў 1915 годзе рамантаваўся вайсковай дружынай з г. Калуга І.А.) і яе балоцістую пойму ля ўрочышча “Сокалаў рог”. Далей разгалінаванне перасякала невялікі прыток рэчкі Цна — рачулку Штыр ля ўрочышча “Шпакоўка” (“Шпакоўськэ” — так называлі яго валуцяне І.А.), ішла ўздоўж канала да Навасёлак, далей ля ўрочышча “Зялёнае” паварочвала на паўднёвы ўсход, да Вялікіх Чучавіч. За вёскай дарога праходзіла праз лясны масіў і ўрочышча “Рачкі”, перасякаючы канаву Заазерскую, і ля хутара Бор паварочвала на паўднёвы ўсход да каналаў “Крынічнай” і “Плёса”. Тут і знаходзілася канчатковая тупіковая станцыя Чучавіцкага напрамку — Канал.

Будаўніцтва вузкакалейкі амаль на тры гады дало работу многім жыхарам суседніх з чыгункай вёсак. Дарэчы, чыгуначнікі станцыі Люшча і будаўнікі Чучавіцкай вузкакалейкі ў кастрычніку-снежні 1905 года прынялі ўдзел у падзеях Усерасійскай стачкі.

Пасля здачы ў эксплуатацыю 25 сакавіка 1908 года па Чучавіцкай вузкакаклейнай чыгунцы стала вывозіцца драўніна, неабходная навакольным прадпрыемствам, у тым ліку на Лунінецкі шпалапрапітачны завод для вырабу чыгуначных шпал, а таксама ў цэнтральныя раёны Расіі і ва Украіну для выкарыстання пад крапёжны лес для шахтаў. З уводам вузкакалейкі ў дзеянне, насельніцтва многіх вёсак набыло магчымасць выязджаць “у свет”. Гэта бадай што была самая галоўная роля пабудаванай вузкакалейкі. Амаль 80 год яна служыла людзям сродкам зносін з “вонкавым” светам.

З 1913 года пачаў курсіраваць цягнік, які падвозіў на лесараспрацоўкі рабочых і служачых, дастаўляў на станцыю Люшча платформы з драўнінай. Пазней курсіраваў яшчэ адзін цягнік № 33-34 з таварнымі платформамі і пасажырскімі вагонамі 2-га і 3-га класаў. Расклад руху цягнікоў, занатаваны ў “Памятной книжке Минской губернии за 1913 год”, адпавядае і 1914 году, калі таварна-пасажырскі цягнік Люшча — Чучавічы — Канал меў (нумар) № 33-34.

Са станцыі “Люшча” цягнік адыходзіў кожны дзень у 8.10 ранку, на апошнюю станцыю “Канал” прыбываў у 9.57, а ў 10.27 адыходзіў у адваротны шлях. “Паяздок”, так калі-нікалі ласкава называлі гэты цягнік жыхары аддаленых вёсак, рабіў два прыпынкі: у Навасёлках у 8.40 і 11.43 і ў Чучавічах: 9.32 і 11.21. Вядома, што ў 1914 годзе начальнікам станцыі “Чучавічы” быў падпаручык Антон Адамавіч Лянчэўскі, станцыі “Канал” — Уладзімір Мікалаевіч Корзун. Да пачатку 1917 года на абедзвух станцыях пасады начальніка былі вакантнымі.

У пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя частка вузкакалейкі была разбурана. Наша тэрыторыя падвяргалася нападу розных банд. (Некалькімі старонкамі ніжэй вы прачытаеце пра дзве падзеі ў в. Навасёлкі ў 1922-24 гадах).

У часы існавання польскай улады загадчыкам вузкакалейкі ў в. Навасёлкі працаваў Клеі(н)ман Іцка Абрамавіч. Калі адбылося ўз’яднанне Усходняй Беларусі з Заходняй (17 верасня 1939 года,) яго 18 лютага 1940 года арыштавалі і прыгаварылі да 8 гадоў турмы. У 1989 годзе быў рэабілітаваны. Лёс яго і яго сям’і невядомы, як невядомыя лёсы і многіх другіх яго аднавяскоўцаў.

За ўсе часы існавання чыгункі на ёй працаваў не адзін дзясятак вяскоўцаў. Ва ўсе часы яна давала сродкі для існавання, а колькі было вывезена лесу, а не стала яна патрэбнай тады, калі амаль што ўсё было “выпілена” і вывезена, што толькі можна было... Чыгуначныя рэльсы зняты гадоў дваццаць пяць-трыццаць таму, астаўся адзіны насып, які сведчыць аб яе існаванні. А яна магла бы яшчэ паслужыць людзям у турыстычных мэтах, падобныя вузкакалейкі яшчэ існуюць, ёсць яны і ў нашай рэспубліцы і ў краінах Прыбалтыкі.

Не навучыліся мы цаніць і берагчы тое, што было зроблена папярэднімі пакаленнямі, нашымі бацькамі і дзядамі, а шкада... Думаю, што прыйдзе такі час і маладое пакаленне вернецца да тых крыніц, з якіх чэрпалі розум, практычнасць, сілу, вынослівасць і мудрасць нашы, ўдзячныя прыродзе, продкі. Усё вяртаецца з цягам часу “на кругі свая”... У мяне ёсць такая надзея на нашу моладзь.

Працуючы ў Вялуцкай школе, у жніўні 1979 года змясціў у чатырох нумарах раённай газеты “Ленінскі шлях” невялікі нарыс аб гісторыі вёскі Велуты, з якога ў 2006 годзе атрымаўся добры зборнік, дадатак да якога выдадзены ў жніўні 2012 года. Дарэчы, яны выкладзены ў інтэрнэце. У іх ёсць матэрыялы, якія маюць прамыя адносіны да в. Навасёлкі. (У канцы зборніка ёсць електорнныя адрасы 4—х кніг І.А.). Другі зборнік — “Урочышча і мясціны вакол Валуты” у стадыі размяшчэння.