Карта 1990 г.
Карта Навасёлак 1990 г.

Герб
Радавы герб Друцка-Любецкіх "Друцк"

Друцкі
Францішак Друцка-Любецкі (1878–1944)

Урочышча вакол вёскі Навасёлкі:

15-тая” знаходзіцца прыкладна за 3-ы км ад вёскі на ўсход, за 6 км ад в. Вялікія Чучавічы. У 50-70-ыя гады ХХ стагоддзя тут было каля дзвюх дзясяткаў хат. Цяпер там няма ніводнай хаты. Там пражывалі ў розныя гады, калі лічыць хаты, ідучы ў бок Чучавіч: Карпец Палікарп і Цаліна, Сітнік Іван (знакаміты пячнік) і Анастасія.

Вёска Навасёлкі ў бок “15-й(гэта значыць ад Люшчы 15-ы кіламетр у бок Чучавіч).

Зправа: Курц Момент Вільгельмавіч і Ганна, Барысюкоў Фёдар і Анастасія, Еўтух Якаў і Фядора, Бокша Андрэй і Акуліна, Онук Канстанцін і Зофія, Стаяноўскі Фёдар і Марыя, Еўтух Захар і Марыя, Кавальчукі: Мікалай, Іван і Варвара, Адам і Серафіма, Кандрацій і Параскевія, Васіль (у ваенныя гады ў іх часта начавалі партызаны).

Злева: Токар Павел і Марыя, Яшчук Ігнат і Кацярына, Міладоўскі Іосіп і Анастасія, Вечур-Шчарбовіч Антоній і Катажына (у іх хаце была доўгі час пачатковая школа), Віленскі Пётр і Марыя, Яшчук Тэадор і Аляксандра. У 50-70-х гадоў ХХ стагоддзя вёска Навасёлкі, калі ісці з боку Велуты, размяшчалася наступным чынам:

Злева: Калодачкін Сяргей і Надзея, Кажанеўскі Балеслаў і Яўгення.

Зправа: Курыловіч Іосіп, Козак Аляксей і Еўфрасіння (перасяліліся), Калодачкін Сяргей і Надзея (новапабудаваны дом), Пляцюк Аляксандр і Вольга, Токар Міхаіл і Зінаіда, Бокша Леанід і Марыя, Ванюк Сцяпан і Тамара, Кавальчук Рыгор і Мальвіна, Гардзіевіч Сяргей і Марыя, Казловіч Віктар і Аляксандра, Аляшкевіч Валянцін і Марыя, Курыловіч Павел і Лілія, Курыловіч Васіль і Вольга, Цюшкевіч Яўген і Вольга, Арашкевіч Максім і Ганна, Арашкевіч Рыгор і Хрысціна.

Злева, за будынак лясніцтва (у цяперашні час): Каховіч Міхаіл і Надзея, Сайка Уладзімір і Вольга, Кавальчук Барыс і Соф’я, Арашкевіч Васіль і Вера, Свірскі Іван і Любоў, Курыловіч Уладзімір і Валянціна.

У бок Ліпска:

Злева: Хлуд Мікалай і Кацярына, Клімчук Адам і Марыя, Токар Васілій і Марыя, Ліхтар Васілій і Вольга.

Зправа: Бунас Сцяпан і Алёна, Юрко Іван і Жанна, Кавальчук Фёдар і Вікторыя, Шэўчык Сяргей і Марыя, Ліхтар Станіслаў і Таццяна, Леўкавец Уладзімір і сястра Паўліна, далей ўбок стаяла хата Пляцюк Марыі Андрэеўны, на хаце якой пастаянна сяліліся буслы, Сайка Фёдар і Яўгення, хата Арлінскіх — Уладзіслава і Таццяны.

Боровіцкая грэбля”, (некаторыя жыхары вымаўляюць Баравіцкая другія Баравікоўская) знаходзіцца на ўсход ад Навасёлак. Назва сама гаворыць за сябе, грэбля была пракладзена ў бок вёскі Баравікі.

Вось як апісваецца грэбля ў вышэйзгаданай кнізе “Палессе, якога мы не ведаем”:

...Найпрасцейшыя (нярэдка) часовыя грэблі рабілі з фашыны, кавалкаў драўніны і ўсякага матэрыялу, які мог бы аблягчыць пераправу праз неглыбокія балоты. Грэблі больш салідныя і трывалыя абсталёўвалі на глыбокіх балотах. Іх будова распачыналася ўжо зімою. Калі замярзалі тарфянікі, тады паабапал запланаванай дарогі ўкладалі вялізныя альховыя калоды, устойлівыя супраць вільгаці, а на іх (упоперак) — больш тонкія круглякі па шырыні дарогі. Усё гэта пакрывалі зверху вязкамі сухіх галін. У пэўных прамежках прасякалі папярэчныя каналы. Над імі ставілі масткі, якія абапіраліся на ўбітых у зямлю палях (завостраны доўгі кол). Калі зямля адтайвала, а грэбля дастаткова асядала ў балотах, будову яе працягвалі, капалі ўздоўж грэблі каналы і раўнялі яе паверхню пластамі пяску, які здабывалі з балотнага рову. Часам замест грэбляў будавалі масткі (не вышэй, чым паўметра над багнай). Канструявалі іх гэтак, як грэблі: на ўбітых у зямлю альховых або дубовых палях абапіралі доўгія калоды, на якія ўкладалі расколатыя на палову бярвенні. Гэткім жа спосабаам рабілі кладкі; яны былі такія вузкія, што ісці па іх можна было толькі пешшу. Бывала, што паблізу ад вёскі будавалі грэблі з круглякоў, а жыхары, якія павінны былі вывозіць (кожны на свой ўчастак грэблі) усялякія адходы, асабліва здраўнелыя сцябліны ільну і канопляў, але яны не заўсёды выконвалі гэты абавязак. Тады дарога станавілася жахлівай (нават пасля найцяжэйшай папярэдняй язды); воз з кучы смецця падаў на голыя круглякі пасля некалькіх меншых падскокаў, узбіраўся на наступную, з якой таксама імпэтна злятаў. Тут паляшук пускаў у ход рэштку адпаведных лаянак і праклёнаў, называючы такую язду “ведзьміным ігрышчам, чортавай арэляй.” Звальваючы віну на войта гміны, солтыса (старасту), жадаў, каб іх стылых пасля смерці чэрці вазілі па гэтай грэблі. У вёсцы грэбля пераходзіла ў галоўную вуліцу”. (“Палессе, якога мы не ведаем” ст. 56.)

Варшава” — гэта балота, паміж 14-й і 12 сістэмай. Назва, магчыма, дадзена па прычыне пражывання тут жыхароў польскай нацыянальнасці, а можа аддаленасці ад вёскі. Успомніце, як у класе называлася апошняя парта — “Камчатка” — край Расіі на Далёкім Усходзе, так можа быць і ў нашым выпадку.

Вов(ў)чы луг” — месца побач з тым, дзе жылі і жывуць, як і яго бацькі, Цюшкевіч Віталій са сваёй сям’ёй, ад цэнтра вёскі ў паўднёва-ўсходнім напрамку, за 50-70 метраў ад хаты. Месца, дзе па размовах вяскоўцаў, раней было месца сустрэч нашых “санітараў лесу”. Не забываюць яны сваё месца збору і ў нашы часы, асабліва ў завейныя зімовыя ночы.

Громово” — гэта старадаўняе ўрочышча непадалёку ад вадасховішча “Велута”. А калі ехаць аўтамабілем да Навасёлак, то яно на палавіне дарогі да в. Навасёлкі, з левага боку, у паўночна-заходнім напрамку. Адзначана на даўніх картах, ёсць таксама і на сучаснай карце. Гэта адносна высокае месца, дзе можна было нават пасвіць статкі кароў. Паходжанні мае два. Відавочна, належала гаспадару па прозвішчы ці па імені-мянушцы Громаў. Другое, магчыма, з-за таго, што ў час навальніцы ў гэтым месцы часта ўдарала маланка, пасля чаго на ўсю гэту мясціну раздаваліся раскаты грому. На зямлі ёсць мясціны, дзе маланкі безупынна б’юць у адно і тое ж месца гадамі, а затым моцна грыміць гром. Вучоныя гавораць, што ў такіх мясцінах пад зямлёй могуць быць вялікія залежы розных руд. Верагодна, у гэтым ёсць доля праўды.

Грыш(а)ово” — на паўднёвы ўсход. Тут на сённяшні дзень знаходзіцца жывёлагадоўчая ферма СВК “Велута”, на якой працуюць некаторыя навасёлкаўскія жанчыны. Назва паходзіць ад уласнага імя з расейскай мовы Грыша — Рыгор. Непадалёку адсюль раней быў хутар сям’і Партусаў.

Кавальчукоў хутар” — ад вёскі знаходзіўся на паўночны ўсход, прыкладна за 1,5 км ад цэнтра вёскі. У 30-40 гады каля 85 гектараў былі выкуплены і належалі гаспадарам па прозвішчы Кавальчук Адам Ігнацьевіч і Серафіма Пятроўна. У вёсцы сёння жыве Барыс Адамавіч, жывуць некаторыя нашчадкі.

Конанаўскае балота” знаходзіцца на паўночны ўсход ад вёскі, прыкладна на адлегласці 2,5-3км. Яшчэ гадоў 10-15 таму, тут навасёлкаўцы і чучаўляне касілі сена. Сёння гэтая мясціна вельмі парасла кустоў’ем, хмызнякамі, вярбой, купнікам, беразняком. Праз яго праходзіць, некалі вельмі вядомая і патрэбная, а сёння зарослая, заіленая Баравіцкая канава, па якой зплаўлялі лес да “пільні” — лесапільнага завода. Шкада глядзець на яе сённяшнюю недагледжанасць. Гэта была прыгожая мясцовая водная артэрыя. Сёння па ёй можна было б рабіць байдарачныя, лодачныя пераходы, любуючыся астаткамі акаляючай балотнай і лясной расліннасці нашай мясцовасці. Гэта ж так цудоўна было б паслухаць такаванне глушцоў і цецярукоў, якія, бадай што, толькі тут яшчэ і засталіся таму, што дабрацца ў некаторыя мясціны сюды немагчыма. Хоць адно невялічкае балотца ацалела ад той, не зусім прадуманай, меліярацыі 50-90 гадоў ХХ “варварскага” стагоддзя.

Карпцова” — назва мае адносіны да прозвішча Карпец, сям’я якога доўгі час жыла ў “15-ай”.

Кошы(а)лёво” — назва паходзіць ад прозвішча Кошаль, якое існуе ў жыхароў суседніх вёсак Велута, Бастынь і, відавочна, Навасёлак.

Леўкоўцовэ” знаходзіцца за 1,5 км ва ўсходнім напрамку ад Навасёлак. Паходзіць таксама ад прозвішча таго, хто тут у свой час пражываў — сям’я Леўкаўца Кандрація, пазней Уладзіміра і сястры Паўліны.

Люзэрф(п)” — месціна называецца так з “польскіх часоў”. Слова можа мець і яўрэйскае паходжанне. Побач знаходзілася тут з 30-ых гадоў яўрэйская лаўка (магазін), яна ж была нават і пасля Вялікай Айчыннай вайны, у якой можна было набыць самыя неабходныя тавары паўсёдзённага спросу.

“Па(е)рсцец”. (л.у.), азначае адзінокае поле ці кавалак прыгоднай для апрацоўкі зямлі пасярод лесу ці нават узвышша сярод балот, што на Палессі сустракаецца вельмі рэдка. У польскія часы недалёка адсюль знаходзілася “счэльніца” — стрэльбішча. Знаходзіцца за км 5-6 на поўнач, недалёка ад вёсак Навасёлкі і Ліпск. У 50-80 гады ХХ-га стагоддзя велуцяне мотавозікам ехалі да Навасёлак, затым ішлі яшчэ каля 2 км пешшу па кладках, дзе касілі, сушылі і стагавалі сена. Мне пашчасціла некалькі сезонаў дапамагаць маім гаспадарам нарыхтоўваць такім чынам сена. Сёння на гэтым месцы плёхаюцца хвалі вялікага вадасховішча “Велута”, паабапал якога ў жніўні — верасні расце шмат розных грыбоў. Іх збіраюць жыхары суседніх вёсак, прыязджаючы сюды нават вазамі. (Не прапускаю таксама магчымасці пабываць ў гэтым цудоўным грыбным месцы І.А.)

Партусова грэбля” знаходзіцца на адлегласці 1,2-1,5 км ад цэнтра вёскі на ўсход. Назва таксама паходзіць ад прозвішча Партус Міхаіл і Марыя, якія пасяліліся тут ў 30-я гады ХХ стагоддзя і жылі да “вялікага хрушчоўскага перасялення” — высялення з хутароў у 60-я гады ХХ стагоддзя.

17 жніўня я быў з маім былым вучнем Вялуцкай СШ, ураджэнцам вёскі Навасёлкі Цюшкевічам Генадзем Яўгенавічам, які працуе і жыве ў горадзе Лунінцы, на яго родным хутары. Прыгожая лясная мясціна, побач з урочышчам “Воўчы луг”. Стаіць хата, у якой ён нарадзіўся і жыве яго брат Віталій з жонкай. Тут знаходзіцца некалькі пчаліных вулляў, сярод якіх ёсць нават яшчэ і дзедавыя з 1937 года. Генадзь займаецца дзедавай справай з самага маленства. Паабапал хаты растуць хвоі, бярозы, асіннік, чорныя вольхі і нават высокая прыгожая елка. Летам і восенню тут можна назбіраць і грыбоў. Некалі гэтыя палі, балотца, хмызнякі і лясок належалі прадзеду і дзеду Генадзя, а цяпер усё хаатычна парасло разнатраўем і змешаным падлескам. Дык вось, Генадзь правёў мяне ад сваёй хаты да былой “Партусавай грэблі”. Яна і сёння добра праглядваецца. Насыпалася грэбля ўручную членамі сям’і Партусаў і дабраахвотнымі памочнікамі з вёскі Навасёлкі ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Можаце сабе ўявіць, якой працы гэта каштавала?.. Шырыня яе прыкладна ад 2,88 да 3,20 метраў, вышыня сёння каля 60 см, вельмі паросшая травяністай расліннасцю, маладым беразняком. Што здзіўляе, дык гэта мноства арэшнікаў, якія пасаджаны, як бы, радамі. Ёсць папаратнік арляк. У ваенныя гады і яшчэ ў 50-60-я, пасля вайны, калі на хутары жылі людзі, грэбля выглядвала дагледжанай. Гэта была адзіная нітачка Партусаў праз балотную мясцовасць да аднавяскоўцаў. Непадалёку адсюль ёсць невялічкая мясцінка, названая Ул’янавай палянай, толькі сёння амаль ніхто не памятае, у гонар якога Ульяна яна была названа? Можа Мацукевіча Ульяна?..

Ра(о)сошка. (л.у.) Непадалёк ад урочышча “Горнава”. Тут пракапана ў пачатку ХХ стагоддзя аднайменная канава, адна з соцен іншых, узгоднена з планамі частковай асушкі палескіх балот перад пачаткам пракладкі Палескай чыгункі 1884 г., якая праходзіла праз Ганцавічы, Люшчу, Бастынь на Лунінец і далей. Кіраваў асушальнымі работамі генерал-лейтэнант І.І. Жылінскі ў 1873 годзе. У 60-90 гады ужо ХХ-га стагоддзя навасёлкаўцы і велуцяне па вясне і ўлетку лавілі тут кашыцамі ўюноў дзясяткамі кілаграмаў, (у 1969 годзе быў сам сведкам І.А.). Прывёзшы дамоў, уюноў нанізвалі на мэтцы па 10-15 штук, потым раскладвалі агонь з вялікай колькасцю дыму і капцілі іх. У такім выглядзе яны могуць, пры правільным зберажэнні, доўга захоўвацца. Выкарыстоўваць іх можна было і зімой, асабліва смачная з іх страва — “квас”, з дабаўленнем чырвонага бурака. Іх можна было есці і ў сухім выглядзе. Нездарма ж велуцян спакон веку называлі “уюннікамі”, але яны ніколі з-за гэтага не крыўдзіліся. Назва паходзіць ад слова рас(с)оха — 1) разгалінаванае дрэва. 2) месца дзе зліваюцца ці разыходзяцца дзве пратокі ці рэчкі. Слова вядома ў пісьменных помніках 1582 года (В.П. Лемцюгова, “Тапонімы распавядаюць” Мінск 2008 год, ст. 315).

Румаково(а)”— ў пачатку вёскі, справа домікі, калі ехаць з Велуты ў Навасёлкі. У свой час тут жыла сям’я Мікалая і Аляксандры Румакаў. Іх у вёсцы даўно няма, а мясціну жыхары так і называюць Румакава.

“Сайково” або “Сайкаў хутар” знаходзіўся ў паўночным напрамку, калі ісці да вёскі Ліпск. Назва паходзіць ад прозвішча жыхара в. Ліпск Сайка(о) Фёдара. Далей, у гэтым напрамку быў яшчэ адзін хутар сям’і Арлінскіх.

Стасёвэ” за 400-500 метраў на паўночны ўсход ад вёскі. Паходзіць ад уласнага імя Станіслаў, ён жа Стась. Прозвішча, відавочна, было Траяноўскі, члены сям’і якой у 1942 годзе былі расстраляны немцамі. Іх перазахавалі на Чучавіцкія могілкі.

Чапелька. (п.) Самае простае тлумачэнне: месца, аблюбаванае адным з відаў птушак — чаплямі, якія любяць сяліцца недалёка ад тых месцаў, дзе працякае рэчка ці ёсць возера, саджалка, другі вадаём, напрыклад, рыбгас. У нашым выпадку вадасховішча. Насельніцтва гэтую птушку таксама лагодна называе чапелька. Недалёка, у паўднёва-заходнім напрамку ад в. Навасёлкі.

Чароток. (п.). Звычайна гэта поле, якое было раней балотам, дзе раслі, каласіліся чараты. Гэтая трава расце і сёння, на працягу стагоддзяў чарот служыў і служыць выдатнай страхой на хатах і другіх гаспадарчых пабудовах. Вось чаму людзі гэтую траву назвалі так ласкава “Чараток”. Знаходзіцца на падыходзе да Навасёлак, злева.

Недалёка ад гэтага ўрочышча стаяла хата Козака Аляксея і Еўфрасінні.

Цецеро(а)ўскае” — назва паходзіць ад месца, дзе часта вясной, у час такавання сюды прыляталі цецерукі. Гэта месца, дзе сёння жывуць Грушэўскія, дзе знаходзіцца магазін. (Ля вёскі Велута ёсць “Цяцерынскае” урочышча).

Яго(д)шчына” знаходзіцца ў бок “Партусавай грэблі” на паўночны ўсход ад вёскі. Назва можа мець назву з прычыны наяўнасці ў гэтых месцах лясных ягад: маліны, ажыны, суніцы, чарніцы ці нават журавіны.

Ясёвэ” знаходзіцца за 1 км на ўсход ад вёскі. Мае ў аснове ўласнае імя Іван — Ян, ён жа Ясь. Тут пражываў са сваёй сям’ёй Траяноўскі Ясь Уладзіслававіч, 1915 года нараджэння, жонка Браніслава; дзеці Франэк 1944 года нараджэння, Надзея, 1945 года нараджэння і Уладзіслаў, 1948 года нараджэння.

Большасць з гэтых назваў з’явіліся ў 50-80 гады ХХ стагоддзя. Некаторыя з іх названы ад імёнаў ці прозвішчаў былых пасяленцаў тых мясцін. У вёсцы Навасёлкі амаль 80% гаспадарак ва ўсе часы знаходзіліся на хутарах. Пасля 60-х гадоў ХХ стагоддзя пачалося перасяленне жыхароў з хутароў у вёску. А некаторыя тыя мясціны, дзе жылі людзі, так і засталіся называцца іх імёнамі або прозвішчамі да нашых дзён. Гэта яшчэ адзін прыклад узнікнення назваў урочышчаў або мясцін.

Абазначэнні: (л.у.) — лясныя ўгоддзі; (п.) — поле; (л.) — луг.

Некалькі назваў урочышчаў на памежжы з вёскамі Ліпск і Малькавічы Ганцавіцкага раёна.

1. “Барсуцкэ”. 2. “Большые высокіе”. 3. “Верасок”. 4. ”Высокіе”. 5. ”Гнілая. 6. ”Грушка”. 7. ”Доўгаградка”. 8. “Дуброўка”. 9. “Зелёнэ”. 10. “Карачэ(ў)вскі лясок”. 11. “Каховіч-поле”. 12. “Крапінец”. 13. “Крывая”. 14. “Лесенкі”. 15. “Маліновэ”. 16. “Марысіные градкі”. 17. “Нівішча”. 18. ”Норыстые”. 19. “Паршывае”. 20. “Рог”. 21 “Селішчэ”. 22. “Хвошчы”. 23. “Чмелішча”. 24. ”Яблоніца”.

Назваў гэтыя ўрочышчы майстар лесу Навасёлкаўскага лясніцтва, жыхар в. Ліпск Ганцавіцкага раёна Ермаковіч Рыгор Аляксандравіч.

Калі мы зірнем у некаторыя гістарычныя пісьмовыя крыніцы нашай Лунінеччыны, то мы даведаемся, хто ж такі, у недалёкім былым часе, валодаў землямі, лясамі, балотамі і сенажацямі ў наваколлі вёскі. Аказваецца, што навакольныя лясы, балоты і землі ў ХVI-ХVIII стагоддзях належалі князям рода Радзівілаў, Кішкам. З канца ХVIII, пачатку ХIХ стагоддзя землеўладальнікамі наваколля Навасёлак, Ліпска, Велуты былі князі Друцка-Любецкія (маёнтак у Луніне); Вітгенштайны (Вялікія Чучавічы) памешчыкі: Г.Л. Давыдаў (Вулька II), А.П. Струкаў (Бастынь), К.Х. Шчытт (Дварэц, Кажан-Гарадок), а таксама А.Л. Беранговіч (Навасёлкі і Баравікі). Кніга “Велута” ( ст.222-224; 13-14; 70-75).
Плошча:19602012
а)ворнай зямлі5-6 га80 га
б)лесу6892 га 10412 га
в)балот400 гакаля 325 га
г)лясных лугоў-сенажацяў 4-5 га4 га

Некалькі слоў аб тых, каму належалі фальварак, пазней маёнтак, вёска ў канцы ХIХ і да кастрычніка 1939 года, землі якіх сёння належаць Навасёлкаўскаўскаму лясніцтву Лунінецкага лясгаса, якое знаходзіцца ў складзе тэрыторыі Бастынскага сельвыканкама Лунінецкага раёна.

Гэта былі нашчадкі князёў Друцка-Любецкіх. Друцка-Любецкія — адна з галін старажытнага княжацкага роду Друцкіх. Карысталіся гербам Друцкіх. На чале роду стаяў полацкі князь Барыс Усяслававіч. Друцкам валодаў яго сын Рагвалод. Князямі Друцкімі былі яго нашчадкі — сын Глеб, унук Глеба — Іван. На працягу ХІІ-ХV стагоддзяў з’явіліся Друцка-Сакалінскія, Друцка-Палачынскія, Друцка-Горскія, Друцкія-Азярэцкія. У вытоках роду Друцка-Любецкіх, уключаючых 13 пакаленняў, стаяў Васіль Міхайлавіч Друцкі, якому ў 1484 годзе былі падараваны прывілеі каралём Казімірам на пажыццёвае валоданне горада Любеч (адсюль Любецкія). А вось Друцк (цяпер вёска ў Талачынскім раёне РБ), горад у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства на рацэ Друць. Упершыню назва сустракаецца каля 1092 г. З другой паловы ХІІ стагоддзя — цэнтр Друцкага княства, з першай паловы XIV стагоддзя ўвайшоў у ВКЛ — уладанне князёў Друцкіх. Вось, такім чынам, і атрымалася двайное прозвішча Друцка-Любецкія. Уладальнікам палескіх маёнткаў у чацвёртым пакаленні стаў сын Багдана — Януш (каля 1530—1558гг.). З гэтых часоў ужо ўспамінаецца Лунін Вялікі і Лулілец Малы. У першай палове ХІХ стагоддзя рэзідэнцыя Друцка-Любецкіх пераносіцца ў в. Лунін, які яшчэ з 1724 года належаў разам з в. Бакінічы і Парахонск князю Юзэфу, стольніку арглапскаму, жанатаму з Вікторыяй, дачкой Пінскага гараднічага Аляксандра Скірымунта, узнагароджанага шматлікімі польскімі і расейскімі ўзнагародамі. У 1806 годзе палескія ўладанні былі раздзелены паміж 4 нашчадкамі сына Юзэфа і Вікторыі — Юранца. Гэта маёнтак Лунін з вёскам і фальваркамі Вулька, Лобча, Дубаўка, Дубнавічы, Багданаўка. Сярод братоў актыўнай дзейнасцю выдзяляўся Франц Ксаверый (1778—1846гг.), які прымаў удзел у італьянскім паходзе А.С. Суворава і быў узнагароджаны ордэнам св. Ганны, пазней быў назначаны членам Дзяржаўнага Савета. (Звесткі аб ім можна прачытаць у газеце “Лунінецкія навіны” за 2 чэрвеня 2001 г. “Спадчынніца Новага Двара” і 21.09.2002 “Геній банкаўскай справы”). Князі-браты клалі пачатак новым 4-м лініям роду Друцка-Любецкіх. Нашчадкам Франца Ксаверыя быў сын Аляксандр (1827—1908гг.), а затым унук Уладзіслаў Франц (1864—1914гг.). Апошнім жа ўладаром Луніна, а значыць і Навасёлак, быў сын Цэзарыя і Ядвігі Радзівіл, князь Францішак Друцкі-Любецкі (1878-1944гг.). У час Варшаўскага паўстання ў 1944 годзе Францішак Марьян Друцкі-Любецкі быў расстраляны немцамі. Па апошніх архіўных дадзеных Навасёлкі мелі статус фальварка — (невялікай панскай сядзібы, размешчанай на хутары) да 1907 года, а з 1907 і да верасня 1939 года Навасёлкі мелі статус — маёнтак. Чытайце ніжэй кароткую інфармацыю (І.А.).

Са слоў былога жыхара Навасёлак Зеневіча Уладзіміра Канстанцінавіча, які быў асуджаны і вывезены ў Кіраўскую вобласць РСФСР у лютым 1941 года, ён, даючы паказанні, сказаў, што ён і яго бацька працавалі ў маёнтку Навасёлкі ў 20-30 гады ХХ стагоддзя. Маёнтак у тыя часы належаў двум буйным лесапрамыслоўцам: Рыбнікаву, Шэршавенігу і Варшаўскаму Зямельнаму Банку.

На месцы былога маёнтка сёння растуць чатыры магутныя дубы. Мясцовыя жыхары перадаюць расказы сваіх дзядоў аб тым, што насупраць сядзібнага дома быў выкапаны і заліты вадой вялікі вадаём. Можна прадбачыць, што ён быў праточны, звязаны з Баравіцкім каналам, які праходзіў побач, за 30-50 метраў. Па канаве сплаўлялі дзелавы лес на лесапілку (тартак), ці як гэтае прадпрыемства палякі ў 30-я гады называлі — “на пільню”, дарэчы, гэтае месца так называецца на адной з карт 1940-1941 гадоў. З успамінаў тых жа жыхароў Навасёлак, ад вузкакалейкі да лесапілкі было пркладзена адгалінаванне, каб вывозіць дзелавую драўніну да станцыі Люшча, а там, на эстакадзе яе перагружалі ў вагоны шырокай каляі і адпраўлялі ў многія краіны свету.

Маёнтак(зямельны ўчастак з сядзібай). У дарэвалюцыйнай Расіі належаў, галоўным чынам, дваранам. Існавалі таксама дзяржаўныя, удзельныя, вайсковыя (казачыя) маёнткі. Такі ж самы статус населены пункт меў і з 1920 і па кастрычнік 1939 годоў, апынуўшыся, як і ўся Заходняя Беларусь, у складзе Рэчы Паспалітай. І толькі з кастрычніка 1939 года, калі ў Заходняй Беларусі ўсталявалася савецкая ўлада, Навасёлкі атрымалі сённяшні свой статус — вёска. З гісторыі нам вядома, што слова “вёска” паходзіць ад старажытнаславянскага “весь”— у вузкім значэнні “земляробчае пасяленне” — асноўны від сельскіх насельніцкіх пасяленняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пачынаючы з ХIII-ХIV стагоддзяў. Часта такія пасяленні на Беларусі называліся яшчэ па другому — сяло. Паміж гэтымі дзвюма назвамі існавала адна розніца, у сяле была яшчэ і царква.

Ва ўсходніх славян вёскі ўзнікалі з пераходам ад падсечнага земляробства да дзвюх- і трохпольнай сістэм. У самым сваім пачатку вёскі складаліся з двух-трох двароў, а з развіццём феадалізму пашыраліся, узбуйняліся і траплялі ў залежнасць ад феадалаў.

Вёскі будаваліся звычайна па берагах рэк і азёр. У розныя гістарычныя эпохі склаліся розныя тыпы планіроўкі вёсак: лінейныя або радковыя (паўтаралі абрысы берагоў рэк і азёр, ля якіх асядалі першыя пасяленцы), скучаныя або гняздовыя (звязаныя з абшчынным землекарыстаннем), вулічныя або шматвулічныя. Ва ўмовах феадальных адносін сялянская гаспадарка мела натуральны характар, што садзейнічала развіццю хатняга рамяства і промыслу, рабіла вёску носьбітам устойлівых традыцый у матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.

А цяпер некалькі слоў аб падзеях, якія разгарнуліся на нашым Лунінецкім Палессі перад пачаткам пабудовы першай чыгункі. Мы добра ведаем, што прадстаўляла наша тэрыторыя, гэта была тэрыторыя, большай часткаю пакрыта балотамі. Вось чаму і было вырашана пачаць частковае асушэнне балот.

Пачынаючы з 1873 і па 1898 гг. на Палессі праводзіліся першыя работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта І.І. Жылінскага, беларуса па нацыянальнасці. З 1903 па 1914 год праводзіўся другі этап асушэння. Па ўсёй Беларусі за гэтыя гады былі пракладзены каналы (усе разам даўжынёю 4660 км), тады ж было аказана ўздзеянне на 3-ы мільёны гектараў зямель Палесся. 375.000 гектараў непраходных багнаў сталі лугамі/ У тыя ж часы быў выкапаны ўручную і канал ад Баравікоў (а да Баравікоў, верагодна, ад в. Чудзін?..) да Навасёлкаўскага фальварка, дзе непадалёку і быў той знакаміты на Лунінеччыне лесапільны завод (тартак). (Больш падрабязна аб меліярацыі чытайце ў канцы зборніка. І.А.). (Прыкладна ў той жа час быў выкапаны ўручную і непрацяглы канал, які існуе і сёння “Рассошка” І.А.). Вось сюды, на невялікі лесапільны заводзік і пастаўляўся зрэзаны лес, які тут распілоўваўся і адпраўляўся часткова на Лунінецкі шпалапрамочвальны завод, а таксама ў Расію, ва Украіну і нават у Англію. Працавалі на гэтым тартаку ў асноўным жыхары акаляючых вёсак: Ліпск і Велута, Малькавічы, Чучавічы. Саміх жыхароў у фальварку Навасёлкі налічвалася каля 30 чалавек. Гэта лічба мне сустрэлася толькі аднойчы. У гэтыя гады Навасёлкі як вёска яшчэ не існавала. Думаецца, што ў фальварку працавалі жыхары суседніх вёсак: з Ліпска, Чучавіч, Велуты, Малькавіч, вёсак, якія мелі ўжо амаль што 300-гадовую гісторыю.

“У пачатку 1907 года Мінскі зямельны банк, філіял якога быў у в. Лахва, даў у друку аб’яву аб продажы земляў. Адразу, пачынаючы з 1907 года, з’явіліся і пакупнікі, у асноўным, Гродзенскай і Валынскай, губерній пачалі прыязджаць новыя пасяленцы. Былі яны ў асноўным з Заходняй і цэнтральнай Украіны (з-пад Валыні, Ковеля, Цярнопаля, Кіева, Карпат), а таксама са Століншчыны, з Гродзенскай губерніі, з Кобрынскага, Пружанскага паветаў і нават з хутароў, фальваркаў і вёсак Лунінецкага павета: Чэрабасава, Лахвы, Дрэбска. А сюды яны прыехалі адразу пасля заканчэння другога этапу асушкі зямель пад кіраўніцтвам І.І. Жылінскага і яго паплечнікаў Рэдзігера, Чарабасава, Манасеева, Флярова і другіх вучоных. Асаблівы прыток жыхароў прыпадаў іменна на гэты, другі этап меліярацыі Палесся (1907-1914гг.), на той час, калі каналы, выкапаныя 30 і болей год таму, пачыналі разрушацца. Такі ж лёс спасцігаў і пабудаваныя дамбы, таму і патрабаваліся тут рабочыя рукі. Адныя навасёлы ехалі ў мясцовасць за в. Лахва, дзе з’явіліся новыя пасяленні, пазней атрымалі статус вёсак: Рэдзегірава, Флярова, Чэрабасава, Манасеева (дарэчы, названыя прозвішчамі вышэйпералічаных вучоных-меліяратараў, у асноўным, з Расіі), а другім, якія назбіралі за пару гадоў грошы, падабалася мясцовасць менавіта тая, дзе сёння знаходзіцца вёска Навасёлкі, і яны са сваімі шамтдзетнымі сем’ямі (гэта бачна з архіўных дадзеных за 1925-1937 гады), куплялі землі, балоты, лясы і сенажаці і пераязджалі (ужо пры Польшчы ў 1921-1939 гады) сюды.

Сёння амаль няма нікога, хто мог бы адказаць на пытанне, хто ж усё-такі быў першым пасяленцам з прыезджых навасёлаў? Ёсць такое меркаванне, што гэта быў Гардзіевіч Апанас, 1890 года нараджэння, хутар Чэрабасава, жанаты з Казловіч Аляксандрай Аляксандраўнай, 1896 года, якая з бацькамі прыехала сюды з в. Малеч, былога Пружанскага павета, сёння Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. А прыехалі яны сюды ў 1912-13 гады, перад пачаткам Першай Сусветнай вайны. У 1913 годзе пабудавалі хату, якая дарэчы і сёння яшчэ стаіць на сваім месцы, яна бадай што адна са старэйшых збудаванняў у Навасёлках. У 1914 годзе ў іх нарадзіўся сын Гардзіевіч Сяргей Апанасаввіч. Пасля некалькі гадоў устанаўлення польскай улады Гардзіевіч Апанас, Курыловіч Уладзімір Аляксандравіч і яшчэ некалькі навасёлаў паехалі зарабляць грошы ў Аргенціну. У той час, у пошуках заробкаў, дзясяткі тысяч беларусаў ехалі за акіян. Адтуль Апанас на радзіму так і не вярнуўся, Аляксандра Аляксандраўна выйшла замуж за Казловіча Івана. Аб гэтым вы прачытаеце пазней.

Некалькі сем’яў прыехалі сюды ў 1921-1927 гады, перыяд вяртання нашых землякоў з “бежанства” — з Расіі, Украіны, Каўказа і з Усходніх абласцей Беларусі. Больш дзясятка сем’яў прыехалі з Польшчы. Іх мясцовыя жыхары называлі “асаднікамі”. Яны мелі больш прывілей, чым іншыя, паколькі лічылі сябе карэннымі жыхарамі Рэчы Паспалітай, улады якой і правілі да верасня 1939 года. Пасля прыходу на Палессе Рэчы Паспалітай, лесапільны завод царскіх часоў існаваў яшчэ да 1940 года. За 20 год з навакольных лясоў былі вывезены сотні тысяч кубаметраў дзелавой драўніны ў Польшчу, Англію і другія краіны Еўропы. Тое ж адбывалася і ў часы нямецкай акупацыі (з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 года).

Людзі прыязджалі сюды сем’ямі, будавалі невялікія хаты, заводзілі гаспадарку і ўсталёўваліся назаўжды. Вось і сёння яшчэ жывуць тут нашчадкі тых далёкіх перасяленцаў. Праўда, яны “перамяшаліся” з мясцовым насельніцтвам, жыхарамі акаляючых вёсак. Многія з ураджэнцаў в. Навасёлкі выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Расію, ва Украіну, у Польшчу і ў другія краіны свету, дзе жывуць і па сённяшні дзень. Некаторыя навасёлкаўцы рассяліліся па тэрыторыі нашай рэспублікі, а некаторыя нават вярнуліся на гістарычную радзіму бацькоў і дзядоў. На Лунінеччыне пражываюць у наш час больш за тры сотні нашчадкаў навасёлкаўцаў. Гэта тыя, хто носяць наступныя прозвішчы:

Аляшкевіч, Арашкевіч, Арлінскі, Бокша, Бацюк, Кавальчук, Казловіч, Калодачкін, Курыловіч, Ка(о)зак, Кажанеўскі, Ліхтар, Свірскі, Токар, Цюшкевіч, Яшчук і іншыя.

Навакольная прырода ў гэтыя часы была багата ягадамі, грыбамі, рыбай і звярамі, ды такімі, што сёння і не верыцца. Аднак, у кнізе “Памяць” Лунінецкі раён, у раздзеле: “Жыццё пры Польшчы”, старонка 272 чытаю:

“Ляснымі ўгоддзямі вакол вёскі (1938 год, Чучавічы, якая гранічыла з тэрыторыяй Навасёлак І.П.), у ліку іншых, валодала і фірма ”Агахель”. У адным з турыстычных праспектаў яна запрашала ў свой маёнтак паляўнічых, указваючы, што ў Чучавіцкіх лясах бліжэй да ракі Лань кожную зіму налічвалася да 10 бярлог мядзведзяў, тут вадзіліся рысі, кабаны, лісы, касулі, бабры, цецерукі і ў вялікай колькасці качкі. Бядой з’яўляліся ваўкі, якія наносілі вялікі ўрон гаспадарам. Толькі за 1927-1930 гады па Чучавіцкай гміне ваўкі знішчылі 60 коней і жарабят, 150 авечак, многа сабак, свіней гусей, былі выпадкі нападу іх на чалавека, пагэтаму на іх праводзіліся аблавы і паляванні, з удзелам як мясцовых паляўнічых, так і замежных”. Змяшчаю яшчэ адну невялікую вытрымку з польскамоўнага часопіса “Рэха Палесся” №1 за 2011 год.

“...Недалёка ад вялікага балота “Грычын”, у разгалінаванні дзікай і разлітай Лані, у вольхавых багнах знаходзіўся так званы “Заказнік”. Была то прастора вольхавых лясоў, атачоная (акружаная) рэчышчам Лані, багнамі і дрыгвою. “Заказнік” меў плошчу 9000 гектараў і ляжаў па-за ўсякімі дарогамі і нават сцежкамі. Прастора гэтая, па тлумачэнні, была як рэзерват у стане некранутай забалочанай пушчы. Прынятая назва “Заказнік” была даведзена да ведама жыхароў вёсак, найбліжэйшая аддаленнасць — 15 км. Забарона наведвання гэтага рэзервату датычылася нават лясной службы. Тут вадзіліся пастаянна, адзіныя на прасторы (чытай Заходняй Беларусі), мядзведзі нізінныя, памерам да 2 метраў, якія адрозніваюцца ад малых бурых мядзведзяў карпацкіх. Палешукі ахоўвалі ад іх свае вялікія вуллі, размяшчаючы іх высока на разгалінаванні вялікіх дубоў або сосен, будуючы пад імі шырокі квадратны насціл, моцна падпёрты бярвеннямі, праз якія мядзведзь не мог пранікнуць, царапаючыся ўздоўж ствала. Палешукі ахоўвалі свае вуллі і забабонамі папярэджвалі, што, калі нехта пасмее парушыць вуллі і ўкрадзе мёд, таго напаткае няшчасце, хвароба, каўтун, а некаторых і смерць. Гэтыя забабоны прыйшлі ад часоў “паганскіх,” а калі здараўся крадзёж вулляў, то (казалі), што зрабіў гэта “не тутэйшы” чалавек. Дзіўныя ўражанні мелі тыя лясы, багны і ўрочышчы на асоб, якія любілі мнагалюддзе і шум горада, рух вуліц, бляск “неонаў” і пацеху начных забаў. Тая цішыня здавалася ім манатоннай і нуднай, бо не ўсе яны ўмелі адчуць і зразумець мову цішы, лесу і схаванага ў ёй цікавага жыцця прыроды. Чаму гэтая частка Палесся была балоцістай?

Яшчэ з царскіх часоў былі спробы асушэння таго мокрага Палесся, капалі каналы, але яны не асушылі моцна забалочаныя часткі пушчы, часам дрэнаж пападаў на магутныя пліты граніту, месцамі нават базальту. Так званая “чарнаморская пліта” становіцца як бы магутным “тазам”, робіць немагчымым адток вод, якія пераўтвараюць прастору ў балота і ў так званыя, “бяздонныя бочкі”, пакрытыя “здрадлівым мохам” або нізкімі хмызнякамі. Геолагі і інжынеры, нават замежныя, даследавалі не раз наша Палессе, канстатавалі, што можна коштам мільярдаў пралажыць каналы, якія б “здрэнавалі” рэчкі і ручаі, напраўляючы іх воды прыродным схілам праз Прыпяць да Дняпра.”

Тэрэза (з Фудакоўскіх) Раствароўска. “Echa Polesija”, №1, 2011г. (Пераклад з польскай мовы Панасюк Л.К.)

Сёння пра Грычынскае балота, якое раскінулася на паўночны ўсход ад Чучавіч, ведаюць няшмат. У энцыклапедыі “Природа Белоруссии” напісана:

Грычын — нізіннае балота ў Лунінецкім, часткова Салігорскім раёнах у водазаборах рэк Лань і Цна. Плошча 32,2 тысячы га., прамысловае радовішча торфу на 18,8 тысяч га., сярэдняя глыбіня — 1 метр. Часткова асушаецца, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаці. На неасвоеных участках пераважаюць асокі і чорнаальшанікі”. (Леў Леанідавіч Коласаў — жыхар г. Мінска, ураджэнец г. Лунінца).

Прывёў я гэтыя дзве вытрымкі для таго, каб даць невялікае ўяўленне аб прыродзе, акаляючай вёску Навасёлкі, якая з 1928 года ўжо ўваходзіла ў склад Чучавіцкай гміны. Упэўнены, што кожны ўраджэнец Навасёлак добра ведае, дзе знаходзіцца знакамітае Грычынскае балота, самае вялікае балота ў тагачаснай Еўропе, ад якога яшчэ і сёння залежыць клімат не толькі ў нашай мясцовасці. Гэта добра ўсвядомілі нават і вучоныя, назіраючы за змяненнем кліматычных умоў за больш чым трыццацігадовы прамежак часу пасля апошняй “ура-меліярацыі”. Сёння ёсць аб чым падумаць і вучоным-меліяратарам, і кіраўнікам сельскагаспадарчых комплексаў, і ўсім тым, хто хоча ад прыроды “узяць усё”, не думаючы аб заўтрашнім дні цэлых пакаленняў нашчадкаў. Трэба да такіх пытанняў падыходзіць вельмі сур’ёзна, узважана. Прырода ніколі не забудзе адпомсціць за гвалтоўныя адносіны да сябе. Мы сёння маем шмат таму пацверджанняў. Верыцца, што чалавечы розум пераможа, і мы, і нашы нашчадкі будзем з асалодаю любавацца прыгажосцю нашага Палескага краю, а вёсачка Навасёлкі знаходзіцца іменна ў такім куточку.

Безумоўна, дзякуючы ёй, нашай роднай прыродзе, і змагло выжываць мясцовае насельніцтва ў канцы ХIХ і ў ХХ стагоддзях. Яшчэ ў 70-80 гады мінулага стагоддзя старажылы в. Навасёлкі расказвалі аб цікавым і разнастайным жыцці сярод прыроды. Гэта быў патаемны куточак палескага краю. Нягледзячы на забалочаннасць і наяўнасць “мерыядаў крывасмокаў”, людзі жылі ў гэтым краі ў гармоніі з прыродай. Займаліся часткова земляробствам, адваёўваючы ў балот і леса невялічкія дзялянкі; трымалі авечак, кароў, свіней; гусей, курэй і іншую розную жыўнасць. Мужчыны працавалі ў лясной гаспадарцы, на зямлі, пасля ўводу ў дзеянне вузкакалейкі Люшча-Навасёлкі-Чучавічы-Канал, некаторыя працавалі на ёй рабочымі, абходчыкамі. Многія жыхары працавалі нават яшчэ і ў 50-90 гады мінулага стагоддзя ў Люшчанскім участку Лунінецкага леспрамгаса. Жанчыны ў 10-50 гады ХХ стагоддзя вялі гаспадарку, гадавалі дзяцей, летам назапашвалі грыбы, ягады і другія дары прыроды на зіму. Зімой жа пралі кудзелю ці поўсць, вязалі свэдры (світары), шкарпэткі; вышывалі, ткалі з ільну тканіну на адзенне, самі ж яго і шылі. З 50-х гадоў ХХ стагоддзя жанчыны працавалі ў калгасе “Чырвоная зорка”, затым в. Навасёлкі з’яўлялася брыгадай калгаса “Шлях Леніна”, цэнтр якога знаходзіўся ў в. Бастынь. Пазней з вёсак Велута і Навасёлкі быў утвораны новы калгас, які меў назву “Зара”, у складзе якога, з жыхароў Навасёлак, была ўтворана паляводчая брыгада. Брыгадзірам у гэтай брыгадзе 16 гадоў працаваў Грушэўскі Іван. Сёння жыхары Навасёлак з’ўляюцца членамі СВК “Велута”. Некаторыя жыхары працавалі і працуюць сёння ў Навасёлкаўскім лясніцтве, а ў часы работ па асушэнні акаляючых вёску балот, працавалі ў Лунінецкім БМУ, пасля заканчэння асушкі руславымі на новавыкапаных каналах.

Мясцовыя жыхары нават у 60-80 гады ХХ стагоддзя адрозніваліся сваім укладам ад жыхароў суседніх вёсак, гэта вельмі адчувалася на прыкладах іх дзяцей. Бацькі і іх продкі прывезлі з сабою ў Навасёлкі свае традыцыі, звычаі, абрады, сваю мову з тых месцаў, дзе яны нарадзіліся. Многае адрознівалася ад быту мясцовых жыхароў. Але гэта ніколі не станавілася прычынай непаразумення з жыхарамі суседніх вёсак, наадварот, ішло духоўнае ўзбагачэнне адных другімі. “Навасёлы — навасёлкаўцы” дружна асіміліраваліся са сваімі суседамі. З цягам часу ўтвараліся маладыя сумесныя сем’і, якія існуюць і па сённяшні дзень.