Дробова
Дробова Вера

Курыловіч
Курыловіч Міхаіл.

Магнушэўскі
Магнушэўскі Міхал
бацька Ядзі.

Партус Нагіев Галадін
Партус М.M. (У сярэдзiне), Нагіев, Галадін. 1945

Ходзька
Ходзька Іосіп І.

Прозвішчы жыхароў в. Навасёлкі Лунінецкага раёна ў ХIХ — ХХ, пачатку ХХI стагоддзя.

Прозвішчы, напісаныя тлустым шрыфтам, не курсівам, як (Адамчык Франц), даслаў ураджэнец в. Навасёлкі, жыхар г. Брэста — Курыловіч Георгій Уладзіміравіч. Спіс прозвішчаў жыхароў в. Навасёлкі ўзяты з абласнога Брэсцкага архіва за 1935 год. Астатнія прозвішчы ўзяты ў Бастынскім сельвыканкаме за 1939-41 гады і за 1945-49 гады, а таксама за 2012 год.

Адамчык Франц, 1887 года нараджэння, землеўладальнік. Вераніка, 1887 года нараджэння, жонка. Дзеці: Вацлаў, 1911 года нараджэння і Юліян, 1913 года нараджэння.

Адамчык Вацлаў Францавіч, 1911 года нараджэння, паляк, граматны. Станіслава Іванаўна — 1918 года нараджэння, жонка. Дзеці: Фадзей Вацлавіч, 1937 года нараджэння, Ядзвіга Вацлаваўна, 1940 года нараджэння і Эдвард Вацлававіч, 1945 года нараджэння. 25 жніўня 1945 года выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу.

Адамчык Ян(Іван) Францавіч, 1913 года нараджэння, паляк, граматны. Марыя Іосіпаўна — 1912 года нараджэння, жонка. Дзеці: Марта Іванаўна, 1939 года нараджэння, Франц Іванавіч, 1942 года нараджэння і Іван Іванавіч, 1945 года нараджэння. 25 верасня 1945 года выехалі на пражыванне ў Польшчу.

Аляшкевіч Спірыдон Андрэевіч, 1928 года нараджэння ў в. Дрэбск. Працаваў пасля вайны на матавозе на вузкакалейцы Люшча — Чучавічы — Канал. Пазней працаваў у Навасёлкаўскім лясніцтве. Не стала ў 1996 годзе. Жонка — Марыя Максімаўна Арашкевіч, 1938 года, в. Дрэбск Лунінецкага раёна. Працавала прыбіральшчыцай у школе. Сын Анатолій жыве ў вёсцы Навасёлкі. Жонка Валянціна Міхайлаўна (Каховіч). Расце сын. Ён наведвае Вялуцкую СШ. У Лунінцы жыве сястра Ганна Спірыдонаўна. Працуе на заводзе Палессеэлектрамаш. Замужам.

Арашкевіч Усцін. Жонка — Арашкевіч Кацярына, 1868 года нараджэння. Прыехалі з в. Дрэбск Лунінецкага павета ў 1928 гадзе ў маёнтак Навасёлкі. Купілі зямлю і сталі земляробамі. Сын — Максім Максімавіч, 1901 года нараджэння.

Арашкевіч Максім Усцінавіч, 1901 года нараджэння, беларус, в. Дрэбск, граматны (дарожная служба, дзясятнік). Ганна Якаўлеўна — жонка, 1902 года нараджэння (дамашняя гаспадыня), беларуска, в. Дрэбск. Дзеці: Максім Максімавіч, 1922 года, Рыгор Максімавіч, 1929 года нараджэння, Уладзімір Максімавіч, 1933 года нараджэння і Марыя Максімаўна, 1938 года нараджэння.

Арашкевіч Максім Максімавіч, 1922 года нараджэння, беларус, граматны. Яўгення Яфімаўна 1929 года нараджэння — жонка. Дзеці Ганна, Васіль, Віктар і Мікалай.

Арашкевіч Рыгор Максімавіч, 1929 года нараджэння. Закончыў пачатковую школу. Працаваў у калгасе, адкуль і пайшоў на пенсію. Першай жонкай была дачка Валянціна, якая трагічна загінула. Сын Рыгор Рыгоравіч, 1951 года нараджэння. Жанаты з жыхаркай Лунінецкага раёна, зямлячкай сваёй мамы. Сям’я выехала ў горад Цюмень Расійскай Федэрацыі, дзе пражывае і пасённяшні дзень.

Другая жонка — Хрысціна Іванаўна (Шыйч) з суседняй вёскі Велута, 1938 года нараджэння, закончыла чатыры класы Вялуцкай сямігадовай школы. Працавала даяркай на Вялуцкай МТФ, калгаса “Шлях Леніна”, пазней “Зара”. Дзеці: Канстанцін Рыгоравіч, 1958 года нараджэння. Закончыў пачатковую школу ў в. Вялікія Чучавічы. Працаваў трактарыстам у калгасе “Зара” да 1981 года. З 1981 года у калгасе імя Леніна в. Вялікія Чучавічы. З 1977 года працаваў ў Борскім лясніцтве. З 3 сакавіка 2013 года на заслужаным адпачынку. Жанаты. Жонка — Вера Антонаўна (Тупека), 1960 года нараджэння. Працавала ў Баравіцкім лясніцтве лесакультурніцай. Дзеці, Дзіма і Інна маюць свае сем’і і жывуць таксама у в. Вялікія Чучавічы. Анатолій Рыгоравіч, 1963 года нараджэння. Пасля заканчэння 10 класаў Вялуцкай СШ быў прызваны ў 1983 годзе ў Савецкую Армію. Служыў у войсках сувязі. Ваенная часць знаходзілася непадалёку ад горада Тбілісі. Пасля дэмабілізацыі ў 1985 годзе быў напраўлены па камсамольскай пуцёўцы на працу ў Саюзны маладзёжны лагер “Арлёнак”. Размяшчаўся лагер у прыгожым курортным горадзе Туапсе. Працаваў там да 1987 года. Угэтым жа годзе вярнуўся на радзіму. Да 1989 года працаваў у калгасе “Зара” трактарыстам. Ажаніўся з Валянцінай Антонаўнай (Курак). Пераехаў в. Вялікія Чучавічы, дзе працаваў у мясцовым калгасе трактарыстам. Пазней перайшоў у Баравіцкае лясніцтва, дзе працуе і па сённяшні дзень. У лістападзе бягучага года Анатолій мае права выйсці ў заслужаны адпачынак. Сын Аляксандр, 1989 года, жанаты, працуе ў ЖКХ в. Вялікія Чучавічы. Жонка Вольга Міхайлаўна (Каховіч) з в. Навасёлкі. У сям’і расце дачушка Дар’я.

Арлінскі Уладзіслаў Адамавіч, 1909 года нараджэння, нарадзіўся ў в. Белае возера. Бацькі ўзялі крэдыт у сялянскім зямельным банку і купілі зямлю, самі ж асталіся ў в. Белае возера, а Уладзіслаў у 1929 годзе пераехаў у в. Навасёлкі. (У Уладзіслава быў малодшы брат Браніслаў (які выехаў у 1945 годзе у Польшчу і Леанід, а таксама сёстры Зося і Мары(л)я. Акрамя таго былі яшчэ зводныя: Антось, Анатолій і Хэлена, якія таксама выехалі ў Польшчу). У Навасёлках Уладзіслаў пазнаёміўся з Таццянай Сідараўнай Сайко, ураджэнкай в. Ліпск Ганцавіцкага раёна. Яе бацькі таксама пабудаваліся ў в. Навасёлкі. У 1930 годзе згулялі вяселле. У сям’і нарадзіліся чацвёра дзяцей: Франц, Алёна, брат Валянцін і Вікторыя (аб ёй ёсць невялікі ўспамін мужа Фёдара Іванавіча Кавальчука, яны разам з Вікторыяй цяпер жывуць у сваёй дачкі Дзіны, ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці).

Арлінскі Валянцін Уладзіслававіч, 1934 года нараджэння. З 14 год адправіўся з сябрамі на адбудаванне разруйнаванага вайной горада Мінска. Праз два гады паехаў на Урал у горад Кошва Свярдлоўскай вобласці. Там ажаніўся на Пуставалавай Серафіме Іванаўне. У тым жа годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў рады СА. Па вяртаніі са службы сям’я жыла ў гэтым жа горадзе. У сям’і нарадзіліся трое дзяцей: Вольга і Аксана, а таксама сын Уладзімір.

Сам Валянцін працаваў у леспрамгасе шафёрам, жонка Серафіма сакратаром у адным з с/саветаў. Калі выйшаў на пенсію, яшчэ працаваў у пажарнай часці. У 2002 годзе памёр. Сын Уладзімір памёр 13—цю гадамі раней. Дочкі з сем’ямі і ўнукамі жывуць у тым жа горадзе, дзе жылі і іх бацькі. У сямя’і Арлінскіх, у в. Навасёлкі была яшчэ адна сястра (па бацьку) Вера, 1948 года нараджэння. У 1964 годзе Алёна Уладзіславаўна і Міхаіл Іванаваіч забралі яе да сябе ў Варкуту. Тут яна закончыла 10-11 классы вячэрняй школы, паступіла ў горны Варкуцінскі інстытут, які скончыла ў 1971 годзе па спецыяльнасці геолагаразведка. Працавала ў геолагаразведвальнай экспедыцыі чарцёжніцай. Выйшла замуж за Андрэя Сямёнава, родам з-за Урала. Андрэй працаваў горным майстрам на шахце. Вера апошнія гады перайшла працаваць начальнікам службы продажу вугаля, дзе працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. У сям’і дзве дачкі: Таццяна і Святлана. Абедзьве закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, Таццяна гістарычны факультэт і працуе ў МУС. Замужам. Святлана — юрыдычны факультэт і працуе юрыстам у горадзе Балабанава Калужскай вобласці.

Арлінскі Франц Уладзіслававіч, 1931 года нараджэння. Працаваў на матавозе станцыі Люшча. У Франца Уладзіміравіча былі сёстры: Вікторыя, 1936 года нараджэння, Алена, 1938 года нараджэння (па мужу Шаўчук), жыве цяпер у горадзе Лунінцы, пераехаўшы сюды з г. Варкуты, а таксама брат Валянцін, 1934 года нараджэння. Вера Канстанцінаўна (па маці), 1948 года нараджэння, жыве ў Смаленску. Абавязкова трэба дадаць, што бацька Франца Арлінскага — Уладзіслаў, а некаторыя дзеці пісаліся Уладзіміравічы, (такі быў час...). Нарадзіўся ж ён і жыў з бацькамі ў в. Белае возера Лунінецкага раёна. Памёр.

Кавальчук Ніна Іванаўна, 1936 года нараджэння. Памятае добра ваеннныя 1942/44 гады. Пасля таго, як немцы з мадзярамі спалілі амаль усе хаты, усім пагарэльцам прыйшлося жыць у партызанскай зоне, у Грычынскіх балотах. Дарослыя хлопцы і мужчыны пабудавалі за некалькі дзён “будан”. Гэта, нешта вялікае па памеры, з дрэў, замест крышы былі таксама маладыя хвоі, а паверх іх пакладзены дзёрн з травой, відавочна, каб не асабліва было відно з самалёта, які вельмі часта з’яўляўся над лесам і балотам — нямецкі лёгкаматорны самалёт, якога называлі дарослыя “рамай”. Непадалёку былі і партызанскія зямлянкі. Звычайна перад пралётам самалёта аб’яўлялася “трывога”. Усе пасяленцы павінны былі хавацца, каб не быць убачанымі. Партызаны бралі сваю зброю і самае неабходнае з сабою, пасяленцы з дзецьмі таксама хваталі свае невялікія пажыткі і астаўлялі будан. Жыць у гэтым будане было вельмі холадна, асабліва зімой. Унутры была складзена печка, а вакол насцеленыя ў два ярусы полаці. Дзеці звычайна ляжалі на верхіх полацях блізка адзін да аднаго. Дарослыя месціліся на ніжніх полацях. Бывала так, што месца не хапала і многія спалі проста седзячы. На гэтым астраўку, у Грычыне занаходзілі паратунак часта і жыхары в. Чучавічы. Было не толькі холадна, але і голадна. Ежу рыхтавалі на вуліцы, на усіх. Тут была і хатняя жывёла. Некаторыя дарослыя і дзеці вельмі застудзіліся і асталіся калекамі на ўсё жыццё. Бацька Ніны Іванаўны — Іван Ігнатавіч (1902 года нараджэння) вельмі застудзіўся і атрымаў запаленне лёгкіх. Ніякіх лекаў тут не было, як не было іх і ў партызанаў. Прахварэў нядзелю і памёр. Маці пашыла яму з саматканага палатна адзенне ў апошні шлях. На месце зрабілі труну, партызаны па канаве падагналі човен і адправіліся канавай у бок в. Чучавічы. Потым пешшу, патаемна, аднавяскоўцы мужчыны перанеслі труну да могілак і там пахавалі. Ніна Іванаўна расказала, што ёй вельмі часта ўспамінаецца іменна гэты момант, калі не стала бацькі. Успамінаючы тыя страшныя два гады, яна гаворыць, што толькі Гасподзь Бог дапамог людзям вытрымаць такія цяжкія часы, выжыць у немагчымых, бесчалавечных умовах. Жылі тут і старыя і малыя. Акрамя ўсяго гэтага, амаль усім прыйшлося яшчэ перахварэць і тыфам. Гэта таксама страшная хвароба. Вярнуліся ў вёску 7-8 ліпеня 1944 года. У вёсцы будавалі часовыя зямлянкі, некаторыя жылі ў няспаленых хлявах. Калі фронт прайшоў, вяскоўцы мала-памалу пачалі адбудоўваца. Мясцовыя ўлады давалі дазвол на выразку леса. Хаткі паначалу будавалі зусім маленькія і толькі праз два, тры дзесяцігоддзі дабудоўвалі. Сем’і разрасталіся, патрэбна было больш месца. Пасля вайны пачала працаваць мясцовая школа. Першыя гады займаліся ў будынку былой польскай канторы, у хатах аднавяскоўцаў. Ніна Іванаўна таксама наведвала школу. У той час тут працавалі дзве настаўніцы, адную з якіх памятае, гэта Ганна Пятроўна Брухан, якая пазней працавала да выхаду на заслужаны адпачынак у васьмігадовай школе станцыі Дзятлавічы біёлагам. Сямігодку Ніна Іванаўна заканчвала ў Вялікачучавіцкай сярэдняй школе ў 1951 годзе. У тым жа годзе паступіла ў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча, якое ў наступным годзе перавялі і аб’ядналі з Пінскім. У 1956 годзе яе накіравалі працаваць у Баравікоўскую сямігадовую школу, затым перавялі ў Люшчанскую сямігадовую школу. Тут Ніна Іванаўна выйшла замуж за Арлінскага Франца Уладзіслававіча, дзе жыла і працавала ў мясцовай школе да выхаду на заслужаны адпачынак. Тут, у Люшчы, яна жыве і сёння. З мужам яны выгадавалі два сыны і дачку. Вось іх Дзеці: Уладзімір Францавіч, 1958 года нараджэння. Скончыў Люшчанскую базавую школу, паступіў у 1973 годзе ў Мінскі машынабудаўнічы тэхнікум. Пасля яго заканчэння паступіў у Мінскі політэхнічны інстытут на будаўнічы факультэт. Пераехаў у Ніжневартаўск. Жанаты. Сын Франц Уладзіслававіч, 1991 года, адслужыў тэрміновую службу ў дэсантных войсках Расійскай Федырацыі, вярнуўся на радзіму бацькі, жыве ў Люшчы. Дзіна Францаўна, 1959 года нараджэння. Скончыла Люшчанскую базавую школу, 11 класаў Малькавіцкай сярэдняй школы. Скончыла гістарычны факультэт БДУ ў Мінску. Служыла ў Казахстане, у горадзе Казельску РФ. Жыве ў Маскве, ваенны пенсіянер, працуе. Сын Аляксандр і дачка Таццяна. Маюць па дзве вышэйшых адукацыі. Жывуць і працуюць у Маскве. Валянцін Францавіч, 1965 года нараджэння Закончыў Люшчанскую базавую і Малькавіцкую сярэднюю школы. Паступіў у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя А.С. Пушкіна на фізкультурны факультэт і закончыў яго. Жыве ў Драгічыне і працуе ў адной з школ горада інструктарам па плаванню. Жанаты, жонка Алена таксама працуе настаўніцай у школе. Дачка Ірына закончыла ВНУ па спецыяльнасці матэматык-праграміст, жыве і працуе ў горадзе Мінску. Сын Яўген, 1991 года нараджэння вучыцца таксама ў адным з Мінскіх ВНУ па спецыяльнасці праграміст. Вось такая ганаровая сям’я ў Ніны Іванаўны... Люшча, 8 верасня 2013 года.

Арлінская (Шаўчук) Алёна Уладзіславаўна, 1938 года нараджэння. Пасля пачатковай Навасёлкаўскай школы вучылася ў Вялікачучавіцкай СШ і ў 1959 годзе скончыла 7 класаў. У 1959 годзе выйшла замуж за Міхаіла Іванавіча Шаўчука. Праз год выехалі на Поўнач, у горад Варкута РСФСР. Муж працаваў усе гады на шахце праходчыкам. Алёна Уладзіславаўна працавала ўсе гады ў сферы абслугоўвання.

У 1960 годзе ў маладой сям’і нарадзілася дачка Галіна. Пайшла ў школу, дзе і скончыла 10 класаў, затым паступіла тэхнікум на бухгалтара. Пазней паступіла і скончыла Варкуцінскі эканамічны інстытут па спецыяльнасці: “Прамысловасць і эканоміка”. Працавала па спецыяльнасці ў Варкуце. У бягучы час працуе у горадзе Яраслаўлі на адным з прадпрыемстваў “менеджарам”. Замужам. Дочкі Алёна і Наталля маюць па дзве вышэйшыя адукацыі, жывуць і працуюць у горадзе Маскве.

Сын Віктар 1962 года нараджэння пасля 10 класаў сярэдняй школы скончыў будаўнічы тэхнікум. Служыў у радах СА на Далёкім Усходзе. Жанаты. Жонка Алена Уладзіміраўна. Іх дачка жыве жыве ў горадзе Пінску з 2002 года. Замужам. Муж — начальнік Пінскага адзяленя МНС.

Бабіч Аляксандр Дзянісавіч 1884 года нараджэння. Жонка — Аляксандра Уладзіміраўна (Уласенка). У сям’і нарадзілася 13 дзяцей: 8 хлопцаў і 5 дзяўчын. Бацька Аляксандры — Уладзімір Іванавіч жыў на хутары Чэрабасава а прыехаў ён з жонкай на хутар Чэрабасава, Лунінецкага павета яшчэ перад першай Сусветнай вайной у 1909 годзе з в. Іванавічы Жытомірскай вобласці Украіны. Пасля смерці жонкі, яшчэ да 1917 года вярнуўся на радзіму, у в. Іванавічы, а сын Аляксандр з жонкай Аляксандрай засталіся ў Чэрабасаве. У 1927 годзе яны бяруць крэдыт у банку на куплю зямлі і ўся сям’я пераязджае ў маёнтак Навасёлкі Лунінецкага павета, а ў 1933 годзе сям’я зноў пераязджае на новае месца жыхарства, у в. Бараўцы, дакладней, у маёнтак “Новы двор”, які размяшчаўся паміж вёскамі Дзятлавічы і Бродніца.

Маёнтак належаў у тыя часы аднаму з нашчадкаў князёў Друцка-Любецкіх — Юзэфу. Пазней ён аддаў “Новы двор”. “... у пасаг адной са сваіх дачок — Аліне, прозвішча па мужу Бялецкая, (былі яшчэў яе сёстры Людвіка і Ванда). Дарэчы яна разам са сваім сынам Анджэем у 1997 годзе пабывала на месцы пахавання сваіх продкаў, дзе знаходзіўся маёнтак “Новы двор” ). (Аб гэтым маёнтку можна прачытаць у раённай газеце “Лунінецкія навіны” за 02.06.2001года і 21.09.2002 года). Тут усе працаздольныя члены сям’і Бабіч працавалі у памешчыка. Адна з дачок — Вера Аляксандраўна, 1929 года нараджэня, якая жыве ў горадзе Лунінцы расказвае: “... Пан калі ў яго была патрэба, прыходзіў нават сам да іх у хатку. Вялікая сям’я Бабічаў была вельмі дружнай. У пана быў вялікі сад, і ён часта запрашаў дзяцей прыходзіць да яго, каб пазбіраць яблыкі і грушы. Даваў за работу дзецям фрукты, калі-нікалі плаціў невялікія грошы. Сам ён быў сярэдняга росту, меў поўную фігуру”. Дык вось гэтаму самаму пану Юзафу належалі ў тыя гады і Навасёлкі, і нават Бастынь.

Багданевіч Антоній, 1875 года нараджэння, землеўладальнік. Жонка Кацярына, 1877 года нараджэння. Міхал, 1901 года нараджэння. Ірэна, 1902 года нараджэння.

Бардакоў Дзмітрый, 1892 года па прафесіі механік, быў начальнікам Навасёлкаўскага ўчастка вузкакалейкі. Жонка Аляксандра, 1889 года нараджэння, хатняя гаспадыня. Дзеці: Георгій (Жорж), Валянціна і Алёна.

Барысюкоў Мітрафан, 1875 года нараджэння. Жонка Анастасія Апанасаўна, 1887 года.

Барысюкоў Фёдар Мітрафанавіч, 1904 года нараджэння, беларус, меў 2 класы адукацыі. Анастасія Апанасаўна — жонка, 1899 года нараджэння, беларуска, галава сям’і. Была дачка Надзея, якая жыла ў г. Маскве, працавала правадніцай у цягніках. У яе быў сын Фаменка (Уладзімір), а па пашпарту Эдуард Фёдаравіч, 1927 года нараджэння, 4 класы адукацыі, які ў час вайны жыў у бабулі Анастасіі ў Навасёлках. Па расказах навасёлкаўцаў, ён быў звязаны з партызанамі.

Курыловіч Мікалай Фёдаравіч, 1903 года нараджэння, граматны, другі муж Анастасіі. Дзяцей у іх не было.

Бацюк Мітрафан Рыгоравіч, 1869 года нараджэння, сяло Дужаева, Крэменчугскага павету Украіны, украінец, граматны. Ульяна Адамаўна, 1875 года нараджэння, беларуска (дамашняя гаспадыня).

Боцюк-Буц Роман, 1876 года нараджэння. Канстанцыя, 1875 года нараджэння — жонка. Дачка Карнелія Раманаўна, 1913 года нараджэння.

Буц-Боцюк Андрэй, 1887 года нараджэння. Анастасія — жонка. Дзеці: Зянон(Зіновій) Андрэевіч, 1910 года нараджэння, Вольга, 1911 года нараджэння.

Бацюк Зіновій Андрэевіч, 1909 года нараджэння, украінец, няграматны. Вольга Паўлаўна — жонка, 1912 года нараджэння, беларуска. Дзеці: Любоў Зіноўеўна, 1931 года нараджэння, Аляксандр Зіноўевіч, 1933 года нараджэння, Ніна Зіноўеўна, 1936 года нараджэння, Вера Зіноўеўна, 1938 года нараджэння, Мікалай Зіноўевіч, 1940 года нараджэння, Лідзія Зіноўеўна, 1942 года нараджэння і брат Зіновія — Бацюк Васілій Андрэевіч, 1931 года нараджэння.

Бацюк Аляксандр Зіноўевіч нарадзіўся ў 1932 годзе. Жонка яго родам з в. Велута — Арэхва Таццяна Паўлаўна, з “Гімалявых”. Аляксандр расказваў, што ў гады вайны тут у Навасёлках стаялі літоўцы, немцы і “мадзяры”. Жыць у ваенныя гады людзям было вельмі цяжка, асабліва пасля спалення большасці вясковых хат. Пасля вайны скончыў пачатковую школу. Рана прыйшлося ісці працаваць. Большая частка працоўнай дзейнасці звязана з працай на Люшчанскай вузкакалейцы. Працаваў памочнікам машыніста на матавозе да 1982 года. Пасля рэарганізацыі Люшчанскай вузкакалейкі, перакваліфікаваўся на вадзіцеля лесавоза. Працаваў на МАЗе да самага выхаду на пенсію. Дзеці: Ала і Ларыса, жывуць у Гомельскай вобласці. Апошнюю зіму жыў у сваёй дачкі Ларысы. У адзін з прыгожых восеньскіх дзён — 7 верасня Аляксандра Зіноўевіча не стала. Дзеці выканалі апошні бацькаў наказ, пахавалі побач з жонкай, Таццянай Паўлаўнай на могілках в. Велута. Так закончыўся зямны шлях яшчэ аднаго ўраджэнца в. Навасёлкі. Царства яму нябеснае...

Родныя сёстры Аляксандра: Ніна, Люба, Вера і Ліда, а таксама брат Мікалай. Ніна была замужам у Навасёлках за Яшчуком, засталася ўдавой, Люба была замужам за Свірскім у Навасёлках. Іх сын Іван жыве з сям’ёй у Чучавічах; Надзя з сям’ёй у Навасёлках; Анатолій жыве з сям’ёй і працуе ў горадзе Мікашэвічы Лунінецкага раёна.

Бацюк Мікалай Зіноўевіч, 1940 года нараджэння, ужо няма ў жывых. Жонка — 1950 года нараджэння Вольга Сцяпанаўна (дзявочая — Грыцкевіч). Дзеці: Валянціна Мікалаеўна (па мужу Марко), Лідзія Мікалаеўна (па мужу Ермаковіч) і Інна Мікалаеўна (па мужу Курц). Бацька мужа Курц Аляксандр Уладзіміравіч родам з в. Навасёлкі. Вольга і сем’і дзвюх дачок жывуць на станцыі Люшча.

Бокша Андрэй Апанасавіч, 1902 года нараджэння, беларус, в. Сітніца Столінскага раёна Пінскай вобласці, (плотнік па спецыяльнасці, прыехаў з сям’ёй у Навасёлкі ў 1925 годзе. Працаваў абходчыкам вузкакалейнай чыгункі Люшча-Канал). Акуліна Карнееўна (дзявочае прозвішча Крым) — жонка, 1901 года нараджэння, беларуска, в. Рухча Столінскага раёна Пінскай вобласці, працавала ў семянгасе. Дзеці: Іван Андрэевіч, 1922 года нараджэння в. Сітніца Столінскага раёна Пінскай вобласці (служыў у 1945 годзе ў РККА), Адам Андрэевіч, 1929 года нараджэння, працаваў змазчыкам мотавозаў вузкакалейнай чыгункі на станцыі Люшча. Алена Андрэеўна, 1933 года нараджэння, Сяргей Андрэевіч, 1937 года нараджэння, Кацярына Андрэеўна, 1944 года нараджэння.

Бокша Іван Андрэевіч, 1922 года нараджэння. Жонка — Марыя Васільеўна (у дзявоцтве Шмат) 1925 года нараджэння, в. Велута. Дзеці: Леанід Іванавіч, Паўліна Іванаўна, 1948 года нараджэння. Віктар Іванавіч, 1957 года нараджэння. Віктар памёр, пахаваны ў горадзе Лунінцы. У горадзе жыве і працуе яго дачка Таццяна Іванаўна, закончыла Гродзенскі медыцынскі універсітэт.

Бунас Сцяпан Міронавіч, 1927 года нараджэння, вёска Бастынь Лунінецкага павета. Скончыў 3 класы польскай школы “powszechny-паўшэхнай” — агульнай. З пасляваеннага часу працаваў на станцыі Люшча, машыністам паравоза, пазней матавоза на вузкакалейнай чыгунцы Люшча — Чучавічы, якая праходзіла праз вёску Навасёлкі. Апошнія 10 гадоў перад выхадам на заслужаны адпачынак, з 1976 і па 1986, працаваў лясніком у Навасёлкаўскім лясніцтве. Не стала Сцяпана Міронавіча ў 2004 годзе. Алёна Пятроўна (Ліхтар), 1932 года нараджэння, жонка Сцяпана Міронавіча. Скончыла таксама 2 класы польскай агульнай школы. Пасля вайны, з ранніх гадоў, пайшла працаваць у Лунінецкі леспрамгас (Люшчанскі ўчастак) рабочай. Праца была вельмі цяжкай, механізацыі, такой як сёння, яшчэ не было, усе работы выконваліся ўручную рабочымі і, калі-нікалі, коньмі. Тэхніка ў лясную гаспадарку пачала паступаць толькі ў 50-60-я гады ХХ стагоддзя. Замуж выйшла ў 1953 годзе. У 1954 годзе ў сям’і нарадзілася дачка Людміла. Калі яна падрасла, Алёна Пятроўна пайшла працаваць у Навасёлкаўскую паляводчую брыгаду, калгаса “Шлях Леніна” (Бастынь), а з 1968 года ў Навасёлкаўскую паляводчую брыгаду ўжо калгаса “Зара” (в. Велута). За некалькі год да выхаду на пенсію перайшла працаваць вартаўніком у Лунінецкае БМУ. У гэты час у наваколлі вёсак Навасёлкі, Велута праводзіліся міліярацыйныя работы па асушэнню прылягаючых да вёсак балот. З работы ў гэтай арганізацыі Алёна Пятроўна і пайшла на пенсію. Людміла Сцяпанаўна нарадзілася ў 1954 годзе ў в. Навасёлкі Лунінецкага раёна. З 1962 па 1965 год вучылася ў Навасёлкаўскай пачатковай школе. Школа была ў лесе на адным з хутароў (у невялікім сялянскім доме). Глыбокай восенню яна аднойчы згарэла. Каб навасёлкаўскія дзеці маглі вучыцца, Аляшкевіч Спірыдон выдзяліў вучням адзін свой пакой. Тут яна закончыла 2 класы. У 3 і 4 класы дзеці вучыліся ў доме Сайка Фёдара Сідаравіча. Вучыцца было вельмі цікава. У пакоі-класе стаяла чатыры рады парт: аддзін рад — адзін клас. Ітак, 4 рады — 4 класы. Выкладала адна настаўніца ва ўсіх 4-ох класах. У кожнага класа быў свой урок. Настаўніцу звалі Мальвіна Мікітаўна Блінцова. Была яна вельмі прыгожай і добрай, і ў той жа час — вельмі строгай і патрабавальнай. Голас у яе быў гучны, на шчаках заўсёды прыродны румянец, і такая прыемная ўсмешка на твары!.. Яна памятае настаўніцу добра ўсё жыццё. З 1966 года пайшла ў 5-ы клас Вялуцкай васьмігадовай школы. У школу хадзілі пешшу каля 5 км., на той час яшчэ прышкольнага інтарната не было,таму самім патрэбна было вырашаць пытанне пражывання позняй восенню, зімой і ранняй вясной. Хадзілі яны ў той час пяцёра. Зімой жылі разам з Козак Надзеяй Антонаўнай і Курыловіч Ганнай Васільеўнай на кватэры ў Кошаль Любові. У яе была вялікая хата і адзін пакой у ёй арандаваў Бастынскі с/савет пад клас Вялуцкай васьмігадовай школы. Вось тут і вучыліся школьнікі. Сюды, па чарзе, прыходзілі настаўнікі-прадметнікі з класным журналам, перадавая яго, як “эстафетную палачку” — сёння такога ўжо не сустрэнеш больш нідзе па ўсёй нашай рэспубліцы. Сёння Вялуцкая СШ — гэта прыгожы дзвюхпавярховы будынак з сучаснай мэбляй, абсталяванымі ўтульнымі і цёплымі клас-кабінетамі; сённяшнім вучням можна толькі па-добраму пазайздросціць!.. Скончыла Людміла 8 класаў у 1970 годзе. Пасля заканчэння паступіла ў Баранавіцкае ПТВ, якое закончыла ў 1972 годзе. Пасля заканчэння працавала ў горадзе Баранавічы на фабрыцы. У 1975 годзе выйшла замуж за жыхара суседняй вёскі Аркадзія Іосіпавіча Шуляка. У сям’і нарадзіліся дзеці: Валерый, 1976 года. У 1993 годзе закончыў 10 класаў СШ № 4 горада Лунінца. Адслужыў ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Жыве і працуе ў Лунінцы. Не жанаты. Алёна, 1979 года нараджэння. Закончыла СШ № 2 горада Лунінца ў 1995 годзе. У 1997 годзе закончыла СПТВ № 160 горада Лунінца па спецыяльнасці — повар. Пайшла працаваць санітаркай у бальніцу, у невралгічнае аддзяленне, дзе працуе і сёння. Замужам. У сям’і гадуюцца два сыны: Алег, 1999 года нараджэння і Аляксандр, 2001 года нараджэння. Яны вучацца ў школе № 2 горада Лунінца. Андрэй, 1982 года нараджэння. Закончыў у 1999 годзе СШ № 4 горада Лунінца. Паступіў у Лунінецкае СПТВ № 146, атрымаў прафесію трактарыст-машыніст. Пасля заканчэння быў прызваны на тэрміновую ваенную службу ва узброенныя сілы Рэспублікі Беларусь. Служыў у чыгуначных войсках, непадалёку ад горада Слуцка Мінскай вобласці. Пасля дэмабілізацыі паехаў працаваць у Расію. Жаніўся. Жонку завуць Вольга, яна працавала перакладчыцай у адной з турфірм. Цяпер знаходзіцца ў водпуску па дагляду за дзецьмі. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі: Елізавета ў 2009 годзе і Аліса ў 2013 годзе. Сям’я жыве ў горадзе Масква.

Людміла Сцяпанаўна ўсе гады жыве ў Лунінцы. Знаходзіцца на заслужаным адпачынку, з вялікім задавальненнем і радасцю дапамагае выхоўваць унукаў. Вось яе невялічкі асабісты ўспамін:

“Нарадзілася я ў маленькай спакойнай вёсачцы Навасёлкі. У сям’і была адзінай дачкой. Наколькі сябе памятаю, была вельмі непаседлівай; разбівала то кубачак, то талерку; то нешта перавярну, то праллю — мама за гэта карала, але не папругай, а дубчыкам, было балюча, боль праходзіла і ўсё забывалася, зноў з’яўлялася непаседлівасць.

Бацька працаваў на станцыі Люшча. Калі вяртаўся з работы дадому, прыносіў вялікую белую булку белага хлеба. Яна была такая прыгожая, з коркай залацістага колеру, у сярэдзіне мяккая, порыстая і такая духмяная, а смачная-смачная, смак яго неперадаваемы і незабываемы. Летам бацька ў выхадныя дні назапашваў лазовыя дубчыкі маладога вербалозу, звязваў іх пучкам і складваў у хляве. Калі ж наступала зіма, то ён доўгімі вечарамі з гэтых дубчыкаў плёў прыгожыя кошыкі рознай вялічыні і назначэння. Кухня ў такія часы напаўнялася пахам салодкага квецення лета. Летам ў бацькі быў яшчэ адзін любімы занятак — ён хадзіў у лес за белымі грыбамі. У лесе была такая вялікая паляна, называлі яе дубнік. Колькі там расло грыбоў!.. Бацька заўсёды прыносіў іх кожны раз вельмі многа. Мама натаплівала печку, грыбы выкладвала на проціўні і сушыла іх у цёплай печцы. Калі грыбы падсыхалі, дом напаўняўся прыемным грыбным водарам. За сезон мама насушвала грыбоў цэлы вялікі мяшок. Зімой яна ж з іх рыхтавала розныя смачныя стравы з грыбамі. Яна іх адварвала, адцэжвала, наразала рэпчаты лук, выкладвала на вялікую талерку, палівала алеямі. Якое гэта смачнае даўнейшае палескае блюда!.. Мама яшчэ любіла займацца і рукадзеллем: яна выдатна вышывала настольніцы, пакрывала, сурвэткі, а таксама вязала прыгожа кручком з простых белых нітак розныя карункі. Настольніцы я зберагаю дома па сённяші дзень, яны вельмі прыгожыя. З кожным годам усё больш успамінаецца тое далёкае і шчаслівае дзяцінства, бацькі, родныя і блізкія, сябры, суседзі, аднавяскоўцы, Час неўмольна ідзе наперад. Выраслі дзеці, падрастаюць унукі. Жыццё працягваецца далей...”

Бучэк Ян, 1905 года, настаўнік пачатковай школы ў маёнтку Навасёлкі з 1935 па верасень 1939. Быў расстраляны немцамі ў 1942. Бучек Браніслава, 1905 года нараджэння — хатняя гаспадыня. У іх было дзве дачкі: Марыля, а другой імя невядома. Іх пасляваенны лёс невядомы.

Вілінскі Віктар, 1888 года нараджэння, Зофія 1891.

Вілінскі Пётр Рыгоравіч, 1888 года нараджэння, в. Жолабы Крымянецкага павету Жытомірскай губернііі Украіны; украінец, працаваў на вузкакалейнай чыгунцы ст. Люшча Лунінецкага раёна. Марыя Іванаўна (Буднікава) — жонка, 1895 года нараджэння, беларуска. Дзеці: Іван Пятровіч, 1919 года нараджэння, украінец. Васілій Пятровіч, 1926 года нараджэння, працаваў лесніком. Ганна Пятроўна, 1924 года нараджэння і Вера Пятроўна, 1945 года нараджэння.

Вілеінскі Іван Пятровіч, 1919 года нараджэння, нарадзіўся на Украіне, украінец. Працаваў змазчыкам калёс рухомага састава вузкакалейнай чыгункі ст. Люшча. Кацярына Захараўна — жонка, 1914 года нараджэння, беларуска. Вера Іванаўна — дачка, 1937 года нараджэння.

Вечур (-Шчарбовіч) Антоній Андрэевіч, 1893 года нараджэння, паляк, граматны. Катажына (Кацярына) Адамаўна — жонка, 1902 года нараджэння, беларуска. Дзеці: Павел, 1926 года нараджэння (загінуў на фронце 27 снежня 1944 года, недалёка ад пасёлка Сечань у Венгрыі), Ганнна, 1928 года нараджэння, Аркадзій, 1932 года нараджэння, Фадзей, 1934 года нараджэння, Амелія, 1936 года нараджэння, Валянціна, 1938 года нараджэння, Іосіп 1940 года нараджэння і Андрэй, 1943 года нараджэння. 25 верасня 1945 года выехалі на пастаяннаке месца пражывання ў Польшчу.

Волчэк Надзея, 1903 года нараджэння, землеўладальніца. Выехала на пастаяннае месца пражывання ў Польшчу.

Гардзіевіч Сяргей Апанасавіч, 1913 года нараджэння, хутар Чэрабасава (сёння Лунінецкага раёна), беларус, чытае і піша, кравец (партны). Жонка — Вольга Сямёнаўна, 1913 года нараджэння, в. Казалі, малаграматная, хатняя гаспадыня. Дзеці: Ганна Сяргееўня, 1940 года нараджэння, скончыла 2 класы. Уладзімір Сяргеевіч, 1942 года нараджэння, скончыў 2 класы. Анатолій Сяргеевіч, 1944 года нараджэння. Кацярына Сяргееўна, 1948 года нараджэння.

З другой жонкай, Марыяй Захараўнай, нарадзіліся дзеці: Міхаіл Сяргеевіч, Мікалай Сяргеевіч, Сяргей Сяргеевіч і самая малодшая — Раіса Сяргееўна.

Гардзіевіч Міхаіл Сяргеевіч, нарадзўся ў 1956 годзе. У 1963 годзе пайшоў у першы клас Навасёлкаўскай пачатковай школы. Настаўніцай была Мальвіна Мікітаўна, ураджэнка Гомельскай вобласці, якая выйшла замуж за навасёлкаўца, Кавальчука Рыгора. У 5-ым класе вучыўся ў Люшчанскай васьмігадовай школе. 6 і 7 класы заканчваў у Вяліка-Чучавіцкай СШ Лунінецкага раёна, а 8-ы клас у Вялуцкай СШ. Пасля атрымання базавай адукацыі паступіў у Маларыцкае вучылішча механізацыі, дзе атрымаў атэстат за сярэднюю школу і пасведчанне “Трактарыста-машыніста шырокага профілю”. Восенню 1974 года прыехаў дамоў і ўсталяваўся на працу па спецыяльнасці, у мясцовы калгас “Зара”. У маі 1975 года быў прызваны ў рады ўзброеных сіл СССР. “Вучэбку” скончыў у горадзе Чэбаркуль Чалябінскай вобласці вадзіцелем баявой машыны пяхоты — “БМП-1”. Па заканчэнню “вучэбкі” службу працягваў у складзе савецкай групы войск у Германскай Дэмакратыянай Рэспубліцы (ГДР), дакладней, непадалёку ад сусветна вядомага горада Дрэздэн, у якім знаходзіцца знакамітая на ўвесь свет карцінная галерэя. Дэмабілізаваўся са службы гвардыі яфрэйтарам у маі 1977 года. Пасля кароткага адпачынку пайшоў працаваць на малочна-таварную ферму калгаса “Зара”. У гэтым жа годзе ажаніўся з Соф’яй Сцяпанаўнай (Наварыч). За гады сумеснага жыцця выгадавалі трое дзяцей. Жонка Соф’я пасля заканчэння 8-і класаў Вялуцкай СШ працуе 40-ы год на малочна-таварнай ферме СВК “Велута” даяркай.

Эдуард, 1979 года нараджэння, жанаты. Жонка Ірына. У сям’і выгадаваліся тры дзяўчынкі: Кацярына і Марыя наведваюць школу, малодшая наведвае дзіцячы садок.

Аксана замужам за Хлудам Аляксандрам. У сям’і гадуюцца Крысціна вучаніца 7-га класа, Дзіма, вучань 4-га класа і Максім.

Марына замужам за Радзюком Андрэем. Іх дзеці Ганна і Ангеліна ходзяць у школу, Аляксандр пойдзе у гэтым навучальным годзе, а дома яшчэ падрастае меншанькая Алеся. Міхаіл Сяргеевіч з 1978 года працяглы час працаваў трактарыстам у гэтым жа калгасе, але па стану здароўя вярнуўся зноў працаваць у жывёлагадоўлі. Сёння працуе ў паляводчай брыгадзе СВК “Велута”. Памятае добра толькі дзеда Захара і бабулю Мар’ю па маме, якія пахаваны на могілках в. Вялікія Чучавічы. Мае цесныя сувязі са сваімі братам і сястрой, а таксама з блізкімі родзічамі па бацькоўскай і мацярынскай лініі.

Гардзіевіч Мікалай Сяргеевіч, 1958 года нараджэння. Жыў і працаваў у горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці. Жонка родам з Навасёлак Ала Аляксандраўна Бацюк. У сям’і выраслі дачка і сын. У 2012 годзе Мікалая не стала.

Гардзіевіч Сяргей Сяргеевіч, 1960 года нараджэння. Жыве і працуе ў горадзе Санкт-Пецярбурзе, у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Жанаты, жонка расіянка, родам з-пад Волагды. У сям’і нарадзіліся два хлопцы.

Гардзіевіч Раіса Сяргееўна, 1962 года нараджэння. Вучылася ў Вялуцкай СШ, дзе са сваімі сябрамі-аднавяскоўцамі ў час вучобы пражывалі ў прышкольным інтэрнаце, пабудаваным прадпрыемствам “Лунінецлес”, паколькі большасць бацькоў працавала на Люшчанскім участку гэтага прадпрымства. Гэты будынак існуе і па сённяшні дзень. Скончыла сярэднюю школу ў 1980 годзе. Выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Кавальчука Генадзія Фёдаравіча. На сённяшні час пражываюць у в. Вялічкавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Раіса працавала на прадпрыемстве па ачыстцы зерня. У сям’і выраслі двое дзяцей: сын Андрэй, які працуе на адным з буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі —“Салігорсккалій”. Жанаты, жонка Вольга. Дачка Алёна, скончыла Пінскае медыцынскае вучылішча, замужам. Дзеці: Улад і дачка Аляксандра вучацца ў школе.

Гаргун Матрона, 1900 года, землеўладальніца. Сын — Мікалай Матруніч, 1923 года нараджэння. У гады вайны быў насільна вывезены на прымусовыя работы ў фашысцкую Германію.

Грачоў Рыгор Трафімавіч, 1918 года нараджэння, Кубаўскага раёна Сталінградскай вобласці РСФСР, рускі, вышэйшая адукацыя. Зоя Яфімаўна, 1927 года нараджэння — жонка, беларуска, 6 класаў сямігадовай школы (Н.С.Ш.). Нэлі Рыгораўна, 1938 нараджэння. Уладзімір Рыгоравіч, 1946 года нараджэння. Грэчка Зінаіда Піліпаўна, 1907 года нараджэння, г. Мінск — маці Зоі Яфімаўны — цешча Рыгора. Леў Яфімавіч, 1929 года нараджэння, г. Мінск, 5 класаў няпоўнай сярэдняй школы (сямігодкі), швагер. Ганна Яфімаўна, 1931 года, сястра жонкі. Выехалі пасля Вялікай Айчыннай вайны ў г. Мінск.

Дабрынеўскі Уладзіслаў, 1884 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Дабрынеўскі Канстанцін, 1910 года нараджэння. 1884 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Далёкі(й) Фёдар Сямёнавіч, 1896 года нараджэння, в. Чэрівна Крэменецкага раёна Цярнопальскай вобласці, Заходняй Украіны, украінец. Кацярына Андрэеўна, 1897 года нараджэння — жонка, украінка, памерла 08.12.1945 года, пахавана ў Чучавічах. Дзеці:

Вера Фёдараўна 1919 года нараджэння. Пётр Фёдаравіч 1921 года нараджэння, чытае і піша, быў паранены ў 1941 годзе, памёр. Адарыя (Дар’я), сястра Веры Фёдараўны, 1925 года нараджэння, украінка, 4 класы пачатковай школы. Яе муж — Лягкоў Іван Пятровіч, 1920 года нараджэння, рускі, 5 класаў школы-сямігодкі. У іх нарадзілася тры дачкі — Ніна, Зіна і Святлана. Зіна маладой выйшла замуж, нарадзіла два хлопцы і памерла. Старэйшы жанаты жыве ў горадзе Лунінцы, малодшага лёс ужо гадоў каля 20 невядомы. Ніна замужам за Кацубка Валодзем, выгадавалі дзве дачкі. Жывуць у г. Мурманску. Святлана жыве з сям’ёй — мужам, сынам і дачкой у Мінскай вобласці. Працуе выхавацельніцай у дзіцячым садку.

Дашкевіч Ян, 1897 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Дробава Вера Дзмітрыеўна, 1894 года нараджэння ў в. Слабада, гміны Ляскавічы, Слуцкага павета, СССР; полька, веры праваслаўнай. Маці звалі Ефрасіння. Пераехала на хутар Навасёлкі ў 1920 годзе. Працавала служанкай у сям’і Секержыцкіх Канстанціна Дзмітрыевіча і Таццяны Маркаўны (у дзявоцтве Чарапоўскай). Паколькі яна пераехала сюды ў час пачатку праўлення польскай ўлады і ў 1922-24 гадах у гэтай мясцовасці пачаўся партызанскі рух, (аб гэтым ішла мова ў пачатку зборніка І.А.), і па гэтай прычыне Веры Дзмітрыеўне часта даводзілася мець вусныя размовы пасля 1928 года ў Чучавіцкім паліцэйскім участку (пастарунку). У той час маёнтак Навасёлкі ўжо адносіўся да Чучавіцкай гміны Лунінецкага павета. У Брэсцкім архіве захавалася некалькі старонак з біяграфіі Дробавай Веры Дзмітрыеўны. У гэтых дакументах гаворыцца аб тым: “... што яна ніколі не была асуджана. Ніякім палітычным партыям і рухам не належыць. Ні па якіх прычынах не падвяргалася арыштам і ніколі не падазравалася ў неблаганадзейнасці, малаграматная. Ніякага ўдзелу ў грамадскіх рухах таксама не прымала. Адзіны сродкам яе існавання служыць заробак за працу служанкай у землеўладальнікаў Секержыцкага Канстанціна Дзмітрыевіча і Таццяны”. Другі дакумент прадстаўляе сабой анкету для атрымання пашпарту ці другога дакумента, з пацверджаннем асобы. Ён мае 17 пунктаў, дзе ідзе гаворка пра бацькоў Веры Дзмітрыеўны. У справе ёсь яе фотаздымак.

Усё яе жыццё было звязана з сям’ёй Секержыцкіх, пазней з сям’ёй Курыловіча Уладзіміра Аляксандравіча, 1913 года нараджэння.

Дэмбоўскі Уладзіслаў, 1907 года нараджэння. Жонка Зофія, 1884 года нараджэння. Прыехалі з в. Белае возера Лунінецкага павета. З імі жыла і Ірэна з в. Белае возера. Дадзеныя адсутнічаюць.

Дыямент Міхаіл, 1910 года нараджэння, жонка Браніслава, 1906 года. Дадзеныя адсутнічаюць.

Дзячэк Мікалай, 1896 года нараджэння. Дзячэк Мелання, 1897 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Еўтух Якаў Цітавіч, 1896 года нараджэння, беларус, плотнік, працаваў на вузкакалейнай чыгуначнай станцыі Люшча. Фядора Іванаўна — жонка, 1897 года нараджэння. Вольга Якаўлеўна, 1926 года нараджэння, працуе рабочай у лясніцтве. Кацярына Якаўлеўна, 1931 года нараджэння. Марыя Якаўлеўна, 1932 года нараджэння. Мікалай Якаўлевіч, 1933 года нараджэння. Іван Якаўлевіч, 1934 года нараджэння.

Еўтух Захарый, 1879 года нараджэння. Жонка Марыя. Дзеці: Вера, Рыгор, Марыя. Ганна, 1936 года нараджэння. Жыў у іх Свірскі Іван. Яго жонкай з’яўляецца Любоў Зіноўеўна (Бацюк). Яна жыве сёння ў Навасёлках. (Глядзі Свірскі Іван. І.А.)

Еўтух Якуб, 1897 года. Жонка Фядора, 1899 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Зеневіч Юзэф — старшы ляснічы ў 1933 — 1939 гадах у лясах Навасёлкаўскага маёнтка. (Верагодна муж Хэлены?.. І.А.)

Зеневіч Хэлена, 1876 года. Дзеці: Катажына, 1895 года. Ежы 1895 года. Марыя, 1889 года. Станіслаў, 1910 года. Хэлена, 1912 года. Браніслаў 1912 год. Яніна 1913 года.

Зеневіч Уладзімір Канстанцінавіч, народжаны ў 1885 годзе, на хутары Навасёлкі. Арыштаваны 18.02.1941 года. Асуджаны 1.07.1941 года да 8 гадоў ВПЛ. Рэабілітаваны 27.05.1989 года. (Больш падрабязна аб ім было раней надрукавана ў раздзеле “Прымусова вывезеныя ў лагеры...”).

Зеневіч Аляксандр Канстанцінавіч, 1887 года нараджэння ў в. Вялікія Чучавічы, (брат Уладзіміра) ляснік у перыяд Польшчы. Арыштаваны 18.02.1941 года, асуджаны 21.06.1941 года да 8 год ВПЛ. Рэабілітаваны 27.05.1989 года. Жонка — Зіневіч Ганна Усцінаўна, 1885 года нараджэння полька. Дзеці: Канстанцін Аляксандравіч, 1920 года нараджэння, Мікалай Аляксандравіч, 1923 года нараджэння, Іван Аляксандравіч, 1926 года нараджэння, Марыя Аляксандраўна, 1927 года нараджэння, Барыс Аляксандравіч, 1929 года нараджэння, Уладзімір Аляксандравіч, 1930 года нараджэння, Валянціна Аляксандраўна, 1932 года нараджэння.

Ліовіч Цярэнцій Сцяпанавіч, 1898 года нараджэння, рабочы. 23.09.1945 выехаў у Польшчу.

Кавальчук Ігнат Данілавіч, 1876 года нараджэння, жонка Ульяна, 1875 года нараджэння. Прыехалі ў Навасёлкі са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1945 годзе перасяліўся на новае месца жыхарства ў Красную Слабаду Старобінскага раёна Мінскай вобласці па той прычыне, што не было дзе жыць сям’і, іх хату, як і яшчэ 25 хат аднавяскоўцаў, спалілі немцы. Дзеці: Кандрат Ігнацьевіч, 1901 года нараджэння, Іван Ігнацьевіч, 1902 года нараджэння, Адам Ігнацьевіч, 1904 года, Мікалай Ігнацьевіч, 1911 года, Васілій Ігнацьевіч, 1915 года, Лявонцій Ігнацьевіч.

Кавальчук Іван Ігнатавіч, 1902 года нараджэння, беларус. Жонка Васіліса Іванаўна (Пракапчук), 1905 года нараджэння. Дзеці: Канстанцін, 1924 года нараджэння, Елізавета, 1927 года нараджэння, Фёдар, 1929 года нараджэння, Мікалай, 1933 года нараджэння і Ніна, 1936 года нараджэння.

Кавальчук Фёдар Іванавіч, 1929 года нараджэння. З расказа самога Фёдара Іванавіча. “Дзяцінства прайшло “за польскім часам”. У тыя далёкія часы даводзілася ў лесе з братамі пасвіць хатнюю жывёлу, збіраць грыбы і ягады, лавіць рыбу, збіраць качыныя яйкі. Любіў назіраць за навакольнай прыродай. Мясціны вакол Навасёлак былі надзвычай прыгожыымі. У нашай гаспадарцы было некалькі дойных кароў. Лішкі малака бацька вазіў возам на млячарню. Амаль ніколі не абыходзіліся такія паездкі без мяне. Мне вельмі цікавіла, што гэта за такая “млячарня”?.. Бацька заўсёды мяне браў з сабою. Будынак яе знаходзіўся на захад ад цэнтра нашай вёскі, непадалёку ад вузкакалейкі. У пасляваенны час, побач з гэтым месцам, пабудаваў сваю хату адзін з леснікоў Навасёлкаўскага лясніцтва — Мікалай Хлуд, чалавек улюбёны і адданы сваёй прафесіі, якой прысвяціў больш 50 год. Драўляны будынак меў памер, прыкладна 13х8 метраў, калі не болей. У тыя часы ў Навасёлках пражывала каля 300 жыхароў. У кожнай гаспадарцы былі лішкі малака. Людзі, якія прыехалі сюды ў 30-40 гады ХХ стагоддзя купілі тут зямю з полем, балотам, лесам, відавочна, пагэтаму і трымалі па некалькі кароў, авечак, свіней і коней. Мясцовыя ўлады скарысталі гэта ў сваіх мэтах, пабудаваўшы млячарню. Тут былі ўстаноўлены некалькі вялікіх механічных цэнтрафуг, якія мелі форму бочак ў гарызантальным становішчы. Да іх былі прыстасаваны спецыяльныя ручкі, за якія можна было круціць гэтыя цэнтрафугі. Тут прымалі як малако, так і смятанку. Працавала на млячарні 6-7 рабочых. Дырэктарам больш чым 10 апошніх год (да 1939 года, а затым і да 1942) працаваў чалавек, меўшы спецыяльную адукацыю — Міхаіл Антонавіч Магнушэўскі, паляк па нацыянальнасці. І вось гэтая невялікая млячарня гатавала выдатнае сметанковае масла, смятанку і нават, пад час святаў, марожанае. Прадукцыя карысталася попытам у Лунінцы, Пінску і нават ў Брэсце. Міхаіл Антонавіч быў жанаты на мясцовай дзяўчыне Веры Фёдараўне Далёкай, украінцы па нацыянальнасці. Усё было добра, але вось аднойчы днём у яго хату ўварваліся немцы з паліцаямі, арыштавалі Міхаіла Антонавіча на вачах яго маленькіх дачок — Марыі і Ядзвігі. Адвезлі ў паліцэйскі участак горада Ганцавічы, пратрымалі каля трох нядзель і растралялі. Па вёсцы была чутка, нібыта за тое, што ён цішкам астаўляў масла мясцовым партызанам. Так гэта ці не, ніхто ўжо не даведаецца. Сама млячарня была таксама спаленаў 1942 годзе, кім, дэталёва не ўстаноўлена. На яе месцы і сёння можна прыкмеціць астанкі старога фундамента. Некаторыя старажылі ў 60-я гады гаварылі, што гэтая млячарня існавала яшчэ з-за царскіх часоў. Вось што мне добра памятаецца.

У сямігадовым узросце пайшоў са сваімі аднагодкамі ў польскую пачатковую школу. Добра памятаю пана Бучэка, які вучыў у нас усе прадметы толькі на польскай мове. У маі 1939 года скончыў 2 класы, а ў верасні — кастрычніку прыйшла савецкая ўлада. Нас вучылі ўжо на беларускай і рускай мовах. Прозвішча настаўніка было Галоўніч, родам з Лунінца, а настаўніцу звалі Анастасія Емельянаўна. Закончыць паспеў я яшчэ два класы, а разам меў адукацыю пасля вайны 4 класы. Вайну ўспамінаць вельмі цяжка. Гэта былі галодныя і халодныя гады. У 1942 годзе немцы разам з ”мадзярамі” спалілі 26 хат. Людзі выкапалі зямлянкі. Але ж у іх можна жыць было толькі ў тры пары года, а зімой там жыць было холадна. Многія адразу пасля спалення хат сем’ямі пайшлі ў зону дзеяння партызанскага атрада, які знаходзіўся побач з балотам Грычын, і на адным з астраўкоў мужчыны змайстравалі “будан”. Немцы туды не вельмі “сунуліся”, але і там было нялёгка. Многія прастуджваліся, цяжка хварэлі, аднак другога выйсця не было. І нягледзячы на гэта, дзеці ў лагеры наладжвалі свае гульні, дапамагалі назапашваць на зіму грыбы і ягады, вучыліся выжываць. У канцы чэрвеня 1944 года Чырвоная армія прынясла даўгачаканае вызваленне ад фашыстаў і іх пасобнікаў. Мы вярнуліся ў спаленую вёску. Паступова пачалі адбудоўвацца. Да 1949 года калгасаў яшчэ не было, трэба было шмат працаваць на зямлі, каб своечасова здаваць дзяржаўныя падаткі натуральнай прадукцыяй. Я пайшоў працаваць у леспрамгас грузчыкам драўніны на вузкакалейныя платформы. У 1951 годзе быў прызваны на тэрміновую службу, якую праходзіў у горадзе Курску. Служыў у танкавай часці радыётэлеграфістам. Пасля 3-х гадоў і 7-і месяцаў дэмабілізаваўся дамоў у чэрвені 1954 года. Ад Люшчанскага лесаўчастка быў напраўлены на курсы машыніста матавоза ў горад Бабруйск. Па вяртанні працаваў па спецыяльнасці на матавозе, на лініі Люшча — Навасёлкі — Чучавічы. Некалькі год пазней перайшоў працаваць кіроўцам МАЗа па перавозцы дрэваў з лесу ў Люшчу, на эстакаду. Працаваў на гэтай рабоце да свайго выхада на заслужаны адпачынак у 1984 годзе. У 1956 годзе жаніўся. Жонка мая — Вікторыя Уладзіславаўна Арлінская, 1936 года нараджэння, нарадзілася ў в. Белае Возера Лунінецкага раёна, якую немцы таксама спалілі ў вайну, а многіх жыхароў растралялі, сёння толькі помнік напамінае аб гэтай страшнай трагедыі, вёска ж сама так і не адрадзілася. Вікторыя скончыла 7 класаў у 1951 годзе Вялуцкай сямігодкі. Усё працоўнае жыццё звязана з калгасамі “Шлях Ленінаа” і “Зара” Лунінецкага раёна. У нашай сям’і нарадзіліся шасцёра дзяцей:

Іван, 1956 года нараджэння. Скончыў 10 класаў Вяліка-Чучавіцкай СШ у 1973 годзе. Паступіў у Пінскі сельгастэхнікум на заатэхнічнае аддзяленне. Працаваў у калгасе “Зара”. У 1975 годзе быў прызваны на тэрміновую службу. Вучэбку скончыў у горадзе Чыберкуль (РСФСР). Службу нёс камандзірам БМП у званні сяржанта на тэрыторыі ГДР. Дэмабілізаваўся ў 1978 годзе. Працаваў ў розных калгасах па сваёй цывільнай спецыяльнасці. Скончыў у 1983 годзе. селскагаспадарчы інстытут у горадзе Пушкін Ленінградскай вобласці. Працуе ў Копыльскім раёне Мінскай вобласці. Жанаты. Дзеці: Андрэй пасля 11 класаў адслужыў армію, працуе шафёрам. Вольга працуе настаўніцай замежных моваў у сярэдняй школе № 2 горада Лунінца. Аліна скончыла эканамічны факультэт універсітэта ў Мінску, там жа жыве і працуе.

Генадзій 1959 года нараджэння. Скончыў 9 класаў Вялуцкай СШ, Пінскае СПТВ па спецыяльнасці трактарыст-машыніст. Жыве і працуе ў в. Вялічкавічы Салігорскага раёна. Жанаты з Гардзіевіч Раісай Сяргееўнай, аднавяскоўкай, якая скончыла Вялуцкую СШ, Ляхавіцкі сельгастэхнікум. У сям’і двое дзяцей Алёна і Андрэй (падрабязняй аб іх сям’і напісана раней).

Галіна, 1960 года нараджэння. Скончыла Вялуцкую СШ, сельскагаспадарчы інстытут у горадзе Пушкін Ленінградскай вобласці. Працуе ў в. Хатынічы Ганцавічскага раёна майстрам сушыльнага завода. Дзеці: Аляксей вадзіцель-“дальнабойшчык”. Яго сям’я жыве ў Баранавічах. Таццяна скончыла фінансава-эканамічны факультэт. Сям’я жыве і працуе ў горадзе Навагрудку. У сям’і двое дзяцей.

Валянцін, 1965 года нараджэння. Скончыў 10 класаў Вялуцкай СШ. Адслужыў армію вадзіцелем танкавых цягачоў. Працаваў прадпрымальнікам. Жанаты. Дзеці: Вікторыя, жыве і працуе і Мінску. Андрэй мае сям’ю. Жонка Юлія і дзеці: Алег і Таццяна.

Жана, 1968 года нараджэння. Замужам. У сям’і двое дзяцей. Сын Дзяніс канчае Баранавіцкі ўніверсітэт на факультэце заатэхніі. Дачка Жана жыве ў Ганцавічах, замужам. Яе дачка Дзіна скончыла кандытарскі каледж.

Дзіна, 1970 года нараджэння. Пасля заканчэння 10 класаў Вялуцкай СШ вучылася ў Брэсцкім СПТВ № 151 па прафесіі: “Мантажніца-вакуумшчыца”. Пазней авалодала прафесіяй прадаўца. Цяпер працуе поварам у СШ № 2 г. Ганцавічы. Замужам. Муж з в. Велута Каліноўскі Аляксандр Міхайлавіч. Пасля 8-і класаў школы скончыў Буда-Кашалёўскі саўгастэхнікум па прафесіі “Механік”. Тэрміновую службу служыў у Растове на Доне вадзіцелем-радыёэлектрыкам. Дэмабілізаваўся ў 1990 годзе. Працуе ў Мінску вадзіцелем. Дзеці: Уладзіслаў 1994 года, пасля заканчэння 11 класаў СШ № 2 г. Ганцавічы, паступіў у Пружанскі сельгаскаледж на спецыяльнасць: “Тэхнік-электрык“. Яўген, 1996 года, пасля 9 класаў СШ № 2 г. Ганцавічы паступіў у СПТВ на вадзіцеля. Вось такая у нас жонкай Вікторыяй дружная сямейка”. 26.08.2013 Ганцавічы.

Кавальчук Адам Ігнацьевіч, 1904 года нараджэння, беларус, в. Ведзібор Столінскага раёна. Памёр у 1944 годзе, пахаваны на могілках в. Вялікія Чучавічы. Кавальчук Серафіма Пятроўна — жонка, 1905 года нараджэння, беларуска. Дзеці: Рыгор Адамавіч, 1932 года нараджэння, Аляксандр Адамавіч, 1936 года нараджэння і Барыс Адамавіч, 1942 года нараджэння.

Кавальчук Рыгор Адамавіч, 1932 года нараджэння. Пасля вайны служыў у Савецкай Арміі. Усё жыццё жыў у в. Навасёлкі. Працаваў у калгасах “Шлях Леніна” і “Зара” на розных работах. Ажаніўся з настаўніцай пачатковай Навасёлкаўскай школы Мальвінай Мікітаўнай Блінцовай, з якой выгадавалі тры дачкі. Яны цяпер жывуць і працуюць у горадзе Брэсце. Даю слова адной з іх — Людміле Рыгораўне.

“Па лініі мамы, дзядуля Мікіта і бабуля Ганна ў сям’і мелі 4 дачкі і два сыны. Жылі ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Дзядуля ваяваў на фронце. Часта ўспамінаў, што неаднойчы вазіў знакамітага маршала Георгія Жукава. Працаваў пасля вайны правадніком пасажырскіх вагонаў. Дома трымалі вялікую гаспадарку: авечак, кароў, свіней, гусей і курэй, пазней гадавалі яшчэ і белых трусоў. Разам з мамай займаліся падрыхтоўкай авечай поўсці — “воўны” для наступнай яе пераапрацоўкі — пражы. Вакол дома ў іх з бабуляй быў вялікі сад. Ён часта прывозіў яблыкі, смак антонаўкі жоўтай я памятаю і па сённяшні дзень. Яны ў нас былі амаль усю зіму. Пражыў дзядуля 96 гадоў, бабуля крыху менш. Мама прыехала ў Навасёлкі па накіраванню. Будынка школы не было, дзеці вучыліся “па хатах”, як і ў многіх другіх вёсках пасляваеннага часу. Працаваць ёй было складана. Некаторыя дзеці ў школу хадзіць не хацелі, яны ахвотна дапамагалі бацькам па хатняй гаспадарцы. Трэба было з іх бацькамі праводзіць тлумачальную бяседу, каб яны ўгаворвалі дзяцей хадзіць вучыцца ў школу. А калі і з’яўляліся ў школу, то без карандашоў, ручак і падручнікаў. У сярэдзіне 70-х гадоў ХХ стагоддзя была пабудавана прасторная драўляная школа. Дзяцей у вёсцы было не вельмі многа, таму ўсіх вучняў чатырох, пазней трох класаў, мама вучыла ў адным класным памяшканні, маглі два класы вучыцца зранку, два пазней, гэта залежала ад таго, як гэта было прадпісана раённым аддзелам адукацыі. Вось так і вучыліся вясковыя дзеці. Аднак, хто меў цвёрды намер з дзяцінства скончыць сярэднюю школу, яны вучыліся вельмі добра і пасля заканчэння Чучавіцкай, пазней Вялуцкай сярэдніх школ паступалі ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, дзе атрымоўвалі дыпломы, атэстаты аб сярэдняй адукацыі і прафесіі або спецыяльнасці. Думаю, што ў гэтым зборніку будуць названы многія ўраджэнцы нашай вёскі, якімі мы ўсе ганарымся. Да вёскі Велута было 5 км. Амаль заўсёды нам прыходзілася гэтую адлеглсць двойчы ў дзень пераадольваць пешшу. Пазней быў пабудаваны Люшчанскім участкам Лунінецкага лясгаса прышкольны інтэрнат (сёння дзяцей падвозіць школьны аўтобус). Калі-нікалі па дарозе ў школу нас даганяў папутны аўтамабіль. Аднойчы было так, што яго занесла на дарозе, ён перакуліўся ў канаву. Не памятаю, як мы засталіся яшчэ жывымі, вылезлі, у каго нага баліць, у каго галава, аднак трэба было ўсё роўна ісці дамоў. Па дарозе адбывалася шмат чаго цікавага і смешнага. Школьныя гады — гэта ў жыцці чалавека вельмі цікавая пара. Дзеці нашы, навасёлкаўскія, былі на рэдкасць дружныя, вясёлыя і працалюбівыя. Калі мелі свабодны час ці ў святочныя дні, то мы знаходзіліся як мага больш на вуліцы, нягледзячы на любое надвор’е і пару года. Пасля адчувалі сябе здорава, гэта ж своеасаблівае гартаванне арганізма, я разумею гэта сёння яшчэ больш. Дома і ў школе нас выхоўвалі з любоўю і павагай да бацькоў, родных і блізкіх, да старэйшых, малых і нямоглых. Бацькі прывівалі любоў да людзей працы, любоў да роднае зямелькі, да сваіх суседзяў. Наша сям’я складалася з пяці чалавек: бацька, мама і мы тры сястры. Наш тата вельмі любіў прыроду і лес. Аднойчы ён прынёс з лесу маленькае зайчаня і мы яго выгадавалі. Да нас у госці прыехаў дзядзька з Украіны і мы разам з ім вынеслі клетку ў лес, адкрылі і зайчаня пабегла у свой “зялёны дом”. А колькі чарніц мы збіралі ўсёй сям’ёй кожнае лета!.. Бацька яшчэ вельмі любіў збіраць грыбы. На якой бы ён рабоце ў час грыбнога сезону не быў, ён абавязкова дамоў вяртаўся з грыбамі: чырвонагаловікамі, белымі, масляткамі ці апенькамі.

Мама іх сушыла. А зімой з імі варыла смачныя баршчы і супы, дабаўляючы мяса бараніны, свініны ці птушынае. Яна нас траіх навучыла вязаць і шыць, а вышываць мы навучыліся ўжо самі. Мы раслі здаровымі, вынослівымі, падрыхтаванымі да самастойнага жыцця. Праца нас нікога не сапсавала і пагэтаму мы ўсе любілі і любім нашых бацькоў, сваіх настаўнікаў, сваю родную вёсачку Навасёлкі, сваіх былых суседаў, аднакласнікаў.

Пасля заканчэння школы многія з маіх сяброў і аднакласнікаў паехалі вучыцца, атрымоўваць “пуцёўку ў жыццё”. Большасць не вярнулася назад у сваю вёску. Гэтаму на тыя часы было шмат прычын. Усе яны вядомыя людзям тых часоў. Гэта адсутнасць работы ў першую чаргу. Дабрацца да вёскі было не так проста. У вёсцы не было маладым людзям месца для правядзення сумеснага вольнага часу. Былі яшчэ і другія прычыны, яны і сёння вядомы жыхарам вёскі. Я і мае сёстры маем свае сем’і, жывем ў Брэсце. У нашай сям’і расце ўнук, які наведвае 5-ы клас гімназіі № 1. Ён ужо цяпер разумее, што ўсё дасягаецца толькі руплівай працай, у тым ліку і стараннай вучобай.

Сёння да нашай вёсачкі Навасёлкі з Лунінца пракладзены асфальт, які доўжыцца і да Чучавіч. Вакол вёскі жывапісная прырода, выкапана вялікае вадасховішча, дзе можна павудзіць рыбу, паплаваць, пазагараць на беразе, восенню пазбіраць белых грыбоў, падбярозавікаў ці маслятак. Раней я думала: як жа добра ў нас жыць!.. Прайшло больш за 30 год, вёска наша апусцела зусім. Як яе аднавіць, каб жыццё працягвалася, каб людзі сябравалі паміж сабой, збіраліся разам, весяліліся, каб усяго ў людзей было ў дастатку, як гэта было ў часы нашага далёкага, зусім не багатага, дзяцінства, калі паміж сабой дзеці дзяліліся апошнім, часам самым дарагім?.. Адказу на гэта пытанне пакуль не знаходжу.

Сідарчук (Кавальчук) Людміла Рыгораўна, красавік 2013 года, Брэст.

Кавальчук Барыс Адамавіч нарадзіўся ў чэрвені 1942 года ў партызанскім лагеры, дзе ў зямлянках жылі сем’і навасёлкаўцаў, хаты якіх спалілі немцы яшчэ зімой гэтага ж года. Лагер знаходзіўся ва ўрочышчы “Грычын”. У сям’і была яшчэ старэйшая сястра Вера 1937 года. Пасля вайны нарадзілася Марыя, ў 1946 годзе, і Надзя ў 1947 годзе. Яна замужам ў в. Велута за Арэхва Аляксеем Васільевічам. Да службы ў арміі працаваў у леспрамгасе Карэльскай АССР у 1959-1961 гадах. З 1961 па 1964 год служыў у горадзе Мінску, у войсках МУС. Пасля службы ў 1964 па 1966 працаваў памочнікам машыніста матавоза на вузкакалейнай чыгунцы Люшча-Навасёлкі—Вялікія Чучавічы. Два гады працаваў у горадзе Мінску, у сістэме газавай гаспадаркі. У 1967 годзе ажаніўся з Соф’яй Васільеўнай Шуляк, родам з вёскі Велута. З 1969 года працаваў матарыстам на аўтадрызіне, а з 1972 года перайшоў працаваць у калгас “Зара”, адкуль у 1998 годзе і выйшаў на заслужаны адпачынак. Расказ працягвае дачка Барыса і Соф’і.

Кавальчук Людміла Барысаўна па мужу Хлуд. Па мацярынскай лініі маёй прабабуляй была Дырман Надзея, нарадзілася яна ў суседняй вёсцы Велута. Жыла ў тыя часы, калі калгасаў яшчэ не было, займалася хатняй гаспадаркай, гадавала дзяцей. Прадзядуля мой Дырман Адам, які нарадзіўся ў вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна, граматы не меў. Жылі, як у тыя часы гаварылі, на сваёй гаспадарцы. У вольны час, асабліва доўгімі зімовымі вечарамі, збіраліся “на вячоркі”. Жанчыны і дзяўчаты “пралі кудзелю”, спявалі песні, танцавалі; пасля Каляд пачыналі ткаць кужаль, посцілкі-перабранкі. Бабуля мая Шуляк (дзявочае прозвішча Дырман) Даміна Адамаўна, была няграматная. Працавала ў паляводчай брыгадзе калгаса. Дзядуля, Шуляк Васілій Конанавіч, нарадзіўся ў вёсцы Велута, школу не наведваў. Вельмі рана памерлі яго бацькі. Засталіся толькі два браты — Мікіта і Рыгор. Яны жылі ў той час ў в. Ракітна Лунінецкага раёна. Дзядуля Васіль працаваў змазчыкам буксаў вагонных колаў. У гаспадарцы трымалі коней, кароў, свіней; дамашніх птушак. Пастаянна быў свой вартаўнік — сабака. Мама — Кавальчук (Шуляк) Соф’я Васільеўна, нарадзілася 5 лютага 1944 года ў в. Велута. Закончыла Вялуцкую пачатковую школу. Працавала ў паляводчай брыгадзе, потым пастухом у калгасах: “Шлях Леніна”, пазней “Зара”. Апошняе месца працы — на жывёлагадоўчай ферме СВК “Велута”. У вольны час вельмі любіць вязаць, вышываць гладдзю і крыжыкам. Мама з татам жывуць у в. Навасёлкі Лунінецкага раёна.

Па бацькоўскай лініі прозвішча прабабулі было Пяткоўская. Нарадзілася ў Польшчы. (Другой інфармацыі ў мяне няма).

Бабуля Кавальчук (Квятко) Серафіма Пятроўна. Нарадзілася 23 лютага 1908 года ў в. Відзібор Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Жылі на сваёй гаспадарцы, мелі хатнюю жывёлу і птушак, гаспадарчы інвентар. Дзядуля — Кавальчук Адам Ігнацьевіч, нарадзіўся ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. (Кароткая спраўка аб ім ёсць раней). Бацька — Барыс Адамавіч. Пачатковую школу закончыў у Навасёлках, 6 класаў у Чучавіцкай школе Лунінецкага раёна. Два класы закончыў у час праходжання вайсковай службы ў горадзе Мінску. (Вышэй ёсць невялікі матэрыял аб ім). Я, Кавальчук (Хлуд) Людміла Барысаўна, нарадзілася 25 красавіка 1968 года ў в. Навасёлкі. У першы клас пайшла ў 1975 годзе у Навасёлкаўскую пачатковую школу. Тут я скончыла 2 класы, у 3 клас пайшла ў Вялуцкую сярэднюю школу. Пасля заканчэння Вялуцкай СШ паступіла у Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля заканчэння яго працавала 1 год і 5 месяцаў на Лунінецкім малочным заводзе, з 1990 года працую бухгалтарам у аддзеле культуры Лунінецкага райвыканкама. Маю сына Дзмітрыя і дачку Іну. Жыву ў асабістым доме, у горадзе Лунінцы. У мяне ёсць два малодшыя браты: Аляксандр Барысавіч, 1970 года нараджэння, жыве ў в. Велута і Васілій Барысавіч, 1973 года нараджэння, жыве і працуе ў горадзе Лунінцы. Больш за ўсё я памятаю са свайго дзяцінства святы — рэлігійныя Вялікдзень, Троіца, Каляды. Напярэдадні гэтых святаў нашы мамы і бабулі рыхтавалі розныя смачныя стравы: студзень, катлеты, вінегрэт; пякліся пышныя здобныя булкі і пірагі, у розныя колеры фарбавалі яйкі. А да святаў абавязкова нам, дзецям, куплялі абноўкі: адзенне, туфелькі, блузкі; рубашкі для хлопцаў і новыя чаравікі. Мы вельмі любілі гэтыя святы і з нецярпеннем чакалі іх прыхода. Гэтыя святы мы і цяпер любім і таксама рыхтуем сваім дзецям і ўнукам розныя падарункі. Выпякаем таксама нешта смачненькае, канечне, часы мяняюцца, і мы рыхтуем другія стравы. А яшчэ памятаю з дзяцінства, як нас бацькі бралі на сенакос “у балота”.

У такія часы нам было вельмі весела і цікава, там мы маглі непадалёку ад бацькоў збіраць суніцы і чарніцы. На час сенакосу бацькі кожны год куплялі цэлую скрынку смачных, пахучых, салодкіх пернікаў, якія мы вельмі любілі. Я, наогул, вельмі люблю прыроду, а нашы Навасёлкі акружаны прыгожымі лясамі, у якіх чыстае паветра. Пах лесу вясной незвычайны, з прымессю водару лясных кветак і чаромхі, а які пах вечарам ля мамінага кветніка, гэта словамі не перадаць, гэта трэба толькі адчуць яго на месцы. Сам прыезд на радзіму, у родную вёсачку, дзе жывуць бацькі, жылі дзядулі і бабулі, гэта таксама кожны раз непаўторнае пачуццё і тужлівы ўспамін аб ужо тым далёкім былым дзяцінстве, якое ніколі не паўторыцца... Успомніла некалькі сваіх слоў:

Рагачы — вілкі для печы. Заступ — лапата. Кабан — певень. Саган — чыгун. Гара — гарышча. Камякі, товканіца (таўканіца) — пюрэ бульбянае. Калатуша, зацірка — малочны суп. Горэнь — ніткі для вышывання.

Кавальчук Мікалай Ігнатавіч, 1911 года нараджэння беларус, граматны, інвалід, без нагі. Таццяна Кандрацьеўна — жонка, 1912 года нараджэння. Дзеці: Уладзімір Мікалаевіч, 1934 года нараджэння, Міхаіл, 1937 года нараджэння, Лявонцій Мікалаевіч, 1932 года нараджэння, Віктар Мікалаевіч, 1947 года нараджэння, жыве на станцыі Люшча Лунінецкага раёна. Ева Мікалаеўна, 1949 года нараджэння, жыве ў в. Вялікія Чучавічы.

Кавальчук Лявонцій Мікалаевіч, 1932 года нараджэння, жонка Марыя. Дзеці: Ева Лявонцьеўна, Аляксандр Лявонцьевіч (выехаў у Мінск) і Барыс Лявонцьевіч. З Навасёлак выехалі ў Відзібор Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Кавальчук Васілій Ігнатавіч, 1915 года нараджэння в. Церабішча Столінскага павета, беларус, чытае і піша, земляроб, займаўся сельскай гаспадаркай. Варвара Раманаўна — жонка, 1918 года нараджэння, з сяла Дунаева, Крэменецкі раён Цярнопальскай вобласці. Павел Васільевіч, 1938 года нараджэння, беларус, в. Навасёлкі, скончыў Навасёлкаўскую пачатковую школу. Анатолій Васільевіч, 1939 года нараджэння, Андрэй Васільевіч, 1940 года нараджэння і Валянціна Васільеўна, 1942 года нараджэння. 10 мая 1946 года сям’я выехала на пастаяннае месца жыхарства ў сяло Юравічы Пачаеўскага раёна Цярнопальскай вобласці Украіны.

Кавальчук Кандрат Ігнатавіч, 1900 года нараджэння. Жонка з в. Ліпск Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Дзеці: Іван Кандратавіч, Уладзімір Кандратавіч, Лідзія Кандрацьеўна і Кацярына Кандрацьеўна.

Кавальчук Юліяна, 1875 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Кажанеўскі Баляслаў Міхайлавіч. Яўгенія Рыгораўна. (Калодачкіна), 1918 года нараджэння — жонка; 3 класы польскай школы, старэйшая сястра Лідзіі Рыгораўны 1923 года нараджэння. Леакадзія (яна ж Лілія па пашпарце) Баляславаўна 1939 года нараджэння, — жонка Паўла Аляксандравіча Курыловіча, у якіх ёсць дзеці: Аркадзь — жыве з сям’ёй у Падмаскоўі і Лідзія, якая жыве з сям’ёй у горадзе Лунінцы. Ліліі Баляславаўны не стала ў 2005 годзе, пахавана на могілках в. Велута.

Віктар Баляслававіч, 1943 года нараджэння. Дзяцінства і школьныя гады прайшлі, як і ў большасці аднагодкаў у вёсцы Навасёлкі. Гэта быў цяжкі пасляваенны час. Не хапала адзення, ежы і другіх паўсёдзённых рэчаў і прадметаў. Пачатковую школу закончыў у роднай вёсцы Навасёлкі. Стала пытане, дзе прадоўжыць школьнае навучанне. Было дзве магчымаці: Вялуцкая сямігадовая школа, больш за 5 км ад дома і Вялікачучавіцкая СШ, таксама не блізкі свет, аднак была ў гэтым варыянце невялікая надзея на тое, што восенню і вясной можна будзе ў Чучавічы даставацца паравозікам па вузкакалейцы. На сямейным савеце так і было вырашана. З 5-га класа Віктар вучыўся ў Вялікачучавіцкай сярэдняй школе. За час вучобы хапала розных прыгод. У Віктара зарадзілася мара, паступіць у ВНУ. Ён з упартасцю авалодваў азамі школьных прадметаў, прыкладваў усе намаганні, каб добра закончыць 10 класаў сярэдняй школы. Закончыў 10 класаў Вялікачучавіцкай школы ў 1960 годзе. Праз тры гады паступіў у Іркуцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Жданава, які закончыў у 1968 годзе. Жанаты. Жонка Ларыса Дзям'янаўна. У сям’і дарослая дачка Таццяна Віктараўна, якая замужам і мае сваю сям’ю. У яе ужо дарослы сын Яўгеній. Сям’я Віктара і Ларысы пражывае ў горадзе Омску РФ. Віктар Балеслававіч — кандыдат юрыдычных навук, прафесар кафедры тэорыі гісторыі дзяржавы і права. Выкладае ў Омскім дзяржаўным універсітэце.

Калодачкін Рыгор Ільіч. 1892 года нараджэння, беларус. Ефрасіння Маркаўна, 1897 года нараджэння — жонка, беларуска. Дзеці:

1. Яўгенія Рыгораўна, 1918 года нараджэня. У першым замужастве нарадзіла дачку Леакадзію (Лілію) і сына Віктара. У другім замужастве з Курыловічам Іосіпам нарадзіла дачку Яну, якая жыве і працуе ў горадзе Мінску.

2. Аркадзій Рыгоравіч, 1922 года нараджэння — загінуў у час перастрэлкі партызан з немцамі ў 1943 годзе.

3. Лідзія Рыгораўна, 1923 года нараджэння, (чытайце ніжэй Лявер Лідзія Рыгораўна). 4. Сяргей Рыгоравіч, 1924 года нараджэння — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

5.Уладзімір Рыгоравіч, 1926 года нараджэння, служыў у РККА, 3 класы пачатковай школы, ваяваў на фронце, быў 12.04.1945 цяжка паранены, вярнуўся з фронта інвалідам.

6. Мікалай Рыгоравіч, 1928 года нараджэння, 3 класы пачатковай школы, працаваў на мясцовай вузкакалейцы.

7. Таццяна Рыгораўна, 1932 года нараджэння, выйшла замуж за Яшчука Уладзіміра. Пасля вяселля выехалі ў Баранавіцкую вобласць у пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя, адтуль — у Карэлію.

8. Віктар Рыгоравіч, 1934 года нараджэння.

9. Іван Рыгоравіч, 1943 года нараджэння.

Калодачкін Сяргей Рыгоравіч, 1924 года нараджэння в Чучавічы, Лунінецкага павета. Жонка — Надзея Аляксандраўна (Курыловіч). Дзеці: Люда і Святлана ў Валгаградскай вобласці, Ілавлі. Валянціна, Генадзь і Ніна таксама жывуць у Расіі. Сяргей Рыгоравіч удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на 1-м Беларускім фронце, у 256 артылерыйскім палку, сувязістам. Перамогу са сваімі землякамі сустрэў у логаве фашызма — Берліне. Быў узнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі”, медалямі: “За ўзяцце Берліна” і За “Перамогу над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг” Меў некалькі падзяк ад камандавання. Адна з іх ад 16 студзен 1945 года, № 221 за прыказам Вярхоўнага галоўнакамандуючага, Маршала СССР таварыша І.В. Сталіна. Падзяка была: за прарыў абароны немцаў на Заходнім беразе ракі Вісла, паўднёвей Варшавы. Подпіс, камандзір в/ч 05812 маёр (Гаруноў). Быў паранены у левую руку.

У пасляваенны час узнагароджваўся юбілейнымі медалямі, а таксама ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені. Пасля вяртання дамоў працаваў на розных работах: у лясніцтве, на Люшчанскай вузкакалейцы і ў калгасе ”Зара”. Памёр у 1997 годзе. У Бастынскай школе працуе настаўніцай дачка Сяргея Рыгоравіча — Ірына Сяргееўна (Брадніцкая). Вось яе невялікі ўспамін: “Нарадзілася ў роднай вёсачцы Навасёлкі 13 студзеня 1958 года. У 1965 годзе пайшла ў першы клас Навасёлкаўскай пачатковай школы. З 1969 года вучылася ў суседняй вёсцы Велута, у 5-м класе. Школа ў гэты час набыла новы статут —Вялуцкая сярэдняя школа. У 1974 годзе скончыла 10 класаў. У 1975 годзе паступіла ў Мінскі кааператыўны тэхнікум, а ў 1976 годзе закончыла яго. Працавала на Мінскім камвольным камбінаце. У 1979 годзе паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. У 1986 годзе закончыла інстытут. З верасня 1986 года пачала працаваць у Дварэцкай СШ Лунінецкага раёна настаўніцай хіміі, а з 2001 года працую ў Бастынскай СШ настаўніцай хіміі і біялогіі па сённяшні дзень. Падзеі майго дзяцінства я памятаю з ранняга ўзросту. У мяне былі дзве старэйшыя сястры: Людміла і Святлана, якія вельмі добра да мяне адносіліся. Бацькі мае вельмі любілі адзін аднаго, і нас, сваіх дзяцей. Дзякуючы ім у мяне на ўсё жыццё засталіся самыя добрыя і прыемныя ўспаміны. У тыя дзіцячыя і дзявочыя гады ўсё было весела і бесклопатна. Як і ўсе дзеці-аднавяскоўцы, мы гулялі, вучыліся, дапамагалі адзін аднаму, а ўсе разам — нашым бацькам. Больш за ўсё ў маім дзяцінстве я чакала такія святы, як прыход Новага года, Каляд, Вялікадня і 9 Мая, так як мой бацька ваяваў на фронце, мне было прыемна за яго, я гэтым ганарылася. Добры ўспамін застаўся ў мяне ад вучобы ў пачатковай школе. Асабліва часта ўспамінаю маю першую настаўніцу Мальвіну Мікітаўну Кавальчук (Блінцову). Дзякуючы ёй, я атрымала самыя першыя і неабходныя веды, якія мне спатрэбіліся ў далейшай вучобе і працы. Наш клас быў зусім маленькі, толькі шэсць вучняў, але якіх. Усе мы былі вельмі дружнымі паміж сабой, як бы адна сям’я. Заўсёды дапамагалі адзін аднаму ўсім, чым толькі маглі. Адна з маіх сябровак была малодшая за мяне, аднак гэта ніколі не было перашкодай нашаму сяброўству. У час майго дзяцінства свой вольны час я праводзіла па-рознаму. З сябрамі хадзілі ў лес, на рэчку, гулялі ў розныя рухомыя гульні: “Бэрак”, “Хованкі”, “Выбіванкі” і ў шмат якія другія; дапамагала сваім бацькам. З татам часта хадзілі ў грыбы, у ягады, а таксама любілі “рыбачыць”. З матуляй, асабліва зімой, вучыліся вышываць, вязалі спіцамі, займаліся неабходнымі хатнімі справамі. У маёй роднай вёсцы мяне прываблівае ўсё і сёння. Вельмі падабаецца наша прырода, мясціны, напоўненыя ўспамінамі пра былое (хаця яна, прырода, ўжо адрозніваецца ад той, далёкай прыроды нашага дзяцінства), відавочна яна змяняецца так, як змяніліся мы, людзі?.

У наш час многае змянілася і ў самой вёсцы, яна таксама не такая, як у нашым дзяцінстве. Зараз у нашай вёсцы пражывае амаль у два разы менш жыхароў, чым у тыя гады (104 жыхары. 2013 год). Вёска перастала развівацца. За апошнія 30 год яе аставілі каля 100 маладых людзей, прычын можна назваць шмат. У вёсачцы няма будучага, гэта вельмі тужліва... Можа здарыцца так, як мы чытаем у газетах, ці бачым па тэлевізару, што за апошнія дзесяцігоддзі з карты нашай рэспублікі зніклі не адзін дзесятак так называемых “не перспектыўных” вёсак. Верыцца, што такі лёс маю вёсачку Навасёлкі не напаткае! Я жадаю, каб мая вёсачка з кожным годам ажывала. У гады маёй маладосці самай смачнай ежай была тая, якую рыхтавалі рукі маёй роднае матулі. Мне вельмі падабаліся спечаныя ёй булкі, пірагі, аладкі; рознае смажанне і многае другое. Як і ўсе жыхары Навасёлак, мы трымалі хатніх жывёл: карову, авечкі, свінак; быў і сабака, а таксама кот. Было шмат і хатніх птушак. Побач знаходзіўся лес. Вясною, пасля прылёту птушак з выраю, пачыналіся цудоўныя, прыгожыя па напеўнасці, “птушыныя канцэрты”. Асабліва зранку, лёс напаўняўся салаўіным спевам, якому дапамагалі, дразды, шпакі і многія другія пеўчыя лясныя і садовыя птушкі. Птушак ў лесе было вялікае мноства, гэта і прыгажуні сойкі і ластаўкі і нават сівагракі (сізаваронкі), якіх цяпер амаль за ўсё лета можаш і не ўбачыць. Мне вельмі падабалася акаляючая Навасёлкі прырода. У нас быў, даволі разнастайны, жывёльны і раслінны свет. Лічу, што кожны чалавек павінен ведаць свае родныя карані, сваю радаслоўную. Калі, напрыклад, мае дзеці не будуць ведаць, якога мы роду, адкуль нашы дзядулі, бабулі, дзе жывуць нашы родзічы, то ім нават не будзе чаго ўспомніць у больш сталыя гады і расказаць сваім дзецям. Я апошнім часам вельмі часта наведваю сваю вёску. З кожным прыездам, наведваннем усё больш і больш узнікае жаданне вяртацца сюды. Часта я вяртаюся ў сваю вёсачку ў марах, вяртаюся ў дзяцінства, туды, дзе нарадзілася, дзе прайшло маё басаногае дзяцінства, мае школьныя гады. Вяртаюся ў тыя часы, калі былі жывымі мае матуля і тата; мае сёстры, мае родныя і блізкія, суседзі і аднавяскоўцы. Вяртаюся ў марах у тыя месцы, з якімі звязана самая шчаслівая пара майго жыцця.

У нас была вялікая драўляная хата, шырокі зялёны вяснй, летам і восенню двор. Каля самай хаты, да самых халадоў цвілі рознакаляровыя кветкі, ад якіх зыходзіў прыемны водар. Побач з хатай рос ябланявы сад. Вёску свайго дзяцінства я забыць не змагу ніколі, яна застаецца назаўсёды ў маім сэрцы...”

З найлепшымі пажаданнямі і павагай да маіх дарагіх землякоў-навасёлкаўцаў — Ірына Калодачкіна (Брадніцкая). 4 верасня 2013 года. Вёска Бастынь, Лунінецкі раён.

Камінскі Уладзіслаў, 1894 года нараджэння, паляк па нацыянальнасці, меў, як казалі жыхары, “залатыя рукі”, займаўся кавальскай справай. Жонка — Ганна, 1908 года нараджэння. Сям’ю вывезлі ў 1940/41 годзе. У сям’і былі дзеці: Зыгмунт, Кайко, Тонюсь і Эмілія. Лёс іх невядомы, дзеці і ўнукі, магчыма, пражываюць у Польшчы?.. (расказаў ураджэнец Навасёлак Фёдар Кавальчук, 1927 года нараджэння 26.08.2013 года).

Карпец Палікарп, 1899 года нараджэння, украінец, працаваў на вузкакалейнай чыгунцы Люшча — Канал. Жонка — Цаліна Рыгораўна, 1911 года нараджэння. Замкоўска Марыя Мікалаеўна — маці Цаліны, 1884 года года нараджэння. Дзеці: Сямён Палікарпавіч, 1926 года нараджэння, Ілья Палікарпавіч, 1928 года нараджэння, Дзмітрый Палікарпавіч, 1930 года нараджэння, Васіліса Палікарпаўна, 1931 года нараджэння, (пражывае ў в. Велута), Аляксей Палікарпавіч, 1934 года нараджэння, Уладзімір Палікарпавіч, 1937 года нараджэння і Мікалай Палікарпавіч. У 1949 годзе, пасля смерці жонкі, Палікарп жэніцца на Еве Фёдараўне Шэлег, 1910 года, ураджэнцы в. Гаўрыльчыцы. У 1950 годзе ў іх нараджаецца дачка — Кацярына Палікарпаўна. У гэты час сям’я Палікарпа жыве ў “15-й”, непадалёку ад в. Вялікія Чучавічы. Кацярына пасля заканчэння Навасёлкаўскай пачатковай школы працягвала вучобу ў Чучавіцкай СШ. Там яна скончыла ў 1965 годзе 8 класаў. Пасля гэтага пачала працаваць у мясцовай паляводчай брыгадзе калгаса “Шлях Леніна”, а пазней даяркай на МТФ № 3 ужо калгаса “Зара”. У 1970 годзе выйшла замуж за Міхаіла Фёдаравіча, родам з вёскі Велута, які працаваў электрыкам на насоснай станцыі пабудаванага вадасховішча “Велута”. Жылі ў маленькай старэнькай хаціне ў “15-й”. Там жа нарадзіліся іх дзеці:

Віктар, 1971 года нараджэння. Жыве з жонкай Таццянай у горадзе Лунінцы. Іх Дзеці: Улад вучыцца ў 9-м класе СШ № 2 горада Лунінца. Ягору 3 гады, наведвае дзіцячы садок.

Наталля, 1972 года. Замужам за Юрко Валерыем Паўлавічам, ураджэнцам вёскі Велута. Наталля працуе сакратаром у праўленні СВК “Велута”. Валерый — вадзіцель-электрык.

Аляксандр, 1974 года. Жонка Тамара, швея па прафесіі родам з в. Дрэбск Лунінецкага раёна, хатняя гаспадыня. Максім вучыцца ў 10-м класе, Міхаіл у 6-м, а Ксюша наведвае дзіцячы садок. Аляксандр — будаўнік, заканчвае Ваўкавыскі каледж у Гродненскай вобласці.

Анатолій, 1976 года. Жанаты. Людміла з горада Лунінеца. Анатолій заканчвае таксама Ваўкавыскі каледж. Працуе вадзіцелем.

Кацярына коратка расказала аб сваіх братах і сёстрах па бацьку:

Сямён жыў і працаваў у Амурскай вобласці Расіі, Ілья на Урале, Васіліса жыла ў горадзе Баку, цяпер пражывае у в. Велута. Аляксей жыў у горадзе Экібастуз і працаваў у шахтах. Уладзімір вучыўся у тэхнікуме ва Украіне, там жа жыў і Дзмітрый. Не ведае яна толькі аб лёсе Мікалая. Вось такая “геаграфія” адной з Навасёлкаўскіх сямей.

Кірнажыцкі Віктар, 1884 года нараджэння. Марыя(на) 1900 года нараджэння — жонка, полька, граматная. Дзеці: Георгій Віктаравіч. 1920 года нараджэння, загінуў на фронце. Ганна Віктараўна, 1922 года нараджэння, Уладзімір Віктаравіч, 1925 года нараджэння, Барыс Віктаравіч, 1928 года нараджэння, Генрых Віктаравіч, 1930 года нараджэння. 25.09.1945 знятыя з уліку ў Бастынскім с/савеце ў сувязі з выездам на новае месца жыхарства, у Польшчу.

Казловіч Віктар Іванавіч, 1928 года нараджэння. Бацька — Ходзька Іван Віктаравіч, 1900 года нараджэння, в. Малеч, сёння Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці — Аляксандра Піліпаўна, 1896 года нараджэння з той жа самай вёскі, адкуль і бацька. Першым мужам яе быў Гардзіевіч Апанас. У Навасёлках купілі зямлю. У сям’і нарадзіўся сын Сяргей. У 20-я гады ХХ стагоддзя Гардзіевіч Апанас, Цюшкевіч Фама і Курыловіч Аляксандр ездзілі на працу ў ЗША, у горад Дэтройт. Зарабіўшы грошы, Курыловіч Аляксандр і Цюшкевіч Фама вярнуліся ў Навасёлкі, а Гардзіевіч застаўся ў ЗША, пагэтаму, некалькі год пазней Аляксандра Піліпаўна выйшла замуж за Ходзька Івана Віктаравіча. У сям’і нарадзілася чатыры сыны, старэйшым з якіх быў Віктар 1928 года нараджэння. У царкве яго памылкова запісалі Казловічам. У яго былі яшчэ тры браты: Уладзімір, 1930 года, Іосіп, 1933 года і Аляксандр, 1937 года. Яны ўсе запісаны па прозвішчы Ходзька. Вось так у маёй бабулі аказаліся сыны, запісаныя трыма рознымі прозвішчамі: Гардзіевіч Сяргей Апанасавіч, Казловіч Віктар Іванавіч і Уладзімір, Іосіп і Аляксандр Ходзька. Віктар Іванавіч сваё сапраўднае прозвішча даведаўся толькі ў 1950 годзе, калі прыехаў на прызыўную камісію ў г. Пінск.Сям’я была сярэдняга дастатку. Мелі 13 галоў буйнай рагатай жывёлы, 10 свіней. Мелі свой невялікі магазін, непадалёку ад Кавальчука Фёдара. У снежні 1939 года арыштавалі дзеда, вывезлі ў Мікашэвічы. Аднойчы бабуля з’ездзіла на сустрэчу і больш з Навасёлак яе не выпусцілі. Лёс дзеда невядомы па сённяшні дзень. У студзені 1940 года забралі і бабулю з чатырма сынамі. Месца збору было ў Мікашэвічах. Бабулька даведалася аб гэтым з вечара, пагэтаму ў “далёкую дарогу” падрыхтавала сябе і дзяцей. Забіраць прыехалі ранкам. Зрабілі вопіс усёй гаспадаркі. Невялікая яго частка засталася старэйшаму сыну — Гардзіевічу Сяргею, які на той час меў ужо сваю другую сям’ю. А так як у яго было другое прозвішча, то яго сям’ю не вывезлі ў ссылку. Дабрацца да Мікашэвіч было таксама ў тыя часы складана.

(Аб усіх шасцігадовых мытарствах можаце прачытаць з успамінаў майго дзядзькі Іосіпа Іванавіча, які цяпер пражывае ў горадзе Лунінцы. Казловіч Леанід).

Мой бацька Віктар Іванавіч закончыў 3 класы польскай школы ў Навасёлках. З 30/10/1950 года па 30/05/1953 года служыў на Далёкім Усходзе ў часцях марской пяхоты. Акрамя таго з’яўляўся “капцёрам” (вырабляў чэмаданы “дзембелям”). На новы год (1953г.) быў у водпуску, пазнаёміўся з кватаранткай, якая жыла у нашым доме і ажаніўся.

Прозвішча нашай мамы Шустовіч Марыя Фёдараўна, 1934 года нараджэння, родам з хутара Ківечы Антопальскага раёна (блізка ад горада). У яе сям’і было пяцёра дзяцей, яна была самая малодшая. Мама нам расказвала шмат розных гісторый, калі мы былі дзецьмі. Памятаю адну. Калі ў гады вайны ў іх стаялі немцы, яна з другімі дзецьмі гуляла на дарозе. Яны капалі на дарозе ямачкі рознай глыбіні. Гэта ўбачыў немец. Усе дзеці разбегліся, а мама не паспела. Ён прывёў яе да бацькоў і загадаў яе пакараць. У іх быў вельмі прыгожы хутар. Дзядулю па маме звалі Фёдар, а бабулю Алена.

У нас была сям’я з пяцярых дзяцей: Тамара Віктараўна, 1955 года нараджэння, замужам за Ванюком, іх дзеці: Алена і Люда, якая працуе настаўніцай у Вялуцкай СШ, жывуць у Навасёлках. Зоя Віктараўна, 1958 года нараджэння, жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Аркадзій Віктаравіч, 1960 года нараджэння.

Я, Леанід, Віктаравіч, 1965 года нараджэння, працую ў Навасёлкаўскім лясніцтве. Сястра Таісія, 1973 года нараджэння, загінула ў 1981 годзе.

З дзяцінства ўспамінаюцца такія святы, як 7 студзеня, каляды, Новы год, Вялікдзень, Івана Купалы — “Купалле” і другія святы. Добра памятаю, як праходзілі выбары. Хадзіў “цягнічок” да станцыі Люшча. Добра памятаю школьныя гады 1973 — 1985гг.

Служба ў арміі, маскоўскі ваенны округ, вадзіцель у артылерыйскім палку. 1986 — 1987гг. вучоба ў Лунінецкім СПТУ-160, у 1988—1990 працаваў на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова. У гэтым жа годзе ажаніўся з Валянцінай Сяргееўнай Радзюк. Яна працуе даяркай на жывёлагадоўчай ферме СВК “Велута” Лунінецкага раёна. У 1994 годзе нарадзілася дачка Алёна, а ў 1995 годзе сын Дзімітрый. Дачка вучыцца ў Баранавіцкім універсітэце на філалагічным факультэце, сын заканчвае Ганцавіцкі ліцэй па спецыяльнасці “вадзіцель-экскаватаршчык”. У 1990-1997 гады працаваў слесарам-электрыкам халадзільных установак. З 1997 — года ляснік, з 2011 года — майстар лесу Навасёлкаўскага лясніцтва Лунінецкага лясгаса.

Бацька працаваў пасля вайны памочнікам машыніста матавоза на вузкакалейцы, у МБУ, руславым, а на пенсію пайшоў з калгаса “Зара”, памёр у 2005 годзе, маці не стала ў 2011 годзе, абодва ва ўзросце 77 гадоў. (Леанід Віктаравіч, 17 мая 2013 года Навасёлкі).

Каховіч Еўдакія, 1910 года нараджэння, Сымон, 1890 года — сяляне, земляробы. Дадзеныя адсутнічаюць.

Клейман Іцка Абрамавіч, 1906 года нараджэння, гандляр. (Быў вывезены ў 1940 годзе, як “вораг” народа ў невядомае месца. Далейшы лёс невядомы).

Козак Аляксей Самуілавіч, 1895 года нараджэння, украінец. Марыя Апанасаўна — жонка, 1897 года нараджэння. Еўфрасіння Аляксееўна, 1911 года нараджэння, працавала пуцявой абходчыцай на вузкакалейцы Люшча — Канал. Антон(ій) Аляксеевіч, 1927 года нараджэння і Рыгор Аляксеевіч, 1932 года нараджэння.

Козак Рыгор Аляксеевіч, 1932 года нараджэння, жонка — Ганна Паўлаўна Токар. У сям’і ў 1956 годзе нарадзілася дачка Алёна. Пайшла ў школу ў 1963 годзе. У 1971 годзе закончыла 8 класаў Вялуцкай СШ. Пасля школы адразу пайшла працаваць даяркай. Вельмі старанная дзяўчына. З 1962 года яе гадавала матуля адна, паколькі бацька з’ехаў у Казахстан на працу. Калі нарадзіліся ўнукі, прыязджаў некалькі разоў. Лёс яго і сёння невядомы.

Дачка Алёна выйшла замуж за жыхара в. Велута Беляка Аляксандра. У сям’і нарадзіліся пяцёра дзяцей: Сярожа быў жанаты з Дзедзінай Вольгай Міхайлаўнай, яна працуе на жывёлагадоўчым комплексе. Сярожа працаваў механізатарам, у сям’і нарадзілася 3-е дзетак. 15 чэрвеня 2012 года Сярожы не стала. У сям’і Андрэя нарадзілася двое дзяцей. Людміла замужам за Арэхва Андрэем Васільевічам. Сям’я пражывае ў в. Любішчыцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Андрэй працуе механізатарам, Люда на жывёлагадоўчай ферме. У сям’і растуць тры дзяўчынкі. Марына працуе ў школьнай сталовай Вялуцкай СШ, гадуе двое дзетак. Таццяна замужам у в. Дзятлавічы. Хатняя гаспадыня, нарадзіла і гадуе дваіх дзетак. Муж будаўнік. Алена Рыгораўна добрасумленна адпрацавала 34 гады даяркай на жывёлагадоўчай ферме калгаса “Зара”, а цяпер СВК “Велута”. З 2007 года знаходзіцца на заслужаным адпачынку, дапамагае Марыне гадаваць унукаў. (Аб лініі бацькі чытайце ва ўспамінах Козака Мікалая і Канстанціна).

Козак Антон Аляксеевіч, нарадзіўся 24 красавіка 1927 года на станцыі Пачаеў Крэмянецкага раёна Цярнопальскай вобласці Украіны, (так расказваю я, яго сын Мікалай). Мой бацька меў 2 класы адукацыі, умеў чытаць і пісаць на польскай і расейскай мове, але, так як мы не ведаем, калі дзядуля з бабуляй пераехалі ў Навасёлкі, не можам сказаць, дзе ён навучаўся. Ён не прызываўся на ваенную службу, так як быў інвалідам па слыху. Бацька наш усё жыццё працаваў да выхаду на пенсію ў брыгадзе калгаса “Шлях Леніна” — Бастынь, а пазней у брыгадзе калгаса “Зара”, сёння СВК “Велута”.

У нашага бацькі была свая выдатная прафесія — ён клаў аднавяскоўцам, і не толькі, добрыя печы. Амаль усе хаты ў Навасёлках мелі печы, складзеныя ім. У вольны час любіў паляваннне. Ніколі не браканьернічаў. Прынясе зайчыка, і на некалькі дзён была ежа для сям’і. Паляваў на іх, асабліва зімовымі месячнымі начамі, вельмі любіў павандраваць па лесе. Мама мая, Козак Праскоўя Фёдараўна, у дзявоцтве Сайко, нарадзілася 10 лістапада 1924 года ў в. Ліпск Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пажаніліся бацькі ў 1950 годзе. Бабульку па маме звалі Анастасія, якая ўсё сваё жыццё пражыла ў в. Ліпск. У сям’і нас было чацвёра: Марыя Антонаўна, 1952 года нараджэння, Надзея Антонаўна, 1954 года, я — Мікалай Антонавіч, 1955 года нараджэння і Канстанцін Антонавіч, 1959 года. Мая мама любіла ў вольны час вышываць і ткаць. За гэтымі заняткамі яна праводзіла ўсе зімовыя вечары. Яна, як і бацька, усё жыццё працавала ў калгасе “Зара”. Мама пад святы вельмі смачна ўмела прыгатаваць печанага гуся, асабліва перад Калядамі, ну, а што выпякала перад Вялікаднем смачныя булкі, то я ўспамінаю іх часта яшчэ і цяпер... Канечне ж, самым жаданым святам нашага дзяцінства быў Вялікдзень (называлі яго яшчэ і Пасхай). Да гэтага доўгачаканага свята рыхтавалася ўся сям’я. Усім нам, дзецям, купляліся абноўкі, мама рыхтавала вялікдзеньскі святочны стол. Святы праходзілі для нас, дзяцей, вельмі весела і разнастайна. У пачатковую школу мы хадзілі ў нашай вёсцы Навасёлкі. Самой школы яшчэ не было, пагэтаму мы вучыліся ў хатах аднавяскоўцаў. Я і сёння памятаю ўсіх маіх аднакласнікаў. Першай настаўніцай у нас была Мальвіна Мікітаўна Кавальчук. У вольны ад урокаў і хатніх абавязкаў час любіў гуляць са сваімі сябрамі ў футбол. Хачу сказаць, што яго, вольнага часу, у нас шмат і не было, мы стараліся дапамагаць нашым бацькам весці хатнюю гаспадарку, кожны з нас меў невялікія хатнія абавязкі. Такі быў тады час. У пяты класс хадзіў у Вяліка-Чучавіцкую школу, дзе навучаўся да 8-га класа, а 8-ы клас заканчваў ужо ў Вялуцкай васьмігадовай школе, якая знаходзіцца ад нашай вёскі за 4,5 км. Пасля заканчэння васьмі класаў паступіў на вучобу ў Маларыцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе атрымаў спецыяльнасць: “Трактарыст-машыніст” і атэстат аб сярэдняй адукацыі. Пасля заканчэння вучылішча мяне прызвалі на ваенную службу ў рады СА. Служыў у Печах, пад Барысавам. Вярнуўся са службы старшым сяржантам. Пасля дэмабілізацыі скончыў яшчэ чыгуначнае вучылішча ў горадзе Баранавічы па спецыяльнасці: “Машыніст цеплавозаў і паравозаў”. Па гэтай спецыяльнасці і працую па сённяшні дзень. Жыву ў горадзе Лунінцы. Жанаты, у нас з жонкай Нінай Васільеўнай (у дзявоцтве — Арэхва) двое дзяцей — сын і дачка і дзве ўнучкі — Аляксандра і Кацярына. Мая родная вёска Навасёлкі моцна змянілася, бываю там вельмі рэдка, так як бацькоў маіх ўжо няма. Але я вельмі добра памятаю прыроду маёй роднай вёсачкі, якая і на сённяшні дзень нагадвае мне вандроўкі па лесе ў часы майго дзяцінства. Як складана тады было жыць дарослым і дзецям, хацелася мець шмат чаго. А магчымасці такой не было. Цяпер нашы дзеці і ўнукі маюць усё такое, што нам нават і не прыходзіла ў снах і марах. Прадметы працы, хатняга ўжытку маіх бацькоў былі звычайнымі, як і сто гадоў таму назад: ткацкі станок, сячкарня, серп, прачка і шмат другіх. З хатніх птушак мне падабаліся больш за ўсё гусі, а з жывёл — конік. Пражыўшы больш чым паўстагоддзя, лічу, што кожнаму чалавеку патрэбна абавязкова ведаць свае карані, хаця я сам ведаю не аб ўсіх маіх родзічах. Мае бацькі і дзяды шмат працавалі ў жыцці, у іх не было часу і падумаць аб гэтым, а часам і расказаць нам аб сваіх далёкіх продках. Сёння, размаўляючы са сваімі сваякамі, роднымі і блізкімі, аналізірую і, па магчымасці, аб гэтым расказваю сваім дзецям і ўнукам. Яны, у сваю чаргу, сёння знаходзяць у інтэрнэце цікавыя звесткі аб нашых продках і расказваюць нам (Мікалай Антонавіч,10.04.2013 года, Лунінец).

Косач Фёдар Мікітавіч, 1922 года нараджэння. Пасля школы закончыў Барысаўскі лесатэхнічны тэхнікум. Да 1966 года працаваў ляснічым Турскага лясніцтва Гомельскай вобласці. З 1967 года быў назначаны ляснічым Навасёлкаўскага лясніцтва Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, дзе працаваў да 1979 года. Жонка — Анастасія Іванаўна, 1927 года нараджэння, закончыла Пінскае педагагічнае вучылішча, пасля якога працавала настаўніцай Турскай пачатковай школы. Калі сям’я пераехала ў Навасёлкі, працавала 2 гады настаўніцай пачатковых класаў Вялуцкай васьмігадовай школы, якая знаходзіцца за 4 км ад в. Навасёлкі. З 1969 гада і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала бухгалтарам Навасёлкаўскага лясніцтва. У сям’і Фёдара Мікітавіча і Анастасіі Іванаўны нарадзілася трое дзяцей: Людміла, Ала, Аляксандр. Сёстры пайшлі ў Турскую пачатковую школу. Пасля пераезду Люда і Ала вучыліся ў Вялікачучавіцкай сярэдняй школе Лунінецкага раёна.

Брат вучыўся ў Давыд-Гарадоцкай СШ Столінскага раёна, дзе жыла яго бабуля. Пасля заканчэння школы паступаў у Ліепайскі марскі тэхнікум, не прайшоў па конкурсе. Паступіў на работу ў тралейбусна-трамвайны парк г. Рыгі. Адсюль быў прызваны на тэрміновую службу. Служыў у г. Дубна пад Масквой. Пасля службы вярнуўся на сваё месца працы, дзе жыве і па сённяшні дзень. Люда скончыла Гродзенскае медыцынскае вучылішча, пасля працавала 2 гады ў горадзе Друскенікі Літоўскай ССР, 1 год у Лунінецкай школе-інтэрнаце, а астатнія гады працуе фельшарам на заводзе Палессеэлектрамаш ў горадзе Лунінцы. Ала пасля заканчэння Пінскага мяса-малочнага тэхнікума жыве і працуе эканамістам ў банку г. Дзятлава Гродзенскай вобласці. Усе трое сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку, хаця і працягваюць працаваць.

Краснодэнскі Аляксандр, 1884 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Крыза Уладзіслаў, 1903 года нараджэння, працаваў лесніком. Марыя, 1905 года нараджэння, яго жонка. Дадзеныя адсутнічаюць.

Крым Карней. Жонка — Надзея Іосіпаўна (з Міладоўскіх), 1914 года нараджэння, беларуска. З імі пражывала сястра Карнея Варвара. Дзеці: Іосіп Карнеевіч, 1937 года нараджэння і Ніна Карнееўна, 1942 года нараджэння. сям’я лічылася беззямельный. У 1960 годзе выехалі ў горад Клецк Мінскай вобласці. Ніна скончыла 10 класаў Вялікачучавіцкай школы, пазней пражывала ў в. Гоцк Салігорскага раёна Мінскай вобласці.

Кулупа Флорыян, 1894 года нараджэння, Юлія, 1899 года нараджэння. 1884 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Кузміч Дар’я, 1903 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Курыловіч Георгій Уладзіміравіч — сын Уладзіміра Аляксандравіча, нарадзіўся 17 лютага 1959 года ў в. Навасёлкі Лунінецкага раёна. Бацька:

Курыловіч Уладзімір Аляксандравіч, ураджэнец в. Сасноўка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У розных дакументах дата месяца нараджэння адрозніваецца: 26 снежня, 26 лютага і нават 2 лютага. Адзінае, што год значыцца 1913 ва ўсіх дакументах. Маці Валянціна Уладзіміраўна (Зеневіч), нарадзілася 1.09.1930 года ў в. Навасёлкі. “Бацькі майго бацькі былі выхадцамі з в. Сасноўка Пружанскага раёна. Дзед, Курыловіч Аляксандр Мікалаевіч (гады жыцця 12.02.1885 па 1.04.1969) і Курыловіч Крысціна Паўлаўна (10.04.1894 па 20.12.1948). Бабулю Крыстыну я не памятаю, паколькі яна памерла задоўга да майго нараджэння, а вось дзеда Аляксандра памятаю добра. У сям’і расказвалі, што ў маладыя гады ён выязджаў на працу ў ЗША, у горад Дэтройт, дзе працаваў на знакамітым у наш час аўтазаводзе, з канвеера якога зыходзяць аўтамабілі маркі ”Форд”. Прычым, выязджаў туды на заробкі двойчы, да нараджэння майго бацькі і пасля. Пагэтаму і розніца нараджэння дзяцей 9 гадоў: бацька — 1913 года, дзядзька Васіль — 1922 года нараджэння. Акрамя бацькі, у сям’і былі яшчэ дзеці: Васілій 1922 года, Надзея 1924 года, Марыя 1930 года (цяпер пражывае ў прыгарадзе Валгаграда, РФ), Віктар (1939 — 1999гг.), Валянціна, народжаная ў 1928 годзе, увесь час пражывала ў Карэліі, Павел 1936 года, пражывае ў в. Навасёлкі. Усе вучыліся ў школе. У нашай сям’і дзяцей было пяцёра. Бацька быў жанаты двойчы, пагэтаму ў нас ёсць ад першага шлюба зводная сястра Марыя (1948 года нараджэння), яна жыве ў Мінску.

Першая жонка бацькі была таксама раней замужам і мела сваю дачку Валянціну (1938 года нараджэння), яна пражывае ў горадзе Лунінцы, яе прозвішча — Шэлег Валянціна Канстанцінаўна. Яна вельмі цёпла ўспамінае жыццё ў сям’і айчыма і дзякуе яму за тое, што выжыла ў тыя нялёгкія часы. У нашай сям’і старэйшы брат Валодзя, 1954 года нараджэння, жыў і працаваў ў Лунінцы, у 2012 годзе памёр. Сястра Ніна, 1957 года, пражывае ў горадзе Брэсце. Я таксама жыву з 1975 года ў Брэсце. Акрамя ўсіх мной пералічаных членаў сям’і, з намі жыла яшчэ Дробава Вера, 1894 года нараджэння. Мне здаецца, што гэтая жанчына перайшла ў нашу сям’ю разам з першай жонкау майго бацькі. Пасля смерці майго бацькі, яе аформілі ў дом састарэлых. Далейшы лёс яе мне невядомы. Аб бацьках маёй мамы я ведаю тое, што дзеда звалі Уладзіслаў (пісаўся з 1939 года Уладзімір) Канстанцінавіч Зеневіч, родам з в. Вялікія Чучавічы, да лютага 1941 года пражываў у в. Навасёлкі. Працаваў лесніком у пана, у Навасёлкаўскім лясніцтве. Па словах мамы, быў добрым паляўнічым. Пасля ўстанаўлення савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі (пасля 17 верасня 1939 года) быў высланы ў лагер на выпраўленчыя работы (Аб гэтым ёсць даведка з КДБ па Брэсцкай вобласці, чыталі раней І.А.).

Бабулька, Зеневіч Марыя Андрэеўна (у дзявоцтве Вечар ці Вечур) была расстраляна немцамі ў 1943 годзе, у час аблавы. Пахавана на могілках в. В.Чучавічы. У сям’і маёй мамы было пяцёра дзяцей: мама, Валянціна, брат Антон Уладзіміравіч, з 1945 года пражываў на тэрыторыі Польшчы (ваяводства Зялёна Гура в. Прыбарава, недалёка ад в. Нова Суль). Дачка Аляксандра Уладзіміраўна, выйшла замуж за жыхара в. Навасёлкі Цюшкевіча, у 1959 годзе памерла, у яе сям’і да замужжа пражывала мая мама. Брат мамы, Іван Уладзіміравіч, найбольш вядомы мне дзядзька. Нарадзіўся, прыкладна, у 1928 годзе. Пасля вайны разам з братам Антонам у 1945 выехаў на пражыванне ў Польшчу. Жыў у горадзе Нова Суль, працаваў на чыгунцы. Жонка, полька, цёця Крысціна. У іх сям’і нарадзіўся сын Міраслаў, мой стрыечны брат. Дзядзька Іван з сям’ёй прыязджаў у Навасёлкі, пачынаючы з 1970 года некалькі разоў. Заўсёды прывозіў шмат падарункаў і розных рэчаў, якіх у тыя часы ў нас яшчэ не было. Дзякуючы яму ў мяне ў дзяцінстве было шмат розных і цікавых цацак. Польскую мову я разумею нядрэнна, але не магу размаўляць, для сябе яе не вывучаў (аб чым калі-нікалі шкадую). Самыя светлыя і цёплыя ўспаміны з дзяцінства звязаны з прыездам гасцей з Польшчы. Збіралася многа родзічаў і мне было цікава слухаць іх успаміны і расказы, у тым ліку аб ліхалецці страшных ваенных гадоў, найбольш цяжкіх для ўсіх маіх родзічаў і больш трагічных для маёй мамы. Памёр дзядзька Іван прыкладна ў 1991/92 годзе. Пахаваны ў пасёлку Отын, недалёка ад Новай Сулі. Я і мая пакойная мама былі на пахаванні. Найбольш цесныя сувязі падтрымліваліся паміж сям’ёй дзядзькі Івана і намі пры жыцці маёй мамы, а калі яе не стала, сустрэчы нашы сталі вельмі рэдкімі. Апошні раз я быў у Новай Сулі ў 1996 годзе. Так што бацькі не толькі самыя блізкія і дарагія людзі, але і звязуючая ніць з мінулым, якое мы, часамі, ведаем недастаткова, а калі і зусім не ведаем. Аднак разуменне аб гэтым прыходзіць толькі з гадамі.

Брат Мікалай, самы малады, з 1936 года, пражываў у г. Кустанаі Казахскай ССР. Памёр маладым, ва ўзросце 36 гадоў. Сям’я засталася ў Кустанаі, дзе пражывае да сённяшняга дня. У дзяцінстве прыязджаў у Навасёлкі, але радзей, чым дзядзька Іван. Некалькі слоў аб сабе і сваім жыцці. Дзяцінства сваё памятаю і ўспамінаю з 3-4 гадовага ўзросту. Успаміны трохі тужлівыя, звязаныя з тым, што ў дзяцінстве рос вельмі хваравітым хлопчыкам і пастаянна мама на руках насіла мяне да “легендарнага партызанскага доктара Гірэнка Мікалая” (жыў і працаваў такі доктар у нас). Гадоў з пяці пачаў цікавіцца школай, магчыма пад уздзеяннем заняткаў старэйшага брата Валодзі і сястры Ніны. У школу я пайшоў у 6 год, на адзін год раней і вучыўся з дзецьмі 1958 года нараджэння. Да моманту пачатку маіх заняткаў, у нас у вёсцы была пабудавана пачатковая школа (да гэтага дзеці вучыліся па хатах аднавяскоўцаў: то ў Сайко Фёдара, то ў Аляшкевіча Валянціна). Першай настаўніцай была Мальвіна Мікітаўна Блінцова, па мужу Кавальчук. Усе чатыры класы вучняў займаліся ў адным памяшканні. У школе была невялікая бібліятэка і я стараўся прачытаць з яе як мага больш кніжак. Вельмі добра памятаю, як я ўзяў кнігу “Сага аб фарсайтах”, кніга не дзіцячая, якую я перачытаў ужо будучы дарослым, асабіста пераасэнсоўваў і ўнікаў, паколькі гэты “шэдэўр” не дзіцячы. Тым не меньш, гэтую кнігу я прачытаў, нічога не зразумеў, думаю, што мая першая настаўніца была таксама здзіўлена майму жаданню пачытаць гэты раман. У школе была невялікая зала, дзе зімой займаліся фізкультурай. У пачатковай школе я вучыўся даволі паспяхова, ніякіх цяжкасцей не адчуваў.

Пасля заканчэння 4-х класаў, усе вучні былі пераведзены ў Вяліка-Чучавіцкую сярэднюю школу. Там я скончыў пяты клас. Потым па незразумелай нам прычыне нас перавялі ў Вялуцкую СШ, за 5 км ад нашай вёскі, дзе я і закончыў сярэднюю школу. Са школьнага жыцця самыя яркія, якія жывуць у маёй памяці, моманты, звязаны са знаёмствамі ў школах з новымі вучнямі, настаўнікамі. Заняткі пачыналіся з 8-00 гадзін раніцы або 8-30, так што ўставаць патрэбна было ў 6-00 гадзін раніцы. Паспявалі падрыхтавацца і дабрацца да школы за 5 км у адзін бок. Акрамя заняткаў у школе, па выхадных днях выкарыстоўвалі любую вольную хвіліну для сваіх дзіцячых гульняў і забаў. Зімой гульні ў сняжкі, хакей, хадзьба на лыжах. Летам — футбол, гульня ў партызанаў, побач лесу і тэрыторыі хапала. У 1966 годзе памёр бацька. Жыццё маё стала “дарослым”. Прыходзілася вельмі шмат займацца па гаспадарцы, што раней рабілася без мяне. Час быў дастаткова цяжкі, але ў той жа час і цікавы таму, што быў зусім малады, шмат чаго пазнаваў у школе, ды і ў самім жыцці, так што гэта нівіліравала жыццёвыя цяжкасці і нягоды. У перыяд вучобы ў Навасёлках, вельмі добра памятаю, як у нас рыхтавалася мастацкая самадзейнасць. Кіраваў гэтым Калодачкін Сяргей, муж маёй цёткі Надзі, роднай сястры майго бацькі. У мастацкай самадзейнасці прымалі ўдзел усе маладыя людзі ад 16 да 30 гадоў. Запомнілася таксама, як моладзь збіралася на так называемыя “пасядзелкі”. Прычым, месца ў хатах, вызначалася раней. Такія пасядзелкі былі і ў нашай сям’і (хаце).

З дзіцячых успамінаў прыходзіць на памяць час прыходу вясны, яшчэ да правядзення меліяратыўных работ, калі ўсё вакол пакрывалася вадой, з’яўлялася шмат розных птушак, расцвіталі незабыўныя вясновыя кветкі-першацветы. Аб гэтай пары года можна ўспамінаць доўга.

Памяць аб сваёй малой радзіме заўсёды жыве ў сэрцы кожнага з нас. Адсюль мы выйшлі ў свет. Тут жылі нашы дзядулі з бабулямі, нашы бацькі, родныя і блізкія, нашы дарагія суседзі і аднавяскоўцы. Гэта нашы карані, нашы вытокі і памятаць аб гэтым — гэта наш святы абавязак. Калі чалавек разрывае такую сувязь, ён проста маральна гіне. Мы ж усе родам адтуль, з нашага дзяцінства, якое нас падпітвае ўсё жыццё.

З найлепшымі пажаданнямі і павагай маім родным і блізкім, маім паважаным аднавяскоўцам. Курыловіч Горгій Уладзіміравіч. Лунінец. 13.05.2013 года.

Курыловіч Міхаіл Віктаравіч нарадзіўся 23 красавіка 1962 года ў в. Навасёлкі Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Пачатковую школу закончыў у Навасёлках. З 5 па 8 клас хадзіў у Вялуцкую СШ. Пасля заканчэння 8-га класа паступіў у 1977 годзе ў Гродзенскі тэхнікум фізкультуры, які закончыў у 1980 годзе. Восенню таго ж года быў прызваны на тэрміновую службу ў рады СА. Вучэбнае падраздзяленне закончыў у знакамітых “Пячах” пад Барысавам. Атрымаў спецыяльнасць камандзіра танкавага экіпажа. Дэмабілізаваўся з адной із часцей, якая размяшчалася пад Брэстам. Пасля дэмабілізацыі закончыў Пінскую аўташколу, атрымаў пасведчанне вадзіцеля. Працаваў па гэтай спецыяльнасці на некалькіх прадпрыемствах Брэсцкай вобласці. На сённяшні дзень гэта мая асноўная прафесія. У 1988 годзе ажаніўся. Жонка Надзея працуе ў Лунінецкай раённай арганізацыі “Белдзяржстрах”. У нашай сям’і трое дзяцей: дачка Вольга працуе інструктарам па плаванню ў гарадскім басейне “Дэльфін”; дачка Кацярына закончыла 4-ы курс эканамічнага факультэта ў Мінску БНТУ; сын Андрэй закончыў 2 курсы гэтага ж універсітэта на інжынерным факультэце. Гэта вельмі коратка аб сабе.

“Сваіх дзядуль і бабуль памятаю добра. Па расказах бацькі, Віктара Аляксандравіча, яго бацькі, г.зн., мае дзядуля і бабуля, пераехалі з Гродзенскай губерніі Ружанскага павета ў Навасёлкі ў пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя, у час панавання польскай улады. Мама ў сваю чаргу неаднойчы гаварыла, што яе бацькі родам з Столінскага раёна з в. Рухча. З бацькавага боку памятаю толькі дзядулю Аляксандра Мікалаевіча, бабуля ж памерла яшчэ да майго з’яўлення на гэты свет. Мне споўнілася 7 гадоў, калі дзядулі не стала, адбылося гэта 1 мая 1969 года. Дзед вельмі любіў працаваць у агародзе, асабліва вырошчваць памідоры, а памідоры ў яго заўсёды былі ого-го! Такіх памідораў не было нават ні ў адной гаспадыні ў акрузе, якія былі ў яго. Памятаю, старэйшыя стрыечныя браты засылалі нас, меншых, да дзеда ў агарод, самі ж хаваліся і назіралі за тым, што будзе з намі здарацца. Дзед заўсёды хадзіў з кійком. Калі заўважаў нас на агародзе, падымаў кій уверх і пачынаў на нас сварыцца. Любімым яго “фразеалагізмам” было: “Жэбы тэбэ нышчасце впрятало...”. Ніякіх другіх дрэнных слоў дзед ніколі не гаварыў. Займаўся ён па гаспадарцы да сваіх апошніх дзён, пакуль яму служыла яго здароўе.

Па мацярынскай лініі памятаю толькі бабульку, Пляцюк Марыю Раманаўну, і прабабульку, Васільчук Дар’ю. Дзядулю забілі ў час вайны. Бабуля з прабабуляй жылі на хутары за 3 км ад вёскі Навасёлкі. Яны трымалі кароўку, бычкоў і авечак. Авечак у іх было шмат. Яны іх стрыглі, мылі поўсць, часалі, а затым доўгімі зімовымі вечарамі пралі “воўну” на верацёнцах, а ў бабулі быў драўляны ткацкі станок “кросны”, на якім яны ткалі вялікія коўдры, насценныя дываны, настольніцы, “дзяружкі”. Усё гэта называлася ў нашай вёсцы “саматканым”. Па вясне, летам і восенню яны яшчэ займаліся і земляробчымі работамі: садзілі бульбу, гарбузы. Расло ў іх усё добра, памятаю, як мы звозілі па восені гэтыя гарбузы з поля возам. Бабуля даставала з іх “семачкі”, сушыла іх, атрымоўваліся смачныя ”гарбузікі”, а астаткі скармліваліся скацінке. На бабулінай невялікай хатцы ўсе гады сялілася сям’я буслоў.

Бацька мой, Віктар Аляксандравіч, нарадзіўся ў 1934 годзе ў в. Навасёлкі Лунінецкага павета Чучавіцкай гміны. Пасля вайны закончыў 7 класаў. У 1953 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Служыў на Украіне ў гарадах Шэпетоўка і Стара-Канстанцінаў. Вярнуўся старшым сяржантам. Пасля службы паехаў з сябрамі ў Данбас. Працавалі на шахтах па здабычы вугалю. Зарабіўшы грошы вярнуўся дадому ў в. Навасёлкі, ажаніўся і пайшоў працаваць у калгас, потым у Навасёлкаўскае лясніцтва. Затым яго направілі на вучобу ў Барысаўскае вучылішча лясной гаспадаркі. Вярнуўся зноў у родную вёску. Працаваў да самага выхаду на заслужаны адпачынак у лясніцтве. Бацька позняй восенню, вечарамі любіў займацца выпляценнем кошыкаў. Памятаю, як ён загінаў два кружкі з вербавых прутоў, звязваў іх перпендыкулярна адзін аднаму, затым на месцы злучэнняў двух кружкоў пачынаў заплятаць лазу, па меры ўстаўляючы па 4-5 “рэбраў”, пасля гэтага работа ішла хутка. У хаце прыемна пахла лазой. Ітак за 2-3 вечары з’яўляўся прыгожы кош. Мы з сястрой сядзелі ля печы і толькі назіралі за цікавым бацькавым заняткам. Акрамя гэтага, ён умеў добра плесці лапці. Калі яго маці папрасіла аднойчы сплесці лапці брату Паўлу, ён сказаў, каб ён сам сабе плёў, а было Паўлу ў 1943 годзе ўсяго 6 гадоў. З дзяцінства памятаю яшчэ адно бацькава захапленне, ён вельмі любіў і ўмеў збіраць грыбы. У тыя часы грыбоў было вельмі многа. Бывала так, што яшчэ з самага ранку, да пачатку работы, ён прыносіў кош-два белых грыбоў — баравікоў. Ідзем з работы, заходзім у невялікі гай і дамоў прыходзім з поўнымі кашамі грыбоў. За нашым хлявом працякала “Баравіцкая” канава. Бацька ранкам бярэ просты гаспадарчы кош, пойдзе ў канаву, чэрпане некалькі разоў і дамоў прыносіць пар тры-чатыры ладных шчупакоў, якіх тут жа чысцілі і смажылі. Гэта бывала неаднойчы...

Мама мая, Пляцюк Кацярына Андрэеўна, нарадзілася таксама ў в. Навасёлкі, дакладней на хутары. Школу наведвала ў в. Вялікія Чучавічы. Мела добрую памяць. Аднойчы задалі ім вывучыць урывак тэксту. Дома яна пастаянна і многа дапамагала па гаспадарцы, электрычнага асвятлення не было, карацей, яна не змагла вывучыць яго. У класе ўзяла падручнік у сябровак і пачала чытаць. Тут яе і выклікае настаўніца, мама выходзіць і пачынае расказваць тое, што паспела прачытаць, настаўніца яе спыняе, садзіць, ставіць адзнаку “5” і дабаўляе: “Бачу, Пляцюк, ты вучыла...” У школу дабіраліся пешшу. Калі-нікалі пад’язджалі на матавозіку, а то прама чапляліся за ”сцэпы” ці за “асабоўку”, так называўся вагончык вузкакалейнага цягніка. Часам выходзілі на “15”-ю і чакалі цягнік з боку Чучавіч, але гэта бывала не так часта. Неўзабаве, пасля заканчэння школы яна выйшла замуж за майго тату і, відавочна, адразу пайшла працаваць у магазін прадаўцом, так як школу яна закончыла на “выдатна”. У нашым Навасёлкаўскім магазіне яна працавала да самага выхаду на пенсію, працавала яшчэ некалькі гадоў будучы ўжо на пенсіі. За час працы падрыхтавала 6 вучаніц, якія і сёння яшчэ працуюць у магазінах нашага раёна, у тым ліку і Навасёлках працуе Арэхва (Пляцюк) Марыя Аляксандраўна, мая стрыечная сястра і аднакласніца. Яе ўсе ласкава завуць “Марыйка”. Вечарамі мама прала пражу, затым вязала нам шкарпэткі, свэдары (світары), шалікі і рукавічкі. Часта ўспамінаюцца смачна прыгатаванае мамай да святаў свіное сцягно: саліла яго, запраўляла рознымі спецыямі, затым вывешвала на печы, а мы цэлае лета ад яго адрэзвалі смачныя кавалачкі, а на Вялікдзень у печы таксама запякалася мяса, пальчыкі абліжаш. У наш час, верагодна, ўжо ніхто такія стравы не рыхтуе, а шкада, у магазінах такога не бывала.

Я таксама нарадзіўся ў в. Навасёлкі. Сваё дзяцінства добра памятаю, не магу сказаць, што ўсе моманты. Але некаторыя з гадоў 5-6 памятаю, а можа нават з ранейшага часу. На ўсіх Курыловічаў у нас была адна баня і паліў яе пастаянна дзед Аляксандр. (Дарэчы, у гады вайны там мыліся і партызаны, а пасля вайны прыходзілі нават некаторыя жыхары в. Велута І.А.) Стрыечныя браты наносяць вады, дроў, а дзед “качагарыць”. Баня стаяла на беразе той самай “Баравіцкай” канавы, з якой і бралася вада. Вада была чыстай. Пасля таго, як заканчвалі тапіць, то заўсёды яшчэ гарачыя вугалькі выносіліся з печы і выкідваліся ўніз, на бераг, бліжэй да вады, каб яны змаглі патухнуць. Хлопцы выносілі вугалькі шуфелем, выкідвалі і зноў ішлі ў баню. Я ў гэты час сяджу і раздуваю вугалькі. І вось адзін з маіх братоў, відавочна, не глянуўшы, а можа і “панарошку” сыпануў мне прама за кашулю шуфель гарачых вугалькоў. Я падскочыў ад болю, завыў і хутка пабег дамоў, а далей нічога не памятаю, як і чым мяне лячылі. Успамінаецца яшчэ дзедава яблыня, а на ёй такія смачныя яблыкі, і мы пасля дажджу адразу беглі пад гэтую яблыню, і хто першы дабягаў, збіраў збітыя дажджом яблыкі. У мяне ў дзяцінстве волас на галаве быў белы-белы, ён мяне і падводзіў. Дзяцінства ёсць дзяцінства, як не пашаліць, як не злазіць да каго ў сад, ці ў агарод па (трускаўкі) клубніцы, ці парэчкі, маліны, яны ж смачнейшыя, чым свае... У некага ёсць слівы, яблыкі “белы наліў”, у нас няма, а то проста хацелася “прыгод”, сёння сказалі б “пачуцця адрэналіну”. Усё ў дзяцінстве было. Гаспадары, бывала, другіх не пазнавалі, а маю “белую” галаву ведалі ўсе, яна была адна на ўсю вёску. Зранку, канечне ж, перападала. Бацькі ішлі на працу, а нам з сястрой давалася заданне. Вечарам прыходзілі з работы, калі ўсё было зроблена — хвалілі, а калі не — атрымоўвалі сваю “порцыю”. Сябры клічуць пайсці пагуляць, пайшлі, загуляліся, пра ўсё забыліся, а вечарам баюся ісці дамоў, усяк бывала. Сястра ў мяне ёсць, старэйшая на 3 гады, Валянціна. Маці гаварыла ў дзяцінстве, што “я яе наб’ю — ды і плакаць не даю”. Разам з ёй пасцілі кароў, калі ёй было гадоў 11-12, а мне 8-9. Аднойчы ўзлез на дрэва ды і кінуў нейкую галінку прама ёй на галаву, крык, плач. Пагналі дамоў кароў. Вечарам яна расказала маме, тая абгледзела, аказалася, што галінка прабіла Валянціне галаву, я ж думаў, што там толькі царапіна, мама з гарачкі схапіла, што папала пад рукі, папала і мне. З носа пайшла кроў. Давай ўжо мяне ўмываць, прыводзіць у парадак. Сястра закончыла 8 класаў, паехала вучыцца, вось тут ужо ўся нагрузка пала на мяне. Але ўсё роўна знаходзіў час і пагуляць і пакупацца. Памятаю, як нас старэйшыя хлопцы вучылі плаваць. У нас у вёсцы была копанка. Адзін бярэ і кідае ў ваду з аднаго боку. Другі чакае з другога боку і таксама кідае ў ваду. І так некалькі разоў, пакуль не навучышся трымацца на вадзе. Дадуць трошкі аддыхацца і зноў у ваду. Бывала, хочаш уцячы, не дадуць. Затое цяпер я плаваю добра, нават удзячны ім за “такую навуку”. Самым лепшым святам для нас, дзяцей, відавочна, было навагодняе свята. Чакалі яго мы з сястрой з вялікім нецярпеннем. Сёння тата павінен прынесці ёлку, а вечарам мы яе будзем упрыгожваць цацкамі, а яшчэ тату давалі нам пераднавагоднія падарункі. Чакалі, калі ён іх прынясе, ну і пачыналі іх лічыць, пералічваць. Навешвалі некалькі на ёлку, астатнія ў пакецікі і хаваем, у кожнага была свая ”хованка”. І яшчэ ў нас з сястрой было вялікае свята, калі летам да нас прыязджала бацькава сястра Марыя з сям’ёй з Караганды. Гэта былі і засталіся самыя запамінальныя “святы”. Стрыечныя сёстры і брат з Караганды: Валька, Нінка і Гена. Яны прывозілі нешта сваё: то гульні, то вучылі нас новым танцам, то прадстаўлялі невялікія імпрэзаваныя сцэнкі. Для нас гэта было новае. Яны ўсе разам дапамагалі нам назапашваць сена, дапамагалі на агародзе, палолі бульбу. Цётцы Лілі выдзялялі ў калгасе “норму” цукровых буракоў, якіх патрэбна было некалькі разоў прапалоць і “прарадзіць”, дапамагалі яны ўсёй нашай радні. Усе разам хадзілі ў чарніцы і ў маліны. Цёця Маша наварыць розных варэнняў і гаворыць, што іх ім хопіць да будучага лета. А прыязджалі яны кожнае лета, пакуль былі жывыя нашы бацькі. А вось калі яны ўжо ад’язджалі, гэта таксама было свята, толькі больш самотнае ад таго, што мы разлучаемся на цэлы год. Ад’язджалі яны па вузкакалейцы да станцыі Люшча, а з Люшчы цягніком да Баранавіч, а далей да Масквы. У гэты самы час дзядзя Павел працаваў на матавозе вузкакалейнай чыгункі Люшча —Чучавічы. Ён кожнае лета і адвозіў іх да Люшчы. Прыгоніць раней матавоз, паставіць на рэзервовыя рэльсы, а мы, дзеці, давай яго ўпрыгожваць галінкамі. Потым усе сядаем, там быў такі “кузавок”, і едзем да Люшчы. Тата добра іграў на гармоніку, пагэтаму да самай Люшчы не сціхала музыка паабапал вузкакалейкі, па ўсім лесе. Дадому ехалі ўжо невясёлымі, вечарам не было так весела, як усё лета, але мы ведалі, што гэта толькі ўсяго на год...

З класа 6-га, а можа нават і 5-га хадзіў са сваімі сябрамі на працу ў калгас. Мы дапамагалі закладваць сянаж у сянажныя ямы. Брыгадзірам у нас быў Грушэўскі Іван Міхайлавіч, не заўсёды хацеў браць нас на работу, гаварыў, што мы яшчэ малыя, а нам так хацелася дапамагаць хоць чым-небудзь калгасу, ды і зарабіць хоць некалькі рублёў, каб купіць кеды або нешта другое. Школа ў нас была пачатковая, пагэтаму мы хадзілі ў Вялуцкую СШ. Нашы аднагодкі з в. Велута летам працавалі ў час уборкі ўраджаю на зернятоку, дапамагалі дасушваць зерне, пералапачваючы яго некалькі разоў, правейваць, адгружваць. У нас, у Навасёлках, зернятока не было, і нам было крыўдна. У фотагазеце былі фотаздымкі, дзе школьнікі працуюць на таку, на сушцы, на складах, але толькі з в. Велута. 1 верасня на школьнай лінейцы нават сам старшыня калгаса Дземянчук Сяргей Андрэевіч аб’яўляў удзячнасці нашым вучням, канечне, было радасна за іх, а за сябе зноў такі крыўдна і горка.

У апошнія часы не так часта бываю ў роднай вёсцы Навасёлкі. Але калі заязджаю, то не хочацца пакідаць вёску, такая тут прыгожая прырода, такое чыстае паветра, вам проста не расказаць. Аднойчы мы з сынам Андрэем прыехалі ў Навасёлкі, там жа бацькоўская хата, а вакол хаты агароджа падгніла, пападала. Давай мы з ім яе рамантаваць. За дзень так нацягаліся, што вечарам ні рук ні ног не чуваць, а ногі дык нават “гудуць”. Памыліся, павячэралі і ляглі спаць, а раніцой падняліся і як нічога ў нас і не балела, як бы мы ўчора і не працавалі, дыхаецца так лёгка, спяваюць птушкі, і мы зноў за працу, і так да самага вечара, а вечарам зноў валімся, але на ранак падымаемся, як ні ў чым не бывала. Так мы працавалі 3-4 дні і ніколечкі не стаміліся. А якая там цішыня, праўда, транспарт там ходзіць не так ужо і часта, ды і хата нашых бацькоў знаходзіцца далекававта ад аўтамабільнай дарогі, аднак, усё роўна цішыня тут цудоўная: ні гулу машын і матацыклаў, ні завывання сірэн — ціш, раскоша, любата і хараство. А яшчэ там выкапалі такое вялікае вадасховішча, вось бы нам у часы нашага дзяцінства!!! Вадасховішча як візітная картка нашай вёсачкі Навасёлкі. Я з “сямідзесятых” часценька прыязджаю, як мы называем, на возера, дзе мы адпачываем, купаемся: дзецям падабаецца, жонцы таксама, ды і так; людзей сюды шмат прыязджае, хто з начлегам, хто з палаткамі, хто парыбачыць, хто адпачыць, месца на беразе ўсім хапае так, што возера ў нас ого-го! Не ведаю, можа, і ёсць дзе-небудзь лепшае месца на Зямлі, але такіх месцаў як у нашых родных Навасёлках, такой прыроды, як у нашых дарагіх Навасёлках, такога паветра, чысціні, цішыні я не сустракаў нідзе!..

Курыловіч Васілій Аляксандравіч, 1922 года нараджэння. Пры Польшчы працаваў рабочым у лесе. У 1942 годзе разам з другімі аднавяскоўцамі быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. 3-га мая 1945 года быў вызвалены з нямецкага рабства. Вярнуўся на радзіму, у вёску Навасёлкі, дзе ў 1947 годзе ажаніўся з Вольгай Якаўлеўнай Еўтух, якая таксама была вывезена ў Германію. Працаваў стрэлачнікам на вузкакалейцы Люшча — Чучавічы — Канал. Жонка — Вольга Якаўлеўна, 1925 года (з роду Еўтухаў, сястра Мікалая Еўтуха, мужа Любы, іх сям’я жыла ў Велуце). Дзеці сям’і Васілія Аляксандравіча і Вольгі Якаўлеўны:

1. Надзея Васільеўна, 1948 года нараджэння, сёння прозвішча па мужу Альфяровіч, жыве ў Лунінцы. 4 класы пачатковай школы закончыла ў роднай вёсцы Навасёлкі. Першай настаўніцай была Мальвіна Мікітаўна Кавальчук. У час яе дэкрэтнага водпуску вучыла дзяцей настаўніца Чучавіцкай школы Раіса Аркадзьеўна Шчатко. З 1959 і па май 1966 года вучылася ў Вяліка-Чучавіцкай сярэдняй школе. Пасля заканчэння 11-ці класаў вучылася ў рахунка-бухгалтарскай школе горада Баранавічы Брэсцкай вобласці. На практыцы ў 1967 годзе працавала ў калгасе “Зара” (вёска Велута Лунінецкага раёна, 4,5 км ад роднае вёскі). Пасля заканчэння бухгалтарскай школы на працягу года працавала бухгалтарам у Навасёлкаўскім лясніцтве. З 1 снежня 1968 года і да выхаду на заслужаны адпачынак працавала бухгалтарам у Лунінецкім лясгасе. Ужо 10 гадоў знаходзіцца ў заслужаным адпачынку. За гады працы мела шмат падзяк за добрасумленную працу. Дарэчы, Аляксандр Максімавіч родам з вёскі Цна Лунінецкага раёна. Уся працоўная дзейнасць яго была прысвечана аднаму прадпрыемству — вузлу сувязі, дзе ён працаваў з 1967 года па 2005 вадзіцелем аўтамабіля. У наш час такая самаадданасць аднаму прадпрыемству бывае рэдка. Аляксей Максімавіч таксама знаходзіцца цяпер на заслужаным адпачынку. За гады працы меў шматразовыя падзякі розных узроўняў за добрасумленную і шматгадовую працу на адным прадпрыемстве. Разам з жонкай радуюцца ўнукам. За гады сумеснага жыцця з мужам Аляксеем Максімавічам выгадавалі і выхавалі двух сыноў.

Аляксандр, 1969 года жанаты, ён з жонкай Жанай Мікалаеўнай гадуюць сына Андрэя, жывуць і працуюць ў Лунінцы.

Андрэй, 1976 года нараджэння, малодшы сын, таксама жанаты. З Наталляй Віктараўнай гадуюць і выхоўваюць дзве дачкі: Крысціну і Сафію. Жывуць і працуюць у Лунінцы. Вось такі кароткі аповед пра старэйшую дачку Васіля Аляксандравіча і Вольгі Якаўлеўны Курыловічаў.

2. Міхаіл Васільевіч, 1954 года нараджэння. Вучыўся ў Вялуцкай школе з 5-га класа па 9-ы клас. Меў настойлівы характар, быў добрым сябрам. Карыстаўся сярод сваіх равеснікаў-аднавяскоўцаў аўтарытэтам. Пасля заканчэння працаваў на заводзе “ПЭМ” у г. Лунінцы. Тэрміновую службу адслужыў на Паўночным флоце. Пасля дэмабілізацыі ажаніўся. Жонка — Дырман Марыя Сяргееўна. У сям’і выраслі тры сыны: Віктар, Ваня і Юрый. Марыі і Міхаіла ўжо няма. Ваня і Юрый маюць свае сем’і, жывуць і працуюць у горадзе Лунінцы.

3. Ганна Васільеўна, 1956 года нараджэння была першы раз замужам за Клімчуком Васілём Міхайлавічам. У іх ёсць сын Сяргей. Працавала ў дзіцячым садку РМЗ. Будучы ўдавой выйшла замуж за Каратыша Івана Іосіпавіча, таксама ёсць сын Дзмітрый.

4. Васіль Васільевіч, 1962 года нараджэння, ажаніўся з Хомка Сцепанідай Аляксееўнай. Уся працоўная дзейнасць у Васілія была звязана з будаўніцтвам. Выйшаў на заслужаны адпачынак з БМУ-62. У сям’і нарадзіліся дачка Вольга і сын Аляксандр. У сям’і Вольгі, якая працуё загадчыцай ФАПа ў Вульцы-1, падрастаюць двое дзетак — сынок Захар і дачушка Сафійка. Жывуць Васіль Васільевіч і Сцеапаніда Аляксееўна ў цэнтры горада Лунінца. Дапамагаюць выхоўваць унукаў.

Гэта кароткае апісанне нашчадкаў вялікай сям’і з 8-і дзяцей, бацькі якой прыехалі ў маёнтак Навасёлкі ў 1922 годзе. Цяпер, калі б падлічыць усіх Курыловічаў, якія рассяліліся не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, то відавочна, гэтая лічба была бы за сотню.

Курыловіч Павел Аляксандравіч, 1937 года нараджэння. Нарадзіўся ў в. Навасёлкі ў шматдзетнай сям’і. У сям’і раслі 4-ы браты і 3 сястры. Жонка — Лілія (Леакадзія) Балеславаўна Кажанеўская, 1939 года нараджэння. Брат яе, Віктар Балеслававіч з сям’ёй жыве ў Омску. Дзеці: Ліда з сям’ёй — у Лунінцы, Аркадзій — у Падмаскоўі. Невялічкі ўспамін са свайго дзяцінства напісала дачка Ліда.

“Нарадзілася і вырасла я ў сваёй роднай вёсачцы Навасёлкі. З шасці гадоў мне запомнілася, як я сама, яшчэ маленькае дзіцянё, даглядала свайго хворага дзядулю, дапамагала яму падняцца з ложка, прыносіла яму ежу. Я вельмі любіла свайго дзядулю і ён мяне таксама, гаварыў: ”...Вось, унучка, каб дажыць да таго часу, калі ты станеш дарослай, і паглядзець, які лёс цябе спаткае”. Так і не дажыў... Больш за ўсё запомнілася мне з дзяцінства, як нашы родзічы збіраліся кожны год і сустракалі Новы год. Гэта было вельмі вясёлае свята. Мой дзядзька іграў на гармоніку, усе дарослыя пелі песні, танцавалі. Суседзі, апранутыя хто ў “мядзведзя”, хто ў “казу”, у “лісу” прыходзілі да нас у “шчодрыкі”. Гэта мне запомнілася на ўсё жыццё. Але больш за ўсё мы чакалі з маім братам Аркадзем прыходу праваслаўнага свята Вялікадня, ці як яго яшчэ называлі Пасхі. Матуля да гэтага свята рыхтавалася загадзя. Кожны год на гэтае свята яна купляла нам новае ўбранне, і мы ў першы раз былі ў ім адзетымі менавіта таму на Вялікдзень. Вельмі радаваліся гэтаму і ішлі “пахваліцца” нашым сябрам і суседзям, якія таксама былі ў новым адзенні. У нашай вёсачцы была пачатковая школа, у якой займаліся адразу ўсе чатыры класы з адной настаўніцай. Гэта, бы мовіць, была адна сям’я. Вольнага часу ў нас з братам амаль не было, таму што патрэбна было дапамагаць нашай матулі па гаспадарцы. З ранняга дзяцінства ў нас з братам была ўся праца падзелена; я прыбірала ў хаце, гатовіла вячэру, а брат сек і прыносіў дровы для печы, дапамагаў тату касіць і грэбці сена. Калі выдавалася хвілінка вольнага часу, збіраліся дзеці амаль усёй вёсачкі (і малыя, і дарослыя) ў адным месцы і гулялі з мячом. Асабліва падабалася ўсім гульня “Зайцы і паляўнічыя”, у такія часы было ўсім весела, такая цішыня і спакой... Я вельмі люблю сваю родную вёсачку, часта ў марах вяртаюся да яе і хачу, каб была яна яшчэ прыгажэйшай. Больш за ўсё ў нашай вёсачцы мне і сёння падабаецца акаляючая яе прырода. Сюды амаль 90 гадоў таму прыехалі мае дзядуля з бабуляй, тут нарадзіліся мае матуля і тата, тут нарадзілася і я з маім братам. Са сваёю сям’ёй мы часта прыязджаем сюды, дапамагаем тату, у лесе назапашваем ягады і грыбы, тут можна палавіць рыбу, пакупацца, адпачыць “душою і целам”. У свеце, відавочна, няма ўтульней месца, чым тое, дзе ты нарадзіўся, правёў свае дзіцячыя, школьныя і юнацкія гады...

Я закончыла Вялуцкую СШ у 1980 годзе. Паступіла ў Лунінецкае ПТВ № 146. З 1982 па 1988 год працавала бухгалтарам у Навасёлкаўскім лясніцтве Лунінецкага леспрамгаса. Выйшла замуж. Муж Сяргей Фёдаравіч Драніч, 1963 года нараджэння. Працуе ў Белаграпрамбанку. З 1988 па 1989 год працавала ў Лунінецкім лясгасе. З 1993 года працую ў Белаграпрамбанку горада Лунінца. У нашай сям’і нарадзіліся:

Сын Аляксандр, 1983 года. Пасля заканчэння 11-ці класаў сярэдняй школы № 1 горада Лунінца паступіў у Пінскі будаўнічы каледж. Працуе ў ПМК-19 горада Лунінца. Жанаты. Яго жонка Вольга працуе выкладчыцай музыкі ў дзіцячай школе мастацтваў горада Лунінца. Іх Дачушка Арына вучыцца ў 2-м класе сярэдняй школы № 2 горада Лунінца. Сыну Роме толькі тры месяцы.

Дачка Юлія, 1989 года. пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 паступіла ў Баранавіцкі эканоміка-юрыдычны каледж на спецыяльнасць “эканаміст”. Выйшла замуж за Уладзіміра Міхайлавіча Каховіча, 1987 года нараджэння. Ён закончыў 11 класаў Вялуцкай СШ, паступіў у адну і тую ж установу, што і брат Аляксандр, на спецыяльнасць “каменшчык-зваршчык”. Сям’я жыве ў горадзе Лунінцы. Сыну Вадзіму 5 гадоў, ён наведвае дзіцячы сад. Дачцэ Вікторыі 2 гады. Таксама наведвае малодшую групу дзіцячага садка. Юлія знаходзіцца ў водпуску па выхаванні дзіцяці.
Лунінец. Курыловіч (Драніч) Лідзія Паўлаўна, травень 2013 года.

Успамін Лідзіі Паўлаўны дапаўняеяе родны брат Аркадзій. ”Вядучы размову пра сваё дзяцінства нельга не ўспомніць нашых дзядуль і бабуль. З намі ў сям’і жыў мой дзядуля па бацькоўскай ліні Аляксандр Мікалаевіч, 1884 года нараджэння, ураджэнец Гродзенскай губерніі (больш падрабязна аб перасяленцах Курыловічах з Гродзеншчыны было раней, ва ўспаміне Курыловіча Георгія Уладзіміравіча, стрыечнага брата Аркадзія). Было яму ўжо пад гадоў 80. Быў ён вельмі добры па сваёй натуры, асабліва ў адносінах да нас, дзяцей. Вельмі любіў займацца агародніцтвам, вырошчваючы шматлікія культуры. Пад яго кантролем быў сад. Дазваляў зрываць нам яблыкі толькі тады, калі яны паспелі. Дапамагаў нашым бацькам “выхоўваць” нас, яго ўнукаў, у правільным накірунку. Часта ўспамінаю сваю прабабулю па мамінай лініі — Зінаіду Маркаўну (Калодачкіну). Калі бываў ў яе хаце,то з цікавасцю назіраў за тым, як яна віртуозна працуе на швейнай машынцы, шыючы адзенне аднавяскоўцам. Амаль усе жыхары Навасёлак звярталіся да яе. У прабабулі была вялікая сям’я і ў дні, калі пасля доўгіх гадоў раставання яны збіраліся ў яе дома ўсе разам і пачыналі ўспамінаць былое, я ціхенька сядзеў збоку і ўвжліва слухаў. Часта бабуля ў размовах гаварыла аб той швейнай машынцы “Зінгер”, што дзякуючы ёй яна карміла сваю вялікую сям’ю.

Кажанеўская Яўгення Рыгораўна — мая бабуля па мамінай лініі нарадзілася ў 1918 годзе. Усё сваё жыццё пражыла ў роднай вёсцы Навасёлкі (акрамя (1942-44 гадоў). Тут яна працавала дзяжурнай на вузкакалейнай чыгунцы. Два гады ёй прыйшлося з малымі дзецьмі (мая мама Леакадзія-Лілія), 1939 года нараджэння і мой дзядзя Віктар, 1941 года нараджэння) быць вывезенай на прымусовую працу ў Германію. Адразу ж пасля вызвалення вярнулася дамоў на радзіму.

Бацька, Павел Аляксандравіч Курыловіч, 1937 года нараджэння в. Навасёлкі. Дзяцінства прайшло ў зусім няпросты час. Дзве вайны. У гады вайны 1941-1945гг. заняткі ў школе не праводзіліся. Школьныя заняткі пачаліся з верасня 1944 года. Будынка школы не было. У вайну былі спалены і маёнтак, і млячарня, і кантора, у якіх дзеці займаліся з кастрычніка 1939 года па чэрвень 1941 года. Вучыліся мае бацькі і іх аднагодкі ”па хатах”, якія засталіся не спаленымі немцамі і мадзярамі. Тата часта ўспамінае хату жыхара Вячэры-Шчэрбовіча Антона (сын якога, Павел загінуў на фронце І.А.). Пасля заканчэння 3 класаў у Навасёлках, ён прадоўжыў навучанне ў Вялуцкай сямігадовай школе, здаў экзамены і атрымаў пасведчанне аб сямігадовай адукацыі. Былі сямейныя абставіны, з-за якіх бацька не змог працягваць вучобу ў 8-10-х класах сярэдняй школы. У 1957 годзе яго прызвалі на тэрміновую службу ва Узброенныя сілы СССР. Служыў у Чыцінскай вобласці РСФСР, у танкавых войсках. Дэмабілізаваўся ў званні сяржанта, чыне механіка. Вярнуўся на сваю радзіму, у вёску Навасёлкі і звязаў сваё далейшае жыццё навекі з роднай вёскай. Усталяваўся на працу ў Люшчанскі лесапункт вузкакалейнай чыгункі. Вось гэтая чыгунка акурат і праходзіла праз нашу вёску яшчэ з 1905 года. Спачатку тут “хадзілі” маленькія паравозікі з адкрытымі платформамі для вывазу лесу. У сярэдзіне 60-ых гадоў з’явіліся “матавозы”, якія цягнулі за сабой з дзесятак “сцэпаў” з лесам. Вось тата і працаваў на гэтым матавозе памочнікам. У яго абавязкі ўваходзіла счэпка вагонаў з лесам у пункце іх фарміравання. Па расказах таты, работа гэтая была цяжкай. Адпраўляўся працаваць на суткі. У дарозе адбывалася рознае: то счэп зыйдзе з рэльсаў, то буксуе матавоз (асабліва зімой, калі рэльсы намярзаюць). Па вясне, звычайна, рэльсы маглі быць заліты талаю вадой па калені. І ўсё прыходзілася перарабляць. У пачатку 70-ых гадоў на змену матавозам прыйшла новая тэхніка — цеплавозы. Машыністам патрэбна было павышаць сваю кваліфікацыю. У лістападзе месяцы 1972 года тата паехаў на курсы перападрыхтоўкі ў лесатэхнічную школу горада Курска РСФСР. У ліпені 1973 года ён скончыў курс навучання, атрымаў пасведчанне на права кіравання лакаматывам (целавозам). Да 1982 года працаваў машыністам. З таго ж года пачалася рэарганізацыя вузкакалейных дарог. Вышэйшае начальства палічыла, што яны закончылі сваё назначэнне, адпала у ёй неабходнасць (хаця, з сённяшняга пункту гледжання, можна з гэтым не пагадзіцца. І.А.). Прыйшлося бацьку асвайваць новую прафесію. У ліпені 1982 года, пасля навучання ў Лунінецкай школе ДТСААФ ён здаў экзамены на вадзіцельскія правы, атрымаў пасведчанне 2-га класа і пачаў працаваць вадзіцелем на МАЗе. Гэтыя магутныя аўтамабілі перавозілі лес на Люшчанскую эстакаду, дзе яго распілоўвалі, пакавалі, як патрэбна і адпраўлялі па шырокай чыгунцы да месцаў назначэння. На гэтай рабоце ён працаваў да выхада на заслужны адпачынак у 1996 годзе.

Для мяне мае родныя бацькі вельмі, вельмі дарагія. Я заўсёды адносіўся да іх і адношуся з вялікай любоўю і павагай. Яны далі мне жыццё. Яны з’яўляюцца мне на працягу ўсяго майго жыцця самым найлепшым прыкладам. У жыцці бывае ўсё: і вяселле з радасцю, і тужлівыя часы, і нават трагічныя. Але я ведаю, што негледзячы ні на што, мае бацькі заўсёды разам са мною. Вось за гэта я іх і люблю. Сваё дзяцінства памятаю, недзе з 3-4 гадовага ўзросту. Што больш усяго запомнілася і адклалася ў маёй памяці, дык гэта стан нашай вёскі ў тыя часы. Хаты маіх аднавяскоўцаў былі раскіданы на адлегласці ад некалькіх дзесяткаў метраў і нават кіламетраў адна ад другой. Вясновыя паводкі, калі паўсюдна было шмат вады. Адсутнічалі нармальныя дарогі. Даводзілася хадзіць абходнымі ляснымі сцежкамі. І ў гэты ж самы час прыходзілася вечарамі сядзець пры тусклым святле газавай лямпы. А потым, здаецца гэта адбылося у 1968 годзе, у вёску падвялі па слупах электрычную энергію, была гэта для ўсіх вялікай радасцю, асабліва ад такой колькасці яркага святла. Некаторыя жыхары пачалі набываць электрычныя прыборы. Гэта ўжо быў вялікі крок да “цывілізацыі”... Пачалася будоўля і дабудоўля нашых дамоў. Некаторыя жыхары перасяляліся з аддаленых хутароў бліжэй да цэнтра вёскі. У канцы 70-х гадоў з’явілася насыпаная гравіем дарога, якая аблегчыла жыццё ўсіх вясковых жыхароў. Праз вёску пайшоў транспарт у напрамку Чучавіч, нават, у напрамку Мінска. Можна было, без асаблівых цяжкасцей дабрацца да раённага цэнтра, а адтуль ва ўсе канцы былога СССР. На месцы былога балотнага ўрочышча ”Парсцец” было пабудавана вялікае прыгожае вадасховішча (аб ім ёсць асобны матэрыял. І.А.). Самым жаданым у маім дзяцінстве святам быў Новы год. Заўсёды верыў у сказку пра Дзеда Мароза і Снягурку. Было столькі радасці і вяселля ад таго,што пад елкай цябе чакае нешта невядомае. Мне пашчасціла пайсці ў першы клас новай, толькі што пабудаванай пачатковай школы. Гэта адбылося ў 1967 годзе. Аб сваіх першых школьных гадах у мяне самы прыемны ўспамін. Першая настаўніца ў нас была Мальвіна Мікітаўна Блінцова (Кавальчук). Мае першыя школьныя сябры. У памяшканні класа тры рады школьных партаў: кожны рад азначаў клас. Было тры класы і з кожным класам па чарзе займалася адна настаўніца. Наша Навасёлкаўская пачатковая школа запомнілася мне на ўсё жыццё. Пачынаючы з дзяцінства мы дапамагалі па меры нашых дзіцячых сіл і магчымасцей сваім бацькам па гаспадарцы. У вольны час любіў пасядзець з вудай, пайсці па грыбы, у ягады і канечне ж, вельмі любіў пагуляць у футбол. У летні час мог са стадыёна прыйсці ў вельмі позні час, нават далёка за поўнач.

Безумоўна, час не стаіць на месцы, усё вакол мяняецца. Не абышоў ён і маю родную вёску. З таго далёкага дзяцінства амаль нічога ўжо не засталося. З жыцця пайшоў мне самы дарагі нам чалавек — мая мама, а разам з ёю той непаўторны пах свежавыпечанага хлеба, пах і смак смажаных “дранікаў”, пайшлі з ёю разам цяпло і хатні уют. Гарадскі рытм жыцця ўжо даўно наступае на вёску, на яе шматвекавы самабытны вясковы ўклад. У гэтым ёсць шмат станоўчага, аднак, я, асабіста, з вялікім задавальненнем застаўся тым, ужо далёкім, былым маім цудоўным дзяцінстве...”
Навасёлкі. Курыловіч Аркадзій 8 верасня 2013 года.

Пасля заканчэння Навасёлкаўскай пачатковай школы Аркадзій вучыўся ў Вялуцкай СШ Лунінецкага раёна, якая знаходзілася ў суседняй вёсцы. У 1978 годзе атрымаў атэстат сталасці за курс сярдняй школы. Вучыўся ў школе добра, сябраваў са спортам, любіў спартыўныя гульні, зімовыя віды спорта. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці свайго класа і школы. Пытання, куды ісці вучыцца далей, не існавала. Ён паступіў у Брэсцкае ПТВ № 65 на рэдкую ў тыя часы сярод будаўнікоў прафесію, “паркетчык”. У ліку некалькіх навучэнцаў, быў камандзіраваны на практыку ў перадалімпійскі горад Маскву. Лёсам яму было наканавана сустрэць там сваё шчасце. Аркадзій пазнаёміўся ў Маскве, як ні дзіўна, з зямлячкай, родам з Гродзенскай вобласці, Алінай Іосіпаўнай Каўлюк. У 1980 годзе — годзе маскоўскай летняй Алімпіяды згулялі вяселле. У сям’і ў 1981 годзе нарадзіўся сын Андрэй. Жылі ў Маскве. Андрэй пасля заканчэння школы паступіў у адзін з маскоўскіх каледжаў. Пасля заканчэння каледжа атрымаў дыплом менеджэра. Працуе па спецыяльнасці ў адной з сталічных кампаній. Жанаты. Кацярына, жонка, працуе ў турыстычнай фірме. У сям’і расце дачка Арына, якой пакуль толькі шэсць гадкоў. Сям’я жыве ў Маскве. Аркадзю з сынам Андрэем давялося перажыць страшны ўдар — не стала яго каханай жонкі Аліны і горача любімай мамы. Пасля такой трагедыі Аркадзій працягваў працаваў на будоўлях сталіцы, гадаваў Андрэя. Аднойчы ў іх жыцці з сынам з’явілася Наталля Васільеўна Міндорына. Яна стала другой мамай сыну Андрэю і жонкай Аркадзію. Родам яна з горада Разані, працуе будаўніком, як і Аркадзь. Яны часта са сваёй сям’ёй наведваюць радзіму Аркадзія — в. Навасёлкі, дзе жыве бацька Аркадзія, Павел Аляксандраіч, а ў Лунінцы пражывае дружная сям’я сястры Ліды. Сем’і брата і сястры не забываюць сваіх бацькоў. У дні памінання заўсёды наведваюць магілу роднай мамы і сваіх сваякоў. У гэты дзень, як і многа год раней, Навасёлкі шматлюдныя: адбываюцца чаканыя і зусім нечаканыя сустрэчы. Аднавяскоўцам заўсёды ёсць аб чым пагаварыць, і многае, што ўспомніць з тых, ужо далёкіх былых гадоў дзяцінства і юнацтва. Аднак, жыццё працягваецца.

Курыловіч Мікалай Фёдаравіч, 1903 года нараджэння — стрыечны брат Паўла Аляксандравіча. Жонка — Курыловіч Анастасія Апанасаўна. Быў мабілізаваны ў 1944 годзе на фронт. Ваяваў у складзе 310 стралковай дывізіі ў 1082 стралковым палку. Радавы стралок. 21 сакавіка 1945 года прапаў без весткі. (У сям’і і ваенкамаце ёсць пацвярджаючыя дакументы).

Курц Момент Вільгельмавіч, 1892 года нараджэння. Немец па нацыянальнасці. Жонка — беларуска, Ганна Арцем’еўна (Лашко) з вёскі Ліпск Ганцавічскага раёна, 1901 года нараджэння. Дзеці: Аляксандр, 1921 года нараджэння, Іосіп, 1923 года нараджэння, Вольга, 1928 года нараджэння, Алёна, 1930 года нараджэня і Уладзімір, 1937 года нараджэння.

Курц Вера 1873 года нараджэння, (відавочна маці Момента Вільгельмавіча?).

Курц Цэцылія, 1904 года нараджэння, (відавочна? І.А. сястра Момента Вільгельмавіча).

Курц Іосіп Моментавіч, 1924 года нараджэння. Жонка Валянціна Аляксандраўна. Жылі ў Карэліі. Дзеці і сёння там — Саша, Жора і Дзіна.

Курц Аляксандр Уладзіміравіч, 1926 года нараджэння, жыў на станцыі Люшча Лунінецкага раёна з жонкай Кацяй з Расіі. У іх было чацвёра дзяцей.

Курц (Раговіч) Вольга Моментаўна, 1928 года нараджэння, в. Навасёлкі Чучавіцкай гміны Лунінецкага павета. За польскім часам наведвала школу. Вучылася вельмі старанна. Падабалася асабліва арыфметыка. Мела добрыя адзнакі. Настаўнік быў адзін на ўсе чатыры класы. Звалі яго “пан настаўнік ці пан Бучэк”. Імя яго было Ян. Выкладанне ішло на польскай мове, што дзецям не падабалася. Такая была ў тыя часы палітыка польскага ўрада, ішла мэтанакіраваная паланізацыя (апалячванне) насельніцтва Заходняй Беларусі. За свае матэматычныя здольнасці, неаднойчы, атрымоўвала “тумакі” ад сваіх аднакласнікаў. У 1938 годзе скончыла 4 класы польскай “школы паўшэхнай” — агульнай. Пасля верасня 1939 года ў Навасёлках была ўстаноўлена савецкая улада. Навасёлкі атрымалі статус ВЁСКА. У кастрычніку была адкрыта Навасёлкаўская пачатковая школа. У 1939/40 і 1940/41 навучальныя годы заняткі праводзіліся ў былым будынку канторы лесапілкі, пазней у некаторых хатах навасёлкаўцаў. Вольга Моментаўна закончыла яшчэ два класы, але ўжо на роднай мове.

У 1940 годзе памёр бацька Момент Вільгельмавіч.

У канцы чэрвеня 1941 года ў Навасёлкі ўварваліся фашысты, разам з “мадзярамі”. У 1942 годзе яны падпалілі вёску, 26 хат з 32 згарэлі. Амаль два гады іх сям’я, як і ўсе астатнія сем’і, была вымушана пакінуць вёску і шукаць прытулак. Такое месца было знойдзена сярод знакамітага на ўсю Еўропу Грычынскага балота. Гэта быў патаемны лясны астравок, дзе “пагарэльцы” з Навасёлак знайшлі часовае прыстанішча. Тут мужчыны пабудавалі вялікі “будан”, (аб гэтым вы чыталі раней, у невялікім успаміне Арлінскай (Кавальчук) Ніны Іванаўны). Пасля вяртання з лесу ў вёску, у пачатку ліпеня 1944 года жыхарам прыйшлося будаваць часовае жыллё: зямлянкі, невялікія пабудовы, каб можна было, як яны гаварылі, “адаграваць душы”. Трэба сказаць, што іх хата цудам не згарэла, яна засталася цэлай у ліку 6, не згарэўшых, спасло тое, што яна стаяла паводдаль ад другіх. Тут часова і пасяліліся ўсе Кавальчукі. Жыццё з цягам часу, патроху, наладжвалася. Вярталіся аднавяскоўцы, вывезеныя на прымусовыя работы ў Германію, вярталіся і некаторыя сем’і, вывезеных зімой 1940 года мясцовых жыхароў: беларусаў і палякаў з Сібіры, Казахстана і Далёкага Усходу. Большасць з іх былі рэабілітаваны ў 50-60 гады ХХ стагоддзя, некаторыя толькі ў 1989 годзе. Амаль усе жыхары польскай нацыянальнасці і некаторыя беларусы ў жніўні-верасні 1945 года выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу. Яны былі паселены, амаль, усе у адным былым нямецкім пасёлку, які з 1945 года належыць Польшчы і называецца Нова Сюль (як было памянута раней, на ст. 123). У 1950 годзе Вольга Моментаўна паехала ў Расію на заробкі. Астанавілася ў горадзе Бузан. Працавала на розных работах. Жыла ў інтэрнаце для рабочых. Аднойчы, у 1953 годзе, у час наведвання роднай вёскі пазнаёмілася з Васілём Трафімавічам Раговічам, ураджэнцам в. Дзятлавічы. Юнак працаваў у Луніецкім лясгасе. Згулялі вяселле і выехалі разам у горад Бузан, дзе жылі і працавалі да 1980 года. У гэтым жа годзе прыехалі на пахаванне мамы Вольгі — Ганны Арцёмаўны. Пасля сямейнага савета вырашылі застацца на радзіме. Месцам пражывання выбралі станцыю Люшча. Васілій Трафімавіч працаваў тут на “шырокай чыгунцы”. У Расіі нарадзілі і выгадавалі двое дзяцей.

Мікалай, 1954 года нараджэння. У Расіі скончыў 10 класаў. Адслужыў ваенную службу. Жаніўся. Жонка расіянка. З 2002 года пражываюць у в. Велута Лунінецкага раёна. Мікалай працуе ў СВК “Велута”.

Ала, 1957 года нараджэння. У Расіі скончыла 10 класаў. Жыве ў горадзе Пінску. Дзеці: сын Аляксандр, адслужыў армію, зараз узяты на ваенныя зборы, відавочна, будзе удзельнічаць у ваенных вучэннях на тэрыторыі Беларусі. Дачка Вольга жыве і працуе ў горадзе Мінску. Вось такая сям’я ў Вольгі Моментаўны і Васіля Трафімавіча.
Люшча, 06.09.2013 года.

Курц Уладзімір Моментавіч, 1937 года нараджэння, жонка Ганнна. Дзеці: Валодзя. Ала, Генадзій, Ларыса, Аляксандр і Алёна, сям’я жыла на станцыі Люшча Лунінецкага раёна. У вёсцы Велута, у школе працуе настаўніцай Вольга Іванаўна Коўшык (у дзявоцтве Бушыла). Вось што яна ўспамінае: “Мая мама (Бушыла (у дзявоцтве Курц) нарадзілася 20 кастрычніка 1930 года ў вёсцы Навасёлкі Лунінецкага раёна ў сям’і Курц Ганны Арцёмаўны і Курца Момента Вільгельмавіча. У гэтай сям’і акрамя маёй мамы было яшчэ чацвёра дзяцей: Іосіп (1924 г.н.), Аляксандр (1926 г.н.), Вольга (1928 г.н.) і самы малодшы ў сям’і — Уладзімір (1937 г.н.). Мама гаварыла, што, у сям’і быў яшчэ адзін сын — Пётр, але ён памёр у раннім узросце. Мая бабуля, Курц Ганна Арцёмаўна, нарадзілася ў вёсцы Ліпск Ганцівічскага раёна Брэсцкай вобласці. Яе дзявочае прозвішча Лашко. З дзяцінства я памятаю дзядулявых братоў: Гардзея і Івана. Гардзей жыў у Ліпску, а Іван — у Ганцавічах. Мой дзед, Курц Момент Вільгельмавіч шмат працаваў, каб пракарміць сваю сям’ю. Ён памёр перад самай вайной, у 1940 годзе. Бабулі самой прыйшлося падымаць сваіх дзяцей. Мая мама часта ўспамінала аб цяжкіх ваенных гадах. Аднойчы расказвала, як яны ўцякалі ад немцаў праз балота Грычын. Патрэбна было ісці вельмі ціха, не размаўляючы, каб не пачулі немцы. Мая мама ішла апошняй і адстала ад усіх, так як загрузла ў балоце. Калі ўся сям’я выйшла на сушу, спахваціліся, што яе няма.Тады старэйшы брат Іосіп вярнуўся і знайшоў маю маму пад стажком сена. Калі ён аднойчы вярнуўся з лагера, дзе жылі многія жыхары Навасёлак, у вёску, быў схоплены і разам з другімі жыхарамі адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію. У 1944 годзе, пасля вызвалення Лунінеччыны ад фашысцкіх захопнікаў, на фронт быў мабілізавыны мамін малодшы брат Аляксандр. Ваяваць яму прыйшлося нядоўга, каля паўгода. І нават за такі кароткі тэрмін ён атрымаў лёгкае раненне рукі. Пасля заканчэння вайны ён служыў яшчэ тэрміновую службу каля чатырох гадоў. Калі вярнуўся дадому, то ўбачыў і брата Іосіпа, які вярнуся з фашысцкай няволі.

З цягам часу, пасля вайны жыццё патроху пачало наладжвацца. Маміны браты і сёстры абзавяліся сем’ямі і раз’ехаліся па ўсяму свету. Дзядзька Юзік (так звалі Іосіпа) разам з сястрой Вольгай паехалі ў Казахстан, а адтуль, неўзабаве, пераехалі ў Карэлію. У сям’і дзядзькі Юзіка і яго жонкі Валянціны (у дзявоцтве Курыловіч, ураджэнкі в. Навасёлкі) было трое дзяцей: Аляксандр, Георгій і Дзіна. Дзядзькі Юзіка і яго жонкі ўжо няма, а іх дзеці так і засталіся ў Капрэліі. Цёця Вольга і яе муж — Раговіч Васілій Трафімавіч выхавалі дзвух дзяцей: Мікалая і Алу. Недзе, у 70-я гады вярнуліся ў Беларусь з Карэліі і абаснаваліся ў пасёлку Люшча, дзе жывуць і па сённяшні дзень. Іх сын — Мікалай Васільевіч жыве са сваёй сям’ёй у вёсцы Велута Лунінецкага раёна, а яго сястра Ала Васільеўна жыве у горадзе Пінску. Дзядька Саша, дзядзька Валодзя і цётка Вольга жылі ўсе гады у пасёлку Люшча. У сям’і дзядзькі Сашы было пяцёра дзяцей: Міхаіл і Наташа жывуць ў горадзе Пінску, Аляксандра ўжо няма, двайняшкі — Алег і Ігар жывуць ў Расіі . У сям’і дзядзькі Валодзі і яго жонкі Ганны было шасцёра дзяцей: Валодзя, Ала, Генадзій, Ларыса, Аляксандр і Алёна. У свой час перавезлі з Навасёлак бабулю Ганну Арцёмаўну ў Люшчу, якая яшчэ дапамагала гадаваць шасцярых дзяцей свайго малодшага сына Уладзіміра. У Люшчы мая мама сустрэлася з маім татам, ураджэнцам вёскі Бастынь, які ўсё сваё жыццё працаваў на чыгунцы. Спачатку дзяжурным па станцыі, а перад пенсіяй некалькі гадоў быў начальнікам станцыі Люшча. Мама звязала сваё жыццё з гандлем, працавала спачатку на кухні у леспрамгасаўскай сталовай, а потым стала працаваць прадаўцом у буфеце.

У нашай сям’і дзяцей было трое: мой старэйшый брат Аляксандр (1954 г.н.), малодшы — Мікалай (1967 г.н.) і я — Вольга, 1958 года нараджэння. Старэйшы брат Аляксандр са сваёй сям’ёй пражывае ў горадзе Лунінцы, малодшы Мікалай з сямёй выехаў за граніцу, дзе і пражывае па сённяшні дзень. Так склаўся лёс, што пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага інстытута імя А.С. Пушкіна ў 1982 годзе я па накіраванню, трапіла працаваць ў Вялуцкую СШ, стала выкладаць у пачатковых класах, дзе і працую па сённяшні дзень. Тут я выйшла замуж за маладога настаўніка, Уладзіміра Андрэевіча Коўшыка, які таксама прыехаў на працу. Цяпер ён з’яўляецца і дырэктарам школы. Мы выгадавалі і выхавалі траіх цудоўных дзяцей: Алёну, Валянціну і самую малодшую — Ганначку. Старэйшыя Алёна і Валянціна маюць вышэйшую адукацыю. Алёна скончыла Баранавічскі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці практычная псіхалогія. Замужам, гадуе са сваім мужам Максіма. Валянціна закончыла ў Мінску БГУ і працуе сацыяльным педагогам у цэнтры карэкцыі ў горадзе Лунінцы. Малодшая Ганначка вучыцца ў 9-м класе Вялуцкай СШ.

Маіх бацькоў ужо няма ў жывых, даўно не стала бабулі, пайшлі ў іншы свет маміны браты: Аляксандр, Іосіп, Уладзімір. Кожны раз, як толькі я бываю ў Навасёлках, з сумам гляджу на вялікую грушу, якая расце побач з аўтобусным прыпынкам і ўспамінаю бабуліну невялічкую хацінку, у якой нарадзіліся і жылі мая мама і яе браты і сёстры. У такі момант хацелася б хоць на кароткі час вярнуць усё назад, але так у жыцці не бывае. І толькі у марах мы можам вярнуцца туды, у наша далёкае і непаўторнае дзяцінства... Відаць, гэта такая ужо дыялектыка чалавечага жыцця на гэтай Зямлі!
З павагай і найлепшымі пажаданнямі да ўсіх тых, хто ведаў маіх бацькоў і мяне — Коўшык(Бушыла) Вольга Іванаўна. 07.10.2013 года, Велута.

Кучынскі Ш(С)тэфан, 1891 года нараджэння. Жонка — Алімпія, 1895 года нараджэння. Дадзеныя адсутнічаюць.

Лашко-Хлуд Емяльян, 1890 года нараджэння, жонка Ганна, 1891 года нараджэння, Яўгення, 1899 года нараджэння, Ян, 1900 года, Карп, 1900 года, Кацярына, 1900 года нараджэння, Таццяна, 1903 года, Рыгор, 1903 года нараджэння, землеўладальнік; Марыя, 1905 года нараджэння. Карп, 1911 года нараджэння. (Відавочна, што большасць імёнаў блізкіх родзічаў?..)

Лерер Янкель Майсеевіч, 1891 года нараджэння, гандляр. Сястра Хава Майсееўна 1906 года нараджэння, гандлярка. Брат Давід Майсеевіч, 1911 года нараджэння. У гады вайны былі расстраляны немцамі.

Леўкавец Кандрацій Іванавіч, 1879 года нараджэння, беларус, граматны. Жонка Алёна. Сын, Уладзімір Кандрацьевіч, 1910 года нараджэння, у гады вайны быў вывезены ў Германію на прымусовыя работы. Быў добрым майстрам, умеў працаваць на такарным станку. Рабіў вельмі добрыя нажы. Гаспадар, у якога ён працаваў, убачыўшы ў яго самаробны нож, папрасіў вытачыць яму такі ж. Вельмі зацаніў майстэрства Валодзі, нават прапаноўваў застацца ў яго жыць пасля вайны. Аднак Валодзя вярнуўся на радзіму. Лічыўся выдатным мясцовым паляўнічым. Быў не жанаты. Ніна Іванаўна Арлінская (Кавальчук) расказала, што хата Уладзіміра Кандрацьевіча была у вёсцы Навасёлкі месцам збора моладзі. Сюды па вечарах прыходзілі маладыя хлопцы і дзяўчаты. У гаспадара з’явіўся першы ў вёсцы прыгожы грамафон і грампласцінкі. Электрычнасці ў тыя часы не было, вось моладзь і прыходзіла паслухаць песні, ды патанцаваць пад прыгожыя мелодыі вальса, танга ці факстрота. У такія часы тут было заўсёды весела. Гаспадары былі вельмі гасціннымі. Цудоўныя то былі часы вечарам моладзь забывалася пра дзённую стомленнасць, пра заўтрашнюю працу, гулялі да пазна.

Паўліна Кандрацьеўна, 1922 года нараджэння, таксама як і брат, не не стварыла сваёй сям’і. Таццяна Кандрацьеўна, была замужам у в. Чучавічы. Жыла з імі Аляшкевіч Валянціна Аляксандраўна — сваячка, 1928 года нараджэння.

Ліхтар Пётр Сцяпанавіч, 1903 года нараджэння, в. Вялікія Чучавічы, беларус, пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў аб’ездчыкам лясной гаспадаркі. Жонка — Ганна Дзмітрыеўна, 1903 года нараджэння з вёскі Ліпск, Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У часы Вялікай Айчыннай вайны сям’я жыла ў вёсцы Навасёлкі. Пётр Сцяпанавіч быў правадніком партызанаў да чыгуначнай лініі Баранавічы — Лунінец. Уся сям’я з 1943 года жыла ў лесе, у Грычынскіх балотах. Пасля вайны пабудавалі свой новы драўляны дом, так як у 1942 годзе немцы спалілі ў Навасёлках 26 хат з 32. У гэтай хаце іх сям’я жыла да апошніх дзён. Як толькі ў 1963 годзе ў Навасёлках было створана лясніцтва, то першы год у іхняй хаце размяшчалася кантора. У сям’і Пятра Сцяпанавіча і Ганны Дзмітрыеўны нарадзіліся тры дачкі і тры сыны: Старэйшая — Яўгенія, другая — Вольга, 1927 года, Алена, 1931 года нараджэння, Станіслаў, 1936 года, Леанід, 1941 года, Васілій, 1945 года. Першая дачка Пятра Сцяпанавіча Яўгенія выйшла замуж за Партуса Аляксандра Міхайлавіча. У сям’і нарадзіліся тры дачкі. Марыя жыла ў в. Велута з Юрко Дзянісам Паўлавічам, яны нарадзілі і выгадавалі 11 сыноў.

Ніна Аляксандраўна жыве ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, у сям’і выраслі дзве дачкі і два сыны. Уладзімір працуе трактарыстам у СВК “Велута”. Мае сям’ю: дзве дачкі і сына, якія таксама маюць свае сем’і.

Таццяна Аляксандраўна жыве ў вёсцы Велута і працуе даяркай на МТФ № 3 СВК “Велута”. У гэтай сям’і чацвёра дзяцей: адна дачка і трое сыноў.

Валянціна Аляксандраўна жыве на станцыі Люшча, працуе буфетчыцай. Дачка Сняжана працуе прыбіральшчыцай у школе, сын Эдуард вадзіцелем у СВК “Велута”. Сын Аляксандр рознарабочы.

Другая дачка Пятра Сцяпанавіча — Вольга, выйшла замуж за Бібільнікава Андрэя Іванавіча і іх сям’я жыла ў горадзе Баранавічы. Потым пераехала ў горад Магілёў, на радзіму мужа. Яна працуе буфетчыцай, Андрэй ужо ваенны пенсіянер. Маюць двое дзяцей. Дачка Людміла працуе выкладчыцай у вучылішчы, дзе рыхтуюць цырульнікаў. Сын Анатолій мае вышэйшую адукацыю, працуе інжынерам на адным з прадпрыемстваў Магілёва. І сын Анатолія — Анатолій таксама скончыў ВНУ, працуе ў Расіі.

Трэцяя дачка Пятра Сцяпанавіча — Алёна выйшла замуж за Бунаса Сцяпана Міронавіча. Працавала даяркай у калгасе, муж лесніком у Навасёлкаўскім лясніцтве. Маюць дачку Людмілу, якая жыве і ў горадзе Лунінцы і працуе ў сталовай райбальніцы.

Першы сын Пятра Сцяпанавіча Станіслаў жанаты з ураджэнкай в. Велута, Таццянай Калянковіч. Працаваў у калгасе механізатарам, цяпер працуе пастухом. Таццяна працуе даяркай у СВК “Велута”. У сям’і пяцёра дзяцей: Святлана, Людміла, Ірына, Сяргей і Аляксандр.

Дачка Святлана Станіславаўна скончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, працуе выкладчыцай у Ляхавіцкім с/каледжы. Замужняя. Мае двух сыноў:

Сын Сяргей жыве таксама ў Пружанскім раёне, працуе механаізатарам у адным з СВК. Жанаты: мае дачку і сына. Сын Аляксандр жыве ў Лунінцы, працуе на будоўлі. У сям’і расце сын.

Дачка Людміла Станіславаўна скончыла Ляхавіцкі с/коледж, жыве ў Столінскім раёне, працуе бухгалтарам на торфапрадпрыемстве “Глінкі”. Ірына жыве ў Пружанскім раёне, працуе ў СВК лабаранткай на МТФ. Мае дзве дачкі і сына.

Другі сын Пятра Сцяпанавіча — Леанід, працаваў механізатарам у СВК “Велута” (1941-2006гг.). У вёсцы Велута і пражывала яго сям’я. Жонка, Вольга Кузьмінічна Шуляк працавала некалькі год заатэхнікам на жывёлагадоўчаў ферме, апошнія гады, перад выхадам на пенсію, аператарам машыннага даення на МТФ калгаса “Зара”. У сям’і чатыры дачкі і адзін сын.

Дачка Ірына мае вышэйшую адукацыю, працуе настаўніцай пачатковых класаў у школе № 1 горада Жабінка Брэсцкай вобласці. Мае сына Мікіту.

Дачка Тамара працуе медыцынскай сястрой у в. Вялікія Чучавічы. Мае двух дзяцей: сына і дачку. Дачка Ала атрымала вышэйшую адукацыю, працуе ў горадзе Віцебску бухгалтарам. Сын Юрый закончыў каледж. Служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Дачка Таццяна мае сярэдне-спецыяльную адукацыю, працуе ў СВК “Вялічкавічы” Салігорскага раёна Мінскай вобласці бухгалтарам. Мае дзве дачкі — Кацярыну і Ксенію і двух сыноў — Андрэя і Аўдзея.

Дачка Ала закончыла Гомельскі кааператыўны інстытут. Працуе ў адным з прадпрыемстваў горада Віцебска галоўным бухгалтарам.

Сын Анатолій пасля заканчэння Вялуцкай СШ вучыўся ў Лунінецкім СПТВ № 160 Жанаты, у сям’і растуць сын і дачка. Жывуць у в. Велута.

Трэці сын Пятра Сцяпанавіча — Васіль, жыў ў в. Навасёлкі, працаваў у Навасёлкаўскім лясніцтве. У 2004 годзе пайшоў у іншы свет. Жонка Вольга працавала ў лясніцтве памочнікам ляснічага, з 2002 года на заслужаным адпачынку. Жыве ў вёсцы Навасёлкі. У сям’і вырасла двое сыноў: Валерый працуе ў в. Дзятлавічы, у цэху дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Другі сын Андрэй працуе памочнікам ляснічага ў Навасёлкаўскім лясніцтве і жыве ў Навасёлках. Муж Вольгі Васілій рана пайшоў з жыцця.

Вось такое вялікае і моцнае геніялагічнае дрэва разраслося з сям’і Ліхтара Пятра Сцяпанавіча і Ганны Дзмітрыеўны.
Расказала аб гэтым нявестка Вольга, жонка Васілія Пятровіча. 17/05/2013 года. Навасёлкі.

Лявер Аляксандр. Прыехаў у Навасёлкі з в. Чудзін Ганцавіцкаа раёна. Лявер (Калодачкіна) Лідзія Рыгораўна, 1923 года нараджэння — жонка, 5 класаў польскай школы “паўшэхнай” (гэтая школа мела 6 класаў І.А.). Лявер Яўген Аляксандравіч, 1942 года нараджэння — сын Лідзіі Рыгораўны, Іван Аляксандравіч, 1943 года нараджэння. Нашчадкі жывуць у г. Лунінцы.

(Сёння, 5 лютага пабываў у гасцях у Лявер (Кучук) Галіны Канстанцінаўны, 1939 года нараджэння, у Слуцкім раёне в. Еўлічы І.А.). Галіна Канстанцінаўна ў 1955 годзе скончыла дзесяцігодку і паступіла ў Мінскі інстытут народнай гаспадаркі на эканамічны факультэт. У 1960 годзе прыехала працаваць па спецыяльнасці ў распараджэнне Лунінецкага леспрамгаса, у адно з яго падраздзяленняў, якое знаходзіцца і сёння на станцыі Люшча Лунінецкага раёна. Працавала там два гады. Выйшла замуж за Лявера Яўгена Аляксандравіча. У сям’і нарадзіліся два сыны: Аляксандр Яўгенавіч, 1967 года нараджэння і Андрэй Яўгенавіч, 1968 года нараджэння. Жывуць у Лунінцы. З Люшчы пераехалі ў Лунінец у 1962 годзе. Усе гады да пенсіі працавала ў Лунінецкім леспрамгасе. У 1969 годзе муж памёр. Галіна Канстанцінаўна расказала кароткую гісторыю сваёй свекрыві — Лявер Лідзіі Рыгораўны. Як вядома ўжо, яна ў Навасёлках выйшла замуж за Лявера Аляксандра, паляка па нацыянальнасці. У сям’і нарадзіліся два сыны. Пасля вызвалення Лунінеччыны 10 ліпеня 1944 года ад немцаў, яго, як і большасць юнакоў прызыўнога ўзросту, забралі на фронт. Ён не загінуў, застаўся жывы, аднак у Навасёлкі не вярнуўся, ажаніўся ў Польшчы, дзе і застаўся жыць. У мірны час загінуў у катастрофе. Лідзія Рыгораўна вельмі хвалявалася, што муж не вярнуўся ў сям’ю. З двума сынамі яны пераехалі на станцыю Люшча, дзе яна працавала ў ОРСе. Затым перайшла працаваць чыгуначніцай на станцыю Люшча. Дзеці былі ў гэты час у бабулі, у Навасёлках. Працаваць прыходзілася нараўне з мужчынамі, і было гэта вельмі цяжка, лягчэй стала, калі паставілі стрэлачніцай. Работа была вельмі адказнай. Калі дзецям трэба было ісці ў школу, яна моцна застудзілася. А былі гэта першыя пасляваенныя гады. Вельмі часта Лідзія Рыгораўна ўспамінала гады сваёй хваробы і пастаянна дзякавала прадстаўнікам прафсаюзнай арганізацыі Баранавіцкага ўчастка Беларускай чыгункі, якія тры разы падрад давалі ёй курортныя пуцёўкі для лячэння ў горад Кахоўка непадалёку ад Чорнага мора. Акрамя таго, пастаянна дапамагалі матэрыяльна ўсім, чым толькі маглі. Усе гады барацьбы з хваробай хлопцы знаходзіліся ў Мікашэвіцкай школе-інтэрнаце. Яна дапрацавала да пенсіі і 20 год яшчэ пражыла, будучы на заслужаным адпачынку. Пайшла ў свет вечны ў 1998 годзе. Іван Аляксандравіч Лявер, 1943 года нараджэння, быў прызваны ў 1962 годзе ў марскія часці берагавой артылерыі Балтыйскага флота. Са службы не вярнуўся, загінуў пры выкананні воінскага абавязку. Гэта было яшчэ адным вялікім ударам для маці, брата Яўгена і яго сям’і. Родныя сёстры мужа прыязджалі адведаць сваіх пляменнікаў з Польшчы ў 80-я гады ХХ стагоддзя.

Вось такі невялічкі ўспамін, які атрымаўся са слоў паважанай Галіны Канстанцінаўны, за што ёй шчыры дзякуй і доўгіх ёй гадоў жыцця на радасць дзецям і ўнукам.

P.S. Прачытаў трагічную вестку — у канцы кастрычніка 2013 года Галіны Канстанцінаўны не стала. Царства ёй нябеснае.

Магнушэўскі Міхаіл Антонавіч, 1907 года нараджэння, паляк, адукаваны. дырэктар млячарні. Жонка — Вера Фёдараўна 1913 года нараджэння. Вяселле іх было ў 1937 годзе ў в. Навасёлкі. Муж родам з в. Хойнава (акруга Монькі) Беластоцкай вобласці, якая пасля 1945 года была перададзена Польшчы. У маладой і шчаслівай сям’і нарадзілася дзве дачкі — Ядвіга, 1938 года, і Марыя, 1940 года. Але шчасце доўжылася нядоўга. У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая не абмінула ні адну беларускую сям’ю. Муж, як і ў польскія часы, так і савецкія (1939-1941гг.), працаваў загадчыкам млячарні. У адзін з зімовых дзён 1943 года Міхаіла Антонавіча арыштавалі немцы, адвезелі ў Ганцавічы і расстралялі. Толькі праз 20 гадоў пасля вайны Веры Фёдараўне і дзецям сталі вядомы падрабязнасці трагедыі. Яна з дзецьмі ў пасляваенны перыяд некалькі разоў наведвала радзіму свайго мужа ў Польшчы, дзе пражывалі яго родныя і блізкія. У 1946 годзе Вера Фёдараўна працавала санітаркай у Чучавіцкай бальніцы. Будучы ўдавой, выйшла замуж за былога начальніка санітарнай службы партызанскага атрада імя І.В. Сталіна — Гірэнка Васілія Мікалаевіча, які ў тыя пасляваенныя гады таксама працаваў доктарам ў Чучавіцкай бальніцы. У 1947 годзе ў іх нарадзіўся сын Васілій, якога, на жаль, не стала ў 80-я гады ХХ стагоддзя. Пасля пераезду сям’і ў Велуту Вера Фёдараўна да выхаду на заслужана адпачынак працавала на Вялуцкім ФАПе. Закончылі яны свой зямны шлях у в. Велута, дзе пахаваны і іх сын Васілій.

Ядвіга Міхайлаўна, 1938 года нараджэння. Нарадзілася ў в. Навасёлкі. Добра сябе памятае з 5-гадовага ўзросту. Хата стаяла недалёка ад канала, які ішоў уздоўж вузкакалейкі на Чучавічы. Непадалёку рос вялікі дуб, на якім вывешваліся часамі качэлі, раслі прыгожыя елкі. Бацька быў адукаваны і працаваў загадчыкам млячарні, дзе да вайны выраблялася нават марожанае. Пасля акупацыі ўсё змянілася. Немцы сталі кантраляваць працу работнікаў млячарні, баяліся, каб прадукцыя не пападала да партызанаў. І вось аднойчы, зімой 1943 года, калі Ядвіга ў хаце гуляла са сваёй малодшай сястрычкай Марыяй у лялькі, у хату ўварваліся паліцэйскія і немцы. Яны загадалі бацьку следаваць за імі. У пакоі, дзе гулялі сястрычкі, на акне вісела дабротная вялікая хустка з поўсці, каб было цяплей у хаце. Адзін з паліцэйскіх сілай зняў яе і забраў. Стульчык, на якім стаялі дзіцячыя цацкі, таксама паляцеў у бок печы ад удару чобатам другога паліцэйскага. Вось што па сённяшні дзень памятаюць сёстры. Больш ніколі дзеці і іх мама не ўбачылі бацьку і мужа. Памятае Ядвіга, як пасля вяртання ў Навасёлкі, у дзядулеву хату, яна бачыла, як перавязвалі параненых салдат Чырвонай арміі, сярод іх была і жанчына. Яна памятае, як параненых людзі кармілі варанай бульбай. Было гэта паміж 7-15 ліпеня 1944 года. Затым цяжка параненых адправілі ў тыл, а тыя, якія паправіліся, адпраўляліся даганяць свае воінскія часці, якія наступалі на Захад. А яшчэ памятае, як падаў нямецкі разведвальны самалёт “рама”. Ён ўпаў недзе побач з урочышчам, ля “15”-ай (так гэтую мясціну называлі яшчэ з 1908 года, па той прычыне, што тут стаяў верставы слуп з лічбай “15”, гэта значыць, што ад ст. Люшча да гэтага месца адлегласць — 15 вёрст). Бацьку Ядвігі і Марыі, Міхаіла Антонавіча, у той халодны зімовы дзень адвезлі яшчэ з некалькімі арыштаванымі ў г. Ганцавічы. Там над імі здзекваліся і пасля трох тыдняў катавання, яго, у ліку другіх, расстралялі. І па сённяшні дзень невядома месца яго магілы. Пасля арышту бацькі добрыя людзі падказалі ўсёй сям’і ўцякаць у лес, што яны і зрабілі. Яны ўсе, як і многія другія жыхары з вёсак Навасёлкі і Велута, да 4 ліпеня знаходзіліся ў зоне партызанскага атрада імя І.В. Сталіна брыгады імя С.М. Кірава Пінскага партызанскага злучэння, камандзірам якога быў легендарны Васіль Захаравіч Корж — партызанскі генерал.

Ядвіга і Марыя вучыліся ў Навасёлкаўскай пачатковай школе. У 1946 годзе Ядвіга пайшла ў першы клас Вялуцкай сямігадовай школы, дзе ў 1952 годзе закончыла паспяхова 7 класаў. У школе добра вучылася, была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Пасля заканчэння 7 класаў Ядвіга вучылася ў Чучавіцкай сярэдняй школе, якую і закончыла ў 1956 годзе. Пасля школы паступіла ў Баранавіцкае медыцынскае вучылішча на аддзяленне медыцынскіх сясцёр. Працавала на працягу трох гадоў на медыцынскім пункце в. Велута Лунінецкага раёна. У 1961 годзе пераехала ў г. Лунінец, выйшла замуж за аднавяскоўца Максімчыка Івана Паўлавіча. 33 гады працавала ў дзіцячым садку № 17 горада Лунінца, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Яшчэ чатыры гады працавала ў садку, будучы ўжо ў заслужаным адпачынку. Дачка Ядвігі Міхайлаўны і Івана Паўлавіча якая жыве ў адным доме і на адной пляцоўцы. У Ядвігі Міхайлаўны і Івана Паўлавіча дарослы ўнук, у якога растуць свае дзве дачкі-школьніцы. Дзядуля з бабуляй радуюцца іх шчасліваму жыццю.

Магнушэўская (Клімчук) Марыя Міхайлаўна, малодшая дачка сям’і Магнушэўскіх, жыве са сваім мужам Адамам на сваёй малой радзіме, дзе і нарадзілася — у в. Навасёлкі. Да 80-х гадоў сям’я пражывала ў в. Велута, працавала медсястрой на ФАПе. Выйшла замуж за Адама Клімчука. Адам усе гады працаваў трактарыстам у калгасе “Зара”, пазней СВК “Велута” Лунінецкага раёна. Дзеці: Эдуард, 1971 года нараджэння. Пасля школы закончыў Лунінецкае СПТВ № 160. Быў прызваны на службу ў рады СА. Служыў у аўтамабільных войсках, якія размяшчаліся на тэрыторыі былой ГДР. Працуе ў СВК “Велута”. Жанаты. Жонка — Людміла Паўлаўна Арэхва. У сям’і гадуюцца трое сыноў: Вадзім, Дзяніс і Цімафей. Васіль, 1973 года нараджэння. пасля заканчэння 9 класаў Вялуцкай СШ паступіў у Лунінецкае СПТВ № 160. Быў прызваны на ваенную службу. Служыў у 38-й дэсантнай брыгадзе ў горадзе Брэсце. Пасля службы пайшоў працаваць на Кобрынскі мясакамбінат, дзе і працуе сёння. Ажаніўся з Таццянай. У сям’і растуць трое дзяцей: Павел, Уладзіслаў і Кацярына. Хлопцы вучацца ў школе, Кацюша наведвае дзіцячы садок. Сям’я пражывае ў г. Кобрыне. Вольга, 1981 года нараджэння. Закончыла 10 класаў Вялуцкай СШ. Пастуіпла ў Лунінецкае СПТВ № 160. Атрымала прафесію повара. Працуе поварам у дзіцячым садку в. Велута. Замужам за Юрко Аляксандрам Паўлавічам. Дачка Ліяна вучыцца ў 5-м класе Вялуцкай СШ, сын наведвае дзіцячы садок.

Мазур Іосіп Іосіпавіч, 1899 года нараджэння, паляк, граматны. Са слоў Фёдара Іванавіча Кавальчука, у польскія часы ён быў упраўляючым Навасёлкаўскім маёнткам. Яніна Уладзіміраўна — жонка, 1913 года нараджэння, народжаная на станцыі Люблін. Дзеці: Габрыэла Іосіпаўна, 1932 года нараджэння, Густаў Іосіпавіч, 1934 года нараджэння. Камісараў Валянцін — сірата, 1932 года нараджэння, рускі, быў усынаўлёны. 12 ліпеня 1945 года выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу.

Маеўская Валерыя, 1875 года нараджэння. Зофія, 1880 года нараджэння і Яўгенія 1910 года.

Маеўскі Іван, 1905 года нараджэння. Жонка Наталля Адамаўна, 1910 года нараджэння — жонка, полька, граматная. Маеўскі Казімір Іванавіч, 1928 года нараджэння. Маеўская Марыя Адамаўна, 1912 года нараджэння, родная сястра Наталлі.

Майсейчук Карп, 1903 года нараджэння. Жонка — Параскева 1908 года нараджэння. Прыехалі са Столінскага раёна. Дзеці — Іван, Канстанцін.

Маркевіч Ян(Іван), 1889 года нараджэння. Жонка — Хэлена(Алена) 1887 года нараджэння. Сын Аляксей, 1915 года. У гады вайны быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію.

Мацукевіч Ульян Міхайлавіч, 1884 года нараджэння. Беларус. Еўфрасіння Пракопаўна — жонка, 1888 года нараджэння, вёска Кажан-Гарадок. Дзеці: Феадосія Ульянаўна, 1913 года нараджэння, Сцяпан Ульянавіч, 1918 года нараджэння, удзельнік польска-нямецкай вайны ў верасні 1939 года, астаўся жыць пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Польшчы. Васілій Ульянавіч, 1922 года нараджэння, працаваў ў горадзе Лунінцы, Мікалай Ульянавіч, 1924 года нараджэння. Бацькі жылі ў Навасёлках да 1955 года.

Мацукевіч Мікалай Ульянавіч, 1924 года нараджэння, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны 1941-45 гадоў, інвалід 2-й групы. Меў ордэн Вялікай Айчыннай вайны, і 9 медалёў. Самым значным медалём Мікалай Ўльянавіч лічыў медаль “За адвагу”. Мікалай Ульянавіч вярнуўся ў Навасёлкі пасля вайны ў 1947 годзе. Ажаніўся з Верай Аляксандраўнай, з якой нарадзілі і выгадавалі дачку і два сыны. Усе гады працаваў машыністам матавоза на вузкакалейнай чыгунцы Люшча — Вялікія Чучавічы — Канал. Да 1953 года сям’я жыла ў Навасёлках. У 1953 годзе пераехалі ў Лунінец. Нягледзячы на нязручнасці, працягваў ездзіць на працу ў Люшчу, дзе адпрацаваў амаль да пенсійнага ўзросту, заўважце, і гэта будучы інвалідам вайны. Па расказу Веры Аляксандраўны, ён вельмі любіў сваю прафесію і ганарыўся ёю. За адданую працу меў дзясяткі заахвочванняў, пахвальных лістоў пачэсных знакаў. Для жонкі быў добрым мужам, а для дзяцей выдатным бацькам і прыкладам таго, як трэба адносіцца да сваёй сям’і, а таксама быць адказным у працы на сваім кожным працоўным месцы.

Жонка — Вера Аляксандраўна (у дзявоцтве — Бабіч), 1929 года нараджэння. Закончыла 2 класы “школы паўшэхнай”. Больш за 25 год працавала ў сталовай чыгуначнага рэстарана горада Лунінца. На заслужаны адпачынак пайшла ў 1984 годзе. Пражывае сёння ў Лунінцы. Мікалая Ульянавіча ўжо няма, але ў яе памяці і памяці дзяцей і ўнукаў ён застаўся назаўсёды. Вера Аляксандраўна з вялікім замілаваннем паказала мне пакоі невялікай хаты, якія акуратна дагледжаны рукамі яе пакойнага мужа. Мяне асабліва ўразіла падшытая, акуратна і незвычайна, столя, у горадзе падобнага я нідзе больш не сустракаў. Асаблівасць заключаецца ў тым, што ў пакоях вы не ўбачыце на столі звычайных вуглоў, яны закруглены. Такое я ў сваім дзяцінстве бачыў толькі ў свайго прадзядулі Андрэя. У гэтым, верагодна, ёсць нейкі практычны сэнс. У кожным сказе Веры Аляксандраўны адчуваўся ўспамін аб мілым і дарагім сэрцу чалавеку. Цяпер такія адносіны ў сем’ях можна бачыць вельмі рэдка, шкада, што такія рысы цяпер становяцца “перажыткам былога”... (І.А).

Людміла Мікалаеўна, 1954 года нараджэння, жыве ў горадзе Белая царква, непадалёку ад сталіцы Украіны горада Кіева. Працуе кранаўшчыцай. Муж — Анатолій Паўлавіч Гурскі, начальнік цэха на адным з прадпрыемстваў горада.

Мікалай Мікалаевіч, 1959 года нараджэння, пасля заканчэння школы служыў у часцях марской авіяцыі, у горадзе Піянерску Калінінградскай вобласці Расіі. Па прафесіі каменшчык-мантажнік. Жыве ў горадзе Лунінцы. Працуе вадзіцелем. Жонка — Ганна Іванаўна, родам з Любаншчыны Мінскай вобласці, працавала ў Лунінецкай нарыхтоўчай канторы. Іх дачка Іна працуе прадаўшчыцай у магазіне горада Лунінца.

Віктар Мікалаевіч, 1962 года нараджэння, кранаўшчык па прафесіі. Жонка — Вольга Аляксандраўна, родам з Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Іх дачка Кацярына Віктараўна, юрыст па прафесіі. Жыве і працуе ў горадзе Лунінцы.

Мацюк Карне(лі)й, 1868 года нараджэння, Анастасія 1863 года. (Іх лёсы невядомыя).

Міладоўскі Іосіп Уладзіміравіч, 1877 года нараджэння, паляк. Анастасія Іванаўна, 1883 года нараджэння — жонка. Надзея Іосіпаўна, 1914 года нараджэння — дачка, выйшла замуж за Крым Карнея.

Неўдах Наталля, 1892 года нараджэння.

Новік Агата, 1895 года нараджэння. (Лёс невядомы.)

Онук Канстанцін Лукіч, 1891 года нараджэння, украінец, Крымянецкі раён Цярнопальскай вобласці, кравец-абутнік, рамеснік. Жонка, магчыма Вілінская Софья Рыгораўна 1905 года нараджэння, беларуска, родам з в. Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна. Дзеці: Васілій Канстанцінавіч, 1933 года нараджэння, беларус, 4 класы Навасёлкаўскай пачатковай школы, Уладзімір Канстанцінавіч, 1938 года нараджэння.

Олендзкі Вітольд, 1890 года нараджэння. Ляснічый. Жонка Ядвіга. (Лёс невядомы.)

Окраса Станіслаў, 1896 года нараджэння. (Невядомая сувязь паміж Валянцінам Адамавічам А(О)краса, 1940 года нараджэння, расстраляным у 1942 годзе немцамі, магчыма гэта ўнук Станіслава?..)

Пароўскі Ян, 1884 года нараджэння. Жонка — Марыя 1884 года нараджэння. Вацлаў 1919 года нараджэння. Пароўскі Вацлаў Янавіч, 1919 года нараджэння. Пароўская Алена Пракопаўна, 1919 года нараджэння — жонка, полька, граматная. Станіслаў Вацлававіч, 1937 года нараджэння, Луцыя Вацлаваўна, 1939 года нараджэння. 25.09.1945 года выехалі на жыхарства ў Польшчу.

Партус Міхаіл, 1888 года нараджэння. Добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію, актыўны ўдзельнік Грамадзянскай вайны, камісар; па нацыянальнасці латыш. Жонка — Марыя Уладзіміраўна, 1884 года, бацька якой украінец, а мама немка. Першым на Лунінеччыну прыехаў Уласенка Уладзімір, а ўся сям’я пераехала ў 1919 годзе з Ровенскай вобласці вёскі Яблонова Бярозаўскага павету Украіны ў Намакрава, затым у Чарабасава. А да гэтага сям’я пражывала ў Жытомірскай вобласці Украіны. У 1926 годзе купілі зямлю ў Навасёлках, куды і пераехалі. Жылі адразу за вузкакалейкай з правага боку, як ісці на Ліпск. Дзеці: Партус Іван Міхайлавіч, 1912 года нараджэння, 4 класы пачатковай школы, нарыхтоўшчык грыбоў і ягад. Ева Міхайлаўна, 1914 года нараджэння, выйшла замуж у 1935 годзе за Гаргуна Мікалая Матруніча. У 1942 годзе Ева і Мікалай былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вяртання на радзіму пераехалі на станцыю Люшча, дзе жылі і працавалі. Аляксандр Михайлавіч, 1918 года нараджэння. Вольга Міхайлаўна, 1919 года нараджэння, з сям’ёй жыла ў горадзе Тальяці (Расія). Міхаіл Міхайлавіч, 1925 года нараджэння, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, жонка Марыя Марко з в. Бастынь Лунінецкага раёна. Цяпер жыве ў в. Сасноўка Язвінскага с/савета Лунінецкага раёна. Васілій Міхайлавіч, 1928 года нараджэння. Уладзімір Міхайлавіч, 1932 года нараджэння, з сям’ёй жыў у горадзе Кахоўка (Расія).

Партус Іван Міхайлавіч, 1912 года нараджэння, беларус, чытае і піша, пчалавод-садавод. Галіна Харытонаўна — жонка, 1924 года нараджэння, украінка. Лідзія Харытонаўна, сястра жонкі, 1931 года нараджэння, ураджэнкі Кіеўскай вобласці Украіны. Выбылі ў горад Лунінец.

Партус Аляксандр Міхайлавіч, 1918 года нараджэнння, каваль. Яўгенія Пятроўна (Ліхтар), 1924 года нараджэння — жонка. Марыя Аляксандраўна, 1941 года нараджэнння, Таццяна Аляксандраўна, 1942 года нараджэння, Ніна Аляксандраўна, 1945 года нараджэння жыве ў Брэсце. Уладзімір — пасынак, 1950 года нараджэння. Уладзімір на заслужаным адпачынку. Жыве з сям’ёй ў в. Велута. Працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе “Зара”, сёння СВК “Велута”.

Партус Міхаіл Міхайлавіч Лёс гэтага чалавека вельмі падобны на лёс яго сучаснікаў. Гадаваўся ў вялікай сям’і, рана пазнаў працу. Не было работы па гаспадарцы, якую б ён не ведаў. Быў дбайным і старанным гаспадаром, мужам, бацькам. Такіх было многа вакол яго, аднак Міхаіл Міхайлавіч адрозніваўся ад іншых, ад тых, якія былі паслухмянай большасцю і адразу адракаліся ад сваёй веры, ад таго, чаму вучылі іх бацькі. Яны ішлі па гладкай дарозе, на якой былі дарожныя знакі, абазначаныя гвалтоўнай палітыкай абязбожвання. Міхаіл Міхайлавіч выбраў вузкую і цярністую сцяжынку, якую бачылі вельмі нямногія. І ідзе па ёй сёння з адчуваннем, што ён не адзін, што разам з ім заўсёды Бог, і пагэтаму ён нічога не баіцца і адчувае сябе вельмі вольным чалавекам.

Нарадзіўся ў 1924 годзе, у шматдзетнай сям’і, у якой было яшчэ шасцёра дзяцей. Бацькі прыехалі на хутар Чарабасава Лунінецкага павета з Жытомірскай вобласці Украіны. У 1926 годзе пераехаў са сваёй сям’ёй у маёнтак Навасёлкі. За адзін навучальны год засвоіў праграму 3-ох класаў польскай чатырохкласнай школы. У 1941 і 1942 гадах вайны жылі ў Навасёлках. Пасля таго, як немцы ў 1942 годзе спалілі амаль усю вёску, большасці жыхароў прыйшлося жыць у партызанскім лагеры, які размяшчаўся на тэрыторыі аднаго з трох партызанскіх атрадаў Пінскай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава. Ужо знаходзячыся тут, Міхаіл Міхайлавіч цвёрда верыў, што немцы пацерпяць крах у вайне. Аб гэтым ён гаварыў свайму бацьку, які не зусім быў у гэтым упэўнены. Ужо ў жніўні 1944 года, калі ён праводзіў сына на фронт, ён спытаў усё-такі сына, адкуль ён ведаў аб перамозе нашых войскаў. На гэта сын толькі адказаў, што ён ведаў гэта яшчэ ў пачатку вайны.

На фронт Міхаіл Міхайлавіч быў мабілізаваны 8 жніўня 1944 года, цераз месяц пасля вызвалення Лунінеччыны ад фашысцкіх захопнікаў, у 256 артылерыйскі полк I-га Беларускага фронта. Першыя 3 месяцы рыхтаваліся па праграме курса маладога байца, недалёка ад польскага горада Любліна, у складзе 411 артылерыйскай брыгады, затым у складзе 117 Гвардзейскага стралковага палка I-га Беларускага фронта, а вайну закончыў у 101 стралковым палку.

Расказваючы аб франтавых буднях, Міхаіл Міхайлавіч успомніў, што ў канцы курсаў па спецыяльнасці тэлефаніст трэба было здаваць іспыты, (экзамены). Ён хваляваўся таму, што іспыты трэба было здаваць на расейскай мове, але ён здаў іх на выдатна. За кароткі час асвоіў спецыяльнаць ваеннага тэлефаніста, з якой і закончыў вайну. Быў паважаным чалавекам сярод аднапалчан. Са школьных гадоў Міхаіл Міхайлавіч пранікся хрысціянскай верай, з якой і жыве ўвесь свой век. Яна яго выратоўвала ў самыя цяжкія хвіліны мірнага жыцця і ў часы знаходжання на I-ым Беларускім фронце. Каноны яго веры не дазвалялі страляць у чалавека, аднак ён авалодаў спецыяльнасцю тэлефаніста і гэтым самым кожны дзень набліжаў доўгачаканы дзень Перамогі.

Пры размове ўспомніў, што самыя цяжкія баі былі ў час фарсірвання ракі Віслы, непадалёку ад польскага горада Радам, дзе былі вялікія чалавечыя страты, шмат загінула землякоў-лунінчан. Яго аддзяленне забяспечвала бесперабойную сувязь паміж наступаючымі войскамі. Сувязь працягвалі над ракой, яна часта абрывалася ад варожых мін і снарадаў. Потым было цяжкае фарсіраванне ракі Одэр, недалёка ад горада Лебус. Немцы вялі шквальны мінамётны агонь са сваіх “Скрыпачоў”, нечым падобных на нашы рускія “Кацюшы”, а нашым наступаючым войскам быў загад не прымяняць цяжкую артылерыю і авіяцыю па той прычыне, што ў прыгарадзе Лебуса знаходзіліся хімічныя прадпрыемствы. Вось тут аддзяленню тэлефаністаў пашанцавала “разжыцца” трафейным тэлефонным провадам, які можна было пракладаць па дне ракі. У выніку сувязь была больш устойлівая. У красавіку 1945 года Міхаіл Міхайлавіч атрымаў свой першы баявы медаль — “За баявыя заслугі”. Акрамя яго быў узнагароджаны медалём “За вызваленне Варшавы”. Пасля ўзяцця Варшавы яму са сваімі баявымі сябрамі многіх нацыянальнасцей давялося прымаць удзел у штурме фашысцкага логава — горада Берліна, дзе і сустрэў Міхаіл Міхайлавіч доўгачаканы дзень — дзень Перамогі. За бездакорнае наладжванне сувязі ў час штурма Берліна быў узнагароджаны трэцім медалём: “За ўзяцце Берлина”, а пасля падпісання капітуляцыі яму быў уручаны чацвёртым медаль — “За Перамогу над фашысцкой Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.“. За час знаходжання на фронце некалькі разоў бачыў праслаўленага маршала СССР, чатыры разы Героя Савецкага Саюза Георгія Канстанцінавіча Жукава.

Пасля заканчэння вайны яшчэ некалькі месяцаў войскі праводзілі “зачысткі”, некаторыя нямецкія падраздзяленні не хацелі раззбройвацца і з імі вялася рашучая барацьба. Кватараваліся ў пасляваенны час у горадзе Магдэбургу. З Германіі іх вайсковую часць перавялі ў горад Бердзічаў. Тут жылі ў былых царскіх казармах. Час быў нялёгкі не толькі для насельніцтва, але і для ваеннаслужачых. Перад дэмабілізацыяй атрымаў выдатную характарыстыку ад камандавання. На фронце прывык гаварыць праўду ў вочы, а вось у мірны час за сваю праўду неаднойчы быў незаслужана зняважаны. У 1946 годзе вярнуўся дамоў, у вёску Навасёлкі. 4 гады працаваў на вузкакалейцы Люшча — Чучавічы. Ажаніўся ў 1948 годзе. Жонка Марыя Марко, родам з в. Бастынь. За гады сумеснага жыцця выгадавалі 7 дзяцей: Міхаіл — 1949 года, Людміла — 1952 года, Надзея — 1955 года. Іх сем’і жывуць у Таліне, (Эстонія). Павел, 1950 года нараджэння, з сям’ёй жыве ў Нова-Кахоўцы (Украіна), Валодзя, 1957 года нараджэння, пражывае з сям’ёй у Ізраілі, Ніны, 1959 года нараджэння і Марыі, 1965 года нараджэння, ўжо няма. Міхаіл Міхайлавіч працаваў усе дапенсійныя гады майстрам па пашыву абутку і займаўся яго рамонтам. За сваю працоўную дзейнасць змяніў больш два дзясяткі населеных пунктаў 4-х былых саюзных рэспублік. За працу мае не адзін дзясятак пісьмовых удзячнасцей. Узнагароджаны, як ветэран Вялікай Айчыннай вайны, 11-цю медалямі і ордэнам “Вялікай Айчыннай вайны” II ступені. Нялёгкім было франтавое жыццё. Здавалася пасля вайны ўсё павінна быць лепшым. Аднак менавіта ў тыя часы Міхаіл Міхайлавіч уступіў у канфлікт з законам таго часу, які забараняў мець свабоду веравызнання, здраджваць сваім перакананням і глыбокай веры ён не мог. За гэта і быў пакараны пазбаўленнем волі на восем гадоў, аднак пасля 8-і месяцаў быў адпушчаны. Гэтае выпрабаванне не скарыла ягонай душы, а вера ў існаванне Бога яшчэ больш умацавалася. У 2006 годзе памерла жонка Марыя. Міхаіл Міхайлавіч жыве ў вёсцы Яжаўкі.

Вельмі сціплы чалавек, успамінае франтавыя гады з вялікім болем у сэрцы. На яго вачах гінулі баявыя сябры-аднапалчане. Гэта цяжкае відовішча з маральнага боку і ніяк не зразумелае радавому франтавіку, за што людзі павінны забіваць адзін аднаго, з якой мэтай? Але на фронце гэтым думкам было мала часу. Галоўнае было — выжыць і вярнуцца жывым дамоў. Мы ведаем, якой цаною нашаму народу дасталася Перамога. Міхаіл Міхайлавіч упэўнены ў адным, што чалавецтва на Зямлі павінна жыць у міры і згодзе і што самае святое — гэта чалавечае жыццё, а ўсё астатняе мірская мітусня.

Мне застаецца ад сябе асабіста пажадаць Міхаілу Міхайлавічу заставацца такім жа вернікам, як ён быў і ёсць, на ўсё астатняе жыццё! А нам вучыцца ў такіх людзей іх жыццёвай стойкасці і мудрасці. (28.04.2013 года)

Пляцюк Андрэй, 1912 года нараджэння Пляцюк Марыя Раманаўна, 1912 года, — жонка, беларуска. Дзеці: Арцемій Андрэевіч, 1935 года нараджэння, Аляксандр Андрэевіч, 1937 года нараджэння, Кацярына Андрэеўна, 1940 года нараджэння. Васільчук Адарыя Сідараўна, 1887 года нараджэння — маці Андрэя. Расказвае Аляксандр Аляксандравіч Пляцюк.

“Маю бабулю па лініі бацькі — Пляцюка Аляксандра Андрэевіча звалі Пляцюк Марыя Раманаўна, 1912 года нараджэння. Дзядуля — Пляцюк Андрэй Пятровіч, нарадзіўся ва Украіне. Пры «Польшчы» малады, поўны энтузіязму, дзядуля вырашыў разбагацець, прыехаў у Беларусь і купіў хутар, пачаў араць зямлю. На зямлі шчасця не зарабіў, а толькі цяжкую невылечную хваробу (сухоты), і жыццё яго была кароткiм. Паспеў ажаніцца, нарадзіць траіх дзяцей, а выгадаваць не паспеў, пакінуў на плечы бабулі іх зусім маленькімі (так што я яго зусім не ведаю). Бабуля нарадзiлася ў Столінскім раёне, у вёсцы Рухча-1. Яе маці (мая прабабуля) — Васільчук Дар’я Сідараўна нарадзілася ў Столінскім раёне ў вёсцы Радчыцк. Пасля смерці мужа (майго прадзядулі) яна пераехала ў вёску Навасёлкі да дачкі (маёй бабулі) дапамагаць гадаваць дзяцей, бо дзед Андрэй памёр. Так яны і жылі на хутары ў Навасёлках. Прабабуля Дар’я памерла ў 1982 годзе ва ўзросце 96 гадоў, бабуля Марыя памерла ў 1998 г. ва ўзросце 86 гадоў. Пахаваныя на могілках у вёсцы Чучавiчы.

Па лініі мамы — Пляцюк Вольгі Сцяпанаўны — бабулю звалі Багатка Аляксандра Анiсiмaўна, дзядуля - Багатка Сцяпан Астаповіч. Ваяваў падчас 1-й Сусветнай і грамадзянскай вайны на франтах, быў неаднаразова паранены, страціў здароўе і памёр ў 1942 годзе. Неўзабаве за дзядулем памерла і бабуля (іх я таксама зусім не ведаю). Нарадзіліся і жылі яны ў Столінскім раёне ў вёсцы Рухча-1. Працавалі на зямлі, калгасаў у той час не было, працавалі на сябе. У іх быў вялікі хутар.

Мой бацька, Пляцюк Аляксандр Андрэевіч, нарадзіўся 27 лістапада 1935 года ў Навасёлках на хутары. У сям’і было трое дзяцей — брат Арсеній, 1933 г.н., бацька і сястра Кацярына, 1941 г.н. Там на хутары яны і выраслі. Дзяцінства было цяжкае, без бацькі, усю мужчынскую працу даводзілася выконваць яму і старэйшаму брату. Даводзілася араць, сеяць, касіць і малаціць. Бацька хадзіў у школу ў вёску Чучавічы, скончыў 5 класаў. Служыў у арміі ў Пскове парашутыстам. За час службы (3 гады) выканаў 20 скачкоў з парашутам. Пасля прыходу з войска ў 1955 годзе, пайшоў працаваць у калгас конюхам. Ажаніўся ў 1959 годзе. Маці маю сустрэў на радзіме сваёй мамы (на Століншчыне). Распісаліся ў сельсавеце адразу пасля першай сустрэчы.

Мама, Пляцюк (Багатка) Вольга Сцяпанаўна, нарадзілася ў 1937 годзе ў вёсцы Рухча-1 Столінскага раёна. Вельмі рана стала сіратой — бацька памёр, калі ёй было 5 гадоў, а калi ёй было 9 гадоў — памерла яе мама. У сям’і было 3 дзяцей — старэйшы брат Косця — у гэты час быў у войску, мая мама і малодшы брат Васіль. Пасля смерці мамы старэйшага Косцю адпусцілі з войска дадому прыглядваць за малодшымі братам і сястрой. Затым Васіля забралі ў дзіцячы дом у г. Столін. Жыў ён там 10 гадоў, пакуль не скончыў школу. Затым ён пайшоў у армію, служыў радыстам, у цяперашні час жыве ва Украіне ў Чаркаскай вобласці, г. Смела.

Са старэйшым братам мама пражыла да замужжа. Працавала ў калгасе на свінакомплексе. За добрасумленную працу ў 1955 годзе была ўзнагароджана медалём “За добрасумленную працу”. Была дэлегiравана ў Маскву на ВДНГ.

Пасля вяселля мама пераехала жыць у Навасёлкі. Жылі на хутары разам са свякрухай 5 гадоў, потым пабудавалі свой дом у вёсцы. Жылі вельмі бедна, не было посуду, рыхтавалі есці ў гліняным збанку, пяклі сала ў банцы з пад кансерваў. Мама працавала ў калгасе паляводам, а затым даглядчыкам жывёлы. За добрасумленную працу ўзнагароджана медалём “Ударнiк пяцiгодкi”.

У вольны ад працы час мама любіла вышываць, ткаць, вязаць шкарпэткі, рукавічкі, розныя палавікі. У зiмовы час, калi завяршалiся палявыя работы, хата ператваралася ў маленькую “ткацкую фабрыку”.

Я нарадзіўся 17 лістапада 1960 года. У сям'і ў нас трое дзяцей — я і малодшыя сёстры Марыя (1962 г.н.) і Валянціна (1965 г.н.). Сваё дзяцінства я памятаю гадоў з 3-4. Жылі мы тады яшчэ ў бабулі на хутары. Вакол лес, цішыня. Глядзела за намі прабабуля Дар’я, пакуль бацькі былі ў полі. Далёка ад дома адыходзіць не дазваляла, сяброў не было. Калі пераехалі ў свой дом у вёсцы, тады ўжо гуляў з суседскімі дзецьмі. У Навасёлкаускую пачатковую школу пайшоў у 1968 годзе. У класе было 4 вучні: я, Бацюк Ала, якая жыве ў Калінкавічах, Курыловічам Аркадзь, жыве ў Маскоўскай вобласці) і Кавальчук Галіна, жыве ў Ганцавічах. Першая настаўніца — Мальвіна Мікітаўна, была вельмі добрая, але канiкул мы чакалі з нецярпеннем. Пасля трэцяга класа пайшоў вучыцца ў Вялуцкую школу. Першыя 2 гады хадзілі ў школу кожны дзень пешшу праз лес, па пяску, а пасля дажджу — па гразі. Добрай дарогі ў той час не было. У ранец мама клала з сабой абед — кавалак сала з хлебам, бутэльку малака. Пакуль даходзілі да школы — усё з’ядалася. Ісці было весела. З 6-га класа жылі ў інтэрнаце пры школе. У пакоі было чалавек 7-8. Дзяўчаты жылі ў асобным пакоі. Елі ў школьнай сталовай, якая была ў тым жа будынку.

У вольны ад урокаў час і ў час канікул бегалі ў лес, будавалі там буданы, зямлянкi, гулялі ў вайну, “хованкi”. Любілі гуляць у футбол, валейбол, у “цурку”. Самым смачным ў дзяцінстве было, калі кавалак хлеба мачылі ў вадзе і пасыпалі зверху цукрам.

Пасля заканчэння 8 класаў Вялуцкай сярэдняй школы (у 1976 годзе) я паступіў вучыцца ў Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік у сельскай гаспадарцы”. У 1979 годзе прызваны ў рады СА, служыў у Паўднёвай групе войскаў у Венгрыі, у войсках сувязі. Пасля службы ў войску працаваў у калгасе “Зара” (вёска Велута) бухгалтарам. У 1983 годзе ажаніўся i пераехалi жыць у горад Лунiнец. Працавау у Райсельгасхiмii. У 1988 годзе паступiў на завочнае аддзяленне ў БДIНГ імя Куйбышава і ў 1993 годзе скончыў ўжо БДЭУ.

У цяперашні час працую ў ДЛГУ “Лунінецкі лясгас” намеснікам галоўнага бухгалтара. Жанаты, у мяне трое дзяцей - дочкі Вольга, Ірына і сын Сяргей. Дзеці ўжо дарослыя, скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дочкі замужам, сын жанаты. Ва ўсіх ёсць дзеткі, я дзядуля траіх выдатных унучак — Дар’і, Паліны і Алесі. Жонка, Кацярына Міхайлаўна, працуе разам са старэйшай дачкой Вольгай ў інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Лунiнецкім раёне. Ірына ў цяперашні час знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцём да дасягнення трох гадоў, жыве ў Мінску. Сын Сяргей таксама жыве ў Мінску, працуе ў Дэпартаменце аховы. Ва ўсіх дзяцей дружныя сем’і, практычна ўсе святы збіраемся разам, часта ездзім да бабулек у вёску.

У час майго дзяцінства вёска была адбудаваная пасля вайны, яна год ад года прырастала хатамі і развiвалася, чаго не скажаш пра яе цяпер — моладзь з’язджае, састарэлыя жыхары паміраюць, пусцеюць хаты. Але ўсё-такі прыцягвае да сябе наша вёска сваёй прыродай, лесам вакол яе, возерам, вялікай колькасцю грыбоў і ягад, свежым хваёвым паветрам.

Нам застаецца толькі быць удзячнымі нашым бацькам, дзядулям і бабулям за тое, што маем сёння магчымасць ездзіць на сваю малую радзіму, бываць у сваіх любімых дзіцячых і юначых мясцінах. Часта яны прыходзяць нам у снах, як кадрыкі з старога чорна-белага кіно. Гэта асабліва прыемныя імгненні. Сны вяртаюць нас у тое далёкае дзяцінства, дзе былі яшчэ усе жывыя родзічы і блізкія. Памяць, наша памяць. Яна не дае нам забыць усё тое што было з намі. І гэта цудоўна...”.

З найлепшымі пажаданнямі маім дарагім землякам навасёлкаўцам! Аляксандр Пляцюк. Лунінец, 23 кастрычніка 2013 года.

Рачынская Эрэна Рыгораўна, 1912 года нараджэння, родам з горада Магілёва, руская. Лёс невядомы.

Румак(о) Ніканор, 1903 года нараджэння. Жонка Александра, 1910 года нараджэння. Месца, дзе пражывала гэтая сям’я і сёння называецца “Румакава”, “Румакавы хутар”. У 50-я гады ХХ стагоддзя сям’я пераехала ва Украіну.

Савіцкі Гжэгож (Рыгор), 1888 года нараджэння. Марыя, 1887 года нараджэння. Аляксандр, 1906 года. Мікалай, 1912 года нараджэння, Аляксандра, 1912 года нараджэння, Сымон, 1913 года.

Савіцкі Сямён Рыгоравіч. 1913 года нараджэння, згодна пашпарту за нумарам 2030 ад 24 мая 1941 года, паляк. Вольга Віктараўна, 1914 года нараджэння — жонка. Дзеці: Тамара Сямёнаўна, 1934 года нараджэння, Вітольд Сямёнавіч, 1935 года нараджэння, Мікалай Сямёнавіч, 1937 года нараджэння, Савіцкі Яўгеній, 1926 года нараджэння, рускі, родзіч, з Усходняй Беларусі. Быў таксама высланы з бабуляй, маці дзяцей Сямёна Рыгоравіча. У пачатку 1945 года ў Мікалаеве сустрэліся з сям’ёй Казловічаў (Хадзько). Вясной 1945 года, яшчэ ў Эльтаі Яўген пахаваў бабулю, пазней і маму. У жніўні 1945 года Жэня вярнуўся ў Навасёлкі, а 25.09.1945 года зняты з уліку ў Бастынскім с/савеце, ў сувязі з выездам на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу (з расказа Ходзька Іосіпа Іванавіча — ураджэнца Навасёлак, вывезенага з мамай і трыма братамі ў студзені 1941 года ў Казахстан).

Сайка Сідар Сідаравіч з в. Ліпск Ганцавіцкага раёна. Жонка Параскевія. Сыны: Трафім і Фёдар 1916 года нараджэння. Дачка, Таццянна Сідараўна, 1920 года нараджэння, выйшла замуж за Арлінскага Уладзіміра. Беззямельныя.

Сайко Трафім Сідаравіч, Мальвіна Людвігаўна — жонка, 1905 года нараджэння, полька, граматная, насеннявод. Дзеці: Аляксандр Трафімавіч, 1932 года нараджэння, беларус, Васілій Трафімавіч, 1934 года нараджэння, скончыў пачатковую школу, Алена Трафімаўна, 1938 года нараджэння, Іван Трафімавіч, 1940 года нараджэння.

Сайка Фёдар Сідаравіч, 1916 года нараджэння. Жонка Яўгення Архіпаўна (Шуляк), 1925 года, родам з в. Ліпск Ганцавіцкага раёна. Дзеці: Адам, 1949 года нараджэння, памёр у дзіцячым узросце. Канстанцін, 1950 года нараджэння. Жыў у Казахстане, трагічна загінуў. Уладзімір Фёдаравіч, 1951 года нараджэння, жыве ў Навасёлках.

Сайка Уладзімір Фёдаравіч, 1951 года нараджэння. Пачатковую школу скончыў у Навасёлках. Закончыў 10 класаў Вялікачучавіцкай сярэдняй школы. Жыве ў роднай вёсцы. Жанаты. Жонка, Вольга Антонаўна (Хлуд), 1955 года нараджэння, родам з суседняй вёскі Велута.

Дзеці Валянціна, 1974 года нараджэння, жыве і працуе ў горадзе Драгічын Брэсцкай вобласці. Наталля, 1977 года, замужам, жыве і працуе ў горадзе Пінску, Таццяна, 1979 года нараджэння, Жыве з сям’ёй і працуе ў населеным пункце станцыя Гарадзея, што ляжыць уздоўж чыгункі, на чыгуначным шляху Брэст-Мінск. Дзіма, 1984 года нараджэння, жыве з сям’ёй ў гародзе Мінску. Мікалай, жанаты, жыве з сям’ёй у Навасёлках. Кацярына, замужам, жыве і працуе ў горадзе Драгічыне. Аляксандр, 1993 года нараджэння, разам з Мікалаем працуюць будаўнікамі.

Свірская Марыя, 1895 года нараджэння. (Магчыма жонка Свірскага Захара?..)

Свірскі Захар. Дзеці: Іван, Рыгор, Марыя і Ганна.

Свірскі Іван Захаравіч, (з Еўтухаў), 1930 года нараджэння, Жонка — Бацюк Любоў Зіноўеўна, 1931 года нараджэння (бацькі па бацьку з Украіны, па маме — з Гродзенскай губерніі). Працавала абходчыцай вузкакалейнай чыгункі Люшча — Канал. У 1955 годзе выйшла замуж. На пенсію выйшла, працуючы ў Навасёлкаўскай паляводчай брыгадзе калгаса “Зара”, сёння СВК “Велута”.

Дзеці, Уладзімір Іванавіч, 1956 года нараджэння, жыве і працуе ў Расіі. Іван Іванавіч, 1957 года нараджэння жыве ў в. Вялікія Чучавічы. Надзея Іванаўна, 1955 года нараджэння Анатолій Іванавіч, 1967 года нараджэння, жанаты, жыве з сям’ёй і працуе ў г. Мікашэвічы Лунінецкага раёна. У Івана Захаравіча былі: брат Рыгор і сёстры Марыя і Ганна.

Свірская (Каховіч) Надзея Іванаўна, 1959 года нараджэння. Пасля заканчэння базавай школы пайшла працаваць у калгас. “Зара”, на МТФ № 3 аператарам машыннага даення. Замужам за Каховічам Міхаілам Аляксеевічам, 1955 з в. Велута, жывуць у Навасёлках. Муж працуе вадзіцелем у Навасёлкаўскім лясніцтве. Дзеці:

Аляксандр. Заканчыў Вялуцкую СШ. Быў поызваны на тэрміновую ваенную службу. Служыў у дэсантных войсках. Жанаты. Сям’я пражывае ў горадзе Каменец Брэсцкай вобласці.

Сяргей, 1980 года нараджэння. Пасля заканчэння Вялуцкай СШ паступіў у Столінскі эканоміка-юрыдычны каледж. Жыве ў в. Навасёлкі, працуе лесніком ў Навасёлкаўскім лясніцтве. Жанаты. Жонка Кацярына (Сайка) з суседняй вёскі Ліпск Ганцавіцкага раёна. Працуе аператарам машыннага даення на МТФ № 3 СВК “Велута”. Дачка ходзіць у 2-і клас Вялуцкай СШ.

Міхаіл, 1985 года нараджэння служыў у войсках МУС. Жанаты. Сям’я жыве ў в. Крупкі Мінскага раёна. Жонка Ганна Уладзіміраўна (Гардзюк). Працуюць у мясцовым СВК.

Уладзімір, 1987 года нараджэння. Пасля заканчэння Вялуцкай СШ вучыўся ў Пінскім будаўнічым каледжы. Жанаты на Юліі (Драніч), 1987 года нараджэння. Жывуць у горадзе Лунінцы.

Вольга, 1991 года нараджэння. Закончыла Вялуцкую СШ. Паступіла ў Брэсцкі каледж чыгуначнага транспарта. Пасля заканчэння была накіравана на работу ў Мінск, дзе працавала правадніцай пасажырскіх цягнікоў. 20 кастрычніка 2012 года выйшла замуж за Аляксандра Анатольевіча Арашкевіча, 1989 года нараджэння, бацька якога нарадзіўся і вырас таксама ў в. Навасёлкі, а цяпер жыве з жонкай у в. Чучавічы Лунінецкага раёна. Аляксандр скончыў 9 класаў Вялікачучавіцкай СШ. Паступіў у Ганцавіцкі прафесіянальны ліцэй. Атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста. З лютага 2013 года Вольга знаходзіцца ў водпуску па выхаванню дзіцяці. Жывуць з мужам у роднай в. Навасёлкі.

Свірскі Анатолій Іванаваіч, 1967 года нараджэння. “Памятаю сябе з трохгадовага ўзросту, як хадзілі на “15”-ю. Насупраць нашай хаты, на вузкакалейцы стаяў стоўп з лічбай “12”. Гэта значыла, што ад станцыі Люшча да гэтага стаўпа 12 км. Значыць, да бабулі па маці, трэба было ісці ў бок Чучавіч яшчэ 3 км. У мяне два браты: Уладзімір, які жыве ў Растоўскай вобласці Расіі і Іван, які з сваёй сям’ёй жыве ў в. Вялікія Чучавічы. Сястра Надзя жыве са сваёй сям’ёй у роднай вёсцы Навасёлкі, працуе на МТФ № 3 СВК “Велута” аператарам машыннага даення. Замужам за Каховічам Міхаілам з суседняй вёскі Велута. Ён працуе вадзіцелем на аўтамабілі, прывозіць рабочых да месца працы. Я, пасля заканчэння пачатковай школы ў Навасёлках (добра памятаю нашу адзіную настаўніцу на тры класы — Кавальчук Мальвіну Мікітаўну), скончыў 10 класаў Вялуцкай СШ. У юнацкія гады, я і многія мае вясковыя сябры, хадзіў “падзарабіць” у нашу навасёлкаўскую брыгаду мясцовага калгаса “Зара”. Дома заўсёды дапамагаў сваім бацькам у час нарыхтоўкі сена, праполкі дзялянкі цукровых буракоў і бульбы. Практычна з 7-гадовага ўзросту асвоіў касу. Памятаю, як гэта было, бацька з маімі братамі касіў непадалёку ад дома, на палянцы, сена. Яны прыселі крыху адпачыць, а мне вельмі захацелася спрабаваць таксама пакасіць. Відавочна, бацьку гэта спадабалася і пагэтаму ён аднойчы прывёз мне з Лунінца касу “№ 7” і вось тады я стаў “поўнапраўным касаром”. Добра памятаю, як пачалося і праходзіла будаўніцтва вялікага вадасховішча, якое размясцілася ў некалькіх сот метраў на паўночны захад ад вузкакалейкі Люшча-Чучавічы. На гэтым месцы раней мы пасвілі кароў, касілі сена. На будаўніцтве вадасховішча працаваў у тыя часы і мой брат Іван. У выхадныя і святочныя дні я са сваімім сябрамі любіў пагуляць на земснарадзе, вартаўнікоў там чамусці не было. Вельмі любіў пахадзіць па лесе. Здаецца, калі пабудзеш у лесе, нават кароткі час, усе роўна атрымліваеш ад гэтага нейкую станоўчую энергію, нейкі запал. Самымі любімымі святамі ў мяне былі, як і ў большасці маіх аднагодкаў, Новы Год і Вялікдзень ці як яго называлі яшчэ — Пасха. У святы заўсёды ежа была смачнейшая, дзецям купляліся падарункі, новае адзенне і было больш часу пагуляць з сябрамі. Вось пагэтаму, відавочна святы дзяцінства і памятаюцца на ўсё жыццё. Пасля заканчэння сярэдняй школы пайшоў вучыцца ДТСААФ, Лунінецкую аўташколу. Хутка пасля яе заканчэння быў прызваны на тэрміновую службу, якую праходзіў у горадзе Астрагожску Варонежскай вобласці РСФСР, у вучэбнай часці аўтамабільных войск. Пасля вяртання ў 1986 годзе ажаніўся з Тамарай Мікалаеўнай Каховіч, родам з в. Велута. Раней яна працавала ў дзіцячым садку, цяпер у леспрамгасе. Жыву з сям’ёй у горадзе Мікашэвічы. Дачка Кацярына, 1991 года нараджэння, скончыла Мікашэвіцкую СШ № 3, паступіла ў Аршанскі медыцынскі каледж. Цяпер жыве ў Віцебску, працуе ў цэнтральнай бальніцы горада. Сын Сяргей, 1993 года нараджэння, скончыў СШ № 3 горада Мікашэвічы, служыць ва Узброенных Сілах Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень прымае непасрэдны ўдзел разам са сваімім аднавайсковцамі ў сумесных ваенных вучэннях “Захад 2013”.

Цяпер працую па сваёй спецыяльнасці. Бываем на маёй малой радзіме. Бачу вялікія змяненні ў жыцці маіх землякоў. Праз вёску “бяжыць” выдатная аўтамабільная дарога, праўда, мяне яна ўжо не вельмі ўражвае. Былыя Навасёлкі адходзяць у небыццё, застаюцца сіратліва безгаспадарчыя хаты. На мой погляд, пачалося гэта яшчэ з сярэдзіны 90-ых гадоў ХХ стагоддзя, калі “замарозілі” дзеянне Люшчанскай вузкакалейкі. Яе роля ў жыцці некалькіх аддаленых лясных вёсачак, і ў гэтым ліку Навасёлак, бязмерна неацанімая. Шкада, “...што жыццё нельга павярнуць назад, і час ні на імгненне не спыніць...” Прырода ў нашых Навасёлках сапраўды цудоўная, аднак жыхароў з кожным годам становіцца ўсё менш. Гэта тэндэнцыя адносіцца не толькі да маёй роднай вёскі, а і ў цэлым, сельскіх населеных пунктаў Беларусі. На двары ХХI-е стагоддзе. Я, ўсё-такі, памятаю мае дзіцячыя і юнацкія Навасёлкі, я імі жыву і радуюся таму, што там нарадзіўся, там жыве мая мама і сястра з сям’ёй, там мае карані — гэта немагчыма ніколі забыць, гэтае пачуццё ў нашых сэрцах. Кожны чалавек праносіць яго праз усё сваё жыцце на гэтай Зямлі, на гэтым Свеце!“

З яскравай павагай да усіх маіх аднавяскоўцаў, дзе б яны не жылі — Анатолій Свірскі.

Сікержыцкі Франц, 1889 года нараджэння. (Лёс яго і сувязь паміж Канстанцінам Дзмітрыевічам невядомы).

Сікержыцкі Канстанцін Дзмітрыевіч, 1888 года нараджэння, перасяленец з Украіны. У студзені-лютым 1941 года вывезены ў Сібір. Лёс па сённяшні дзень невядомы.

Сікержыцкая (Чарапоўская) Таццяна Маркаўна — жонка, 1913 года нараджэння, полька, займалася сельскай гаспадаркай. У яе была родная сястра Зінаіда Маркаўна, 1907 года нараджэння, якая была замужам за Калодачкіным Рыгорам.

Валянціна Канстанцінаўна Сікержыцкая, дачка Таццяны Маркаўны, нарадзілася ў маі 1941 года ў вёсцы Навасёлкі, праз 3 месяцы пасля арышту свайго бацькі, які ніколі так і не вярнуўся дадому, невядома нават і месца яго пахавання, як і соцен другіх жыхароў нашай шматпакутнай радзімы Беларусь. Мама ў 1945 годзе выйшла другі раз замуж за ўдаўца, Курыловіча Уладзіміра Аляксандравіча. У 1946 годзе мама нарадзіла сястру Марыю Уладзіміраўну, якая жыве ў горадзе Мінску. Там жа пражывае і яе сын. У 1949 годзе мама памерла. У мамы засталіся ў Польшчы родная сястра і брат, сувязь з якімі падтрымліваць не было магчымасці. Валянціна пачатковую школу наведвала ў вёсцы Навасёлкі. 10 класаў закончыла ў вёсцы Вялікія Чучавічы ў 1958 годзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы працавала ў Вялікачучавіцкай школе піянерважатай на працягу аднаго навучальнага года. У 1960/61 навучальным годзе працавала піянерважатай у Вялуцкай сямігадовай школе Лунінецкага раёна. У гэтым жа годзе выйшла замуж за Івана Адамавіча Шэлега, які служыў звыштэрміноую ваенную службу на Гомельшчыне. У 1963 годзе вярнуліся ў Лунінец. Муж стаў працаваць памочнікам машыніста, а пазней і машыністам на чыгунцы станцыі Лунінец. Валянціна Канстанцінаўна працавала прадаўшчыцай у Лунінецкім гарпо да 1996 года. Сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У сям’і нарадзілася двое дзяцей: дачка — Таццяна Іванаўна, закончыла інстытут і працуе ў адной з Мінскіх школ-інтэрнатаў. У іх сям’і растуць дзяўчынкі-двайняшкі. У лунінцы жыве сын з сям’ёй. Працуе, як і бацька машыністам. Кожны год, тыдзень пасля Вялікадня, у правадную нядзелю ўсе родзічы вялікай Навасёлкаўскай сям’і адведваюць магілы сваіх родных і блізкіх, затым едуць усе ў в. Навасёлкі да Курыловіча Паўла Аляксандравіча, аднаго са старэйшых прадстаўнікоў роду Курыловічаў, далёкія продкі якіх прыехалі сюды ў пачатку ХХ стагоддзя з Гродзенскай губерніі. Валянціна Канстанцінаўна на працягу ўсяго жыцця ўдзячна Уладзіміру Аляксандравічу, за тое, што ён яе гадаваў як сваю родную дачку. (З тэлефоннай размовы з Валянцінай Канстанцінаўнай, красавік 2013 года І.А.).

Секержыцкая Валянціна Іосіпаўна. 1879 года нараджэння, полька, хатняя гаспадыня, на ўтрыманні нявесткі роднага брата.

Сліўка Анастасія, 1908 года нараджэння. (Лёс невядомы).

Сітнік Іван Васільевіч, 1895 года нараджэння, Ковельскага павета Валынскай губерніі Украіны; украінец, земляроб, “пячнік-залатыя рукі” . Анастасія Адамаўна — жонка, 1892 года нараджэння. Мікалай Іванавіч — сын, 1931 года нараджэння. Сям’я пераехала на гістарычную радзіму дзядоў — ва Украіну.

Стаяноўскі Фёдар Лукіч, 1908 года нараджэння, украінец, м. Пачаева, Крэмянецкага раёна, Цярнопальскай вобласці Украіны, плотнік. Марыя Захараўна — жонка, 1909 года нараджэння, хатняя гаспадыня. Васіль Лукіч, 1905 года. Займаецца сельскай гаспадаркай. Дзеці: Уладзімір Фёдаравіч, 1934 года нараджэння беларус, скончыў пачатковую школу, Ніна Фёдараўна, 1944 года нараджэння. Пасля 1945 года сям’я выехала ва Украіну.

Токар Павел Данілавіч, 1905 года нараджэння, украінец, сяло Гудні Крэмянецкага раёна Цярнопальскай вобласці Украіны. Жонка — Марыя Іванаўна, 1906 года нараджэння. Іх дзеці:

Ганна Паўлаўна, 1931 года нараджэння. Міхаіл Паўлавіч, 1932 года нараджэння. Вольга Паўлаўна, 1935 года нараджэння. Васілій Паўлавіч, 1937 года нараджэння. Мікалай Паўлавіч, 1944 года нараджэння. Дзмітрый Паўлавіч, 1947 года нараджэння. Алена Міхайлаўна, 1884 года нараджэння, маці Паўла Данілавіча. Ева Данілаўна, 1918 года нараджэння, сястра Паўла Данілавіча. Былі ў яго яшчэ і браты:

Дзмітрый Данілавіч і Якаў Данілавіч. Дзмітрый Данілавіч з сястрой Евай жылі пасля вайны ў Запарожскай вобласці, ва Украіне. Якаў вярнуўся з прымусовых работ у Германіі, жыў і працаваў у Навасёлках. У 1950/51 годзе пражываў у в. Баравікі Лунінецкага раёна. У 1952 годзе выехаў ва Украіну. Далейшы лёс яго невядомы.

У часы польскай і нямецкай акупацыі, а таксама і ў пасляваенныя гады Павел Данілавіч працаваў кавалём на станцыі Люшча разам з Партусам Аляксандрам, памёр у 1978 годзе. Жонка была хатняй гаспадыняй, памерла ў 1983 годзе.

Токар Міхаіл Міхайлавіч, (невялікі ўспамін аб бацьку). Мой бацька — Міхаіл Паўлавіч, нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі ў 1932 годзе. Дзяцінства яго прыйшлося на гады польскай і нямецкай акупацыі вёскі, як і ўсёй Заходняй Беларусі. У час знаходжання ў партызанскім лагеры ў 1943-44 гадах, пасля спалення 26 хат немцамі і паліцаямі, Міхаіл Паўлавіч застудзіў нагу, што з’явілася прычынай інваліднасці на ўсё жыццё. Пасля вайны працаваў разам з Занцэвічам Яўгенам майстрам па рамонту абутку ў в. Вялікія Чучавічы. Калі арганізавалася паляводчая брыгада калгаса “Шлях Леніна”, а ў 70-я гады калгаса “Зара”, перайшоў працаваць у калгас, у паляводчую брыгаду. Быў жанаты з ўраджэнкай суседняй вёскі Велута Драбовіч Зінаідай Фёдараўнай. У сям’і нарадзіліся два сыны і дачка.

Міхаіл Міхайлавіч, старэйшы сын, з 1957 года нараджэння. Пачатковую школу закончыў у в. Навасёлкі. Васьмігадовую адукацыю атрымаў у Вялуцкай сярэдняй школе ў 1972 годзе. Пасля заканчэння базавай школы паступіў у Пінскае сельскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча № 28. Атрымаў спецыяльнасць трактарыста і атэстат сталасці аб сярэдняй адукацыі. Працаваў у калгасе “Зара”. У маі 1975 года ваенкаматам быў пасланы на курсы судавога электрыка, а ў лістападзе таго ж года быў прызваны на тэрміновую службу ў рады Ваенна-Марскога Флоту СССР. Службу пачаў на Балтыйскім флоце, у плаўсаставе дызельных падводных лодак, база якіх знаходзілася непадалёку ад горада Палдзіскі былой Эстонскай ССР. Служба Міхаілу падабалася. Праз 6 месяцаў яго перавялі электрыкам БЧ-5 на тральшчык. Тут ён і даслужыў сваю службу да дэмабілізацыі ў 1978 годзе. За часы службы меў падзякі і заахвочванні ад камандавання. Пасля вяртання на радзіму пайшоў працаваць зноў у калгас “Зара”. Ажаніўся з Верай Міхайлаўнай Каховіч, родам з суседняй вёскі. Вера Міхайлаўна працавала цялятніцай на малочна-таварнай ферме № 3 СВК “Велута”. Міхаіл працаваў на трактары да 2006 года. З 2006 года і да выхаду на пенсію ў 2012 годзе працаваў пасатухом у СВК “Велута”. Жыве гэтая дружная сям’я ў в. Навасёлкі, у прыгожым, драўляным, дагледжаным доме. Міхаіл з Верай нарадзілі і выхавалі чацвёра дзяцей:

Мікалай, 1983 года, старэйшы сын ў сям’і, адслужыў службу ў 38 Гвардзейскай мабільнай брыгадзе. Жанаты, працуе будаўніком у г. Слуцк Мінскай вобласці. Таццяна — жонка, аграном па прафесіі. У сям’і растуць тры дачкі.

Алёна, 1985 года нараджэння працуе аператарам машыннага даення на МТФ № 3 СВК “Велута”. З мужам Дзмітрыем жывуць у сваёй хаце. Расце 2-гадовая дачка Алеся.

Дзмітрый Міхайлавіч, 1988 года нараджэння, будаўнік. Жонка Ірына, ураджэнка в. Лунін Лунінецкага раёна. Жывуць таксама ў Слуцку.

Анастасія, 1991года нараджэння, бухгалтар па адукацыі. Замужам за Сайка Анатолем Уладзіміравічам, ураджэнцам в. Велута Лунінецкага раёна. Жывуць і працуюць у в. Асавец Любанскага раёна Мінскай вобласці.

У Міхаіла Міхайлавіча ёсць брат Віктар, 1967 года нараджэння. Працуе вадзіцелем у горадзе Мінску. З жонкай Тамарай выхавалі сына і дачку. Сын Саша служыць у пагранічных войсках, а дачка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, а яшчэ ёсць малодшая сястра.

Кацярына Міхайлаўна, 1959 года нараджэння. У 1975 годзе скончыла 9 класаў Вялуцкай СШ, восенню таго ж года выйшла замуж. Муж яе, Іван Міхайлавіч Грушэўскі, працаваў 16 год брыгадзірам Навасёлкаўскай паляводчай брыгады калгаса “Зара”, а цяпер ужо СВК “Велута”. У Навасёлкі прыехаў 1-га верасня 1972 года. З 1989 года працаваў бухгалтарам Навасёлкаўскага лясніцтва Лунінецкага лясгаса да выхаду на заслужаны адпачынак у 2011 годзе. Заядлы рабалоў-аматар.

Да 1976 года Каця працавала малаказборшчыцай МТФ № 3 калгаса “Зара” у в. Навасёлкі. З 1989 года пайшла працаваць памочніцай загадчыка МТФ № 3. З 2006 года працуе загадчыцай МТФ № 3. У сям’і Грушэўскіх нарадзіліся трое дзяцей:

Людміла, 1976 года нараджэння. Скончыла педвучылішча і Мазырскі педагагічны інстытут, працуе настаўніцай пачатковых класаў Вялуцкай СШ. Муж — Кавальчук Аляксандр Барысавіч. Працуе вадзіцелям у СВК “Велута”.

Андрэй, 1980 года. Жыве ў Лунінцы, працуе пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжу ў БМК-19. Жанаты, жонка — Юлія Уладзіміраўна Зылевіч, ураджэнка суседняй в. Велута, працуё медыцынскай сястрой у стаматалагічнай паліклініцы горада Лунінца. Сын Дзмітрый наведвае дзіцячы садок.

Малодшы сын, Іван Іванавіч, нарадзіўся ў 1987 годзе. Закончыў Пінскае вучылішча будаўнікоў. Таксама працуе ў БМК-19 горада Лунінца. Жонка — Алёна Анатольеўна, родам з в. Вялікія Чучавічы, працуе ў Вялуцкай СШ, са школнікамі групы падоўжанага дня. Закончыла педагагічнае вучылішча ў горадзе Ваўкавыск Гродзенскай вобласці. У сям’і растуць дзве дачуркі — Анастасія, 3-ы гады, і Танюша, якой ідзе 5-ы месяц. Грушэўскія жывуць у сваім драўляным доме, ў вёсцы Навасёлкі.

Вось такая невялічкая “галінка” вырасла на ”дрэве” рода, украінца па нацыянальнасці, Токара Міхаіла Данілавіча. А такіх галінак за прайшоўшыя больш чым 100 гадоў, пачынаючы яшчэ ад Паўла Данілавіча і Марыі Іванаўны вырасла нямала. Падобных родавых дрэваў у в. Навасёлкі на пачатку ХХ стагоддзя аказалася больш за 15. “Разляцеліся лісткі” гэтых дрэваў па ўсім зямным шары, аднак шматлікія іх нашчадкі ніколі не забываюць прыязджаць на малую радзіму, абавязкова ў памінальныя дні сваіх продкаў ды і ў другія часы.

Токар Дзмірый Паўлавіч, 1947 года нараджэння, в. Навасёлкі. Закончыў сем класаў Вялікачучавіцкай сярэдняй школы ў 1961 годзе. Пасля школы вучыўся на вадзіцеля ў Пінскім вучылішчы. Пасля атрымання спецыяльнасці працаваў у калгасе “Зара”. У 1966 годзе быў прызваны на службу ў армію. Папаў у вучэбнае падраздзяленне, якое рыхтавала ваеннаслужачых аднаго з рэдкіх родаў войск СА — падраздзяленне Грамадзянскай абароны. Рыхтавалі там дасканальна таму, чым трэба было займацца будучым воінам Грамадзянскай абароны. Гэта нялёгкая служба, нешта падобнае сёння нагадвае служба ў радах Міністэрства па Надзвычайных Сітуацыях. Па-першае там надзялялася шмат увагі і часу фізічнай падрыхтоўцы, лоўкасці, уменню хутка вырашаць узніклыя праблемы, прымаць рашэнні і паспяхова выходзіць з крытычных сітуацый. Яму гэта ўдавалася. З Дзмтрыем плячо ў плячо служылі аднавайскоўцы некалькіх нацыянальнасцей, іх усіх яднала пачуццё сяброўскага локця, сапраўдная вайсковая дружба. За час службы меў заахвочванні і ўзнагароды. За гэты час давялося пабываць у Чэлябінску. Затым вярнулі ў Маскву. Прапанавалі паехаць на курсы афіцэраў запасу, з умовай застацца служыць у арміі афіцэрам. Як і некаторыя яго сябры, адказаўся. Даслужваў свой тэрмін пад Масквой. Дэмабілізаваўся ў званні старшага сяржанта. Пасля службы да 1970 года працаваў вадзіцелем аўтамабіля, які вазіў рабочых з бліжэйшых да Люшчы вёсак на працу: з Велуты, Навасёлак, Бастыні і Дзятлавіч. Напарнікам быў яго зямляк — Арлінскі Франэк. Потым згадзіўся паехаць на курсы ”Кранаўшчыка казлавых кранаў” у г. Бабруйск. Аднак працаваць па гэтай спецыяльнасці не стаў, перайшоў працаваць вадзіцелем у калгас “Зара”, адной з брыгад якога з’яўлялася ў тыя гады вёска Навасёлкі. Ажніўся з Верай Данілаўнай з в. Велута. Вера Данілаўна нарадзілася і вырасла ў роднай вёсцы Велута, дакладней на хутарах, пасярод прыгожай прыроды. Бацькі і іх нашчадкі Веры Данілаўны з сялян, велуцяне. З дзяцінства яна добра ведала ўсе сялянскія работы. І калі стаў выбар, кім быць, не раздумвала, выбрала працу на жывёлагадоўчым комплексе. 35 гадоў і тры месяцы працавала цялятніцай. Праца гэтая вельмі цяжкая. Трэба кожны дзень рана ўставаць і позна прыходзіць; рыхтаваць кармы, затым іх разнесці ўручную, напаіць, прыбраць усё “належанае і настоенае”. А было гэта іменна так у тыя часы. Хадзіць па тэрыторыі трэба было толькі ў гумавых ботах зімой і летам. Ніякіх памочнікаў, падвозчыка тады не было, у параўнанні з сённяшнімі днямі, усё на сваёй спіне і на руках. І цяляткі таксама бываюць малыя, як і дзеці, іх патрэбна выпойваць. Прывучаць з цягам часу да другіх, больш грубых кармоў. Не лепшыя былі і ўмовы ацяплення цялятнікаў. Ды яшчэ павінны былі кожны месяц “даваць прывесы”. Праца гэта надзвычай адказная. Лічу, што такім людзям, як Веры Данілаўне і ёй падобным, патрэбна б з выхадам на пенсію даваць “персанальную пенсію”. Шкада, што гэтага па сённяшні дзень няма ў нашых СВ. Такія працаўніцы і працаўнікі дастойны павышанай пенсіі! Дзеці сваімі бацькамі ганарацца! Яны гэтага дастойны. У сям’і нарадзіліся два сыны: Эдуард, 1970 года, які працуе ў СВК “Велута” вадзіцелем грузавога аўтамабіля. Жонка Наталля Уладзіміраўна. У сям’і трое дзяцей: Аляксандр, Яўгеній і Марыя. Наталля Уладзіміраўна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Вялуцкай школе. Анатолій, 1975 года нараджэння. Жыве ў в. Велута, працуе аператарам машыннага даення на жывёлагадоўчым комплексе СВК “Велута”. Жонка Таццяна. У сям’і растуць двое дзяцей: Аляксей і Юлія. Бацькі вельмі рады за сваіх дзяцей і ўнукаў. Дзмітрый Паўлавіч як і жонка, Вера Данілаўна, таксама мае 42 гады працоўнага стажу, з якіх 34 ён адпрацаваў у калгасе “Зара” і СВК “Велута”. З 2007 года знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Кожны дзень у Веры Данілаўны і Дзмітрыя Паўлавіча размеркаваны. Яны працуюць, па меры сіл, на сваім прысядзібным участку, дапамагаюць словамі і справамі сваім дзецям і ўнукам. Жывуць у прыгожым месцы, урочышча называецца “Чорны брод”. Праўда, брода ўжо няма, даезд да хаты добры. Застаецца гэтай дружнай і любячай сям’і пажадаць здароўя, доўгіх гадоў жыцця пад ясным і мірным небам на радасць сваім нашчадкам!

Траяноўскі Уладзіслаў, 1888 года нараджэння Браніслава Уладзіславаўна, 1890? года нараджэння — жонка. Іван — брат Браніславы, 1913 года нараджэння. Дзеці: Ясь Уладзіслававіч, 1915 года нараджэння, Аляксандр, 1918 года, Ірэна 1922 года нараджэння, Балеслаў, 1927 года нараджэння — сын брата. Марыя Пятроўна — сваячка 1922 года нараджэння. 25.09.1945 года сям’я выехала ў Польшчу.

Траяноўскі Ясь Уладзіслававіч, 1915 года нараджэння, паляк, граматны. Жонка Марыя Пятроўна, 1922 года — сваячка сям’і Траяноўскай Браніславы Уладзіславаўны, украінка. Дзеці: Франэк Ясевіч, 1944 года нараджэння, Надзея Ясеўна, 1945 года нараджэння, і Уладзімір Ясевіч, 1948 года нараджэння (выехалі ва Украіну).

Траяноўскі Аляксандр Уладзіслававіч, 1918 года, паляк, граматны. Жонка — Алімпія Іванаўна, 1922 года нараджэння. Дзеці: Рэгіна Аляксандраўна, 1943 года нараджэння, Уладзімір Аляксандравіч, 1945 года нараджэння. 5 жніўня 1945 года выехалі на гістарычную радзіму, ў Польшчу на месца пастаяннага жыхарства.

Траяноўскі Станіслаў і Янэк — бацька і сын, расстраляны ў 1942 годзе ў бок Чучавіч, месца называлася і называецца сёння “Ясева” і “Стасева”.

Фальварскі Рыгор, 1884 года нараджэння. Жонка Марыя, 1886 года нараджэння. (Лёс невядомы).

Фесавец Іван Яфімавіч, 1907 года нараджэння, беларус, граматны. Станіслава Уладзіміраўна, 1920 года нараджэння, — жонка, полька. 25 верасня 1945 года выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу.

Цюшкевіч Фама (Тамаш?) Адамавіч, 1889 года нараджэння, беларус, граматны, 6 класаў, матарыст па аўтамабілях. Еўдакія Піліпаўна — жонка 1892 года нараджэння, в. Малеч Пружанскага раёна. Яўген Фаміч, 1922 года нараджэння, хутар Чарабасава Лунінецкага павета, граматны. Аляксандра Уладзіміраўна — жонка, 1922 года нараджэння, беларуска, в. Навасёлкі. Павел Яўгенавіч 1944 года нараджэння, унук Фамы, сын Аляксандры і Яўгена. Софья Яўгенаўна, 1948 года нараджэння, унучка Фамы. Зеневіч Валянціна Уладзіміраўна, 1930 года нараджэння, беларуска, 2 класы пачатковай школы, яе брат Мікалай Уладзіміравіч, 1936 года нараджэння.

23 студзеня 2013 года размаўляў з праўнукам Фамы Адамавіча Генадзем Яўгенавічам. Вось яго кароткі ўспамін (І.А.).

“Майго бацьку звалі Яўген Фаміч, нарадзіўся ён у 1922 годзе на адным з хутароў в. Чарабасава Лунінецкага павета. У сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў маёнтак Навасёлкі, таксама Лунінецкага павета. У першым шлюбу ў бацькі было 4 дзяцей: Павел Яўгенавіч, 1944 года нараджэння, Зоя Яўгенаўна, 1948 года, Марыя 1952 года і Уладзімір, 1957 года. Зоя, Марыя і Валодзя жывуць у Краснай Волі Лунінецкага раёна, а Павел жыве ў Расіі. Калі Аляксандра Уладзіміраўна памерла, мой бацька ажаніўся з маёй мамай — Вольгай Фёдараўнай Сайко, родам з суседняй вёсачкі Ліпск, яна была з 1932 года. У маіх бацькоў было таксама 4 дзяцей: я — Генадзій, 1960 года нараджэння, Таццяна, 1962 года, Людміла, 1963 года, і Віталій з 1965 года. Хата наша і сёння знаходзіцца там, дзе мы ўсе нарадзіліся ва ўрочышчы ”Воўчы луг”. У 1967 годзе пайшоў у першы клас Навасёлкаўскай пачатковай школы. Першая настаўніца ў мяне была Мальвіна Мікітаўна Кавальчук (Блінцова). У класе нас было ўсяго 5 вучняў: Бокша Таня, Гардзіевіч Сяргей, Казловіч Аркадзій і Кавальчук Валянціна — дачка Мальвіны Мікітаўны. З 1971 года вучыўся ў Вялуцкай сярэдняй школе. Пасля заканчэння 8 класаў паступіў у Пінскае СПТВ № 28 па спецыяльнасці трактарыст-машыніст. Адначасова закончыў 9-10-я класы сярэдняй школы. Пасля заканчэння вучылішча працаваў няпоўны год у калгасе “Зара”, адкуль і быў прызваны на службу. Служыў у адной з ракетных часцей на тэрыторыі Беларусі. Пасля дэмабілізацыі працаваў машыністам экскаватара на пабудове вадасховішча “Велута” ў меліярацыйнай арганізацыі “Кіеўгідрапраект”. Пасля пабудовы вадасховішча 16 гадоў працаваў вадзіцелем маршрутных аўтобусаў у Лунінецкай аўтабазе № 10. З 1998 года і па 2013 год працаваў вадзіцелем МАЗа ў ДРБУ г. Лунінца. З гэтага года пераведзены матросам на пабудаваны паром праз р. Прыпяць, які зблізіў Лунінецкі і Столінскі раёны. Ажаніўся. У мяне з жонкай Алай ёсць сын Анатолій, які пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў горадзе Мінску, там жа жыве і працуе. Жанаты, з жонкай гадуюць сына, якому ўжо 3 гады. Пасля смерці Алы ажаніўся другі раз, жонку зваць Вольга, у нас расце сын Павел, які вучыцца ў 8-м класе СШ № 2 горада Лунінца.

Сястра Таццяна замужам за Новікам Анатолем, маюць сыноў Яўгена, 1986 года і Мікалая, 1988 года нараджэння, жывуць у Лунінцы.

Сястра Людміла была замужам за Арэхвай Іванам Уладзіміравічам з в. Велута Лунінецкага раёна У іх тры сыны. Аляксандр, 1981 года нараджэння, Дзмітрый і Яўген пастаянна жылі ў в. Велута. Пасля смерці мужа Людміла пераехала ў Мінскую вобласць на пастаяннае месца жыхарства.

Брат Віталій, 1965 года нараджэння. пасля заканчэння 11 класаў Вялуцкай СШ працаваў пчалаводам, пазней уладкаваўся на працу лесніком у Навасёлкаўскае лясніцтва, дзе працуе і сёння. Жанаты з Раісай Аляксандраўнай Канапацкай, 1967 года нараджэння, родам з вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна. Да 2008 года працавала прадаўцом у магазіне. Цяпер працуе аператарам машыннага даення на МТФ № 3 СВК “Велута”. Жывуць у бацькоўскай хаце, у роднай вёсцы Навасёлкі. Дзеці ўжо ўсе дарослыя, скончылі школу.

Вольга жыве і працуе ў горадзе Брэсце. Яна скончыла Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка.

Алёна закончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі універсітэт па спецыяльнасці: “Доктар педыятр”. Выйшла замуж у Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці за Сяргея Фіндзюка. Знаходзіцца ў дыкрэтным водпуску.

Ірына замужам за Каховічам Максімам Аляксеевічам з в. Велута, які заканчвае ў гэтым годзе Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Ірына вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным падагагічным універсітэце імя А.С. Пушкіна на факультэце журналістыкі. У сям’і расце дачушка Данута.

Дзмітрый Вітальевіч пасля школы закончыў музычнае вучылішча па класу баяна. Адслужыў армію ў пагранічных войсках Рэспублікі Беларусь. Цяпер працуе газаэлектразваршчыкам. Пакуль не сямейны.

Вось такі працяг нашай Навасёлкаўскай дынастыі дзеда Фамы і бабулі Еўдакіі, якія былі аднымі з першых перасяленцаў, пераехаўшых на маю малую радзіму, больш за 80 гадоў таму...”

Шафранскі Антоній, 1900 года нараджэння. Жонка — Агата 1903, года нараджэння.

Ходзька (Казловіч) Іван Віктаравіч, 1900 года нараджэння. Жонка — Аляксандра Аляксандраўна, 1896 года нараджэння, в. Малеч, сёння Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці — полька, граматная. Дарэчы, гэта было другое замужжа. Першы муж яе быў Гардзіевіч Сяргей Апанасавіч, з якім у яе нарадзіўся сын Сяргей. Муж паехаў у Аргенціну, адкуль і не вярнуўся.

Дзеці з Іванам Віктаравічам: Віктар Іванавіч, 1928 года нараджэння, Уладзімір Іванавіч, 1930 года нараджэння, Іосіп Іванавіч, 1932 года нараджэння і Аляксандр Іванавіч, 1937 года нараджэння.

Ходзька Клеменцій Віктаравіч, 1906 года нараджэння.

Ходзька Іосіп Іванавіч, нарадзіўся ў 1933 годзе. На працягу 6 гадоў жыў пры Польшчы. Абяцаў расказаць аб сваім дзяцінстве другім разам. (Склалася ўражанне, што яму вельмі важна расказаць аб сваім незвычайным жыцці І.А), жыцці яго бацькі, Івана Віктаравіча, якога забралі Саветы ў снежні 1939 года, а маму — Аляксандру Аляксандраўну, і трох яго братоў: Валодзю, Віктара і Сашу забралі ў студзені 1940 года, прывезлі на станцыю Лунінец, дзе сабралася такіх “ворагаў народа” шмат. Падагналі “цялятнікі” і павезлі ў невядомым напрамку. Мы толькі сёння, 70 гадоў таму, ведаем, за што вывозілі такіх сялян: за тое, што яны мелі невялікія зямельныя надзелы, якія іх бацькі купілі ў 30-я гады ў в. Навасёлкі, дзе яны добрасумленна працавалі. Скажу наперад, што яны будуць усе, хто выжыў, рэабілітаваны. А пакуль яны ехалі ў невядомасць, у халодных вагонах.

“Прывезлі іх у Акмолінскую вобласць, на станцыю Вішнёўка. Тут, за 70 км ад горада існаваў калгас ”Новая Міхайлаўка”. Адразу ж з першых дзён хадзілі ўсе дзеці з мамай на працу ў калгас. Зіма была суровая і снежная. Першае, што запомніў 13 гадовы Юзік, гэта малацьба жыта са скірдаў. Стаяла малацілка, трактар, праз шківы і шырокараменную перадачу прыводзіў у рух гэтую малацілку. Дзеці дапамагалі маці развязваць на снапах перавяслы, а мама і другія жанчыны кідалі калоссе снапоў у малацілку. Гэта для дзяцей была праца не з лёгкіх. Маці хадзіла на такую работу ў вялікіх гумовых ботах. Пры канцы рабочага дня ў гэтыя боты ўпотай насыпала сабе трохі зерня разам з мякінай. У час працы пастаянна прысутнічаў брыгадзір. Аднойчы ён адазваў яе ўбок і сказаў: “Я ведаю, “Хадзьчыха”, што ў цябе 4-ы сыны і іх трэба карміць. Глядзі, каб не паслалі вас усіх яшчэ далей”. Ён нікому не гаварыў аб убачаным, а былі і другія. Вось з таго, што некалі маме ўдавалася прынесці дамоў, варылася каша або рэдзенькі кісель. Вясной стала лягчэй, у стэпах паяўлялася дзікая цыбуля і шчаўе. Уся дзетвара, якая жыла тут, выходзіла “пасвіцца” на прыроду. Іосіпу Іванавічу і сёння ўспамінаць былое вельмі цяжка. Недалёка працякала рака Ішым, у якой любілі купацца як дзеці, так і дарослыя. У калгасе працаваць было заўсёды цяжка. Даводзіўся план здачы рознай прадукцыі, які патрэбна было здаць ва ўказаны тэрмін. Грошай не плацілі, запісвалі працадні, а на іх 2 разы ў год выдавалі збожжа, якога ніколі не хапала ад ураджаю да ўраджаю. У пасёлку ў гэты час жылі і працавалі немцы, вывезеныя з Паволжа, палякі, вывезеныя з Заходняй Беларусі і Украіны, а ў 1943 годзе сюды дэпарціравалі і чэчэнцаў. Усе дарослыя былі на фронце, а дзецям з 13 год прыходзілася працаваць нават і ў шахтах. Адсюль пераехалі ў пачатку 1944 года на станцыю Эльтай Акольскага раёна. Тут маці працавала на складзе, які быў забіты поўсцю: авечай, казінай і нават вярблюджай. Кожны дзень яе прывозілі сюды з навакольных вёсак. Мы дапамагалі маме днямі набіваць вялікія мяшкі і цюкі, якія адпраўляліся на прадзільныя камбінаты, дзе з яе рыхтавалася тканіна, з якой шылася адзенне для Чырвонай Арміі. Вайна ішла ўжо да пераможнага канца. Жылі ў Эльтаі ў невялічкіх хатках без падлогі. Замучвалі блохі. Адно выратаванне было, нарывалі палыну і лажылі на земляную падлогу, гэта выратоўвала. Былі ў наваколлі некалькі салёных азёр, і толькі адно прэснае, дзе можна было палавіць рыбу. Тут мне з братамі прыйшлося працаваць на пасадцы дрэў вакол чыгуначнага палатна. У месяц, замест зарплаты, давалі па 10 кг жытняй мукі. Цяжка было з харчамі. Па вясне капалі перазімаваную ў зямлі гнілую бульбу, варылі яе і елі. Хлопцы знаходзілі яйкі шпакоў, вераб’ёў, варон, выпівалі іх. Недалёка адсюль знаходзіўся вядомы курорт “Баравое”, вакол яго віднеліся горы, вышынёй да воблакаў. Віця і Валодзя працавалі ў дэпо, Саша працаваў кучарам. Адсюль восенню 1944 года пераехалі ў горад Мікалаеў. Тут мы жылі да верасня 1945 года. Аднойчы мы разбіралі разбураны дом, абвалілася сцяна і мяне заваліла каменнем. Мяне адкапалі салдаты, адвезлі ў бальніцу. У выніку ў мяне было паламана некалькі рэбраў, якія няправільна зрасліся.

У гэты час паміж польскім урадам і Савецкім Саюзам быў падпісаны дагавор аб вяртанні сем’яў палякаў на гістарычную радзіму, паколькі палякі на тэрыторыі СССР утварылі дзве арміі. Адна армія генерала Андэрса і другая — Войска Польскае, дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, якая ўжо ў 1943 годзе ўступіла ў бой з фашыстамі пад пасёлкам Леніна на тэрыторыі Беларусі. І вось палякі пачалі рыхтавацца да ад’езду. Нам таксама было дазволена ехаць на радзіму, хаця рэабілітацыя была толькі ў 1956 годзе, а пазней яшчэ, ужо пры Ельцыне, нам выдалі дакумент, па якім за маральны ўрон дазваляецца 1 раз у год бясплатна праехацца ў два бакі па расійскай чыгунцы і нічога больш.

Такім чынам, палякі выехалі ў жніўні 1945 года, а мы — ў кастрычніку 1946 года прыехалі на станцыю Люшча. Чакаць папутнага матавозіка трэба было паўсутак. Мама спытала нас, хто з ёю пойдзе 12 км пешшу па вузкакалейцы дамоў. Браты не захацелі, а я і мама пайшлі па рэйках да Навасёлак. Мы не ведалі, што нас чакае там пасля шасцігадовай разлукі. І вось мы праз тры гадзіны з палавінай падышлі да нашай роднай вёсачкі. Не пабачылі мы магазінчыка Іцка Клеймана і Янкеля, ён быў спалены. І вось здалёку я ўбачыў нашу хатку, яна засталася, як і яшчэ пяць другіх, не спаленай. Астатнія 26 дамоў былі спалены немцамі. Нашы аднавяскоўцы жылі ў зямлянках. Падышлі да хаты. З дому пацягнула свежапечаным хлебам. Маці прысела ля хаты, а я зайшоў у дом. Цётка Вольга вазілася з печчу. Я папрасіў даць мне акрайчык хлеба, на што яна сказала мне, каб я пару хвілін пачакаў, ён дапячэцца і яна пачастуе. Гэта была цётка Вольга. У хату зайшоў Сяргей, яе муж, ён адразу мяне пазнаў, мы абняліся. У хату зайшла мама. Дзядзька запрог сані і паехаў на станцыю Люшча, забраў маіх братоў, прывёз іх у хату. Так мы аказаліся дома, на сваёй радзіме. Мы жылі ў адной хаце разам з сям’ёй дзядзькі Сяргея і цёткі Вольгі. Я жыў тут да 1949 года, не ведаючы, якое няпростае жыццё мяне яшчэ чакае наперадзе. Але, галоўнае, вайна скончылася і трэба было будавацца, не толькі нам, а і ўсім аднавяскоўцам, як і ўсім шматпакутным жыхарам нашай роднай Беларусі.

У хаце дзвюм сем’ям было цесна, пагэтаму вырашылі “талакой” будаваць хату. Выпісалі лес, сплавілі яго па канаве, коньмі перацягнулі бліжэй да месца пабудовы. А месца гэта было за Арашкевічам Максімам, хата якога знаходзілася над канавай, адсюль недалёка было і да знакамітага на ўсю Еўропу балота Грычын. Там стаяла шмат яго вулляў, з якіх мы ў дзяцінстве нават зімой цягалі мёд з сотамі. Яго хлопцы: Віктар, Грыша і Валодзя, пасля аднаго такога выпадку захварэлі на чахотку. І калі іх прызвалі ў армію, то іх хутка камісавалі па прычыне сухотаў дадому, тады вылечыць гэтую хваробу было не так лёгка, як сёння. Вылечыўся з іх толькі Віктар, які трымаў шмат сабак і, відавочна, лячыўся іх тлушам. Маці наняла яшчэ мясцовых цесляроў і плотнікаў з в. Велута. Па вулічнаму іх звалі “Талантрыкі” — бацька Аляксей і два яго сыны Валодзя і Павел. Павел Аляксеевіч у гэты час ужо працаваў настаўнікам у Вялуцкай сямігадовай школе, выкладаў у хлопчыкаў працу і завочна вучыўся ў Пінскім педагагічна-індустрыяльным тэхнікуме. Валодзя стаў маім сябрам па жыцці, трымаем з ім сувязь і сёння. Хата была пабудавана. У гэты год, 1949, газеты запрашалі на новабудоўлі, у тым ліку і ў горад Мінск. Мяне гэта зацікавіла і я разам з Арлінскім Валянцінам, Калодачкіным Валодзем, Арэхвай Уладзімірам і другімі паехаў у Мінск. Працавалі мы там на будоўлі Мінскага трактарнага завода. Пачыналі з рыцця катлавана. Быў яшчэ зусім малады, хацелася зарабіць грошай, а зарабіў грыжу. У Мінску зрабілі першую аперацыю. Затым пачалася мая “адысея” па Расійскай Федэрацыі. У 1950 годзе завербаваўся ў Карэла-Фінскую АССР, у адзін з расійскіх леспрамгасаў.

Краіне пасля вайны быў патрэбен лес, а рабочых рук не хапала. Вялікая колькасць мужчын загінула на франтах Вялікай Айчыннай вайны, каля паўмільёна вярнуліся калекамі і інвалідамі. Вось такім, як Іосіп Іванавіч і давялося працаваць усюды, дзе патрэбны былі маладыя рукі і іх энергія. За ўсе гады працы прыгод было незлічона: і кралі ўсе дакументы, грошы; збівалі бандыты на шляху з работы, забіралі ўсё, што толькі магчыма было забраць. У 1950 годзе быў прызваны ў армію, служыў на Урале. У гэтыя гады паўсюдна было цяжка з харчамі. Пасля службы ў арміі Іосіп паехаў працаваць у Ленінградскую вобласць. Гэта ішоў ужо 1953 год. Пасля года працы пераехаў зноў у Карэлію. Адтуль у 1956 годзе ў горад Эльтай. З 1957г. па 1959 год працаваў у Томскім леспрамгасе. У 1959 годзе вярнуўся ў родную вёску Навасёлкі, год працаваў памочнікам машыніста матавоза. У 1960 годзе выехаў у Валгаградскую вобласць, у адзін з калгасаў, які размяшчаўся ў вёсцы Сізоўка. Жылі кароткі час у сваіх землякоў па прозвішч Канапацкія, затым нам выдзелілі зямлянку без падлогі, прывёў яе ў парадак сам. На гэты час быў ужо жанаты, і было чацвёра дзяцей сваіх, і ўдачарыў дачку жонкі, яна родам была з Украіны. Усе дзеці маюць свае сем’і і пражываюць у Расіі. Працаваў яшчэ і ў гарадах Белагорск, Благавешчанск на савецка-кітайскай мяжы. Куды толькі лёс не пасылаў за ўсё працоўнае жыццё, а вось дажываць свой век прыехаў на радзіму”.

Я слухаў гэтага чалавека і думаў, чаму такі лёс у нашых землякоў, а іх былі дзясяткі тысяч... Гэта лёс не аднаго майго субяседніка. У кожнай вёсцы нашай роднай Беларусі былі сем’і, аб якіх можна расказаць падобныя гісторыі. Па-мойму яны так і не ўсвядомілі сваёй віны. Мелі зямлю, умелі на ёй працаваць, кармілі сябе, сваіх дзяцей цяжкай сялянскай працай. Зберагалі зямлю для нашчадкаў і аказаліся адарванымі ад дому, зямлі, родных мясцін, завошта?

Ці можна сёння коштам бясплатнага білета па Расіі кампенсаваць згвалтаваныя і паламаныя жыцці, матэрыяльныя страты дзясяткаў тысяч жыхароў розных нацыянальнасцей Беларусі?.. Няхай кожны сам дасць на гэтае пытанне адказ (І.А.).

Чарапоўскі Марк, Жонка — Ганна Фёдараўна, 1865 года нараджэння, беларуска. Дзеці: Зінаіда Маркаўна, 1907 года нараджэння, Аляксей Маркавіч, 1915 года нараджэння, Таццяна Маркаўна.

Чычун(ы) — прыезджыя з Украіны. Жылі пасля вайны некалькі гадоў. Адзін з мужчынаў быў жанаты на сястры Козака Антона. У іх нарадзілася двое дзяцей. Вядома, што ён аставіў сям’ю і з адной жыхаркай з в. Навасёлкі выехаў у невядомую мясцовасць. (Гэта інфармацыя аднаго з старажылаў в. Навасёлкі).

Якімовіч Крыстына, 1903 года нараджэння. Ян, 1906 года нараджэння. Жылі поба з сям’ёй Далёкага Фёдара Сямёнавіча і Камінскага Уладзіслава. (Лёс невядомы!)

Яновіч Цярэнцій Спірыдонавіч, 1898 года нараджэння. Прыехаў з сям’ёй са Случчыны ў той час, калі ўстанаўлівалася мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, (г.з., паміж Польшчай і СССР), прыкладна ў 1921 годзе. Прыгналі з сабой хатнюю жывёлу: кароў, коней, авечак. Браты Цярэнція працавалі ў Сікержыцкіх на зямлі наёмнымі работнікамі.

Яшчук Павел Піліпавіч, 1887 года нараджэння, родны брат Фёдара, беларус, граматны. Вольга, 1887 года нараджэння, жонка. Сын — Ігнат Паўлавіч, 1912 года.

Яшчук Фёдар Піліпавіч, 1883 года нараджэння, Столінскі павет. Бацька Івана і Васілія, памёр 29 снежня 1945 года.

Яшчук Ігнат Паўлавіч, 1912 года і Кацярына Адамаўна (Гукало) — жонка 1918 года нараджэння. Іх дзеці: Іван Ігнатавіч, 1939 года нараджэння, Марыя Ігнацьеўна, 1942 года нараджэння і Аркадзій Ігнатавіч, 1944 года нараджэння.

Яшчук Іван Ігнатавіч, 1939 года нараджэння, в. Навасёлкі. Скончыў 4 класы. Служыў у арміі на Урале. Вярнуўся, працаваў у калгасе. Памёр да выхаду на пенсію. Жонка — Ніна Зіноўеўна (Бацюк), 1936 года нараджэння. Скончыла 4 класы пачатковай школы ў Навасёлках. Працавала на вузкакалейцы. У 50-ыя гады разам з другімі дзяўчатамі выязджала ў Карэлію на “заробкі”. Вярнулася ў Навасёлкі. Выйшла замуж за Івана Ігнацьевіча. Працавала ў мясцовым калгасе да выхаду на пенсію. У 1968 годзе нарадзіўся сын Іван. Ён закончыў Вялуцкую СШ. Працаваў у калгасе. У 1979 годзе быў прызваны на тэрміновую службу. Пасля службы вярнуўся на радзіму, працаваў у калгасе “Зара”. Нечакана памёр. Ніна Зіноўеўна жыве адна ў сваёй хаце ў в. Навасёлкі. Часта ўспамінае свайго адзінага сына Івана і мужа. Хочацца пажадаць ёй мужнасці духу, душэўнай раўнавагі і спакою. Другога проста не дадзена. У кожнага чалавек свой, Богам наканаваны, лёс і кожны з нас нясе па жыцці свой крыж. Такая існасць чалавечага жыцця на гэтай Зямлі і на гэтым неабсяжным, для нашага разумення, Свеце!..

Яшчук Аркадзій Ігнатавіч, 1944 года нараджэння. Пасля заканчэння пачатковай Навасёлкаўскай школы, працягваў вучыцца ў Вялікачучавіцкай СШ, дзе скончыў ў 1962 годзе 7 класаў. Паехаў працаваць у Крым. Там ажаніўся. У сям’і нарадзілася дачка. Потым сам вярнуўся на радзіму ў Навасёлкі. Каля 10 гадоў працаваў у Люшчы на эстакадзе. Памёр у в. Навасёлкі, пахаваны ў в. Велута.

Яўшчук (Каховіч) Марыя Ігнацьеўна, 1942 года нараджэння. Скончыла 7 класаў Вялікачучавіцкай СШ у 1960 годзе. Пасля школы адразу пайшла працаваць у калгас, на МТФ № 3 цялятницай у калгасе “Шлях Леніна”, а з 1969 года калгаса ўжо “Зара”. Адзін год нават паспела папрацаваць і ва Украіне.

Замуж выйшла ў 1961 годзе за Каховіча Сцяпана Данілавіча,1934 года нараджэння, ураджэнца суседняй вёскі Велута. Ён меў адукацыю 4 класы пачатковай школы. Адслужыў тэрміновую службу ў арміі. Працаваў памочнікам матарыста, пазней матарыстам на вузкакалейцы Люшча- Чучавічы. У 1995 годзе выйшаў на пенсію, але працягваў працаваць у калгасе. Дзеці: Валянціна, 1963 года нараджэння. Пасля заканчэння 10 класаў Вялуцкай СШ паехала працаваць даяркай у адзін з калгасаў Кобрынскага раёна. Замуж за Мацвеюком Сяргеем. Працуе ў дзіцячым садку, муж працуе трактарыстам. Выгадавалі і выхавалі траіх дзяцей: — Алеся замужам, жыве ў Кобрыне, там жа жыве і Андрэй. Жэня вучыцца ў 9-ым класе пасёлка Ленінскі Кобрынскага раёна. Святлана, 1965 года нараджэння. Пасля заканчэння 10 класаў Вялуцкай СШ у 1982 годзе прыехала ў Лунінец, дзе пражывае і сёння. Выйшла замуж за Мовчан Аляксандра Іванавіча, 1961 года нараджэння, які працуе сёння у адной з фермерскіх гаспадарак Лунінецкага раёна. Дзеці: Анатолій, 1989 года нараджэння. Пасля заканчэння 11 класаў СШ № 4 горада Лунінца паступіў у Пінскі гідра-меліяратыўны каледж. Працуе ў адной з фермерскіх гаспадарак Лунінецкага раёна. Павел, 1993 года. пасля заканчэння СШ № 4 горада Лунінца увчыцца на 3-м курсе транспартнага Універсітэта ў Гомелі (БелДУТ). Лідзія, 1968 года нараджэння. Жыве на станцыі Люшча. Замужам. У сям’і двое дарослых дзяцей, якія працуюць у горадзе Мінску, дзе маюць свае сем’і. Муж працуе на чыгунцы. Пётр, 1972 года нараджэння, жыве ў в. Велута, працуе ў калгасе. Жонка Алёна. Ёсць дзеці.

Віктар і Уладзімір, двайняты, 1975 года нараджэння. Віктар жыве з сям’ёй у Велуце, працуе ў МНС вёскі Вялікія Чучавічы. Жонка Наташа, працуе ў дзіцячым садку в. Велута. Уладзімір жыве ў Лунінцы. Жонка працуе кандуктарам у АП-10. Дзеці: Саша 1998 года і дачка Бажэна. Уладзімір працуе на чыгунцы ў горадзе Лунінцы. Вось такая вялікая сям’я у Марыі Ігна’цеўны.

Яшчук Іван Фёдаравіч, 1909 года нараджэння, в. Рухча Столінскага павета Пінскай воласці, беларус, граматны. Кацярына Яўгенаўна, 1910 года нараджэння — жонка, беларуска, граматная. Ева Іванаўна, 1933 года нараджэння, Мікалай Іванавіч, 1935 года нараджэння, Аляксей Іванавіч 1939 года. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчук Васілій Фёдаравіч, 1918 года нараджэння, беларус, в. Рухча Столінскага павета Пінскай воласці. Кацярына Васільеўна, 1920 года нараджэння, жонка. Пасля вяртання з фронта аднавяскоўцы калі-нікалі называлі яго мянушкай “Цёркін” — героем знакамітай паэмы А. Твардоўскага “Васілій Цёркін”. Дзеці: Тамара Васільеўна, 1937 года нараджэння. Ніна Васільеўна, 1944 года нараджэння. Канстанцін Іванавіч 1942 года нараджэння.

Яшчук Тэадор, жонка Аляксандра. Родзічы выказалі такую думку, што ён мог быць стрыечным братам Яшчукоў Паўла і Фёдара Піліпавічаў і быў родзічам Яшчуку, які з сям’ёй пражываў у вёсцы Бастынь. (Лёс яго сям’і невядомы).