Слоўнік некаторых тэрмінаў

Абора — гаспадарчая пабудова для хатняй жывёлы.
Аршын — мера даўжыні, роўная 72 см.
Арцыбіскуп — у каталіцкай царкве; архіепіскап у праваслаўнай, духоўная асоба вышэйшай ІІІ ступені.
Асаднікi — пасяленцы з Польшчы 1921-1939 гадоў, якія атрымалі зямельныя надзелы ў Заходняй Беларусі.
Асьміна — мера сыпучых рэчываў і вадкасцей у ВКЛ, роўная 51 літру.
Ачавісць — у прысутнасці, увачавідкі, на вачах.
Барон — агульны дваранскі тытул, уведзены Пятром І для вышэйшага саслоўя прыбалтыйскага дваранства нямецкага паходжання.
Бочка — мера сыпучых рэчываў і вадкасцей у ВКЛ і ў Мінскай губерніі да 1845 года, роўная 406,54 літраў. Чвэрць — 101,6 літраў. Асьміна — 51 літр. Гарнец — 2.284 літра. Кварта — 0,706 літра. Кватэрка — 0,76 літра.
Брама — парадныя вароты на ўездзе да сядзібы, палацу, парку і замка.
Бязмен — даўняя ручная, рычажная вага.
Валока — зямельная мера на Беларусі ў XVI — XX стагоддзях, роўная 20 дзесяцінам або 21,36 га.
Ваявода — кіраўнік мясцовай адміністрацыі ў ваяводстве, засядаў у Сенаце Рэчы Паспалітай пасля 1569 года; у Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах — кіраўнік ваяводства.
Ваяводства — адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ у 15-18 стагоддзях, уведзеная замест княстваў.
Вёска — асноўны тып сельскага паселішча на Беларусі ў XVI-XX ст.
Войт — у сярэднявеччы кіраўнік вясковай і гарадской адміністрацыі ў ВКЛ, куды ўваходзіла і частка тэрыторыі Беларусі; сачыў за парадкам у падначаленых яму вёсках; за непарушнасцю зямельных надзелаў, сачыў, каб сяляне не ўцякалі, каб спраўна наведвалі царкву і г.д.
Воласць — адміністрацыйная адзінка ў ВКЛ і на Русі, населеная сялянамі-даннікамі ў XIII-XVI стагоддзях.
Воля, волька, вулька — старадаўні тып сельскага паселішча, вызваленага ад падаткаў.
Вырок — пастанова; рашэнне суда.
Вярста (звычайная) — мера даўжыні = 1,07 км або 500 сажаням.
Вяршок — 1/16 аршына.
Вятрак — ветраны млын на “казловых” апорах-восях.
Вячыста — сапраўднае; дадзенае “навечнасць”; векавечна, векавы.
Ганак — крытая прыбудова перад уваходнымі дзвярамі з лаўкамі па баках.
Гара ці гарышча — прастора паміж столлю і дахам ў сялянскай хаце.
Гарнец — мера вагі сыпучых і вадкіх рэчываў у ВКЛ = 2,824 літра.
Гаць (грэбля) — драўляны насціл на балоце.
Гміна — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка павета ў Заходняй Беларусі з сакавіка 1921 па 17 верасня 1939 года, існавала ў часы белапольскай акупацыі, уключала ў свой склад адну або некалькі вёсак, (падобна сённяшняму сельсавету).
Гонта — драўляныя дошчачкі, выкарыстоўваліся для пакрыцця дахаў хат, гаспадарчых пабудоў.
Грабар — землякоп.
Грунт — надзел, ворная зямля; глеба; прычына; аснова.
Губернія — адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка на тэрыторыі Расіі, Літвы, Беларусі, Латвіі ў XVIII-XIX стагоддзях, дзялілася на паветы (уезды).
Двор — комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў.
Дворышча — некалькі аб’яднаных сялянскіх гаспадарак ў XV-XVI стагоддзях, былі пазней названы — “сяло”.
Дзедзічна — уладанне маёнткам па вотчыннаму спадарчаму праву; спадчына па лініі дзеда.
Дзесяціна — зямельная мера плошчы = 1,09 га.
Дым — сялянскі двор у ХІV-ХVІ стагоддзях.
Журавель — калодзежнае прыстасаванне для зачэрпвання вады.
Жывіца — смалістае рэчыва хвойных дрэваў, з якога вырабляюць каніфоль і скіпідар.
Засек — месца ў свірне для засыпання збожжа, мукі.
Зя(е)мянін — асабіста незалежны, шляхетны чалавек, без уласнай зямлі або з малым надзелам, абавязаны адбываць воінскую павіннасць.
І. М. — Іх Міласць.
Імша — служба ў царкве, касцёле.
Камора — халоднае памяшканне ў сялянскай хаце, якое выкарыстоўваецца для захавання прадуктаў харчавання, некаторых прылад працы, адзення.
Кансенс — згода, дамоўленасць, раўнавага, дазвол.
Кантрыбуцыя — прымусовы грашовы збор, які ўзымалі ворагі на захопленых часова тэрыторыях з насельніцтва або з дзяржавы.
Канюшы — у Польшчы з ХІ ст., у ВКЛ з ХVІ ст. даглядаў за вялікакняжацкімі табунамі і стайнямі да ХVІІІ стагоддзя, пазней — чыста сімвалічная пасада.
Капа — мера, якая ўтрымлівае 60 прадметаў, грошаў, яек.
Кафля — керамічныя пліткі рознай канфігурацыі, памеру, размалёўкі для абліцоўкі і аздобы печаў, камінаў і карнізаў.
Кашталян — камендант замка; памочнік ваяводы ў ВКЛ.
Кварта — 1. Мера сыпучых рэчываў і вадкасцей у ВКЛ, роўная 0,705 літра; 2. Посуд металічны для піцця вадкасцей.
Кватэрка — мера сыпучых рэчываў і вадкасцей у ВКЛ = 0,176 літра.
Келіх — царкоўная чаша; пацір.
Княства — дзяржаўнае ўтварэнне з пэўным узроўнем суверэнітэту, якое існавала ў ІХ-ХVI стагоддзях на Беларусі.
Кольвеч — пры нагодзе; з нагоды чаго-небудзь.
Кроквы — брусы, якія ўтвараюць каркас даху.
Курніца — хата з печкай без каміна.
Ланы — у канцы ХVІ стагоддзя мера плошчы ў ВКЛ = ад 16,3 да 48 га.
Латы — дошкі, жардзіны, якія кладуцца ўпоперак крокваў.
Ліштва — фігурныя ці гладкія накладкі вакол вокан ці дзвярнога праёма.
Локаць — мера даўжыні, роўная 46 см.
Лоўчы — княжацкі ўраднік, які валодае ляснымі і паляўнічымі ўгоддзямі; з ХVІІІ стагоддзя назва засталася як ганаровы тытул.
Лядоўня — мураваны склеп для лёду з мэтай захоўвання ў цёплы перыяд прадуктаў харчавання.
Морг — мера плошчы на Беларусі і ў Літве = 0,71 га.
Навозы — навезеныя да маёнткаў дарогі, пад’яздныя шляхі.
Нарубы — намагільныя бярвенні.
Павет, повет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ, на Беларусі з 1566 года і да пачатку ХХ стагоддзя.
Павець — навес, памяшканне для дроў на сялянскім двары.
Пагост — вясковыя могілкі.
Падсочка — спосаб атрымання жывіцы з хвойных дрэваў.
Паны-рада — Рада ВКЛ, вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў 15-м, першай палове 16 стагоддзяў; паўнамоцтвы, замацаваныя статутам ВКЛ 1588 года.
Парабак — беззямельны, малакваліфікаваны наёмны работнік на Беларусі ў ХVІІ-ХVІІІ, першай палове ХІХ стагоддзяў.
Парафія — прыхаджане царквы або касцёла, якімі кіруе плябан.
Плябанія — дом, які належыць парафіі, царкве ці касцёлу, у якім жыве настаяцель.
Позаў — назва; позва, пісьмовае паведамленне аб выкліку куды-небудзь.
Полаць(і) — дашчаты ляжанак ля печы для адпачынку або сну.
Прызьба — вонкавае ацяпленне хаты зямлёй, саломай на зімовы перыяд.
Прасвітар — (грэч.) настаяцель у хрысціянскай царкве i каталiцкiм касцёле або ў доме веры евангельскiх хрысцiян.
Пуд — старажытная мера вагі — 16,38 кг.
Рэгістр — 1. Спісак, перачань; 2. Спецыяльны орган, які праводзіць функцыянальнае назіранне ў якой-небудзь канкрэтнай вобласці.
Сажань — мера даўжыні = 2,13 метра.
Сені — першае памяшканне перад дзвярыма ў хату.
Стараства — дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у ХVІ-ХVІІІ стагоддзях, які даваў князь, кароль на часовае карыстанне феадалам за службу.
Стольнік — пасада ў ВКЛ з сярэдзіны ХV стагоддзя. Займаўся сервіроўкай вялікакняжацкага стала і падачай страў, пасля ХVІІІ стагоддзя — ганаровае званне.
Страха — саломяны ці чаратовы дах.
Сяло — старадаўні тып паселішчаў, якія, звычайна, мелі царкву.
Тапаніміка — навука, якая вывучае геаграфічныя назвы.
Тартак — лесапільны заводзік.
Фундуш — маёмасныя, грашовыя, зямельныя ці другія ахвяраванні на часовае ці пажыццёвае карыстанне.
Фунт — мера вагі ў ВКЛ = ад 360 да 450 гр.
Хоры — адкрытая галерэя, месца размяшчэння хора ў царкве.
Хросты — хрышчэнне ў царкве або касцёле.
Цаль — мера даўжыні, роўная прыкладна ад 2,76 да 2,29 см. Звычайна гэтаю мераю карысталіся пры вымярэнні даўжыні цвікоў.
Чарэнь — ляжанка на печы.
Чашнік — віначэрпій за каралеўскім сталом.
Чвэрць, карэц (ад бочкі) — мера сыпучых рэчываў і вадкасцей у ВКЛ=101,6 літра.
Чынш — натуральны або грашовы падатак.
Чэлядзь — работнікі, якія жылі і працавалі ў дварах феадалаў на Беларусі ў ВКЛ.
Чэляднік — слуга, наёмны работнік, падзёншчык. Слова ўжывалася яшчэ ў 60-80-ых гадах ХХ стагоддзя.
Шалёўка — абшыўка з вонку хаты гладкімі або фігурнымі дошчачкамі (10-15 мм).
Шанок — Берасцейская мера аб’ёму сыпучых рэчываў ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях. Першы быў = 48 малых гарнцаў або 135,5 літраў — гэта стары. Быў другі, новы шанок = 24 малым гарнцам або 67,7 літраў.
Эканомія — від дзяржаўнага зямельнага ўладання ў ВКЛ у XVI-XVIII стагоддзях на Беларусі.
Я. М. — Яго Мосць — Яго Вялікасць.