Першым пасяленцам-навасёлам, іх нашчадкам,
сённяшнім жыхарам, ураджэнцам
і землякам-навасёлкаўцам прысвячаецца!

Паміж пустак балот...

Палессе... Усходняе, Паўднёвае, Заходняе. “Да канца пяцідзясятых гадоў ХХ стагоддзя найбольшай у Еўропе краінай балот, лясоў, азёр і рэк было Палессе. Гэта быў не толькі абшар дзікай прыроды, месцамі недаступнай і нават варожай чалавеку, але таксама свет характэрнай культуры з многімі выключнымі, часам вельмі архаічнымі рысамі. Як рэгіён, Палессе існуе па-ранейшаму. Але не існуюць ужо ані ягоны першабытны край, ані ўзніклая ў ім культура”.

Палессе яшчэ калі-нікалі, называюць Пінскім, Ганцавіцкім, а таксама і Лунінецкім. У розныя часы яно мела і розныя контуры мяжы. Сённяшняя тэрыторыя Лунінецкага раёна мае граніцы 70-ых гадоў мінулага ХХ стагоддзя. Паколькі я паставіў сабе вузкую мэту — сабраць успаміны і матэрыялы аб вёсцы Навасёлкі, яе пасяленцах і жыхарах, то я буду прытрымлівацца межаў нашага Лунінецкага Палесся, асабліва яго паўночнай часткі. Гэта тэрыторыя межаў вёскі Навасёлкі з вёскамі Чучавічы, Ліпск, Малькавічы, Велута. Перад тым, як перайсці непасрэдна да гісторыі ўзнікнення хутара, фальварка, маёнтка і, наканец, вёскі Навасёлкі, хачу размясціць некаторыя вельмі скупыя матэрыялы аб акаляючай, гэтай, некалі Богам забытай ў мінулых стагоддзях, мясцовасці. Мала хто даследаваў гэты край балот і багнаў... Больш даступнай яна стала ў 20-30-ыя гады ХХ стагоддзя, калі сюды наведаліся такія вядомыя этнографы, як Ю. Крашэўскі, Ю. Абрэмбскі, С. Дваракоўскі, Ю. Шыманчык і Казімір Машынскі. Яны, акрамя навуковых даследванняў і апісання быту палешукоў, зрабілі тысячы фотаздымкаў, сярод якіх маюцца фотаздымкі вёсак і жыхароў нашага Лунінецкага Палесся. Забягаючы наперад, хачу сказаць, што падобнай працай тут займаўся яшчэ ў 1911—1913 гады фатограф і этнограф Ісаак Сербаў, дарэчы, у гэтым 2013 годзе выйшаў цудоўны фотаальбом з 442 фотаздымкамі тых часоў. Шкада, што ў ім не знайшлося месца яго фотаздымкам жыхароў нашых вёсак: Дварэц, Вічын, Цна, Дрэбск, Кажан-Гарадок, а іх у працы І. Сербава “Вічынскія паляне” (Мінск 1928 год), перавыдадзена “Фондам Культуры” ў 2005 годзе, каля 70. Вось некалькі радкоў выказвання Юзэфа Крашэўскага пасля аднаго з яго падарожжаў па Палессі: “…край лясоў, пяскоў, балотаў… Масты дрыжачыя і разламаныя, грэблі, едучы па каторых, зубамі стукаеш ад страху, каб усе косці не растрэсці, лясы сумныя, сасновыя, сосны – і тыя рахітныя, гарбатыя, пакручаныя, поўна карэння на дарогах, брады нязмераныя, пяскі нярушаныя, іншым разам крыж на ростані, старая цэркаўка, падпертая на кулях, могілкі, з драўлянымі дамкамі над магіламі прыпамінаюць паганскія часы…”.

Не магу не змясціць некалькі радкоў з кнігі “Палессе, якога мы не ведаем” Гражына Рушчык (гісторык драўлянай архітэктуры) і суаўтара Ганна Энгелькінг (этнограф). Варшава.

“Палессе – гэта сельскагаспадарчы край. Даваеннае Палескае ваяводства – найбольшае (36 668 км2) сярод ваяводстваў II-ой Рэчы Паспалітай, і ў той жа час найменш заселенае (31 чалавек на км2) налічвала ў 1937 годзе 1.132 200 жыхароў. Сярод 4.339 усіх населеных пунктаў ваяводства было ўсяго 18 гарадоў, у тым ліку толькі два больш буйныя — Брэст над Бугам і Пінск, а таксама 38 мястэчак, астатнія ж уяўлялі сабой вёскі і паселішчы, зашытыя ў глыбіні балот і лясоў. Нярэдка аддаленых паміж сабой на дзясяткі кіламетраў. Зносіны паміж імі забяспечвалі перш за ўсё лодкі (называныя “чайкамі” або “душагубкамі”). Якія разам з доўгім вяслом складалі незаменны прадмет хатняга ўжытку ў кожнага гаспадара. Пераправы праз рэкі адбываліся таксама на паромах, а больш далёкія падарожжы — на суднах. Брукаваных дарог было вельмі мала: паміж вёскамі пралягала шмат палявых дарог, а перш за ўсё — разгалінаваная сетка грэбляў (чытайце пазней), мастоў, масточкаў і кладак”. (Раздзел “Дом” ст. 56)

Трымаю ў руках фізічную карту мясцовасці вакол в. Навасёлкі. Калі паглядзець у заходнім напрамку, то праз метраў 700 ад адной з хат пачынаўся вялікі балотны масіў, якi жыхары называлі ўрочышчам “Па(е)рсцец”. Сёння тут плёскаюцца хвалі вядомага ва ўсёй Беларусі вадасховішча, чамусьці названага “Велута”, а не Навасёлкі, плошча якога 762 га. Мне асабіста ў 1967 годзе пашчасціла разам з маім гаспадаром, у якога я кватараваўся, Сайко Фёдарам Маркавічам, прымаць удзел на загатоўцы сена дамашнім жывёлам. Тут раслі сакавітыя травы, сярод высокіх балоцістых купін. Сенакос на гэтым урочышчы меў сваю асаблівасць. Касіць прыходзілася ў лапцях ці ў высокіх гумовых ботах. Трэба было ўмець правільна і на патрэбным узроўні трымаць касу. Той, хто ні разу не касіў у такіх мясцінах, там касіць не зможа. Таму першыя часы я дапамагаў выносіць сена доўгімі “насіламі” на больш высокія мясціны, дзе яно павінна было некалькі сутак сушыцца, затым ужо выбіралася месца для сцежара, куды зносілася ўсё сухое сена, дзе “скідвалася” ў стажкі. Яны складваліся не вельмі высокімі. Звычайна такія месцы выбіраліся самім гаспадаром. Завяршаліся стажкі звязанымі галінкамі насечанага паўзніку, даўжынёю каля 3 метраў і болей, перакладваліся на вяршыні стажка, звісаючы ўніз, у розныя бакі, так было надзейней ад ветраў, снега. Касілі ў гэтым ўрочышчы як навасёлкаўцы, так і велуцяне, нават жыхары і другіх суседніх вёсак. Ужо болей за 30 гадоў гэты “сенакос” недаступны жыхарам. Затое цяпер ёсць магчымасць палавіць рыбу, у канцы лета і па восені збіраць розныя грыбы, адпачываць леткам на беразе, пакупацца. Такіх сенажацяў вакол Навасёлак было шмат у розных напрамках. Кожны гаспадар на працягу многіх гадоў касіў у адным і тым жа месцы “свае пакосы”. Ніхто ні з кім не сварыўся, бо такога сена хапала ўсім, я маю на увазе часы з 1949 і па сённяшні дзень, праўда, сёння ж у вёсцы можна па пальцах падлічыць, хто трымае свае каровы. Час не стаіць на месцы, цывілізацыя дасягае самых аддаленых мясцін. Становіцца ўсё складаней трымаць сваю гаспадарку. Выгадней малочную і мясную прадукцыю купляць у магазіне. Праўда, яна часта далёкая ад той якасці, якую гатавалі ў хатніх умовах. Кожны гаспадар і гаспадыня ведалі, чым яны кормяць кароўку, свінку, казу ці авечку, курачку ці гуся. А гэта многае значыла для самаадчування, для здароўя, аб гэтым мы добра ведаем. Час няўмольна рухаецца наперад і ў вёску прыходзяць новыя тэхналогіі, часам не лепшыя за тыя, якімі валодалі нашы бацькі і дзяды. Землі, балоты, лугі сенажаці Навасёлак мяжуюць, як і раней, з тэрыторыямі суседніх вёсак: Ліпск, Малькавічы, Велута, Вялікія Чучавічы, Баравікі.

У пачатку ХХ стагоддзя першапасяленцы ведалі ўсяго некалькі назваў урочышчаў вакол вёскі. На сённяшні дзень іх, непасрэдна вакол вёскі, налічваецца больш за 20.

Ніколі не задумваўся над сэнсам слова “ўрочышча”. У розных крыніцах яно даецца па-рознаму, аднак, тлумачэнні блізкія адно да другога. Разгарнуў даступны ўсім у савецкія часы “Савецкі энцыклапедычны слоўнік” 1985 года на старонцы 1382, чытаю:

Урочышча: 1. У шырокім паняцці — любая частка мясцовасці, якая адрозніваецца ад акаляючых (марэнны холм, забалочаная катлавіна, пясчаны кар’ер, лясны бор і г.д.). 2. Марфалагічная частка геаграфічнага ландшафта, узаемазвязаная сістэма фацый (ад лацінскага facies – твар, воблік) з дастаткова аднародным увільгатненнем і глебава-раслінным покрывам. Тлумачэнне слова фацыя чытаем на старонцы 466, у “Чатырохмоўным слоўніку тэрмінаў па фізічнай геаграфіі” СЭ. Масква, 1980 год.

Багатая на падзеі гісторыя нашага народа, працяглыя яго кантакты з суседнімі этнасамі абумовілі з’яўленне ўнікальнай сістэмы беларускіх назваў паселішчаў (урочышчаў).

У залежнасці ад спосабу жыцця і мыслення ў розных народаў вызначыўся індывідуальны падыход да называння сваіх паселішчаў (урочышчаў). Зусім свядома ў іх знаходзілі адлюстраванне самыя істотныя бакі чалавечай дзейнасці. (В.П. Лемцюгова).

“Да XVIII стагоддзя ўся магчымая прастора Беларусі была асвоена чалавекам. Усталявалася тапаніміка, звязаная са спазнаннем навакольнай рэчаіснасці, якая выяўляла ландшафтную структуру і дамінуючыя элементы краявіду, што дазваляла арыентавацца ў прасторы. Вельмі цікава прасачыць паходжанне айконімаў (урочышчаў), гэта дапаможа зразумець узаемаадносіны чалавека і асяроддзя, побыт мінулых пакаленняў, былыя сацыяльныя і прыродныя змяненні”. (“Краязнаўчая газета” №14(415), 2012 год, “Наваколле ў тапаніміцы”, Максім Пуранок).

Перад пачаткам размовы хачу даць кароткія тлумачэнні з цудоўнай кнігі па тапаніміцы.

Тапонім – уласная назва любога геаграфічнага аб’екта на Зямлі.

Айконім – від тапоніма; уласная назва населенага пункта любога тыпу.

Гідронім – від тапоніма; уласная назва любога воднага аб’екта.

Мікратапонімуласнае імя прыроднага або створанага чалавекам фізіка-геаграфічнага мікрааб’екта.

Антрапонім – любое ўласнае імя, якое можа мець чалавек (асабовае імя, імя па бацьку, прозвішча, псеўданім, мянушка).

Этнонімназва племя, народнасці, нацыі.

Тапанімія (Тапанімікон)сукупнасць тапонімаў канкрэтнай мовы, тэрыторыі, рэгіёна, пэўнай гістарычнай эпохі.

Тапааснова – частка тапанімічнай лексемы без якога-небудзь словаўтваральнага сродка.

Семантыка – значэнне, сэнс уласнай геаграфічнай назвы.

Да ведама чытача:

а, е, ё, і, о, у, э, ы, ю, янаціскныя галосныя звычайнага тэксту.

а, е, ё, і, о, у, э, ы, ю, янаціскныя галосныя выдзеленага тэксту.

Некалькі слоў, часта сустракаемых у размовах жыхароў Навасёлкі, Велута, Чучавічы, Ліпск, Баравікі:

Бор — мае шмат значэнняў. Адносна наваколля Велуты: 1. Высокае месца ў лесе. 2. Сухі лес сярод балота. 3. Вялікі векавы хваёвы лес. 4. Чысты, добры хвойнік, часам з прымессю дуба, дзе добра растуць баравікі.

Бэрва — масток у адно бервяно праз балота, можа цягнуцца да 1 км і нават болей. Ісці патрэбна з дапамогай высокай палкі.

Воступ — старабеларускае — выступы (уступы); месца ловаў у пушчах і рэках; ачэплены запаведны лес пры паляванні.

Востраў — частка сушы, акружаная вадой; грудок, выспа сярод балота.

Галя, множны лік галя — вялікае сенажатнае балота ў лесе; бязлессе; поле; палянка ў лесе і г.д.

Грань — мяжа, лінія; рыса; узгорыстая дзірваністая броўка і г.д.

Града — ёсць шмат значэнняў. Вузкая паласа ўзаранай зямлі на агародзе; высокае месца, узгорак; высокае месца ў лесе; вялікі ўчастак лесу; прадаўгаваты ўзгорак сярод балота.

Грэбля — часова насыпаная дарога з бярвенняў, ламачча, галля; насціл з бярвенняў; нават насыпаная зямлёй дарога.

Гіра — назва месца, верагодна паходзіць ад літоўскага слова giriaлес. Знаходзіцца ва ўрочышчы “Красна(е)”.

Дуброва — дубовы лес, гай; лісцёвы лес; бярэзнік; поле, дзе раслі дубы і г.д.

Струга — высокае месца, узвышша; мокрае месца, парослае хмызняком; невялікая рэчка, ручаёк; балоцістая мясціна.

Ні(в)ўка — засеянае поле, невялікая ворная паласа; участак абгароджанага поля; поле; сенажаць.

Часта ўрочышчы носяць назвы, звязаныя з назвамі дрэў, хмызнякоў, формаў наваколля мясцовасці, назваў раслін, птушак, нават імён і прозвішчаў людзей і г.д.

Мы гэта можам убачыць на прыкладзе назваў урочышчаў вакол в. Навасёлкі.