Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Васіль Туміловіч (1953)

Васіль Туміловіч належыць да ліку тых людзей, якія ўвесь час шукаюць і знаходзяць невывучаную духоўную спадчыну Палесся, што дае даследчыку мажлівасць найпаўней рэалізавацца яму як творчай асобе. Ён нарадзіўся ў Кажан-Гарадку ў вялікай сям’і, дзе гадавалася пяцёра дзяцей. Бацька на той час працаваў будаўніком у Лунінцы, маці вяла хатнюю гаспадарку. У Кажан-Гарадку Васіль Туміловіч у 1971 годзе закончыў сярэднюю школу. Пасля вяртання з войска некаторы час працаваў, як і бацька, будаўніком і рыхтаваўся да паступлення ў Ленінградскую духоўную семінарыю, хоць юнак з дзяцінства любіў гісторыю. Аднак школа вынесла яму суровы прысуд, які зачыніў Васілю Туміловічу дарогу ў свецкія тагачасныя ўстановы. У характарыстыцы значылася: “Вельмі любіць гісторыю, але наведвае царкву”. Гэта і акрэсліла выбар юнака.

Пасля заканчэння Ленінградскай духоўнай семінарыі працаваў святаром у розных прыходах Берасцейшчыны (1980 – 1988 гг.). Кар’ера рэлігійнага дзеяча не склалася, і Васіль Туміловіч пакідае святарскую дзейнасць. Спачатку быў рознарабочым, а затым вярнуўся ў Лунінец і ўладкаваўся на працу ў школу ў якасці гісторыка, адначасна вучачыся на гістарычным факультэце Магілёўскага універсітэта. Васіль Туміловіч удзячны выкладчыкам сваёй альма-матар за грунтоўную гістарычную падрыхтоўку.

Праца ў школе адкрыла нашаму земляку з Кажан-Гарадка перспектыву заявіць пра сябе як краязнаўцу і фалькларыста, чым ён займаўся адразу пасля заканчэння семінарыі. Настаўнік гісторыі з Лунінца стаў актыўна выступаць у друку, удзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях розных рангаў, у тым ліку і міжнародных. Гэта патрабавала частых камандзіровак, што не вельмі падабалася кіраўніцтву рана. Мажліва, усё неяк абышлося б і без канфлікту, але былі іншыя спадзяванні і планы.

У гэты час была завершана і надрукавана ў Лунінцы праца “Возрождение забытого имени. Жизнь и деятельность Софьи Прорвич (1860 — около 1937)”. Ішла актыўная праца па падрыхтоўцы да выдання твораў гэтай пісьменніцы. Клопаты пра іх друк узяў на сябе Беларускі экзархат. Думалася пра навуковую духоўную кар’еру. Здавалася, для гэтага былі важкія падставы. І ў 2002 годзе Васіль Туміловіч пакідае працу ў школе і зноў вяртаецца да святарскай дзейнасці. І на гэты раз спадзяванні не спраўдзіліся. Цяпер ён мае сціплы прыход Шышова на Камянеччыне. Як і раней, займаецца краязнаўчай дзейнасцю, пераважна запісвае фальклор.

Васіль Туміловіч належыць да краязнаўцаў шырокага профілю. Літаратура Лунінеччыны і запіс фальклору краю — усяго адзін з напрамкаў яго дзейнасці. Да важнейшых набыткаў пісьменніка з Кажан-Гарадка належаць вышэй названыя працы, прысвечаныя пісьменніцы Соф’і Прорвіч. У выданні “Возрождение забытого имени” (Лунінец, 2001) раскрываецца біяграфія пісьменніцы, паказваецца працэс пошукаў яе родавых каранёў, часу і месца нараджэння. Аўтар працы высветліў, што Соф’я Прорвіч нарадзілася на Століншчыне, атрымала добрую адукацыю, але да літаратурнай творчасці звярнулася ў шаноўным узросце, жывучы ў Лунінцы. Ён сабраў значную частку творчай спадчыны гэтай пісьменніцы, параскіданай па розных перыядычных рэлігійных праваслаўных выданнях міжваеннай Польшчы і выступіў укладальнікам зборніка яе твораў “Любили отцы наши Бога” (2004).

Усё жыццё Соф’і Прорвіч прайшло на Палессі. Героямі яе твораў былі нашы землякі. Даследчык адзначае, што іх мова не пазбаўлена адметнасцей палескага дыялекту: “З іх вуснаў часта гучыць палеская гаворка: мамонько; ходземо на грэблю; набожно; зоставайся лепей дома; завіруха; зусім; куплю тобе сукеночку чырвону; ось продам ленок, — гэтыя і іншыя вобразы надаюць выразнасць і рэгіянальны каларыт апавяданням Соф’і Фёдараўны”.

Васіль Туміловіч упершыню ў коласазнаўстве паказаў тое асяроддзе, у якое трапіў аўтар паэмы “Новая зямля” ў Лунінцы, пазнаёміў з людзьмі, з якімі так ці іначай давялося яму кантактаваць. Гэта была не толькі сям’я Вінцука Філіповіча, але і айца Мікалая Прорвіча, цесця сябра, які даў Якубу Коласу прытулак і хоць невялікі заробак у цяжкі час.

Зборам фальклору наш зямляк з Кажан-Гарадка займаецца даўно. Ім запісана ў Лунінецкім раёне 397 адзінак тэкстаў вуснай народнай творчасці. Краязнаўцу цікавяць творы розных жанраў: каляндарна-абрадавая, сямейна-абрадавая паэзія, лірычныя песні, легенды, паданні, фацэцыі. Сярод фальклорных жанраў аддае перавагу легендам і паданням. У іх ліку шмат невядомых беларускай фалькларыстыцы. Сам краязнаўца лічыць сваім набыткам легенды пра Грыневічаў вір і пра Юдаліху. Адасланыя Васілём Туміловічам фальклорныя запісы ў Беларускую акадэмію мастацтва атрымалі там высокую ацэнку. Кандыдат філалагічных навук Янка Крук у сваім водгуку на зборнік “З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка” піша: “Выключнае месца ў зборніку займаюць калядныя (шчадроўскія) песні, асабліва хрысціянізаваныя, а таксама раздзел паданняў і легенд (гэты раздзел увогуле фантастычна цікавы). Для мяне ўнікальным з’яўляецца блок маргінальнай пагранічнай культуры — праклёны”. Унутраны стымул запісу фальклору краязнаўца вызначыў так: “Я не хачу, каб легенды і песні маіх продкаў памерлі. Я не абмяжоўваюся сваімі службовымі абавязкамі, бо не магу цалкам рэалізаваць сябе ў іх, будучы творчай асобаю. Перш за ўсё я займаю актыўную жыццёвую пазіцыю, далёкі ад кансерватызму. Я — даследчык Палесся, гісторык-краязнаўца, літаратар. І такім буду. І я нясу поўную адказнасць за гэтыя словы”.

Васіль Туміловіч актыўна прапагандуе свае набыткі ў раённым, абласным, рэспубліканскім друку, выступае на рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных канферэнцыях. У яго 60 навуковых артыкулаў, некалькі брашураў.

На верх старонкі