Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 5

З даследванняў лунінецкіх краязнаўцаў

“Папяровыя сведкі” мінулага

Публікацыі з польскага перыядычнага выдання «Жыццё Палесся» («Zусіа Роlеsіа») за 1924-25 годы датычаць Лунінецкага павета. Нагадаем, што “бандытамі” польскія афіцыйныя ўлады называлі ўсіх ўдзельнікаў узброенай барацьбы супраць іх.

Напад банды

З Лунінца апошнім часам атрымана звестка аб нападзе, учыненым двума асобамі, узброенымі карабінамі, на жыхара Лахаўскай гміны Іллю Цімафееўскага, які вяртаўся з горада. Нападаючыя адабралі 30 мільёнаў (успомнім тагачасную інфляцыю) і верхняе адзенне. Бандыты адыйшлі ў бок в. Любачын.

(1924, №3, с.6)

Палескі мітынг

У нядзелю, дня 6 ліпеня, адбыўся тут вялікі палескі мітынг, арганізаваны мясцовым камітэтам Польскай Партыі Сацыялістычнай, што застаецца пад кіраўніцтвам пасла (так называлі дэпутатаў сейма) Валіцкага. На мітынг прыбылі з Варшавы: старшыня Парламенцкага клуба Польскай Партыі Сацыялістычнай пасол Норберт Барліцкі, паслы Бадзян і Дзенгілеўскі, ён жа — сенатар сядлецкі (член сената ад сядлецкага рэгіёну). Мітынг сабраў каля 2 тысяч валасцян з розных паселішч паветаў Пінскага, Столінскага і Лунінецкага. Паслы Барліцкі і Бадзян (першы — на польскай мове, другі — па-расійску) гаварылі пра ўнесеныя да Сейма праекты аб моўнай рэформе для Крэсаў Усходніх (так называлі ў Польшчы Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну), аб абавязкова хуткім правядзенні зямельнай рэформы і цэлым шэрагу іншых спраў, што датычаць жыцця мясцовага люду. Аб сервітутах (землях агульнага карыстання для сялянскіх грамад) і забеспячэнні на выпадак беспрацоўя гаварыў пасол Кордаўскі. Нарэшце, сенатар сядлецкі ў даступнай форме тлумачыў значэнне праводзімай валютнай рэформы (замены польскай маркі злотым) для гаспадарчага жыцця Польшчы.

(Там жа, с.8, аўтар Кульковіч)

Смерць ад пяруна

З Лунінца атрыманы звесткі, што ў в. Азярніца, размешчанай у межах Лахаўскай гміны, загінула ад ўдару пяруна нейкая Анастасія Грышкевіч, у час, калі ішла з хаты да студні з вядром па ваду.

(1924, №7, с.6)

Напад на дарозе

Дня першага жніўня бягучага года, а гадзіне 13-й, восем узброеных асоб затрымалі фурманкі, што вярталіся дамоў па дарозе да Леніна (населены пункт у цяперашнім Жыткавіцкім раёне). З ехаўшых фурманак зрабавана лепшае адзенне і грошы. Каманда павятовай паліцыі ў Лунінцы праводзіць энергічныя дазнанні.

(1924, №8, с.6)

Свята жаўнера

З нагоды Свята жаўнера, гадавіны «цуда на Вісле» (контрнаступу польскага войска, якое адкінула з-пад Варшавы Чырвоную Армію ў час савецка-польскай вайны 1920 года), адбылася дня 15 жніўня вайсковая ўрачыстасць на пляцу ўзлётным 5-га батальёна ў Брэсце-над-Бугам. Суправаджалася па вуліцах горада вайсковым аркестрам пры ўдзеле дзвюх камандаў пехоты і ўзводу кавалерыі... Адбыліся ўрачыстасці «цуду на Вісле» таксама ў Лунінцы, Пінску і іншых гарадах пры ўдзеле войскаў, адміністрацыі ўлад, цэхаў (рамесных аб’яднанняў) і саюзаў.

(Там жа)

Напад на шашы

Днём 7 жніўня а гадзіне 11-й па дарозе з Леніна да Мікашэвіч некалькі невядомых асоб стралялі ў ехаўшага з Мікашэвіч уладальніка маёнтка пана Котлярэўскага, які быў ранены ў руку. Вынікі праведзенага на тым месцы паліцэйскага расследвання невядомы.

(Там жа)

Случ выкінула сваю ахвяру

Дня 7 жніўня бягучага года, а гадзіне 20-й, у раёне пастарунка гранічнага №58 (на тагачаснай мяжы з СССР), у павеце Лунінецкім, дасталі з ракі Случ труп невядомага мужчыны, гадоў каля 20-ці. Нябожчык быў апрануты ў куртку светла-шэрага колеру, бялізна плюшавая зялёная, кашуля палатняная і шэрая кепка-жакейка. Расследванне праводзяць па-ліцэйскія ўлады.

(Там жа)

Арганізацыя земляўласнікаў

Дня 10 жніўня зямяне Лунінецкага павета сабраліся ў Лунінцы на арганізацыйны сход таварыства пад назвай «Obywatelev Ziemskich».

(Там жа)

Арганізацыя зямянства

Дапаўняем нашы нататкі, змешчаныя ў апошнім нумары «ЖП». Пішуць нам з Лунінца, што арганізацыйны сход саюза зямян адбыўся па ініцыятыве пана Чурука, адміністратара маёнтку пана Струкава. Старшынёй саюза аднагалосна абраны князь Францішак Друцкі-Любецкі. Сакратара саюза ёсць жаданне абраць на наступным сходзе. Адначасова на арганізацыйным сходзе ўхвалілі ападаткаванне па паўгроша з кожнай дзесяціны на ўтрыманне платнага сакратара саюза.

(1924, №9, с.6)

Паліцыянт-самазабойца

З Лунінца атрымалі паведамленне, што пастарунковы (паліцэйскі) пан Аляксандр Козел з 1-й кампаніі гранічнае (назва вайсковага падраздзялення накшталт роты) спрабаваў гэтымі днямі пазбавіцца жыцця праз ужыванне воцатнай эсенцыі. На шчасце, адразу па атручэнні пана Козела замах застаўся заўважаным і прыняты меры к выратаванню. Прычынай роспачнага кроку было, як нас інфармуюць, пакаранне будучага самазабойцы аднадзённым арыштам, што выклікала ў яго моцны нервовы разлад.

(1924, №20-21, с.7)

* * *

З Лунінца даносяць, што ў в. Смолічы гміны Заастроўскай павесіўся тамтэйшы гаспадар, 46-гадовы Феафіл Смоліч. Прычына самазабойства невядома.

(Там жа)

Рабаўнічы напад

Двое ўзброеных бандытаў у павеце Лунінецкім зрабілі напад на дом пана Кешкевіча, мяшканца вёскі Лоўча. Пасля стэрарызавання дамашніх бандыты забралі каштоўнасці і вялікую суму грошай, пасля чаго збеглі ў невядомым накірунку. Паліцыі падказана, што напад учынілі браты Сахановы, даўно разшукваемыя ўладамі за розныя злачынствы.

(Там жа)

Яшчэ адно забойства

З Лунінца паведамляюць, што ў вёсцы Волюта (Вялута), па дарозе з вёскі да леснічоўкі Мораковічы, Мірон Клімовіч з-за асабістых канфліктаў забіў лесніка Рыгора Носковіча ўдарам сякеры ў галаву. Забойца збег, і месца яго знаходжання паліцыі невядома.

(Там жа)

Таямнічы выпадак

Даносяць нам з павета Лунінецкага, што пару дзён таму прапаў без вестак пан Ян Шэваль, лекар ветэрынарны, жыхар Ганцавіч. Энергічныя пошукі не прыносяць выніку. Дапускаецца думка, што пан Шэваль быў забіты, а цела яго забойцамі схавана.

(1924, №22, с.4)

Смерць ад укусу сабакі

У в. Малыя Чучавічы павету Лунінецкага памерла ад ўкусаў бяздомнага сабакі 13-гадовая Аляксандра Паўліна. Належыць прызнаць, што дзяўчына была на працягу трох тыдняў у Пастэраўскім інстытуце ў Варшаве, дзе сказалі, што яна поўнасцю здаровая(?!).

(Там жа, с.5)

Вёска абуджаецца да жыцця

У дзень 12 кастрычніка бягучага года у в. Заастравечча аднайменнай гміны павета Лунінецкага стараннямі людзей добрай волі арганізаваны для падтрымкі “Лігі абароны паветранай Паньства» (LOРР) танцы, у час якіх сабраны чысты даход у квоце 650 злотых... Вядома нам з аднаго часопіса, што ваяводскі цэнтр Брэст, дзе ў параўнанні з Заастравеччам больш ёсць інтэлігенцыі, якая глыбей можа адчуваць патрэбы самаабароны, — горад той ледзь-ледзь здабыў усяго ...1000 злотых на «Lotу Роlskіе» (польскую авіяцыю).

(Там жа, с.6, аўтар Януш)

* * *

З Лунінца камунікуюць, што дня 16 снежня, вечарам, 10 бандытаў, узброеных карабінамі, рэвальверамі і гранатамі, рушылі зрабіць напад на дом Ігната Шчудніка, жыхара Рахавецкіх хутароў у гміне Ленінскай павета Лунінецкага. Бандыты зрабавалі там двух коней, сані, збрую і значную колькасць тавараў спажывання, затым збеглі ў невядомым кірунку. Пагоня не прынесла станоўчых вынікаў.

(1924, №25, с.6)

Апошні кавалак з рота...

Тры невядомыя асобы, узброеныя карабінамі, учынілі рабунак у доме Сямёна Жука, жыхара хутароў Жукоўскіх у павеце Лунінецкім. Незаможнага гаспадара бандыты абрабавалі толькі на 50 кг проса, астаткі ж нажытага не ўяўлялі для іх ніякай каштоўнасці.

(1925, №3, с.5)

Трагічны сямейны выпадак

Уладальнік буфета на чыгуначнай станцыі Лунінец Мечыслаў Самбульскі спрабаваў застрэліць з рэвальвера сваю жонку, 23-гадовую Марыю, якой першую медыцынскую дапамогу аказаў чыгуначны лекар. Трагічны выпадак меў месца на Рынкавым пляцы ў Лунінцы. Дагэтуль стан раненай застаецца досыць цяжкім... У час паліцыйнага дазнання Самбульскі засведчыў, што хацеў забіць жонку па той прычыне, што сваімі паводзінамі (яна) давяла яго да адчаю, да стану моцнага нервовага стрэсу.

(Там жа)

Напад на лясніка

З Лунінца паведамляюць, што чысла 27 мінулага месяца, каля апоўначы, шайка з 10 узброеных бандытаў учыніла напад на дом гаёвага ў лясах маёнтка Ленін, пана Ігната Корэлы, пражываючага на хутары Хорно. Да памяшкання пана Корэлы К. урынулася 6 бандытаў, другія засталіся па-кінутымі камандзірам шайкі на варце. Па абрабаванні ўсяго, што ўяўляла вялікую вартасць, бандыты прыгатаванымі загадзя фурманкамі паехалі ў напрамку хутароў Рахоўскіх. Пагоня вынікаў не дала.

(1925, №6, с.7)

Пасля чатырох гадоў

У вёсцы гміннай Лунін (павета Лунінецкага) устаноўлена апазнанне трупа экспедыцыяй следчага аддзелу, вядомага ў Лунінцы вахмістра В.П., замардаванага ў 1920 годзе Раманам Дырманам і Рыгорам Костычам. Забойцы былі арыштаваны.

(Там жа)

Банда Сахвона дае знаць аб сабе

З Лунінца даносяць, што дня 13 бягучага месяца, у адлегласці 3 км ад в. Лунін у Лунінецкім павеце, 4 узброеныя бандыты напалі на 2 цыганскія сям’і, што абозавалі на лясной паляне. Бандыты, па стэрарызаванні цыганоў, зрабавалі ў іх некалькі метраў сукна і другія каштоўныя прадметы, разам з царскімі сярэбранымі рублямі. Напад быў здзейснены, як сцвярджаюць функцыянеры паліцыі следча-крымінальнай, праз чатырох членаў банды Якуба Сахвона, пад яго асабістым кіраўніцтвам.

(1925, №8, с.5)

Разбойны напад

Дня 2 сакавіка бягучага года, незадоўга да поўначы, да мануфактурнай лаўкі Флаксмана Герша ў в. Бастынь гміны Лунінскай у павеце Лунінецкім, уварвалася трое бандытаў, якія абрабавалі розных тавараў агульным коштам каля 25 тысяч злотых. У час рабавання на варце перад домам Флаксмана заставалася 7 бандытаў, разам уся банда налічвала 10 асобаў. Па завяршэнні рабаўніцтва нападаўшыя, забраўшы ў Флаксмана каня, збеглі ў напрамку вёсак Велута, Люшча і Чучавічы. Выпраўленая паліцэйская пагоня мела звышцяжкае заданне — уцёкшых бандытаў уратоўваў лес і цемра ночы. Аб выніках пагоні звестак дагэтуль не атрымана.

(1925, №10, с.5)

Напад на войта

Дня 26 сакавіка, а гадавіне 18-й, трое ўзброеных кароткімі карабінамі нелюдзяў напалі ў в. Белае Возера, гміны Лунінскай у павеце Лунінецкім, на войта той жа гміны Крыцкага. Нападаючыя абрабавалі розных рэчаў агульнай колькасцю 485 злотых. Па заканчэнні рабаўніцтва бандыты збеглі... Адным з бандытаў быў даўно ўжо вядомы паліцыі Якуб Сахвон, які паходзіць з гміны Лунінскай.

(1925, №12, с.5)

Напад у в. Лугі

Дня 26 сакавіка, а гадзіне 19-й, шасцёра ўзброеных кароткімі карабінамі бандытаў напалі ў в. Лугі гміны Чучавіцкай у Лунінецкім павеце на аб’яздовага лясоў Лушковіча Канстанціна. Па абрабаванні розных рэчаў бандыты збеглі ўздоўж канала Агінскага. Адным з удзельнікаў нападу быў вядомы паліцыі крымінальнік Раман Дэліна, які нядаўна прыбыў з Расіі.

(Там жа, с.6)

Загадкавы пажар

У в. Ракітны, гміны Кажан-Гарадоцкай Лунінецкага павету, у ноч з 27 на 28 зыходзячага месяца, згарэла стадола, хлеў, карова, тры кані, пяцёра авечак і інвентар сельскагаспадарчы Цімафея Грэбеня. Ветрам агонь перакінуўся на пабудовы Лукаша Скібы, ад чаго згарэла стадола і хлеў. Страты склалі некалькі тысяч злотых. Прычына пажару ўяўляецца досыць загадкаваю.

(1925, №14, с.5)

«ТУР» у Лунінцы

У дзень 1 красавіка была адкрыта ў Лунінцы бібліятэка “Таварыства Універсітэту Работнічага» (ТУР), якою карыстацца могуць усе жыхары Лунінца і наваколля, старэй 16 гадоў, якія ўнеслі членскі ўзнос у памеры 1 злоты. Не члены плацяць 2 злотыя. Аплата за пазыку кніжак уносіцца 1 злоты 50 грошаў штомесячна.

(1925, №15, с.7)

Сын падазраецца ў забойстве бацькі

Дня 21 бягучага месяца, а гадзіне 2-й, стрэлам у жывот забіты жыхар хутароў Радзігіраўскіх Лазар Дорудзей. Невядомы страляў у Дорудзея ў час, калі той выходзіў з дому на падворак. Дорудзей памёр 21-га ў 11 гадзін 30 хвілін вечара. Паліцэйскія ўлады арыштавалі сына забітага, Паўла, які падазраецца ў забойстве бацькі.

(1925, №21, с.7)

Разгром банды з-пад Лоўчы

У балотах Грычынскіх, паміж Лахваю і Пузічамі, у ноч з 11 на 12 бягучага месяца аддзелы «КОР» (Корпуса аховы памежжа) асадзілі штаб банды з-пад Лоўчы, з якім завязалася крывавая барацьба, у часе якой былі забіты герст (кіраўнік) банды Раман Дэліна і Каліненка (у час нападу на Лоўчу выдаваў распіскі за прадметы, зрабаваныя ў палявым шпіталі), а таксама цяжка паранены і ўзяты Корж Васіль і Вацько. Прозвішчы многіх узятых бандытаў пакуль не называюцца.

(1925, №24, с.8)

Няўдалы напад

Чысла 14 чэрвеня а 12 гадзін ночы банда з 4 чалавек спрабавала напасці на леснічоўку Людвікава, гміны Чучавіцкай павета Лунінецкага. Банда была перахоплена вайсковым пастарункам, які стрэламі з карабінаў змусіў яе ўцякаць у напрамку вёсак Будча, Люшча і Чудзін. Арганізавана праследаванне банды.

(1925, №24, с.8)

Ранены агітатар

Чысла 21 чэрвеня нейкі Улановіч, жыхар мястэчка Лахвы, праводзіў размовы з некалькімі жыхарамі. У час, калі ён выказаўся: “У Польшчы былі камуністы і будуць тут, на Крэсах, а палякі — непатрэбны”, падыйшоў да яго стаяўшы збоку салдат з 5-й брыгады КОР і хацеў устанавіць яго асобу. Улановіч пусціўся уцякаць. У час праследвання жаўнер піхнуў уцекача багінетам (штыком) у бок, лёгка параніўшы. Раненага Улановіча сям’я пакінула ў шпіталі ў Лунінцы. Дазнанне праводзяць улады КОР.

(1925, №27, с.7)

Затрыманне фальшываманетчыка

Днём 11 бягучага месяца камендант гарадскога пастарунку ў Лунінцы Янкоўскі затрымаў асобу, пускаючую ў абарачэнне фальшывыя 2-златоўкі. У часе асабістай рэвізіі (вобыску) пры затрыманым знойдзены прылады для вырабу фальшывых манет і фальшывыя манеты.

(1925, №30, с.7)

Бандытызм у павеце Лунінецкім

Яшчэ нядаўна найгрознейшаю бандыцкаю шайкаю на тэрыторыі Лунінецкага павета была банда, на чале якой стаяў мясцовы мужык Якуб Сахвон. Была яна страшылішчам для насельніцтва, якое прозвішча бандыта вымаўляла з жахам, як бы асцерагаючыся, каб “не выклікаць ваўка з лесу”. Працягам некалькіх астатніх месяцаў банда Сахвона не падавала ніякіх прыкмет аб існаванні. Улады супакоіліся, гадалі: куды маглі падзецца бандыты? Дапускалася за рэальную думка, што ўся шайка разам з “атаманам” перайшла праз граніцу ў Савецкую Расію. Аказалася, што такое прыпушчэнне хаця і здавалася праўдападобным, але на справе — безпадстаўнае. У лесе, у трох кіламетрах ад в. Лунін, знайшлі ў нядзелю рэшткі Якуба Сахвона, закапаныя ў зямлю на глыбіні паўметра і прыкрытыя галлём. Пры трупе ляжаў кароткі карабін расійскай сістэмы. Да гатага часу яшчэ невядома, хто забіў грознага бандыта. Праўдападобна, што тое ўчынілі яго ж таварышы па сумесных рабунковых рэйдах на падставе звядзення асабістых рахункаў.

(1925, №42, с.6)

Смерць ад купання

У дзень 14 серпня бягучага года у час купання у р. Случы ўтапіўся Чура Антон, 58 гадоў, цясляр, што працаваў на будаўніцтве паліцыйных стражніц гранічных у Лунінецкім павеце.

(1925, №9, с.6)

Замах на самазабойства

Дня 14 серпня бягучага года павесіўся мяшканец в. Гоцк гміны Чучавіцкай Лунінецкага павету Нагорны Сямён. Прычыны самазабойства невядомы.

(Там жа)

Напад на ўрадоўца

Дня 20 серпня чатыры ўзброеныя асобы ўчынілі рабаўнічы напад у в. Красная Воля, гміны Лахва павета Лунінецкага, на землямера і інжынера акруговага праўлення земскага ў Пінску Паплаўскага і ўрадоўцаў таго ж, Пасярбіньскага Аляксандра і Банка Люцыяна. Нападаючымі адабраны грошы, адзенне і асабістыя дакументы. За бандытамі неадкладна адпраўлена пагоня.

(Там жа)

Значны пажар

Дня 23 серпня а гадзіне 17-й выбухнуў пажар у в. Красная Воля, гміны Лахва.

(Там жа)

Смерць ад пяруна

Дня 20 серпня была забіта ад ўдара пяруна Ганна Дэлёсх, мяшчанка Кажан-Гарадка, павета Лунінецкага.

(Там жа)

Пры пераходзе граніцы

У гэтыя дні каля Мілевіч у павеце Лунінецкім нейкі мужчына спрабаваў перайсці граніцу, аднак наткнуўся на паліцыянта, які аклікнуў яго для затрымання. Паколькі тая асоба не спынілася, а стала хутка ўцякаць, пастарунковы ўжыў зброю і неаднаразова стрэліў у бок уцекача, які скрыўся ў начной цемры.

(1925, №12, с.6)

Сцэнічны гурток

Дня 7 бягучага месяца гурток сцэнічных аматараў у Лахве пад кіраўніцтвам п. Дубіньца Аляксандра арганізаваў прадстаўленне, на якім былі пастаноўкі “Эва Маскоўская” і “Асьведчыны”.

(Там жа)

Расстралялі бандытаў

Акруговы суд на выяздной сесіі ў Лунінцы разглядаў дня 15 бягучага месяца справу Кузьмы Круковіча з гміны Ленінскай, абвінавачанага ў тым, што ў ноч з 16 на 17 серпня ўчыніў супольна з некалькімі выкрытымі злачынцамі бандыцкі напад на дом Яна Прымуцкага і пры дапамозе гвалту зрабаваў маёмасць пацярпелага. У выніку суд абвясціў вырок аб смяротным пакаранні Круковіча шляхам расстрэлу. Вырок быў выкананы раніцай наступнага дня.

(1925, №14, с.4)

“Глос Палескі”

Згодна з пададзенаю намі інфармацыяй, пачынаючы з бліжэйшай нядзелі, пачне зноў выходзіць у Брэсце тыгоднік “Glos Poleski”, прыпынены некалькі тыдняў таму. Рэдактаваць у будучым тое выданне мае пан Антоні Нядзельскі.

(1925, №15, с.5)

Арыгінальныя жабракі

У павеце Лунінецкім у в. Красная Воля да мяшканца Паўла Кішковіча зайшлі ноччу двое ўзброеных людзей з пажаданнем, каб ім далі хлеба. Гаспадары паднялі трывогу, якая схіліла арыгінальных жабракоў да хуткіх уцёкаў.

(Там жа)

Голаснае рэха нападу

З асяроддзя некалькіх дзесяткаў асоб, арыштаваных у сувязі з нападам на цягнік пад Лунінцам, шаснаццаці асобам ставіцца ў віну ўдзел у нападзе, і ў бліжэйшы час яны паўстануць перад судом. Арыштаваныя 26 асоб, падазроных ва ўдзеле ў нападзе на Кажан-Гарадок, адпушчаны на волю за адсутнасцю будзь-якіх абцяжарваючых віну ўлікаў.

(1925, №15, с.6-7)

Шчаслівы вынік катастрофы

Наш карэспандэнт лунінецкі даносіць, што дня 25 бягучага месяца вечарам на ўскрайку чыгуначнай станцыі Люсіно мела месца сутыкненне цягніка з дрэзінай, якою ехаў маёр Плавіньскі, камандзір аднаго з аддзелаў, прымаючых удзел у праследаванні лунінецкіх бандытаў. Ніхто з едучых не ранены, толькі дрэзіна моцна пацярпела у выніку здарэння. Як нас інфармуюць, прычынаю здарэння стаў самавольны выезд дрэзіны без патрэбнага ўзгаднення з адпаведнымі станцыямі.

(Там жа)

Страляў праз акно

У дом мяшканца вёскі Ковельшч (павет Лунінецкі) Семяновіча невядомы страляў праз акно, раніў Семяновіча ў левы бок, а яго жонку ў левую руку. Як падазроны да замаху, арыштаваны мяшканец той жа вёскі Пятро Крыніцкі.

(1925, №17, с.6)

Узяцце бандыцкай шайкі

Лунінец, 14 кастрычніка. Астатнімі днямі арыштавана ў нашым павеце многа асобаў, да якіх існуе прыпушчэнне, ёсць таксама і абвінавачванні аб здзяйсненні імі шэрагу бандыцкіх нападаў. Паміж іх арыштаваны небяспечны бандыт Васіль Ярмовіч, мяшканец гміны Ленінскай, які выдаў удзельнікаў банды: Герасіма Ярмовіча, Яна Ярмовіча і Вавжынца Федаровіча. Усе пералічаныя ёсць мяшканцамі в. Сітніца. Адзін з іх, Герасім Ярмовіч, здолеў збегчы, і месца яго цяперашняга прытулку паліцыі невядома. Арыштаваныя бандыты прызналіся ў нападах і марадзёрствах, учыненых на нейкага Ісэра Сруля, а таксама ў аграбленні памяшканняў Абрама Чыруна. Як паінфармавана пішучым тое паведамленне, усе тры бандыты хутка паўстануць перад доказным судом.

(1925, №17, с.8)

Адкрыццё сейміку ў Лунінцы

Доўга мяшканцы нашага павета чакалі павятовага ўраду. У той час, як у другіх паветах дзейнасць сеймікаў адкрывалася, былі змушаны тут думкамі чакаць, чакаць без канца. Ніхто з разумных мяшканцаў павета не адчувае да ўлад якой-кольвек крыўды, бо ўсе добра разумеюць, што адцягванне “на потым” ускладняе праблемы, якія бачацца ў кожным накірунку жыцця Лунінецкага павета. Цяпер, аднак, наш павет урад свой атрымаў. Праз некалькі дзён адбыліся выбары ў сеймік павятовы, якія з пункту вартасці выбраных прынеслі вельмі карысныя вынікі. Гэтая акалічнасць пакуль дае гарантыю, што дзейнасць новаўтворанага сейміка будучым часе будзе мець станоўчыя вынікі.

(1925, №17, аўтар — R.Or-wski, дата — 14 кастрычніка)

Пажар

У Ракітне павета Лунінецкага згарэлі некалькі дзён таму 2 хаты, шопа і абора, што належалі пану Канстанціну Гарпачэўскаму. Страта дасягае каля 2000 злотых.

(1925, №18-19, с.7)

Эпідэмія самазабойстваў

У лесе, у гміне Хатыніцкай павета Лунінецкага, парэзаў сабе горла брытвай мяшканец Сьвэнця Юзэф Кур. Аколічныя мяшканцы не хутка знайшлі застылага самазабойцу.

(Там жа)

Лунінецкія бандыты перад судом

У доказным судзе ў Пінску, што адбыўся 26-28 кастрычніка, разглядалася справа пяці асобаў, абвінавачаных у нападзе на поезд пад Парахонскам. На лаве падсудных апынуліся Крук Мікіта 24 гадоў, Конрад Ляўчук 26 гадоў, Сава Соц 23 гадоў, Кузьма Нарыманчук 32 гадоў І Адам Курыловіч 29 гадоў. Склад суда наступны: старшыня суда акруговага ў Пінску п. Рдултоўскі і суддзі Байдан і Рэут.

Выкліканы 21 сведка, у іх ліку былы ваявода п. Ст. Даўняровіч і былы камендант паліцыі п. Менсовіч. Апошні па прычыне хваробы не прыехаў у Пінск. Сведкі апісалі ход нападу, не дабавіўшы новых падрабязнасцей да вядомых агульных фактаў.

Абаранялі адвакат п. Стэфан Міцкевіч з Вільна (абарона Крука), п. Бэрг з Пінска (што да Ляўчука), п. Сандзілоўскі з Пінска (Соца), п. Іваноў (Нарыманчука) і п. Елінкевіч (з боку Курыловіча).

На трэці дзень слухання адвакат Сандзілоўскі падаў ад імя абараняемага заяву, якой дамагаўся перадачы падсудных звычайнаму суду, бо “Акт абвінаваўчы” быў закончаны на 15-ты дзень следства, калі ва “Уставе аб судах дарожных” адзначаны 14-м днём. Суд аспрэчыў заяву абаронцы і справу аб нападзе пастанавіў прызнаць за непадсудную для суда доказнага і перадаць на наступнае пасяджэнне звычайнага (суда).

Суд уважыў другую заяву абароны і прымяніў прафілактычныя меры ў адносінах да двух падсудных: Соца і Курыловіча. Той апошні, па звальненні, тут жа быў астаўлены на месцы паліцыяй, таму што займаўся шпіянажам на карысць Саветаў.

Засталіся абвінавачанымі Крук, Ляўчук і Нарыманчук, якія будуць чакаць разгляду справы за кратамі.

(1925, №18-19)

Пераклад з польскай мовы Васіпя Туміловіча

На верх старонкі