Альманах "Лунінецкая муза", № 19

Сцяпан Нефідовіч

Сувой жыцця

Вершы

Аб аўтары

Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч нарадзіўся 3 студзеня 1941 года у вёсцы Лахаўка Лунінецкага раёна.

Працаваў паляводам і рахункаводам у калгасе «Новае Палессе», масавіком і бібліятэкарам у Любанскім сельскім клубе, настаўнікам мовы і літаратуры Любанскай СШ. Закончыў Пінскае педвучылішча і філфак БДУ.

Аўтар кніжак «Дзень добры!», «Парушынкі ў воку» (сумесна з В. Філатавым), «Святло бяроз» і многіх артыкулаў па краязнаўству і фалькларыстыцы.


Паклон табе, мая зямля

* * *

Я выйду з дому,
Гляну ў далягляд —
Як хораша, ўрачыста,
Люба, чынна!
Зямлі маёй
Магутная краса —
Вось тут
І пачынаецца Айчына.

Вясна-красна

   1.
Мароз злуецца, траціць сіл астаткі,
А ўжо вясна сінее небам чыстым,
І перад светлым сонцам урачыста
Вярбовыя каткі здымаюць шапкі.

Прыціхлі ў садзе яблыні ды грушы,
Цяпла чакаюць, сталі галінаста.
І сонца завітала нам у душы,
І сэрца б’ецца трэпетна і часта.

Грачыны грай і жаўрука спеў першы
Прыход вясны вітаюць, будзяць ранне.
А ў сэрцы нараджаюцца ўжо вершы
Пра край наш, пра вясну і пра каханне.

   2.
Пад песні жаўрукоў, пад булькат ручайкоў
снягоў абрыдлых лопнула скляпенне,
і на далоні вечнасці ў імгненне,
абуджаны святлом да сонца напралом
(увесь ён — і нявіннасць, і сумленне)
праклюнуўся расток — жыцця святы выток.
І хоць ніхто не ўбачыў нараджэння,
а свет пахарашэў на долечку адну.
Вясна-красна — святое абуджэнне.

* * *

Ці зблізку іду, ці здаля —
Я вершаў нясу бярэмца:
У кожным — малюнак жыцця,
У кожным — часціначка сэрца.

Паклон табе, мая зямля

Зноў я пад родным асмужаным небам
Выйшаў, стаю і лаўлю цішыню.
Чую, як ласкава дыхае глеба,
Чую, як луг аддае цеплыню.
Кожны расточак умыты расіцаю,
Поле шчаслівіцца, вечар пяе.
Я нахілюся над цёплай зямліцаю,
Сэрца, бы ў мацеры, б’ецца ў яе.
Я парадніўся з ёй, роднаю, блізкаю,
Зросся карэннем да скону жыцця,
Дык пакланюся ёй нізенька-нізка я
І прыпаду, бы да маці дзіця.

На світанні

Прыцярушана даллю дарога.
На усходзе за лесам — пажар.
Цішыня. І нікога, нікога,
толькі я, у фантазіі мар.

Ноч канае у золкім світанні,
на травінках — крышталікі рос.
Цішыня. І чутно: прарастае
каля ног на загоне авёс.

Заблудзілася зорка Вілюя
ў ружавеючых кудзерках хмар.
Цішыня. І нікога. Стаю я
у палоне і чараў, і мар.

* * *

Благаслаўлёны будзь,
Стары бацькоўскі дом!
Тут песні, як і хлеб,
Цанілі бацька, маці.
Я песень дар прыняў
І ўнукам перадам,
Хай стане Найкаштоўнейшым багаццем.

Цна

   Шмат бачыў рэчак і рэчачак, але мая Цна — самая прыгожая. Пабыць на ёй — адна асалода
   (з даўняй размовы з Міколам Калінковічам).

Не рака, а рэчачка —
Вузкі паясок,
Мые-выпалосквае
Залаты пясок.
Салаўі пявучыя
Будзяць берагі,
Аксамітам сцеляцца
Травы-мурагі.
А імчыць, а коціцца
Рэчка Цна,
Ўперагонкі з птушкамі
Мкне яна.
Выскачыла з лесу —
І ў сяло.
Хаты ў яе глянулі,
А там — шкло,
Чыстае, празрыстае
Аж да дна.
Дарагая, блізкая
Сэрцу Цна.

Будзённы дзень

Яшчэ адзін пражыты дзень
За далягляд праплыў паволі.
Ён быў звычайным будным днём
І не паўторыцца ніколі.
Ды хай у гэты просты дзень
І зроблена зусім нямнога,
Але ў жыцці пакінуў след.
Пражыты дзень — і слава Богу.

* * *

Адпраўлена на пенсію вайна
І болей не грыміць і не трывожыць,
А для мяне яшчэ крычыць яна
Маленькім хлапчуком на раздарожжы.

Вечар за вёскай

Чырвоны сонечны клубок
Скаціўся ціха ў лес зубаты,
І апусціўся шэры змрок
На луг, на поле і на хаты.
Ды яркім ланцужком агнёў
Гарыць на гарызонце вёска,
Не можа развітацца з днём,
Што знік, і толькі адгалоскам
Яшчэ вярэдзіць цішыню.
А вечар волкі і рахманы
На луг расісты зацягнуў
Цянёты белага туману.

Чэрвень


   1.
Дзе світальныя туманы
П’юць рачную прахалоду,
Бродзіць вецер лугам росным,
Ён шукае ў рэчцы броду.
Цёплы ранак напаўняе
Кветкі пахкай асалодай,
Сабярэ, напоўніць вуллі
Чэрвень кубачкамі мёду.

   2.
Па лугах праходзіць чэрвень,
Сцеле травы у пракосы,
У зялёных шатах лета —
Хор птушыны стогалосы.
Сон развеяўшы світальны,
Распусціла сонца косы
І застыла, каб паслухаць
Той аркестр стогалосы.

Жніво

Нібыта музыка арганаў
(З юначых слухаю гадоў),
Гучыць мелодыя камбайнаў
На фоне залатых палёў.
Лапацяць жыта матавілы.
Гарачынёй палае дзень.
Адкуль бяруцца толькі сілы
І у камбайнаў, і ў людзей?
Любоў да хлеба, голас сэрца —
Спрадвек — якая глыбіня!
І ў кузаў з бункера імкнецца
Лавіна сонечных зярнят.

Дажынкі

Сёння ў калгасе
Ладзім дажынкі.
Хвала рукам вашым
Рупным, мужчынкі.
Вы працавалі
Шчыра і верна,
Хай утрайне вам
Бог сілку верне.
Намалацілі
Зерня багата —
Поўны амбары.
Ой, ці ж не свята!
Глянь, каравай які
Спяклі жанчынкі
Пышны, духмяны
Нам на дажынкі.
Поўны парадак
У гаспадарцы.
Дык налівайце ж
Па поўнай чарцы.
Хай п’ецца чарка,
Хай есца скварка,
Поўніцца песнямі
Хай гаспадарка.

Расінка

На ліст уселася расіначка,
Такая светлая, празрыстая,
Нібы дзіцячая слязіначка,
Бязвінная, крыштальна чыстая.

У ёй ружовы ранак месціцца
І неба сіняе, бяздоннае.
У першых промнях сонца песціцца
І лашчыць ціша ранне соннае.

Мая рука лістка кранаецца
Расінка у далоню коціцца.
Спакоем сэрца напаўняецца,
Жывінкаю душа лагодзіцца.

Вечар над возерам

Убіта ў возера месяца паля.
Лодка ў бераг уткнула свой нос.
Ціха хлюпае сонная хваля,
Ловіць цішу халодную плёс.
Дагарае касцёр, ледзь іскрыцца,
Шалік дыму павіс на кастры.
Сосны сцелюць пасцель мне з ігліцы.
Цёпла, ўтульна ў лясным гушчары.

Восеньскі матыў

Адлятае клін гусіны,
Коціць холад па зямлі,
Па-пад вокнамі вяргіні
Пачарнелі, адцвілі.
Дрэў лістота, што лістоўкі,
Шалясціць на маставой,
Ды рабінавыя гронкі,
Бы агні, над галавой.
Вераб’і маўчком паселі,
Сцерагуць пакой глушы.
І пануе сум асенні
На дварэ і на душы.

Асяніны

З дажджом халодны вецер ў ладзе
Скубе лісты ў астылым садзе.
А за сцяной то загрукоча,
То ў вокны б’е, бы ў хату хоча.
На шыбах чорнае вуалі —
Сумотны плач — слязінкі жалю.
То просіць восень разумення...
Сяджу ў самотнасці нязменнай.
У памяці маёй ёсць келіх
Сяброў і сваякоў памерлых.
Я ў келіх лью віно паволі
Ды п’ю за ўсіх памершых долю,
Хто увайшоў у маю памяць
І хто ў душы змог след аставіць.
Мне сёння сумна, горка досыць.
Паплач і ты са мною, восень.

Удава

Суседкі летам сонечным
Сарвалі ўсе маліны.
Табе ж іх не дасталася,
Дасталіся — каліны.
Запознена, з ільдзінкамі.
Нібы ў крыві далоні.
Рассыпаліся ягады
Спагадкамі чырвонымі.
Было: цвіценне белае
І лета зеляніна,
Цяпер — салодка-горкая
Даспелая каліна.
Краса твая — малінаю,
Калінавая ж — доля.
...І патухаюць ліхтары
Ва ўдовіным прыполе.

* * *

Бялютка-чыстыя паволі
На дол садзяцца матылькі.
І беляць луг, і беляць поле,
І беляць рэчак ручнікі.
Уся зямля ў пуховай шалі.
Свет падабрэў, павесялеў.
Абдуты свежай, светлай хваляй,
І я душою пасвятлеў.

Першы снег

Першы снег — абнаўленне зямлі.
Чысціня — моў святліца вячыстая.
Бы на пульхна засланы кілім,
Так у неруш ступаю ўрачыста я.
Першы снег — белы снег, белы дых.
Як прыгожа наўкола, о, Госпадзі!
Ён мне доктар ад слабасцяў ўсіх,
Ад хвароб, ад журбы і ад роспачы.

У зімовым лесе

Абдуты намараззю золкай,
Лес і пануры і пусты.
Аголеныя, бы мяцёлка.
Стаяць лазовыя кусты.
Ды зрэдку высвісне сініца,
Прашапаціць пажухлы ліст.
Спіць лес.
Яму мо лета сніцца
Пад шоргат траў і ветру свіст?

Да Прыпяці

Я запрог кабылку ў сані,
На прастор шырокі выкаціў,
І праз бель да небакраю
Паімчу да самай Прыпяці.

На бярозах, лозах іней.
Песню палазы высвістваюць.
З-пад капыт снег бела-сіні —
То клубкамі, а то пырскамі.

Гэй, гнядая, нават вецер
За табою, бач, не ўгоніцца!
Вунь і звер цябе прыкмеціў,
З лугу збег, у гушчу горнецца.

Вось і Прыпяць. Пояс сіні
Лёг між вербамі і лозамі.
Знізу — лёд, а зверху — іней —
Чараўство зімы з марозамі.

* * *

Вядома, у прыродзе ўсё часова:
І птушкі, і звяры, і чалавек,
Ды толькі бессмяроцце мае мова,
Яна народу дадзена навек.
Маёй жа, беларускай, шлях пакутны
Уратавалі людзі ці сам Бог.
Яе, бы на сцяжыне той трыпутнік,
Знявечылі, стапталі да знямог.
Ды як бы ні тапталі падарожнік,
Ён лісце выпрамляе зноў, цвіце.
Вясной ён зноў на сцежцы прарасце
І распрастае лісце пераможна.

Шчасця роднаму народу

Пад мроіва фантазій, чараў, мар
Сняжынкі карагод вясёлы водзяць...
Я на сцяне мяняю каляндар
На стыку двух вякоў, тысячагоддзяў.

Гляджу з аглядкай на мінулы век —
Век рэвалюцый, войнаў, мірных будняў.
Што ў век наступны возьме чалавек?
Шлях выбера шчаслівы ці пакутны?

І хочацца паверыць ў любоў,
У дабрыню, у розум, у цвярозасць.
Там ява, дзе не проста згурткі слоў,
А дзея, што да шчасця люд прыводзіць.

Шчыруе снег, віхрыцца за акном,
Кілімы сцеле маладому году.
Я сёння п’ю шампанскае віно,
І тост мой: “Шчасця роднаму народу!”

      30.12.2000


Птушка шчасця

Каханне

Зялёнай цішай лета — у душы,
рамонкам пахкім палявым — на сэрцы,
чмяліным дзікім мёдам — на губах,
лілеяй чыстай белай — у вачах
з’явілася ты мне ў юнацтве.
Ды і цяпер з табою цёпла,
ўтульна, соладка, прыгожа.
То мо гэта і ёсць каханне?

* * *

З поля сцежкай ішла
Прыгажуня-дзяўчына,
А насустрач ёй — дождж.
А насустрач ёй дождж
Бег імклівай лавінай.
Дождж яе абхапіў,
Абгарнуў, нібы любы,
Цалаваў, мілаваў.
Мілаваў, цалаваў
Ногі, грудзі і губы.
Не ўцякала яна,
У абдымках стаяла.
І ад радасці дождж
І скакаў, і плясаў,
Аж вада булькатала.
Я пад дрэвам стаяў
І глядзеў вінавата:
Хай бы гэта быў я!
Хай бы гэта быў я,
А не дождж зухаваты.

* * *

Мы ўдвух — дзве зоркі у Сусвеце —
Дзве таямніцы ў гэтым свеце
Між незавершаным і вечным,
Між недасяжным і часовым,
Між неакрэсленым і ясным
Ў бяздонні мараў і жаданняў.
Ды ў нас — зямныя парыванні:
На вуснах — хмельны водар кветак,
Ды лучнасць рук і лучнасць сэрцаў,
І лучнасць цел — пяшчоты хвалі...
Мы зорку новую запалім.

* * *

Вечар цёмны беспрасветны
Ліхтары ўключыў,
Твар твой мілы, кужаль светлы —
На маім плячы.
Ночка зоры высыпае,
Звоніць ціш начы.
Рукі, губы... “Я кахаю...”
І маўчым, маўчым.
Ноч купальская малая.
Светлы ўсход гарыць.
Мы з табой не заўважаем:
Згаслі ліхтары.

Вобраз


Вада пульсуе і бруіцца —
Журчыць нястомная крыніца —
Кахання голас.
Нібыта ясных зор уночы
Гарыць святло —
Каханай вочы.
А невычэрпны вулей мёду,
Што разлівае асалоду, —
Каханай вусны.
Два каласкі (не для разлукі —
Вяршкамі ўніз) —
Каханай рукі.
У цёплы вечар майскай поўні
Прастор салоўка песняй поўніць —
Каханай сэрца.
І дзівасіл, што лечыць раны,
Цвіце ў душы
Маёй каханай.

* * *

Калі гляджу на каласок
і мне ўяўляюцца зярняты,
калі дзіўлюся на пупышку
і уяўляю нейкі плод,
ці у патроне бачу слёзы,
а у запалцы злы агонь,
то, гледзячы на немаўлятка,
ніяк я не магу прадставіць,
кім будзе гэты чалавек:
Дабром ці Злом.

* * *

Штодзень гаворым
Пра работу,
Пра блізкіх, родных і знаёмых,
Пра адпачынак і падзеі —
Узгадваем усё на свеце. І толькі,
Як прыходзіць гора
Ці настае бяда якая, —
Згадаем Бога.
То мо таму
Шмат адбываецца паўсюды
Аварый
І прыродных катаклізмаў.
Відаць, так Бог дае,
Каб мы часцей
Яго успаміналі.

Вяснушкі

Па зялёнкі мы пайшлі,
Там адны сівушкі.
Не збіраў ты іх — глядзеў
На мае вяснушкі.
Ты смяяўся з мяне, кпіў:
“Бачыш, восень хмарыць,
А ў цябе, глядзі, цвітуць
Рабінкі на твары”.
І спачатку іх лічыў
Спрытненька рукамі,
А пасля вяснушкі піў
Цёплымі губамі.
Як нам хораша было,
Маладым, шчаслівым!
Няхай тайну зберажэ
Сведка — лес маўклівы.
Па зялёнкі мы пайшлі,
Там адны сівушкі.
Мая радасць і мой боль —
Рыжыя вяснушкі.

Бывай

   Алесі Арэль
Не прыходзь да вачэй маіх.
Што цвіло — адцвіло, адляцела,
На халодных начах пасівела.
Адхварэў я, а боль не аціх.

Да маіх не туліся рук,
Бо баюся, каб зноў не ўваскрэсла
Тых абдымкаў былых перавясла.
Не хачу ўж ні раю, ні мук.

Да маіх не цягніся губ,
Усё ва мне і ў табе адбалела,
І што светлым было — пацямнела.
Чарната у душы. Я агруб.

Да маёй не чапіся душы.
Я — шалёны ад лютага болю.
Лепш не знаў бы цябе я ніколі.
Не прыходзь. Не звані. Не пішы...

Вяртанне ў першае каханне

   І хітрыя жанчынкі, і дзяўчаткі
   У сэрцах носяць свой сакрэтны май.
   Анатоль Сербантовіч

У сэрцы носіць кожная сакрэт
Ці сталая жанчына, ці дзяўчатка:
Лагодзяць душы і харошаць свет
Ім пацалункаў цёплыя пячаткі.
Камусь сваю аддаўшы цеплыню,
Вяртаюцца у першае каханне.
На вуснах ані болю, ні агню,
Ды памяць і не стыне, і не вяне.
І затрапеча зноў кароткі міг:
Заплюшчаць вочы — чуюць тыя губы,
І без уяўнай важнасці багінь
Адно прашэпчуць ціха-ціха: “Лю-бы”...

* * *

Як рэдка цяпер
у палескія хаты
прыносіць дзяцей
белы бусел цыбаты!
Затое штотыдзень
у вёсцы памінкі,
праз годзікаў дваццаць —
па вёсцы памінкі.

Святло рабін

У хмарным небе беспрасвецце,
Па шыбах — дождж, нібы гарох,
А за акном рабіна свеціць
Святлом чырвоных ліхтароў,
І мне здалося: ў гэтым свеце —
Найпрыгажэйшае святло.
Ці, можа я, паэт, прыкмеціў,
Чаго другі ніхто не змог.
Ну, і няхай. Павінны ж нехта
Прыкмеціць гэтую красу.
Агні рабін — цяпельца лета —
Душу мне грэюць, гасяць сум.

Ой, ляцелі гусі

   Ой, ляцелі гусі
   З далёкага краю,
   Селі яны, палі
   На ціхім Дунаю.
   З беларускай народнай песні

Ой, ляцелі гусі
З далёкага краю,
Селі начаваці
Ля густога гаю.
У траве так добра,
Бы ў цёплай пасцелі...
Раптам з чорнай ночы
Хтось у стада стрэліў.
Шумна, у трывозе
Лапацелі крылы.
На зямлі валяўся
Гусачок адзіны.
Маладая гуска
Гусака шукала,
Маладая гуска
Гусака гукала.
Галасіла звонка
У вялікай скрусе.
Гледзячы на ўдоўку,
Плакалі ўсе гусі.
І з гусіных слёзак
Дробны дождж праліўся.
...Паляцелі гусі —
Клін за лесам скрыўся.

Чорнае віно

Дай Бог вам піць чырвонае віно,
Дай Бог вам піць зялёнае віно,
І то, і то — хай пеніцца ў красе
І толькі ўцеху-радасць прынясе.
Ды не дай Бог, каб з келіха да дна
Вам выпіць чорнага віна,
Бо ў келіху тым грань і злом
Адсвечваюцца чорным Злом.
Не сок там — чорная вада.
Хай напаткае тых Бяда,
Хто вам наліў таго віна
І прапануе піць да дна.

Замова

Першым разам,
добрым часам
я — словам да Бога
за дапамогай:
памажы, Божа,
колькі зможаш,
адолець нягоды
майму народу —
хай тлум з галоў сыдзе.
Хай людзям выйдзе
з сэрцаў — згрызота,
з душ — маркота,
з думак — турбота,
са слоў — пустота,
з вачэй — самота,
з рук — лянота,
а з хат — бядота.
Усім добрым людзям,
прашу, хай будзе
праца — з плёнам,
хлеб — штодзённа,
песня — да хлеба,
грошай — як трэба,
шчаслівых казак,
прыгожых красак.
Амін.

Рэха

Так спрадвеку ў прыродзе вядзецца,
Там, дзе ты, дык і водгулле там.
Клікні толькі — яно адгукнецца,
Найчасцей, дзе жыве пустата.
Але часта вяртае нас рэха
У гады, што не вернеш назад:
Дзе дзяцінства з залівістым смехам,
Дзе пакінуты хутар і сад.
Калі цяжка, трывожна жывецца —
Урываецца рэха у сны.
Ветэрану, што тлее цяпельцам
Адгукаецца рэха вайны.
Шэлест кніг чую, дойлідаў стукат,
І дарог бачу даўніх пячаць...
Ды і сам сярод праўнукаў, унукаў
Буду рэхам калісьці гучаць.

Хлеб дзяцінства

Мне наспела патрэба —
Бохан жытняга хлеба.
Хлеб дзяцінства успомніў
І выразна даволі:
Жмені першага жыта
Жне матуля на полі.
Колас кожны ў далонях
Яркім сонцам сагрэты,
А той хлеб пахне полем
Залацістага лета.
Каласкі падбіраю —
То жыццё сабіраю —
Залатыя зярняты
Я жыву — не ўміраю!
Будзе скорачка ў хлебе,
Бы далоні, каравай,
І прашэпча матуля:
“Богу-Госпаду слава”,
Пацалуе той бохан,
Вочы ўзніме у неба...
Рэжу лустачку хлеба,
Проста чорнага хлеба.


Настальгія

Матчыны песні

Дзесь за акном зімы іграла скрыпачка,
Глядзеўся месяц-поўня у акно.
І песні маці, бы з кудзелі нітачка
Ўсё слаліся па хаце валакном.
І тых мелодый чары небывалыя,
І слоў сяйво запалі мне ў душу.
Я пасталеў, гады мае мінаюцца,
А тыя песні ў сэрцы ўсё нашу.

Настальгія

   Жонцы Вользе Якаўлеўне
За акном — бярозы ў інеі,
снегу гладзь.
Ты хадзі, мая любімая,
побач сядзь.
Ды згадай вясну юначую,
хоць на міг.
...Салавей спяваў і плакаў як!
І сад цвіў....
Валасы пагладжу русыя,
як тады.
Ў твае вочы задзіўлюся я,
як тады.
...Пахла квеценню і зоркамі...
Рук цяпло...
А шкада, сляды снягамі ўжо
замяло...

Трыялет

Сад каля бацькавай хаты,
Што ты, браток, затужыў?
Там, дзе калісьці я жыў, —
Сад каля бацькавай хаты.
Рэдка бываю тут, што ні кажы —
Ў гэтым я сам вінаваты.
Сад каля бацькавай хаты,
Што ты, браток, затужыў?

Варушыць памяць напамінак

Я ведаю, не раз згадаеш,
Якое лета то было:
Мы ўдвух — шчаслівыя, кахалі —
Зайздросціла усё сяло.
Другі развеяў шчасце гэта,
Яму даверылася ты
І панясла з сабою лета
Удалячынь і назаўжды.
Варушыць памяць напамінак.
Прайду праз дзень, прайду праз ноч
І акунуся ў бляск расінак,
Што ранак сонечны прынёс.
А можа, гэта не расінкі,
Бо саланеюць на губах,
Мо — развітальныя слязінкі,
Што ціха стынуць на шчаках.
А лета, што тады спявала,
Далёка збегла за сяло,
Ды павуцінкай тонкай стала
І з павучкамі адплыло.

* * *

Адпахла лета
спелаю суніцай,
рамонкам белым,
мёдам залатым,
духмянай ліпай,
пахкаю жывіцай,
грыбамі першымі.
Ды й зараз пахне тым
прыемным пахам
выспелага жыта
і сена...
Тыя пахі ўсе, што ёсць,
народжаныя сонцам і блакітам,
ўвабралі ўсю зямную прыгажосць.
Але найбольш прапахла лета потам,
бо што б там ні было,
а чалавек сябе стварае
на зямлі работай,
зямля —
яго карміцелька спрадвек.

Разлад

Васілю
Тваё каханне — толькі мукі —
Незразумелае, як ты.
Душэўны боль, аж ломіць рукі,
Крычыць душа ад нематы.
Любоў не возьмеш на парукі,
Калі ў ёй здрады шмат, слаты...
Услед за горкаю разлукай
Стаяць папалены масты.

Ганне

   Ты пайшла, ты чамусьці пайшла, і я стаў калодзежам без вады.
   Міхась Стральцоў

Ты пайшла. Ён застаўся адзін,
Бы без лісця ўлетку язмін,
Бы без птушкі пявучая клетка,
Бы сарваная ў кветніку кветка,
Бы калодзеж, што страціў ваду,
Ты пакінула ў хаце бяду.

* * *

На разлогі лягла цішыня
ў гэты вечар азяблы, рахманы.
І ад стыні вячэрняй зямля
укрываецца белым туманам.

Дзень стаміўся і дрэмле. Шкада
свежы сон яго чымсьці парушыць.
Нават падаюць ціха ў садах
пераспелыя яблыкі, грушы.

Салдацкая ўдава

   Былой суседцы Ганне Аляксееўне Дземідовіч прысвячаю.
У парошах далёкіх нягод
Вецер песні вайны разгубіў,
На прасторах палеткаў і вод
Новай песні навеяў матыў:
Дзе калісьці акопы былі,
Родзіць жыта, буяе трава.
Дажывае свой век у сяле
Бабка Ганна — салдатка-ўдава.
Ўсе надзеі згубіла даўно,
І даўно ужо слёз не стае,
Хоць ля тэлеэкрана адно
З сумам плача надзея яе.
Мо пакажацца дзе? Не відаць.
Нават вечар стаміўся, прыстаў.
За гадамі — жыццёвая даль.
А салдат яе песняю стаў.

* * *

Стаіць маўкліва лес глухі, паніклы,
Акутаў снег палеткі і сады.
За паваротам недзе лета знікла,
Замецены і восені сляды.
І хораша навокал, чыста-чыста —
Зіма красой зямлю апавіла.
Хоць на душы прыемна і ўрачыста,
А хочацца ўсё ж летняга цяпла.

* * *

Калі б падняўся
з таго свету Колас
і ўбачыў, што зрабілі
з нашай мовай,
не толькі закрычаў бы
ва ўвесь голас,
а ўсім кіраўнікам
паскручваў бы
галовы.

Быў беларус — знікае беларус

Сказаў хтось: “Памяць узвышае нас...”
Няпраўда — памяць гіне і канае:
Пры гэтым пакаленні, у наш час —
Паклон чужому, хоць сваё знікае.
Ты песню беларускую пачні,
Падхопіць хто? Беспамяцтва заела,
Ды і радні згубілі карані.
Тлум і віно ўсім розум адалела.
Быў беларус — знікае беларус,
Бязмоўным кожны з нас цяпер стаецца.
Квітнела Беларусь, нібы абрус,
Радном, здаецца, шэрым застаецца.

Хай не стыне ласка

Я ў сінь вачэй тваіх дзіўлюся,
Бачу ў іх прыгожых нас і юных,
І кахання, што звінела маем,
Шчэ й цяпер гучаць суладна струны.
Ўсё з табою папалам дзялілі
Як маглі: і радасць, і трывогі.
А на твары праляглі маршчынкі —
Гэта знакі пройдзенай дарогі.
Павуцінкі бабінага лета
Густа ў валасы твае ўпляліся.
Адляцелі дзеці, нібы птушкі,
Мы ж з табой яшчэ не нажыліся.
Нашы вёсны паўтарацца ў дзецях.
Хай не стыне ласка пад вятрамі.
Ну, а павуцінкі, баразёнкі —
Гэта наша восень бродзіць з намі.

Равеснікам

   Калі табе гадоў капа — чакай папа.
   Прымаўка.

Ну, хто сказаў, што ў шэсцьдзесят
Жыццё пражыта беззваротна
І твой канчаецца прасцяг?
Чуць гэта прыкра і гаротна.
Так, пасівела галава,
Так, мы прыкметна пастарэлі,
Падводзім вынікі жніва,
Узважваем, ці жыць умелі.
Ды рана нам, сябры мае,
Да пажыццёвай пераправы.
Фінал пакуль не настае,
На скон пакуль не маем права,
Бо шчэ не пройдзены шляхі,
Што адкладалі мы на потым;
Бо шчэ не складзены ў стагі
Натхненні, справы і турботы.
Ну, а пакуль шчаслівы лёс
Гадоў качае каруселі...
Ды точыць душу пачуццё:
Якія зоры адгарэлі!


На верх старонкі

Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч

 Птушка шчасцяНастальгія