Альманах “Лунінецкая муза” № 27

Сцяпан Нефідовіч

Спеў берасцянкі

Пейзажныя мініяцюры, замалёўкі, навелы

Аб аўтары

Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч нарадзіўся 3 студзеня 1941 года у вёсцы Лахаўка Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Працаваў паляводам і рахункаводам у калгасе «Новае Палессе», масавіком і бібліятэкарам у Любанскім сельскім клубе, настаўнікам мовы і літаратуры Любанскай СШ. Закончыў Пінскае педвучылішча (1965) і філфак БДУ (1982). 36 гадоў адпрацаваў у Любанскай СШ выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры.

Аўтар паэтычных зборнікаў «Дзень добры!» і “Сувой жыцця”, сатырычнага зборніка «Парушынкі ў воку» (сумесна з В. Філатавым), зборніка пейзажных замалёвак «Святло бяроз» і многіх артыкулаў па краязнаўству.

Сцяпан Нефідовіч усё жыццё захапляецца прыродай, і перад ім раскрываюцца яе таямніцы. З будзённага жыцця аўтар умее выбраць самае незвычайнае і цікавае. Паэтычнае апісанне роднага краю вымушае чытача задумацца, здзівіцца, пахарашэць душою.

Адкрытая кніга прыроды

Прырода — як кніга. Пакуль ты сядзіш у кватэры ці ў доме, яна для цябе закрытая. Выедзь за горад, выйдзі за вёску, і кніга з малюнкамі, што радуюць вока, і з рамантычнымі тайнамі адкрыецца. І кожны, хто хоча спазнаць тыя тайны, не абавязкова павінен валодаць асаблівым дарам. Варта толькі стаць крыху больш уважлівым, чым звычайна, і адкрыецца новы свет птушак, жывёл, раслін, які ты раней не заўважаў.

Цікавае, займальнае, захапляючае не толькі недзе за сямю лясамі, за сямю гарамі, а побач: вакол цябе і каля цябе.

Пейзажныя замалёўкі і эцюды, змешчаныя тут — толькі маленькія фрагменты, якія арганічна ўпісваюцца ў агульную гармонію навакольнага свету.

Аўтар



Нефідовіч