Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 7

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Са спадчыны часоў фетышызму

Васіль Туміловіч, гісторык, краязнаўца

Аж да пачатку 1960-х гадоў можна было сустрэць на Лунінеччыне (у Кажан-Гарадку) вельмі дзіўнае збудаванне: прыкладна пасярод падворка ўзвышалася доўгая жэрдка, на якую насаджана драўлянае кола ад воза. Яго было відаць здалёк: гэтую канструкцыю рабілі вышэй ўсіх гаспадарчых пабудоў. І нават калі ў вяскоўцаў пачалі з’яўляцца «жэрдкі» іншага кшталту — громаадводы і телеантэны — безымяныя хісткія канструкцыі, увянчаныя вазовымі коламі, ўсё яшчэ суседнічалі з апошнімі навінкамі технічнага прагрэсу і заставаліся неад’емнымі атрыбутамі асобных падворкаў.

Якое ж прызначэнне такога дзіўнага, цяпер забытага збудавання?

На падобнае пытанне гаспадары адказвалі: «Гэта каб шуляк не хапаў курэй». Можна было б ад душы пасмяяцца і над дзівацтвам збудавання, і над прастатою адказаў, але што самае цікавае — сапраўды шуляк абмінаў такія падворкі! І гэта даказвала шматгадовая практыка!

Думаецца, перш чым збудаваць згаданую канструкцыю, продкі нашы ўкладалі ў яе, не ў апошнюю чаргу, магічны сэнс.

Кола (круг), як і падкова (паўкруг, арка), маюць самае непасрэднае дачыненне да каня, культ якога ў той ці іншай меры быў вядомы і на землях нашых продкаў. Некалькі гадоў таму з’явілася гіпотэза, што нават герб «Пагоня» быў абраны Вітаўтам не выпадкова: гэта вынік запазычання нашай шляхтай сармацкай культуры, дзе культ каня меў больш трывалыя пазіцыі, чым у балта-славяна-яцвяжскім асяроддзі.

Нарэшце, кола, адарванае ад зямлі, развернутае паралельна яе плоскасці і ўзнесенае да неба вышэй пабудоў, умоўна пераставала быць дэталлю ад воза і выконвала цяпер новую, сакральную ролю: сімвалічна гэта быў салярны дыск (стылізаваная выява сонца). А форма кола — круг — імітацыя вобраза нябеснай сферы. Так што сувязі «кола — конь», «кола — сонца» і «кола — небасфера» — гэта састаўныя часткі адзінай магічнай сімволікі, што дае падставу сцвярджаць: згаданая вышэй канструкцыя — фетыш часоў язычніцтва, або абярог.

Кола ад воза, узнесенае над зямлёю, як бы дубліравала нябеснае заступніцтва язычніцкага пантэона і выдзяляла адпаведны падворак як прыкрыты не адной, агульнай для ўсіх небасферай, а ... дзвюма!

Але ці ў адной магіі тут справа? Можа, усё куды прасцей, і згаданая канструкцыя — не абярог, а звычайны апалох, пудзіла, пазбаўленае ўсякай містыкі?

Канешне, кола ад воза цяжкае і нават ад лёгкага ветру канструкцыя хісталася, а разам з тым перамяшчаўся эліпсападобны цень ад кола. Пры гэтым цень мог мяняць форму. Няўжо той няўлоўны рух старонняга прадмета і форма яго ценю адпужвалі крылатых драпежнікаў? Калі так, то назіральнасць і кемлівасць нашых продкаў заслугоўваюць самай глыбокай пашаны! Треба сапраўды быць мудрым, каб такою прымітыўнай канструкцыяй (жэрдка плюс кола) рашыць праблему аховы дамашніх птушак!

Тут можна было б адкінуць усю містыку і сцвярджаць, што згаданая канструкцыя — не абярог, а апалох. Але ... зноў жа: не так усё проста! Чаму ж тады шуляк не палохаецца другіх відаў апалохаў, а рэагуе толькі на кола ад воза?

Думаецца, кожны з гэтых двух несумяшчальных пунктаў гледжання на дзіўнае прыстасаванне мае пад сабою даволі важкія асновы, а таму азначаную канструкцыю правільна будзе лічыць і абярогам, і апалохам адначасова.