Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 5

З даследванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Мудрыя словы

Cцяпан Нефідовіч, в. Любань

Яшчэ паўстагоддзя назад нашы палешукі жылі жыццём, дзе існавалі спрадвечныя рэлігійныя і бытавыя традыцыі, дзе побач з песнямі суседнічалі легенды ці гісторыі з нашага мінулага, дзе былі ў пашане кнігі. Але ў быт людзей увайшоў тэлевізар, які запаланіў кожнага, выкрасліў з людскіх душ усё самае святое, адарваў ад мінуўшчыны, атруціў розум шкоднай ідэалогіяй.

Ды ёсць адзін важны аспект, які, мабыць, ні пры якіх абставінах не знікне, не растворыцца ні ў сучасных жыццёвых праблемах, ні ў палітыцы, ні ў п'янках. Гэта — народнае мудрае слова: жарты і анекдоты, прыказкі і прымаўкі, а таксама дасціпныя выразы. Яны вучаць, павучаюць, падказваюць, бывае высмейваюць або дакараюць ці проста аб нечым сведчаць. Прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы — гэта няпісаны звод правілаў, якім чалавек можа кіравацца ў паўсядзённым жыцці, і лаканічная ацэнка ўбачанага ці пачутага.

Бываюць рэгіянальныя выслоўі, па прынцыпу: «Кожнае сялцо мае сваё слаўцо», дзе сказанае характарызуе толькі мясцовыя фактары і мае мясцовы каларыт. Так у нашых мясцінах можна пачуць: «Расшчотлівы, як гарадчук» (жыхар Давыд-Гарадка), «злосны, як драбчук (жыхар Дрэбска), «згуляць па-бродніцкі» (у карты), «праславіўся, бы казінцы з казою» (факт, што лахаўцы зацягнулі казу на званіцу царквы); пра касавокіх кажуць: «Адно вока на Вічын, а другое — на Грычын».

Мабыць, у кожнай вёсцы ў народных выслоўях знойдзеш выразы, што характарызуюць пэўныя асаблівасці населенага пункта. Так, некалі ў Лахаўцы казалі: «Лахаўка — сваім дзеўкам, сваім хлопцам знахадка», а ў Любані гаварылі: «Любанне — сваім дзеўкам згубанне», што азначала: у Лахаўцы найбольш лахавоцкія хлопцы жаніліся з лахавоцкімі дзяўчатамі, а ў Любані многія бралі замуж дзяўчат з блізляжачых вёсак. Ды і цяпер у Лахаўцы 90% сямей — тутэйшыя, дзе муж і жонка — лахаўчане. Асаблівасцю ж сучаснай Любані з'яўляецца тое, што прыблізна 75% жыхароў — нелюбанцы, інакш кажучы, людзі прыезджыя. Адсюль вынікла: «З'ехаліся з усіх канцоў — і нарабілі любанцоў». А яшчэ ў ранейшыя часы ў нашых вёсках бытавала прыказка: «Куды ні глянем — то Ганна, то Маня». Не ведаю, як дзе, а, напрыклад, у Лахаўцы і зараз больш чым па 25% жаночых імён — Ганны, Мані, Тані (так прастамоўна тут гучаць гэтыя імёны).

Вышэй прыведзеныя выразы носяць мясцовы характар і не маюць яркай дасціпнасці. Але ў народзе маецца мноства мудрых слоў, якія набылі больш шырокі рэзананс. Яны нярэдка бытуюць у паўсядзённым жыцці, многія людзі карыстаюцца імі ў той або большай меры для падмацавання сваёй гаворкі, надаючы ёй большую яркасць і выразнасць.

Прапаную некалькі выслоўяў, запісаных у вёсках Любань, Лахаўка, Лахва і Сінкевічы. Прапанаваныя прыказкі і прымаўкі прайшлі праз час, праз людскія пакаленні і дайшлі да нас мудрымі выразамі, якія можна выносіць на суд больш шырокай аудыторыі, даць новы імпульс іх жыццю. У іх ёсць і красамоўства, і вобразнасць; яны раяць і вучаць, асуджаюць і высмейваюць.

Не кажы: «Не ўмею», а кажы: «Навучуся».
Чаго Іванка не навучыцца, таго і Іван не будзе ведаць.
Калі дзіця не навучыш у пялюшках, то не навучыш і ў падушках.
Добрыя дзеці — бацькам вянец, паскудныя дзеці — бацькам канец.
Хата з дзецьмі — базар, а без дзяцей — пустка.
Во даюць: за тры леткі чатыры дзеткі!
Ад малых дзяцей баляць рукі, а ад вялікіх — сэрца.
У дзіцяці забаліць пальчык, то ў мацеры — сэрца.
Сын лае — на печ лезь, зяць лае — шукай дзверы.
Як сэрцам не любіш, то словам не задурыш.
Як нялюба жонка, то мужу ўдома і суп смярдзіць.
Вочы без душы — сляпыя, вушы без сэрца глухія.
З красы не піць расы: краса да вянца, розум да канца.
Муж хай будзе, як варона, абы была абарона.
Лепш жонка сварлівая, чым дурная.
Хто розуму не мае, таму і каваль не ўкуе.
Няма розуму зранку, то не будзе яго і вечарам.
Не гавары, што ведаеш, а ведай, што гаворыш.
Мудры не ўсё кажа, што ведае, а дурань не ўсё ведае, што кажа.
Хай лепш мудры пасварыць, чым дурань пахваліць.
Галава не толькі на тое, каб шапку насіць.
Якая кроква, такая і лата, якая работа, такая і плата.
Зайздрасцю яшчэ ніхто не разбагацеў.
Сярдзітае не бывае сытае.
Весялосць — палавіна здароўя.
Кожны дубок хваліць свой жалудок.
Піліп да чаркі прыліп.
Гарэлка — злая зладзейка.
Дзе гарэлка, там разлад: бывай грошы, бывай лад.
П'е, бо бедны, а бедны, бо п'е.