Альманах "Лунінецкая муза", № 14

Таццяна Чумак

Рэха былога

Ад аўтара

Нарадзілася і вырасла ў вёсцы. Бацькоўская хата — на ўскрайку Бродніцы, з усіх бакоў акружаная лесам. Змалку любіла назіраць за прыродай. Часта заставалася сам-насам з уласнымі думкамі і марамі — бацькі завіхаліся ў полі, у старэйшых братоў былі свае інтарэсы. Магчыма, гэтае дзіцячае адзіноцтва і дазволіла разгуляцца паэтычнай фантазіі.

У школе падабаліся родная мова і літаратура. Дарэчы, менавіта пры садзеянні настаўніцы гэтых прадметаў Кацярыны Мікітаўны Барычэўскай і захапілася мастацкім словам.

Па прыкладу брата-медыка закончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча. Асобнаю і вельмі важнаю старонкаю жыцця стала праца ў дзіцячым артапедычным санаторыі «Лахва».

Аднак душа патрабавала свайго. Актыўна супрацоўнічала з раённай газетай. І вось з медсястры пераўтварылася ў карэспандэнта. Прайшлі тры гады, і цяпер магу з упэўненасцю сцвярджаць, што журналістыка і паэзія — гэта мае прызванні.

Зараз працую ў газеце «Информ-прогулка». Па-ранейшаму жыву ў Бродніцы. Галоўным шчасцем ў жыцці сталі дзве дачушкі. Ім, а таксама сваім бацькам, я і прысвячаю першы свой зборнік.

Роднаму куточку

Я ніколі вёску не пакіну,
Не забуду родны той куток,
Тую хату і зямельку тую,
Дзе зрабіла свой найпершы крок.
Вёску — ні на што не прамяняю,
Не змагу я жыць без тых бяроз,
Што пакрыты шэранем іскрыстым,
Калі першы возьмецца мароз.
Не змагу не пасядзець ля грубкі,
Слухаючы, дровы як трашчаць,
Не змагу не выйсці ноччу з хаты
І пад зоркамі крыху не пастаяць.
Будуць клікаць за мяжу далёка,
Горы залатыя абяцаць,
Свой прытулак — вёсачку дзяцінства
Не змагу ад сэрца адарваць!

Землякі

На Поўначы, у горадзе вядомым,
У аўтобусе звычайным, гарадскім,
Сядзеў, глядзеў у акно стары дзядуля
І думаў усё аб нечым аб сваім.
Нарэшце ціха пра сябе прамовіў:
«Цвіце ў Беларусі зараз сад...»
Мужчына раптам, уперадзе стаяўшы,
Імгненна павярнуўся тут назад.
— Вы з Беларусі? — Так... І заблішчэлі
У абоіх слёзы радасці ў вачах.
Успомніў кожны з іх сваё дзяцінства
І роднай хаты саламяны дах.
«Сыночак мой! — стары абняў мужчыну
І доўга не пускаў яго рукі.
— То ж не чужыя людзі мы з табою,
То ж мы з табой, выходзіць, землякі!»
Вось так заўсёды. Дзе б то ні былі мы,
Хоць лепшага пабачылі б жыцця,
Не страцім суму па сваёй Радзіме —
Шчымлівага ў сэрцы пачуцця.

Палессе

Палессе... Жаўрук у блакітных нябёсах.
Лісточкі бярозак пад ветрам шумяць.
Дажджы праліўныя. І верас увосень,
Крыклівыя гусі ў вырай ляцяць...
У гэтых мясцінах мінула дзяцінства.
Знаёмы, такі мілы сэрцу куток.
Вось хата ля лесу. А гэтай сцяжынкай
Я пешшу прайшлася, як быў мне гадок...
Мінулі гады. Не змянілась нічога.
Усё тая ж бяроза мая пад акном.
І жабы ўсё тыя ж канцэрты гуляюць,
Такая ж маланка, такі ж моцны гром...
Мяняецца толькі жыццё год за годам.
Гляджу на дачку, як па сцежцы бяжыць.
Сарвала маленькую кветку, смяецца...
Жыццё. І на месцы яно не стаіць.
Мясціны Палесся! У гэтых мясцінах
Усё маё сэрца, душа ўся мая.
Дай Божа ніколі мне вас не пакінуць,
Заўсёды чуць птушак і бег ручая!

Бацькам

Бацькі мае! У гэта слова
Кладу я ўсю сваю любоў.
Бо ведаю — жыцця дарога
Варочаць будзе зноў і зноў.
І што тады? Хто дапаможа?
Хто дасць параду ў бядзе?
Сябры? Таварышы? А можа,
Сама знайду прытулак дзе?
Не знаю, гэтага не будзе.
І як бы мне не давялось,
Параюся я з бацькам, маці,
Мы разам знойдзем выйсце, вось!
Бацькі мае! Бывае часта,
Не слухаю я вашых слоў.
Але паверце: я ўсё помню.
Прыміце ж вы дачкі любоў!

У Вёсцы

Скрыпнулі дзверы, зарохкалі свінні,
Брэшуць сабакі, каровы мычаць...
Вёска прачнулася! Трэба за працу!
Доўга ў вёсцы няма калі спаць!
Раніцай ўлетку, як сонейка ўзыдзе,
Трэба ў поле спяшацца хутчэй:
Зелле ж праклятае нас не чакае —
У час не праполеш — яно ўсё гушчэй!
Восень настане — другі ужо клопат,
Увесну дык ўвогуле — што гаварыць?
Усё прачынаецца, ўсё ажывае,
Трэба пасеяць, зараць, пасадзіць...
Толькі зімою, ля цёплае грубы,
Калі завіруха гудзе за акном,
Калі ўсё пад снегам, марозам скавана —
Добра тады адпачыць вечарком!

Дамоў

Стаіўся вечар над сялом,
Істужкі дыму ў неба ўюцца,
У хатах вокны са святлом
Такімі цёплымі здаюцца.
Іду, спяшаюся. Дамоў!
І нават цемра не пужае.
Як добра — думка прыдзе зноў —
Калі твой дом цябе чакае!
Прапусцяць веснічкі ў двор,
Ціхутка скрыпнуць: «Прывітанне!»
Праз іх я пад наглядам зор
Калісьці бегла на спатканне.
Шнурком раўнюткім плот вядзе
Далей, да любае бярозы.
З дзяцінства, пры любой бядзе
Яна хавала мае слёзы...
Нарэшце дзверы адчыню,
Знаёмы водар адчуваю,
Бліжэй да грубкі, да агню
Я па прывычцы прысядаю.
Старэнькі, просты дыванок
Ляжыць заўсёды ля парога.
На ім зрабіла першы крок,
З яго ў жыццё пайшла дарога...
Куточак, сэрцу дарагі!
Табой заўсёды ганаруся.
Ад непагоды і тугі,
Дзе б ні была — дамоў вярнуся!

Чарнічкі

(Дачушкам)
Выйшлі на прагулку
Дзевачкі-сястрычкі.
Самі — як гарошкі,
Вочкі, бы чарнічкі.
Жвавыя малыя
Бегаюць, гуляюць.
Між сабой сур’ёзна
Яны размаўляюць:
— Вось зіма, сняжынкі.
І адкуль бяруцца?
— Гэта, пэўна, хмаркі
Між сабою б’юцца.
Іх кусочкі снегам
На зямлю ляцяць,
Каб чысцюткай коўдрай
Усё вакол заслаць...
— Злепім снегавёнка!
Тут няхай стаіць!
— Трэба яму ручкі,
Ножкі прыляпіць!
Тут жа за работу
Дзевачкі бяруцца.
Падаюць бясконца,
Устаюць, смяюцца...
Кажуць пра дзяцінства:
Птушкай адлятае
І пра чалавека
Ўжо не ўспамінае...
Я ж магу спрачацца:
Нібы чараўнічкі,
Вярнулі дзяцінства
Мне мае «чарнічкі»!

Хлопчык

Ноч. Цішыня. Разносіць водар
Ласкавы, лёгкі вецярок.
У небе зоркі, як пацеркі,
Жаўцее месяца ражок.
Шумяць лістотаю бярозы,
Блішчаць расінкі ў траве,
З журботай, нават мо з адчаем,
Салоўка ціха дзесь пяе.
І гэты спеў трывожыць сэрца.
Прыходзяць думкі. Пра жыццё.
Было калісьці столькі мараў,
Ды... адышлі ў небыццё.
Усё не так, як нас ў дзяцінстве
Вучылі шчырасці, дабру.
Жыццё. Кругом пануе жорсткасць.
І здраду ўбачыш, і журбу.

***

Адзін выпадак мне ў памяць
Запаў, напэўна, назаўжды.
Была тады, па-мойму, восень,
Ужо наступалі халады...
Халодны, дробны дожджык сеяў,
Усе спяшаліся дамоў.
Па мосце, што каля вакзала,
Павольна чалавек ішоў.
Малы, прамоклая кашуля
І безнадзейнасць у вачах.
Была ўся вопратка старая
і з гумы боты на нагах.
Дзіця, маленькі гэты хлопчык
Прасіў ціхутка ў людзей:
— Падайце, я такі галодны...
А хтось з прахожых: — Ух, зладзей...
І ўсе ішлі спакойна міма,
Ніхто і ўвагі не звяртаў,
Жанчына нейкая на сына:
— Глядзі, каб гэты... Што не ўкраў...
Толькі адзін стары дзядуля
Усё ж падышоў да хлапчука.
Даверліва яму ў руку
Лягла маленькая рука...

   * * *
І гэта наша міласэрнасць?
Не заўважаць нават вачэй,
Вачэй дзіцяці, што з мальбою
Глядзяць: «Дапамажы! Хутчэй!»
А тыя маці, што з цыгарай
Віно з бутэлькі прама п’юць?!
“Няўжо яны не разумеюць,
Што ў сэрцах дзеці іх нясуць?
Жыццё, жыццё... Чаму ж ты, Божа,
Не ўсіх шчаслівымі зрабіў?
Каб хоць дзяцей бездапаможных
Ты ад нястачы засланіў...

Восені

Ты, восень — названая маці,
Мяне нарадзіў лістапад.
І я ні за што не хацела б
Жыццё паварочваць назад.
Нібыта надвор’е увосень:
То сонца, то хмары, туман,
Спляліся ў лёсе і радасць,
І смутак, і крыўдны падман.
А зараз ты зноў пакідаеш
Мяне, дарагая, адну.
А мне не патрэбны завеі —
Зусім не чакаю зіму.
Мне мілы твае павуцінкі,
Лістоты пакроў залаты,
А ранкам самотным і ціхім —
Туманаў ссівелых масты.
Я плачу — ты плачаш са мною,
Смяюся — ты сонцам зірнеш.
Па гнуткай жыццёвай сцяжынцы
Мяне ты заўсёды вядзеш.
Бывай, дарагая сяброўка!
Ляці ў свой край, адлятай!
Мае запаветныя мары
Да новай сустрэчы хавай...

Пяць гадоў

(Святланцы)
Пяць гадоў. Прайшлі, нібы хвіліны,
Зніклі ў палоне небыцця.
Пяць гадоў. Яны мне падарылі
Шчасце быць стваральніцай жыцця.
Восень сцежку шчодра жалудамі
Усыпала, пажоўклаю ліствой...
Пяць гадоў, як восень залатая
Стала наймілейшаю парой.
Вочкі, нібы тыя жалудочкі,
Тварык, як бярозавы лісток,
Быццам дождж, празрыстыя слязінкі
І пяшчотны звонкі галасок.
На дачку гляджу, і думкі часта
Зноў нясуць ў мінулае, туды
Дзе жыццё надзеі і спаткання
За пяць год пакінула сляды...

Першая кветка

Першая кветка — усмешка вясны
Ціха расплюўчыла вочкі.
І на сцяблінцы яе ажылі,
Выраслі хутка лісточкі:
— Зімку я спала пад песню завей,
Ды пад снягамі драмала,
Але зямелька-матуля мяне
Добра заўжды сагравала.
Смагаю зводзіла вусны зусім,
Мараю стала крыніца.
Тут ручаінка дазволіла мне
Уволю вадзіцы напіцца.
Як захацела нарэшце ўстаць,
Страх не дазволіў падняцца.
Вецер параіў мне: ні перад чым
Нельга ніколі спыняцца.
Будзе нягода і будуць дажджы,
Іх абысці немагчыма.
А найскладаней — пачатак жыцця
Убачыць сваімі вачыма...

Купалле

Дзе ты, чароўная папараць-кветка?
Дзе цябе ноччу купальскай шукаць?
У лесе вялікім, цёмным, дрымучым,
Нам ты захочаш сябе паказаць?
Вогнішча велічна шлях асвячае,
Хвалі вяночкі ўрачыста нясуць,
Мы за жаданаю кветкаю пойдзем.
Сэрцу так хочацца шчасце адчуць.
Дрэвы сваволяць — галіннем чапляюць,
Вецер заблыітвае нам валасы.
Дзе ж ты, чароўная папараць-кветка?
Ты не хавай сваёй дзіўнай красы!
Рваць мы не будзем цябе, пакажыся!
Нам бы на дзіва крыху паглядзець...
Дзе ж ты, чароўная папараць-кветка?
Дзе цябе можна ўбачыць, сустрэць?

Натхненне

Калі я доўга не пішу,
Мяне магнітнай нейкай сілай
Цягне паперу, ручку ўзяць,
Заняцца справай, сэрцу мілай.
Бывае, ноччу быццам хто
Разбудзіць, скажа ўсхвалявана:
— Ты вось аб гэтым напішы.
І я запісваю старанна.
Я нарадзілася пісаць.
Ніколі вершы не пакіну.
Без творчасці жыць не змагу.
Загіне творчасць — я загіну.

Восені

Я не люблю цябе восень, прабач,
Я не люблю, калі на развітанне
Птушкі ў небе жалобна крычаць,
Быццам з бядою ляцяць на спатканне.
Я не люблю цябе восень, прабач,
Голыя дрэвы, зямля ды каменне.
Бы й не было тут ніколі жыцця.
Мне ж падабаецца сонца праменне.
Я не люблю цябе восень, прабач.
Хмары кашлатыя вецер падгоніць,
Кідае дробныя кроплі дажджу.
Роспач чамусьці да сэрца прыходзіць.
Мне падабаецца свет, цеплыня,
Голас жывое прыроды вясёлай.
Я не люблю цябе восень, прабач.
Я не люблю адчуваць сябе кволай...

Зімою

Замяла зіма сцяжынкі,
Падкавала рэчку лёдам,
Дзень праходзіць, як імгненне,
Ноч здаецца цэлым годам
Дзетвара бяжыць на горку,
Маці стукае ў акно:
— Ну вярніцеся, бо зараз!...
А малым — усё адно!
Ружавеюць хутка шчочкі,
Хоць марозу — не чуваць.
Гоп у снег, але зноў хутка
Бяжыць санкі даганяць...
Эх, дзяцінства! Дзе ж ты зараз?
Дзе салодкі самы сон,
Што адплыў так непрыкметна?
Дзе цяпер балюе ён?

Раніцай

Дзень працёр рукамі вочкі
І задзьмухнуў ліхтары.
Басаногі, асцярожна
Ён ступае па двары.
Зазірае ціха ў вокны,
Гладзіць месяц па спіне,
Зоркі ў прыгаршчы збірае —
Ні адну не абміне...
Верыць ён, што зможа радасць
Усім на свеце падарыць,
«Я — шчаслівы,» — дзень нарэшце
Шумам вуліц закрычыць.
І да вечара за намі
Будзе пільна назіраць,
Слёзы ўбачыць — будзе плакаць,
А ўсмешкі — цалаваць!

Заручальны пярсцёнак

Заручальны пярсцёнак —
Гэта сведка кахання,
Ён заўсёды напомніць
Тое шчасце спаткання,
Калі позіркам трэба
Было абмяняцца,
Калі сэрцы рашылі
Болей не разлучацца.
Адзвініць звон бакалаў,
Сціхнуць музыкі гукі,
Маладым аб вяселлі
Нагадаюць іх рукі —
Заручальны пярсцёнак,
Быццам сонейка, ззяе,
Ён ад мужа і жонкі
Толькі ладу чакае.
Няхай час адплывае,
Хай гады адлятаюць,
На пярсцёнку заўсёды
Блікі шчасця гуляюць.
І пакуль ён на пальцы
Сведкай вернасці будзе —
Дабрабыт у сям’ю
Завітаць не забудзе.
Хмары сонца закрыюць —
Разляцяцца паволі.
Заручальны пярсцёнак
Не скідайце ніколі!

Маці

Ёсць казка-быль. Пра маці і пра сына.
Матуля так любіла малыша,
За ім, здаецца, птушкаю лятала,
З малым была заўжды яе душа.
А ён, не разумеючы пяшчоты,
З днём кожным усё болей падрастаў,
Маршчын на твары, валасоў ссівелых,
Напрацаваных рук не заўважаў.
Аднойчы сын, шукаючы забаву,
За галавешкай ў печы назіраў.
Падгроб яе бліжэй прутком чугунным
І асцярожна з полымя дастаў.
Адразу ж ёй знайшлося прымяненне:
У хату маці з ведрамі ўвайшла —
Вады сцюдзёнай, каб памыць бялізну
З далёкае крыніцы прынясла.
А сын чакаў, жадаючы пацехі.
Наблізілася толькі да яго,
Як твар жанчыны болем неймаверным,
Гарачай галавешкай апякло.
— Сыночак мой! — яе сухія слёзы
Застылі ў невідушчых ужо вачах:
— Сыночак мой! Скажы хутчэй, балюча?
Трымаў ты ж галавешку ў руках!
Аслепленая болем, тая маці
Навобмацак да сына падыйшла,
схапіла руку і на кожны палец
Дзьмуць доўга неадрыўна пачала...
У кожнай казкі ёсць свае вытокі.
Здараецца, што й зараз кожны з нас
Пакрыўдзіць маці, слова-галавешку
Ёй за пяшчоту кінуўшы ў адказ...

***

Асеннія мроі ляцяць увышыню,
За птушак чародкай, за шэрым таварам,
Як прыкра заўважыць, што ў нашым жыцці
Бываюць сустрэчы са злом і падманам.
Як добра было б апынуцца ля зор,
Зямлёй любавацца і здрады не бачыць,
Каханне з сабою у сэрцы нясці
І Богу імкнуцца за радасць аддзячыць.
Асеннія мроі ляцяць увышыню,
Ужо каля зорак бліскучых лунаюць,
Ды толькі і там не спаткаюць спакой —
Бо раніцай зоркі заўжды патухаюць...

Гутарка пакаленняў

На беразе з вудаю хлопчык сядзіць.
Яму вельмі хочацца рыбку злавіць.
Ды толькі чамусьці ніяк не клюе,
Цярпення ў малога ужо не стае:
— Скажы мне, дзядуля, чаму так бывае?
Чаму рыбка плавае, а не лятае?
Тады б я яе ў сачок замануў
І хуценька-хутка ў вядзерца ўпіхнуў.
Усё нецікавае ў нашым жыцці,
Скажы, як у казку сцяжынку знайсці?
— Не трэба так думаць, унучак, ніколі.
Давай разбяромся ў гэтым паволі.
Жыццё нам даецца адзін раз ад Бога.
Няроўнай, цярністай бывае дарога,
Але ж гэта шчасце — вадой любавацца
І сонейкам, небам, травой захапляцца.
Маю маладосць зруйнавала вайна.
І гора, і слёзы прынесла яна.
Забрала бабулю тваю ў мяне,
Пакінула толькі партрэт на сцяне...
Стары выцер слёзы і выправіў плечы:
— Ну, сумныя думкі, ідзіце далечы!
Жыццё можна сказкай, мой хлопчык, зрабіць
Для гэтага трэба нам правільна жыць.
Цярпенне займець, так, як ты, не спяшацца,
Не хлусіць, не крыўдзіць, не ленавацца.
І міру ў Бога заўсёды прасіць,
Шчаслівым без міру ніяк нельга быць...
Хлопчык дзядулю ўважліва слухаў,
А потым патыліцу толькі пачухаў:
— Я не разумны, як ты. Што тады?
— Навучаць цябе, мой унучак, гады...

Нам чорную быль не забыць

Дзікім віхрам пранеслася вестка
Над зялёнай ажыўшай зямлёй,
Боль зубамі ўчапіўся ў сэрцы,
Назаўжды заглушыўшы спакой.
Больш не радуе лес і рачулка,
Больш не лашчыць пяшчотны пясок...
Усё часцей заціхае дзіцячы,
Ледзь пабачыўшы свет, галасок.
Усё часцей над магіламі слёзы
Льюць матулі, браты і сыны,
Ўспамінаючы з боллю і крыўдай
Красавік той жудаснай вясны.
Ужо не той матылёк, што імкліва
Ад травінкі да кветкі ляціць.
На яго малюпасенькіх крыльцах
Чорнай былі пячатка стаіць.
Ўсё часцей апускаюцца рукі,
Ды жывем мы, працягваем жыць.
Свой куточак, пакрыўджаны лёсам,
Усё роўна мы будзем любіць...

***

Ажывае зямля. Ажывае душа.
Зелянее трава. І трывога знікае.
Сонца, неба блакіт. Нават з сэрца зіма
З ручаямі ўцякаць пачынае.
Першай кветкі пяшчота
Мне жыцця надае,
Жаўруковая песня лунае.
Разам з птушкаю я
Ў сінь нябёс палячу —
Гэта толькі вясною бывае...

Байка пра старое вядро

У краме баба вядро купіла.
«Няхай пабудзе!» — і адлажыла.
А на калодзежы вісіць старое,
Вады зачэрпнеш — яно пустое.
Павыядала іржою дзіркі.
Ды шкада траціць грошы з капілкі.
На дзеда баба: — Стары няўмека!
Вядро ж наладзіць — не чалавека!
Замаж смалою, забі клінкамі,
Вядро паслужыць яшчэ вякамі!
А новае ўжо тады дастанем,
Як сын малодшы жаніцца стане...
Дзед уздыхае, вядро мацуе,
А сын жаніцца і не плануе.
Аднойчы баба бялізну мыла.
Вядро ў калодзеж яна спусціла.
Назад дастала, рукой ўзялася,
Ды толькі ручка ёй дасталася!
— Нічога, чэрпаць мы кружкай будзем!
Няхай вядзерца яшчэ пабудзе! —
Сказала баба. Стары за кружку
І ваду носіць, як лыжкай юшку...
Смяяцца? Плакаць? Тут невядома.
Але прыходзіць адна выснова:
Да шчасця сквапнасць хоць не прыводзіць,
Ды паслухмяных яна знаходзіць...

***

Шкада людзей, якія едуць з вёскі
Да новага жыцця на чужыне.
Ляцяць, нібы малыя птушаняты,
Знікаюць у далёкай старане.
А потым так захочацца вярнуцца,
Малой радзімы водар зноў адчуць,
Жыццё былое, мілае дзяцінства
У сэрцы неспокойным ўскалыхнуць...
Зайці у хлеў марознаю зімою —
Лізне карова цёплым языком.
Падоіць яе мама, і ў хаце
Запахне сырадоем-малаком.
А як прыемна пасядзець ля грубкі,
Без думак, проста на агонь глядзець,
Успомніць школу, першае каханне
І душу успамінамі сагрэць.

***

На рынку за столікам нізкім
Яе сустракала штодзень.
На твары — густыя маршчынкі
І суму ледзь выразны цень.
Старэнькая цёплая хустка,
Сівыя зусім валасы,
Даўно ўжо страцілі колер
Пацертыя ў ботах насы.
Яна прапануе прахожым
Няхітры дамашні тавар:
Зялёны укропчык, пятрушку
І ліпавы квет на адвар.
— Па чым? — вырашаю нарэшце
З жанчынаю загаварыць.
І чую спакойныя словы:
— Бяры. Не патрэбна плаціць...
Зарплата ж, напэўна, малая?
А дома чакае сям’я...
Калісьці, не верыцца нават,
Была маладою і я.
У турботах жыццё праляцела,
Нібы на экране кіно.
І вось — развіталася з мужам,
Пакінулі дзеці даўно...
На рынак, дзіцятка, не грошай
Іду кожны дзень зарабіць —
Свой боль ад бяды-адзіноцтва
Хоць крышачку хочацца збыць...

***

Як часта мы не заўважаем,
Не думаем нават пра тых,
Хто нас акружаў у дзяцінстве,
Выхоўваў і песціў малых.
Яны па жыццёвых навалах
Змірыўшыся, крочаць адны.
За тое, што нам даравалі,
Ніколі не скажуць цаны...

***

Чысты ліст на стале і пяро.
Зноў натхненне кіруе душою.
Зноў, паэзія, радасна мне
Ад сустрэчы вялікай з табою.
А на вуліцы ноч, цішыня.
Толькі вецер галінкі калыша.
Што цяпер задуменна рука
Пад дыктоўку нябёсаў напіша?
Што цяпер будзе несці ў сабе
Гэты белы аркушык паперы?
Можа, шчасця, а можа, тугі
Мне адчыняцца ў вечнасці дзверы?
Толькі сэрца чамусьці маўчыць.
І ўрачыстасці не адчувае.
Так бывае, калі на зямлі
Нехта родны для нас памірае.
А сягоння балюча душы
За цябе, беларускае слова.
Захварэла і ледзьве жыве
Наша родная матчына мова...
У сям’і, на рабоце, кругом
Мы па-руску чамусь размаўляем.
Славім голас чужой стараны,
А сваё — бесклапотна губляем...

Лета

Дрыжаць на вольхах старых лісты,
Галінкі лашчаць ваду нямую,
Пяшчотна хвалі аб бераг б’юць
І заплятаюць траву рачную.
Гуляюць рыбкі — ідуць кругі,
Купае сонца ў пырсках косы,
Нясмела вецер калыша плёс,
Нібыта ходзіць па рэчцы босы.
З бяздоння неба і да зямлі
Разліты фарбы ўсяго Сусвету...
Ну вось, нарэшце, час надышоў
У Беларусі ўладарыць лету!

***

Дзень закрывае вочы
І адыходзіць у сон.
Вёска павольна і ціха
Ноч забірае ў палон.
У небе ўспыхнула зорка,
Выставіў месяц ражок,
Ён ля сябровак бліскучах
Нібы ў чарзе пастушок.
Снег на зямлі заіскрыўся,
Нібыта з золата пыл,
Ноч перакрэсліла фарбы —
Не шкадавала чарніл...
Успомню былыя прыгоды,
Што адышлі ў небыццё,
Проста памару аб шчасці,
Якое дорыць жыццё...

Спатканне

Хлопец на спатканне запрасіў дзяўчыну.
Так хацеў застацца з любай — хоць хвіліну!
Толькі звечарэла, ён пачаў збірацца,
Рукі аж дрыжэлі — як не хвалявацца?!
На месца сустрэчы раненька явіўся,
Паглядзеў навокал — ці не памыліўся?
Раптам чуе крокі. Вось яна, нарэшце!
Запрасіў на лаўку любую прысесці.
Ціха размаўлялі і глядзелі ў вочы,
Вусны цалавалі под покрывам ночы.
Зорачкі лічылі. Ён, як рыцар, кляўся:
— За цябе б да смерці з ворагам змагаўся!
Тут зашапацела нешта пад нагамі..
— Ой, хто ж гэта слухаў, назіраў за намі?
Пачала дзяўчына ў цемру ўглядацца,
А жаніх на лаўцы не жадаў застацца:
— Пойдзем мо дадому, холадна ўжо стала,
І паспаць да ранку часу — зусім мала..
Разышліся хутка — не да цалаванак,
Калі страх падгоніць на матулін ганак!
А з-пад лаўкі выпаўз вожык на дарогу.
Гэта ён, калючка, аб’явіў «трывогу»...

Хрыстос уваскрэс!

Забудзем крыўды. З чыстаю душою,
З любоўю сёння прыдзем у царкву.
«Хрыстос уваскрэс!» — знаёмых павітаем
І пацалунак ляжа на шчаку.
Хрыстос уваскрэс! Задумаемся, людзі:
Як цяжка б жыць на свеце не было,
Вядуць да шчасця нас выпрабаванні,
Успыхне у жыцці яшчэ святло!
Хрыстос уваскрэс. Яго прыгаварылі,
Распялі людзі, для якіх ён жыў.
Але пакуты, боль, выпрабаванні
Прабачыў нам Ісус і ўсё забыў.
Ён просячым ніколі не адмовіць
І па-бацькоўску пакарае тых,
Хто бачыць ўсе чужыя недахопы,
Зусім незаўважаючы сваіх.
Хрыстос уваскрэс! Пакаемся сардэчна,
І волі Бога лёс перададзім.
Паставім свечкі. Смела і адкрыта
Адзін другому ў вочы паглядзім...

***

І зноў зіма. І зноў сняжынкі.
І хутка будзе Новы год.
У небе зорачкі-іскрынкі
Спрадвечны водзяць карагод.
І думкі адлятаюць дзесьці
Туды, у неруш небыцця:
Мінулы год. І снег, і вецер.
Такая ж белая зіма.
Усё было не так, як зараз.
Была надзея, быў настрой.
І запаветнае жаданне —
Было заўжды яно са мной.
Эх, мары, мары! Лёс не спраўдзіў,
І толькі марамі вам быць.
Без вас мне зараз вельмі цяжка
Працягваць жыць. А трэба жыць.

***

І выгляне месяц, і зорка заззяе,
І хвалі імкліва па рэчцы бягуць.
Дзе ж гэта ўбачыць? Дзе гэта бывае?
У нас. Беларуссю краіну завуць.
Акружаны лесам наш край беларускі.
Славуты, цудоўны. Ну як тут не жыць?
Калі з кожных вуснаў: дзіцячых, дарослых
Нібы ручаёк, наша мова гучыць.
На ёй размаўлялі ўсе нашы продкі,
На ёй і Скарына пісьменства ствараў,
Вучыў людзей грамаце. Родную ж мову
Не проста любіў — ён яе шанаваў.
Мы вас не забылі. Жывыя вы вечна!
Скарына, Купала і Колас Якуб!
Мы пішам таксама. І мы дабудуем
Пастаўлены вамі пісьменнасці зруб!

Маналог першаклашкі

Сёння я прачнуся
Раней за матулю,
Хутка апрануся
Ў белую кашулю.
У люстэрка гляну:
Як не любавацца?
Мне ж ужо дазволяць
Школьнікам назвацца!
Руж букет прыгожы
Я вазьму ў рукі.
Сёння мой напрамак —
У школу, да навукі!
Буду я вучыцца,
Буду я старацца,
З годнасцю заўсёды
Беларусам звацца!

***

Нам зорнае неба раскажа аб тым,
Як горка і цяжка бывае,
Калі раптам роднае стане чужым,
Чужое калі прывітае.
Адзін паратунак: на зоркі глядзім,
Іх лічым і думаем: Божа!
Душу маю грэшную выратуй ты!
І ведаем: ён дапаможа!

***

Калі ўсміхаюцца зоркі,
А сэрца трапешча ў грудзях,
Бы птушка ў няволі гаротнай —
Каханню пракладзены шлях.
Калі ўсміхаюцца вочы,
А вусны чакаюць-маўчаць
Пяшчотнага слова-прызнання —
Каханне пара сустракаць.
Змыкаюцца цяжка павекі,
Ды сон не прыходзіць зусім.
І зноў гучаць ціхія крокі...
Даводзіцца жыць ужо з ім.
Каханне, святое каханне!
Душа ляціць аж да нябёс...
Усмешкі, размовы, спатканні,
І жартаў палова — ўсур’ёз.

***

Сцелюцца пад ногі дыванамі травы,
Месяц сарамлівы ў небе зіхаціць,
Свежае паветра праплыве па твары
І адно жаданне ўзнікае — жыць!
Жыць і чуць заўсёды пералівы птушак,
Конік як стракоча, як бяжыць вада.
Нават, калі сэрца слухацца не хоча,
Поўніцца адчаем, гэта — не бяда.
Страчана каханне, ды душы куточак
Назаўсёды шчасце тое захаваў.
Тыя ўсе спатканні, словы, таямніцы,
Быццам бы расінкі, у прыгаршчы сабраў.
Назусім каханне страчана не будзе.
Успаміны часта птушкамі ляцяць
І нясуць на крылах тое, што ў мінулым
Не паспеў, забыла, не змаглі сказаць...

У сне

У зялёным тумане
Нерашучае ранне
Прамянём зазірае
У маўклівы прастор,
А душа ў трапятанні
Нараджае каханне,
У абдымкі хапае
І узносіць да зор.
Першы той пацалунак,
Як сумлення рахунак,
Зноў да памяці прыдзе,
Ціха вусны кране.
О, святая пяшчота!
Закрычыць адзінота
І дзівоснае ранне
Зноў пакіну ў сне...

***

Ты не спіш. І гэта вельмі добра.
Бо не сплю пакуль яшчэ і я.
У акенца свеціць месяц-поўня
І глядзіцца зорачка мая.
Самая вялікая. Ты бачыш?
Зараз — у вачах яна тваіх.
Ты не спіш — і гэта вельмі добра.
Бо кахаць найлепей — удваіх...

Табе

Маўчыш? Маўчы.
Нам словы не патрэбны.
Гадзіннік — як закляты. Не спыніць.
А час ідзе. Няўжо яму так цяжка
Хаця б хвілінку ўзяць — і адпачыць?
Маўчыш? Маўчы.
Гавораць твае вочы,
Што перад намі — вечнасці спакой.
Ляцяць гадзіны. Ды цяпер павольней.
Бо не патрэбна болей быць адной.
Маўчыш? Маўчы.
Я рэдка цябе бачу,
Але ж маё ты сэрца адабраў.
Яно — з табою.
Я цябе не страчу.
Бо як і я, мяне ты пакахаў.

Птушка

А птушка ляцела. Бліжэй да кахання.
Да сонца, да сіняга неба.
Свабоды хацела. Са шчасцем яднання.
А больш ёй нічога не трэба.
Ды раптам параіла сэрца: «Вярніся!
Нашто табе тыя аблокі?
Глядзі на зямлю: і жыллё тут, і ежа,
Нашто тады свет той далёкі?»
Паслухала птушка, пакінула мары,
Назад, усё ніжэй падалася.
Каханне забыла. Згусціліся хмары
І горыч з дажджом палілася.
Шкадуючы, птушка падумае часта:
«Ці ж трэба да шчасця імкнуцца,
Калі няма сілы з былым развітацца,
Калі сэрца прагне вярнуцца?..»

***

І што, скажы мне, рабіць цяпер?
Калі ўсмешка – ужо не тая,
Калі сама я – зусім другая,
Я не хацела, каб так, павер…
Адводзім вочы, знікаюць словы,
А думкі побач – я адчуваю,
Табе я болей не давяраю –
Зрабілі вечар і дождж высновы…
Цяпер ты побач і так далёка,
Шукаю ў іншых твой голас, рукі,
Прыносіць памяць той ночы гукі,
І без цябе мне так адзінока…

***

Стос пухнатых блінцоў,
Міска свежай смятанкі…
Эх, з дзяцінства люблю
Я нядзельныя ранкі!
На патэльні цвырчыць
Апетытная шкварка,
Дзверы насцеж – і пах
Разлятаецца шпарка.
З асалодай ступлю
Басанож я на ганак,
Сонца, неба ўдыхну –
Колькі шчасця за ранак!

Рэха былога

Зіма пануе за акном,
Марозам усё кругом скавана,
Зусім кароткі зараз дзень,
І вечарэе вельмі рана.
У хаце свечка на стале,
Па сценах дзіўна скачуць цені,
У грубцы топіцца. Ляцяць
І гаснуць іскры за імгненні...
На покуці — тры абразы
Пад рушніком, што Ганна ткала
Яшчэ ў дзявочыя часы,
Ды ўмела гладдзю вышывала.
Дубовы стол каля акна,
Дзве лавы тут жа стаяць, збоку,
Парадак ў хаце, чысціня —
Прыемна нават глянуць воку.
Сабралася уся сям’я,
Ідзе звычайная вячэра.
Старэйшы самы — Мікалай,
Найменшая — унучка Вера.
Нявестка Каця чыгунок
Дастала з печы, бульбу — у міску.
На рукі Верачку ўзяла,
Дала і ёй таксама лыжку...
Толькі Міхась за стол не сеў —
Старанна хлопец апранаўся
Ды ў люстэрка ўсё глядзеў —
Так да дзяўчыны ён збіраўся.
Стары Мікола з Васілём
Сядзелі, ціха размаўлялі
Пра ураджай ды пра палі,
Жанчыны слухалі, маўчалі.
Міхась пайшоў. Паклала спаць
Малую Верку Кацярына
Ды села з Ганнай пер’е драць,
Пакуль ёсць вольная хвіліна.
Мікола лапці жонцы плёў,
Васіль анучкай чысціў боты,
І зноў жа гутарку вялі
Пра гаспадарчыя турботы.
«Ідзі ўжо, дочачка, ты спі,» —
Нявестку Ганна папракае.
Шкадуе Кацю, бо ж яна
Дзіця другое ўжо чакае.
«Ну то як класціся, дык ўсім!» —
Забрала Каця боты ў Васі,
Мікола лыка адладжыў,
Павольна Ганна паднялася...

ІІ
Не спіць Мікола ў гэту ноч,
Сядзіць, на зоркі пазірае,
Сваё мінулае жыццё
За годам год успамінае...
Было жыць цяжка увесь час,
У маленстве жабраваць прыйшлося,
Памерла маці... Выжыць ім
Напэўна, цудам удалося.
Старэйшы самы ў сям’і,
Брат і сястра — зусім малыя.
У дванаццаць год увесь клопат лёг
На плечы кволыя, худыя.
А потым... Дзень за днём сталеў,
Навёў парадак ў гаспадарцы,
І хлеб з’явіўся на стале,
Знайшлося месца нават скварцы.
І вось тады — яе сустрэў,
Яшчэ такую маладую. Ганулю.
Да сябе прывёў. У хату,
Для яе чужую...
Так сталі разам працаваць,
Малых паставілі на ногі,
І толькі тыя падраслі,
Як разышліся іх дарогі.
У кожнага — свая сям’я,
Няма як думаць пра другога.
Як добра ў брата б не было —
Усё ж цягне да свайго парога...
І закружылася жыццё,
Нібы ў вясёлым карагодзе.
Былы сіротка — Мікалай
Вядомым хутка стаў ў народзе.
У яго быў лепшы ў вёсцы конь,
Карова, козы, парасяты,
Авечак паў-капны, цяля,
Хадзілі гусі каля хаты...
Да позняй восені з вясны
Не меў Мікола адпачынку.
Ён кожны колас даглядаў,
На лузе — кожную травінку...

   * * *
Усмешка горкая кранае
Міколы вусны. Ён устаў,
Кажух накінуў, выйшаў з хаты,
Пад грушай крыху пастаяў.
Прайшоўся ціха па падворку,
Падумаў: «Дзе Міхась то ўжо?
Хутчэй бы хлопец ажаніўся —
Мо меней клопату б было...»

ІІІ
На вёсцы пеўні ўжо спяваюць —
Спяшаецца Міхась дамоў.
Ля хаты нехта размаўляе —
Прыслухаўся да галасоў:
— За колькі ім дамо сабрацца?
Мо хопіць дваццаці хвілін?
— Ну што ты, хай ужо гадзіну,
Ён жа з сям’ёю, не адзін...
Трывогаю скавала душу,
Прабраўся ціха ў агарод,
За хлеў прайшоў Міхась ціхутка,
Там пераскочыў цераз плот.
Увайшоў у хату непрыкметна,
Нягучна дзверы прычыніў,
Да Мікалая : «Тата, тата!»
Нарэшце бацьку разбудзіў.
І тут жа — моцны стук у дзверы.
Адкрылі — людзі ў шынялях.
У Ганны болем сцісла грудзі
І жах з’явіўся у вачах.
Балюча сэрца колюць словы:
— Улада нам дала загад
Вас, кулакоў, саслаць на Поўнач,
Усіх, незалежна ад пасад.
На зборы вам — адна адзіна,
З дабра нічога нельга браць.
І не хавайце — ўсе кішэні
Ўсё роўна будзем правяраць...

   * * *
Дрыжэлі рукі ў Мікалая,
Як з цёплай хаты ў кажуху
Ён спячую выносіў Верку
Ў халодны змрок, начы імглу.
— Бярыце цёплае адзенне, —
Ўсё без канца ён паўтараў.
— Ганулька, хлеб... — у адной сарочцы
Марозу ён не заўважаў.
— Застанься, Каць, цябе пакінуць,
А то што здарыцца з дзіцям,
Мо мы нядоўга там прабудзем,
А я ж за вас жыццё аддам... —
Васіль прасіў, угаворваў жонку,
Ды ведаў ён характар той:
— Цябе ніколі не пакіну,
Дзе будзеш ты — там я з табой!

   * * *
Апошні раз зышлі з парога,
Прайшлі па сцежцы ў двары.
Нібы прадказваючы гора,
Вароны каркалі ўгары.
Да цягніка іх везлі возам,
Пляменніцу Міхась абняў
І слёзы градам паліліся —
Ён тут каханне пакідаў.
У гэту ноч яго дзяўчына
Паабяцала жонкай стаць.
Ды і бацькі яе не супраць
Былі Міхася зяцем зваць...

ІV
У таварняк, нібы жывёлу,
Сагналі ўсіх: дзяцей, старых,
Ўпарадкавалі па вагонах —
Халодных, цёмных і сырых.
Далёкая была дарога —
На кожнай станцыі цягнік
Спыняўся, каб пакінуць мёртвых
Пад родных дзікі плач і крык.
Тут жа, пры ўсіх, радзіла Каця —
Толькі два дні жыло дзіця.
Сама ж ад гора так аслабла,
Што і падняцца не магла.

   * * *
Даехалі сяк-так на Поўнач.
Архангельск — дзіўны і чужы.
І не было ўжо слёз. Пустэча
Запанавала ў душы.
Мікола з Васяй працавалі
І кожны дзень — усё адно:
Халодны вецер, Мішын кашаль,
Барак, маленькае акно...
Начамі снілася радзіма:
Буслы над вёскаю ляцяць,
Шумяць лістотаю бярозы,
Стагі ў полі ў рад стаяць...

V
На чужыне, ў зямлі халоднай
Міхась спіць непрабудным сном...
А для бацькоў яго смерць стала
Як днём пагожым раптам — гром.
Пайшоў Мікола ўслед за сынам,
Трымаць больш Ганна не змагла,
І стала ў бараку пуста —
З дзвюх сем’яў выжыла адна.
Цягнула моцна на радзіму
І Вася вырашыў хоць як
Усё ж паслухаць голас сэрца.
Чаму ўжо быць — хай будзе так.

   * * *
І вось Васіль пад роднай грушай,
А хаты — быццам не было.
Усю разабралі на бярвенні
І невядома нават, хто.
— Эх, бацька, бацька... — сын падумаў,
— Пачну, як ты калісь — з нуля...
І доўга-доўга так стаяла
Асірацелая сям’я.

На верх старонкі


Таццяна Чумак