Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 6

З даследванняў лунінецкіх краязнаўцаў

З'явы прыроды ў язычніцкіх уяўленнях жыхароў Лунінеччыны

Васіль Туміловіч, гісторык, краязнавец

Вучоныя даўно згодныя між сабою, што чым далей у глыбіню стагоддзяў, тым больш чалавек уяўляў сябе адзіным цэлым з прыродаю, яе неад’емнаю, арганічнаю часткаю.

Але ў чалавека здаўна жыла спакуса змяніць прыроду, прыстасаваць яе да задавальнення ўласных патрэб. Другімі словамі, чалавек заўсёды быў у пошуку шляхоў і сродкаў уздзеяння на прыроду, для чаго трэба было, перш за ўсё, яе дастаткова пазнаць, потым — умела ўздзейнічаць на яе. Адным з такіх шляхоў уздзеяння на сілы прыроды на працягу тысячагоддзяў з’яўляецца магія.

Ніжэй даецца апісанне тых магічных дзеянняў і ўяўленняў, памяць аб якіх захавалася ў свядомасці лунінчан да нашых дзён. Ні адно з іх не запазычана з мастацкай ці навуковай літаратуры, бо ўсе яны запісаны мною ад Туміловіч Надзеі Васільеўны (1920-1993), мясцовай, у 1980 г. у в. Кажан-Гарадок.

БУРА. Яна выклікала вялікі неспакой нашых продкаў, бо пагражала небяспекай чалавеку, жывёле, пабудовам. Лічылася, дто буру прыносіць нячыстая сіла. Як толькі разгуляецца бура, старыя мяшчане Кажан-Гарадка гаварылі ў 1960-х гадах: “Во, шарга! Можа, таму разгулялася, што хто павесіўся ў якім Дрэбску?!” Але чаму ж “у Дрэбску”? Таму, што мяшчане з драблянамі вякамі канфліктавалі паміж сабою. А чалавечая падсвядомасць эаўсёды падказвала, што дурняў, здольных павесіцца, заўсёды больш у непрыяцельскім стане.

Адэкватна рэагавалі і драбляне на прычыну буры: “Во, бра, бура! Мо, хто з якіх краслачоў (мяшчан — В.Т) дурных повесіўса ці ўтапіўса, ка головою наложыў!”

Пры гэтым, як драбляне, так і мяшчане хрысціліся, прыгаворваючы: “Няхай будзе Бог з намі, да з намі Дух Сьвяты!” Лічылася, што бура спыніцца сама па сабе, як толькі нячыстая сіла дастаткова павесяліцца аб загубленай душы вешальніка ці ўтопленіка. Каб некалькі зменшыць урон ад буры, яе спрабавалі спыніць малітваю.

Калі ж бура заціхала і пераходзіла ў просты, ласкавы вецер — тут жа апошні ўспрымаўся як Божая ласка: так ў адным в “шэптаў” ад хваробы адсутнасць ветру — праклятае месца, куды выганяецца хвароба (“Дзе вецер не вэе, дзе сонца не грэе ...”), а вецер, як і сонца — з’ява жаданая.

ВІХАР. Ад старажытных продкаў да нашых дзён захавалася ўяўленне, што віхар — не проста з’ява прыроды: гэта ляцяць чарты. Наляціць віхар — можа прынесці хваробу. Але віхар наўрад ці наляціць на чалавека, які носіць крыжык ці моліцца ў гэты час. Ад віхра стараліся адвярнуцца, закрыць вочы і нос, не ўдыхаць ад яго паветра. Існуе павер’е, што калі кінуць у віхар сякеру ці востры нож, то зброя ўпадзе акрываўленаю, а параненыя ў віхры чарты знікнуць.

ГРОМ. Раскаты грому — гэта гнеў Пяруна, які напамінае аб сваёй сіле. Асабліва небяспечна для земляроба і будучага ўраджаю, калі грыміць рана вясною, “на голы лес” (калі яшчэ няма лісця на дрэве).

Каб засцерагчыся ад грому і ўдару маланкі, у хаце трымалі грамнічныя свечкі — гэта свечкі, якія асвячалі ў царкве на свята Грамніц. У час навальніцы свечку ставілі на покуцці і запальвалі, а пакуль свэчка гарэла — усе маліліся, как не ўдарыла маланка.

Дымам ад грамнічнай свечкі (але на Грамніцы) трэба было выкапціць на бэльцы перад покуццем крыжык; такія ж крыжыкі выкопчвалі на верхняй перакладзіне ўнутры праёмаў дзвярэй, унутры аконных праёмаў. Гэтыя крыжыкі лічыліся наогул універсальнымі абярогамі маёмасці і жытла, не толькі ад удару маланкі. Дарэчы, існуе шмат і другіх універсальных абярогаў жытла.

ДОЖДЖ. Да нашых дзён дайшлі тры спосабы выклікання дажджу.

Пэршы спосаб. Трэба забіць жабу, тады да вечара пойдзе дождж. З пункту гледжання хрысціянства, забойства жывёліны з мэтаю выклікаць дождж — гэта рытуальнае забойства, ідаласлужэнне, а таму — цяжкі грэх, за які чалавека можа нават чакаць пекла на тым свеце.

Другі спосаб. Трэба забіць гадзюку. Яе абавязкова вешаюць на сук дрэва, “каб не ажыла да заходу сонца”. Па язычніцкіх уяўленнях, супрацьлеглым у дадзеным выпадку вучэнню хрысціянства, забойства як жабы, так і гадзюкі грахом увогуле не лічыцца (Самыя трактоўкі граху ў язычніцтве і хрысціянстве некалькі розныя. А тое, што праведна ў язычнікаў, бывае грахом у хрысціян).

Трэці спосаб. Ён лічьшца самым небяспечным, і трэба ўсур’ёз папярэдзіць тых, хто адважыцца ім скарыстацца. Каб вызваць дождж, асобныя продкі тайна хадзілі па могілках Кажан-Гарадка і расшатвалі крыжы на магілах: зразумела, не сваіх памершых родзічаў. Па сучасных уяўленнях, такія дзеянні — ніякае не чараўніцтва, а самае звычайнае злачынства, якому назва — вандалізм. Але нашы продкі гэта лічылі не вандалізмам, а свяшчэннадзействам (праўда, вельмі рызыкоўным). Гэткім “свяшчэннадзействам” язычнікі ўваходзілі ў непасрэдны кантакт “з тым светам”, што павінна было ўзбунтаваць нябожчыкаў (прыкладна як пчол у вуллі), разгневаць нябесныя сілы: чакалася, што шалёна загрукацяць маланкі, па небу пракоціцца раззлаваны Пярун, пачне дождж “ліць, як з вядра”. Пры гэтым вызывальнікі дажджу рызыкавалі быць забітымі Пяруном (як па язычніцкаму, так і хрысціянскаму уяўленню), а яшчэ і ўзяць на душу цяжкі грэх (у хрысціянскім разуменні, як ідаласлужыцелі). Акрамя таго, калі б вызывальшчыкаў дажджу засталі аднавяскоўцы на могілках за іх “чарадзейным” заняткам, то гэта магло б закончыцца для “чарадзеяў”-вандалаў як не цяжкімі пабоямі, то калецтвам ці нават смерцю.

Спосабаў спынення дажджу пры дапамозе магіі не выяўлена. Ды і ці былі яны дастаткова вядомымі, калі дождж — крыніца жыцця — заўсёды сустракаўся з радасцю?

Так, у калядцы, запісанай у Кажан-Гарадку, услаўляецца “дробны дожджычак”; вядомая і дзіцячая песенька, якую спявала малеча, радасна бегаючы басанож па летнім лужынам пасля дажджу: “Дожджык, дожджык, перастань, я паеду на Ердань...»

У 1960-х гадах даводзілася мне назіраць, як некалькі 80-90-гадовых бабуль Кажан-Гарадка мелі звычай маліцца на радугу, якая ўзыходзіць пасля дажджу.

Ну, а ці будзе дождж — гэта “залежала” ад дзяцей, якія таксама не былі ябыякавыя да з’яў прыроды; так, дзеці спрабавалі ўгадаць надвор’е, спяваючы песеньку: «Бусько, бусько, кінь колоду. Ці на дождж — ці на погоду. Як махнеш крыламі, будзе дождж над намі”.

МАРОЗ. Мароз ніколі не ўспрымаўся, як зло ці божае пакаранне. Доказ таму — звычай зазываць мароз у хату як госця; акрамя таго, не было звычаю, каб пракліналі каго пакараннем маразамі.

На каляды, у час святочнай вячэры — куцці — усе члены сям’і ад галавы сям’і да малых дзяцей павінны былі тройчы зазываць мароз да сябе ў госці: “Мароз, мароз! Хадзі куццю есці, ды не марозь нас і скаціну нашу!”

Усе згаданыя з’явы прыроды аналагічна трактаваліся і ў суседніх вёсках, а не толькі ў Кажан-Гарадку ці Дрэбску. Лёгка заўважыць, што толькі такую жыццёва неабходную для земляроба з’яву прыроды, як дождж, нашы продкі спрабавалі вызваць магічнымі прыёмамі, вельмі небяспечнымі для жыцця і здароўя.

На верх старонкі