Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Яраслаў Пархута (1934 – 1996)

У выніку свайго першага захаду на Палессе быў напісаны творцам нарыс “Граніт Палесся”. Адметнасць будовы нарысаў, сабраных у кнізе “Зямля бацькоў нашых”, заключаецца ў тым, што адразу пасля назвы змяшчаецца пералік праблемаў, якія складуць змест твора. “Мікашэвічы. Няўлоўны Муха-Міхальскі. Справаздача доктара. Першы партызанскі атрад. Рызыкуючы жыццём. Лёс вёскі Ленін. Прыгоды дзеда Панаса. У Еўропе няма роўных” — вось кола пытанняў, якія раскрываюцца ў нарысе “Граніт Палесся”. Як бачым, пра незвычайныя паклады граніту, пра дзейнасць аднайменнага магутнага вытворчага аб’яднання гаворыцца толькі ў самым канцы і то ў сувязі з незвычайнымі прыгодамі дзеда Панаса.

Яраслава Пархуту цікавяць даўнія падзеі, якія адбываліся ў Мікашэвічах і яго ваколіцах, і тыя, што звязаны з партызанскім змаганнем у пачатку 1920-х гадоў і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменніка хвалююць прадпрымальныя, а таксама гераічныя асобы, якія былі непасрэднымі ўдзельнікамі гісторыі краю: будаўнікі Палескай чыгункі, прадпрымальнікі Агаркаў і Чунеў, герой грамадзянскай вайны няўлоўны Муха-Міхальскі (Кірыла Арлоўскі), арганізатар партызанскага атрада Васіль Корж, кінамеханік з Мікашэвічаў Іван Канапацкі, які ўзарваў кінатэатр разам з нямецкімі карнікамі, браты Цубы. Нарыс “Граніт Палесся” пабудаваны на кантрасце, на параўнанні мінулага і сучаснага. На думку пісьменніка, першае не знікла бясследна. Яно жыве ў сучасным, напамінаючы пра ўчарашні дзень, але найчасцей яно трансфармуецца ў новай яве.

Назва нарыса “Граніт Палесся” з’яўляецца паэтычным вобразам, у якім увасоблены аўтарскія адносіны да жыхароў краю, яе гісторыі, пра што і піша Яраслаў Пархута ў канцы твора: “Вяртаўся дадому, з найвялікшай павагай успаміналіся імёны першапраходцаў гэтага краю, тых, хто ў ліхую часіну не скарыўся няволі, хто жыццём, працай краю свайму маладосць вяртаў”.

Аповесць “Адзінец”, у аснову якой пакладзена трагічная гісторыя жыхара в. Бастынь Івана Васільевіча Бушылы, пісалася, па сведчанні аўтара, са студзеня па ліпень 1990 года. Яраслаў Пархута не аднойчы наведваўся да свайго героя на яго радзіму ў час працы над творам, сустракаўся і пазней, калі аповесць была ўжо закончана.

Сюжэтную аснову твора “Адзінец” складае расказ Івана Бушылы пра сваё жыццё, чаму і як ён стаў адзінцом, як яму ўдалося выжыць у лесе на працягу 42 гадоў. Юнак, які ў 1947 г. вярнуўся з вайны дадому, меў дзяржаўныя ўзнагароды, збіраўся ладзіць сям’ю, абжывацца, раптам стаў ворагам народа, бандытам, рабаўніком, злодзеем. Усё з-за таго, што асмеліўся сказаць добрае слова пра маршала Жукава, які на той час быў у няміласці ў Сталіна. Як вядома, у гады Вялікай Айчыннай вайны народ свае спадзяванні на лепшае жыццё звязваў менавіта з гэтым маршалам. Хадзіла і доўгі час была жывучай пагалоска, што быццам бы Г.К. Жукаў абяцаў зліквідаваць калгасы, вярнуць прыватную ўласнасць на зямлю. Іван Бушыла адразу стаў “жукаўскім бандытам”. Ён зразумеў, што пагроза быць высланым да “белых мядзведзяў” не пустыя словы. На памяці была расправа з землякамі немаведама за што ў прадваенныя і зусім нядаўна ўжо пасляваенныя гады. Уцякаючы ад Махорца і Хахлова, учарашні салдат не думаў, што лес і балоты стануць на доўгія 42 гады яго домам, што ён так і не зведае сапраўднага чалавечага жыцця, што ўсе сілы, увесь клопат, розум будуць накіраваны на тое, каб не злавілі, каб ён не паддаўся тым, хто чыніць беззаконне, каб яго невіноўнага асудзілі як бандыта, злодзея, рабаўніка.

Савецкія карныя органы ніяк не маглі супакоіцца, хоць міналі гады, дзесяцігоддзі, хоць кіраўнікі дзяржавы мяняліся, а ён, Іван Бушыла, заставаўся аб’ектам іх палявання. Яны наладжвалі правакацыі, самі выступалі ў якасці злодзеяў і рабаўнікоў, каб былі хоць нейкія падставы для арышту і суровага прысуду. Злавіць учарашняга салдата, які ацалеў у барацьбе з нямецкім фашызмам, ім не ўдавалася.

Іван Бушыла год за годам аднаўляе сваё жыццё ў лесе, расказвае пра тых людзей, хто спрыяў яму, дапамагаў. Гэта найперш родныя: бацькі, браты, сястра Надзя і яе муж Павел, пляменніца Вольга. Яны не выракліся свайго крэўнага. Былі нават асуджаны як саўдзельнікі браты Уладзімір і Васіль, швагер Павел. Малодшаму, Васілю, далі пяць гадоў толькі за тое, што не данёс ў карныя органы на брата. Пройдзе шмат гадоў, і гэтыя прысуды будуць прызнаныя незаконнымі, а сям’я Бушылаў рэабілітавана. Аднак за такое беззаконне нашы землякі заплацілі дарагую цану. Без пары на той свет пайшоў бацька Івана, у яго самога фактычна прапала жыццё — лепшыя свае гады туляўся па лесе, не здзейсніў таго, што было наканавана прыродай і Богам. Знявечаным вярнуўся з Комі АССР швагер Павел, аселі на чужыне браты Уладзімір і Васіль, адзін там, дзе адбываў пакаранне, другі — ва Украіне. Нацярпелася здзекаў, знявагі, пагроз і маці, хоць мела медаль “Мацярынская слава” ІІ ступені.

Надзейнай апорай для Івана ўсе гэтыя гады быў бацькаў сябар дзед Барыс і яго жонка Барбара. Старыя дапамагалі герою ежай, адзеннем, добрай парадай, сваёй дабрынёй і зычлівасцю. Шэсць гадоў з 26 па 31 гады свайго туляння па лесе начаваў Іван Бушыла ў старых, фактычна быў у іх сем’янінам. Спрыяў, падтрымліваў, дапамагаў паляк Палько, адзін з перасяленцаў, якія атабарыліся ў наваколлі Бастыні, шануючы тут сваю мову і культуру. Не даносілі, хоць часам і бачылі Івана, месца яго сховішча, ведалі, хто яму дапамагае, і іншыя бастынцы і прышлыя. Прадаўшчыца орсаўскага магазіна Анюта не данесла, што дзед Барыс купляе абновы не для сябе, зразумеўшы ганебнасць свайго папярэдняга ўчынку. Не выдалі Івана і сяляне, якія ў лесе гналі самагонку, кіраўнік групы таксатараў і інш.

Адметнасцю будовы аповесці Яраслава Пархуты “Адзінец” з’яўляецца тое, што расказ Івана Бушылы дапаўняецца газетнымі паведамленнямі, успамінамі бастынцаў пра сваё змаганне супраць паняволення Беларусі Польшчай, пра расправы фашыстаў з былымі савецкімі актывістамі і звычайнымі мірнымі жыхарамі, людзьмі далёкімі ад палітыкі, пра “паляванне” на юнакоў і падлеткаў, хто пазбягаў мабілізацыі ў ФЗН, у войска, у першыя пасляваенныя гады, урыўкі з указаў пра ўзнагароджанне Івана-салдата і яго маці, з гісторыі вёскі Бастынь. Усё гэта лёс І.В. Бушылы выводзіць за межы прыватнага выпадку, а робіць тыповай з’явай. Катаванні ў міліцыі ў Лунінцы савецкімі карнымі органамі ўпісваюцца ў адзін рад з тымі, якімі карысталася польская дэфензіва і фашысцкія вылюдкі.

Іван Бушыла доўгія гады ў лесе выжыў таму, што ён сын менавіта гэтай зямлі. Аповесць стракаціць такімі найменнямі, як Лунінец, Вялута, Замошша, Бастынь, Белае і Чорнае азёры, рэчка Цна, згадваюцца назовы балотаў, урочышчаў, лясных масіваў: Бор, Хралёва, Задне, Камлашня і інш. “Мяне ратавала тое, — гаворыць герой аповесці, — што я ведаў лес, кожнае балотца, рачулку ды канаўку ў наваколлі”. Іван Бушыла настойліва падкрэслівае, што ў самыя цяжкія хвіліны не дазваляў сабе красці, а калі даводзілася падшукаць якую бульбіну, то абавязкова пра тое гаварыў гаспадару, а потым імкнуўся вярнуць, расплаціцца сваёй здабычай. Крадзёж успрымаецца героем як ганьба, як прыніжэнне чалавека. Іван Бушыла належыў да ліку працавітых людзей. Ён імкнуўся сам сябе забяспечыць, не сядзець на шыі ў сваякоў, у дзеда Барыса. Выкарыстоўваў любую нагоду, каб падтрымаць, дапамагчы зрабіць тое, што ў тых умовах, у якія трапіў, можа. Касіў і парадкаваў сена для бацькоў, для дзеда Барыса, сястры Надзі, пляменніцы Вольгі, для старых Альжбеты і Леванціны, нарыхтоўваў дровы, распілоўваў і складаў у штабялёчкі, каб можна было пад’ехаць і забраць, збіраў грыбы і ягады, плёў кошыкі, паляваў на дзічыну. Нешта з заробленага Іванам прадавалася дзедам Барысам, і была нейкая капейчына на самыя пільныя патрэбы. Герой заўсёды імкнуўся за дабро плаціць дабром, дапамагчы і без надзеі на ўзаемнасць.

Стрыжнявой рысай характару былога салдата-франтавіка з’яўляецца любоў да прыроды, шанаванне палескай флоры і фаўны, здольнасць і патрэба вучыцца ў звяроў і птушак. Яны плацяць бастынцу ўзаемнасцю: ратуюць ад камароў, папярэджваюць пра небяспеку, паказваюць, як патрэбна замятаць сляды. Бушыла асуджае людскую прагнасць і жорсткасць у адносінах да прыроды. Нехта, патрапіўшы на яго пасеку, не толькі забраў мёд, але вынішчыў пчол. Баліць у героя сэрца, што не па-гаспадарску ўлады ставяцца да ляснога багацця Палесся, бо вынішчаецца не толькі спелы лес, але малады і нават падлесак. На месцы бароў і дуброваў застаецца пустэча.

Пісьменнік да назвы свайго твора “Адзінец” даў удакладненне — “Аповесць палескага рабінзона”. Яднае герояў англійскага і беларускага пісьменнікаў хіба тое, што яны вымушаны жыць сярод прыроды без сталых кантактаў з людзьмі. Рабінзон Крузо і Іван Бушыла належаць да людзей працавітых, кемлівых, аптымістаў, ім характэрна імкненне знайсці выйсце, здавалася б, у безвыходнай сітуацыі. На гэтым, мусіць, агульнае і заканчваецца. Лёс да Рабінзона Крузо быў больш літасцівым. На ненаселеным востраве гэты герой апынуўся ў выніку разгулу стыхіі, а Іван Бушыла мусіў ратавацца ад беззаконня, ад імкнення тых, хто сам быў бандытам і рабаўніком, хацеў яго, салдата, які гнаў немцаў на захад, зрабіць ворагам свайго народа, злачынцам. Герой Д. Дэфо пачаў абжывацца на новым месцы, у хуткім часе агораў добрую сядзібу. Яго ворагамі былі хіба што драпежныя звяры ды людзі, якія знаходзіліся на нізкай ступені цывілізацыі. Каб ад іх бараніцца, варта было абнесці сядзібу высокім плотам ды мець стрэльбу. Усё гэта было ў героя англійскага пісьменніка, а ў хуткім часе ён займеў сабе і Пятніцу. Іван Бушыла нават думаць не мог пра такія раскошы. Больш таго, яму ўвесь час даводзілася хавацца, мяняць месца пражывання, бо за ім вялося сапраўднае паляванне, каб злавіць, арыштаваць і засудзіць на доўгія-доўгія гады. Думаецца, што нашага земляка, героя Яраслава Пархуты, неправамерна лічаць палескім рабінзонам.

На верх старонкі