Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Уладзіслаў Нядзведскі (1929 – 1973)

У аўтабіяграфіі, напісанай аўтарам аповесці “Хлопцы з другога корпуса” ў 1965 годзе, чытаем: “Нарадзіўся я 24 ліпеня 1929 года на адным з Рахавіцкіх хутароў Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці”. З таго часу адбыліся змены ў адміністрацыйным дзяленні рэспублікі. Частка Палесся адышла да Міншчыны. Там, у Салігорскім раёне, апынуліся і Рахавіцкія хутары. Уладзіслаў Нядзведскі перастаў быць нашым земляком. Тым не менш Лунінеччыне ў жыцці і творчасці пісьменніка належыць значнае, калі не сказаць, вызначальнае месца.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Рахавіцкія хутары ўваходзілі ў партызанскую зону, дзе доўгі час жахлівы подых вайны не адчуваўся. Людзі жылі спрадвечнымі клопатамі, дзеці вучыліся ў школе, у тым ліку і Уладзіслаў Нядзведскі. У 1943 годзе немцы пачалі блакаду гэтай зоны: забівалі, палілі ўсё і ўсіх. Людзі ратаваліся ў лесе. Немцы высачылі вялікую сям’ю Нядзведскіх. Удалося ўратавацца двум дзецям — Уладзіславу і Віні. Сіротам даў прытулак матчын брат. Пасля вызвалення Лунінеччыны Уладзіслаў Нядзведскі падаўся на вучобу ў Мікашэвічы. Жыў за кошт таго, што атрымліваў ад уладаў дапамогу як сірата забітых немцамі бацькоў, здымаючы прыватную кватэру.

Калі ў 1945 годзе ў мястэчку быў адчынены дзіцячы дом, райкам камсамола накіраваў туды Уладзіслава Нядзведскага, даручыўшы ўзначаліць камсамольскую арганізацыю. Тут юнак пражыў да 1950 г., да часу заканчэння дзесяцігодкі. Калі пасля восьмага класа быць выхаванцам было ўжо нельга, працаваў піянерважатым. Адсюль падаўся ў Мінск, на філалагічны факультэт БДУ. У Мікашэвічах пачаўся яго шлях у літаратуру. Першы верш Уладзіслава Нядзведскага быў апублікаваны ў пінскай абласной газеце ў 1949 годзе. Сістэматычна пачаў выступаць у рэспубліканскім друку ў студэнцкія гады.

Пераехаўшы ў сталіцу, доўгі час сувязі з Мікашэвічамі не губляў, меў унутраную патрэбу тут бываць сярод сваіх “пабрацімаў і сястрычак”. Гэта быў дом Уладзіслава Нядзведскага, іншага ў яго проста не было. Перажытае ў гады вайны ў значнай меры вызначала яго духоўны і паэтычны свет. Пісьменнік з Рахавіцкіх хутароў меў усе падставы вынесці свой прысуд вайне. “На маю долю, як і на долю маіх аднагодкаў, выпала шмат горкага і трагічнага, — піша ён у аўтабіяграфіі. — Няхай тое, што перажылі мы ў мінулую вайну, не паўторыцца болей ні з кім — ні з тымі, каму сёння год ад нараджэння, ні з тымі, каму пяць, ні з тымі, каму шаснаццаць. Няхай ніколі не паўторыцца такое і з дзецьмі іх дзяцей і ўнукаў. На чалавечы век хопіць таго, што фашызм поўнай мерай адмераў нам, адмераў агнём і свінцом”. Таму трагедыя сям’і і свайго пасляваеннага ранняга юнацтва, діцячы дом, мікашэвіцкія ўражанні ўвайшлі так ці іначай ў творы Уладзіслава Нядзведскага: “Балада пра дзве рукі”, “Дома”, “Кінамеханік” і інш.

Найбольш поўна і пераканальна трагедыя ўкрадзенага дзяцінства раскрыта ў паэме “Хай пустуюць падножкі”. Хоць гэты твор не належыць да мастацкіх здабыткаў у творчасці Уладзіслава Нядзведскага, але ў ім узняты свежы жыццёвы матэрыял, які раскрывае адзін з бакоў тэмы “Дзеці і вайна”. Паэма з’яўляецца своеасаблівым пралогам да аповесці пісьменніка “Хлопцы з другога корпуса”, якую з поўным правам можна аднесці да здабыткаў беларускай дзіцячай літаратуры 60-х гг. мінулага стагоддзя. Яна была апублікавана спачатку ў часопісе “Маладосць” (1963), а праз год выйшла асобным выданнем.

Аповесць “Хлопцы з другога корпуса” ў многім твор аўтабіяграфічны. За Кірмашэвіцкім дзіцячым домам лёгка ўгадваецца Мікашэвіцкі, дзе выхоўваўся і працаваў аўтар. Ён увёў у аповесць сапраўдныя тапонімы, якія з’яўляюцца падказкай, дзе знаходзіцца Кірмашэвіцкі дзіцячы дом: згадваюцца Пінск, Лунінец, Калінкавічы як бліжэйшыя ад Кірмашэвічаў чыгуначныя станцыі. Ёсць шмат агульнага ў лёсе Уладзіслава Нядзведскага і аднаго з “хлопцаў з другога корпуса” — Віці Ляўковіча. У абодвух у час блакады партызанскай зоны немцамі былі забіты бацькі, абодва некаторы час жылі ў сваякоў, пазней — у мястэчку на прыватнай кватэры. Маюць сваіх прататыпаў і іншыя героі аповесці “Хлопцы з другога корпуса”. Многія на Берасцейшчыне ведалі былога выхаванца Мікашэвіцкага дзіцячага дома А.П. Чашу, які таксама, як і герой Уладзіслава Нядзведскага Арсень Зайцаў, не меў абедзвюх рук. Пазней юнак атрымаў педагагічную адукацыю і працаваў завучам у сваім дзіцячым доме, а затым дырэктарам школы ў Мікашэвічах. Дырэктару дзетдома аўтар пакінуў яго сапраўднае імя і бацькоўства — Мікалай Пятровіч.

Разам з тым у аповесці створаны вобразы-тыпы. Яны цалкам не паўтараюць біяграфію сваіх прататыпаў. Скажам, у Віці Ляўковіча жыве ў вёсцы дзед, чаго не было ў аўтара твора. Як большасць выхаванцаў дзіцячых дамоў, пасля восьмага класа гэты герой едзе паступаць у Ленінградскае рамесніцкае вучылішча. У той самы час, як гаварылася вышэй, Уладзіслаў Нядзведскі застаўся ў Мікашэвічах, працаваў у дзіцячым доме і адначасна вучыўся ў школе.

У аповесці даецца зрэз жыцця народа ў першыя пасляваенныя гады без прыхарошвання. Кірмашэвіцкі дзіцячы дом функцыянуе ў цяжкі час пасля вайны. Паўсюль яе жахлівыя сляды: разбураны гарады, спалены вёскі. Паязды праз станцыю, дзе знаходзіцца дом, ходзяць нерэгулярна: няма вадакачак, няма дроў і вугалю. Вагоны перапоўнены, людзі вісяць на падножках, а беспрытульныя дзеці прымошчваюцца на дахах вагонаў. Асірацелых дзяцей дзяржава не можа забяспечыць харчаваннем, вопраткай. Нешта падкідвае Чырвоны Крыж, але вопратка і абутак паступаюць па вагах. Тое, што ў аповесці адлюстравана суровая рэальнасць у жыцці Кірмашэвіцкага дома, пацвярджаецца дзённікавымі запісамі і лістамі ў дзяржаўныя структуры Якуба Коласа. Пра іх гаварылася вышэй.

Пісьменнік пераканальна паказвае, што ў пасляваенныя гады прыкладалася шмат намаганняў, каб вярнуць дзяцей, абяздоленых вайной, да нармальнага жыцця. Іх, галодных, абшарпаных, здзічэлых і знявераных, лавілі на кірмашах, здымалі з дахаў вагонаў, знаходзілі ў падвалах разбураных дамоў. Хоць іх і палохалі дзіцячым домам і ў сваім асяроддзі, і дарослыя, якія выкарыстоўвалі дзяцей і падлеткаў у карыслівых ганебных справах, некаторыя самі шукалі паратунку ў Кірмашэвіцкім дзіцячым доме. Былі сярод іх і такія, хто не ведаў сваіх сапраўдных імёнаў і прозвішчаў.

Пісьменнік паказвае, што вайна пакалечыла душы дзяцей. Яны з недаверам ставяцца да людзей, сталі жорсткімі і эгаістычнымі, імкнуцца да лідэрства. Старэйшыя хлопцы адбіралі ў малодшых вопратку і збывалі яе на кірмашы. Імкнуліся з’яднацца ў невялікія групкі, дзе лідэрам быў дужэйшы, спрытнейшы, хітрэйшы. За лідэрства ў Кірмашэвіцкім дзіцячым доме ўсчыняліся жорсткія бойкі. Яны вяліся паміж падлеткамі Федзем Жаўнерчыкам і Апанасам Кнышам і паміж малымі выхаванцамі Барысам Цыганом і Ілікам Рыбкіным. Кожны імкнуўся перамагчы, не паддацца, бо разумеў, што потым будзе кепска. У “хлопцаў з другога корпуса” ўжо сфармавалася скажонае ўяўленне пра сяброўства, вернасць, здраду і іншыя маральныя катэгорыі.

Пісьменнік падае характары герояў у развіцці. Пад уплывам умоў жыцця ў дзіцячым доме, педагогаў, дзякуючы клопатам райкама камсамола, міліцыі, падлеткі набываюць раўнавагу, пачынаюць цаніць і прытрымлівацца спрадвечнай народнай маралі, распазнаюць праўду і крывадушша, дабро і зло. У хлопцаў фармуецца пачуццё годнасці. Ім ужо неабыякава, што падумаюць пра кожнага з іх местачкоўцы і як гэта паўплывае на грамадскую думку пра іх дзетдом, пра іх вялікую сям’ю. Разам з тым у гэтай сям’і не нівелюецца асоба кожнага. Хлопцы паказаны адметнымі асобамі: працавіты, чулы, спагадлівы Віця Ляўковіч, кемлівы, не па гадах сур’ёзны, добры арганізатар Федзя Жаўнерчык, упарты шукальнік прыгодаў Апанас Кныш, вынаходлівы весялун і жартаўнік Алёша Парэчкін, удумлівы і справядлівы Арсень Зайцаў, гаваркі і прыслужлівы Барыс Цыган і інш. Менш удаліся пісьменніку вобразы дарослых, тых, хто спрыяў духоўнаму сталенню абяздоленых дзяцей. Выключэннем у гэтым плане з’яўляецца вобраз шаўца Шлёмы Майсеевіча, якому ў творы адведзена сціплае месца.

У Мікашэвічах шануюць памяць пра Уладзіслава Нядзведскага. Яго імем названа гімназія горада, у якой дзейнічае музей, прысвечаны пісьменніку.

На верх старонкі