Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Сцяпан Нефідовіч (1941)

Сялянскі сын з вёскі Лахаўка Сцяпан Нефідовіч прайшоў тыповы для выхадца з былой Заходняй Беларусі шлях інтэлігента ў першым калене. Яго дзяцінства прыпала на час Другой сусветнай вайны і пасляваенныя нягоды, звязаныя не толькі з тым, што яна пасля сябе пакінула, але з калгаснай бясхлебіцай. Вайна ўсё яшчэ не пакідае творцу з Лахаўкі, а “крычыць маленькім хлапчуком на раздарожжы”. Ён рана пайшоў на свой хлеб. Прайшоў інстытут вясковага пастушка, працаваў паляводам і рахункаводам у калгасе “Новае Палессе”, масавіком і бібліятэкарам у Любанскім клубе, адначасова вучачыся ў вячэрняй школе. Юнака, аднак, як і герояў камедыі Андрэя Макаёнка “Таблетку пад язык” маніў горад. У 1963 г. Сцяпан Нефідовіч падаецца ў Пінск і паступае ў педвучылішча. Пасля яго заканчэння вяртаецца на радзіму і да выхаду на пенсію працуе спачатку настаўнікам пачатковай школы, а пасля заканчэння завочнай формы навучання філфака БДУ настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Любані.

Літаратурныя схільнасці ў Сцяпана Нефідовіча выявіліся рана. Яшчэ пастушком у полі і лесе з каровамі складаў вершы. Гэтаму спрыялі найперш сям’я і хараство навакольных краявідаў. Пісьменнік прыгадвае, што яго бацькі любілі народную песню, і ў іх хаце часта гучалі іх галасы, а бабуля расказвала шмат паданняў, даўніх гісторый.

Дзесь за акном зімы іграла скрыпачка,
Глядзеўся месяц-поўня ў акно.
І песні маці, бы з кудзелі нітачка,
Усё слаліся па хаце валакном.
І тых мелодый чары небывалыя,
І слоў сяйво запалі мне ў душу,
— пазней напіша паэта з Лахаўкі ў вершы “Матчыны песні”. З маладосці цягнуўся да тых, хто займаўся творчасцю, і стаў сябрам літаратурнага аб’яднання ў Мікашэвічах, якім кіраваў Аляксей Гардзіцкі. Туды час ад часу наведваўся і Уладзіслаў Нядзведскі. Там абмяркоўваліся паэтычныя спробы Сцяпана Нефідовіча. У час вучобы ў Пінскім педвучылішчы ўваходзіў у суполку творцаў, якія гуртаваліся пры “Палескай праўдзе”, была сярод іх і маладзенькая Жэня Янішчыц.

Сям’я, праца ў школе, гаспадарка, без якой вясковаму настаўніку цяжка пражыць, адсунулі на задні план літаратурную творчасць. Нельга сказаць, што настаўнік з Любані зусім не пісаў, але гэта былі толькі карэспандэнцыі ў раённы, а часам і рэспубліканскі друк. Актыўна да творчай дзейнасці вярнуўся ў шаноўным узросце. У вершы “Равеснікам” Сцяпан Нефідовіч так вызначыў сваё цяперашняе светаадчуванне:

Яшчэ не складзены ў стагі
Натхненне, справы і турботы.
На яго рахунку зборнічкі паэзіі і прозы, выдадзеныя ў Лунінцы: “Дзень добры”, “Парушынкі ў воку” (у сааўтарстве), “Святло бяроз”, “Спеў берасцянкі”, “Сувой жыцця”, шэраг артыкулаў па фальклоры краю, запісы заклёнаў, прыказак, рэкруцкіх песняў. У планах на бліжэйшы час краязнаўчыя артыкулы па тапаніміцы і гісторыі, гідраніміі, а таксама творы для дзяцей і ўспаміны пра пісьменнікаў, з кім сутыкнуў творцу жыццёвы лёс: Уладзіслава Нядзведскага, Аляксея Гардзіцкага, Андрэя Макаёнка, Міколу Федзюковіча ды інш.

З вершаў Сцяпана Нефідовіча паўстае чалавек сталага веку, які яшчэ не наталіў прагу жыць, захапляцца хараством роднай зямлі, любавацца разнастайнасцю праяў прыроды ў розныя поры года, бачыць яе ў дэталях, якія ўсе разам ствараюць паэтычны вобраз, цэласную карціну:

На лісце ўселася расіначка,
Такая светлая, празрыстая,
Нібы дзіцячая слязіначка,
Бязвінная, крыштальна чыстая.
У ёй ружовы ранак месціцца,
І неба сіняе, бяздоннае.
У першых промнях сонца песціцца,
І лашчыць ціша ранне соннае.
Для лірычнага “я” паэта характэрна трывога за лёс радзімы і народа, боль з прычыны бяспамяцтва некаторых яе сыноў, негатыўных адносінаў асобных яе прадстаўнікоў да мовы. Разам з тым паэт аптымістычна глядзіць у будучыню:
...Ды толькі бессмяроцце мае мова,
Яна народу дадзена навек.
Яе, бы на сцяжынцы той трыпутнік,
Знявечылі, стапталі да знямог.
Ды як бы ні тапталі падарожнік,
Ён лісце выпрамляе зноў, цвіце.
Лірычнаму суб’екту вершаў Сцяпана Нефідовіча не чужым з’яўляецца пачуццё кахання. У вершах гэтай тэматыкі ён не маладзіцца, раскрываючы свае інтымныя перажыванні. Для ўзаемаадносінаў Яе і Яго характэрны давер, вернасць, цнатлівасць, шчасце быць разам, адчуваць і праз гады свежасць пачуцця. Разам з тым лірычнаму герою характэрна вяртанне ў маладосць, ён прыгадвае і палкасць закаханасці, і боль разлукі і здрады. Палессе, Цна, Прыпяць, родная зямля — вось тое вызначальнае, што акрэслівае яго душэўны стан, напаўняе жыццё глыбокім сэнсам:
Зноў я пад родным асмужаным небам.
Выйшаў, стаю і лаўлю цішыню.
Чую, як ласкава дыхае глеба,
Чую, як луг аддае цеплыню.
Кожны расточак умыты расіцаю,
Поле шчаслівіцца, вечар пяе.
Я нахілюся над цёплай зямліцаю.
Сэрца, бы ў мацеры, б’ецца ў яе.
Я парадніўся з ёй, роднаю, блізкаю,
Зросся карэннем да скону жыцця,
Дык пакланюся ёй нізенька — нізка я
І прыпаду, бы да маці дзіця.
Сцяпан Нефідовіч — аўтар пейзажных мініяцюр, замалёвак, сабраных у зборнічках “Святло бяроз”, “Спеў берасцянкі”. У іх выявіўся талент пісьменніка эстэтычна ўспрымаць наваколле, бачыць і чуць яго ў разнастайнасці праяў. Для творцы ўсе поры года маюць сваё хараство, толькі трэба не шкадаваць часу, часцей бываць у полі і лесе, на балоце, на берагах рэчак і азёраў, углядацца і ўслухоўвацца ў родныя краявіды, і тады адкрыецца чароўнасць, незвычайная іх разнастайнасць. Пісьменнік з Лахаўкі выступае цудоўным знаўцам палескай флоры, пярнатых. У яго кантактах з прыродай няма матэрыяльнай карыслівасці. Яна заўсёды саступае наталенню хараством і жаданню, каб нехта таксама перажыў такое ж пачуццё (“Суніцы”, “Смаржкі” і інш.).

Сцяпану Нефідовічу належаць працы па фалькларыстыцы: “Смех і пацеха ў жартоўных песнях Лунінеччыны”, “Мудрыя словы”, “Чумацкія песні”, “Краса і сіла чарадзейных слоў” і інш. Яны напісаны на аснове песняў, замоў, прыказак роднага краю, у сваёй большасці сабраных аўтарам.

На верх старонкі