Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Мікола Елянеўскі (1948)

Празаік, сябар Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі Мікола Елянеўскі нарадзіўся ў вёсцы Лунін. Бацька працаваў бухгалтарам, а маці пасля яго заўчаснай смерці была калгасніцай. Юнак пасля заканчэння сярэдняй школы ў роднай вёсцы (1966) паступіў у Мінскае паліграфічнае вучылішча. Практыку праходзіў у лунінецкай раённай газеце і адначасова працаваў у ёй фотакарэспандэнтам. У час службы ў войску (1969 – 1970) пісаў у армейскую газету. Здольнага салдата з Палесся заўважылі ў яе рэдакцыі і прапанавалі паступіць на журналісцкі факультэт Львоўскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча. Пасля яго заканчэння каля 25 гадоў працаваў у армейскіх газетах у Расіі, Германіі і Ташкенце.

Пасля распаду СССР Мікола Елянеўскі быў дэмабілізаваны і вярнуўся на радзіму. У расійскім вайсковым гарадку пад Баранавічамі атрымаў кватэру і жыў з сям’ёй з выпадковых заробкаў. У 1999 г. пераехаў у Пінск і ўзначаліў раённую газету “Полесская правда”. Наш зямляк з Луніна — аўтар кніг аповесцяў і нарысаў “Старший сын”, “Небесный штурмовик”, “Пушки в небо”.

Жывучы ўдалечыні ад радзімы, сувязі з ёю не губляў. Большасць адпачынкаў праводзіў у Луніне ў роднай хаце. Тут ён сябраваў з вядомым на Лунінеччыне кавалём і краязнаўцам Васілём Карпцом. Той зацікавіў вайсковага журналіста былым святаром Лунінскай царквы, аўтарам першай беларускай граматыкі Платонам Ціхановічам. Пачаліся пошукі самой граматыкі, першая частка якой была завершана ў 1875 годзе, а таксама раскрыццё біяграфіі П.М. Ціхановіча. Гэта і складае змест рамана-хронікі (такое жанравае вызначэнне даў твору аўтар) “Время пастыря”, апублікаванага ў часопісе “Нёман” (2007, №4).

Значную частку рамана-хронікі Міколы Елянеўскага складае апісанне пошукаў “Беларускай граматыкі” Платона Ціхановіча, хоць на той час яна была ўжо вядомая. У Вільні з рукапісам пазнаёміўся Генадзь Каханоўскі, якога Ціхановічам зацікавіў таксама Васіль Карпец. Артыкул краязнаўцы пра працу святара з Луніна змешчаны ў яго кнізе “Адчыніся, таямніца часу…” Была ўжо і ў лунінецкім раённым музеі копія першай беларускай граматыкі. Тым не менш урыўкі з яе, уключаныя Міколам Елянеўскім у свой твор, чытаюцца з цікавасцю.

Другую палову кнігі складае апісанне Міколам Елянеўскім звестак з біяграфіі лунінскага святара. Гэтая частка твора таксама чытаецца не з меншай цікавасцю, бо сведчыць, якія цяжкасці ўдалося пераадолець аўтару рамана-хронікі, каб дасягнуць мэты. У выніку доўгіх пошукаў высветлілася, што Платон Ціхановіч нарадзіўся ў 1838 годзе ў ваколіцах Вылазаў на Піншчыне. У Лунін святар быў накіраваны адразу пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі. Мікола Елянеўскі раскрывае асветную, царкоўна-пастырскую дзейнасць свайго героя, паказвае яго чалавекам адукаваным, цікавай шматграннай асобай, які добра ведаў і мову роднага краю і расійскую, выступіў арыгінальным перакладчыкам.

Для твора “Время пастыря” характэрны экскурсы ў даўнюю і пасляваенную гісторыю, устаўкі пра выдатных тагачасных святароў, уключэнне ўрыўкаў з царкоўных кніг, са святарскіх артыкулаў, скажам, пра ацэнкі твораў Максіма Горкага, паведамленне асобных фактаў сваёй біяграфіі. З гэтых кампанентаў твора Мікола Елянеўскі паўстае вернікам, які перакананы, што бездухоўнасць сучаснага грамадства бярэ пачатак з часоў, калі вялася барацьба з рэлігіяй, калі вынішчаўся такі вызначальны пласт духоўнага жыцця народа, як вера ў Бога і багацейшая духоўная літаратура, калі знішчаліся храмы.

Выразна выяўляецца і патрыятычная пазіцыя аўтара рамана-хронікі “Время пастыря”. Вось герой у чарговы раз вяртаецца дадому. На станцыі Лоўча яму кідаецца ў вочы мемарыяльная дошка ў гонар А.А. Блока. “Нічым асаблівым гэты вялікі рускі паэт на Палескай зямлі не вызначыўся. Але палешукі ўсё роўна выказалі яму сваю ўдзячнасць нават за тое, што воляй лёсу ён некалі пражываў тут некалькі месяцаў, стварыўшы ў яго гонар музей у вёсцы Лапаціне і прысвяціўшы яму штогадовае літаратурнае свята “Блокаўскія чытанні”, — іранізуе пісьменнік з Луніна. — Крыху іншы лёс выпаў Максіму Гарэцкаму, які служыў у той самы час на той самай станцыі Парахонск. Няшмат хто ведае пра гэты перыяд паэта”. Даруем аўтару яго недакладнасці. Максім Гарэцкі — празаік. Ён ваяваў. Праўда, з акопаў быў адкліканы для службы па рэквізіцыі сена ў палешукоў. Доўга, аднак, гэтай працай не займаўся і папрасіўся зноў у акопы. Ды і Блок служыў не на станцыі Парахонск, а ў маёнтку Друцкіх-Любецкіх.

Міколу Елянеўскага абурае імкненне некаторых гісторыкаў, краязнаўцаў паказаць беларусаў цёмнымі, забітымі, якія жылі ў галечы, пазбаўленымі сваёй культуры, абыякавымі да гісторыі, што асабліва відавочна ў экспазіцыях як дзяржаўных, так і школьных музеяў, дзе дэманструюцца лапці, сохі, брудная жаночая і мужчынская вопратка і інш.

Выразна праяўляецца аўтарская пазіцыя і ў тым, што пісьменнік не абышоў увагай такі факт: нашы землякі насуперак патрабаванням уладаў па-хрысціянску пахавалі паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якія загінулі ў бітве з расійскімі карнікамі недалёка ад вёскі Хатынічы ў Ганцавіцкім раёне. Мікола Елянеўскі радуецца, што на яго радзіме адноўлены той храм, у якім працаваў П. Ціхановіч, а вучні Лунінскай школы ў 2006 годзе наладзілі свята ў гонар “170-годдзя чалавека, які адным з першых зрабіў крок да роднай мовы, на гэтай зямлі і ў гэтым храме”, да юбілею аўтара першай “Беларускай граматыкі”.

На верх старонкі