Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Андрэй Макаёнак (1920 – 1982)

У інтэрв’ю “Литературной газете” (7.04.1971), расказваючы пра свае творчыя планы, драматург пазнаёміў чытачоў з працай над чарговай п’есай: “У мяне нарадзілася задума камедыі, галоўным персанажам якой будзе энергічны, напорысты і разам з тым дасціпны старшыня калгаса. Прататыпам галоўнага героя паслужыў адзін мой добры знаёмы, а дакладней сябра дзяцінства, а зараз Герой Сацыялістычнай Працы. Я часта бываю ў яго, ён — у мяне. Вось толькі, пакуль ён сам не дазволіць, прозвішча яго не назаву”. Размова ішла пра п’есу “Таблетку пад язык”, якая была завершана ў 1972 годзе.

У аснову камедыі былі пакладзены назіранні Андрэя Макаёнка, вынесеныя ім з калгаса “Новае Палессе”, сядзіба якога размяшчалася ў вёсцы Любань Лунінецкага раёна і якім кіраваў сябар дзяцінства драматурга У.А. Сцепчанка. На той час гэты калгас належаў да ліку заможных гаспадарак. Невыпадкова яго старшыня ў 1966 годзе стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Ён і з’яўляецца прататыпам Каравая ў п’есе “Таблетку пад язык”. Аўтарская пазіцыя, выяўленая ў гэтай п’есе, фармавалася ў пісьменніка не без уплыву У.А. Сцепчанкі, пра што апошні гаварыў сам: “Творчасць Андрэя Макаёнка я ведаю даволі добра. Больш таго, са мною, як са сваім былым аднакласнікам і земляком, драматург іншы раз дзеліцца творчымі планамі. Пры стварэнні, напрыклад, п’есы “Таблетку пад язык” ён па многіх момантах раіўся, зачытваў чарнавыя накіды і варыянты”.

У драматычных творах мажлівасці для рэгіяналізму сціплыя, аднак, думаецца, Андрэй Макаёнак свядома іх пазбягаў, бо не акцэнтаваў увагу, што дзеянне ў творы адбываецца на Палессі. Калі ў мове нарыхтоўшчыка з Украіны Паляныці гучаць украінізмы, то ў вуснах карэнных калгаснікаў “Маяка” палескай гаворкі не чуваць. Тым не менш, нешта ад жыццёвай першаасновы твора ўсё-такі ўвайшло ў п’есу “Таблетку пад язык”. Настаўніца Лідзія Сямёнаўна прыйшла да Каравая прасіць, каб ён перавёў яе ў “нашу Любань — сяло перспектыўнае”, бо школу, дзе яна да гэтага часу працавала, закрываюць: у маленькіх вёсках няма каго вучыць. Дамагаючыся ад старшыні калгаса, каб той адпусціў у горад, Іван Швед гаворыць, што цяжка вакол пальца абвесці Героя Сацыялістычнай Працы. Жонку Каравая пісьменнік надзяліў тым самым іменем, якое мела жонка У.А. Сцепчанкі, — Дуся, Еўдакія.

Камедыя Андрэя Макаёнка “Таблетку пад язык” выклікана да жыцця найперш надзённымі праблемамі 70-х гг. мінулага стагоддзя, але многія з іх не страцілі сваёй надзённасці і цяпер. У цэнтры ўвагі твора — праблема міграцыі моладзі з вёсак у горад. Пісьменнік невыпадкова даследуе гэтую праблему на прыкладзе багатай гаспадаркі. У вяскоўцаў калгаса “Маяк” былі добрыя заробкі, быў хлеб і было да хлеба. Тым не менш моладзь пакідае вёску і падаецца ў горад. Хлопцы пасля заканчэння службы ў войску таксама дадому не вяртаюцца. П’еса Андрэя Макаёнка “Таблетку пад язык” развенчвае выдуманы сучаснымі ідэолагамі лозунг, быццам бы беларускаму вяскоўцу патрэбна толькі “чарка і скварка”. Адвеку беларус не задавальняўся чыста фізіялагічнымі патрэбамі. Пра гэта сведчыць яго багацейшы фальклор, даўнія традыцыі ў жывапісе, кнігавыданні і інш.

Раскрыццё цэнтральнай праблемы камедыі адкрыла перад драматургам перспектыву ўзняць і шэраг іншых. У творы не паказана, як калгас “Маяк” стаў заможнай гаспадаркай. Ёсць, аднак, падставы сцвярджаць, што справа не толькі ў “энергічным, напорыстым” кіраўніку, найхутчэй гэтую гаспадарку “рабілі” такой, каб неяк паказаць перавагі калгасаў перад прыватнай уласнасцю на зямлю. Андрэй Макаёнак паказаў у п’есе, як рабілі ўлады прыклады для іншых. Ломцеў, прадстаўнік зверху, прыехаў да Каравая з адказным даручэннем ад свайго начальства. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што “наш шэф лічыць, што вырашыць кармавую праблему можна толькі праз сенаж”. Таму калгас “Маяк” павінен “у гэтым сезоне падрыхтавацца і закласці столькі сенажу, так арганізаваць справу, каб да вас у “Маяк” можна было вазіць прадстаўнікоў калгасаў і саўгасаў для перадачы перадавога вопыту… На вашым прыкладзе будзем вучыць людзей”. Надзвычай паказальным і характарыстычным з’яўляецца маленне-просьба Ломцева, калі Каравай вагаецца, бо не ўпэўнены ў эфектыўнасці прапановы-даручэння зверху: “Нам (выдзелена мною — В.З.) трэба сенаж! Разумееш?.. Нам…” Вось сутнасць камандна-адміністрацыйнай, а не рынкавай сістэмы кіравання.

У час усеахопнага дыфіцыту ім Ломцеў заваблівае Каравая. Той не ўпускае магчымасці і выстаўляе свой разлік. Вось што на той час было дыфіцытам: цэмент, арматурнае жалеза, машыны, запчасткі, поліэтыленавая плёнка, ветравое шкло для “Волгі”, крэслы, шыфер, кінаапаратура для шырокаэкраннага, асфальт, шарсцяныя жаночыя касцюмы, “ГАЗ-69”. Каравай падкрэслівае, што просіць не за так, а каб яму далі за грошы.

Каб купіць што-небудзь патрэбнае для калгаса, здаць па нармальнай цане кароў на мясакамбінат ці лён, у ход ідзе хабар. Каравай запрасіў кіраўніка “Абсельгастэхнікі” на паляванне, папярэдне купіўшы ліцэнзію. Той едзе са сваім, патрэбным яму чалавекам. Каравай гатовы заадно паклікаць і кіраўніка “Райсельгастэхнікі”, патрэбнага ўжо для калгаса чалавека, але, аказваецца, ніжэйшы па чыну ў кампаніі вышэйшых непажаданы. Тым не менш Каравай імкнецца адным стрэлам забіць двух зайцоў. Інжынеру, які будзе адбіраць запчасткі (пра тое, што яны паступілі на базу, паведаміў у “Маяк” грузчык, паспрыяў калгасу, напэўна, таксама не за так), дае наказ, каб той між іншым прагаварыўся перад начальнікам “Райсельгастэхнікі”, “што яго шэф… абласны будзе гасцяваць у мяне ў суботу: на паляванне прыедзе”.

Другому свайму падначаленаму, які павязе кароў на мясакамбінат, гаворыць: “Слухай і на вус матай. Дырэктар, Міхал Міхалыч — заядлы рыбак. Ты зайдзі да мяне дахаты і вазьмі ў Еўдакіі Васільеўны каробачку з японскімі блёснамі і лескамі… Прыедзеш на мясакамбінат, не лезь, не спяшайся здаваць кароў, там цяпер чарга чорт ведае якая. А проста да самога дырэктара. Перадавай ад мяне прывет і каробачку. Каробачку на стол. Ясна. Скажы: прасіў перадаць. Скажы: сам хацеў, ды… ну, скажы: грыпуе. Скажы: на рыбалку запрашаю, як толькі вада сыдзе з поймы”. І гэта робіць старшыня перадавога калгаса, ды яшчэ і Герой Сацыялістычнай Працы. А што можна сказаць пра старшыняў, чые калгасы замыкалі зводку па ўсіх паказчыках? Відавочна, што карумпаванасць, кланавасць, хабарніцтва, якое цяпер набыло масавы характар і пра што гаворыць кіраўнік дзяржавы, бяруць свае вытокі з савецкіх часоў, а кіраўнікі ўсіх рангаў узялі гэтыя набыткі як тагачасную спадчыну.

Андрэй Макаёнак вуснамі свайго персанажа дзеда Цыбулькі агаласіў дарагую для тагачасных і сучасных кіраўнікоў сельскай гаспадаркі, пачынаючы ад нізавога звяна і да самага вышэйшага, думку, што зямля нікому непатрэбная, што ні адзін вясковец яе не возьме для апрацоўкі. Хоць жыццё засведчыла, што гэта не так, тым не менш нярэдка такое меркаванне гучыць з экранаў тэлевізараў, змяшчаецца на газетных старонках. Вось што ў далёкія 1970 гг. сказаў старшыні Цыбулька: “Вот паспрабуй — прапануй любому калгасніку зараз дзесяць, пятнаццаць дзесяцін зямлі. Думаеш возьме. Нават задарма. За так. Не-е! Дудкі! Зразумеў мужык — не ў зямлі шчасце!”

Відавочным з’яўляецца факт, што Андрэй Макаёнак разам са сваім сябрам У.А. Сцепчанкам цвяроза ацэньвалі калгасную сістэму, адміністрацыйна-камандныя і цэнтралізаваныя спосабы кіраўніцтва эканомікай краіны, што міжвольна адкрывала перспектывы для кумаўства, хабарніцтва. Гэта і знайшло адлюстраванне ў п’есе драматурга “Таблетку пад язык”.

На верх старонкі