РГА “Таварыства беларускай школы”
Белдзяржпедуніверсітэт імя М. Танка
Лунінецкі раённы краязнаўчы музей
ДУ “Ліцэй г. Лунінца”

Лунінецкі сшытак

Спецвыпуск

Матэрыялы семінара “Грамадзянскае выхаванне праз краязнаўства” 20 студзеня 2006 года

Каштоўны абмен

20 студзеня 2006 года ў Лунінецкім ліцэі адбыўся раённы семінар на тэму “Грамадзянскае выхаванне праз краязнаўства”. Як вынікае з назвы, гаворка ішла не столькі аб канкрэтных даследваннях па гісторыі лунінецкага краю, колькі аб ролі краязнаўства ў выхаванні сапраўднага патрыёта, грамадзяніна сваёй Радзімы. Арганізавалі мерапрыемства РГА “Таварыства беларускай школы” і навукоўцы БДПУ імя М. Танка сумесна з адміністрацыяй і педагогамі ліцэя (найперш яго філалагічнай кафедры, прычым ролю каардынатара ўзяла на сябе настаўніца Ніна Трэгубава). Удзельнікаў вітала дырэктар ліцэя А.Г. Кулага, а пасля пасяджэння адбыўся канцэрт «Зорны россып ліцэйскіх талентаў» з удзелам ўзорнага ансамбля “Сунічка” з в. Вулька 1.

Адкрыў семінар дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ, старшыня ТБШ Алесь Юр’евіч Лозка. Гісторык і журналіст Вадзім Жылко распавёў аб гісторыі і сучасным стане краязнаўства ў раёне, пазнаёміў з выданнямі на гэтую тэму. Вопытам і праблемамі краязнаўчага выхавання падзяліліся вядомыя ў раёне аматары даўніны Сцяпан Нефідовіч (Любань), Іван Панасюк (Лунінец), Яўген Хвастоў (Вялікія Чучавічы). Настаўніца Дзятлавіцкай СШ Марыя Барычэўская распавяла аб сумеснай з вучнямі працы па вывучэнню гісторыі і традыцый нашага краю. А настаўніца Багданаўскай СШ Вера Ільючык, якая таксама працуе па праекце “Этнашкола”, засяродзіла ўвагу менавіта на гэтай праграме. З дакладамі ўдзельнікаў чытач можа пазнаёміцца ў гэтым спецвыпуску «Лунінецкага сшытка».

Аб дзейнасці навукоўцаў і студэнтаў БДПУ распавёў дацэнт кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі факультэта народнай культуры, кандыдат навук Яўген Кузьміч Адамовіч, які таксама прэзентаваў сваю кнігу “Рана на Івана...” Удзельніцай семінара была і паэтэса, вядучы навуковы рэдактар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” Аксана Спрынчан, якая не толькі паведаміла аб новых выданнях, але і парадавала прысутных сваімі вершамі, прысвечанымі лунінецкаму краю, “малой радзіме”.

Зразумела, што адзін семінар, пры ўсёй яго карыснасці, — толькі частка вялікай і адказнай справы, якая, безумоўна, будзе працягвацца і надалей.

Вадзім Жылко, укладальнік зборніка


Грамадзянскае выхаванне і Лунінеччына

(тэзісы даклада)

Алесь Лозка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі факультэта народнай культуры БДПУ імя Танка, старшыня РГА «Таварыства беларускай школы»

Лунінецкі край, што размешчаны ў цэнтры Палесся, мае багатыя фальклорна-этнаграфічныя традыцыі. 3 гісторыяй яго звязаны такія вядомыя народазнаўцы, як Я. Карскі, А. Сержпутоўскі, Я. Колас, А. Фядосік і інш. Аднак грунтоўнага даследавання фальклорна-этнаграфічнай спадчыны рэгіёна не існуе, вёскі раёна слаба прадстаўлены ў вядомых кнігах, серыях. Добры пачатак зрабілі сучасныя краязнаўцы І. Панасюк, В. Туміловіч, С. Нефідовіч і інш.

Тры гады запар па дамове аб супрацоўніцтве з Лунінецкім ліцэем на фальклорна-этнаграфічную практыку прыязджаюць у вёскі раёна студэнты факультэта народнай культуры БДПУ. Падрыхтаваны сотні картак, акрамя таго ў фальклорным архіве маецца яшчэ нямала запісаў, зробленых студэнтамі-філолагамі. Свае матэрыялы прадставілі нам Багданаўская СШ, Лунінецкі ліцэй, асобныя краязнаўцы. Сёлета студэнты-чацвёртакурснікі, удзельнікі лунінецкіх экспедыцый, паспяхова абаранілі курсавыя праекты на тэмы: «Каляндарна-абрадавая традыцыя Лунінеччыны», «Вяселле Лунінецкага краю», «Пазаабрадавая паэзія Лунінеччыны», «Народная проза: на аснове студэнцкіх экспедыцый у вёскі Лунінецкага раёна». Такім чынам, створана добрая аснова для выпуску асобнага тома «Фальклор Лунінеччыны» (план 2007 года).

У педагогаў раёна маецца надзейны патэнцыял у стварэнні інтэграванага курса «Лунінеччыназаўства» і правядзенні факультатываў, гурткоў, спецкурсаў нават па такіх праграмах, як, напрыклад, «Багданаўказнаўства», «Бастыназнаўства», «Вульказнаўства», «Дзятлавічызнаўства», «Сінкевічызнаўства», «Мікашэвічызнаўства», «Кажангарадоччыназнаўства», «Дрэбсказнаўства», «Лахвазнаўства», «Любаназнаўства», «Чучавічызнаўства» і інш. Маецца на ўвазе, што ў падобных курсах будзе прадугледжана комплекснае вывучэнне асобнай вёскі, сельсавета (гісторыя, культура, экалогія) ў агульнабеларускім кантэксце. 22 красавіка г.г. БДПУ запрашае вас са сваімі напрацоўкамі на рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю «Краязнаўчая адукацыя і грамадзянскае выхаванне».

Маладой незалежнай беларускай дзяржаве вельмі патрэбна развіццё краязнаўства, якое найлепшым чынам працуе на нацыянальна-патрыятычнае выхаванне, фарміраванне асобы грамадзяніна.

Развіццё і сучасны стан краязнаўства ў Лунінецкім раёне

Вадзім Жылко, навуковы супрацоўнік Лунінецкага краязнаўчага музея
Лунінецкі раён — адзін з найбуйнейшых па плошчы ў рэспубліцы. Ён размешчаны на мяжы некалькіх абласцей, некалькіх гістарычна-этнаграфічных і культурных рэгіёнаў. Зразумела, што Лунінецкі край прыцягваў увагу навукоўцаў, у тым ліку этнографаў, фалькларыстаў, краязнаўцаў. Дастаткова прыгадаць працаваўшых тут у пачатку XX стагоддзя Я. Карскага, А. Сержпутоўскага, І. Сербава, працы якіх прысвечаны Лунінеччыне. Дарэчы, у 2005 годзе ў Мінску (з дапамогай ураджэнцаў Лунінеччыны) была перавыдадзена кніга І. Сербава «Вічынскія паляне. Матэрыяльная культура. Этнаграфічны нарыс Беларускага Палесся» (першае выданне — 1928 год). У 1920-30-х гады на тэрыторыі раёна плённа працавалі знакамітыя польскія этнографы (Ю. Абрэмбскі і інш.). Сабраныя імі матэрыялы, шматлікія фотаздымкі праз шмат год далі магчымасць выдаць у Польшчы выдатны альбом «Палессе ў фотаздымках 20-30-х гадоў» (Варшава, 1997 і 1999). Можна адзначыць і іншых навукоўцаў, так ці інакш (не толькі праз экспедыцыі) звязаных з Лунінеччынай. Напрыклад, вядомы ў рэспубліцы фалькларыст Анатоль Сямёнавіч Фядосік у 1949-55 гадах быў дырэктарам Сінкевіцкай школы.

Сярод лунінецкіх краязнаўцаў, якія, на жаль, ужо пайшлі з жыцця — Георгій Аляксандравіч Вайдрах (1925-1992). Многія яго даследаванні Г. Вайндраха скарысталі і развілі яго паслядоўнікі, найперш Мікалай Мікалаевіч Калінковіч (1950-1990), аўтар каля дзесятка кніг. М. Калінковіч перадаў шмат матэрыялаў для раённага музея, які адчыніў дзверы ў 1986 годзе. Доўгі час яго дырэктарам была Наталля Іванаўна Казанкова, якая зрабіла велізарную працу па збору экспанатаў, адкрыцці экспазіцыі.

Сярод грамадскіх музеяў раёна вылучаюцца музей вёскі Любань у мясцовай школе, які мае званне «народнага», музей Якуба Коласа ў Сінкевіцкай СШ, экалагічны музей Мікашэвіцкай сярэдняй школы №1, музей гісторыі Мікашэвіч і літаратурны музей Уладзіслава Нядзведскага ў гімназіі г. Мікашэвічы. У Бастынскай СШ стваральніцай і захавальніцай музея воінаў-“афганцаў” была Ніна Сцяпанаўна Мацкевіч, якая, на жаль, летам 1999 года пайшла з жыцця. Сярод найбольш актыўных і плённых краязнаўцаў з ліку педагогаў можна вылучыць Сцяпана Паўлавіча Нефідовіча (Любанская СШ), Яўгена Іванавіча Хвастова (Вялікачучавіцкая СШ), Івана Аляксеевіча Панасюка (лунінецкая СШ № 2) і іншых. Даследчай працай плённа займаецца Леў Леанідавіч Коласаў, ураджэнец Лунінца, які жыве ў Мінску. Над «літаратурнымі» старонкамі лунінецкай гісторыі працуюць аўтар гэтых радкоў і Васіль Мікалаевіч Туміловіч. Журналіст Таццяна Васільеўна Канапацкая і педагог Ларыса Дзяменцьеўна Грамыка працуюць над нарысамі аб лунінецкіх сямейных дынастыях.

У 1995 годзе выйшла кніга «Памяць. Лунінецкі раён». У час работы над ёю заклалася добрая традыцыя раённых штогадовых мерапрыемстваў, якія маюць пад сабой краязнаўчую аснову.

Супрацоўнікі раённага музея і краязнаўцы за апошнія гады прымалі ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях у Сарнах (1994), Пінску-Іванаве (1999), Брэсце-Ляхавічах (2001), Мінску (2001, 2002, 2004), у V-VIII Свята-Еўфрасіннеўскіх чытаннях у Мінску. Шэраг іх дакладаў змешчаны у зборніках канферэнцый. Сярод выданняў, што выйшлі непасрэдна ў Лунінцы, — буклет “Памятники земли лунинецкой”, брашуры В.Туміловіча «Возрождение забытого имени. Жизнь и деятельность Софии Прорвич...», “Нарысы даціроўкі манет”, «Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель», “З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка”, “Кажан-Гарадок пяцісотгадовы. Гістарычныя даследванні”, І. і Л. Панасюкоў — «Лунінецкі раён: Чырвоны сшытак. Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі», В. Жылко — «Размова з прысутнымі. Уладзіслаў Нядзведскі: старонкі жыцця і творчасці», Л. Коласава — «Вымершие и умирающие профессии», Л. Грамыка — «У родных истоков».

З 2001 года штогод музей ладзіць Лунінецкія раённыя краязнаўчыя чытанні, выдае зборнікі “Лунінецкія сшыткі”. Актыўную падтрымку аказвае творчы клуб “Лунінецкая муза” на чале з Віктарам Карповічам.

Выхаванне праз краязнаўчую работу

Яўген Хвастоў, настаўнік гісторыі Вялікачучавіцкай СШ
Эфектыўнасць уздзеянняў любой выхаваўчай сістэмы вызначаецца, з аднаго боку, ступенню ўліку патрабавання «залатога правіла цэласнага падыходу», а таксама ступенню асэнсаванай апоры на краязнаўства, як на ўніверсальную шматаспектную выхаваўчую сістэму. Апора на краязнаўства, у прыватнасці, дазволіць справіцца з адной з асноўных праблем сучаснай педагогікі: пераўтварэнне навучання (як сістэмы) у вучэнне (як асобасна-індывідуальную самаарганізацыю кожнага члена чалавечага грамадства).

Калі мы вядзём размову пра краязнаўства, то трэба ўдакладніць, што маем канкрэтна на ўвазе, бо краязнаўства разумеецца як глыбокае ці павярхоўнае вывучэнне асобных рэгіянальных праяў; у гэтым выпадку мае месца дзяленне на гістарычнае краязнаўства, геаграфію краю. Але пры такім разуменні краязнаўства немагчыма дасягнуць мэтаў выхавання цэласнай, гарманічнай асобы. Толькі пры падыходзе да краязнаўства ў шырокім сэнсе як да комплекснага, усебаковага вывучэння асобнага рэгіёна ці населенага пункта — яно (краязнаўства) становіцца ўніверсальнай шматаспектнай выхаваўчай сістэмай. Гэта сістэма з’яўляецца эфектыўным сродкам далучэння асобы да вырашэння комплексных і глабальных праблем.

Асноўныя метады краязнаўства ў шырокім сэнсе — апора на традыцыі; інтэграцыя ведаў, выкарыстанне дапаможных дысцыплін (крыніцазнаўства, храналогіі, анамастыкі, генеалогіі, геральдыкі, фалькларыстыкі і шэрага іншых), работа з першакрыніцамі. Разнастайны падыход выводзіць нас на даволі эфектыўную педагагічную тэхналогію.

Патрыятычнае выхаванне немагчыма без дасканалага вывучэння роднага краю. Патрэбны практычны выхад да стварэння сямейных летапісаў, тапаніміі сваёй мясцовасці, увогуле гісторыі свайго горада, вёскі, вуліцы і нават асобнага дома з падрабязнай храналогіяй і бібліяграфічным слоўнікам тых значных асобаў, якія толькі нарадзіліся ці дзейнічалі тут.

Трэба не толькі захоўваць і вывучаць народную творчасць, але і адраджаць забытыя рамёствы, забытыя мелодыі і г.д. Такі краязнаўчы падыход немагчымы без дзейнасці саміх выхавальнікаў. А краязнаўства не мае сэнсу без краястварэння. Краязнаўства заклікана быць арыенцірам у выхаванні гістарычнай памяці народа, яго нацыянальнай самасвядомасці, павагі і беражлівасці да роднай прыроды.

Краязнавец вымушаны ўлічваць цэласнае ўзаемадзеянне асноўных сфераў чалавечай свядомасці — навукі, мастацтва і рэлігіі. Канкрэтна гэта праяўляецца ў тым, што, даследуючы любую мясцовую з’яву, ён спалучае энергію самых разнастайных ведаў, уласныя эмоцыі, пачуцці і веру праз аб’ект свайго даследвання.

Што атрымліваецца? Лягчэй за ўсё ўтвараюцца новыя веды. Нават калі даследуецца лакальнае пытанне, яго немагчыма высветліць без выкарыстання шэрага навук: гісторыі, філалогіі, геаграфіі і інш. Вучні вядуць гутаркі з аднавяскоўцамі, а значыць вывучаюць гісторыю свайго народа і вёскі. Вучні авалодваюць прынцыпамі навуковых даследванняў. У праявах рэчаіснасці няма дробязяў, тут ўсё істотна, і таму нішто не павінна заставацца па-за ўвагай даследчыка, бо нішто не бывае лішняе і нішто не адбываецца выпадкова: усё з усім узаемазвязана. Любая з’ява павінна разглядацца ўсебакова, па магчымасці з разнастайных пунктаў погляду. Нават памылкі і адмоўныя вынікі патрэбна ўспрымаць станоўча і вучыцца выкарыстоўваць іх.

Праявы мясцовай культуры выклікаюць станоўчыя эмоцыі, эстэтычныя пачуцці, бо яны, у большасці, дасканалыя. Нават сам працэс краязнаўчага пошуку, доследу дае асалоду. У выніку юны даследчык усё больш захапляецца сваім краем, павагай да яго жыхароў, нянавісцю да яго ворагаў — выхоўваецца высокамаральная асоба.

Такім чынам, краязнаўства поўнасцю адпавядае педагогіцы цэласнага жыцця, якая будуецца на пачатках гуманітарнасці і веры ў вучня, на падставе выхавання творчасцю і супрацоўніцтва настаўнікаў з падлеткамі. На больш грунтоўным узроўні працягваецца распрацоўка ўласных радаводаў з выхадам на стварэнне родавых гербаў і нават на распрацоўку сямейных летапісаў — разнастайная комплексная праца, якая ахоплівае даследванне «Паходжанне майго імя і прозвішча» з утварэннем легенды аб паходжанні свайго роду, лінгвістычным даследванні ўласнага імя і прозвішча; стварэнне ўласнага радаводу, дзе з вызначанай паўнатой будуць зафіксаваны ўсе сваякі, іх імёны і прозвішчы, гады жыцця, месцы нараджэння, як мінімум, да чацвёртага — пятага калена; стварэнне біяграфічнага слоўніка сваякоў. Тут фіксуюцца ўсе вядомыя звесткі з жыцця і дзейнасці продкаў і тых, хто жыве сёння; апісанне сямейных легендаў, паданняў, традыцый; распрацоўка ўласнага радавога герба, што патрабуе ведання традыцый беларускай геральдыкі.

Зыходная пасылка для здяйснення азначанай крыніцы: кожны мае ўласнае бяссмерце. А ўрэшце атрымаецца шырокая панарама канкрэтнага ўдзелу кожнага мясцовага жыхара ў стварэнні гістарычнай прасторы не толькі роднага кута, але і ўсёй Бацькаўшчыны з паглыбленнем у этнасацыяльныя карані насельніцтва канкрэтнай вёскі, горада, раёна, усёй Беларусі. Такім чынам, разнастайныя заняткі краязнаўствам выводзяць навучэнцаў на ўзровень цэласнага ўспрымання рэчаіснасці, выпрацоўваюць ў іх навыкі даследчага і творчага характару. Практычная і тэарэтычная краязнаўча-педагагічная мая дзейнасць грунтуецца на выкладанні сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі ў Вялікачучавіцкай СШ. Разам з вучнямі назапашаны разнастайны матэрыял па гісторыі вёскі і яе наваколля. Гэты матэрыял скарыстоўваецца на ўроках гісторыі настаў-нікамі пачатковых класаў і на другіх прадметах. Гурток займаў прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Сабраны багаты матэрыял па гісторыі вёскі.

Ведай свой край

(фарміраванне ў вучняў цэласных уяўленняў аб мінулым нашага краю; накірункі, формы і метады краязнаўчай работы)
Сцяпан Нефідовіч, літаратар і краязнавец, в. Любань
Далучэнне вучняў да культурна-гістарычнай спадчыны сваёй Радзімы — важны сродак фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. На жаль, сучасныя радыё- і тэлеперадачы напоўнены інфармацыяй, што нясе духоўнае спусташэнне, паказваюць свет нерэальнасці, крамолы. Перадачы не звязваюць нас з мінулым народа, аддаляюць ад унікальнай традыцыйнай культуры, ад яе самабытнасці, ад багатай гістарычнай спадчыны продкаў. Адзіная перадача “Падарожжа дылетанта” — хіба яна можа задаволіць?

Гэты прабел у душах нашай моладзі можа запоўніць краязнаўства. Вывучэнне роднага краю — гэта не толькі пазнанне сваёй мінуўшчыны, але і грамадзянскае выхаванне.

Некаторую долю ў краязнаўчай рабоце можа ўзяць на сябе раённы музей, але асноўную функцыю, лічу, павінна адыграць школа. Краязнаўчая работа — шматгранная, і весці яе можна ў выглядзе гуртковай работы ці факультатываў, а некаторыя тэмы варта ўвесці ў праграму ўрокаў гісторыі, літаратуры і нават мовы (архаізмы, гістарызмы, дыялектныя словы, фразеалагізмы).

Лунінеччына — край гераічны. Тут вяліся баявыя дзеянні у час грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў; тут у час акупацыі дзейнічалі партызанскія атрады і падпольныя арганізацыі; у гады вайны фашысты чынілі зверствы, і шмат хто яшчэ помніць ваенныя жахі; у кожным населеным пункце яшчэ жывуць франтавікі. Раённым турыстычным цэнтрам распрацавана цэлая серыя турыстычных паходаў рознага накірунку і рознага тыпу (пешаходныя, веласіпедныя, аўтобусныя), сярод якіх шмат маршрутаў гістарычнага плану, па іх могуць прайсці ці праехаць настаўнікі і вучні, азнаёміцца з гераічнымі мясцінамі, сустрэцца са сведкамі вайны, запісаць самыя важныя факты таго часу.

Вялікую краязнаўчую работу можна правесці па вывучэнні культуры Лунінеччыны. У нашых палешукоў багатая культурная спадчына ў сферы быту, традыцый, паводзін і сямейных адносін на розных гістарычных этапах: у царскі час, у польскі перыяд, у 1950-80-я гады. Можна асэнсаваць стан сучаснай нашай культуры, яе росквіт ці ўпадак; прааналізаваць прычыны маральнага разлажэння, самая нізкая ступень якога — п’янства.

Са старажытнага часу на Лунінеччыне існавала і існуе шмат культавых будынкаў (цэркваў, касцёлаў і інш.). І кожны аб’ект мае своеасаблівую гісторыю, архітэктуру, іканапіс, кнігі ці вопісы; вывучэнне іх — цікавая справа.

Шырокае пазнанне культуры, быту мінулага можа даць праца на фальклорнай ніве. У песнях, легендах, прыказках і прымаўках — і мудрасць народа, і адлюстраванне жыцця, і абрадавыя традыцыі, і каляндар. У фальклоры адлюстравана наша гісторыя: казацтва, чумацтва, рэкруцтва, барацьба з ворагамі, уклад жыцця. Усё гэта можна вывучыць у фальклорных экспедыцыях. Добра, калі паралельна будзе арганізавана лінгвістычная работа. Дыялектныя словы — гэта моўная скарбніца, а іншае слова — загадка. Ад людзей можна даведацца, як называюцца травы, зёлкі, кветкі, што крыецца ў гэтых назвах, пра лекавыя ўласцівасці; даведацца, як называюцца грыбы, птушкі. У звычайных дыялектных словах, зваротах таксама шмат каштоўнага, асабліва калі ўнікнуць у іх гістарычны корань.

Не менш цікавага можна знайсці, калі ўключыцца ў тапанімічныя даследванні. У назвах мясцін — шмат своеасаблівага, адметнага, іншы раз таемнага. У кожнай вёскі, урочышча, хутара маецца свая гісторыя, бывае, даволі цікавая. Знікаюць рэчачкі, хутары, нават вёскі, а з імі і іх гісторыі, назвы. Пакуль жывуць старыя людзі, трэба сустракацца з імі, запісваць усё, каб не згубіліся назаўсёды ні назвы тых аб’ектаў, ні іх гісторыя.

Лунінеччына не багата на пісьменнікаў, наша зямля дала толькі трох празаікаў - членаў пісьменніцкіх саюзаў: Івана Макаловіча (в. Дубаўка), Мікалая Калінковіча (в. Цна), Мікалая Елянеўскага (в. Лунін), адну паэтку - Аксану Спрынчан (г.Лунінец). Затое ў нашым краі некаторы час жылі і працавалі Якуб Колас, Ул. Нядзведскі, А. Гардзіцкі, А. Макаёнак, М. Федзюковіч і інш., у жыцці якіх ці ў іх творчасці Лунінеччына пакінула свой след ці гэтыя людзі аставілі тут хоць які-небудзь знак. Пажадана, каб нашы даследчыкі асвятлілі важнейшыя падзеі іх літаратурнага жыцця.

Вывучаць флору і фауну нашага краю — таксама адзін з накірункаў краязнаўчай работы. Добра было б, каб настаўнікі азнаёмілі вучняў з кнігай аб прыродзе Лунінецкага раёна, створанай І.А. і Л.К. Панасюкамі. Варта вясной-летам правесці экскурсіі ў прыроду, каб знайсці рэдкія расліны, узяць іх пад ахову, вывучаць іх.

На тэрыторыі нашага раёна дзейнічае і аддзяленне таварыства “Ахова птушак Беларусі”. Пажадана, каб краязнаўцы звязаліся з яго членамі. У таварыстве вядзецца не толькі работа па ахове птушак, але і вывучаецца флора нашага рэгіёна.

Краязнаўчая работа — справа карпатлівая, яна патрабуе цярплівасці, пранікнення, дапытлівасці і часу. Іншы раз, каб знайсці якісьці факт, прыходзіцца перачытаць кіпы даўніх газет, звязвацца з архівамі ці правесці мноства сустрэч з дасведчанымі ў патрэбнай галіне людзьмі.

Пачынаючым краязнаўцам я параіў бы пачаць працу з вывучэння свайго радаводу: адкуль ваш род і прозвішча, хто вашы продкі і чым яны вядомы. Складанне радаводу — справа няцяжкая, але пачэсная. Любоў да роднага краю пачынаецца з любові да сваіх родных, блізкіх, потым пераходзіць у любоў да сваёй радзмы, да яе гісторыі.

А гэта і ёсць выток краязнаўства.

Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма

Іван Панасюк, настаўнік СШ №2 г. Лунінца
Прыемна прысутнічаць сёння сярод тых, для каго словы “Бацькаўшчына”, “родны край”, “малая Радзіма” маюць асаблівае гучанне. Мы шмат згубілі таго, чаго ўжо не вярнуць. На жаль, не ўсе ўспаміны сведкаў вялікіх гістарычных падзей здолелі зберагчы. Дазволю працытаваць некалькі радкоў з уступу да сваёй будучай кнігі аб вёсцы Велута: “Уступаючы ў сталыя гады, востра адчуваю шкадаванне аб легкадумнасці маладосці, якая не надавала значэння мець зносіны з людзьмі, старэйшымі за нас. Яны пайшлі ад нас назаўжды і панеслі з сабою незваротны пласт культуры, звычаяў і абрадаў сваіх бацькоў і сучаснікаў. Не маючы сённяшняй адукацыі, яны праяўлялі, аднак, цудоўную жыццёвую мудрасць і высакароднасць, перадавалі яе ў сваю чаргу тым, хто павінен быў гэтыя якасці перадаць будучым пакаленням, нашчадкам”.

Даўно наспела неабходнасць, каб нашы дзеці ведалі гісторыю Радзімы і роднага краю не з “малюнка ў буквары”, а лепш з бярозкі, што расце на ўскрайку лесу, з берага маленькай прыгажуні-рэчкі ці азярца. Калі часцей будзем выходзіць з вучнямі ў прыроду, яны абавязкова спытаюцца: “А чаму так называецца наша вёска, рэчка, возера? Чаму наша рэспубліка завецца Белай Руссю?”

Вельмі добра, калі разам з класным кіраўніком на ўлонне прыроды павядзе дзяцей і настаўніца біялогіі. Краязнаўчы, турысцкі накірунак будзе спалучацца з выхаваннем у школьнікаў любові да нашай непаўторнай беларускай прыроды. Гэта і назвы раслін, матылёў, птушак, насякомых, і іх роля ў жыцці чалавека, і неабходнасць зберагаць усё навакольнае. Мне не падабаецца слова “экалогія”: яно не дае нашым дзецям поўнага ўсведамлення ролі Яе Вялікасці Прыроды.

Трэба зазначыць, што ў час знаходжання з дзецьмі на прыродзе не патрэбна шматслоўя, хіба што адказы на пытанні. Але дзеці тут пачынаюць адчуваць сябе маленькімі грамадзянамі. Гэтымі сваімі назіраннямі я падзяліўся з чытачамі часопіса “Народная асвета” (№3 за 2005 год).

Паэт зазначыў, што Радзіма пачынаецца і з песняў нашых матуль. Нездарма сёння шырыцца рух па зборы фальклору: легенд, казак, песняў. Ствараюцца гісторыі мястэчак, гарадоў, вёсак, нават урочышчаў. Наш раён — не выключэнне. За пасляваенны перыяд у горадзе і раёне было нямала аматараў “сівой даўніны”. Пайшлі з жыцця Георгій Аляксандравіч Вайндрах, Мікалай Мікалаевіч Калінковіч. Сярод цяперашніх апантаных краязнаўцаў хацеў бы назваць Сцяпана Паўлавіча Нефідовіча, Васіля Мікалаевіча Туміловіча, Якава Андрэевіча Дземянчука, Яўгена Іванавіча Хвастова, Ніну Сідараўну Наварыч, Ганну Антонаўну Хадатчук, Дзіяну Раманаўну Сладзінскую, Ларысу Дзяменцьеўну Грамыка і многіх іншых. Прыгажосць роднага краю адлюстроўваюць у сваіх творах і мясцовыя літаратары: Вольга Грыдзюшка, Таццяна Чумак, Аляксандр Хаўдзееў і інш.

Свой першы нарыс па краязнаўчай тэматыцы я напісаў у 1979 годзе, прысвяціўшы яго вёсцы Велута; у 1984 годзе надрукаваў артыкул з гісторыі народных школ на Лунінеччыне. Пазней асноўным ў маёй дзейнасці быў ваенна-патрыятычны накірунак, непарыўна звязаны з краязнаўствам. З выхаванцамі школы-інтэрната былі здзейснены шматлікія паходы па Лунінеччыне, паездкі па Беларусі. З 1996 па 2001 год займаўся прыродазнаўчай і прыродаахоўнай дзейнасцю, была створана група юных сяброў прыроды, разам з якой ладзілі паходы. У 2000 годзе выдаў кнігу “Прыродаахоўныя тэрыторыі Лунінецкага раёна”, 200 асобнікаў якой былі раздадзены ў кожную школу. Пазней сумесна з Л.К. Панасюк выдалі кнігу “Лунінецкі раён. Прыродаахоўныя тэрыторыі. Чырвоны сшытак”. Выдаў брашуру на нямецкай мове “Лунінецкі раён” для жыхароў горада-пабраціма Шэнефельд. Заканчваю кнігу “Велута” да 440-годдзя вёскі і 120-годдзя мясцовай школы.

Добра, калі б праца аматараў была матэрыяльна падтрымана — не эпізадычна, а на дзяржаўным узроўні. Патрэбна, каб з цягам часу была створана кніга “Гісторыя, геаграфія і біялогія Лунінецкага раёна”, а там, глядзіш, і такія ж кнігі па асобных населеных пунктах. Ёсць жа “Геаграфія Брэсцкай вобласці”. Таксама неабходна 15-20% гадзін названых прадметаў адвесці на мясцовую тэматыку, вывучэнне роднага краю, бо толькі на выхаваўчых гадзінах гэтага дасягнуць немагчыма. Плённай працы, шаноўныя калегі!

Каб не парвалася сувязь пакаленняў

Марыя Барычэўская, настаўніца гісторыі Дзятлавіцкай СШ
З сівой даўніны дайшлі да нас народныя традыцыі, святы, абрады, звычаі, песні, казкі, нарэшце, родная мова. Усё гэта перадавалася з пакалення ў пакаленне. Але былі на гэтым шляху і страты: адрынута, як непатрэбнае, духоўнае багацце. Народныя традыцыі былі аб’яўлены “перажыткамі”, якім няма месца ў новым грамадстве. Супраць духоўнасці вялася сапраўдная вайна. Так, народная медыцына была аб’яўлена па-за законам; такая ж доля напаткала многія святы, абрады і звычаі. Адрынулі і земляробчы каляндар, яго ролю ў жыцці сялян. А што атрымалі ўзамен? Масавую “культуру статка”, якая пазбаўляе людзей іх каранёў, гістарычнай памяці. Ніякія войны не растапталі так душу народа, як гэты “духоўны Чарнобыль”.

Але ж чалавек прыходзіць у свет для доўгага і шчаслівага жыцця і часу мае дастаткова, каб праявіць сваю чалавечую сутнасць. Для гэтага трэба “не пагарджаць святым мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго” (Ул. Караткевіч). Бо без мінулага няма будучага. А памяць патрабуе клопату. Любыя веды аб мінулым узбагачаюць нашы пачуцці. Тым больш, што мы ўнаследавалі такое вялікае духоўнае багацце! Казкі, паданні, легенды, песні, прыпеўкі, прыказкі і прымаўкі, загадкі, замовы, абрады, звычаі — у іх само жыццё, радасці і пакуты, надзеі і мары людзей ад сівой даўніны да нашага часу. Той, хто зацікавіцца гэтым, будзе назаўсёды паланёны ім.

Я стала такой “паланянкай” яшчэ ў дзяцінстве, а пазней цяга да нашай спадчыны стала яшчэ мацнейшай у час вучобы ў БДУ. Пачынала працаваць, так бы мовіць, “падпольна”, сама вызначаючы накірункі дзейнасці, сама сабе метадыст. Дзяцей да краязнаўчай працы далучыла ў 1980-я гады. “Геаграфія” інтарэсаў — вёскі Бродніца, дзе нарадзілася, і Дзятлавічы, дзе жыву і працую. Сярод накірункаў і тэм вывучэння — казкі, легенды і паданні; народныя песні і прыпеўкі; загадкі; прыказкі і прымаўкі; старадаўнія словы; вулічныя мянушкі вяскоўцаў; назвы ўрочышчаў; гісторыя вёскі Дзятлавічы (па перыядах), школы, калгаса; святы народнага календара, адпаведныя абрады і песні. Фальклорны і краязнаўчы элемент трывала прысутнічае на нашых вечарынах, класных гадзінах, бацькоўскіх сходах, агульнашкольных святах. Вельмі шмат задуманага дазволіла рэалізаваць супрацоўніцтва з фальклорным народным калектывам “Світанак” Дзятлавіцкага СДК (для якога пішу сцэнарыі святаў і нават асобных песняў), сельскай бібліятэкай.

Наша школа працуе па сістэме “Этнашкола”. Гэта сацыяльна-педагагічны праект, адзін з магчымых шляхоў адраджэння нашай спадчыны; развіваюча-адукацыйны праект, што ўключае вусную сістэму навучання, створаную нашымі прашчурамі. Гэта стваральніца і рэтранслятар нацыянальнай ідэі. Грамадства, дзяржава без такой ідэі — як чалавек без імунітэту.

Цяперашні час — час барацьбы за чалавечыя душы. Калі выхаваем самазаспакоеных людзей, якія не будуць ведаць сваіх каранёў, калі на нас перарвецца сувязь пакаленняў, гэта будзе злачынствам перад будучыняй. Як важна кожнаму з маладых гадоў далучыцца душой да народнай спадчыны!

Дазвольце закончыць уласным вершам “Да родных вытокаў”.

Мы адкрываем сёння этнашколы,
І гэта не дзівацтва, не капрыз —
Бо хочам адрадзіць духоўнасць нашу,
Выхоўваць у дзяцей патрытятызм.
У казках, песнях, прыказках, легендах —
Душа народа, мудрасць ад жыцця.
Таму мы песні нашых маці помнім
З дзіцячых год да самазабыцця.
Але цяпер эфір запаланіла
Не “мас-культура” нават — “шырпатрэб”...
Ад гэтага няўтульна і не міла,
Бо служыць для фінансавых патрэб.
Усё робіцца па нейкім трафарэце:
Паўтор чужых нам гукаў, штампаў, слоў...
Ад гэтай какафоніі, паверце,
Губляем самабытнасць да асноў.
І каб не сталі дзеці нашы “Йванамі,
Не помнячымі племені і роду”,
Мы ў іх павінны з ранніх год выхоўваць
Любоў, павагу да свайго народа.
Вучыць іх трэба помніць слова матчына
І казку, песню, мілую на слых,
Бо ў іх — наша Гісторыя і Спадчына,
Культура, слаўная сярод культур другіх!

Этнашкола — стваральніца і транслятар нацыянальнай ідэі

Вера Ільючык, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Багданаўскай СШ
Нацыянальная самасвядомасць нараджаецца і фарміруецца ў нетрах кожнай нацыі. Яна звязана з пачуццём любові да бацькоў, родных, дзяцей, да зямлі, на якой нарадзіўся і вырас, да культуры, традыцый роднага краю. А гэта тое, без чаго немагчыма стаць сапраўдным грамадзянінам. Ад узроўню сфармаванасці нацыянальнай самасвядомасці залежыць прагрэс краіны і нацыі ў цэлым. Мы ўсё болей пераконваемся у тым, што асновай адукацыйна-выхаваўчай сістэмы ў краіне павінны стаць нацыянальная гісторыя і культура. Адраджэнне нацыянальных традыцый аказвае станоўчы ўплыў на выхаванцаў. Менавіта этнашкола з’яўляецца стваральніцай нацыянальна-адукацыйнай ідэалогіі.

Этнашколай мы называем вусную сістэму выхавання і навучання, якая была створана і дасканала “адшліфавана” на працягу многіх стагоддзяў нашымі продкамі. “Аранжыроўкай” вусных традыцыйных форм выхавання і навучання дзяцей на працягу ўжо 14 гадоў займаецца спецыялізаваны навукова-даследчы калектыў на чале з прафесарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры Іллёй Іванавічам Сучковым. У мэтах гарманічнага аб’яднання ўсіх прадметаў этнамастацкага цыкла распрацаваныя для кожнага паўгоддзя сцэнарыі адукацыйна-выхаваўчых модуляў (АВМ) з першага па адзінаццаты клас.

Наша Багданаўская школа з 2003 года працуе па праграме “Этнашкола”. Створаны і дзейнічаюць 1 і 2“А” этнакласы, а ў вучняў 5-8 класаў уведзена па дзве гадзіны ў тыдзень факультатыўных заняткаў па этнакультуры. Вельмі добра, што наша адукацыя і выхаванне нарэшце заснаваны на лепшых дасягненнях, узорах народнага мастацтва, вусна-паэтычнай творчасці народа. “Пасля гадоў духоўнага зацьмення мы да вытокаў згубленых прыйшлі” (З. Мароз). Сапраўднага патрыёта, грамадзяніна, чалавека немагчыма выхаваць без добрых і мудрых народных казак, песень, без народнай культуры. Мэтай заняткаў у 5-8 класах з’яўляецца пашырэнне ведаў дзяцей пра родны край, яго звычаі, традыцыі, мову.

За два гады зроблена многае. У школе створаны краязнаўчы музей (2004), у кабінеце беларускай мовы і літаратуры — этнаграфічны куток, многія адметныя экспанаты якога сабраныя вучнямі ў нашай вёсцы. Усе яны з цікавасцю ўспрымаюцца вучнямі, паспяхова выкарыстоўваюцца на ўроках. Акрамя таго, сабрана нямала матэрыялаў па тэмах “З гісторыі вёскі”, “Мая сям’я, мой род”, “Народныя песні”, “Прыказкі і прымаўкі”. Частымі гасцямі ў школе з’яўляюцца мясцовыя жанчыны, якія перадаюць дзецям свой талент у песнях, лічылках, калыханках, вучаць іх прасці, ткаць (у музеі ёсць дзеючы станок), вышываць.

Вучні сярэдняга ўзросту аказваюць дапамогу перша- і другакласнікам у падрыхтоўцы і правядзенні АВМ. У гэтым навучальным годзе 1 клас падрыхтаваў АВМ “Пасьвяты ў вучні”, а 2“А” клас — “Калыханка”. А як цікава 13 студзеня г.г. шчадравалі хлопчыкі і дзяўчынкі з 2“А” класа! Яны наведалі дзіцячы сад, медпункт, сельсавет, кантору, магазін з навагоднімі віншаваннямі і шчадроўскімі песнямі.

Працы яшчэ многа, цікавай і патрэбнай. Рыхтуем фестываль народных святаў. Хочацца шмат зрабіць, бо гэта патрэбна нашым дзецям. Як слушна заўважыў паэт:

Трэба ведаць — сэрца просіць —
Як бацькам, дзяжам жылося...
Як сахой даўней аралі,
Як смыком зямлю бярлялі,
Як з сявалкі збожжа зерні
Рассявалі чорнай жменяй...
Трэба ведаць, што зазналі,
Як на пана працавалі...
Трэба ведаць і пра тое,
Апраналі што, якое?
Як у святы гасцявалі,
На вячорках як спявалі...
Гэта — спадчына святая,
Непрыдуманая, тая,
Што спакон вякоў вялася,
Што у сэрцы засталася.

На верх старонкі


Семінар