Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 7

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

У тым жа рэчышчы...

У мінулым, 2006-м, годзе выйшлі два нумары «Лунінецкага сшытка» — пяты і шосты, два яго спецвыпускі (першы — прысвечаны краязнаўчаму семінару на базе Лунінецкага ліцэя, другі — з распрацаванай праграмай школьнага спецкурсу «Лунінеччыназнаўства»). Згаданы спецкурс прэзентаваны аўтарамі на канферэнцыі ў БДПУ імя М. Танка і ўжо пачаў выкладацца (у ліцэі, Любанскай СШ). Гэтая праграма змешчана і ў выдадзеным БДПУ зборніку «Краязнаўчая адукацыя і грамадзянскае выхаванне», дзе лунінецкія краязнаўцы згадваюцца таксама ў дакладзе Алеся Лозкі (а яшчэ адзін даклад, С. Паўлянковіча, чытач знойдзе ў гэтым «Сшытку»).

У Мінску быў выдадзены краязнаўчы зборнік «Лунінецкая памяць» (укладальнік Таццяна Канапацкая) — па матэрыялах канферэнцыі 2005 года памяці М. Калінковіча ў Лунінцы (у 2006 годзе прайшла ўжо другая такая канферэнцыя). Іван Панасюк выдаў кнігу «Велута. Артыкулы, нарысы, эцюды» — грунтоўнае даследванне гісторыі аднайменнай вёскі.

Адбыліся трэція чытанні «Лунінская восень», прысвечаныя святару і філолагу Платону Ціхановічу (аб якім ўраджэнец Луніна Мікола Елянеўскі, пінскі журналіст і літаратар, напісаў аповесць і сцэнар відэафільма). У Мікашэвіцкай гімназіі прайшлі традыцыйныя мерапрыемствы ў гонар Уладзіслава Нядзведскага з запрашэннем сталічных літаратараў. Раённы музей вясною наладзіў для школьнікаў гісторыка-краязнаўчую экспедыцыю «Памятныя мясціны Лунінеччыны».

Можна згадаць і публікацыі на краязнаўчыя тэмы Сцяпана Нефідовіча, Льва Коласава, Таццяны Канапацкай, Васіля Туміловіча — у газетах «Лунінецкія навіны», «Информ-прогулка», «Краязнаўчая газета». Закраналася лунінецкая тэма ў бюлетэні «Летапіс Таварыcтва беларускай школы».

Ураджэнец Лунінца Ігар Цітовіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921-39)».

Вадзім Жылко, укладальнік зборніка



Рэшткі могілак
Рэшткі яўрэйскіх могілак ў Лахве